абара́нак, ‑нка, м.

1. Булачны выраб з заварнога цеста, закручанага кольцам. І любяць дзеда Юрку ўнукі, Яны цалуюць яму рукі, А дзед у плечы іх цалуе І абаранкам патрактуе. Колас.

2. Рулявое кола ў аўтамабілі, трактары і пад. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў.

3. у знач. прысл. абара́нкам. У форме, у выглядзе кольца. Скруціцца абаранкам.

•••

Дзірка ад абаранка гл. дзірка.

Зарабіў на абаранкі гл. зарабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крэ́пасць 1, ‑і, ж.

Умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой абароны і доўгай барацьбы ва ўмовах асады. Марская крэпасць. Абаронцы Брэсцкай крэпасці. Узяць крэпасць. // Месца зняволення людзей, якім прад’яўляліся асабліва цяжкія абвінавачванні. Петрапаўлаўская крэпасць. □ Газету затрымлівалі, штрафавалі, канфіскавалі і, нарэшце, зусім забаранілі, а рэдактара засудзілі на год .. ў крэпасць. Колас.

крэ́пасць 2, ‑і, ж.

У выразе: купчая крэпасць — дакумент аб куплі і продажы нерухомай маёмасці ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Тое, што і імкнуцца (у 1 знач.). Жоўтыя хвалі з белым накіпам бурліва імкнуць і імкнуць у далячынь. Пестрак. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю. Багдановіч. Імкнуць палкі, ідуць байцы Чырвонай слаўнай раці. Колас.

2. Распасцірацца, цягнуцца ў якім‑н. напрамку. Ад плошчы, праз мост, угару імкнуў праспект. Карпаў.

3. што. Накіроўваць рух, цягнуць куды‑н. Галіны распасцёрты, дрэва Свой стан імкне ў блакіт пусты... Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ідэалі́зм, ‑у, м.

1. Рэакцыйны філасофскі напрамак, процілеглы матэрыялізму, які прызнае дух, ідэю, свядомасць першаснымі, а матэрыю, быццё — другаснымі, вытворнымі. Суб’ектыўны ідэалізм. Аб’ектыўны ідэалізм.

2. Здольнасць, жаданне бескарысліва служыць якой‑н. справе; прыхільнасць да высокіх маральных ідэалаў.

3. Схільнасць да ідэалізацыі, прыхарошвання рэчаіснасці. Саханюк звонка засмяяўся. — Ах вы, ідэалісты, ідэалісты. Ці надоўга х[о]піць вам гэтага ідэалізму?.. І тым не меней першы раз бачу чалавека, што так высока ставіць глуш ды яшчэ такую, як ваша. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брыка́цца, а́ецца; незак.

1. Біць нагамі, брыкаць. Конь спачатку не хацеў насіць чалавека на сваёй спіне, іржаў, брыкаўся. Бядуля. // Брыкаць адзін другога. Коні пачалі брыкацца. // Мець звычку біць нагамі, брыкаць. Гэты конь брыкаецца. // Рабіць рэзкія рухі, дрыгаць нагамі, жадаючы вызваліцца (пра чалавека). Дзяўчаты з рогатам неслі хлопца да рэчкі, той брыкаўся, крычаў. Гурскі.

2. перан. Разм. Упарціцца, упірацца. [Максім:] — З выгляду здаецца — «ані вэзь», брыкаецца, абражаецца, а скончыць тым, што прыгорнецца да цябе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыста́нцыя, ‑і, ж.

1. Адлегласць. Адысці на пэўную дыстанцыю. Страляць з блізкай дыстанцыі. □ Човен рушыў з болей блізкай дыстанцыі. Колас. // Адлегласць паміж стартам і фінішам. Паўлік рвануўся ад Андрэйкавых варот дамоў з такою сілаю, што можна было падумаць, нібы ён браў старт па бегу на стометровую дыстанцыю. Краўчанка.

2. Участак адміністрацыйна-тэхнічнага падзелу чыгуначнага, шасейнага і воднага пуці. Начальнік дыстанцыі. □ Тут знаходзіцца дыстанцыя пуці, а вунь там — дыстанцыя сувязі. Васілёнак.

[Лац. distantia.]

•••

Сысці з дыстанцыі гл. сысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і заўлада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., кім-чым.

1. Узяць што‑н. у сваё ўладанне; захапіць. Чалавек навучыўся браць багацці зямлі, навучыўся рабіць машыны, завалодаў морамі, рэкамі, паветрам. Галавач. [Птушаняты] злосна штурхаюцца, стараючыся завалодаць большым і лепшым кавалкам. В. Вольскі.

2. перан. Прыцягнуць да сябе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Колас. Ідэя электрыфікацыі завалодала калгаснікамі ўсіх калгасаў сельсавета. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нечака́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не чакалі; непрадбачаны. Нечаканая вестка. □ Нечаканых гасцей было чацвёра: трое палякаў у вайсковай форме, а чацвёрты Мікіта Цэлех, узяты за панятога. Колас. Мільгалі твары ў масках і без масак, у самых нечаканых мудрагелістых касцюмах. Лобан. // Які ўзнік вельмі хутка; раптоўны. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. / у знач. наз. нечака́нае, ‑ага, н. Раптам сталася нечаканае, — плотка даволі ўжо высока над вадой сарвалася з кручка... Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папру́га, ‑і, ДМ ‑рузе, ж.

1. Раменны пояс або наогул пояс. На ім кучомка, верх зялёны, Кажух кароценькі, чырвоны. А стан шырокая папруга Сціскае спрытна, лоўка, туга. Колас. Том Блейн паправіў папругу на камбінезоне і асцярожна адчыніў дзверы ў кабінет. Гамолка.

2. Частка збруі для ўмацавання сядла, падсядзёлка на спіне каня. Шэмет злез з сядла, аслабіў папругу і пусціў каня папасвіцца. Лобан. Ашмо[ткі] пены маталіся на конскіх храпах, на сядзельных папругах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. каго. Наведаць, праведаць. Увечары, калі ўжо добра ўцямнела, Мікола прыйшоў пераведаць маці. Сабаленка. Усім хацелася пераведаць земляка, пагутарыць, падзяліцца навінамі. Краўчанка.

2. што і чаго. Зазнаць. Праходзяць дні, ідуць сваёю чарадою зімы і леты з іх халадамі і спякотамі, з іх бурамі і навальніцамі, а.. [дубы] спакойныя, як чалавек, які ўсё пераведаў на свеце, усё перажыў і ўжо нічога новага не чакае ад жыцця, апроч смерці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)