праро́к, ‑а, м.

1. Паводле некаторых рэлігійных вераванняў — праведнік волі бога, пасланы богам. [Арцём:] — А сынок ты мой! Скажы мне, каток, які гэта прарок сядзеў у пустыні і крумкачы насілі яму мяса? Колас.

2. Прадказальнік будучыні, вяшчун. Запанавала цішыня, але Малец чамусьці ўспомніў перарваную ўжо каторы раз размову, спытаўся ў Ярошкі: — Слухай, прарок, а чаму ты мне не пагадаў наконт грошай? Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысні́цца, ‑снюся, ‑снішся, ‑сніцца; зак.

З’явіцца, паказацца ў сне. І заспала. Бо прыснілася ёй Лідачка, зорачка яе ненаглядная, унучка, хоць і не родная. Брыль. Кастусь варочаўся так і гэтак, але сон не браў яго. А калі нарэшце задрамаў, прыснілася Алеся. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пырну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што, чым.

Разм. Ударыць чым‑н. вострым. Саўка схапіў са стала нож з вострым канцом і пырнуў войта пад бок. Колас. Дзям’ян яшчэ раз пырнуў штыком.. [фашыста] ў грудзі і, забраўшы ўсю зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. — Бачыш, якая ў яго адмысловая рагаціна. Як пырне зверу ў жывот, дык той і асунецца. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разо́к, ‑зка і ра́зік, ‑а, м.

Разм. Памянш.-ласк. да раз (у 1, 2 знач.). Страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкнуць яшчэ разок. Шамякін. Мікітку Адамавага яна ўжо разок бачыла. Радкі два было тады яму. Ракітны. Шапнуў ён: «Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь!» Яму з дакорам я прамовіла: «Адстань!» Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассла́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Пазбавіцца сіл, напружання; аслабець. Вова расслабіўся і сёмы раз ужо не перакуліўся, калыхнуўся назад. Хомчанка. Холад між тым і асвяжаў, не даваў расслабіцца, напружваў усе мышцы. Быкаў.

2. Стаць слабкім; пасвабаднець; расслабець. [Даніла] намацаў дрыжачымі пальцамі канец раменьчыка на хамуце, рвануў яго на сябе — супонь расшморгнулася, расслабілася, і Белакапытны, вылузаўшы галаву з хамута, выскачыў з баразны. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саніта́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Жан. да санітар. Вера, седзячы ўвечары на ганку, расказала.. [Кузьмовай маці] пра свае былыя мары стаць урачом, пра тое, як падлеткам у партызанскім атрадзе яна была санітаркай, а пасля медсястрой. Дуброўскі.

2. Разм. Санітарная аўтамашына. [Трупаў:] — Пастой, пастой, а ты хто такі? [Салдат:] — Не твая справа! А раз ездзіш на санітарцы, дык і падбірай параненых. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́цца, скуецца; зак.

1. Злучыцца пры дапамозе кавання.

2. перан. Пазбавіцца волі. Як на небе зара, ці як думка ў душы Не скуешся няволі ты [песня] путамі. Купала. // Страціць рухомасць; анямець. Апошні раз.. [Яніна] заснула не ведае і калі: хацела падымацца, бо пачало днець, а вочы скаваліся дрымотай... Кірэенка.

3. перан. Накрыцца лёдам, замерзнуць (пра раку, возера і пад.). Рэчка скавалася Лёдам крыштальным. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссы́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. ссыпа́ць — ссы́паць (у 1 знач.).

2. Разм. Уст. Зерне, якое здавалі бацькі вучняў сельскіх школ на патрэбы школы. [Саханюк:] — Я грунтуюся на цыркуляры дырэкцыі народных вучылішчаў, які зазначае, што раз была пастанова валаснога сходу даваць ссыпку, дык ваша вёска не мае права яе адабраць. Вось чаму я і прыехаў забраць гэту ссыпку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старава́ты, ‑ая, ‑ае.

Ужо не малады, крыху стары (у 1, 3 знач.). [Дзяўчына:] — А Даніла стараваты, А Кірыла сумнаваты, Выйду замуж я за Саву, Працавіты ён на славу. Дзеружынскі. — Здаецца, нічога, — адказаў ветэрынар, гледзячы каню ў зубы. — Стараваты, ды не зусім. У абоз. Якімовіч. // Не новы, устарэлы. [Васіль Ігнатавіч:] — Тут замінка ў тым, што ў цябе, Патапавіч, іншы раз думкі крыху стараватыя. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стусі́на, ‑ы, ж.

Разм. Прут, дубец. Пакручваючы над жывёлінамі стусінай, я раз-пораз пакрыкваў на іх: «Цоб, цабе!» Сабаленка. // Гібкае пугаўё. [Адзін дзядзька:] — Нехта пугу з сядзення выцягнуў. І такая ж была пуга, каб ён не спажыў яе! Стусіна, у краме куплена. Чорны. // перан. Пра высокага тонкага чалавека. — Ну, ну... сам ты трыбунал, бачыш, як пагладзеў, а быў, як стусіна, — пажартавала байчэйшая. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)