КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),

італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першай кн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.​Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.

К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л. камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св. пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.

Тв.:

Рус. пер. — Город Солнца. М., 1954.

Літ.:

Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.

Т.​І.​Адула.

Дж.Д.Кампанела.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),

каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл. Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв. вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).

Літ.:

Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;

Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.

Ю.​В.​Бажэнаў, М.​А.​Дабрынін.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛА́ЙЛ, Карлейль (Carlyle) Томас (4.12.1795, Эклфехан, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 5.2.1881), англійскі філосаф, гісторык, літаратар. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1814). Погляды К. фарміраваліся пад уплывам шатл. пурытан і рэліг.-філас. канцэпцыі ням. рамантыкаў. У працы «Героі, шанаванне герояў і гераічнае ў гісторыі» (1841) К. увёў у гістарыясофію і этыку 19 ст. паняцці «героі» і «культ герояў»; на яго думку, свет — гэта эманацыя боскага духа, які найб. ярка выяўляецца ў дзейнасці вял. людзей, а гісторыя — барацьба памкненняў асобных індывідуальнасцей — герояў, што яе ствараюць, пераадольваючы сваёй актыўнасцю і энергіяй супраціўленне мас. У маральна-этычных поглядах быў праціўнікам геданізму, утылітарызму і эгалітарызму; сцвярджаў, што слабыя людзі павінны саступаць мацнейшым, а больш слабыя народы — мацнейшым народам, адкуль рабіў выснову пра тое, што «мае рацыю той, хто перамагае» і матываваў поспехі боскай воляй («Французская рэвалюцыя», 1837; «Пісьмы і прамовы Олівера Кромвеля», 1845). У працы «Гісторыя Фрыдрыха Вялікага» (1858—65) апраўдваў дзейнасць прускага караля Фрыдрыха II, у т. л. называў падзелы Рэчы Паспалітай актам «боскай справядлівасці». У літ. дзейнасці пераважна папулярызаваў у Англіі ням. культуру (пераклады твораў І.​В.​Гётэ, ням. рамантыкаў, царк. песень М.​Лютэра). Апублікаваў аўтабіягр. твор «Sartor Resartus» (1833—34).

Тв.:

Рус. пер. — Французская революция: История. М., 1991;

Теперь и прежде. М., 1994.

Літ.:

Саймонс Дж.​Карлейль: Пер. с англ. М., 1981.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КМІ́ТА-ЧАРНАБЫ́ЛЬСКІ (Філон Сямёнавіч) (каля 1530 — да 29.11.1587),

ваенны і паліт. дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду Кмітаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 камандаваў войскамі на ўсх. мяжы ВКЛ. У 1566 за ваен. заслугі атрымаў каралеўскі прывілей на прызначэнне дзяржаўцам г. Чарнобыль у Кіеўскім ваяв. (адсюль другое прозвішча); аршанскі староста. У 1579 прызначаны ваяводам смаленскім, што давала права на месца ў Сенаце Рэчы Паспалітай. У час паходу 1580 на Вял. Лукі быў разбіты. У 1580—81 вёў ваен. дзеянні на паграніччы з Маскоўскай дзяржавай, рабіў рэйды ў глыб рас. тэрыторый. Збераглося 30 лістоў-данясенняў К.-Ч. за 1573—74, дасланых з Оршы ў Вільню членам дзярж. рады ВКЛ (упершыню апубл. ў 1844, найб. поўна з навук. каментарыямі — у 1975), якія з’яўляюцца гіст. дакументам эпохі, помнікам стараж. бел. л-ры. Лісты ўтрымліваюць звесткі пра ваенна-паліт. становішча на ўсх. межах ВКЛ, у Маскоўскай дзяржаве, палітыку Івана IV Грознага, рус.-тат. адносіны і інш.; у іх даецца ацэнка тагачасных гіст.-паліт. падзей. Вылучаюцца лісты да кашталяна трокскага Я.​Валовіча, з якіх паўстае асоба аўтара ярка выяўленай індывідуальнасці; яны раскрываюць характар, перажыванні і адносіны К.-Ч. да навакольнай рэчаіснасці, асобныя бакі жыцця і побыту служылай шляхты. Лісты напісаны эмацыянальна, публіцыстычна, з выкарыстаннем нар. прыказак і прымавак, сродкаў гумару і сатыры, вобразаў і цытат з літ. твораў.

Тв.:

Лісты // Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТГА́ЛЕ (Latgale),

Латгалія, 1) гістарычная вобласць ва ўсх. Латвіі, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс. н.э. населеная латгаламі. У 10—11 ст. туг сяліліся таксама крывічы (палачане). У 11—13 ст. існавалі ўдзельныя гарады-княствы Герцыке, Кукенойс (былі падуладныя Полацку), Талава (падуладная Пскову). У 13 ст. заваявана ням. рыцарамі-крыжакамі, якія ў 1274 заснавалі крэпасць Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс). Частка Лівоніі, з 1561 у складзе ВКЛ.

2) 3 пач. 17 ст. назва сумежнай з Беларуссю паўд.-ўсх. часткі Латвіі на Пд ад р. Айвіекстэ. Да 1629 частка Задзвінскага герцагства, потым у складзе Рэчы Паспалітай (польскія Інфлянты). У 1772—1917 у Рас. імперыі (Дзвінская прав., з 1777 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губернях). Паводле перапісу 1897 тут жыло 20,5% беларусаў. З 1920 у складзе Латвіі (да 1940 правінцыя з цэнтрам у Даўгаўпілсе). У 1920-я г. тут існавала больш за 20 бел. школ і 2 гімназіі. У 1939—570 тыс. жыхароў. Паводле перапісу 1989 адно з гал. кампактных месцаў пражывання бел. дыяспары ў Латвіі.

Літ.:

Мугуревич Э.С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII в.: Пер. с латыш. Рига, 1965;

Ефремова Л.С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982;

Данько Л.Ф. История Полоцка и его уделов конца XII — первой четверти XIII вв. // Полоцкий летописец. 1992. № 1.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 2-й пал. 16 ст. ў мяст. Лоск

(цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Была цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Засн. магнатам-арыянінам Янам Кішкам, які ў 1572 выкупіў у братоў М. і Г.​Кавячынскіх абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў Лоску. У Л.д. выдаваліся кнігі на польскай і лац. мовах (вядома каля 20 выданняў). Працавалі друкары Д.​Ланчыцкі (1573—74),

Я.Карцан (1576—80), Ф.​Балямоўскі (1586—89?). Ідэйным кіраўніком друкарні ў 1570 — пач. 1580-х г. быў С.Будны. Сярод найб. значных выданняў творы Буднага: «Новы запавет» (пераклад, прадмова, каментарыі), «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як Бог-Айцец», «Супраць хрышчэння дзяцей» (усе 1574), «Пра свецкую ўладу» (1583). Сярод інш. выданняў — палемічныя творы М.​Чаховіца, А.​Волана, кнігі Я.​Ліцынія Намыслоўскага, трактат Цыцэрона «Пра абавязкі» (1576, пераклад С.​Кашуцкага), Э.​Варамунда Фрыза «Пра фурыі, або Вар’яцтвы французскія» (1576, пераклад С.​Буднага; пра падзеі Варфаламееўскай ночы 1572), твор А.​Маджэўскага-Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (1577, пераклад Ц.​Базыліка, прадмовы Волана, Буднага). Выданні Л.д. адметныя вострай палемічнай накіраванасцю, якая часта выходзіла за межы тэалагічных праблем і ўздымала пытанні дзярж. і сац. перабудовы грамадства. Друкарня перастала існаваць пасля смерці Я.​Кішкі (1592).

Літ.:

Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII w. Z. 5. Wrocław;

Kraków, 1959.

Л.​С.​Іванова.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІНСКАЯ У́НІЯ 1569,

міжнародна-прававы акт аб’яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў адну федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Прыняты 1.7.1569 у Любліне.

Перадумовамі Л.у. былі: доўгае існаванне асабістай уніі ВКЛ і Польшчы; паступовае збліжэнне паліт. і дзярж. інстытутаў абедзвюх краін, паліт. менталітэту пануючага класа; у асноўным адзіная палітыка ў міжнар. адносінах; адзіная структура каталіцкай царквы. Шляхта ВКЛ праз унію спадзявалася атрымаць правы, якія мела шляхта Польшчы, польская шляхта разлічвала на землі і дзярж. пасады ў ВКЛ. Непасрэднай прычынай Л.у. былі няўдачы войска ВКЛ у Лівонскай вайне 1558—83.

Для прыняцця уніі ў Любліне 10.1.1569 скліканы сейм ВКЛ і Польшчы. Але большасць дэпутатаў ВКЛ, не згодная з польскім праектам уніі, перагаворы прыпыніла. Намаганнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта II Аўгуста да Польшчы далучаны Падляскае і Кіеўскае ваяв., Валынь і Падолле, што было падтрымана мясц. шляхтай. Шляхта Мазырскага пав. адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы сеймік прыняў рашэнне выйсці з Кіеўскага ваяв. і далучыцца да Мінскага ваяв. ВКЛ. Тэр. ВКЛ зменшылася да этнічных бел. і літ. зямель. Пасля вяртання дэпутатаў ВКЛ на сейме быў выпрацаваны кампрамісны варыянт уніі, зацверджаны 1.7.1569. Паводле ўмоў Л.у. на чале Рэчы Паспалітай знаходзіўся польскі кароль (ён жа і вял. князь літ.), якога пажыццёва выбірала шляхта абедзвюх дзяржаў. Збіраўся агульны сейм, але ВКЛ і Польшча захавалі асобныя дзярж. адміністрацыю, войска, фінансы, законы, мытную сістэму, дзярж. мовы. Л.у. дзейнічала да 1795.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРАСЛА́ЎСКІ ((Mieroslawski) Людвік) (17.1.1814, г. Немур, Францыя — 22.11.1878),

польскі паліт. дзеяч, пісьменнік, ваенны гісторык. Генерал. Вучыўся ў кадэцкім корпусе ў г. Каліш. Удзельнік паўстання 1830—31. Потым у эміграцыі ў Францыі, чл. масонскай ложы. У 1834—36 дзеяч «Маладой Польшчы», з 1839 — Аб’яднання польск. эміграцыі. З 1843 чл. Польскага дэмакратычнага таварыства (з 1845 у яго кіраўніцтве); прызначаны кіраўніком запланаванага нац.-вызв. паўстання. У 1845 прыехаў у Велікапольшчу, дзе арыштаваны прускімі ўладамі і асуджаны да смяротнага пакарання (1847). Вызвалены ў выніку рэвалюцыі 1848 у Германіі, узначаліў паўстанцкія атрады ў Велікапольшчы. У 1849 узначаліў паўстанне на Сіцыліі (атрымаў чын генерала), потым армію бадэнска-пфальцкіх паўстанцаў. У 1861—62 кіраваў польск. вайсковай школай у г. Генуя (Італія). У 2-й пал. 1862 рэзка выступаў супраць крыла «чырвоных» у Цэнтральным нацыянальным камітэце і заснаваў апазіцыйны Нац.-рэв. камітэт; адстойваў канцэпцыю аднаўлення Польшчы ў межах да 3 падзелаў Рэчы Паспалітай, не прызнаваў нац. своеасаблівасці Беларусі, Літвы і Украіны. У пач. паўстання 1863—64 абвешчаны яго дыктатарам, пацярпеў 2 паражэнні і выехаў у Францыю. Аўтар прац «Паўстанне польскага народа ў 1830 і 1831 гг.» (т. 1—8, 1845—87), «Крытычны разбор кампаніі 1831 г...» (1845), «Пазнанскае паўстанне ў 1848 г.» (1852), «Дзённіка (1861—1863)» (выд. 1924).

Літ.:

Chmiel L. General Ludwik Mierostawski, 1814—1878. Warszawa, 1975.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІ́БАВА,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. За 23 км на З ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыг. ст. Мсцібава на лініі Ваўкавыск — Бераставіца, 81 км ад Гродна. 364 ж., 182 двары (1999). Базавая школа, б-ка, аптэка, магазін, клуб. Помнік архітэктуры Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Каля вёскі гарадзішча 12—13 і 15—17 ст.

Першае паселішча на месцы М. — гарадзішча — сфарміравалася ў 12—13 ст. У 15 ст. велікакняжацкія двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1492 згадваецца ў дакументах як М. Ваўкавыскага пав. У 1572 і 1576 у М. адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх вырашана абраць каралём Стафана Баторыя. У 17—18 ст. цэнтр староства ў Ваўкавыскім пав., складалася з мястэчка і замка. У 1744 атрымала магдэбургскае права. У 1792 каля М. адбылася бітва войска ВКЛ з кааліцыяй рас. войск і атрадаў Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. дзярж. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886—1040 ж., 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 кірмашы штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. З 28.7.1967 у Гнезнаўскім с/с, у складзе саўгаса «Гнезна».

В.​У.​Шаблюк.

т. 10, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАРА́МА (ад пан... + грэч. horama від, відовішча) у мастацтве, 1) сінтэтычны від мастацтва, разлічаны на стварэнне зрокавай ілюзіі, эфекту прысутнасці пры адлюстраванай падзеі. Стужкападобная карціна, вертыкальна нацягнутая на ўнутр. паверхні цыліндрычнага падрамніка, спалучаецца з аб’ёмным пярэднім планам, макетам (бутафорскія і рэальныя рэчы і інш.). Разлічана на штучнае асвятленне. Змяшчаецца ў спец. будынках у круглай зале з пляцоўкай у цэнтры, адкуль вядзецца агляд П. Звычайна адлюстроўвае вял. падзеі (пераважна ваенныя), якія адбываюцца на вял. прасторы з вял. колькасцю ўдзельнікаў. У адрозненне ад дыярамы ахоплівае ўвесь гарызонт.

Першая П. створана ў канцы 18 ст. Р.​Баркерам у Эдынбургу (Вялікабрытанія). Асабліва пашырыліся ў 19 ст. і адлюстроўвалі знакамітыя бітвы. Найб. значныя П. ў Расіі. Ф.​Рубо «Абарона Севастопаля» (Севастопаль, Украіна, 1902—04, адноўлена ў 1954), «Барадзінская бітва» (Масква, 1911, адноўлена ў 1962); жывапісцаў студыі ваен. мастакоў імя Грэкава П.​Мальцава, М.​Самсонава і інш. «Сталінградская бітва» (Валгаград, 1981).

2) Пейзажны матыў, у якім прастора (навакольнае асяроддзе) адлюстравана праз выкарыстанне мастаком вельмі шырокага пункту агляду, пераважна з высокага пункта, з паветранай перспектывай і зыходзячым удалечыню гарызонтам. П. называюць таксама агульныя далевыя віды гарадоў, аб’яднаныя ў адзіны цыкл відавыя творы. Тэрмін ужываецца ў дачыненні да натуры і да яе адлюстравання. Да П. звярталіся бел. мастакі В.​Грамыка, М.​Данцыг, З.​Літвінава, М.​Назарчук, В.​Цвірка і інш.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)