Сечаво́ ‘крэсіва’ (рас., Шатал.; сен., лёзн., рас., ЛА, 4), січаво́ ‘кусок жалеза для высякання агню’ (Касп.), ст.-бел. сечиво ‘сякера’ (Бел.-рус. ізал.); параўн. балг. сечи́во, сечиво́, серб.-харв. сје̏чи̑во ‘молат’, сюды ж ст.-рус., ц.-слав. сѣчиво. Трубачоў (Ремесл. терм., 151) узнаўляе праславянскае *šečivo ‘тое, чым сякуць, сякера’ ад асновы *sěk‑ (гл. сячы) з суф. ‑ivo. Беларускае слова, відаць, не працяг праславянскага стану, а самастойнае ўтварэнне ад сячы з суф. ‑ыва па тыпу крэсіва (гл.) з пераносам націску на канчатак і ўзнаўленнем этымалагічнага о. Аб суф. гл. яшчэ Сцяцко, Афікс. наз., 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́мень ‘мядзянка, вераценніца’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Ян.), ‘земнаводнае Angulis fragulis L.’ (Янк. 3., Пятк. 2, Жыв. св., Сл. ПЗБ), сліме́нь ‘тс’ (Сцяшк.), ‘тоўсты, тлусты, сыты (чалавек)’ (Ян., Юрч.), слі́мень ‘смоўж (ТС, Мат. Гом.), сляме́нь ‘невялікая змяя, Anguis fragilis L.’ (Касп.). Параўн. каш. slëḿėń ‘земнаводнае Anguis fragilis L.’, ‘слімак’ (беспадстаўна трактуецца ў SEK, 4, 311 як “выключна кашубскае”), балг. радоп. cе́лʼменʼ, со́лʼменʼ ‘слімак’. Прасл. *slimenь утворана пры дапамозе суф. ‑en‑ ад асновы *slim‑ ‘слізкі’ па тыпу *golenь ад *golъ, параўн. слімак, слім (гл.). Першаснае значэнне, відаць, ‘слімак, слізень’, перанесенае на мядзянку ці вераценніцу па матывах табу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сціха́ць ’супакойвацца, сунімацца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ), сці́хнуць ’перастаць, суняцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), сці́хці ’тс’ (Стан.), сюды ж з іншым варыянтам асновы сціша́ць ’супакоіцца’, сцішэ́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ), сціша́ць ’змяншаць, сунімаць’ (ТС), прыслоўе (дзеепрыслоўе?) сці́ха ’ціха (у песнях)’: це́пла рэ́чка невелі́чка, це́кла вона́ сці́ха (ПСл), ’ціхенька, паціху’ (Нас., Бяльк.), сці́ха ’тс’ (Барад.; ашм., Стан.), якія звычайна разглядаюцца як утвораныя ад прыметнікаў ці назоўнікаў у Р. скл. з прыст. с‑, гл. Карскі 2–3, 75; Шуба, Прыслоўе, 126 і наст. Гл. ціхі, ціш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапні́к 1 ‘рэшта палатнянай асновы’ (Мат. Гом.), ‘ручнік з доўгімі махрамі’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘скарач — канцы кроснаў, у якія ўвязвалі посуд з ядой’ (лун., ЛА, 5), трапнічо́к ‘тс’ (ст.-дар., ЛА, 5), ‘ануча’ (Сцяшк. Сл.). Адыменнае ўтварэнне ад трапкі (гл.) аналагічна да страпнік (гл.); суф. ‑нік, тут, мажліва, пад уплывам ручні́к ‘тс’, параўн. з іншай суфіксацыяй трапкач (гл.).

Трапні́к 2 ‘драсён птушыны, Polygonum aviculare L.’ (івац., ЛА, 1). Параўн. укр. тро́пник ‘сачавічнік вясенні, Orobus vernus’. Да трапа́ (гл.), іншыя назвы гэтай расліны: падарожнік, прыдарожнік, дарожнік, чэш. ucestka (u‑ ‘каля’, cesta ‘дарога’), ням. Weggras ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушкава́ць 1 ‘тушыць мяса, гародніну, бабку на малым агні ў закрытым посудзе’ (Растарг., Рэг. сл. Віц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), тушкова́ць ‘тс’ (ТС). Укр. тушкува́ти ‘тс’. Генетычна звязана з прасл. *tušiti ‘гасіць’ (Праабражэнскі, 2, 23; Скок, 3, 528; ЕСУМ, 5, 689) і ўтварылася шляхам далучэння да асновы памяншальнага суфікса ‑ка і *‑ov‑a‑ti. Сюды ж тушко́ваны ‘тушаны’ (ТС, Растарг.).

Тушкава́ць 2 ‘ухутваць (дзіцё, старога)’ (Растарг.). Укр. тушкува́ти ‘хутаць, захінаць’, зату́шкати ‘закрыць’, якое, паводле ЕСУМ (5, 689), звязана з туши́ти ‘гасіць’. Дакладней, відаць, ‘закрываць, захінаць’, пераноснае да тушы́ць 2, гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Піск ’тонкі, высокі гук’ (ТСБМ, Яруш.), піскатня́ ’працяглы многагалосы піск’, піскнуць, піснуць — аднакратнае ад пішча́ць (ТСБМ), пі́скыць ’пішчаць раз-пораз’ (Юрч. СНЛ), піскаце́ць ’пішчаць’ (гродз., З нар. сл.), ’вішчаць (пра свіней)’ (гродз., ЛА, 1), ’шчабятаць (пра ластаўку)’ (Скарбы), піска́ты ’пісклявы’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. пи́скати, писк, рус. писк ’тс’, ц.-слав. пискати; польск. piskać ’пішчаць’, ’шыпець’, в.-луж. piskać ’пішчаць, вішчаць’, ’скрыпець’, ’свісцець’, ’іграць на музычным інструменце (дудцы)’, чэш. pískati ’свісцець’, ’дудзець (на дудзе)’, славац. pískať ’тс’, pisk, piskot ’піск’, славен. písk ’свіст’, pískati ’свісцець’, серб.-харв. пи̏ска ’піск, віскат’, пи̏скав ’пісклявы, рэзкі’, ’свісцячы гук’, макед. пискот ’піск. віскат’, писка ’пішчаць’, ’свісцець’, ’шыпець’, балг. пискам ’пішчаць’, ’плакаць’, ’шчыкаць, цвыркаць’, ст.-слав. пискати ’іграць на жалейцы’. Прасл. *piskъ, *piskati, утвораныя ад гукапераймальнай асновы *pi‑, параўн. літ. pyškė́ti ’ляскаць (пугай), ’трашчаць (аб лёдзе), лат. pį̃kstet ’пішчаць’, лац. pipāre, pipiāre, pīpilāre ’пішчаць’, ст.-грэч. πίπος ’птушанё’, πιππίξω ’пішчу’, ст.-інд. picchōrā, picchōlā ’дудка, флейта’, ісл. píska ’шаптаць, шалясцець’ (Праабражэнскі, 2, 62; Фасмер, 3, 271; Бязлай, 3, 41; Брукнер, 415 ). Махэк₂ (451) дапускае далучэнне ‑sk-інтэнсіва да асновы *pi‑ (> *pi‑sk‑ati), першасным значэннем якой было ’свісцець’, як і ў ням. pfeifen. Суф. ‑sk‑, як у трэск, плеск, нырск, ляск(ат) і інш. Сюды ж піску́лька ’вадаплаўная птушка атрада гусепадобных’ (ТСБМ), пі́кот ’цісканне (пра ўюноў у лавушцы)’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРАЗІ́ЛЬСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Бразільскае нагор’е,

на У Паўд. Амерыкі, паміж Амазонскай, Лаплацкай нізінамі і Атлантычным ак., пераважна ў Бразіліі, паўд. ўскраіна — ва Уругваі, паўд.-зах. — у Парагваі і Аргенціне. Пл. каля 5 млн. км². Пераважаюць выш. 500—1000 м над узр. м. Значна прыўзнята на У і ПдУ над узбярэжжам Атлантычнага ак. (г. Бандэйра, 2890 м), дзе ўтварае складана-расчлянёную горную краіну з шэрагам хрыбтоў: Сера-ду-Мар, Сера-да-Мантыкейра і інш. На Пн і З паката нахілена да суседніх нізін.

Уяўляе сабой выступы крышт. асновы Паўд.-Амер. платформы (Бразільскі шчыт), складзеныя з гнейсаў, гранітаў і крышт. сланцаў, якія на У месцамі выходзяць на паверхню, а на астатняй тэр. ўкрыты адкладамі палеазою і мезазою. Радовішчы поліметалаў, золата, жал. і марганцавых рудаў, баксітаў, рэдкіх металаў, алмазаў і інш. У рэльефе — прыўзнятыя раўніны і плато выш. 250—300 м на Пн і 800—900 м у цэнтры, над якімі ўзвышаюцца глыбавыя масівы і сталовыя, пераважна пясчанікавыя, узвышшы. Месцамі ў прагінах і ўпадзінах платформы — раўнінныя ўчасткі, у сярэднім цячэнні р. Парана — лававае плато. Клімат пераважна трапічны з вільготным (летам) і сухім (зімой) перыядамі. Сярэдняя т-ра студз. зменьваецца з ПдЗ на ПнУ ад 22 да 29 °C, ліп. — ад 12 да 25 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на ПнУ да 1400—2000 мм у цэнтры і на У. Рэкі належаць пераважна да бас. Амазонкі, Параны, Сан-Франсіску, мнагаводныя, шмат парогаў і вадаспадаў. На ПнЗ вільготныя вечназялёныя і лістападныя лясы, у цэнтры — хмызняковая саванна (кампас серадас), на ПнУ — засухаўстойлівае рэдкалессе (каатынга), на У — вільготныя трапічныя вечназялёныя і летнезялёныя лясы, на Пд — хвойныя араўкарыевыя і мяшаныя лясы, хмызняковая саванна (кампас лімпас).

т. 3, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ДАЎ (Мікалай Ільіч) (21.12.1890, С.-Пецярбург — 4.12.1972),

бел. кампазітар і педагог. Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыў С.-Пецярбургскую кансерваторыю экстэрнам (1910). Працаваў ва Усх. кансерваторыі (Казань), у Дзярж. ін-це муз. навукі (Масква). Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 у Мінску. Адзін з арганізатараў і выкладчыкаў Бел. муз. тэхнікума і кансерваторыі (з 1946 праф., у 1944—48 дырэктар), удзельнічаў у стварэнні бел. кампазітарскай арганізацыі (1932). Рэдактар многіх муз. выданняў (у т. л. твораў М.​Чуркіна, Р.​Пукста), збіральнік і даследчык бел., марыйскага, чувашскага, якуцкага фальклору, аўтар апрацовак нар. песень. Творчасць адметная праграмнасцю, сімфанічнасцю мыслення, шырокім выкарыстаннем сродкаў поліфаніі, нац. характэрнасцю музыкі. Сваімі творамі 1920—30-х г. залажыў асновы такіх жанраў бел. прафес. музыкі, як кантата («10 год», 1927), вак.-сімф. паэма («Над ракою Арэсай» на вершы Я.​Купалы, 1933), камерна-інстр. ансамбль (фп. квінтэт, 1925). Своеасаблівасцю жанравага вырашэння вылучаецца опера «Тарас на Парнасе»—«муз.-драм. жарт» (па матывах бел. ананімных паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» і паэмы В.​Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», 1927). Стварыў першыя ў бел. музыцы ўзоры драм. (2-я, 1930) і лірыка-псіхалагічнай (4-я і 5-я, 1954—56) сімфоніі.

Інш. тв.: опера «Андрэй Касценя» (1947, паст. 1970); кантата «Сорак год» (1956); 10 сімфоній (1921—71), сімфаньета (1936), сімф. паэма «З дзённіка партызана» і сімфонія-балада «У суровыя дні» (1942), 4 сюіты-фантазіі для сімф. арк., канцэртныя фантазіі для скрыпкі і флейты з арк.; камерныя ансамблі; санаты; зб. рамансаў на вершы А.​Кальцова, Я.​Купалы, М.​Багдановіча, М.​Танка, Н.​Гілевіча і інш.; хары, песні.

Літ.:

Кулешова Г.Г. Н.​И.​Аладов. Л., 1970;

Аладава Р.М. М.​І.​Аладаў // Бел. музыка. Мн., 1977. Вып. 2.

С.​Г.​Нісневіч.

М.І.Аладаў.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́С, настольнік, настольніца,

тканы, вязаны або плецены выраб для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (накрывалі стол на святы, уваходзіў у пасаг маладой). Выконваў важную ролю і ў дэкар. афармленні інтэр’ера вясковай хаты. Абрус (даўж. 1,5—2 м, шыр. 1—1,5 м) звычайна складаўся з 1 ці 2 сшытых полак ільняной даматканіны. Упрыгожваўся вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам карункаў, пазней карункавай прошвай, вязанай кручком. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя абрусы з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. У 1930—40-я г. былі пашыраны вышываныя абрусы па плеценай, вязанай або тканай сетцы. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вылучаюцца тонкія льняныя абрусы Віцебшчыны (паўажурныя, з празрыстым вытанчаным малюнкам і сеткавыя, вышытыя раслінным буйнарапортным паліхромным арнаментам). Абрусы Магілёўшчыны з простымі ўзорамі, сціплай каларыстычнай гамаю. Багацце арнаментальных формаў, разнастайнасць сродкаў аздаблення ў абрусах Гомельшчыны. На Тураўшчыне абрусы аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона-чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для неглюбскіх, калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх абрусаў. У Зах. Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія абрусы, тканыя з высакаякаснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія абрусы, дэкарыраваныя ляхавіцкія абрусы, уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Белае поле мотальскіх абрусаў падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дадаткам некалькіх радоў раслінна-геаметрызаванага арнаменту. Тканыя абрусы Панямоння і цэнтр. Беларусі стрыманыя па каларыце (пераважаюць серабрыстыя адценні шэрага і адбеленага кужалю). Бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя абрусы.

В.​Я.​Фадзеева.

Абрус. Вёска Сычоўка Мсціслаўскага раёна. 1930-я г.
Абрус. Веткаўскі р-н Гомельскай вобл.
Абрус, вязаны кручком. Лоеўскі раён Гомельскай вобл. 1930-я г.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.​Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.​Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)