ЛУ́НДА (Lunda),

плато ў Цэнтр. Афрыцы, на тэр. Дэмакр. Рэспублікі Конга і Анголы. Складзена з палеагенавых і неагенавых пясчанікаў і пяскоў, якія гарызантальна залягаюць на дакембрыйскім крышт. фундаменце. Цэнтр. ч. — плоская, месцамі забалочаная раўніна выш. 1300—1600 м, водападзел паміж рэкамі Касаі і Замбезі. Плато ступеньчата зніжаецца на Пн, да ўпадзіны Конга і паката — на Пд, да ўпадзіны Калахары. У басейне р. Касаі багатыя радовішчы алмазаў, марганцавай руды. Клімат субэкватарыяльны, гарачы, вільготны летам. Сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі, на паўн. схіле — высакатраўныя саванны. Па далінах рэк — галерэйныя лясы.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНІНЕ́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1921—39 у Палескім ваяв. Польскай Рэспублікі. Цэнтр — г. Лунінец. У 1921 уключаў гарады Давыд-Гарадок, Столін, мястэчкі Гародна, Лахва і Кажан-Гарадок, падзяляўся на 15 гмін: Бярозаўскую, Дабраслаўскую, Заастравецкую, Кажан-Гарадоцкую, Круговіцкую, Лахвенскую, Ленінскую, Лунінскую, Пагост-Загародскую, Плотніцкую, Столінскую, Церабяжоўскую, Хатыніцкую, Хорскую, Чучавіцкую. Нас. 179 518 чал. (30.9.1921). Бярозаўская, Плотніцкая, Столінская, Церабяжоўская, Хорская гміны 6.12.1922 перададзены ў новаўтвораны Столінскі пав., Дабраслаўская і Пагост-Загародская гміны — у Пінскі пав. З 1939 павет у БССР, 15.1.1940 скасаваны, тэрыторыя падзелена на раёны.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦЭ́ВІЧ (Андрэй Піліпавіч) (10.8.1919, в. Заазер’е Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.7.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1939. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Камандзір гарматнага разліку ст. сяржант Л. вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Зах. Дзвіны на тэр. Віцебскай вобл.: 26 чэрв. яго разлік знішчыў 4 кулямёты і мінамёт праціўніка, потым на падручных сродках у ліку першых з гарматай фарсіраваў раку і агнём садзейнічаў захопу і пашырэнню плацдарма. Загінуў у баі.

А.П.Луцэвіч.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДА,

участак, на якім высякаўся лес, дрэвы спальваліся, а зямля выкарыстоўвалася пад ворыва. Ляднае земляробства вядома на тэр. Беларусі з эпохі неаліту, на Палессі з 4-га тыс. да н.э., у канцы 3-га тыс. пашырылася да Падзвіння. У бронзавым веку — асн. сістэма гаспадаркі. Лядна-агнявым земляробствам займаліся плямёны штрыхаванай керамікі культуры і днепра-дзвінскай культуры, дрыгавічы, крывічы, радзімічы і інш. слав. плямёны. Часткова выкарыстоўвалася да 19 ст. Ад Л. паходзяць назвы некаторых населеных пунктаў.

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖЭ́ЙКА (Павел Віктаравіч) (28.12.1911, в. Сапажкі Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 19.1.1987),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў (1933), Арэнбургскую школу лётчыкаў і лётчыкаў-назіральнікаў (1935). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Варонежскім, 1-м і 4-м Укр. франтах: ваенком авіяэскадрыллі, палка, камандзір авіяэскадрыллі, нам. камандзіра палка. Маёр М. вызначыўся ў баях за Карпаты на тэр. Венгрыі, Чэхаславакіі: зрабіў 112 вылетаў на штурмоўку жывой сілы і тэхнікі ворага. Да 1950 у Сав. Арміі.

П.В.Мажэйка.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ ХІНГА́Н,

горы на Д. Усходзе. Размешчаны пераважна на ПнУ Кітая, іх паўн.-ўсх. край на тэр. Хабараўскага краю і Амурскай вобл. Расіі ад асн. ч. аддзелены скразной цяснінай р. Амур. Даўж. каля 500 км, выш. да 1150 м (г. Дуймяньшань). Складзены з гнейсаў, гранітаў, крышт. сланцаў, базальтаў. Радовішчы вугалю, графіту, золата, волава, жал. руд. Плоскія вяршыні, спадзістыя схілы, каменныя россыпы. Каля зах. падножжа — група вулканаў Удалянчы. На схілах — горныя лясы: на Пд — шыракалістыя, на Пн — ялова-бярозавая і лістоўнічная тайга. Хінганскі запаведнік (Расія), рэзерват Фынлінь (Кітай).

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛІЯ ЗНЕ́ШНЯЯ, Халха,

паўночная частка гіст. Манголіі, названа так маньчжурамі ў адрозненне ад Манголіі Унутранай. Заваявана маньчжурамі ў канцы 17 ст., з 2-й пал. 18 ст. асобная адм. адзінка ў імперыі Цын. З 1911 аўт. дзярж. ўтварэнне на чале з кіраўніком будысцкай ламаісцкай царквы — богда-гэгэнам. У 1919 кіт. мілітарысты пазбавілі М.З. аўтаноміі, але ў лют. 1921 атрады рас. ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга занялі яе сталіцу — г. Урга і аднавілі ўладу богда-гэгэна. Пасля перамогі Мангольскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1921 на тэр. М.З. створана Манг. Нар. Рэспубліка.

т. 10, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЧА́НСКІ (Дзмітрый Сцяпанавіч) (26.10.1901, в. Рагатка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 23.6.1979),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху на тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1934), Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1946). З 1924 на сав., парт. і журналісцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну з 1942 у ЦШПР, з 2.4.1943 сакратар Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б, адзін з кіраўнікоў Магілёўскага партыз. злучэння. Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЮШО́Ў (Аляксей Дзмітрыевіч) (21.3.1916, в. Аўсішча Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 19.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Харкаўскае ваен. вучылішча пагранічных войск (1940). У Чырв. Арміі з 1937. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нач. штаба палка маёр М. вызначыўся ў баях на тэр. Смаленшчыны. У вер. 1943 на чале ўзвода аўтаматчыкаў і 2 узводаў 45-мм гармат прарваўся ў тыл праціўніка, завязаў бой, у выніку якога былі захоплены 4 мінамёты, 27 кулямётаў, 40 вінтовак, 18 аўтамашын і 3 рацыі. М. загінуў у баі.

А.​Дз.Мацюшоў.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЕЛІК II, Мынілік (уласнае Сахле-Мар’ям; 17.8.1844, г. Анкабэр, Эфіопія — 12.12.1913),

імператар Эфіопіі [1889—1909]. Сын негуса (правіцеля) вобл. Шоа. З 1865 негус Шоа. Пасля гібелі імператара Іаханыса IV [1872—89] абвясціў сябе імператарам Эфіопіі. 1.3.1896 разбіў італьян. войскі пры Адуа, дамогся прызнання еўрап. дзяржавамі незалежнасці Эфіопіі. Пашырыў тэр. краіны да яе сучасных межаў. Ажыццяўляў палітыку цэнтралізацыі Эфіопіі, задушыў рэгіянальны сепаратызм, правёў шэраг адм. рэформ, садзейнічаў буд-ву дарог, развіццю гандлю, пры ім было створана рэгулярнае войска і ўведзена нац, валюта.

Літ.:

Булатович А.К. С войсками Менелика II. М., 1971.

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)