КАРА́-ТЭПЕ́,

узгорак каля г. Кадырлі (Турцыя), дзе былі адкрыты руіны горада 9—7 ст. да н. э. У выніку раскопак, якія вяліся з 1947, выяўлены 2 брамы і часткова палац. Брамы ўпрыгожаны каменнымі рэльефамі з выявамі розных сцэн: рытуальных, палявання, марской бітвы, музы́каў і інш. Рэльефы характэрны для навахецкага мастацтва. Знойдзены іерагліфічны надпіс (8 ст. да н. э.) на хецкай і ханаанскай мовах, якія дазваляюць меркаваць, што К.-Т. ўваходзіў у склад дзяржавы данунітаў, якая ў пач. 1-га тыс. да н. э. падначаліла хецкія пасяленні на ПдУ М. Азіі.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛУ́КІ,

цюркскае племя, якое складалася з 3 родаў. Узвысілася ў 8 ст. пасля распаду Цюркскага каганата. Займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, паступова пераходзіла да аселага земляробства. Насялялі тэр. ў Сямірэччы ўздоўж караваннага шляху з Сярэдняй Азіі ў Кітай. У 757—766 занялі ўсю тэр. дзяржавы цюргешаў. Правіцелі К., якія насілі тытул ябгу, зрабілі сваёй сталіцай г. Суяб (на р. Чу) і правілі тут да 940, потым цэнтр перанесены ў г. Кайлык (даліна р. Ілі). У 861 авалодалі Кашгарыяй. У 10 ст. ўвайшлі ў склад Караханідаў дзяржавы. У 960 прынялі мусульманства.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПА́ЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Закарпацкай вобл., Украіна. Засн. ў 1968 для аховы прыродных комплексаў высакагор’я Усх. Карпат. Пл. 19,9 тыс. га. Вылучаюць 3 участкі: Чарнагорскі, Вугальска-Шырокалужанскі, Даліну нарцысаў. На тэр. К.з. г. Гаверла (2061 м). Характэрны яловыя і мяшаныя букава-піхтава-яловыя лясы, карэнныя букавыя (найбуйнейшыя па плошчы лясы ў Цэнтр. Еўропе). На вяршынях лугі — паланіны. Шматлікія віды жывёл утвараюць мясц. формы: карпацкія высакародны алень, казуля, вавёрка; з птушак — глушэц, даўгахвостая няясыць, цецярук, рабчык і інш. Частка К.з. ўваходзіць у склад Карпацкага прыроднага парку.

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАФЕРМЕ́НТЫ [ад лац. co (cum) разам + ферменты],

каэнзімы, арганічныя злучэнні небялковай прыроды, якія ўваходзяць у склад ферментаў. Неабходныя для многіх складаных ферментатыўных рэакцый (сувязное звяно паміж 2 рознымі ферментамі). Пры злучэнні з апаферментам К. ўтвараюць каталітычна актыўны комплекс (холафермент). Могуць аддзяляцца ад бялковай часткі ферменту і пераносіць атамы ці групы атамаў, што адшчэпліваюцца ферментам ад субстрату. Трывала звязаныя з бялком К. наз. прастэтычнай групай. Большасць К. — вытворныя вітамінаў, адсутнасць якіх у ежы чалавека і жывёл прыводзіць да недастатковай актыўнасці некат. ферментаў і выклікае парушэнні абмену рэчываў.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАРТЭ́Т САЮ́ЗА КАМПАЗІ́ТАРАЎ БССР,

ансамбль інструменталістаў. Існаваў у Мінску ў 1962—90. У першы склад уваходзілі В.​Сарока (1-я скрыпка), П.​Валадарскі (2-я скрыпка), Л.​Ластаўка (альт), М.​Шчарбакоў (віяланчэль), у другі — Ю.​Гершовіч (з 1965), Т.​Боднева, В.​Баткіна, Шчарбакоў. У рэпертуары большасць квартэтаў бел. кампазітараў (М.​Аладава, В.​Войціка, В.​Залатарова, Дз.​Лукаса, І.​Лучанка, П.​Падкавырава, Э.​Ханка, К.​Цесакова, М.​Чуркіна), а таксама творы сусв. квартэтнай класікі, сучасных замежных кампазітараў. Выкананне квартэта вызначалі ансамблевая зладжанасць, пачуццё стылю.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́НСКІ ((Kiliński) Ян) (снеж. 1760, г. Тжамэшна, Польшча — 28.1.1819),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў паўстання 1794 у Варшаве. З 1788 майстар шавецкага цэха ў Варшаве, у 1792—94 саветнік магістрата. Уваходзіў у склад паўстанцкіх улад; першапачаткова падтрымліваў радыкальнае крыло паўстанцаў, пасля падзей 28 чэрв. (расправа варшаўскіх нізоў са здраднікамі) на пазіцыях правых. Прызначаны Т.Касцюшкам палкоўнікам, камандаваў пях. палком. У час аблогі Варшавы рас. войскамі двойчы паранены. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1794—96). Пакінуў 2 версіі ўспамінаў (1795, 1814—18).

Тв.:

Pamiętniki. [Warszawa], 1958.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1520—66 у Падляшскім ваяв. ВКЛ, да 1795 у Брэсцкім ваяв. Рэчы Паспалітай. З 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Рас. імперыі, з 1921 у Палескім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР (з снеж. 1939 у Брэсцкай вобл.). Цэнтр — г. Кобрын. Пл. 14583,59 га, нас. 124 118 чал., 31 воласць, 475 нас. пунктаў (1886). У студз. 1940 павет скасаваны, яго тэр. ўвайшла ў склад Кобрынскага раёна і суседніх з ім раёнаў.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНСТКА́МЕРА (ад ням. Kunstkammer кабінет рэдкасных рэчаў, музей). збор гіст., маст., прыродазнаўчанавук. і інш. калекцый рэдкасцей, а таксама памяшканне для іх захоўвання. У 16—17 ст. К. стваралі пры княжацкіх і каралеўскіх дварах. Пад такой назвай у Пецярбургу на базе асабістых калекцый цара Пятра I засн. найстарэйшы рас. музей (1714, адкрыты ў 1719). У 1724 увайшла ў склад рас. АН і ператворана ў комплексны музей, з 1727 размешчана ў спец. будынку, у 1830-я г. падзелена на анат., этнагр., бат., заал. і інш. музеі.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе лясныя праваадносіны. Прыняты 21.6.1979. Уключае прэамбулу, 7 раздзелаў, 128 артыкулаў. 1-ы раздзел прысвечаны агульным пытанням: вызначае задачы ляснога заканадаўства, склад дзярж. ляснога фонду, замацоўвае дзярж. ўласнасць на лясы; 2-і раздзел прысвечаны пытанням лесакарыстання; 3-і — пытанням аднаўлення і павелічэння прадукцыйнасці лясоў; 4-ы ахове і абароне лясоў; 5-ы — дзярж. ўліку лясоў, дзярж. лясному кадастру і лесаўпарадкаванню; 6-ы прадугледжвае віды парушэнняў ляснога заканадаўства і адказнасць за іх; 7-ы прысвечаны міжнар. дагаворам у галіне лясных адносін.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ПРАГІМНА́ЗІЯ,

няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў г. Маладзечна ў 1860—64. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Кіраваў прагімназіяй інспектар. Мела 4 класы. Вучэбная праграма была аднолькавай з адпаведнымі класамі гімназій. Выкладаліся: рус. мова і славеснасць, ням. і франц. мовы, гісторыя, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, гімнастыка, танцы. Асоб, якія скончылі прагімназію, прымалі ў наступны клас гімназіі без экзаменаў. Рыхтавала таксама настаўнікаў прыходскіх школ. У 1864 зачынена, на яе базе створана Маладзечанская настаўніцкая семінарыя.

Літ.:

Ярушевич А. Молодечно и его учебные заведения. Вильна, 1914.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)