ІНСТЫТУ́Т БІЯАРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1974 у Мінску на базе Аддзела біяарганічнай хіміі Ін-та фіз.-арган. хіміі АН Беларусі (з 1959). У ін-це (1998): 11 лабараторый, аддзел біял. выпрабаванняў; доследная вытв-сць (з 1985); аспірантура; савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: хімія і біял. дзеянне прыродных біяпалімераў і нізкамалекулярных біярэгулятараў; метады імунахім. і біясенсорнага аналізу для ацэнкі функцыян. стану рэпрадуктыўнай, імуннай і інш. сістэм арганізма чалавека; новыя біятэхналогіі (у т. л. геннаінж.) атрымання біялагічна важных злучэнняў. Распрацаваны шэраг лек. прэпаратаў для лячэння рассеянага склерозу, язвы страўніка, лек. сродкі супрацьлейкознага і супрацьпухліннага характару; экалагічна бяспечныя і эфектыўныя інсектыцыды, гербіцыды для сельскай гаспадаркі; высокаэфектыўныя стымулятары росту раслін і адаптагены; сродкі павышэння прадукцыйнасці і паляпшэння якасці с.-г. культур. Распрацаваныя ў ін-це метады імунахім. мікрааналізу, неабходнага для дыягностыкі і прафілактыкі разнастайных захворванняў, укаранёны ў практыку мед. устаноў рэспублікі. Працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.А.Ахрэм, А.А.Стральчонак (дырэктар з 1989), чл.-кар. Ф.А.Лахвіч, І.А.Міхайлопула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МЕХА́НІКІ МЕТАЛАПАЛІМЕ́РНЫХ СІСТЭ́Мімя У.А.Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1969 у Гомелі на базе Аддзела механікі палімераў АНБССР (існаваў з 1963). У ін-це (1998) 11 аддзелаў, аспірантура і дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: тэарэт. асновы кіравання трываласнымі, адгезійнымі, антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі кампазітаў і інш. сістэм на аснове арган. і неарган. палімераў з мэтаю стварэння матэрыялаў для дэталей і вузлоў машын, абсталявання і прылад; тэорыя трэння і зношвання палімерных кампазітаў; метады разліку дэталей з палімераў і палімерных кампазітаў. Створаны палімерныя матэрыялы, якія даюць магчымасць значна павялічыць рэсурс і надзейнасць машын, зменшыць адмоўнае ўздзеянне вытв. дзейнасці на навакольнае асяроддзе; распрацаваны метады і спосабы кіравання ўласцівасцямі палімерных матэрыялаў пры дапамозе ўздзеяння эл. і магн. палёў, іанізавальнага выпрамянення, фіз.-хім. мадыфікавання; арыгінальныя тэхналогіі і тэхнал. абсталяванне для атрымання такіх матэрыялаў. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі У.А.Белы, А.І.Свірыдзёнак; працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі Б.І.Купчынаў, Ю.М.Плескачэўскі (дырэктар з 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ПРЫКЛАДНО́Й ФІ́ЗІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1980 у Мінску на базе Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі (існаваў з 1963). У ін-це 13 лабараторый, аспірантура і дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: развіццё навук. асноў, даследаванне фіз. прынцыпаў, стварэнне метадаў і сродкаў неразбуральнага кантролю (НК) рэчыва, вырабаў і тэхнал. працэсаў галін машынабудавання і энергетыкі; фіз. і матэм. асновы выліч. дыягностыкі аб’ектаў і сістэм з неаднароднай і зменлівай структурай. Распрацаваны: тэорыя нелінейных дынамічных працэсаў перамагнічвання і неаднароднага намагнічвання; асновы магн. і эл.-магн. метадаў НК; тэарэт. асновы капілярнага НК і акустычных метадаў дэфектаскапіі з выкарыстаннем магн. палёў; тэорыя сістэм з выпадковай і зменлівай структурай для дыягностыкі і бяспечнага кіравання дынамічнымі аб’ектамі; фіз. асновы кантролю фіз.-мех., магн. і эл. уласцівасцей матэрыялаў і вырабаў (у т. л. шматслойных і неаднародных). Выдадзены працы ін-та «Дасягненні ў фізіцы электрамагнітнага неразбуральнага кантролю» (Мінск — Токіо, 1994). У ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.С.Акулаў, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. І.С.Кавалёў, працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі В.М.Арцём’еў, М.М.Зацэпін, П.П.Прахарэнка (дырэктар з 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т РАДЫЯЦЫ́ЙНЫХ ФІ́ЗІКА-ХІМІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́МНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Ін-та ядзернай энергетыкі АН Беларусі (існаваў з 1965). У ін-це (1998): 7 лабараторый, 2 тэхнал. аддзелы. аспірантура.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка і хімія ўзаемадзеяння высокаэнергетычных выпрамяненняў з рэчывам, распрацоўка тэхналогій і тэхнікі для выкарыстання выпрамяненняў у нар. гаспадарцы. Распрацаваны: тэарэт. метады, мадэлі і матэм. праграмы апісання і аналізу працэсаў узаемадзеяння нуклонаў з ядрамі для разліку ядзерна-фіз. канстантаў трансактынідаў і спектраў нейтронаў, што вылучаюцца ў гэтых працэсах; інфарм. сістэма для комплекснай ацэнкі рызыкі ад уздзеяння на чалавека прымесей таксінаў і канцэрагенаў, якія маюць харч. прадукты, пітная вада, паветра; метад апрамянення харч. прадуктаў для павелічэння тэрмінаў захавання і знішчэння патагеннай мікрафлоры; тэхналогія і абсталяванне для вытв-сці пенаполітэтылену метадам радыяцыйнага сшывання. Створаны: новы кампазіцыйны антыфрыкцыйны матэрыял; устаноўка для рэгенерацыі адпрацаванага травільнага раствору; аўтаматызаваная ацяпляльная сістэма на аснове інфрачырвоных выпрамяняльнікаў; сістэма ачысткі ад фенолу і фармальдэгіду, газавых выкідаў хім. вытв-сцей. Запушчаны ў эксплуатацыю нейтронны генератар (тып НГ-12-1 — адзін з буйнейшых у Еўропе, 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКТО́ ((Cocteau) Жан) (5.7.1889, г. Мезон-Лафіт, Францыя — 11.10.1963),
французскі пісьменнік, мастак, кінарэжысёр, тэатр. дзеяч. Чл.Франц.акадэміі (1955). Дэбютаваў у 1909 як паэт-сімваліст (зб. «Лямпа Аладзіна»), Выступаў за балетны спектакль новага тыпу, заснаваны на збліжэнні харэаграфіі з эстрадай і эксцэнтрыкай; супрацоўнічаў з С.Дзягілевым. Паэтычная творчасць развівалася ад куба-футурызму і дадаізму («Ода Пікасо», 1919, зб. «Вершы», 1920) да сюррэалізму (зб. «Опера», 1927). У зб-ках крытычных афарызмаў «Певень і арлекін» (1918) і «Прафесійны сакрэт» (1922) выступіў як прыхільнік авангардысцкай групы «Шасцёрка» ў музыцы і дадаізму ў л-ры. Аўтар раманаў «Самазванец Тама» (1923) і «Цяжкія дзеці» (1929), п’ес «Антыгона», «Рамэо і Джульета» (спроба «амаладжэння» ант. і шэкспіраўскай трагедыі), «Арфей» (усе 1928), «Адская машына» (1934), псіхал. манадрамы «Чалавечы голас» (1930; паводле яе ў Мінску ў 1985 паст.аднайм. монаопера Ф.Пуленка), «Цяжкія бацькі» (1938), «Двухгаловы арол» (1946), «Вакх» (1952) і інш. Адзін з заснавальнікаў «Балета Елісейскіх палёў» (1944). Пісаў лібрэта балетаў, опер, кінасцэнарыі. Ставіў кінафільмы («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Арфей», 1950; «Запавет Арфея», 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬМАН ((Kálmán) Імрэ) (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),
венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.
Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.
Літ.:
Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІ (Міхал) (7.9.1714, в. Дзітрыкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.3.1781),
паэт, педагог, прыхільнік класіцызму. Магістр філасофіі і вольных навук (1745), д-р філасофіі (каля 1750). Вучыўся ў школе Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. Скончыў Слуцкую семінарыю (1733), Віленскую акадэмію (1736). З 1730 чл. ордэна езуітаў. Выкладаў у калегіумах Варшавы, Мінска, Драгічына, у Віленскай акадэміі. З 1773 рэктар Мінскай ваяводскай школы. Імкнуўся надаць сістэме адукацыі больш свецкі характар. Пісаў на лац. мове. Найб. вядомая паэма «Птушыны сейм» — сатыра на мясц. шляхту і магнатаў Рэчы Паспалітай. Аўтар сатыр. твораў («Казка», «Ападосіс» і інш.), элегій («Да Касакоўскага», «Да брата Караля»), прыродаапісальнай оды «Да Зімы», вершаў (пры жыцці апубл. 25), панегірыкаў Кацярыне II, пасланняў пісьменнікам і грамадскім дзеячам (І.Красіцкаму, М.Пачобут-Адляніцкаму, Р.Пацёмкіну і інш.), пародый. Паэт. спадчына К. выдадзена Полацкай езуіцкай акадэміяй пад назвай «Песні» (1817). Яго творам уласціва жывасць і лёгкасць мовы, багатая фантазія. Паэзія К. паўплывала на лацінамоўную паэзію Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны эпохі Асветніцтва.
Літ.:
Жлутко А. Міхал Карыцкі: Песні камэны // Шляхам гадоў. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯРО́Ў (Ігар Васілевіч) (н. 15.7.1948, г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. сацыёлаг і палітолаг. Д-р сацыялагічных н. (1990), канд.філас.н. (1983), праф. (1994). Прэзідэнт Бел.акадэміісац. навук (з 1997). Скончыў Віцебскі тэхнал.ін-т лёгкай прам-сці (1971), Мінскую вышэйшую парт. школу (1982). Працаваў у праектна-канструктарскіх установах. З 1984 лектар, нам.заг. ідэалагічнага аддзела ЦККПБ. З 1991 у Ін-це сацыялогіі АН Беларусі. З 1993 у Бел. ін-це інфармацыі і прагнозу пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (з 1995 нам. дырэктара, дырэктар). Дэп., старшыня Камісіі па правах чалавека і нац. пытаннях Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1995—96). Дэп., нам. старшыні Камісіі па правах чалавека і нац. пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь з 1996. Даследуе праблемы паліт. сацыялогіі, метадалогіі і методыкі сац. праектавання і прагназавання, міжнац. і канфесіянальных адносін у Беларусі.
Тв.:
Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;
Политические партии Беларуси: анализ, проблемы, прогнозы. Мн., 1997;
Молодежь Беларуси на пороге XXI в.: социол. анализ. Мн., 1997;
Беларусь на этапе социального перелома: социол. анализ. Мн., 1998.
дзеяч бел. эміграцыі, амерыканскі вучоны. Д-р філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі (1982), акад.Міжнар.акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы (1991). Скончыў Навагрудскую бел. гімназію (1928), Віленскі ун-т (1933). Працаваў настаўнікам, дырэктарам Віленскай і Навагрудскай бел. гімназій. За рэв. дзейнасць двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1939—41 выкладаў у Баранавіцкім настаўніцкім ін-це, працаваў інспектарам школ Баранавіцкай вобл. У 1943 з дазволу акупац. улад арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, засн. Адм.-гандл ін-т у Маладзечне. З 1944 у Германіі, з 1948 у ЗША, дзе заснаваў бел. калонію ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Удзельнічаў у распрацоўцы амер.касм. праектаў, адначасова выкладаў у Мэрылендскім ун-це. З 1972 у Германіі, выкладаў у Гайдэльбергскім ун-це, філіяле Мэрылендскага ун-та ў г. Вісбадэн. Аўтар навук. прац па праблемах астранаўтыкі. Фундатар многіх эміграцыйных бел. выданняў, бел. радыё ў Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЛЕ́ЖА ((Krleža) Міраслаў) (7.7.1893, г. Заграб, Харватыя — 29.12.1981),
харвацкі пісьменнік, публіцыст. Скончыў ваен. акадэмію ў Будапешце. З 1947 віцэ-прэзідэнт Паўднёваславянскай акадэміі навук і мастацтваў (г. Заграб). Друкаваўся з 1914. Праблемы светабудовы, веры, мастацтва ў сімволіка-алегарычных легендах «Маскарад», «Легенда» (абедзве 1914), «Кралева» (1915), «Крыстафор Калумб» (1918), «Мікеланджэла Буанароці» (1919). Услаўленне зямнога быцця ў паэмах «Пан» і «Тры сімфоніі» (абедзве 1917). Зб-кі «Вершы» (т. 1—3, 1918—19), «Лірыка» (1919), цыклы антымілітарысцкіх навел «Харвацкі бог Марс» (1922), «Тысяча і адна смерць» (1933), драма «Галіцыя» (1922) прысвечаны падзеям 1-й сусв. вайны. Сац., духоўная і псіхал. біяграфія некалькіх пакаленняў харватаў у раманах «Вяртанне Філіпа Лацінавіча» (1932), «На мяжы розуму» (1938), «Банкет у Блітве» (т. 1—3, 1938—62), «Сцягі» (т. 1—5, 1962—69), «Дзённік» (т. 1—5, 1977). Аўтар цыкла сямейна-быт. драм «Паны Глямбаевы» (1928—32), стылізаваных пад старадаўнюю паэзію «Балад Петрыцы Керампуха» (1936), артыкулаў, эсэ, мемуараў, дарожных нататак. Гал. рэдактар «Энцыклапедыі Югаславіі».