часці́ца, -ы, мн. -ы, -ці́ц, ж.
1. У граматыцы: службовае слова, якое не мае самастойнага значэння, а выражае розныя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні слоў, словазлучэнняў і сказаў.
2. Элементарная частка ў складзе якога-н. рэчыва (спец.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
шкло... (а таксама шкла...).
Першая частка складаных слоў са знач.:
1) які мае адносіны да шкла, які ўтрымлівае ў сабе шкло, напр.: шклобетонны, шкловытворчасць, шкложалезабетон, шклокераміка, шклоруберойд, шклотканіна, шклоцэмент;
2) зроблены са шкла, напр.: шкловалакно, шкломазаіка, шклотавары.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
АНА́ФАРА (грэч. anaphora літар. вынясенне ўверх),
адзінапачатак, стылістычная фігура ў вершаскладанні — паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў (адпаведна выдзяляюць гукавую, лексічную і сінтаксічную анафару). Павышае эмацыянальнасць паэт. выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, яднае асобныя радкі і часткі тэксту. Прыклад лексічнай анафары:
Зноў навіслі цёмны хмары,
Зноў туманы неба крыюць,
Зноў па свеце ходзяць мары,
Зноў крапчэй нам віхры выюць...
(Цётка. «Бура ідзе»)
т. 1, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАВЯДА́ЛЬНЫ СКАЗ,
камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, у якой рэчаіснасць адлюстроўваецца ў выглядзе паведамлення. Асн. прызначэнне апавядальнага сказа — несці інфармацыю (гэтым ён проціпастаўляецца пытальнаму сказу і пабуджальнаму сказу). Апавядальнаму сказу ўласціва складаная сістэма сродкаў перадачы паведамляльнага значэння: інтанацыя, фразавы (лагічны) націск, парадак слоў, марфал. катэгорыі (асабліва катэгорыі часу і абвеснага ладу дзеяслова), службовыя словы і інш. Структурныя схемы апавядальнага сказа разнастайныя: ад аднаслоўных сказаў да канструкцый самай складанай пабудовы.
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗНАЧЭ́ННЕ, дэфініцыя,
устанаўленне, раскрыццё зместу якога-небудзь паняцця. Дае магчымасць фармуляваць крытэрыі вылучэння аб’екта, які вывучаецца, сярод іншых аб’ектаў, а таксама магчымасць фармуляваць або ўдакладняць значэнне тэрмінаў (слоў, словазлучэнняў). Вызначэнні фармулююцца ў працэсе навук. даследавання ў наяўным выглядзе і складаюць найважнейшую частку навук. тэорый і іх фрагментаў, адносна завершаных разважанняў. Адлюстроўваючы аб’екты ў іх істотных прыкметах, вызначэнні скарачаюць складаныя апісанні і замяняюць іх больш простымі.
У.К.Лукашэвіч.
т. 4, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́НЕ РУ́СКЕ СХІЗМАТЫ́ЧНЭ»,
ананімны бел. празаічны твор сярэдзіны 18 ст. Адкрыты ў 1974. Створаны, відаць, у Віцебску, стылізаваны пад праваслаўную («схізматычную» — раскольніцкую) пропаведзь. У ім выявілася антыпольская арыентацыя аўтара, які ўслаўляў дзейнасць Пятра I. Асуджалася крывадушнасць мясц. феадалаў (асабліва прыгонніцы А.Скарынкавай), якія сваю амаральнасць прыкрывалі маскай набожнасці. Напісана лацінкаю, уключае шмат лац. слоў і павучанняў, рус. лексіку. Рукапіс зберагаецца ў б-цы АН Літвы.
А.В.Мальдзіс.
т. 7, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЫ́ШКА (Міхась Канстанцінавіч) (8.7.1925, в. Данейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 10.1.1984),
бел. мовазнавец. Брат А.К.Клышкі. Скончыў БДУ (1958). Працаваў журналістам, у 1967—81 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Аўтар першага ў бел. лексікаграфіі «Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў» (1976, 2-е выд. 1993), праілюстраванага матэрыяламі з твораў бел. пісьменнікаў, фальклору, навук., навук.-папулярных, даведачных і перыяд. выданняў.
Літ.:
Сцяпко П. Беларускі сінанімічны... // Полымя. 1997. № 4.
І.У.Саламевіч.
т. 8, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
...гонны, ‑ая, ‑ае.
Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: такі, што садзейнічае выдзяленню чаго‑н., названага ў першай частцы слова, напрыклад: глістагонны, патагонны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
...грамовы, ‑ая, ‑ае.
Другая састаўная частка складаных слоў, першая частка якіх з’яўляецца лічэбнікам і абазначае: у столькі грамаў, колькі паказвае лічэбнік; напрыклад: дзесяціграмовы, двухсотграмовы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дабра... (гл. добра...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «добра...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: дабравольны, дабрадзей, дабрадушнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)