ласт 1, ‑а, М ‑сце, м.
1. Відазмененая канечнасць некаторых водных жывёл, птушак (марскіх чарапах, пінгвінаў, цюленяў і пад.), пальцы якой злучаны перапонкай. Маржы зарохкалі, заварушыліся і павярнулі да людзей, нязграбна рухаючы сваімі ластамі-лапамі. Маўр.
2. пераважна мн. (ла́сты, ‑аў). Прыстасаванне ў выглядзе вясла для палягчэння плавання пад вадой, якое надзяваецца на ногі плыўца. Віця прыладзіў да ног белагаловага [хлопчыка] ласты .. і падаў, нарэшце, маску. Гамолка.
ласт 2, ‑а, М ‑сце, м.
Адзінка вымярэння вагі карабельнага грузу, неаднолькавая ў розных краінах і ў дачыненні да розных грузаў.
[Ад гал. last — груз.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пілі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
Разм. Дрэнна, няўмела іграць на якім‑н. інструменце. [У карчме] у суботу, нядзелю і на свята пілікалі на скрыпках тутэйшыя не вельмі самавітыя музыкі Драбда і Шабас. С. Александровіч. // Абзывацца пісклівымі працяжнымі гукамі (аб музычных інструментах, пераважна смычковых). Дзесь у канцы вуліцы пілікала скрыпка, там жа чуўся радасны смех дзяўчат і іх крык і піск. Колас. // Абзывацца аднастайнымі прарэзлівымі гукамі (пра птушак і насякомых). У куточку за лавай пілікаў цвыркун, яго песня была аднастайная і роўная. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пясо́к, ‑ску, м.
1. Горная парода, якая складаецца з асобных вельмі дробных часцінак кварцу або іншых цвёрдых мінералаў. Жоўты пясок.
2. пераважна мн. (пяскі́, ‑оў). Вялікія масівы, прасторы такой пароды. Пяскі пустыні. // Пра глебу з вялікай колькасцю такой пароды. Пачынаецца пясок, на ім без краю хвойны лес. Чорны. — На нашых пясках не скора разбагацееш, — дапамагаў гараваць старшыні Антось Жыгалка. Дуброўскі.
•••
Цукровы пясок — цукар у дробных крупінках, крышталіках у адрозненне ад рафінаду.
Пабудаваць на пяску гл. пабудаваць.
Пясок сыплецца з каго — пра вельмі старога, нядужага чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уе́сці, уем, уясі, уесць; уядзім, уясце, уядуць; пр. уеў, уела; заг. уеш; зак.
1. што і без дап. (пераважна з адмоўем «не»). Узяць у рот, пражаваць, з’есці. Не ўесці мяса. Сала салёнае, што не ўесці.
2. (з адмоўем «не»). Разм. Паесці. [Гвардыян:] — А гаспадарка — ёй трэба догляд. І не ўясі, не адпачнеш ніколі як людзі. Зарэцкі.
3. перан.; каго. З’едліва паддзець, укалоць. Такі ўеў Мікола скептычна настроенага да яго гістарычных вышукаў Цішку. Навуменка. Пайшлі ў разведку боем — далі фельетон у газеце. За жывое, як кажуць, уелі. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цу́кар, ‑кру, м.
1. Пажыўны харчовы прадукт, белае крышталічнае рэчыва, салодкае на смак, якое вырабляецца з цукровых буракоў або цукровага трыснягу. Людзі вараць і спажываюць варэнне, п’юць чай. Усяму аснова — цукар. Пестрак. [Зыгмусь] рэжа і кладзе на сподак лімон і пасыпае цукрам. Чорны.
2. мн. цукры́, ‑о́ў. Спец. Назва рада арганічных злучэнняў, пераважна з групы вугляводаў.
3. перан. Разм. Пра што‑н. прыемнае на смак, смачнае. // Пра таго, хто прыносіць асалоду. [Хлор:] — Цукар — не дзяўчына, .. ружачка пахучая... Гартны.
•••
Посны цукар — сорт цукерак з цукру з фруктовымі сокамі.
[Ад ням. Zucker.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БРАЗІ́ЛЬСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Бразільскае нагор’е,
на У Паўд. Амерыкі, паміж Амазонскай, Лаплацкай нізінамі і Атлантычным ак., пераважна ў Бразіліі, паўд. ўскраіна — ва Уругваі, паўд.-зах. — у Парагваі і Аргенціне. Пл. каля 5 млн. км². Пераважаюць выш. 500—1000 м над узр. м. Значна прыўзнята на У і ПдУ над узбярэжжам Атлантычнага ак. (г. Бандэйра, 2890 м), дзе ўтварае складана-расчлянёную горную краіну з шэрагам хрыбтоў: Сера-ду-Мар, Сера-да-Мантыкейра і інш. На Пн і З паката нахілена да суседніх нізін.
Уяўляе сабой выступы крышт. асновы Паўд.-Амер. платформы (Бразільскі шчыт), складзеныя з гнейсаў, гранітаў і крышт. сланцаў, якія на У месцамі выходзяць на паверхню, а на астатняй тэр. ўкрыты адкладамі палеазою і мезазою. Радовішчы поліметалаў, золата, жал. і марганцавых рудаў, баксітаў, рэдкіх металаў, алмазаў і інш. У рэльефе — прыўзнятыя раўніны і плато выш. 250—300 м на Пн і 800—900 м у цэнтры, над якімі ўзвышаюцца глыбавыя масівы і сталовыя, пераважна пясчанікавыя, узвышшы. Месцамі ў прагінах і ўпадзінах платформы — раўнінныя ўчасткі, у сярэднім цячэнні р. Парана — лававае плато. Клімат пераважна трапічны з вільготным (летам) і сухім (зімой) перыядамі. Сярэдняя т-ра студз. зменьваецца з ПдЗ на ПнУ ад 22 да 29 °C, ліп. — ад 12 да 25 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на ПнУ да 1400—2000 мм у цэнтры і на У. Рэкі належаць пераважна да бас. Амазонкі, Параны, Сан-Франсіску, мнагаводныя, шмат парогаў і вадаспадаў. На ПнЗ вільготныя вечназялёныя і лістападныя лясы, у цэнтры — хмызняковая саванна (кампас серадас), на ПнУ — засухаўстойлівае рэдкалессе (каатынга), на У — вільготныя трапічныя вечназялёныя і летнезялёныя лясы, на Пд — хвойныя араўкарыевыя і мяшаныя лясы, хмызняковая саванна (кампас лімпас).
т. 3, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́Н,
арабская назва тэр. Албаніі Каўказскай. У пісьмовых крыніцах гэта назва сустракаецца з 6 ст., у 9—10 ст. так называлася пераважна стэпавая зона міжрэчча Куры і Аракса (сучасны Мільскі стэп) з гарадамі Барда, Ганджа і Байлакан.
т. 1, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СА,
дзеючы вулкан у Японіі, у цэнтр. частцы в-ва Кюсю. Выш. 1592 м. Пакаты лававы конус зрэзаны радыяльнымі трэшчынамі; складзены пераважна з андэзітаў. Тэрмальныя крыніцы. Нац. парк Аса (пл. 73 тыс. га, засн. Ў 1934).
т. 2, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙРА́КІ (цюрк.),
сухія лагчыны і яры, укрытыя расліннасцю, пераважна лісцевым лесам (дуб, ясень, клён, ліпа, бяроза, ігруша і інш.), у стэпах і лесастэпах Рускай раўніны (Сярэднярускае і Прыволжскае ўзвышшы, Данбас і інш. тэрыторыі з узгоркавым рэльефам).
т. 2, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РЫ,
нацыя, асн. насельніцтва Балгарыі (8,7 млн. чал.). Жывуць таксама ў паўд. раёнах Украіны, Малдовы, Расіі і інш. краінах (161 тыс. чал., 1979). Агульная колькасць 9,29 млн. чал. (1987). Гавораць на балгарскай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.
т. 2, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)