РАБЧЭ́ЎСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.1.1912, в. Балешын Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. —31.3.1979),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Магілёўскі мед. тэхнікум (1932), Сталінградскую ваен. школу лётчыкаў (1936). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Сталінградскім, Паўд., Паўн.-Каўказскім, 4-м Укр., 1-м, 2-м і 3-м Прыбалт. франтах: камандзір эскадрыллі штурмавікоў, штурман палка, дывізіі, камандзір штурмавога авіяпалка. Зрабіў 192 баявыя вылеты, знішчыў 5 варожых самалётаў у паветры і 20 на зямлі. Да 1956 у Сав. Арміі, потым на адм.-гасп. рабоце. Яго імем названа вуліца ў г. Клімавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗЕ́ЦКІ (Radetzky),
фон Радзец, Іозеф Венцэль (2.11.1766, Тршэбніцы каля г. Літамержыцы, Чэхія — 5.1.1858), аўстрыйскі ваен. дзеяч, палкаводзец. Фельдмаршал (1836), граф. З чэш. дваранскага роду. У арміі з 1784. Удзельнік аўстра-тур. вайны 1788—90 і вайны 2-й кааліцыі еўрап. краін супраць Францыі (1798—1801). У 1809—12 і 1814—29 нач. штаба аўстр. арміі. У 1813—14 нач. штаба К.Шварценберга. З 1815 камандаваў кав. злучэннямі. У 1831—57 галоўнакаманд. аўстр. войскамі ў Паўн. Італіі, у т. л. ў час аўстра-італьянскай вайны 1848—49, адначасова ў 1849—57 ген.-губернатар Ламбарда-Венецыянскага каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́Ў (Віктар Афанасьевіч) (22.1.1935, в. Целяшы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.6.2000),
бел.паэт. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1958), Мінскую вышэйшую парт. школу (1971). Працаваў настаўнікам, у шклоўскай раённай газеце, у газ. «Звязда», з 1975 у час. «Полымя», з 1982 адказны сакратар. Друкаваўся з 1956. У зб-ках вершаў і паэм «Вернасць» (1968), «Акно ў зялёны сад» (1972), «Пазыўныя» (1975), «Песня і памяць» (1979), «І сноп, і птах, і я...» (1983), «Жыць — палоць» (1995) тэмы любві да радзімы, ваен. дзяцінства, пераемнасць пакаленняў, праблемы сучаснай вёскі. Аўтар нарысаў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЕЎ (Леў Уладзіміравіч) (13.3.1885, г. Ноўгарад, Расія — 19.11.1956),
рускі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1915), праф. у ёй (1922—48) і ў Маскоўскім арх. ін-це (1948—52). Асн. работы: помнік «Змагарам рэвалюцыі» на Марсавым полі ў Пецярбургу (1917—19); будынак Ваен. акадэміі (1937), адм. будынкі на вул. Маршала Шапашнікава (1934—38) і на Фрунзенскай набярэжнай (1938—55), комплекс Маскоўскага ун-та (1949—53, у сааўт.; праект — Дзярж. прэмія СССР 1949) — усе ў Маскве; Дом урада ў Баку (1952), Палац культуры і навукі ў Варшаве (1952—55) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА АТЛА́НТЫКУ 1939—45,
барацьба Вялікабрытаніі і ЗША супраць фаш. Германіі і Італіі за камунікацыі ў Атлантычным акіяне, Міжземным, Нарвежскім, Паўночным і інш. морах у час 2-й сусв. вайны. Германія разлічвала, што дзеянні яе падводных лодак, надводных караблёў і самалётаў перарвуць жыццёва важныя для Вялікабрытаніі камунікацыі ў Атлантыцы і прымусяць яе выйсці з вайны. Вялікабрытанія і ЗША імкнуліся абараніць свае водныя камунікацыі і дасягнуць перавагі на атлантычным тэатры ваен. дзеянняў. У вер. 1939 — чэрв. 1941 у баях удзельнічалі з абодвух бакоў нязначныя сілы. Аднак атакі нават малой колькасці ням. падлодак былі эфектыўныя, бо процілодачныя сістэмы саюзнікаў аказаліся недастаткова падрыхтаваныя. У ліп. 1941 — сак. 1943 асн. сілы ням. авіяцыі і надводных караблёў дзейнічалі супраць СССР. Цяжкія страты вермахта на сав.-герм. фронце паспрыялі саюзнікам, яны значна ўмацавалі свае сілы (у сак. 1943 мелі каля 3000 караблёў і 2700 самалётаў супраць 100—130 ням. падлодак) і нанеслі праціўніку значныя страты. Гэтыя абставіны, а таксама выхад з вайны Італіі ў вер. 1943, высадка саюзнікаў у Паўн. Францыі ў чэрв. 1944, колькасны і якасны рост сіл і сродкаў іх процілодачнай абароны рэзка зменшылі эфектыўнасць дзеянняў ням. падлодак у 1943—45. Агульныя страты саюзных і нейтральных дзяржаў у бітве за Атлантыку склалі 4245 транспартаў. Германія і Італія страцілі 705 караблёў і 81 падлодку. Яны не здолелі парушыць камунікацыі Вялікабрытаніі і ЗША у Атлантыцы і нанеслі адчувальныя страты іх ваен.-эканам. патэнцыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНА-РЫ́ЦАРСКІЯ О́РДЭНЫ,
ваенна-рэлігійныя аб’яднанні, арганізаваныя на ўзор каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Узніклі ў час крыжовых паходаў як брацтвы для дапамогі паломнікам у Палесціне, з 12 ст. — ваен. арг-цыі для аховы і пашырэння хрысц. уладанняў на Усходзе, барацьбы з мусульманамі і язычнікамі. З канца 11 ст. да 1300 заснавана 12 Д.-р.о.: Ордэн коннікаў шпіталя св. Яна Іерусалімскага (шпітальеры, прыбл. з 1070); Ордэн бедных рыцараў Хрыста і Саламонава храма (тампліеры, з 1116 або 1119); Авіскі ордэн (з 1162 або 1166); Ордэн св. Міхаіла (з 1167); ордэн мечаносцаў (з 1202); Ордэн прускіх рыцараў Хрыстовых з Добжыні (з пач. 13 ст.) і інш. Іх члены давалі зарокі ўстрымання, паслушэнства, беднасці, падзяляліся на братоў-воінаў, капеланаў (святароў) і братоў-служыцеляў. Ордэн узначальваў вял. магістр (выбіраўся пажыццёва), якому падпарадкоўваліся камандзіры мясц. аддзелаў (правінцый і бальяжаў) — магістры (прыёры), прэцэптары, камандоры, канэтабль і інш. і пры якім перыядычна склікаўся ген. капітул (савет), які валодаў заканад. уладай. Д.-р.о. былі незалежныя ад мясц. свецкіх і духоўных улад і падпарадкоўваліся непасрэдна рым. папу, які даваў ім значныя прывілеі. Найб. магутнымі былі т.зв. «інтэрнацыянальныя» ордэны (шпітальеры, тампліеры, Тэўтонскі ордэн), якія мелі аддзелы ва ўсіх краінах Зах. Еўропы, уласныя арміі, вял. зямельныя ўладанні і грашовыя сродкі. Пасля страты ў 13 ст. ўладанняў на Усходзе Д.-р.о. перанеслі дзейнасць на Зах. Еўропу, дзе яны сталі адной з вядучых ваен. і паліт. сіл. З умацаваннем каралеўскай улады б.ч. ордэнаў перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,
лагер для прымусовай ізаляцыі (часам і знішчэння) рэальных ці магчымых паліт. праціўнікаў, ваеннапалонных і інш. У адрозненне ад турмаў, звычайных лагераў для ваеннапалонных і бежанцаў К.л. ствараюцца паводле асобых дэкрэтаў урада або загадаў ваен. камандавання ў час вайны, міжэтнічных канфліктаў і абвастрэння ўнутрыпаліт. барацьбы. К.л. з найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных, накіраваным не толькі на ізаляцыю, але -і на іх знішчэнне, атрымалі ў л-ры назву лагераў смерці (найб. пашыраны ў 2-ю сусв. вайну). Першыя К.л. створаны іспанцамі ў 1895 у час нац.-вызв. паўстання на Кубе і англічанамі ў ходзе англа-бурскай вайны 1899—1902. У 1934—39 у Польшчы на тэр.Зах. Беларусі існаваў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У СССР К.л. былі пашыраны ў перыяд масавых рэпрэсій 1930—50-х г. (гл.ГУЛАГ). У час нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры ў Германіі (1933—45) К.л. выкарыстоўваліся для масавага тэрору і генацыду з боку нацысцкай дзяржавы і былі пашыраны ў краінах, акупіраваных ням.-фаш. войскамі ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. ў Беларусі, іх ахвярамі сталі больш за 11 млн. грамадзян СССР, Польшчы, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Германіі і інш.Найб. вядомыя ням.-фаш. К.л. — Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Заксенгаўзен, Маўтгаўзен і інш. У пасляваен. перыяд найб. вядомы К.л., створаныя пасля ваен. перавароту ў Чылі ў вер. 1973 для праціўнікаў дыктатуры ген. А.Піначэта. Практыка стварэння К.л. асуджана сусв. грамадскасцю як цяжкае злачынства супраць чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКА-ЭЛЬТЫГЕ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
дэсантная аперацыя войск Паўн.-Каўказскага фронту (камандуючы ген.-палк. І.Я.Пятроў), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. Л.А.Уладзімірскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) у Вял.Айч. вайну. Праведзена 31.10—11.12.1943 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам. Адначасова планавалася высадзіць сіламі Азоўскай ваен. флатыліі (АВФ) 3 дывізіі 56-й арміі на ПнУ ад г. Керч (асн. напрамак) і сіламі Чарнаморскага флоту пад кіраўніцтвам контр-адм. Г.М.Халасцякова 1 дывізію 18-й арміі каля пас. Эльтыген на Пд ад Керчы (дапаможны напрамак), пасля іх сустрэчнымі ўдарамі авалодаць партамі Керч і Камыш-Бурун. Удзельнічалі 130 тыс.чал., больш за 2 тыс. гармат і мінамётаў, 125 танкаў, 278 катэраў і дапаможных суднаў, больш за 1000 самалётаў 4-й Паветр. арміі і марской авіяцыі. Вечарам 31 кастр. з-за шторму сарвалася высадка дэсантных атрадаў на асн. напрамку. 1 ліст. дэсант 18-й арміі захапіў плацдарм у раёне Эльтыгена. Ва ўмовах адцягнення для блакады плацдарма значных сіл праціўніка АВФ 3 ліст. высадзіла дэсант з часцей 56-й арміі, які да 12 ліст. выйшаў на рубеж Азоўскае м. — паўн.-ўсх. ўскраіна Керчы, дзе і замацаваўся. Дэсант з раёна Эльтыгена 6—7 снеж. прарваўся да паўд. ускраіны Керчы, захапіў пануючую над горадам гару Мітрыдат, але 9 снеж. пад націскам праціўніка пакінуў яе і 11 снеж. быў эвакуіраваны суднамі АВФ. Нягледзячы на незавершанасць, К.-Э.а. стварыла перадумовы (захоп буйнога плацдарма) для вызвалення Крыма ў ходзе Крымскай аперацыі 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКТ РЫБЕНТРО́ПА—МО́ЛАТАВА 1939,
пашыраная назва сав.-герм. дагавора аб ненападзе, падпісанага 23 жн. ў Маскве міністрам замежных спраў Германіі І.Рыбентропам і наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым тэрмінам на 10 гадоў. Абедзве краіны абавязваліся: не нападаць адна на адну як аднаасобна, так і супольна з інш. краінамі; не дапамагаць трэцяй сіле, якая можа напасці на адну з краін — удзельніц пакта; раіцца адна з адной па пытаннях, якія тычацца іх агульных інтарэсаў; не далучацца да ваен. аб’яднанняў, якія б пагражалі аднаму з бакоў; вырашаць супярэчнасці паміж сабой з дапамогай перагавораў і арбітражу. Да пакта дадаваўся сакрэтны пратакол (ад 23 жн.), паводле якога тэр. тагачаснай Польскай Рэспублікі на У ад рэк Нараў, Вісла і Сан (пераважна ўкр. і бел. землі), а таксама Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя траплялі ў сав. сферу ўплыву; уздымалася пытанне пра аддзяленне Бесарабіі ад Румыніі. П.Р.—М. палепшыў ваен.-дыпламат. становішча Германіі напярэдадні развязвання ёю 2-й сусв. вайны, даў СССР час для ўмацавання абараназдольнасці, але падарваў яго міжнар. аўтарытэт. Ліга Нацый выключыла СССР са сваіх членаў (снеж. 1939) за вайну супраць Фінляндыі. Пакт спыніў дзеянне пасля нападу Германіі на СССР 22.6.1941. Наяўнасць сакрэтнага пратакола да П.Р.—М. кіраўніцтва СССР да 1989 адмаўляла. Гл. таксама Савецка-германскія пагадненні.
Літ.:
Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии, 1939—1941. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛК,
воінская часць; арганізацыйна самастойная баявая і адм.-гасп. адзінка ва узбр. сілах шэрагу дзяржаў. Прызначаны для выканання баявых задач у складзе злучэнняў і самастойна; у залежнасці ад прыналежнасці да роду войск (сіл), спец. войск можа весці агульнавайск., паветр., марскі, проціпаветр. бой або забяспечваць баявыя дзеянні (напр., П. інж. войск, войск сувязі і інш.). У склад П. ўваходзяць органы кіравання (штаб і інш.), некалькі батальёнаў (дывізіёнаў, эскадрылляў), падраздзяленні баявога, матэрыяльнага і тэхн. забеспячэння.
З 10 ст. ў Кіеўскай Русі, пазней у інш. княствах усх. славян П. — асобны атрад, прыведзены князем на поле бою. У 13—14 ст. — баявыя парадкі дзеючай арміі падзяляліся на некалькі П. (напр., перадавы, вялікі, правай рукі, левай рукі, вартавы, засадны, разведвальны). У 14—15 ст.вял. князі ВКЛ стваралі П. для абароны паўд. рубяжоў ад качэўнікаў. У Зах. Еўропе П. існавалі з 16 ст. У 16—18 ст. на Украіне П. наз.ваен. адзінкі і тэр.-адм. акругі (ваен. фарміраванні мелі назву гарадоў і мястэчак па месцы стварэння). У канцы 18—19 ст. шэраг П. рас арміі мелі бел. найменні. Ва Узбр. Сілах СССР П. быў асн. тактычнай адзінкай і, за выключэннем асобных, уваходзіў у склад злучэння. У Вял.Айч. вайну дзейнічалі партыз. П. (гл.Партызанскі полк).
У сучасных арміях некат. краін СНД, у т. л. Беларусі на базе значнай ч. П. створаны батальёны, якія ўваходзяць у склад брыгад; у інш. дзяржавах, напр. ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, — баявыя групы і інш.