прылаўчы́цца, ‑лаўчуся, ‑лаўчышся, ‑лаўчыцца; зак.
Разм. Асвоіўшыся, набыць навык, спрыт у чым‑н.; прыстасавацца. Пачаў [Лёнька] тачкі з растворам адвозіць. Канечне, цяжка было. Іншы раз на паўдарозе абарочваў якую, але з цягам часу прылаўчыўся. Гроднеў. Крыху замінала вінтоўка, але скора [Сяргей] прылаўчыўся паўзці з вінтоўкаю. Колас. // Злаўчыцца. Сапёр, прылаўчыўшыся і падхапіўшы адной рукой камісара, перацягнуў яго ў густы арэшнік. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпа́дак, ‑дку, м.
Раптоўны прыступ якой‑н. хваробы. Сардэчны прыпадак. Прыпадак эпілепсіі. □ Слабае яе сэрца не вытрымала, і з ёю здарыўся моцны прыпадак. Якімовіч. Солтыс нешта замармытаў у адказ і скурчыўся перад камендантам у прыпадку кашлю. Бажко. // Рэзкае, моцнае праяўленне чаго‑н. Крычаць у прыпадку гневу. Істэрычны прыпадак. □ [Галіна] не раз бачыла Блажэвіча ў прыпадку чорнай меланхоліі. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасталы́, ‑оў; адз. пастол, ‑тала, м.
Даўні мяккі сялянскі абутак з цэлага кавалка скуры, які носіцца з анучамі і прывязваецца да ног аборамі. Абутак мясцовых сялян да 1913 года — раменныя пасталы. «Помнікі». Раз толькі пашанцавала натрапіць на вялікія сляды скураных пасталеў. Караткевіч. // Лапці. Ледзь распрог [бацька] каня, зайшоў у хату, не ўправіўся разуць мокрыя пасталы — паявіўся Яўхім. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патраві́ць, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.
Знішчыць, папсаваць траву, пасевы і пад.; зрабіць патраву. А застануцца там два шнуркі дзядзькавай сенажаці, дык іх патравяць, патопчуць коні. Колас. Не прайшло двух тыдняў, як Ліпніцкі прыляцеў у Сячанку сварыцца, што вясковыя коні атаву патравілі ля рэчкі. Чарот. За тыя дні я патравіў каровамі многа пасеваў, нарабіў не раз шкоды. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пілава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак.
1. што і без дап. Рэзаць пілой. Меншыя дзеці капашыліся на агародзе, большыя — пілавалі, калолі і складалі дровы. Гурскі.
2. перан.; каго. Разм. Даймаць, дапякаць бесперапыннымі папрокамі, прыдзіркамі. [Шаройка] не раз пілаваў Паліну за нерашучасць. Шамякін. Зося бесперастанку пілуе.. [Тварыцкага] за тое, што ён апусклівы, маўклівы, прагны. Кучар.
3. што. Тачыць напільнікам; апілоўваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Гулянне пехатой на свежым паветры або паездка на невялікую адлегласць для адпачынку. Пасля снедання і да самага абеду Уладзімір Ільіч, не адрываючыся, працаваў над кнігай, а пасля з хлопчыкам пайшоў на прагулку. Гурскі. Прагулка на гэты раз пачалася пасля абеду. На невялікай яхце было поўна народу. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераацані́ць, ‑цаню, ‑цэніш, ‑цаніць; зак., каго-што.
1. Ацаніць яшчэ раз, нанава. Пераацаніць маёмасць. Пераацаніць тавары. □ [Касманаўты] шмат бачылі, паспелі пераацаніць тое, што лічылі важным некалі даўно, на Зямлі, у паўсядзённым жыцці. Шыцік.
2. Ацаніць занадта высока. Пераацаніць свае здольнасці. □ Цяжка пераацаніць значэнне друку як калектыўнага прапагандыста, арганізатара і агітатара ў развіцці і забеспячэнні эфектыўнасці сацыялістычнага будаўніцтва. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак., што.
1. Зварыць нанава, яшчэ раз. Пераварыць варэнне.
2. Сапсаваць, пазбавіць патрэбных якасцей у выніку празмернага варэння гатавання. Пераварыць мяса.
3. Перапрацаваць, засвоіць у працэсе стрававання. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч. // перан. Разм. Успрыняць, засвоіць, перапрацаваць. Унтэру столькі незразумелых слоў не пераварыць да самай смерці. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бу́рбалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Паветраны шарык у вадзе або іншай вадкасці. Дарожка, буйных светлых бурбалак, якая з’явілася на паверхні, сведчыла, што на гэты раз бабёр паплыў пад вадой на сярэдзіну ракі. В. Вольскі. Буйны, як боб, град назойліва барабаніў па аканіцах, падымаў бурбалкі ў перапоўненым вадою раўчуку, што перасякаў двор. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бэ́рсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм.
1. Блытаць, заблытваць. Шукаючы травы, бо лугавіна ж голая, як бубен, каровы раз-пораз лезуць у жыта, бэрсаюць авёс, а пан злуе і ганяецца за мною. Бажко.
2. Няўмела або неакуратна вязаць, абвязваць што-н; плесці. — От не ўмешваліся б лепей, тата, не ў сваё. Бэрсаеце сетку, ну і бэрсайце. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)