пля́га, ‑і, ДМ плязе, ж.

Разм.

1. Дажджлівае надвор’е, слота. [Ціток:] — Бывала, дождж ці якая пляга, то я толькі і думаю што пра цябе: дзе гэты бедны Амеля, думаю, ноч сваю каратае? Лобан.

2. Няшчасце, бяда. [Сымон:] — На печ залез я не на век І не зраблю вам ліха, плягі, Бо не такі я чалавек. Колас. // Пра што‑н. прыкрае, непрыемнае, назойлівае. [Бабка:] — Не дзеці, а пляга нейкая на маю галаву! Усё вышнараць, да ўсяго далезуць! Каліна. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, слепні. Ад гэтай плягі лось і схаваўся ў пратоцы. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. правіць (у 1 знач.).

2. Выбарны орган, які стаіць на чале якой‑н. установы, арганізацыі і пад. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас. // Пасяджэнне такога органа. На праўленні шмат у нас гаварылася пра калгасны будаўнічы стыль. Бядуля. // Памяшканне, дзе знаходзіцца такі орган. Я пайшоў у праўленне, а Шаевіч са злосці паплёўся недзе ў сад. Сабаленка. Дзямід Мікалавеіч выйшаў з праўлення на вуліцу. Паслядовіч.

3. Назва некаторых адміністрацыйна-паліцэйскіх устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама памяшканне, у якім знаходзілася такая ўстанова. Валасное праўленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размата́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Развіць, раскруціць што‑н. зматанае; зняць з таго, на што было наматана. Разматаць вуду. □ Нарыхтаваліся закінуць невад у новую тоню, разматалі яго, цягнуць, каб закінуць. Колас. [Галіна] нічога не адказала на .. Панасавы словы, а разматала хустку, скінула кажух і адышла ад печы. Галавач. // Вызваліць што‑н. ад таго, чым яно было заматана. Разматаць шыю. □ Калі .. [Сашку] разматалі галаву, дык сапраўды на яго страшна было глядзець. Машара.

•••

Разматаць клубок — высветліць, разблытаць якую‑н. складаную, заблытаную справу.

размата́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Растраціць, распусціць, праматаць. Разматаць грошы. □ [Журавінка:] — Я яго [калгас] арганізоўваў, я яго рабіў, а Конан разматаць прыйшоў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сія, ‑і, ж.

1. Пасяджэнні розных прадстаўнічых органаў і калегіяльных устаноў, якія адбываюцца перыядычна, а таксама перыяд такіх пасяджэнняў. Сесія Вярхоўнага Савета. Юбілейная сесія ААН. Навуковая сесія. □ Ды раз у сесію Міхася К сабе ляснічы заклікае. «Ну, гэта нешта азначае», Ў Міхала думка праняслася. Колас. Судзіла [Ваешку] выязная сесія лінейнага суда. Шынклер.

2. Экзамены ў вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах, а таксама перыяд здачы такіх экзаменаў. Вясна прыносіць і студэнтам многа клопату — прыходзіць экзаменацыйная сесія. Шахавец. [Андрыян Цітавіч] запытаўся, як Уладзік здаў экзамены, ці не цяжка было ў час сесіі, ці не адвык ад дому за год вучобы. Марціновіч.

[Ад лац. sessio — пасяджэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сляпа́к, слепака, м.

Разм. зневаж.

1. Сляпы чалавек. / у перан. ужыв. Бедны мы і цёмны, Ходзім слепакамі. Колас. А на фронце .. хто быў смелы? Не той, хто пер на ражон, як сляпак, а той, хто адолеў у сабе страх і рабіў, што трэба... Місько.

2. перан. Чалавек, які чаго‑н. не заўважае, якога ашукалі ў чым‑н. Не веру ў фокуснікаў цуды.., Што ў ход пускаюць хітра ўсюды Туман на цёмных слепакоў. Купала. // Цёмны, неадукаваны чалавек. — Вучыся, ёлуп, — зрывістым ад захаплення голасам крычаў Ржашэўскі. — Вучыся, сляпак! Вучыся, доўбня! Караткевіч.

3. Тое, што і сляпыш.

4. Тое, што і сляпень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стараве́р, а, м.

Чалавек, які належаў да адной з рэлігійных груп, што не прынялі царкоўных рэформ 17 ст. у Расіі і варожа адносіліся да афіцыйнай праваслаўнай царквы. Хоць .. [пісар] чалавек і малады, — яму толькі дваццаць восем гадоў, — але барада вырасла, як у добрага старавера. Колас. [Лявон:] А чаму стараверы выйгралі [справу па судзе], хоць пазней за бацькавага дзеда ў Барках пасяліліся? Купала. Дзяды дзядоў хадзілі стараверамі, Народы гладзілі чарней ад засланкі. Барадулін. // перан. Чалавек, які прытрымліваецца ўстарэлых звычаяў, прывычак, густаў і пад. Літаратурныя стараверы, эстэтычны густ якіх выхаваўся па папулярным шырспажыве, не зразумеўшы тое новае, што выходзіць з-пад пяра мастака, накідваюцца на яго з абвінавачваннямі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́снік, а, м.

1. Той, хто мае якую‑н. уласнасць; валодае чым‑н. У былых майстэрнях нейкага ўласніка, двух доўгіх .. будынках на ўскраіне.. танкісты аглядалі, рамантавалі машыны. Грамовіч. З кажуха кпілі хатнія, пасмейваўся і сам уласнік, але разлучацца з ім ніяк не хацеў. Лужанін. // Асоба, якой уласціва што‑н. Нават самы густы грэбень не мог даць рады, каб укласці гэты віхрасты чуб так, як хацелася б яго ўласніку. Якімовіч. А, калі ласка! — сказаў малады хлопец, уласнік тонкага носа. Колас.

2. Чалавек, які прагне цалкам уладаць чым‑н., не дзелячыся з іншымі. Закаранелы ўласнік. □ Трэба змяняць душы, псіхалогію .. [сялян]: уласнік павінен стаць калектывістам. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрышчэ́нне, ‑я, н.

1. Рэлігійны абрад прыняцця каго‑н. у лік веруючых хрысціянскай рэлігіі. З Пецярбурга ўсё яшчэ ішлі адказы протаіерэяў і прыставаў, што не знаходзілі ў царкоўных кнігах запісу аб хрышчэнні Аляксандры Адольфаўны Ізмайловіч. Мехаў.

2. перан. Першае выпрабаванне ў якой‑н. справе. А праз які тыдзень я прыняў першае паветранае хрышчэнне. Хомчанка. У гэтым кутку.. [Андрэй] атрымаў як бы першае жыццёвае хрышчэнне. Пестрак.

•••

Баявое хрышчэннеа) першы ўдзел у баі. [Букрэй] горача прывітаў партызан.. з першым баявым хрышчэннем. Колас; б) першае сур’ёзнае выпрабаванне ў якой‑н. справе. Механізаваныя групы абодвух атрадаў земляробчага цэха выйшлі на сваё баявое хрышчэнне. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цярпе́нне, ‑я, н.

1. Здольнасць цярпець (у 1 знач.), стойка пераносіць жыццёвыя нягоды, нястачу. Жыццё без цемры і цярпення, А ў ясным сонцы, як у байцы, Для ўсіх вякоў і пакаленняў Збудуеш, дыктатура працы. Купала. Жыла .. [Агрыпіна] ціха, нібы адпачываючы ад вялікай цяжкай дарогі, поўнай цярпення і ўсякіх зняваг. Пестрак.

2. Здольнасць доўгі час займацца чым‑н. адным; уменне захоўваць вытрымку, самавалоданне ў чаканні патрэбных вынікаў. Вывесці з цярпення. □ Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды. Колас. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.

•••

Цярпенне лопнула — вытрымка скончылася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкадлі́вы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць шкоду, страту; шкодны. [Ніна:] — Як там [у гарбарні] дрэнна было працаваць! Такое паветра там дрэннае, шкадлівае. Гурскі. Між тым усе гэтыя сляпыя агульныя выразы вельмі шкадлівы, бо яны звязваюць уніклівую думку чалавека, заспакойваюць і закалыхваюць яе, як закалыхваюць крыклівае дзіця. Колас.

2. Які часта робіць шкоду; гарэзлівы, свавольны, памаўзлівы. Такі ўжо, брат, шкадлівы [сын], Што горшага няма: Учора зноў у слівах Яго злавіў Кузьма!.. Гілевіч. Як кот — шкадлівы, а як заяц — баязлівы. Прымаўка.

шкадлі́вы 2, ‑ая, ‑ае.

Які шкадуе, выказвае спагаду, жаль. — Ціха ты! — пачуўся з печы голас, аднак не строгі, не з’едлівы, а зусім памяркоўны, нібы нават шкадлівы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)