ме́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Штучны або радзімы знак, які адрознівае прадметы або істоты ад іншых падобных прадметаў, істот. [Ляснік] спыніўся каля тоўстай лістоўніцы, паглядзеў нумар. — Вось гэтую будзеце спілоўваць, рабіце метку. Пальчэўскі. На месячным графіку крывая ўпарта не хацела паўзці за трывожную сінюю метку пяцідзесяці працэнтаў. Шыцік.
2. След, які астаўся пасля чаго‑н. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы, на іх было шмат метак ад сякеры. Гурскі.
3. Дзеянне паводле знач. дзеясл. меціць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́ха, ‑і, ДМ ‑цесе, ж.
1. Забава, забаўка, весялосць. Бубніць тут човен, ходзіць рэха — Такая хлопцу з ім пацеха! Колас. Саўка стаў задуменным, шкада яму было егера, які прызначаўся для пацехі панам. Гурскі. // Якое‑н. смешнае здарэнне. Гаспадар глядзеў з вясёлай цікаўнасцю.., быццам хацеў сказаць: «Пачакайце, зараз будзе такая пацеха!» Маўр.
2. у знач. вык. Смешна, цікава. — Ой, пацеха! — перабіў .. [дзядзьку] са смехам Пятрусь. — Наскочыў, Цімох? Брыль. Гэта ж хто? Ну вось пацеха!.. Ну няўжо спявае рэха? Шушкевіч.
•••
З ласкі на пацеху гл. ласка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыво́лле, ‑я, н.
1. Шырокае адкрытае месца; прастора. [Іван] чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Быкаў. Пасля палявога прыволля кожная рэч ціснула на .. [Льва Раманавіча], ад дарагіх дываноў пахла пылам. Асіпенка. Сядзяць яны [Васіль і Алеся] побач на возе, Размову таемна вядуць, А коні з сяла па дарозе Прыволлем палеткаў брыдуць. Калачынскі. Гарачае сэрца На родным прыволлі, Радзіма, заўсёды Напоўню табой. Іверс.
2. перан. Адсутнасць якіх‑н. абмежаванняў; свабода, воля. [Лабановіч:] — А што? Вось бачыце. Ніякая іншая служба не дае такога прыволля. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прына́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Прыцягваючы ўвагу чым‑н. (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл).
2. Выклікаць жаданне быць, бываць дзе‑н.; прывабіць. [Ніна:] Дык, можа, і арэшнік пасадзіць, вавёрачак прынадзіць на сосны. Кучар. Вось казу прынадзіў Канюшынкай садзік. Шушкевіч. // Выклікаць сімпатыю да сябе. Марылька аж зазлавала была на мяне. Маўляў, гэта я вінаваты — гэтак хлопчыка прынадзіў, што ён не прызнае яе за маму. Сабаленка. // Прыцягнуць да якой‑н. справы. За доўгі час удалося яму прынадзіць толькі з паўсотні чалавек. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаду́мам, прысл.
Разм. Самавольна, без дазволу. — А як вы в[е]дз[я]це травапольную сістэму?! — .. [Бялоцкі] павярнуўся да Варанецкага. — Я дзеля гэтага і прыехаў. На тое, што вы траву насенную самадумам касіць узяліся, я выпадкова наткнуўся. Дуброўскі. Стогнуць Бусліныя сосны: даўганосыя птахі сёлета занялі ў Грынях самадумам нечае шматгадовае прыстанішча. Пташнікаў. // Не параіўшыся з іншымі. [Надзя:] — Ці ж усё добра? Быццам у цябе не было з кім параіцца? А ты [Валодзька] самадумам усё. Гроднеў. [Тата:] — Вось бачыш... Шкоды атрымалася больш, чым карысці. Таму што не раіцеся з дарослымі, а ўсё самадумам. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрып, ‑у, м.
Рэзкі гук, які ўзнікае пры трэнні адзін аб адзін прадметаў ці іх частак. Скрып варот. Боты са скрыпам. □ Чуваць было, як стукнула аб прабой засаўка, пачуўся скрып іржавых завесаў. Пальчэўскі. Фурманка ўжо зусім блізка. Вось яна параўнялася з Панасам, абмінула яго і паехала далей гасцінцам, пакідаючы за палазамі саней пісклявы скрып умёрзлага снегу. Галавач.
•••
За адным скрыпам — разам, адным заходам. Пойдзем за адным скрыпам, мне ўсё роўна ў магазін трэба... — сказала .. [Арына]. Карпаў.
Са скрыпам — з цяжкасцю або нехаця, марудна (рабіць што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уратава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
Разм. Уберагчы ад небяспекі, гібелі, знішчэння; захаваць жывым, выратаваць. Яны [браты] ўратавалі Радзіму ад згубы, Сваю ж маладосць Не змаглі ўберагчы. І. Калеснік. Шкада бацьку расставацца з дзецьмі, але што зробіш: у гэтай завірусе таксама іх не ўратаваць. Шчарбатаў. [Кірыла] ішоў разам з людзьмі, стомлены, але задаволены, што зрабілі важную справу — уратавалі хлеб. Гурскі. // Захаваць, зберагчы, пазбавіць ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. [Лугавец:] — У засушлівыя гады, перакрыўшы шлюзы, мы ўратуем тарфянікі ад перасушкі... Краўчанка. Кемлівасць, вынаходніцтва — вось што ўратавала Зыгмуся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
всёI
1. мест. усё (род. усяго́, дат. усяму́, вин. усё, твор., пред. усі́м, мн., см. все);
от всего́ се́рдца ад усяго́ сэ́рца;
при всём том пры ўсім тым;
всего́ хоро́шего усяго́ до́брага;
всё равно́ усё ро́ўна;
2. в знач. сущ., мн. нет усё;
я на всё гото́в я на ўсё гато́ў;
он всего́ бои́тся ён усяго́ баі́цца;
всего́ понемно́гу (понемно́жку) усяго́ патро́ху (патро́шку);
вот и всё вось і ўсё;
всё на све́те усё на све́це;
по всему́ ви́дно па ўсім ві́даць;
всему́ своё вре́мя на ўсё свой час.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
не́калі 1, безас. у знач. вык.
Няма калі, бракуе часу. Некалі сумаваць за работай. Барадулін. — Хутчэй, дачушка, а то мне некалі. Васілевіч. — Некалі мне цяпер ні сварыцца, ні мірыцца, — адказала [Волька] непрыязна, суха. — Працы хапае і дома, і ў калгасе... Ваданосаў.
•••
Некалі (няма калі) дыхнуць — надта заняты, перагружаны работай.
не́калі 2, прысл.
1. Калісьці, даўно; у далёкім мінулым. Кіраваўся Мікола да таго дома, дзе некалі сустракаўся з сакратаром абкома. Новікаў. Гэта быў стары, пашарпаны, некалі пафарбаваны ў бела-блакітны колер маршрутны маленькі аўтобус. Ракітны. Жылі некалі ў адным краі людзі ў згодзе ды ў ладзе. Якімовіч.
2. Калі-небудзь у будучым. Маці расказвае ўсё, што толькі ведае пра горад, у якім і сажа была ўсяго разы са тры; расказвае і ніколі не забудзе абнадзеіць: — Вось і ты некалі вырасцеш і паедзеш у горад. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стук 1, ‑у, м.
1. Кароткі адрывісты гук ад удару або падзення цвёрдых прадметаў. А сёння падвечар пад самымі вокнамі свайго дома .. [Макар] пачуў ажыўлены гоман, вясёлы смех і стук абуха аб сухое дрэва. Дуброўскі. Прыгадвалася [Сяргею] рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы вечар, вогнішчы на вуліцы — вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй вясной. М. Стральцоў. / Пра гукі, якія ўтвараюцца машынай, рознымі механізмамі. Стук цягніка аддаляўся, заціхаў, пакідаючы тут цішыню і пустэчу невялічкай станцыі. Арабей. З сярэдзіны будынка прабіваўся рытмічны стук лінатыпаў і прыглушаны гул ратацый. Хадкевіч. / Пра гук выстралу (выстралаў). Замоўк той кулямёты стук, Вось-вось яшчэ паўторыцца, баюся. Я пад нагамі згледзеў сук І першы раз цябе спалохаў, бусел. Маляўка. // Шум, які ўтвараецца рытмічнымі скарачэннямі сэрца. [Андрэй] пачуў стук сэрца і адчуў цеплыню ў грудзях. Шамякін.
2. Удар (у дзверы, акно і пад.), які апавяшчае аб прыходзе або просьбе дазволіць зайсці. Не бачыла [настаўніца], як аднаго разу ў клас зайшоў кіраўнік школы, нізенькі, даўганосы. Зайшоў без стуку, не зачыніўшы за сабою дзверы. Адамчык. Да матулі заехаў — пабыць у гасцях. І калі яна выйшла на стук нецярплівы, — Колькі радасці стрэціў у родных вачах! Колькі ўцехі!.. І быў я бясконца шчаслівы. Гілевіч. Лёгкі стук у шыбу сігналізаваў Лапку, што ён апазнаны. Колас.
•••
Ні стуку ні груку — ціха, без шуму.
стук 2, выкл.
1. Выкарыстоўваецца гукапераймальна для абазначэння адрывістых гукаў. Раптам нехта ў дзверы — стук, стук! Якімовіч. І ён [Дрозд] забракаваў Вавёрчыну работу, Матывы падабраў і не пусціў у друк. Бяжыць Вавёрка ў рэдакцыю. «Стук, стук!» Да Дзятла. Корбан.
2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. стукаць — стукнуць. [Уладзік:] — Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! ды на дол. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)