АСТРЭ́ЙКА Сяргей Адамавіч
(9.7.1912, в. Каласоўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл., паводле інш. звестак мяст. Усць-Дзвінск каля Рыгі — 14.9.1937),
бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. тэхнікум (1930). Працаваў літ. рэдактарам у Бел. НДІ прамысловасці, з 1932 у Камісіі па складанні слоўнікаў Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1933 арыштаваны і высланы ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Там у 1937 арыштаваны зноў і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1928. Рамантычная паэма «Смарагды кроз» (апубл. 1990) — роздум пра шляхі развіцця роднага краю.
Тв.:
[Вершы] // Полымя. 1965. № 8;
у кн.: Дзень паэзіі. Мн., 1965;
Шляхам гадоў. Мн., 1990.
т. 2, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
т. 2, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́
(Bali),
востраў у Малайскім архіпелагу, самы заходні з Малых Зондскіх а-воў, тэр. Інданезіі. Абмываецца на Пн морам Балі і на Пд Індыйскім ак. Пл. 5,6 тыс. км². Рэльеф гарысты, выш. да 3142 м (вулкан Агунг). Берагі стромкія, парэзаны слаба. Клімат субэкватарыяльны. Схілы гор пад трапічнымі лясамі (пальмы, цікавае дрэва). На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць рыс, каву, какаву. Асн. гарады: Дэнпасар, Сінгараджа. Стараж. цэнтр інданезійскай і індуісцкай культуры («востраў тысячы храмаў», арх. помнікі «Каралеўскія магілы», 11 ст., і «Слановая пячора», каля 13 ст.), нар. мастацтва (разьба па дрэве і косці, маскі, дэкар. тканіны і інш.) і турызму.
т. 2, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯВЫ́ Леанід Сяргеевіч
(н. 17.12.1928, Кіеў),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Ташкенцкі ін-т тэатр. мастацтва (1950), Школу-студыю МХАТ (1955). На сцэне з 1950. З 1961 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, з 1988 у т-ры «Ленком». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Блахін («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Сярпілін («Салдатамі не нараджаюцца» паводле К.Сіманава). З 1965 здымаецца ў кіна- і тэлефільмах: «Семнаццаць імгненняў вясны» (Дзярж. прэмія Расіі імя бр. Васільевых, 1976), «Выконваючы абавязкі», «Узброены і вельмі небяспечны», «Той самы Мюнхаўзен», «Пакроўскія вароты», «Нябёсы запаветныя» і інш.
т. 3, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎЭР (Bauer) Бруна
(6.9.1809, г. Айзенберг, Германія — 15.4.1882),
нямецкі філосаф. Прыват-дацэнт Берлінскага і Бонскага ун-таў. Напачатку артадаксальны гегельянец, потым далучыўся да левых, з 1839 — да младагегельянцаў, у канцы жыцця кансерватар і прыхільнік О.Бісмарка. Асн. працы: «Крытыка Евангелля ад Іаана» (1840), «Крытыка сінаптычных евангелляў» (т. 1—3, 1841—42), «Вучэнне Гегеля пра рэлігію і мастацтва» (1842). Адмаўляючы гегелеўскую абсалютную ідэю, абвясціў абсалютнай самасвядомасць; лічыў рухальнай сілай гісторыі разумовую дзейнасць «мыслячых асоб», якія змяняюць свядомасць людзей. Адмаўленнем боскасці Ісуса Хрыста і гіст. Дакладнасці евангелляў Баўэр пракладваў шлях прыхільнікам міфалагічнай школы. З пазіцый ням. нацыяналізму ідэалізаваў прускую манархію.
М.В.Пешкаў.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́БУТАЎ Валерый Міхайлавіч
(18.12.1885, г. Валгаград — 1.11.1961),
рускі рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1934), засл. дз. маст. Татарстана (1945). Творчую дзейнасць пачаў у МХТ (1912). Удзельнічаў (з У.Меерхольдам) у стварэнні Т-ра РСФСР 1-га (1920). З 1924 узначальваў Т-р муз. буфанады (пазней Т-р муз. камедыі). Яго мастацтва было адметнае высокай рэжысёрскай культурай, пошукамі новых выразных сродкаў. Пастаноўкі ў розных тэатрах: «Смерць Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна 91924), «Карневільскія званы» Р.Планкета (1925), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1935), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1940), «Гамлет» У.Шэкспіра (1946 і 1955 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, адзін з лепшых шэкспіраўскіх спектакляў на Беларусі).
т. 2, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
неафіцыйны легальны орган КПЗБ. Выходзіла з 8.6.1933 да 30.1.1934 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала аб уціску працоўных Зах. Беларусі, крытыкавала сац. і нац. палітыку польск. улад, вяла палеміку з БХД і інш. партыямі клерыкальна-нац. кірунку, прапагандавала ідэю аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. З пазіцый сац. рэалізму і марксісцкай тэорыі народнасці і партыйнасці мастацтва асвятляла літ. працэс у Зах. Беларусі. Змяшчала літ. старонкі. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 17 нумароў. Забаронена ўладамі. Найб. актыўныя супрацоўнікі «Беларускай газеты» В.Таўлай, Я.Міско, А.Дубровіч і інш. арыштаваны і пасля 2-гадовага следства зняволены на працяглы тэрмін.
С.В.Говін.
т. 2, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МТМАН-БРЫ́ЕДЫТ (Amtmanis-Brieditis, сапр. Амтманіс) Альфрэд Фрыцавіч (5.8.1885, сядзіба Званітаю Букас, Латвія — 15.5.1966), латышскі акцёр, рэжысёр, педагог; адзін з буйнейшых майстроў рэаліст. акцёрскага мастацтва Латвіі. Нар. арт. СССР (1953). Праф. (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1903. З 1919 у Латв. т-ры драмы імя А.Упіта, з 1944 маст. кіраўнік, з 1949 гал. рэжысёр. Сярод роляў: Улдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Атвасар («Гліна і фарфор» А.Грыгуліса, Дзярж. прэмія СССР 1948). Яго пастаноўкі вызначаліся яркасцю карцін нар. побыту, эмацыянальна насычанымі характарамі: «Сын рыбака» В.Лаціса (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Зямля зялёная» Упіта (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш.
т. 1, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАШЫ́ДЗЕ Іраклій Вісарыёнавіч
(23.11.1909, г. Хоні, Грузія — 13.1. 1992),
грузінскі паэт. Акад. АН Грузіі (1960). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Тбіліскі ун-т (1931). У 1966—92 гал. рэдактар Груз. Энцыклапедыі. Асн. тэмы творчасці — Грузія ў мінулым і сучасным, лёс мастацтва, грамадзянскі абавязак паэта. Аўтар зб-каў паэзіі «Набліжэнне» (1966), «І гэтыя песні — маёй Грузіі» (1971), «Радзіма» (1973), «Вятры ў даліне Рыёні» (1979), цыклаў вершаў «Па слядах Руставелі» (1959), «Палесціна, Палесціна» (прэмія імя Ш.Руставелі 1966), літ.-крыт. артыкулаў (зб. «За высокае майстэрства», 1959). За цыкл «У палымянай Індыі» і кн. «Па дарогах Індыі» Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1972.
т. 1, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕ́РЦІ (Ghiberti) Ларэнца
(каля 1378, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1455),
італьянскі скульптар і ювелір эпохі Ранняга Адраджэння. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. На пач. творчасці захоўваў гатычную арнаментальнасць і ювелірную тонкасць трактоўкі формаў. Пад уплывам Данатэла, Ф.Брунелескі і інш. стварыў рэльефы на купелі баптыстэрыя ў Сіене (1417—27), усх. (т.зв. Райскіх) дзвярэй фларэнційскага баптыстэрыя з шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія сюжэты (1425—52). Віртуознае валоданне матэрыялам, выкарыстанне найтанчэйшых градацый рэльефу надаюць яго творам мяккую жывапіснасць, прасторавую глыбіню, вытанчанасць лінейных рытмаў. Аўтар трактата «Каментарыі» (1447—55; пра італьян. мастацтва).
Літ.:
Ghiberti e la sua arte nella Firenze... Firenze, 1979.
т. 5, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)