ВЕРШАВА́НАЯ МО́ВА, верш,

асаблівы тып эмацыянальна афарбаванай, згушчанай мовы, у якой гранічна адчувальны кожны кампанент, а найбольш значныя гукі і сугуччы, словы, паўзы, вобразы не толькі акцэнтуюцца, але і ставяцца ў цэнтр увагі. У адрозненне ад прозы вершаваная мова характарызуецца пастаянствам аднароднай інтанацыйнай сістэмы, сіметрыяй і перыядычнасцю члянення сінтаксічных адрэзкаў, пэўным чынам арганізаванай рытмамелодыкай. Адсюль наяўнасць рыфмаў, строф, устаноўка на муз. гучанне. Вылучаюцца белы верш, вольны верш, свабодны верш, дольнік.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК НАРО́ДНОГО КОМИССАРИА́ТА ПРОСВЕЩЕ́НИЯ»,

часопіс, орган Наркамата асветы БССР. Выдаваўся з кастр. 1921 да ліст. 1922 у Мінску на рус. мове, меў асобны аддзел на бел. мове. Пісаў пра ліквідацыю непісьменнасці, правядзенне школьнай рэформы, развіццё асветы, вышэйшай школы. Змяшчаў навук. і крытычныя артыкулы па пытаннях бел. гісторыі, культуры, л-ры, мовы. У часопісе друкаваліся З.​Бядуля, У.​Ігнатоўскі, Я.​Карскі, Я.​Колас, У.​Пічэта і інш. Выйшла 14 нумароў.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАВЯДА́ЛЬНЫ СКАЗ,

камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, у якой рэчаіснасць адлюстроўваецца ў выглядзе паведамлення. Асн. прызначэнне апавядальнага сказа — несці інфармацыю (гэтым ён проціпастаўляецца пытальнаму сказу і пабуджальнаму сказу). Апавядальнаму сказу ўласціва складаная сістэма сродкаў перадачы паведамляльнага значэння: інтанацыя, фразавы (лагічны) націск, парадак слоў, марфал. катэгорыі (асабліва катэгорыі часу і абвеснага ладу дзеяслова), службовыя словы і інш. Структурныя схемы апавядальнага сказа разнастайныя: ад аднаслоўных сказаў да канструкцый самай складанай пабудовы.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА»,

навуковы штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі. Выдаецца з 1972 у Мінску на бел. мове па 2 выпускі ў год. Асвятляе пытанні бел., слав., агульнага і прыкладнога мовазнаўства, змяшчае агляды па германістыцы і раманістыцы. Друкуе артыкулы па праблемах дыялекталогіі, лексікалогіі, лексікаграфіі, этымалогіі, гісторыі бел. мовы і інш. Змяшчае агляды навук. л-ры і рэцэнзіі бел. і замежных вучоных па беларусістыцы, інфармуе пра навіны навук. жыцця.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗХАР (аль-Азхар, аль-Джамі аль-Азхар),

комплекс мусульм. рэліг. і свецкіх вышэйшых навуч. і н.-д. устаноў у Каіры. Засн. ў 10 ст. пры мячэці аль-Азхар. Уключае: Вышэйшы вучоны савет Азхар.; Акадэмію ісламазнаўства; ун-т аль-Азхар з ф-тамі мусульм. права, багаслоўскім, арабскай мовы, інж., с.-г., мед., адм. і мусульм. жан. каледжам; ін-ты і спец. рэліг. ўстановы ў Каіры і цэнтрах правінцый.

Азхар.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́МБЛЕР (англ. Assembler),

сістэма праграмавання, што дазваляе складаць праграмы ЭВМ у тэрмінах камандаў машыннай мовы, але з выкарыстаннем больш зручнай сістэмы абазначэнняў. Пры запісе праграмы дазваляецца карыстацца сімвалічнымі абазначэннямі камандаў, адрасоў ячэек памяці, спасылак і інш. Праграма можа складацца з асобна напісаных кавалкаў, у т. л. бібліятэчных падпраграм. Асемблер робіць размеркаванне памяці, пераўтварае сімвалічныя абазначэнні ў адпаведныя машынныя коды, у выніку чаго праграма набывае выгляд, прыдатны да выканання на ЭВМ.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МОН»,

нелегальны часопіс бел. народнікаў. Выдаваўся ў 1884 у Пецярбургу гектаграфічным спосабам на рус. мове бел. арг-цыяй «Гоман». Выйшлі 2 нумары: 1-ы ў пач. года, другі 15 лістапада. Меў падзагаловак «Беларускі сацыяльна-рэвалюцыйны агляд». Змяшчаў матэрыялы пра рэв. падзеі ў Расіі і Беларусі, эканам. і паліт. становішча бел. народа, сцвярджаў самабытнасць бел. мовы, крытыкаваў палітыку царызму, выступаў за федэратыўную самастойнасць бел. народа, за развіццё яго культуры.

С.​В.​Говін.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНКЕ́ВІЧ (Францішак) (5.10.1884, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 26.7.1933),

бел. рэліг. і культ. дзеяч. Скончыў духоўныя Віленскую семінарыю (1905) і Пецярбургскую акадэмію (1907). У 1907 пасвячоны ў ксяндзы. З 1909 законавучыцель у гімназіях, настаяцель пры кляштары брыгітак у Гродне. У 1909—12 кіраўнік Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1932 капелан касцёла ў Гродне. Пераклаў з лац. мовы на бел. «Часіны Прачыстай Дзевы».

А.​М.​Пяткевіч, І.​І.​Трацяк.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАЛІТО́ЎСКІ (БЕЛАРУ́СКІ) ФОНД ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,

прыватны дабрачынны фонд. Засн. ў 1975 у Нью-Йорку Янкам і Марыяй Станкевічамі. Асн. мэты: апрацоўка і публікацыя прац Я.​Станкевіча, фін. падтрымка работы даследчыкаў бел. гісторыі, л-ры, мовы, культуры і мастацтва, выданне навук. прац, падручнікаў, слоўнікаў. Фонд устанавіў стыпендыі для бел. студэнтаў, якія паспяхова вучацца ў амер. ВНУ. Выдаў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» Я.​Станкевіча (1990).

А.​С.​Ляднёва.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМБРЖЫ́ЦКІ (Станіслаў Валянцінавіч) (1823, в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1.10.1907),

бел. паэт, краязнавец. З літ. твораў З. захавалася вершаванае апавяданне «Гутарка Сталюка» (1870—90-я г.), у якім паказаў побыт народа, нікчэмнасць фанабэрыстай шляхты, даў узоры бел. гутарковай мовы. Вывучаў курганы на радзіме, першы апісаў Вязынкаўскае гарадзішча. У 1881—83 бацька Я.​Купалы арандаваў у З. зямлю.

Літ.:

Каханоўскі Г. Аўтар знайшоўся // ЛіМ. 1979. 2 лют.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 6, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)