КО́СМАЧ (Генадзь Аркадзевіч) (н. 7.7.1953, в. Асташкі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1990), праф. (1991), чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі. Скончыў БДУ (1976). З 1993 заг. кафедры ўсеагульнай гісторыі Бел. пед. ун-та. Даследуе барацьбу кампартыі Аўстрыі супраць фашызму ў 1920-я г., ролю рабочага класа і паліт. партый Веймарскай рэспублікі, сав.-герм. і бел.-герм. адносіны ў найноўшы час. Аўтар прац «Крызіс германскага лібералізму ў гады Веймарскай рэспублікі» (1989), «Трагедыя куміраў рэвалюцыі» (1994, з А.Космач), сааўтар навуч. дапаможніка для школ «Сусветная гісторыя навейшага часу» (кн. 1—2, 1993).
т. 8, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРАЙ»
(«Kraj»),
польскі штотыднёвы грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў Пецярбургу ў 1882—1909. Меў дадаткі «Przegląd literacki» («Літаратурны агляд») і «Dział artystyczno-literacki» («Літаратурна-мастацкі аддзел»). У 1898—1902 кожны нумар «К.» меў дадатак — альбомную старонку. Змяшчаў матэрыялы з гісторыі, культуры, навукі, л-ры і мастацтва слав. народаў, у т. л. маст. творы Э.Ажэшкі, Я.Лучыны, карэспандэнцыі Ф.Багушэвіча з Вільні, артыкулы і допісы А.Ельскага «Пра беларускую гаворку» і «Адам Міцкевіч на Беларусі» (абодва 1885), некралогі В.Дуніну-Марцінкевічу («Беларускі пясняр», 1885), Я.Лучыну (1897), Багушэвічу (1900).
У.І.Мархель.
т. 8, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЕСТЬЯ́НИН»,
сельскагаспадарчы і грамадска-паліт. штотыднёвы часопіс; орган т-ва «Селянін». Выдаваўся ў 1906—15 у Вільні на рус. мове. Заснавальнік і выдавец С.Кавалюк. Прызначаўся для заможных бел. праваслаўных сялян. Прапагандаваў палітыку самадзяржаўя, выступаў у падтрымку сталыпінскай агр. рэформы, супраць нац.-вызв. руху. Не прызнаваў самастойнасць бел. народа, яго мовы і культуры. Змяшчаў матэрыялы супраць газ. «Наша ніва» і бел. л-ры ўвогуле, але друкаваў творы мясц. аўтараў, урыўкі з твораў М.Някрасава, Л.Талстога і інш. Змест і дзейнасць «К.» высмейваў у сваіх эпіграмах і сатыр. вершах Я.Купала.
М.М.Забаўскі.
т. 8, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЭ́К-ХАН, Мірза Кучэк-хан (1880/81, г. Рэшт, Іран — ліст. 1921),
іранскі паліт. дзеяч. Меў рэліг. адукацыю. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1-ю сусв. вайну кіраўнік руху партызан-джэнгелійцаў супраць брыт. і рас. войск. Вясной 1918 заключыў пагадненне з брыт. камандаваннем і згадзіўся прапусціць брыт. войскі ў Баку. У 1920 уступіў у саюз з іранскімі камуністамі, узначальваў урад (май—ліп. 1920) і Рэв. к-т (з мая 1921) Гілянскай рэспублікі. 29.9.1921 здзейсніў пераварот, знішчыў б.ч. кіраўніцтва Гілянскага абкома Іранскай кампартыі. Атрады К.-х. разгромлены шахскімі войскамі, а сам ён загінуў.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВІ́С ((Lavisse) Эрнест) (17.12.1842, Ле-Нув’ён-ан-Цьераш, Францыя — 18.8.1922),
французскі гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1892), праф. Сарбоны (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1865), у 1904—19 яе дырэктар. Пасля паражэння Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71 вывучаў гісторыю Германіі, пераважна Прусіі, спрабуючы знайсці тлумачэнне яе ваен. і паліт. поспехам. Адзін з рэдактараў (з А.Рамбо) і аўтараў калект. прац «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901), «Гісторыя Францыі са старажытнасці да рэвалюцыі» (т. 1—9, 1903—11) і «Гісторыя сучаснай Францыі ад рэвалюцыі да міру 1919» (т. 1—10, 1920—22).
т. 9, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБРО́ЗА ((Lombroso) Чэзарэ) (6.11.1835, г. Верона, Італія — 9.10.1909),
італьянскі судовы псіхіятр і крыміналіст, заснавальнік антрапалагічнай школы права. Скончыў Павійскі ун-т (1858). З 1862 праф. Павійскага, з 1896 Турынскага ун-таў. Л. сцвярджаў, што злачынства звычайная з’ява, што існуе асобы тып «прыроджанага злачынцы», які не можа не рабіць злачынства; ён валодае асобымі фіз. прыкметамі («стыгматамі»), напр., у яго нізкі лоб, сплюшчаны нос, рэдкая барада і да т. п. Пазней Л. прызнаваў значэнне сац. прычын злачыннасці, што дало падставу лічыць яго тэорыю біясацыялагічнай. Паводле сваіх паліт. поглядаў Л. — прыхільнік расавай тэорыі.
Тв.:
Рус. пер. — Гениальность и помешательство: [Сб. работ]. М., 1995.
т. 9, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГА́Т (ад лац. legatus пасол),
1) у Старажытным Рыме прызначаны сенатам пасол ці ўпаўнаважаны, які выконваў паліт. даручэнне. У перыяд позняй рэспублікі Л. наз. памочнікаў палкаводцаў і намеснікаў у правінцыях. Пры Юлію Цэзару Л. камандавалі легіёнамі. У час імперыі Л. — намеснікі ў імператарскіх правінцыях, валодалі консульскай уладай.
2) Л. папскі — тытул вышэйшага дыпламат. прадстаўніка папы рымскага. Упершыню сталі прызначацца ў 6 ст. У каталіцкай царкве існуе некалькі відаў Л.
3) У грамадз. праве Л. — завяшчальная адмова (лац. legatum), ускладанне на спадчынніка паводле завяшчання выканання якіх-н. абавязацельстваў на карысць якіх-н. асоб.
т. 9, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ,
перыяд праўлення ў Францыі прадстаўніка арлеанскага дома (малодшай галіны Бурбонаў) караля Луі Філіпа [1830—48] паміж Ліпеньскай рэвалюцыяй 1830 (ад яе назва) і Лютаўскай рэвалюцыяй 1848, якая ўстанавіла другую рэспубліку. Рэжым Л.м. характарызаваўся паліт. і эканам. панаваннем буйных банкіраў, гандляроў, прамыславікоў і абмежаванай у параўнанні з перыядам Рэстаўрацыі (1814—30) уладай караля. Незадаволенасць прац. мас, прадпрымальніцкіх колаў і дэмакр. інтэлігенцыі вынікамі Ліпеньскай рэвалюцыі і палітыкай улад (законы супраць рабочых саюзаў і свабоды друку, павелічэнне падаткаў і інш.) выклікала шматлікія паўстанні, у т. л. Ліёнскія паўстанні 1831 і 1834, і абумовіла крах Л.м. ў 1848.
т. 9, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯН ЦІЧА́О (23.2.1873, прав. Гуандун, Кітай — 19.1.1929),
кітайскі паліт. дзеяч, гісторык. Выступаў за спалучэнне канфуцыянскіх традыцый з еўрап. новаўвядзеннямі. У час. «Сто дзён рэформ» (1898) дарадца імператара Гуансюя. Пасля паражэння рэфарматараў эмігрыраваў у Японію, сумесна з Кан Ювэем стварыў канстытуцыйна-манарх. Саюз абароны імператара. Вярнуўся ў Кітай у 1912 у час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13. Стварыў Прагрэсіўную партыю. Падтрымаў прэзідэнта Юань Шыкая супраць Сунь Ятсена, але асудзіў спробу першага абвясціць сябе імператарам. З 1923 узначальваў кіт. секцыю ПЭН-клуба, выкладаў у Пекінскім ун-це. Аўтар філас. і гіст. прац, п’ес, вершаў і інш.
т. 9, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-ГРОЎ-ХІЛ КО́МПАНІ ІНКАРПАРЭ́ЙТЭД (Mc Graw-Hill Company Incorporated),
адно з буйнейшых выдавецтваў ЗША. Засн. ў 1809 у Нью-Йорку. Выдае навукова-тэхн. л-ру — энцыклапедыі, энцыклапедычныя даведнікі, падручнікі, кнігі па прыродазнаўчых, дакладных, грамадска-паліт. навуках, медыцыне, тэхніцы, а таксама па пытаннях арганізацыі і кіравання вытворчасцю. Найб. значныя выданні — «Штогоднік навукі і тэхнікі» (т. 1—9, 1982—90), «Энцыклапедыя навукі і тэхнікі» (т. 1—15, 7-е выд. 1992). Выпускае магнітафонныя і відэакасеты, кампакт-дыскі. Мае фірмы ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Еўропе, Азіі, Аўстраліі. З 1980-х г. дзейнічае ў складзе амер. медыя-канцэрна «Мак-Гроў-Хіл».
т. 9, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)