«ІКА́РУС»

(Ikarus),

марка аўтобусаў рознага прызначэння аднайменнага аўтобуснага прадпрыемства ў Будапешце. Выпускаюцца з 1930 (з 1948 — масавы выпуск). Пасажыразмяшчальнасць 29—184 чал. На Беларусі з 1994 у Мінску і г. Пінск на базе «І.» распачата вытв-сць гар. аўтобусаў «Амкадор» аднайменным акц. т-вам асабліва вял. (пасажыразмяшчальнасць да 125 чал.) і вял. класаў (102 чал.); магутнасць рухавіка да 170 кВт, найб. скорасць руху да 70 км/гадз. Іл. гл. да арт. Аўтобус.

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТЫСУ́,

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Азербайджане. Размешчаны на паўн.-зах. схілах Карабахскага нагор’я, у глыбокай цясніне каля прытока Куры, на выш. амаль 2000 м.

Тэрмальныя мінер. воды (крыніцы вядомыя з 12 ст), горнае паветра, устойлівы мяккі клімат, інтэнсіўная сонечная радыяцыя ствараюць умовы для лячэння хвароб страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, печані, нырак, парушэнняў абмену рэчываў і інш. Крыніцы халодных радонавых вод выкарыстоўваюць пры хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, сасудаў і сэрца, органаў руху і апоры.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБРА́Л ((Cabral) Амілкар) (12.9.1924—20.1.1973),

дзеяч нац.-вызв. руху Гвінеі і а-воў Зялёнага Мыса (Каба-Вердэ). Брат Л.Кабрала. Аграном. Адзін з заснавальнікаў (1956) і ген. сакратар Афр. партыі незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК), якая з 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць партуг. калан. улад і дамаглася ўстанаўлення свайго кантролю над б.ч. Партуг. Гвінеі. Аўтар твораў «Факты аб партугальскіх афрыканскіх калоніях» (1960), «Рэвалюцыя ў Гвінеі» (1969) і інш. Забіты вайскоўцамі, якія ўзбунтаваліся.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВА́ТЫ́ЎНАЯ СІСТЭ́МА,

механічная сістэма, у час руху якой сума яе патэнцыяльнай і кінетычнай энергій застаецца пастаяннай (выконваецца закон захавання поўнай мех. энергіі). К. с. будзе кожная мех. сістэма, калі знешнія сілы, што дзейнічаюць на яе, не мяняюцца з цягам часу і з’яўляюцца патэнцыяльнымі (кансерватыўнымі), а ўсе ўнутр. сілы таксама патэнцыяльныя. Прыкладам К.с. можа быць матэм. маятнік, калі сіла трэння ў падвесе і сіла супраціўлення паветра (асяроддзя) зведзены да мінімальна магчымага значэння. Гл. таксама Дысіпатыўная сістэма.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ЕЎ (Асман Мусаевіч) (11.10.1916, аул Хурзук Карачаеўскага р-на, Карачаева-Чэркесія — 18.2.1944),

удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1939). З пач. вайны на Зах. фронце, з жн. 1941 у партызанах — камісар групы, атрада, камандзір атрада, 121-га партыз. палка, які пасля гібелі К. названы яго імем. Вёска Сярмяжонка Бялыніцкага р-на перайменавана ў Асман-Касаева, у г.п. Бялынічы ўстаноўлены яго бюст.

А.М.Касаеў.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮЧЭ́НКА (Надзея Лявонаўна) (8.11.1922, в. Лугава Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.6.1943),

удзельніца партыз. руху ў Віцебскай вобл. З вер. 1941 сувязная партыз. групы, з мая 1942 у партыз. атрадзе Дубава (Ф.​Ф.​Дуброўскага), з жн. 1942 кулямётчыца партыз. брыгады Чашніцкай («Дубава»). 8.6.1943 у баі каля в. Пышна Лепельскага р-на, калі танк і больш за 50 фашыстаў прарваліся ў партыз. абарону, К. са звязкай гранат кінулася пад машыну, падарвала яе і загінула сама.

т. 8, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТАСТА́ТЫКА МЕХАНІ́ЗМАЎ,

раздзел дынамікі механізмаў і машын, у якім вызначаюцца рэакцыі элементаў кінематычных пар механізма пры ўмове, што закон яго руху вядомы. Метады К.м. заснаваны на дапушчэнні, што механізм у цэлым і асобныя яго звёны будуць знаходзіцца ў стане раўнавагі, калі да ўсіх знешніх сіл, прыкладзеных да звёнаў, дадаць сілы інерцыі (у адпаведнасці з Д’Аламбера прынцыпам). У К.м. карыстаюцца аналітычнымі і графічнымі метадамі статыкі пры праектаванні новых машын (для разліку іх на трываласць).

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАНГІІ́Т, лімфангіт (ад лімфа + грэч. angeion пасудзіна),

запаленне лімфатычных сасудаў пры наяўнасці першаснага гнойна-запаленчага ачага (нагноеныя раны, фурункул, трафічная язва і інш.). Сімптомы Л.: балючыя чырв. цяжы, сеткаваты чырв. малюнак на скуры (як галінкі дрэва), павышэнне т-ры цела да 39—40 °C, ацёкі, абмежаванасць руху. Дробныя лімфатычныя сасуды ад ачага запалення збіраюцца па напрамку да сэрца ў вял. чырв., балючыя цяжы і выклікаюць запаленне лімфавузлоў (лімфадэніт). Лячэнне тэрапеўтычнае.

В.​Я.​Рэбека.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РА ((Madero) Франсіска Індалесіо) (30.10.1873, Парас, Мексіка — 22.2. 1913),

дзяржаўны дзеяч Мексікі. Вучыўся ў Мексіцы, Францыі, ЗША. Лідэр ліберальнага прадпрымальніцка-памешчыцкага руху супраць дыктатуры П.Дыяса, адзін з арганізатараў і кіраўшкоў (на 1-м этапе) Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Прэзідэнт Мексікі з ліст 1911. Абараняў інтарэсы нац. прадпрымальніцтва і суверэнітэт краіны, абмяжоўваў уплыў замежнага капіталу, але, насуперак сваім абяцанням, выступіў супраць агр. рэформы. Скінуты і забіты ў выніку контррэв. мяцяжу ген. В.​Уэрты.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ЎР (франц. manoeuvre),

1) арганізаванае і хуткае перамяшчэнне войскаў або флоту з мэтай стварэння найб. выгаднай групоўкі сваіх сіл і сродкаў для выканання баявой задачы. Буйныя тактычныя вучэнні войск або флоту (часам сумесныя) ва ўмовах, блізкіх да баявых, наз. манеўры.

2) Пераноснае — хітрасць, выкрутас, удалы прыём.

3) Перамяшчэнне лакаматываў і вагонаў па станцыйных пуцях для састаўлення цягнікоў, сарціроўкі вагонаў і г.д. 4) Змена напрамку руху (курса, арбіты) судна, самалёта, касм. лятальнага апарата.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)