раздзел заалогіі, які вывучае прыматаў, іх анатомію, эмбрыялогію, фізіялогію, паходжанне, сістэматыку, распаўсюджванне і лад жыцця. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 2-й пал. 1950-х г. (М.Ф.Нестурх, 1960). П. медыцынская — адзін з навук. кірункаў у эксперым. медыцыне, які вывучае паталогію чалавека ў доследах на малпах. Гл. таксама Антрапалогія.
Літ.:
Нестурх М.Ф. Приматология и антропогенез. М., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАПАТЫ́Я (ад псіха... + грэч. pathos пакута, хвароба),
расстройства асобы, паталагічны стан псіхічнай дзейнасці чалавека. Анамаліі характару, якія вызначаюць псіхічнае аблічча індывідуума, выяўляюцца з дзяцінства, яскрава выражаны ў падлеткаў і захоўваюцца на працягу жыцця. Адрозніваюць П. ўзбудлівую, істэрычную, шызоідную і інш. формы. Праяўляецца дысгарманічнасцю эмацыянальна-валявых уласцівасцей асобы (празмерная раздражняльнасць, замкнёнасць, эгацэнтрызм і інш.), парушэннем прыстасавальнасці да навакольнага асяроддзя пры адносным захаванні інтэлекту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАСТЭНІ́Я (ад псіха... + астэнія),
адно з псіхічных расстройстваў, якое займае прамежкавае становішча паміж псіхапатыяй і неўрозам. Для П. характэрна агульнае зніжэнне псіхічнага тонусу, адчуванне ўнутр. напружання, непаўнацэннасці і інш. Хворыя на П. часта астэнічнага целаскладу, з дыспластычнымі рысамі, нязграбныя; з дзіцячага ўзросту праяўляюць пужлівасць, страх перад цемрай і інш. Пасля таго, як мінаюцца складаныя ўнутр. хваляванні, псіхастэнікі здольны вырашаць свае праблемы, знаходзіць формы адаптацыі да рэальнага жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАР (Таіса Мікалаеўна) (н. 20.2.1945, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед.ін-т замежных моў (1967). Настаўнічала. З 1981 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1970. У паэт. зб-ках «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «Святочны снег» (1981, уключае вянок санетаў «Радасць»), «Спадчынны боль» (1987, вершы і паэма «Мы родам з вайны»; раздзел «Кніга песень» змяшчае паэмы-песні паводле матываў нар. легенд), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995) трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра... недасяжны свет». Зб-кі апавяданняў і аповесцяў «Сінія яблыкі» (1984), «Час, калі нас любілі» (1988), «Паветраны замак на дваіх» (1990) прысвечаны праблемам сучаснай сям’і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэнню сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяраў культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Пераклала на бел. мову з малдаўскай зб. лірыкі Г.Віеру «Імя тваё» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НАЎ (Аляксей Гаўрылавіч) (18.2.1780, Масква — 16.12.1847),
рускі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў быт. жанру ў рус. жывапісе. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1811). Вучыўся ў У.Баравікоўскага. У ранні перыяд пісаў інтымныя лірычныя партрэты А.І.Бібікава, М.А.Фанвізіна, часам блізкія да рамантызму. У 1807 падрыхтаваў 4 афорты («Вяльможа» і інш.) для «Часопіса карыкатур на 1806 год у тварах» — першага ў Расіі ілюстраванага гумарыстычнага лістка. З 1819 жыў у в. Сафонкава Цвярской губ., дзе пісаў партрэты сялян і сцэны з іх жыцця («Ачыстка буракоў», пастэль, 1822; «Гумно», каля 1821—23, «Пастух, які спіць», 1823—24; «На раллі. Вясна», «На жніве. Лета», абедзве 1820-я г., «Галава старога селяніна», 1825). У сваіх творах ствараў ідэалізаваныя паэт. вобразы сял.жыцця, звязаныя з прыгажосцю рус. прыроды. У канцы 1820-х г. заснаваў прыватную маст. школу, у якой вучыліся і працавалі жывапісцы М.Крылоў, А.Тыранаў, Я.Крандоўскі, Л.Плахаў, А.Аляксееў, А.Дзянісаў, С.Заранка, Р.Сарока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА (АБТ). Заснавана ў 1954 у Лондане членамі Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, дзеячамі бел. эміграцыі і англ. навукоўцамі-беларусістамі для пашырэння ведаў пра Беларусь сярод англічан. Разам з Беларускай бібліятэкай і музеем імя Францішка Скарыны ў Лондане з’яўляецца цэнтрам бел.навук.-культ.жыцця ў Англіі. У 1965—88 выпускала «The Journal of Byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»), у якім славісты ЗША, Ізраіля, Германіі, Англіі, Польшчы друкавалі артыкулы па гісторыі, палітыцы, культ. праблемах жыццябел. народа. З 1966 АБТ арганізуе штогадовыя курсы лекцый па гісторыі л-ры і культуры Беларусі. Супрацоўнічае з Асацыяцыяй славістаў ун-таў Вялікабрытаніі, Брыт.Нац. Асацыяцыяй усх.-еўрап. даследаванняў, удзельнічае ў міжнар. канферэнцыях і кангрэсах славістаў. Выдала кн. апавяданняў С.Яновіча (1974), «Беларускую граматыку» П.Мэё (1976, на англ. мове), зб. вершаў М.Багдановіча, А.Гаруна, З.Бядулі (1983, на бел. і англ. мовах). Прэзідэнты АБТ: Л.Гарлех (1965—73), А.Макмілін (з 1974), старшыні: О.Герберт (1965—73), Д.Джоліф (1974—80), Дж.Дзінглі (з 1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТ, побыт,
пазавытворчая сфера жыцця, якая ўключае задавальненне матэрыяльных патрэб людзей (у ежы, адзенні, жыллі, лячэнні, падтрымцы здароўя) і засваенне духоўных даброт, культуры, адпачынку, сродкаў зносін і інш. У шырокім сэнсе — уклад паўсядзённага жыцця. Быт значна ўплывае на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей. Вылучаюць грамадскі, гарадскі, пасялковы, сямейны, індывідуальны быт. Структуру быту можна разглядаць з пункту погляду адносін матэрыяльнага і духоўнага бакоў сац. і індывід. аспектаў, відаў затрат часу і дзейнасці (задавальненне фізіял. патрэб, бытавая праца, вольны час), тыпаў сац. аб’яднання і зносін (сям’я, суседства, маладзёжныя групы і г.д.). Пад уплывам сац.-эканам., геагр. умоў у розных народаў выпрацоўваецца комплекс быт. нормаў, традыцый, звычаяў, абрадаў. У ходзе гіст. развіцця грамадства мяняецца характар элементаў быту і яго структуры. Гасп. і грамадскі побыт беларусаў, іх матэрыяльная культура і маст. творчасць маюць свае асаблівасці, што выяўляюцца ў тыпах жылля, яго ўнутраным убранні, адзенні, абрадах, вераваннях і звычаях. Захоўваюцца асаблівасці ў побыце гар. і сельскага насельніцтва, асобных сац. груп, што абумоўлена не толькі кліматычнымі ўмовамі, але і іх сац.-прафес. інтарэсамі і асабістымі запатрабаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБРО́ЎСКАЯ ((Dąbrowska) Марыя) (6.10.1889, г. Русаў, Польшча — 19.5.1965),
польская пісьменніца. У 1907—14 вучылася ў Лазанскім і Брусельскім ун-тах. Літ. дзейнасць пачала ў 1910-я г. Першыя зб-кі апавяданняў «Дзеці радзімы» (1918), «Галінка чарэшні» (1922) і «Усмешка дзяцінства» (1923) прысвечаны дзецям з іх своеасаблівым успрыманнем свету. У зб. навел «Людзі адтуль» (1926) паказаны жыццё і ўнутр. свет вясковай беднаты ў пач. 20 ст., у зб. «Прыкмета жыцця» (1938) — нялёгкае існаванне чалавека ў грамадстве. Самы вядомы твор Д. — эпічная тэтралогія «Ночы і дні» (1932—34), у якой намалявана гісторыя жыцця адной сям’і з 1860-х г. да 1-й сусв. вайны. Аўтар гіст. драм «Геній-сірата» (1939) і «Станіслаў і Багуміл» (1945), рамана-эпапеі «Прыгоды думаючага чалавека» (незакончаны, выд. 1970), «Дзённікаў» (1—5, выд. 1988), літ.-крытычных артыкулаў (зб. «Думкі аб падзеях і людзях», 1956).
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—3. Warszawa, 1956;
Бел.пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗА, Эль-Гіза, Гізех,
горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд.прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.
Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л. фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац.жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.Хорні, Э.Фром і інш.).
Літ.:
Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;
Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;
Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.