паслядоўнікі аднаго з кірункаў пратэстантызму. Узніклі ў 1729 у межах англіканства (гл.Англіканская царква), афіцыйна вылучыліся з яго ў 1795. Заснавальнік — Дж.Уэслі (1703—91). М. лічылі сваёй гал. мэтай безумоўнае, метадычнае (адсюль назва) выкананне рэліг. запаветаў, увасабленне іх у жыццё шляхам місіянерскай дзейнасці і асабістым прыкладам. Аснову М. складалі студэнты Оксфардскага ун-та, якія ў перыяд прамысл. рэвалюцыі ў Англіі звярнуліся да «простага люду» з ідэямі цярплівасці і пакорлівасці лёсу. На падставе рознага разумення ідэі выратавання М. падзяліліся на 2 плыні: адны набліжаліся да кальвінізму і адстойвалі прынцыпы абранасці, наканаванасці лёсу, асабістай веры, а другія падзялялі вучэнне Я.Армінія аб свабодзе волі. Суполкі («класы») М. складаліся з 12—20 чал. і падпарадкоўваліся «акругам», якія ўзначальваліся суперінтэндантамі. Вышэйшы кіруючы орган М. — штогодняя канферэнцыя. У 1881 створаныСусв. савет М., які арганізуе сусв. канферэнцыі М. З 1813 існуе місіянерскае т-ва М. З 1943 М. ўдзельнічаюць у дзейнасці Сусв. савета цэркваў. М. спалучаюць 2 формы царк. арг-цыі: епіскапальную (ЗША) і прэсвітэрыянскую (Вялікабрытанія); у канцы 20 ст. прэсвітэрыянскія М. робяць захады да аб’яднання з англіканамі. У канцы 1990-х г. было больш за 32 млн. М. У Зах. Беларусі ў 1920-я г.амер. М. заснавалі сваю місію з цэнтрам у Вільні. Аддзяленні місіі дзейнічалі ў Клецку, Лідзе, Шчучыне і інш. У пропаведзях і спевах М. выкарыстоўвалі бел. мову, выпускалі на ёй сваю л-ру. У 1944 у Беларусі мелася 10 метадысцкіх суполак: у Клецку, Лідзе, Нясвіжы, Шчучыне, Юрацішках (Іўеўскі р-н), Лідскім (2), Маладзечанскім (2), Пінскім р-нах. Дзейнасць М. у Беларусі заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІСТЭ́РСТВА (ад лац. ministro служу, кірую),
родавая назва найб. важных цэнтр. органаў дзярж. кіравання, якія ўваходзяць у структуру ўрада. Упершыню створаны ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. У Расіі ўведзены ў 1802, у СССР — у 1946 (адпаведна і ў Беларусі), да гэтага — наркаматы. Кіраўнік М. (міністр) — звычайна дзеяч, што ўваходзіць у склад урада. У некат. краінах М. ствараюцца на аснове актаў вышэйшых заканад. органаў (напр., ЗША) ці кіраўніка дзяржавы (напр., у Францыі) або на аснове законаў (актаў) урада. Колькасць М., іх структура і размеркаванне кампетэнцыі паміж імі вызначаюцца кіраўніком урада або выканаўчай улады (прэм’ер-міністрам, у Рэспубліцы Беларусь — прэзідэнтам). Для выканання ўскладзеных на іх задач М. надзяляюцца паўнамоцтвамі дзярж.-ўладнага характару і маюць права выдаваць юрыд. акты, абавязковыя для выканання падведамнымі арг-цыямі. Унутраная структура М. разнастайная (нават у межах адной краіны) і залежыць ад памераў М., аб’ёму і характару яго дзейнасці. М. маюць цэнтр. апарат, часам таксама рэгіянальныя і мясц. органы. Пры М. існуюць розныя дапаможныя органы. У М. Рэспублікі Беларусь утвараецца калегія ў складзе міністра (старшыні, які назначаецца Прэзідэнтам), яго намеснікаў, інш. кіраўнікоў. Члены калегіі зацвярджаюцца ўрадам. У 1999 у Рэспубліцы Беларусь існавалі М.: архітэктуры і будаўніцтва; унутраных спраў; жыллёва-камунальнай гаспадаркі; аховы здароўя; замежных спраў; культуры; лясной гаспадаркі; абароны; адукацыі; па кіраванні дзярж. маёмасцю і прыватызацыі; па надзвычайных сітуацыях; прадпрымальніцтва і інвестыцый; прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прамысловасці; сувязі; сельскай гаспадаркі і харчавання; сац. абароны, спорту і турызму; статыстыкі і аналізу; паліва і энергетыкі; гандлю; транспарту і камунікацый; працы; фінансаў; эканомікі; юстыцыі. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
палітычная структура Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі с.-д. кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польск. ўладамі. У выніку большасць Рады (50 чал.) абвясціла сябе Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, меншасць, якая арыентавалася на Польшчу (37 чал.) — Н.р. БНР. Старшынёй абраны сацыял-дэмакрат Я.Лёсік. Польск. ўлады прызналі Н.р. БНР, аднак мала лічыліся з ёй. У крас. 1920 Н.р. БНР прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, паводле якога ў Беларусі і Польшчы павінен быць супольны сейм, але асобныя заканадаўства, урады, войскі і фінансы. Польскі ўрад праігнараваў гэту прапанову. У чэрв. 1920 Н.р. БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусь будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. З пач. наступлення сав. войск члены Н.р. БНР эвакуіраваліся ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польск. урадам падтрымалі «бунт» ген. Л.Жалігоўскага і ўтварэнне т.зв.Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаныБел.паліт.к-т пад кіраўніцтвам П.П.Алексюка. які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры С.Н.Булак-Балаховічу. Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нац.паліт. нарадзе ў Рызе (20.10.1920), якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Чл. прэзідыума Н.р. БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду БНР. Н.р. БНР спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЛЯ́НСКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Нароўля Гомельскай вобл.Створаны ў 2-й пал. 18 ст. на правым высокім беразе р. Прыпяць. Уключае палац, парк з малымі арх. формамі, вытв. пабудовы. Палац (1865) — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з высокім цокалем. 1-ы паверх апрацаваны буйным рустам, 2-і раскрапаваны лапаткамі. У цэнтры падоўжаных фасадаў плоскія рызаліты з порцікамі (не захаваліся). Перад імі тэрасы з шырокімі лесвіцамі і пандусамі. Абапал гал. фасада плоскія рызаліты, абапал дваровага — 3-гранныя эркеры. На тарцах будынка больш глыбокія рызаліты з уваходамі. У афармленні інтэр’ера выкарыстаны арачныя нішы. Парк пейзажнага тыпу (пл. 8,2 га). Кампазіцыйна падзелены баскетамі з грабу на 2 часткі. У паўд. частцы — палац, вял. паляна, алея, якая пачынаецца ўязной брамай у выглядзе каланады дарычнага ордэра з антаблементам. Перад фасадам, арыентаваным на раку, — шырокая лесвіца, якая вядзе на тэрасу з фантанам у стылі ампір. У паўн. частцы лагчыны невял. ручай. У парку растуць пераважна дрэвы мясц. парод і пладовыя, трапляюцца экзоты. На ўзгорку пры перасячэнні абходных алей знаходзіцца 3-ярусная квадратная ў плане мураваная альтанка з рысамі стылю ампір. Яе ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам, 2-і — скразны, з вял. паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з 4 бакоў. Вуглы аздоблены трохчвэртнымі калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з 6 калонамі карынфскага ордэра, завершаны паўсферычным купалам з вазай. У ансамбль уваходзіць вытв. комплекс з чырвонай цэглы ў формах несапраўднай готыкі і неараманскага стылю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),
апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.
Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.Веранцыо. У 1783 француз С.Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.Ж.Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.Я.Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.М.Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.
Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.
Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТАда народаў Беларусі,
юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр.бел.вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.
Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш.Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.
На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДАВО́ДСТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІП) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1990 у пас. Самахвалавічы Мінскага р-на на базе галіновых аддзелаў і лабараторый БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва.
БелНДІП правапераемнік Бел. аддзялення Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (створана 10.10.1925 на базе саўгаса «Лошыца 1-я» Мінскага р-на пад кіраўніцтвам М.І.Вавілава). У 1931 на базе Бел. аддзялення ў в. Лошыца 1-я засн.Бел. занальная плодаагароднінная доследная станцыя, рэарганізаваная ў 1956 разам з Русінавіцкай агароднінабульбаводчай селекцыйнай станцыяй у БелНДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства (з 1964 у пас. Самахвалавічы; у 1972—90 БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва).
Асн. кірункі навук. дзейнасці: селекцыя і інтрадукцыя пладовых, ягадных, малапашыраных культур, вінаграду і іх прышчэпаў; збор і захаванне генет. рэсурсаў пладовых і ягадных культур; распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій вытв-сці, захоўвання і перапрацоўкі пладоў і ягад, тэхналогій вытв-сці пасадачнага матэрыялу на аздароўленай аснове; селекцыйнае паляпшэнне плем. і прадукц. якасцей пчол, удасканаленне тэхналогій іх утрымання і выкарыстання; распрацоўка навук. і эканам. прагнозаў і комплексных праграм развіцця садоўніцтва і пчалярства на Беларусі; праектаванне і закладка шматгадовых пасадак і інш. У выніку селекцыі ін-там выведзена больш за 150 сартоў пладовых і ягадных культур (44 з іх раянавана на Беларусі), распрацаваны новыя тэхналогіі і методыкі размнажэння, вырошчвання і агратэхнікі; створаны новыя віды кансерваў з лячэбна-прафілакт. ўласцівасцямі. Аспірантура і савет па абароне канд. дысертацый з 1991. Выдае навук.зб. «Пладаводства». У ін-це працавалі і працуюць: Г.А.Баўтута, А.Р.Валузнёў, А.С.Дзевятаў, д-ры с.-г.н. Р.Э.Лойка і В.А.Мацвееў, Э.П.Сюбарава, А.Я.Сюбараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭ́ХНІКА,
навука аб метадах генерацыі, распаўсюджвання ў прасторы, прыёму і выкарыстання радыёхваль; галіна тэхнікі, якая ажыццяўляе распрацоўку, выраб і выкарыстанне радыёапаратуры. Асн. прынцып — выкарыстанне энергіі эл.-магн. поля для перадачы інфармацыі. Грунтуецца на дасягненнях фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела, тэорыі ваганняў і інш., а таксама тэхналогіі вакуумных і паўправадніковых прылад, вытв-сці крыніц электрасілкавання, тэхнікі высокачастотных вымярэнняў і інш.
Даследаванні М.Фарадэяэл. і магн. палёў (1831) далі пачатак вучэнню аб распаўсюджванні эл.-магн. поля без правадоў. На іх аснове Дж.К.Максвел абгрунтаваў аднолькавасць прыроды светлавых і эл.-магн. хваль (1864), што пацверджана эксперыментальна Г.Герцам (1888). У 1895 А.С.Папоў прадэманстраваў сістэму перадачы — прыёму радыёсігналаў, прыдатную для практычнага выкарыстання. На пач. этапе развіцця Р. створаны прасцейшыя перадавальныя і прыёмныя радыёапараты для забеспячэння радыёсувязі. Далёкасць і якасць радыёсувязі істотна выраслі з пераходам на слыхавы прыём сігналаў і выкарыстаннем дэтэктара. Вынаходства электронных лямпаў дало магчымасць стварыць магутныя радыёперадатчыкі, высакаякасныя радыёпрыёмнікі і інш. радыёапаратуру, значна павялічыць далёкасць радыёсувязі, развіць радыётэлефанію і радыёвяшчанне, перадаваць відарыс — фотатэлеграфію і тэлебачанне. Дасягненні Р. садзейнічалі ўзнікненню новых галін навукі і тэхнікі: радыёастраноміі, радыёметэаралогіі, радыёспектраскапіі і інш. На аснове Р. і электронікі ўзнікла радыёэлектроніка. Павышэнню эфектыўнасці радыётэхн. апаратуры садзейнічала выкарыстанне паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, малекулярных і параметрычных генератараў і ўзмацняльнікаў, квантавых генератараў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р. вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ і інш.; працуюць радыётэхн. з-ды, якія выпускаюць радыёпрыёмнікі, тэлевізары і інш. радыётэхн. апаратуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ з філіялам у г.Самара. Створаны ў 1995 у Маскве на базе рэарганізацыі Рас.дзярж.навук.-тэхн. архіва
(РДНТА) у г. Самара (засн. ў 1967 у Маскве як Цэнтр.дзярж. архіў навук.-тэхн. дакументацыі на базе аддзела навук.-тэхн. дакументацыі Цэнтр.дзярж. архіва нар. гаспадаркі СССР, у 1976 пераведзены ў Самару, з 1992 РДНТА),
яго філіяла ў Маскве і Рас.н.-д. цэнтра касм. дакументацыі. 1062 фонды, 2 347 211 адзінак захоўвання з 1855 да нашага часу. Зберагае н.-д., канструктарскую, праектную і патэнтную дакументацыю ўстаноў Рас. імперыі, арг-цый саюзнага і федэральнага падпарадкавання Рас. Федэрацыі. Сярод фондаў матэрыялы па гісторыі рас. ракетна-касм. тэхнікі і касманаўтыкі, комплексы дакументаў мін-ваў СССР: агульнага машынабудавання, авіяц. прам-сці, сувязі, аховы здароўя і мед. прам-сці, энергетыкі, паліўнай прам-сці, прыладабудавання, сувязі, буд-ва і транспарту; АНСССР, Дзяржкіно, Дзяржтэлерадыё і інш.; асабістыя фонды вучоных і вынаходнікаў, першых касманаўтаў. Матэрыялы ў Самарскім філіяле (больш за 800 фондаў) па гісторыі электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі, паліўнай, металургічнай, хім. і нафтахім., лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харч. прам-сці, транспарту. У асобнае архівасховішча вылучаны дакументы прадпрыемстваў Дзяржкамабаронпрама. Захоўваецца дакументацыя пра ўдзел у міжнар. і нац. выстаўках, кірмашах, матэрыялы навук. і тэхн. з’ездаў, кангрэсаў, нарад, канферэнцый, вядучых н.-д. і праектных устаноў. Зберагаецца праектная дакументацыя нар.-гасп. аб’ектаў Беларусі, Бел. тэатра імя Я.Коласа, запаведна-паляўнічай гаспадаркі «Белавежская пушча» і інш. Частка фондаў архіва засакрэчана ў адпаведнасці з Законам Рас. Федэрацыі «Аб дзяржаўнай тайне».
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 180—186.