няпарнакапытныя траваедныя жывёлы сям.коневых. Выведзены шляхам працяглай селекцыі ад дзікіх коней, пашыраных у Азіі і Афрыцы (у Еўропе вынішчаны). Прыручэнне пачалося ў 3-м тыс. да н. э. ў стэпах паміж р. Дон і Дняпро, у Паўд. Сібіры, Сярэдняй Азіі і інш. Існуе больш за 200 парод. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюцца тыпам, экстэр’ерам, працаздольнасцю. Добра прыстасаваныя да бегу, маюць вял. сілу цягі, непераборлівыя, вынослівыя, даўгавечныя, з высокай малочнай і мясной прадукцыйнасцю. Лёгка паддаюцца дрэсіроўцы. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы на палявых і трансп. работах, у спорце; ад іх атрымліваюць розную прадукцыю (кумыс, мяса, лек. сывараткі, вакцыны, вырабы са скуры і інш.). На Беларусі найб. пашырана пародная група беларускіх запражных коней. Гадуюць таксама арабскую пароду верхавых коней, арлоўскую рысістую пароду, латвійскіх запражных коней, рускую рысістую пароду, рускую цяжкавозную пароду, тракененскую пароду, чыстакроўную верхавую пароду.
У залежнасці ад пароды выш. ў карку ад 50 да 185 см, маса ад 60 да 1500 кг. У жарабцоў 40 зубоў (12 разцоў, 4 іклы, 24 карэнныя), у кабыл іклаў няма. Валасяное покрыва кароткае (1—4 см). Жывуць каля 25 гадоў (зрэдку 40 і болей). Гл. таксама Конегадоўля, Конны завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МІНГІ,
млекакормячыя жывёлы падсям. палёвак, сям. хамяковых атр. грызуноў. 4 роды: Л. лясныя (Myopus); балотныя, ці мышападобныя (Synaptomys); сапраўдныя (Lemmus) і капытныя (Dicrostonyx); каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Найчасцей сустракаюцца Л. капытны (D. torquatus); сібірскі, ці обскі (L. sibiricus), і нарвежскі (L. lemmus). Жывуць у лясах і тундрах. На Беларусі вядомы з геал. адкладаў ранняга плейстацэну (Л. сібірскі і 3 падвіды Л. капытнага). Іх рэшткі выяўлены ў Аршанскім, Баранавіцкім, Віцебскім, Гродзенскім, Дубровенскім, Лёзненскім р-нах. Маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.
Даўж. цела да 16, хваста да 2,7 см, маса да 75 г. Афарбоўка аднатонная шэра-карычневая або стракатая; зімой больш светлая або белая. У Л. капытнага кіпцюры на пярэдніх лапах бліжэй да зімы разрастаюцца («капыты»). Кісці і ступні шырокія, падэшвы пакрыты шэрсцю. Актыўныя ўвесь год. Расліннаедныя, часам паядаюць дробных беспазваночных. Нараджаюць 1—9 (звычайна 4—6) дзіцянят 2—4 разы за лета. У тундры размнажаюцца прыкладна з 4-гадовай перыядычнасцю ў вял. колькасці (да 300 асобін на 1 га), робяць далёкія міграцыі. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу вірусных захворванняў. Л. — асн. корм пясца, колькасць якога залежыць ад колькасці Л.
П.Ф.Каліноўскі.
Лемінгі: 1 — сібірскі; 2 — нарвежскі; 3 — капытны (а — зімой, б — летам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́КСВЕЛА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
статыстычная заканамернасць, якая вызначае размеркаванне па скарасцях (або імпульсах) малекул сістэмы, што знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры ўмове, што паступальны рух малекул падпарадкоўваецца законам класічнай механікі). Выведзена Дж.К.Максвелам (1859) для аднаатамных газаў і пашырана на мнагаатамныя газы рас. вучоным М.М.Піраговым (1885).
М.р. па модулях скорасці малекул ідэальнага газу вызначаецца формулай
, дзе dn — сярэдняя колькасць малекул у адзінцы аб’ёму сістэмы, якія маюць модулі скорасці ў інтэрвале ад v да v+dv, n — поўная колькасць малекул у адзінцы аб’ёму сістэмы, m — маса адной малекулы, T — абс.т-ра, k = 1,38∙10−23Дж/К — пастаянная Больцмана. Паводле М.р. вызначаюцца сярэдняя арыфметычная
, сярэдняя квадратычная
і найб. імаверная
скорасці малекул газу. М.р. атрымала эксперым. пацвярджэнне ў доследах з малекулярнымі пучкамі, з’яўляецца асновай класічнай статыстыкі (гл.Больцмана статыстыка). З дапамогай М.р. пабудаваны тэорыі вязкасці, цеплаправоднасці, электраправоднасці і інш. малекулярна-кінетычных з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́ГІ (Petromyzones),
падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел.мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСАРО́ГІ, насарогавыя (Rhinocerotidae),
сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. Вядомы з эацэну (каля 45 млн. гадоў назад). 4 роды, 5 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць у трапічных лясах, саваннах, прыбярэжных зарасніках, на балотах. Трымаюцца паасобна, парамі або невял. групамі. Найб. буйны від — афрыканскі белы Н. (Ceratotherium simum, або Diceros simum). На Беларусі знойдзены рэшткі выкапнёвых відаў: Н. валасатага — Coelodonta antiquitatis (больш чым у 30 месцах) і Н. этрускага — Dicerorihinus etruscus (каля г. Смаргонь), якія жылі ў познім пліяцэне і плейстацэне (каля 2 млн. — 50 тыс. гадоў назад). Усе віды Н. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 5 т. Скура тоўстая, цёмна-шэрая, амаль без валасоў. Тулава масіўнае, ногі кароткія, трохпальцыя. На канцах пальцаў капыты, з якіх сярэдні самы вялікі. Шыя кароткая, вочы маленькія. На лбе і пераноссі рогі (1 ці 2, у Н. чорнага — часам да 5), размешчаныя адзін за адным; іх аснову складае патоўшчаная, арагавелая скура. Даўж. пярэдняга рога дасягае 1,58 м. Нюх і слых развітыя, зрок слабы. Расліннаедныя. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці раз у 2—3 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СТГО́ТЫ, астраготы, грэйтунгі,
германскае племя, усх. галіна готаў. У 3 ст. насялялі Паўн. Прычарнамор’е і часткова Крым. У 375 племянны саюз О. разгромлены і падпарадкаваны гунамі. Асн.маса О. перасялілася ў Панонію. У сярэдзіне 5 ст. яны вызваліліся з-пад улады гунаў і ў 493 заснавалі ўласнае каралеўства ў Італіі са сталіцай у Равене. Сутыкнуўшыся з рым. цывілізацыяй, О. ўспрынялі значную частку яе дзярж.-прававых і сац. ін-таў. У выніку пачаўся працэс збліжэння рым. і остгоцкай знаці, якому спрыяла палітыка караля О.Тэадорыха [493—526], Пасля смерці Тэадорыха трон заняла яго дачка Амаласунта [526—534], забойства якой антырым. апазіцыяй стала падставай для Візантыйскай імперыі ў 535 пачаць з О. вайну. У 540 візант. палкаводзец Велісарый заняў Равену і захапіў у палон караля Віцігіса [536—540]. Кароль Тоціла [541—552] працягваў вайну з пераменным поспехам да 552, але быў разбіты візант. палкаводцам Нарсесам. Да 555 супраціўленне спынілі апошнія гарнізоны О. Каралеўства О. было падпарадкавана Візантыйскай імперыі і спыніла існаванне.
Літ.:
Буданова В.П. К вопросу о формировании вестготов и остготов (по данным письменных источников) // Взаимосвязь социальных отношений и идеологии в средневековой Европе. М., 1983;
Яе ж. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСА́ДСКАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА» сукупнасць землеўпарадкавальных, сац.-эканам. мерапрыемстваў урада Рас. дзяржавы ў гарадах з канца 15 да сярэдзіны 17 ст. Было накіравана супраць прыватнай феад. зямельнай уласнасці на пасадах і закладніцтвагандл.-рамеснага насельніцтва, на павелічэнне колькасці падаткаплацельшчыкаў шляхам вяртання ў дзярж.цягло вызваленых ад яго жыхароў прыватнаўласніцкіх, т.зв. «белых» слабод. Шэраг захадаў па «П.б.» зрабілі Іван III, Васіль III, Іван IV, Барыс Гадуноў, Міхаіл Фёдаравіч, канчаткова яго прынцыпы сфармуляваны пры Аляксею Міхайлавічу ў Саборным улажэнні 1649: усе прыватныя ўладанні на пасадах падлягалі бязвыплатнай канфіскацыі; да пасадаў прыпісваліся навакольныя землі для выпасу жывёлы і агародаў; усе «закладнікі» вярталіся ў пасадскую абшчыну, да якой далучаліся і жыхары канфіскаваных феад. уладанняў; занятак гандл.-рамесніцкай дзейнасцю абвяшчаўся манаполіяй пасадскіх людзей (як выключэнне гэты занятак дазваляўся таксама стральцамі частцы «служылых» казакоў); выхад з пасадскай абшчыны і пераходы з пасада ў пасад забараняліся. У 1649—52 да пасадаў далучана больш за 10 тыс. новых цяглых двароў. У выніку рэформы 1649 асн.маса гараджан апынулася ў складзе гандл.-рамеснага саслоўя асабіста свабодных, але па-прыгонніцку прымацаваных да месца жыхарства пасадскіх людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТО́НІЙ (лац. Plutonium),
Pu, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 94, адносіцца да актыноідаў. Вядома 15 ізатопаў з масавымі лікамі 232—246; найб. устойлівы 244 Pu (перыяд паўраспаду T1/2 7,5∙107 гадоў). У прыродзе трапляецца ў мізэрнай колькасці ва уранавых рудах 239Pu (T1/2 2,41∙104 гадоў, α-выпраменьвальнік). Адкрыты ў 1940 Г.Т.Сібаргам з супрацоўнікамі; назва ад планеты Плутон.
Крохкі серабрыста-белы метал, tпл 640 °C, tкіп 3352 °C. Існуе ў 6 крышт. мадыфікацыях; ніжэй за 112 °C стабільная манаклінная α-фаза, шчыльн. 19860 кг/м³. Хімічна найб. актыўны з актыноідаў. Кампактны П. у паветры павольна акісляецца. Узаемадзейнічае з вадой, раствараецца ў салянай, артафосфарнай і хлорнай к-тах. Узаемадзейнічае пры награванні з галагенамі, вадародам, азотам, серай і інш. неметаламі; з многімі металамі ўтварае інтэрметаліды. Выкарыстоўваюць 239Pu як паліва ў ядз. энергетыцы, пры вырабе ядз. зброі (крытычная масаметал. П. 5,6 кг), як сыравіну для вытв-сці трансплутоніевых элементаў; 238Pu — для вырабу малагабарытных ядз. крыніц эл. току з працяглым тэрмінам службы. Высокатаксічны. ГДК у паветры рабочых памяшканняў для 239Pu 3,3∙10−5Бк/л.
падклас бруханогіх малюскаў. Вядомы з ранняга кембрыю (каля 560 млн.г. назад). Паводле розных класіфікацый, ад 2 да 24 атр., каля 500 сям., больш за 50 тыс. відаў. Жывуць у морах, прэсных водах і на сушы. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. На Беларусі 14 відаў, найб. трапляюцца бітыніі, жывародкі, вальваты.
Памеры ад 1 мм да 1 м, маса ад доляў міліграма да некалькіх кілаграмаў. Цела асім., звычайна ўкрыта ракавінай спіральнай. сподачкападобнай і інш. формы; складаецца з галавы, вантробнага мяшка з мантыяй і «нагі». Дыхае шчэлепамі, якія размешчаны перад сэрцам (адсюль назва). Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. вузлоў і перакрыжаваных нерв. ствалоў. Ёсць органы стрававання, зроку, раўнавагі, дотыку, хім. пачуцця. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Развіццё з ператварэннем або прамое. Водныя П.м. — корм для рыб і птушак. Некат. віды (літарыны, рапаны, марскія вушкі, трубачы і інш.) — аб’екты промыслу і марыкультуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
корм, ‑у; мн. кармы, ‑оў; м.
Ежа жывёлы. Волька рабіла ўсё ціха, нячутна: перастаўляла чыгункі, вёдры, рыхтавала корм парасяці, карове.Васілевіч.//звычайнамн. Розныя віды прадуктаў, якія ідуць у ежу жывёле. Сіласаванне кармоў.
•••
Грубыя кармы — раслінныя кармы (сена, салома, мякіна і пад.) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў.
Зялёны корм — зялёная маса кармавых раслін, каштоўны корм для ўсіх сельскагаспадарчых жывёл.
Падножны корм — раслінны корм, які з’ядаецца жывёлай на корані. Каб знайсці падножны корм, козы і авечкі робяць вялікія пераходы і па нізіне, і па гарах.В. Вольскі.
Сухія кармы — кармы, прыгатаваныя ў выглядзе канцэнтратаў.
На падножны корм (ісці, адпраўляцца і пад.) — пачынаць жыць на сродкі, здабытыя дзе прыйдзецца і як папала. — Схуднееш, калі паходзіш, як я, ды пахарчуешся на падножным корме.Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)