1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял. формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.
2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл.Драматургія музычная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ШТВАў архітэктуры,
накладная, часам фігурная планка вакол аконнага ці дзвярнога праёма. У драўляным дойлідстве — адзін з элементаў аздаблення знадворнай часткі жылля і грамадскіх пабудоў. Найб. пашыраная форма Л. — прамавугольная з трохвугольным, лучковым або складанай канфігурацыі завяршэннем. Асн.сродкі аздобы: краявая і скразная разьба геам., расл. ці зааморфнага характару, прафіляваныя накладныя элементы, паліхромная афарбоўка.
На Беларусі Л. адметныя шматслойнай ажурнай разьбой расл. характару, шматпланавасцю кампазіцый завяршэнняў. Разьбяныя Л. вядомы з 11 ст. (фрагмент знойдзены пры раскопках Полацка). Па-мастацку дэкарыраваныя Л. рабілі пераважна ў гарадах і мястэчках. У 2-й пал. 19 ст. разнастайны дэкор Л. паявіўся і ў сял. жыллёвым буд-ве. Упрыгожаныя разьбой і пафарбаваныя Л. выкарыстоўваюць у сучасным нар. жыллёвым буд-ве. На Міншчыне, Гродзеншчыне, З Віцебшчыны пашыраны Л. з гладкімі прафіляванымі фігурна выпілаванымі з адной дошкі завяршэннямі, з дэкорам геам., зааморфнага ці расл. характару. У цэнтр. Палессі (Пінскі, Столінскі р-ны) завяршэнні аздабляюцца шматслойнымі прафіляванымі планкамі, точанымі элементамі. Разнастайнасцю і багаццем дэкору вызначаюцца Л. на У Гомельшчыны (гл.Веткаўская разьба). Іл.гл. таксама ў арт.Дэкор.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973. С. 61—70;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Яго ж. Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии. Мн., 1982;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество. Мн., 1991. С. 174—195.
Я.М.Сахута.
Ліштва жылога дома ў вёсцы Гусараўка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 1950-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПРАВО́Д,
комплекс збудаванняў для перапампоўкі сырой нафты з раёнаў нафтаздабычы да месцаў перапрацоўкі. Складаюцца з трубаправодаў, нафтаперапамповачных станцый, сродкаў сувязі, дапаможных збудаванняў. Адрозніваюць Н. мясцовыя (на промыслах падаюць нафту на невял. адлегласці — ад месца здабычы да пунктаў збору і падрыхтоўкі), магістральныя (транспартуюць нафту на далёкія адлегласці — да месцаў перапрацоўкі), унутраныя (на нафтаперапр. з-дах).
Дыяметр труб Н. 60—1220 мм, рабочы ціск 0,7—8 МПа, скорасць руху нафты 0,9—2,6 м/с. Магістральныя Н бываюць даўжынёй некалькі тысяч кіламетраў (напр., Н. «Дружба» больш за 5 тыс.км, 1-я нітка яго ўведзена ў 1964, 2-я — у 1974). Трубаправоды магістральных Н. укладваюцца ў грунт, для засцярогі ад карозіі ўкрываюцца бітумнай масцікай, маюць таксама эл.сродкі засцярогі. Трубаправоды і інш. збудаванні для перамяшчэння прадуктаў перапрацоўкі нафты (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.) наз.нафтапрадуктаправодамі.
На тэр. Беларусі агульная працягласць магістральных Н. рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс.км. Па мясцовых Н. нафта ад усіх радовішчаў (іх больш за 40) перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе яна праходзіць абязводжванне, абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў Н. «Дружба». Праз сістэму магістральных Н. «Дружба» расійская нафта транспартуецца ў краіны СНД (Украіна, Беларусь), Прыбалтыкі (Літва, Латвія — порт Вентспілс), Усх. і Зах. Еўропы (Польшча, Германія, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Югаславія).
В.А.Вядзернікаў.
Схема магістральнага нафтаправода: 1 — нафтавы промысел; 2 — пункт збору і падрыхтоўкі нафты; 3 — помпавая станцыя; 4 — калодзеж з рэгулявальнымі прыстасаваннямі; 5 — размеркавальны пункт; 6 — нафтаперапрацоўчы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЯ ХВА́ЛЯ»,
кірунак у франц. кіно на мяжы 1950—60-х г., які садзейнічаў абнаўленню стылістыкі кінарэжысуры і дэмакратызацыі кінамастацтва. Тэрмін узнік у франц. друку. Для рэжысёраў гэтага кірунку характэрны адмаўленне ад стварэння дарагіх камерцыйных фільмаў, імправізацыйныя метады здымкі, пераважна ў натуральным асяроддзі і рэальных інтэр’ерах, цікавасць да жыцця маладога пакалення, скептычнае стаўленне да традыц. маральных каштоўнасцей. У рэчышчы «Н.х.» працавалі Ф.Труфо, К.Шаброль, Л.Маль, Ж.Л.Гадар, А.Рэнэ, А.Варда, А.Аструк, Ж.Франжу і інш., а таксама дакументалісты, якія абвясцілі лозунг «сінема-верытэ» («кіно-праўда», К.Маркер, Ж.Руш, Ф.Рэйшэнбах і інш.). У сярэдзіне 1960-х г. выявілася слабасць «Н.х.», звязаная з аўтарскім эгацэнтрызмам, павярхоўнай трактоўкай драм. канфліктаў, празмерным захапленнем фармальнымі прыёмамі. Аднак дзякуючы «Н.х.» з’явілася свабодная і натуральная рэжысёрская манера, распрацаваны новыя сродкі экраннай выразнасці (рухомая камера), новыя прынцыпы мантажу (незакончанасць эпізодаў, несупадзенне адлюстравання і гуку), пашырыліся межы сінтэзу традыц. жанраў. Франц. кіно папоўнілася новымі акцёрамі (Ж.П.Бельмандо, Ж.Маро, А.Дэлон, Ж.К.Брыялі, Ж.Л.Трэнтыньян, К.Дэнёў, А.Карына), аператарамі (А.Дэке, Р.Кутар, Ж.Раб’е, С.В’ерні і інш.), кампазітарамі (М.Легран, М.Жар і інш.). Асобныя тэмы, матывы, маст. прыёмы «Н.х.» ўзбагацілі мову кіно і атрымалі пашырэнне ў розных кінематаграфіях.
Літ.:
Божович В. О «новой волне» во французском кино // Вопросы киноискусства. М., 1964. Вып. 8;
Жанкола Ж.П. Кино Франции. Пятая республика (1958—1978): Пер. с фр.М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́Р,
некантралюемы працэс гарэння, які прыводзіць да знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей і небяспечны для жыцця людзей. Гарэнне пры П. характарызуецца самаадвольным распаўсюджваннем, невысокай ступенню згарання матэрыялаў, утварэннем дыму.
Узнікае пры неасцярожным абыходжанні з агнём, самаўзгаранні рэчываў (матэрыялаў), няспраўнасці ў эл. сетках і прыладах, невыкананні правіл эксплуатацыі вытв. абсталявання, ад маланкі і па інш. прычынах; на адкрытай прасторы (напр., лясныя пажары, тарфяныя пажары) і ў збудаваннях (унутраныя П). Прастору, ахопленую П., умоўна падзяляюць на зоны: гарэння (ачаг П.), цеплавога ўздзеяння і задымлення. У ачагу П. адбываецца тленне і (ці) назіраецца полымя, вылучаюцца цяпло і дым. Асн. характарыстыка знішчальнага дзеяння П. — т-ра; макс. т-ры, характэрныя для адкрытых П. (ад 1000 °C для цвёрдых матэрыялаў да 1450 °C для гаручых газаў). Зона гарэння абкружана зонай цеплавога ўздзеяння, дзе ўстанаўліваецца т-ра вышэй за 60 °C, якая выклікае разбурэнне матэрыялаў, канструкцый і тоіць небяспеку для людзей. Прадукты няпоўнага згарання (дым) утвараюць зону задымлення, звычайна яны таксічныя (асабліва прадукты гарэння палімераў). Для спынення П. выкарыстоўваюць розныя вогнетушыльныя сродкі (вада, пена, парашковыя саставы, нейтральныя газы, хім. інгібітары гарэння і інш.), якія падаюць у ачаг П. пры дапамозе пажарнай тэхнікі, вогнетушыцелямі і інш. Мерапрыемствы па пажарнай прафілактыцы і тушэнні П. ажыццяўляе пажарная ахова.
Літ.:
Абдурагимов И.М., Говоров В.Ю., Макаров В.Е. Физико-химические основы развития и тушения пожаров. М., 1980;
Драйздейл Д. Введение в динамику пожаров: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ФАЛЬКЛО́Р,
вуснапаэтычныя творы, складзеныя бел. народам на тэрыторыі, акупіраванай ням. фашыстамі ў гады Вял.Айч. вайны. У іх — нянавісць да акупантаў, вера ў перамогу, услаўленне подзвігаў нар. мсціўцаў. Асабліва папулярнымі былі партызанскія песні, прыпеўкі, анекдоты, прымаўкі і прыказкі. Бытавалі таксама легенды, сказы, казкі. Характэрная асаблівасць многіх твораў — маст. адлюстраванне подзвігаў рэальных нар. герояў, у т. л. К.Заслонава, С.Каўпака, дзе сапраўдныя жыццёвыя факты спалучаліся з выдуманымі і падаваліся як рэальныя. Так, у казцы «Як конь Заслонава Парыў ад смерці яго выратаваў» матывы гераічнага эпасу аб’ядноўваюцца з эпізодамі, уласцівымі чарадзейным казкам. У легендах і апавяданнях сцвярджалася бессмяротнасць славутых змагароў з фашыстамі, расказвалася пра храбрасць і надзвычайную ваен. хітрасць легендарных партыз. камандзіраў. Выкарыстоўваліся традыц.фалькл. сюжэты, маст. прыёмы і сродкі, элементы прафес. мастацтва і л-ры. Вял. камічны эфект мелі творы малых форм: анекдоты, жарты, гумарэскі. У іх высмейваліся Гітлер, Гебельс, Герынг, Гімлер, выкрывалася хлуслівая фаш. прапаганда. На ўзор ліста запарожскіх казакоў турэцкаму султану складзена сатыр. пісьмо бел. партызан «бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту дурному Адольфу Гітлеру». Сатыр. накіраванасць уласціва многім прыказкам і прымаўкам. Бязлітасная сатыра на фаш. захопнікаў і іх памагатых, нянавісць да іх адпавядала Думкам і настроям людзей, якія ў акупацыі не скарыліся ворагу і працягвалі барацьбу.
Публ.: Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Ми., 1961; Паэзія барацьбы. Мн 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЧхатняя,
глінабітнае або мураванае збудаванне для ацяплення памяшкання, гатавання ежы, выпечкі хлеба; важны элемент абсталявання і арх. вырашэння інтэр’ера жылля.
Вядома са старажытнасці. У Стараж. Рыме выкарыстоўвалі перасоўныя, звычайна метал., багата аздобленыя П. У сярэднявеччы пашыраны стацыянарныя П. купальнага тыпу, вылепленыя з гліны. У 13—14 ст. з’явіліся П. з кафлі, напачатку прамавугольныя, пазней і круглыя. У 18 — пач. 20 ст. П. рабілі ў выглядзе мэблі, абеліскаў, калон, пірамід з актыўным выкарыстаннем арх. дэкору. Разнастайнасцю вылучаюцца П. ў нар. буд-ве. Найб. старадаўнія — П.-каменка і «курная» П. (без коміна). «Белыя» П. (з комінам) рабілі з гліны ці цэглы, часам на драўлянай рубленай аснове з 3—5 вянкоў ці на штандарах. Спецыфіка побыту і матэрыяльнай культуры розных народаў садзейнічалі фарміраванню своеасаблівых тыпаў П. («руская», «галандская», «шведская» і інш.).
У нар. жыллі беларусаў П. адыгрывае вядучую ролю ў арганізацыі інтэр’ера хаты. Яна магла займаць 1/4 плошчы памяшкання. Да сярэдзіны 19 ст. пераважалі «курныя», з пач. 20 ст. — «белыя» П. З канца 19 ст. каля П. ставілі грубку. П. і асобныя часткі (прыпечак, пячуркі, падпечча, комін і інш.) заўсёды былі актыўнымі элементамі сямейных свят і розных абрадаў. Сучасныя П. маюць меншыя памеры, робяцца з цэглы, часта абліцоўваюцца кафляй або пліткай дэкаратыўнай. Новыя сродкі ацяплення і гатавання ежы звузілі функцыянальнае прызначэнне П. ў сучасным побыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛу тэхніцы,
від аэразолю, у якім дробныя (да 0,1 мм) цвёрдыя часцінкі знаходзяцца ў завіслым стане ў газавым асяроддзі. Звычайна ўтвараецца ў выніку дыспергавання цвёрдых цел. Часцінкі П. могуць несці эл. зарад, быць электранейтральнымі ці радыеактыўнымі. Некаторыя віды вытв. П. выбухова- і пажаранебяспечныя, забруджваюць прыроду, выклікаюць захворванні. Паветр. прастора ўтрымлівае П. разнастайнага паходжання (гл.Пыл у атмасферы). Канцэнтрацыя П. (запыленасць) выражаецца колькасцю часцінак або іх агульнай масай у адзінцы аб’ёму газу (паветра). Барацьба з утварэннем П. і яго ўлоўліванне — адна з найважнейшых тэхн. і гігіенічных задач (гл.Ачыстка паветра).
У прам-сці часта спецыяльна выкарыстоўваюць распыленне, напр. пры спальванні пылападобнага паліва, паветр. сепарацыі парашкоў, у некаторых хім. тэхналогіях. Непажаданае ўтварэнне П. адбываецца пры здрабненні цвёрдых парод, здабычы карысных выкапняў (рудніковы П.), перапрацоўцы і транспартаванні сыпкіх прадуктаў і матэрыялаў, спальванні арган. паліва. Крыніцамі павышанай запыленасці з’яўляюцца металург., хім., тэкстыльныя вытв-сці, трансп.сродкі і інш.Прамысл. П. шкодзіць абсталяванню, зніжае якасць прадукцыі (напр., паўправаднікоў, электронных прылад), пагаршае гігіенічныя ўмовы працы. Для барацьбы з вытв. П. ажыццяўляюць пылаўлоўліванне з дапамогай скрубераў, цыклонаў, пылаасадачных камер, эл. (у якіх часцінкі П. асядаюць на электродах), акустычных (з выкарыстаннем ультрагуку) і інш. пылаўлоўнікаў. Эфектыўныя спосабы выдалення П. — вентыляцыя з выкарыстаннем паветр. фільтраў, розныя сістэмы газаачысткі. Для засцярогі ад П. выкарыстоўваюць рэспіратары, шлемы-скафандры, спец. адзенне. Ступень запыленасці паветра вызначаюць пыламерамі — з фільтравальным матэрыялам, на якім асядаюць часцінкі П., і найб. пашыранымі аптычнымі, у якіх святло паглынаецца ці рассейваецца пылапаветраным патокам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎСКІ ГУРТО́К,
група вучоных гісторыкаў і археографаў, якая ўпершыню ў гісторыі рас. навукі ў шырокіх маштабах пачала выяўленне і збор дакумент. помнікаў па гісторыі Расіі ў айчынных і замежных архівах і бібліятэках. Існаваў з 1810-х г. да 1826. Засн. ў Пецярбургу М.П.Румянцавым. Уваходзілі М.М.Бантыш-Каменскі, А.Ф.Маліноўскі, К.Ф.Калайдовіч, І.І.Грыгаровіч і інш. Амаль усе члены гуртка былі членамі Камісіі друкавання дзярж. грамат і дагавораў. На сродкі Румянцава і з яго дапамогай выдадзены падрыхтаваныя членамі гуртка археаграфічныя працы, летапісы, помнікі л-ры, даследаванні па гісторыі рус. і слав. народаў; «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), «Старажытныя расійскія вершы, сабраныя Кіршам Данілавым» (2-е выд., 1818), «Звесткі аб працах Швайпольта Фіёля, старажытнага славянскага друкаршчыка» (1820) — адно з першых рас. даследаванняў па гісторыі кнігадрукавання, «Іаан Экзарх Балгарскі» Калайдовіча (1824), «Помнікі расійскай славеснасці XII ст.» (1821) і інш. Члены гуртка цікавіліся таксама археалогіяй, нумізматыкай, этнаграфіяй, мовамі народаў Расіі. Вял. работу па зборы, вывучэнні і публікацыі дакументаў па гісторыі Беларусі праводзілі Грыгаровіч (падрыхтаваў «Беларускі архіў старажытных грамат», склаў «Слоўнік заходнерускай гаворкі») і Калайдовіч — аўтар навук. апісання і кароткага слоўніка бел. мовы. Намаганнямі членаў гуртка ў навук. ўжытак уведзены шматлікія дакументы і матэрыялы, сфармуляваны прынцыпы публікацыі гіст. крыніц і ўзоры іх навук. апісання, зроблены першыя спробы гіст.-літ. і лінгвістычнай распрацоўкі помнікаў. Гурток распаўся пасля смерці Румянцава.
Літ.:
Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎГА́С, савецкая гаспадарка,
форма арганізацыі с.-г. вытв-сці, заснаваная на дзярж. уласнасці і сродках. У параўнанні з калгасам мае больш высокі ўзровень аграмаджвання — сродкі вытв-сці і прадукцыя, якую атрымліваюць С., належаць дзяржаве. Ствараецца паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прадпрыемствах» (1990), Кодэкса аб зямлі і інш. заканадаўчых актаў. Дзейнічае на аснове статута прадпрыемства. На Беларусі, як і ў Расійскай Федэрацыі, С. з’явіліся з устанаўленнем сав. улады на базе канфіскаваных памешчыцкіх маёнткаў. У канцы 1927 было 247 С. з агульнай пл. 103,5 тыс.га; на іх долю прыпадала 1,3% вытв-сці с.-г. прадукцыі. У 1971 у БССР- былі 834 С., у т. л. 228 малочна-мясных, 292 мяса-малочныя, 161 малочна-агароднінны, 63 птушкагадоўчыя, інш. спецгаспадаркі. Найбольш С. было ў 1985—917. У іх працавала 11,9% усіх рабочых рэспублікі, яны займалі 3337 тыс.гас.-г. угоддзяў (35%), пастаўлялі каля 40% с.-г. прадукцыі. З пераходам у канцы 1980-х г. да рыначных адносін і шматукладнай эканомікі павялічылася роля вытворцаў недзярж. сектара і доля С. ў вытв-сці прадукцыі пачала зніжацца. За 1991—95 сярэднегадавое зніжэнне аб’ёму вытв-сці валавой прадукцыі ў С. склала 7,3%, узровень рэнтабельнасці скараціўся амаль у 5 разоў. З 1990-х г. С. пераведзены на поўны гасп. разлік, пашырана іх гасп. самастойнасць. На 1.1.2001 617 С., якія маюць 1861 тыс.гас.-г. угоддзяў. Мяркуецца, што да найб. стратных гаспадарак непазбежны радыкальныя меры — змена формаў уласнасці і гаспадарання і інш.