устарэлая назва плоскіх чарвей класа трэматод, напр., Д. пячоначная (Fasciola hepatica), Д. крывяная (Schistosoma haematobium), Д. кашэчая, або сібірская (Opistorchis felineus), і інш. Селяцца ў органах чалавека і жывёл, выклікаюць цяжкія хваробы. Назва Д. звязана з тым, што прысоскі ў трэматод раней прымалі за 2 ротавыя адтуліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВІНА ПРЫ́НЦЫП КЛАСІФІКА́ЦЫІ,
прынцып, паводле якога «чым менш якая-н. ч. арганізма звязана з якімі-н. асаблівымі функцыямі, тым больш яна мае значэнне для класіфікацыі». Напр., малюнак афарбоўкі ў птушак, жылак крыла насякомых, форма карэнных зубоў млекакормячых з’яўляюцца каштоўнымі крытэрыямі (адзнакамі) для класіфікацыі гэтых жывёл. Сфармуляваў Ч.Дарвін (1859).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОДАМІНА́НТНАСЦЬ [ад лац. со (cum) з, разам + дамінантнасць],
удзел абодвух алеляў генаў у вызначэнні адзнакі ў гетэразіготнай асобіны; прыватны выпадак дамінантнасці. Прадукты, што сінтэзуюцца пад кантролем абодвух алеляў здольны незалежна ўплываць на выяўленне адзнакі або ўзаемадзейнічаць паміж сабой (напр., узаемадзеянне алеляў пры вызначэнні групы крыві ў чалавека і жывёл).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЕ ПАЛЯВА́ННЕ,
адстрэл ці адлоў прамысл.жывёл з мэтай атрымання таварнай прадукцыі або забеспячэння паляўнічага прадуктамі харчавання, адзеннем, традыц. жыллём (чумы, юрты і інш.). На Беларусі П.п. як від прац. дзейнасці практыкавалася ў мінулым. У адпаведнасці з сучасным заканадаўствам існуе толькі любіцельскае і спарт.паляванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛО́ГІЯ РАЗВІЦЦЯ́,
кірунак у біялогіі, заснаваны на вывучэнні прычынных механізмаў і рухаючых сіл індывід. развіцця (антагенезу) жывёл і раслін. Як самаст. галіна даследаванняў сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Вывучае розныя аспекты працэсу развіцця на малекулярным, клетачным, тканкавым, органавым і арганізмавым узроўнях, вырашае фундаментальныя праблемы рэалізацыі праграм генет. інфармацыі ў ходзе антагенезу і малекулярных асноў фенатыпічных змен, нармальнага і пухліннага росту клетак і клетачных папуляцый, марфагенезу, спецыфікі клетачнай, тканкавай, органавай дыферэнцыроўкі, клетачных узаемадзеянняў, узнікнення і станаўлення рэгулятарных механізмаў, якія забяспечваюць цэласнасць развіцця, крытычных узроўняў у працэсе развіцця, рэгенерацыі і інш. Дасягненні біялогіі развіцця перспектыўныя ў кіраванні развіццём раслін і жывёл, рэгуляцыі іх колькасці, полу і інш.
Літ.:
Зуссман М. Биология развития: Пер. с англ.М., 1977;
Математическая биология развития. М., 1982;
Михайлов А.Т., Симирский В.Н. Методы иммунохимического анализа в биологии развития. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРЫ́Т (ад гастр... + ...іт),
вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гастрыту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАДУ́КЦЫЯ,
перасяленне асобных відаў жывёл і раслін за межы іх натуральнага арэала, у мясцовасці ці экасістэмы, дзе яны раней не жылі або іх шчыльнасць была нізкая; пачатковы этап акліматызацыі. Від, які перасяляюць, павінен мець перавагі перад блізкімі абарыгеннымі відамі або не мець аналагаў. На Беларусі інтрадукавана каля 30 відаў жывёл, у т. л. 13 відаў млекакормячых (напр., андатра, янот-паласкун), 2 віды птушак (курапатка барадатая, фазан), 12 відаў рыб (напр., еўрапейскі вугор, карась сярэбраны, пелядзь), некалькі відаў беспазваночных (мізіды). І. раслін вядзецца (паводле археал. даследаванняў) з 3 ст. да н.э. (напр., віка, проса, пшаніца); бульбу пачалі вырошчваць у 18 ст. З 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з развіццём садова-паркавага мастацтва пачалася І. іншаземных відаў дрэвавых і кустовых раслін, пераважна лек. і вітамінаносных (абляпіха, барбарыс, лімоннік кітайскі, рабіна чарнаплодная і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФУЗО́РЫІ (Infusoria, або Ciliophora),
тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.
Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл.Каменсалізм) і паразіты інш.жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПІЛАБАКТЭРЫЁЗ, вібрыёз,
інфекцыйная хвароба буйн. раг. жывёлы і авечак, радзей свіней, коз, курэй, чалавека, якая выклікаецца кампілабактэрыямі. Адзначаецца ў многіх краінах, у т. л. на Беларусі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і носьбіты (часцей быкі ці бараны-вытворнікі). У жывёл заражэнне адбываецца палавым або аліментарным шляхам. Хвароба часцей адзначаецца восенню і зімой. Характарызуецца запаленнем слізістых абалонак похвы, маткі, часовай бясплоднасцю, абортамі, затрыманнем паследу. У чалавека К. характарызуецца пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту. Перадаецца праз ежу, ваду, забруджаныя выдзяленнямі жывёл. Інкубацыйны перыяд 1—2 (іншы раз 6) дні; востры боль, слабасць, моташнасць, ірвота, вадкі стул з прымессю слізі і крыві. Т-ра цела 38—40 °C, боль у мышцах і суставах. К. садзейнічае ўзнікненню хранічнага гастрыту з развіццём язвавай хваробы; можа ўскладняцца пнеўманіяй, артрытам, міякардытам, менінгітам, сепсісам (асабліва ў дзяцей першых месяцаў жыцця). Лячэнне: дэзінтаксікацыйная і сімптаматычная тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВА́Я БА́ЗА,
запасы і крыніцы кармоў, якія маюць гаспадарка, раён, вобласць, краіна. К.б. жывёлагадоўлі ўключае кармы, атрыманыя на ворных землях, прыродных сенажацях і пашы, камбікармы, кармы і кармавыя дабаўкімікрабіял., хім. сінтэзу, мінер. і жывёльнага паходжання, а таксама пабочных прадуктаў (кармавых адходаў) рыбнай, мяса-малочнай, мукамольнай і харч. прам-сці. На Беларусі ствараецца па трох асн. кірунках: атрыманне найб. выхаду кармавых адзінак і пратэіну з 1 га зямлі пры нізкім іх сабекошце (прадугледжвае павышэнне ўрадлівасці глебы і ўкараненне найб. эфектыўнай агратэхнікі пры вырошчванні кармавых культур, стварэнні высокапрадукцыйных лугоў і пашы); макс. захаванне вырашчанага ўраджаю кармавых культур (выкарыстанне прагрэс. тэхналогій уборкі, нарыхтоўкі і захоўвання кармоў на аснове комплекснай механізацыі); рацыянальнае выкарыстанне нарыхтаваных кармоў (укараненне навукова абгрунтаваных сістэм і рацыёнаў кармлення жывёл). К.б. для дзікіх жывёл — прыродныя і штучна створаныя крыніцы дадатковай падкормкі ў неспрыяльныя для іх існавання перыяды.