АЛІГАФРЭНІ́Я (ад аліга... + грэч. phrēn розум),

разумовая недаразвітасць, прыроджаная ці набытая ў першыя гады жыцця дзіцяці. Прычыны: паталогія на ўзроўні генаў і храмасом, неспрыяльнае ўздзеянне экзагенна-арган. фактараў на мозг зародка, плода дзіцяці (алкагалізм бацькоў, таксікозы, асфіксія пры родах, нейраінфекцыі, чэрапна-мазгавыя траўмы і інш.). Найб. тыповыя прыкметы алігафрэніі — недаразвіццё абстрактна-лагічнага мыслення, зніжэнне памяці, малы запас слоў. Інтэлектуальная недастатковасць часта спалучаецца з заганамі развіцця органаў, сістэм, будовы цела. Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю, цяжкую і глыбокую алігафрэнію

Дзеці з лёгкай ступенню разумовай адсталасці (дэбільныя) у стане авалодаць праграмай дапаможнай школы, моўнымі навыкамі і нескладанымі прафесіямі; каэф. інтэлектуальнага развіцця 50—69 балаў. Да сярэдняй ступені разумовай адсталасці (імбецыльнасць) адносяцца дзеці з каэф. інтэлектуальнага развіцця 35—49 балаў, здольныя авалодаць толькі элементамі мовы і навыкамі самаабслугоўвання. Сістэматычная вучэбная і прац. дзейнасць недаступная. Дарослыя самастойна жыць не могуць. Пры цяжкай ступені разумовай адсталасці (каэф. інтэлектуальнага развіцця 20—34 балы) інтэлектуальная недастатковасць больш выяўлена, парушана маторыка, ёсць фіз. дэфекты. Хворыя з глыбокай разумовай адсталасцю (ідыятыя) не маюць вышэйшых псіх. функцый, мова не развіваецца, увага не засяроджваецца, рэакцыя рэзка зніжана; каэф. інтэлектуальнага развіцця ніжэй за 20 балаў. Патрабуюць пастаяннага догляду. Лячэнне алігафрэніі сімптаматычнае.

Ф.​М.​Гайдук.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЧУВА́ННЕ,

псіхічны працэс адлюстравання асобных уласцівасцяў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў. Узнікаюць ад таго, што раздражняльнікі дзейнічаюць на ўспрымальныя часткі аналізатараў—рэцэптары; нервовыя імпульсы дасягаюць галаўнога мозга і выклікаюць адчуванне. Спецыфіка адчування чалавека, іх дасканаласць абумоўлены сац.-гіст. прычынамі, працоўнай дзейнасцю. Адчуванні з’яўляюцца крыніцай непасрэднай інфармацыі аб навакольным свеце. Як адлюстраванне аб’ектыўных уласцівасцяў рэчаў адчуванне з’яўляецца сродкам пазнання рэчаіснасці. У чалавека найб. развіты зрокавыя адчуванні. Потым ідуць адчуванні слыху, смаку, нюху, дотыку. Працэсы, што адбываюцца ў арганізме, выклікаюць арганічныя адчуванні (голад, смагу, боль). Існуюць таксама адчуванні вібрацыйныя, руху і становішча органаў цела, раўнавагі і інш.

У працэсе пазнання адчування выконваюць функцыі: як субстрат успрымання даюць апошняму магчымасць адлюстраваць структуру вонкавых прадметаў; выступаюць у ролі прыкмет аб’ектыўных уласцівасцяў вонкавых прадметаў пры ўмове, што ўзаемасувязь паміж якасцю адчування і ўласцівасцю прадмета раней вядомая; з’яўляюцца асновай для фарміравання элементарных уяўленняў. Праблематыка адчування распрацоўваецца ў псіхафізіцы сенсорных працэсаў і розных раздзелах фізіялогіі. Разнастайнасць адчування адлюстроўвае якасную разнастайнасць навакольнага свету. Адчуванні дапамагаюць чалавеку прыстасоўвацца да асяроддзя і ўздзейнічаюць на яго.

Літ.:

Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;

Ананьев Б.Г. Теория ощущений. Л., 1961.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕНЕТЫ́ЧНЫ ЗАКО́Н,

1) у біялогіі — закон, паводле якога арганізм у індывід. развіцці (антагенезе) паўтарае ў скарочаным выглядзе некаторыя фазы гіст. (эвалюцыйнага) развіцця свайго віду (філагенез). Сфармуляваў ням. біёлаг Э.Гекель (1866) на аснове працы Ф.Мюлера (1864), таму біягенетычны закон часам называюць законам Мюлера—Гекеля. Закон пацвярджаецца наяўнасцю ў лічынак і зародкаў шматклетачных жывёл правізарных, а ў дарослых — рудыментарных органаў.

Паводле Гекеля эмбрыянальнае развіццё не заўсёды ўзнаўляе пачатковы шлях філагенетычнага развіцця, у ім могуць быць прагрэсіўныя адхіленні з’яў адаптацыі (цэнагенезы) у адрозненне ад кансерватыўных прыкмет і працэсаў — палінгенезаў. Больш познія даследаванні паказалі, што эвалюцыя арганізмаў адбываецца на аснове спадчынных змен любых стадый антагенезу (тэорыя філэмбрыягенезу А.М.Северцава), філагенез ёсць генетычны рад вядомых антагенезаў, а біягенетычны закон — прыватны выпадак спалучэнняў анта- і філагенезу.

2) У псіхалогіі і педагогіцымех. перанясенне біягенетычнага закону з прыроды на чалавечае грамадства, спроба растлумачыць псіхічнае развіццё дзіцяці як працэс, асобныя ступені якога з’яўляюцца паўтарэннем асн. ступеняў гіст. развіцця псіхікі чалавецтва. Пры гэтым сцвярджаецца, што ў антагенезе дзіцячай псіхікі ўзнаўляюцца асн. стадыі біял. эвалюцыі і этапы культ.-гіст. развіцця чалавецтва (амер. псіхолагі Дж.​Болдуін, С.​Хол, ням. К.​Бюлер і В.​Штэрн, рус. П.​П.​Блонскі і інш.). Гл. таксама Узроставая псіхалогія.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗААБМЕ́Н у фізіялогіі,

працэс пастаяннага абмену газаў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем пры дыханні, фотасінтэзе і інш. Заключаецца ў паглынанні арганізмам кіслароду (O2) і выдзяленні вуглякіслага газу (CO2) — канчатковага прадукту акісляльнага метабалізму. Біял. роля газаабмену вызначаецца яго непасрэдным удзелам у абмене рэчываў, пераўтварэнні хім. энергіі засваяльных пажыўных прадуктаў у энергію, неабходную для жыццядзейнасці арганізма. Газаабмен адлюстроўвае інтэнсіўнасць працэсаў акіслення біялагічнага ва ўсіх органах і тканках. У раслін газаабмен адбываецца праз вусцейкі ліста; у чалавека і высокаарганізаваных жывёл — праз сістэмы органаў дыхання і кровазвароту і скуру, у прасцейшых — шляхам дыфузіі газаў праз паверхню цела. Патрэба ў газаабмене тым большая, чым вышэй арганізаваны жывы арганізм.

Газаабмен у чалавека і жывёл вызначаюць спец. прыладамі, з дапамогай якіх разлічваюць энергазатраты арганізма (непрамая каларыметрыя). Узровень газаабмену залежыць ад стану арганізма, умоў знешняга асяроддзя, інтэнсіўнасці мышачнай дзейнасці і інш. Рэгуляцыя газаабмену ідзе на ўсіх этапах транспарту газаў за кошт біяхім., біяфіз., нервовых і гумаральных уплываў. Газаабмен вывучаюць для ацэнкі дынамікі захворванняў і эфектыўнасці іх лячэння, у с.-г. жывёл — для распрацоўкі навукова абгрунтаваных нарматываў кармлення і ўтрымання.

Літ.:

Уэст Дж. Физиология дыхания: Основы: Пер. с англ. М., 1988;

Физиология дыхания. Л., 1991 (Руководство по физиологии).

Н.​М.​Петрашэўская.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕВЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 15—18.2.1949 у Мінску. Прысутнічала 787 дэлегатаў з рашаючым і 129 з дарадчым голасам ад 110 206 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (М.​І.​Гусараў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.​Я.​Сядых); выбары кіруючых органаў КП(б)Б. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, падвёў вынікі арганізатарскай работы партыі ў Вял. Айч. вайну, прааналізаваў ход аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі. Шмат увагі аддавалася ідэалаг. рабоце, барацьбе з праявамі бурж. ідэалогіі, у т. л. з нізкапаклонствам перад заграніцай. З’езд падкрэсліў, што найвялікшая задача КП(б)Б і ўсіх працоўных рэспублікі — датэрміновае выкананне 4-й пяцігодкі; намеціў мерапрыемствы па паляпшэнні парт. кіраўніцтва аднаўленнем і развіццём нар. гаспадаркі. Выбраў ЦК КП(б)Б з 83 чл. і 48 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 29 чл.

Літ.:

Гусараў М.І. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі на XIX з’ездзе КП(б)Б. Мн., 1949;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.

А.​Л.​Яфімчык.

т. 6, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,

група хвароб, што бываюць выключна ці пераважна ў дзяцей і звязаны з асаблівасцямі развіцця іх арганізма. Ва ўлонні маці ўзбуджальнікі інфекц. хвароб (таксаплазмоз, сіфіліс, сываратачны гепатыт, цытамегалія і інш.) праз плацэнту хворай маці пашкоджваюць унутр. органы і ц. н. с. Да заган развіцця плода прыводзіць і ўздзеянне на арганізм маці фіз., хім., біял. фактараў. Пры родах парушэнне кровазвароту ў плацэнце выклікае асфіксію, магчымы родавыя траўмы, заражэнне плода. У нованароджаных (да 4 тыдняў) бываюць хваробы, звязаныя з родамі (траўмы, кровазліццё ў мозг, неданошанасць), і выяўляюцца асн. недахопы развіцця плода. Яны асабліва адчувальныя да гнаяроднай інфекцыі, пераахаладжэнняў, хварэюць на сепсіс і запаленне лёгкіх. У грудным узросце бываюць гіпатрафія, паратрафія, анемія, дыятэз, рахіт, спазмафілія. Дзеці да 7 гадоў пераважна хварэюць на вострыя дзіцячыя інфекцыі — адзёр, коклюш, воспу ветраную, шкарлятыну, дыфтэрыю. У дзяцей малодшага школьнага ўзросту (7—12 гадоў) бываюць гэтыя і інфекц.-алергічныя хваробы — рэўматызм, астма бранхіяльная, нефрыты. У сярэднім і старэйшым школьным узросце (12—17 гадоў) найчасцей расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэнні абмену рэчываў, дысфункцыя эндакрынных залоз, абвастрэнне інфекц.-алергічных хвароб. туберкулёзу, рэўматызму. З пачаткам палавой спеласці выяўляюцца дэфекты развіцця палавых органаў.

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МАГІЛЁЎСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.

Засн. ў Магілёве ў 1919 як Магілёўскае губ. архіўнае ўпраўленне, пазней бюро, з 1924 Магілёўскі акр. архіў (аддзел) Цэнтр. архіва БССР. У 1930 фонды архіва перададзены Цэнтр. дзярж. архіву Кастр. рэвалюцыі (знаходзіўся ў Магілёве). У 1938 адноўлены як Магілёўскі абл. архіў. На 1.1.1941 у архіве зберагалася каля 1300 фондаў, 650 тыс. адзінак захоўвання. У час 2-й сусв. вайны большасць фондаў загінула, страчаны ўвесь навук.-даведачны апарат, частка дакументаў вывезена гітлераўцамі ў Рыгу. У 1943 архіў аднавіў дзейнасць. На 1.1.1997 у архіве 2440 фондаў, 436 185 адзінак захоўвання з 1917. На зберажэнні дакументы, што ўтварыліся ў працэсе дзейнасці мясц. органаў улады, устаноў, прадпрыемстваў, што дзейнічалі на тэр. сучаснай Магілёўскай вобл. У архіве прадстаўлены матэрыялы ўстаноў першых гадоў сав. улады, пра арганізацыю і дзейнасць рэв. к-таў, пра гісторыю с.-г. і культ. будаўніцтва ў вобласці, пра прамысл. развіццё і нар. адукацыю, навуку, прафс. рух і інш. Дакументы на бел., рус., ням., польск. і яўр. мовах.

Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; аўтаматызацыі інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.

Г.​І.​Жаваранкава.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ САВЕ́Т,

1) вышэйшы законадарадчы орган (1810—1906) і верхняя заканад. палата (1906—17) у Рас. імперыі. Створаны па ініцыятыве М.​М.​Спяранскага. Складаўся з некалькіх дэпартаментаў і Дзярж. канцылярыі і на чале з дзярж. сакратаром. Старшыня і члены Дз.с. прызначаліся царом. Разглядаў унесеныя міністрамі законапраекты да іх зацвярджэння манархам, каштарысы і штаты дзярж. устаноў, скаргі на пастановы дэпартаментаў Сената і інш. органаў. Рэарганізаваны ў 1906 у сувязі з утварэннем Дзяржаўнай думы. У яго ўваходзілі члены па прызначэнні цара і члены па выбарах (пароўну). Выбарныя праводзіліся ад духавенства, губ. земскіх сходаў, дваранскіх т-ваў, АН і ун-таў, а таксама ад прам-сці і гандлю (часткова шляхам ускосных выбараў). Разглядаў прынятыя думай законапраекты да іх зацвярджэння імператарам. Фактычна ліквідаваны ў выніку Лют. рэвалюцыі 1917 (юрыдычна скасаваны 24.12.1917).

2) Калегіяльны орган дзярж. улады, які выбіраецца вышэйшым прадстаўнічым органам на Кубе.

3) Вышэйшы выканаўчы орган дзярж. улады ў Кіт. Нар. Рэспубліцы.

4) Назва выканаўчага органа ўлады, у якім старшынствуе манарх, у Даніі, Нарвегіі і шэрагу інш. краін.

5) Вышэйшы орган адм. юстыцыі ў Францыі.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 2 изд. М., 1968.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КІ МО́ВЫ,

найдрабнейшыя непадзельныя адзінкі вуснай мовы, што выконваюць функцыю адрознення і атаясамлівання гукавых абалонак слоў. Не з’яўляючыся носьбітамі значэння, гукі мовы фарміруюць слыхавы вобраз марфемы, слова, выказвання, якія дзякуючы замацаваным за імі ў свядомасці носьбітаў мовы лексічным і грамат. значэнням дазваляюць ажыццяўляць моўную сувязь.

У анатама-фізіял. плане гукі мовы вызначаюцца становішчам сукупнасці органаў мовы (артыкулятараў) у час іх вымаўлення (гл. ў арт. Артыкуляцыя). У акустычным плане — гэта перыядычныя і неперыядычныя гукавыя хвалі, што накладваюцца адна на адну або чаргуюцца ў часе і ўтвараюць бесперапынную моўную плынь. Дыскрэтнасць (раздзельнасць) гукаў мовы вызначаецца зменай крыніцы гуку (квазіперыядычнай, шумавой, імпульсна-шумавой, яе адсутнасцю), якая згладжваецца зменай рэзанатараў (аб’ёму поласцей рота, носа і глоткі). У залежнасці ад крыніцы і функцыі ў складзе гукаў мовы падзяляюцца на галосныя гукі і зычныя гукі (выбухныя, фрыкатыўныя, афрыкатыўныя і плаўныя). На аснове здольнасці адрозніваць марфемы і словы ўся разнастайнасць гукаў мовы аб’ядноўваецца ў адносна невял. групу фанем, што дае магчымасць носьбітам мовы ўспрымаць фізічна нятоесныя гукі з розных фанет. пазіцый як адзін і той жа гук.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)