дзяржава на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 3—7 ст. на чале з іранскай дынастыяй Сасанідаў. Засн. Ардашырам I, які ў 224 знішчыў Парфянскае царства, у 226/227 каранаваўся царом у г. Ктэсіфон, які зрабіў сталіцай дзяржавы. Яго сын Шапур I [239—272] далучыў да С.дз. вял. вобласці на З і У ад Ірана, вёў паспяховыя войны супраць Рым. імперыі. Дзярж. рэлігіяй С.дз. стаў зараастрызм, жрацы якога (магі) аказвалі вял. ўплыў на дзярж. справы, асабліва з часоў Шапура II [309—379]. У канцы 5 ст. С.дз. вяла барацьбу з эфталітамі, у бітве з якімі загінуў цар Пероз [459—484]. Востры сац. крызіс часоў кіравання Кавада I [488—496 і 499—531 ] выклікаў маздакіцкі рух. Пры Хасрове I Анушырване [531—579] унутр. становішча стабілізавалася, краіна падзелена на 4 вобласці: Харасан, Азербайган, Німруз і Харабаран (Месапатамія); усталяваўся падзел грамадства на саслоўі, прывілеяванае становішча сярод якіх займалі магі і воіны (азаты). Пры Хасрове II Парвізе [591—628] С.дз. вяла вайну з Візант. імперыяй (602—628), захапіла Сірыю, Палесціну, Егіпет, б.ч. М. Азіі, але потым сасанідскія войскі пацярпелі паражэнне, і ўсе заваяванні былі страчаны. Вайна знясіліла С.дз. напярэдадні арабскіх заваяванняў. Арабы разбілі войскі С.дз. ў бітвах пры Кадысіі (637) і Нехавендзе (642). Са смерцю цара Ездэгерда III [632—651/652] С.дз. спыніла існаванне, а яе землі ўвайшлі ў склад Арабскага халіфата (гл.Халіфат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ’Е́КТ (лац. subjectum),
філасофская катэгорыя, якая абазначае крыніцу актыўнасці, накіраваную на аб’ект, носьбіта прадметна-практычнай дзейнасці і пазнання (індывіда ці сац. групу). У гісторыі філасофіі тэрмін «С.» ужываўся ў розных сэнсах: як індывід. быццё і матэрыя (Арыстоцель), нешта рэальнае, што існуе ў рэчах, супрацьлеглае аб’екту, які існуе толькі ў інтэлекце (схаластыка) і інш. Сучаснае разуменне паняцця «С.». звязана з вучэннем Р.Дэкарта, які разглядаў С. як актыўны пачатак у пазнавальным працэсе, што дазволіла ў далейшым вывучаць умовы, формы і суб’ектыўныя перадумовы гэтага працэсу. Прадстаўнікі ідэалізму крыніцу актыўнасці бачаць у самім С. Ў матэрыялізме С. разглядаецца як ізаляваны біял. індывід, які пасіўна адлюстроўвае навакольную рэчаіснасць. Дыялект. матэрыялізм тлумачыць С. як прадукт гіст. развіцця і звязвае яго актыўнасць з матэрыяльна-пераўтваральнай дзейнасцю (гл.Суб’ектыўны фактар у гісторыі). У сацыялогіі С. — грамадства як самапазнавальная сац. сістэма, у вузкім сэнсе — асобныя людзі, групы, калектывы, якія арганізуюць і ажыццяўляюць працэс пазнання навакольнага асяроддзя з мэтай яго аналізу і тлумачэння. У сацыялогіі і філасофіі С. разглядаецца ў арган. адзінстве з аб’ектам. С. служыць крыніцай актыўнага пераўтварэння аб’екта, і ў той жа час з ускладненнем аб’екта (сац. з’яў, працэсаў) істотна мяняецца і сам С.: пашыраюцца межы яго дзейснасці, характар і кірункі пазнання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УІ́ТМЕН (Whitman) Уолт (31.5.1819, Уэст-Хілс, штат Нью-Йорк, ЗША — 26.3.1892),
амерыканскі паэт. Працаваў наборшчыкам, настаўнікам, рэдактарам газет. Друкаваўся з 1840-х г. Яго паэт. майстэрства фарміравалася пад уплывам Дж.Байрана, П.Шэлі, Г.Гейнэ, што абумовіла цікавасць У. да праблем прыроды і цывілізацыі, салідарнасці краін і народаў, адзінства ўсяго жывога на зямлі, дэмакр. развіцця грамадства, асобы і мас, свабоды і абавязку. Сусв. вядомасць прынесла кн. вершаў «Лісце травы» (1855; дапоўненая перавыдавалася шмат разоў), якая насычана біблейскімі вобразамі і матывамі, уключае элементы прозы і навук. тэрміналогію; філасафічнасць суправаджаецца лірызмам і музычнасцю, манум. сцэны — імгненнымі замалёўкамі. Пад уражаннем трагічных падзей грамадз. вайны 1861—65 стварыў паэт. цыклы «Барабанны бой» і «Калі ў двары перад домам цвіў гэтай вясною бэз» (абодва 1865). Аўтар кн. публіцыстыкі «Дэмакратычныя далячыні» (1871), апавяданняў, артыкулаў. На бел. мову яго вершы перакладалі Ю.Гаўрук, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, К.Цвірка.
Тв.:
Бел.пер. — Лісце травы: Вершы. Мн., 1978;
Рус.пер. — Избр. произв.: Листья травы. Проза. М., 1970.
Літ.:
Чуковский К.И. Мой Уитмен. 2 изд. М., 1969;
Мендельсон М.О. Жизнь и творчество Уитмена. 2 изд. М., 1969;
Венедиктова Т.Д. Поэзия У.Уитмена. М., 1982;
Сіпакоў Я. Вершаруб з Доўгай выспы // Маладосць. 1969. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРБАЭКАЛО́ГІЯ (ад лац. urbanus гарадскі + экалогія),
прыкладная навук. дысцыпліна, што вывучае ўзаемадзеянне і ўзаемаўплыў дзейнасці чалавека і прыродных фактараў, працэсаў у гарадах, зонах іх уплыву, сістэмах рассялення. Тэрмін «У.» ўзнік у 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з узмацненнем экалагічных праблем у гарадах, выкліканых нерацыянальнай гасп. дзейнасцю чалавека. Арыентавана на аздараўленне і паляпшэнне якасных характарыстык гар. асяроддзя, забеспячэнне экалагічнай раўнавагі антрапагенных і прыродных кампанентаў асяроддзя ў межах урбанізаваных тэрыторый (гл.Урбанізацыя). З мэтай памяншэння забруджвання наваколля ў гарадах распрацоўваецца комплекс тэхнал., тэхн., планіровачных, юрыд. і інш. мерапрыемстваў. Сярод планіровачных мерапрыемстваў вядучая роля належыць фарміраванню водна-зялёных сістэм гарадоў (гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў). Асн. метадалагічныя падыходы У. — экалагічны і ландшафтны. Экалагічны падыход разглядае прыроду і грамадства ва ўзаемадзеянні і ўзаемаабумоўленасці, прадугледжвае арыентацыю горадабуд. вырашэнняў на забеспячэнне ўстойлівага развіцця паселішчаў і аптымізацыю экасістэм. Ландшафтны падыход у горадабудаўніцтве заключаецца ва ўліку структуры, устойлівасці, асаблівасцей функцыянавання прыродных і антрапагенных ландшафтаў, што дазваляе фарміраваць новыя культ. ландшафты, адметныя высокімі эстэт. і экалагічнымі вартасцямі. Для ацэнкі якасці гар. асяроддзя здзяйсняецца экалагічны маніторынг.
Літ.:
Чистякова С.Б. Охрана окружающей среды. М., 1988;
Реймерс Н.Ф. Природопользование: Словарь-справ. М., 1990;
Градостроительство и территориальная планировка: Понятийно-терминол. словарь. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ЕРАБЕНД (Feyerabend) Пол (Пауль) Карл (13.1.1924, Вена — 11.2.1994),
аўстра-амерыканскі філосаф. Скончыў Венскі ун-т (1951). З 1962 праф. Каліфарнійскага ун-та. Аўтар прац «Суцяшэнне для спецыяліста» (1970), «Супраць метадалагічнага прымусу: Нарыс анархісцкай тэорыі пазнання» (1975), «Навука ў свабодным грамадстве» (1978), «Тры размовы пра навуку» (1991) і інш. Распрацаваў «анархісцкую» тэорыю пазнання, у якой абвяргаў існаванне абсалютнай ісціны, аб’ектыўнасць ведаў і наяўнасць універсальнага гнасеалагічнага метаду; прапагандаваў навук. і светапоглядны плюралізм. Гісторыю навукі разглядаў як хаатычны працэс напластавання разнастайных тэорый, таму адмаўляў прынцып пераемнасці навук. пазнання. Лічыў, што ўсе тэорыі будуюцца на розным эмпірычным матэрыяле і тэрміналогіі і таму з’яўляюцца «несувымернымі»: не могуць ні супярэчыць, ні пацвярджаць адна адну. На яго думку, прагрэс навук. ведаў патрабуе ад навукоўцаў прытрымлівання 2 процілеглых і дыялектычна ўзаемазвязаных прынцыпаў: «праліферацыі» (неабмежаванае прымнажэнне тэорый-«канкурэнтаў») і «ўпартасці» (паслядоўнае адстойванне выбранай тэорыі і катэгарычнае адмаўленне ўсіх альтэрнатыўных канцэпцый). Побач з навуковым вылучаў рэліг., міфалагічны і магічны тыпы пазнання, крытэрыем ацэнкі якіх лічыў садзейнічанне творчым здольнасцям, інтэлектуальнай і духоўнай свабодзе людзей, а не ступень дакладнасці атрыманых ведаў. Выступаў супраць «дыктатуры» навукі як афіц. ідэалогіі сучаснага грамадства і прапаноўваў разглядаць яе толькі як пэўную канцэпцыю сярод мноства іншых.
Тв.:
Рус.пер. — Избранные труды по методологии науки. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯЛІ́НСКАЯ Ева Зыгмунтаўна (26.12.1793, в. Узнога Клецкага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1859),
удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка. У сярэдзіне 1830-х г. стварыла і ўзначаліла «Жаночае таварыства», філіял тайнай арг-цыі Ш.Канарскага «Садружнасць польскага народа». У 1838 зняволена ў Кіеўскую цытадэль, пазней саслана ў г. Бярозаў Цюменскай вобл. (1839-41), Саратаў (1841—44). У «Дзённіку...» часоў ссылкі (апубл. ў віленскім час.«Атэнэум», 1846) апісала свае ўражанні ад прыроды Зах. Сібіры, паўстанне хантаў і ненцаў пад кіраўніцтвам Ваулі Піетоміна, побыт і фальклор народаў Поўначы і Паволжа. Напісала і надрукавала ў Вільні ў 1852—53 на польск. мове ўспаміны пра свае «падарожжы» ў Сібір, жыццё ў Бярозаве і Саратаве (перакладзены на англ., франц. і дацкую мовы і ўспрыняты сучаснікамі як дакумент эпохі). У аповесцях «Герсылія» (1849), «Пан дэпутат» (1852), «Пляменніца і цётка» (1853), ва «Успамінах аб жыцці» (1856, 1859—60) і інш. творах паказала жыццё розных слаёў бел.грамадства, асабліва шляхты. «Успаміны...» з’яўляюцца каштоўным творам па гісторыі нораваў на Беларусі, Валыні і ў Літве канца 18 — пач. 19 ст.
Літ.:
Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203;
Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ТА, Броз Ціта (Broz Tito) Іосіп (25.5.1892, в. Кумравец, Харватыя — 4.5.1980), дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Маршал (1943), тройчы Нар. герой (1944, 1972, 1977), Герой Сац. Працы (1950) Югаславіі. Удзельнік 1-й сусв. вайны (на баку Аўстра-Венгрыі) і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі (дзе быў у палоне). Чл. (з 1920), ген. сакратар (з 1940), старшыня (з 1966) Камуніст. партыі Югаславіі (з 1952 Саюз камуністаў Югаславіі). У час народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 галоўнакаманд. Нар.-вызв. арміяй і партыз. атрадамі (1941—45), старшыня Нац.к-та вызвалення Югаславіі (1943—45). Узнагароджаны сав. ордэнам «Перамога». Кіраўнік урада (1945—63), прэзідэнт (1953—80) Югаславіі. У перыяд часовага (1948—55) разрыву сав.-югасл. міждзярж. і міжпарт. сувязей Ц. актывізаваў кантакты з краінамі—членамі НАТО, супрацьстаяў ідэалаг. і паліт. націску СССР і прапанаваў уласную мадэль сацыяліст.грамадства, засн. на дэцэнтралізацыі кіраўніцтва гасп. дзейнасцю. На міжнар. арэне прыхільнік пазаблокавай палітыкі, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху. З 1955 адрадзіў дружалюбныя адносіны з СССР пры прызнанні апошнім своеасаблівасці югасл. мадэлі сацыялізму і неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. У 1965 наведаў Беларусь.
Тв.:
Рус.пер. — Избранные статьи и речи, май 1941 — окт. 1979 г.М., 1987.
Літ.:
Уэст Р. Иосип Броз Тито: Власть силы: Пер. с англ. Смоленск, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ ДЭТЭРМІНІ́ЗМ, эканамічны матэрыялізм,
канцэптуальная пазіцыя ў галіне філасофіі, сацыялогіі, эканам. вучэнняў, якая зводзіць матэрыяліст. тлумачэнне гісторыі да сцвярджэнняў пра асн. ролю эканомікі ў грамадскім развіцці і аб існаванні непасрэднай прычыннай залежнасці неэканам. з’яў (маралі, культуры, духоўнай сферы) ад эканомікі. Значная колькасць версій Э.д. ўзнікла на глебе марксізму і запазычыла некаторыя яго катэгорыі (грамадскага быцця і грамадскай свядомасці), а таксама марксісцкую формулу суадносін паміж імі, паводле якой грамадскае быццё абумоўлівае грамадскую свядомасць, г.зн. выступае ў грамадскім развіцці ў якасці першаснага, дэтэрмінуючага фактара. У адрозненне ад К.Маркса і яго паслядоўнікаў Э.д. атаясамлівае з грамадскім быццём эканоміку, пад якой разумее пэўную сукупнасць рэчавых элементаў, выключаючы з яе сістэму эканам. адносін паміж людзьмі і самога чалавека. У такой інтэрпрэтацыі эканоміка ўзводзіцца ў ранг суб’екта гісторыі, прыніжаецца або цалкам адмаўляецца адваротны ўплыў на эканам. развіццё ідэй і тэорый, культуры, маралі, палітыкі. У выніку канцэптуальныя перадумовы Э.д. набліжаюць яго да фаталістычных уяўленняў аб будучыні чалавечага грамадства (гл.Фаталізм) і разнастайных тэорый аб адчужэнні чалавека ад эканомікі і грамадскага жыцця. Пазіцыю Э.д. падзялялі некат. прадстаўнікі камуніст. руху (А.Лабрыёла, П.Лафарг), герм. сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн). У Расіі блізкія погляды адстойвалі П.Струвэ, С.Пракаповіч, У.Шуляцікаў. Ідэі Э.д. знайшлі сваё развіццё ў сучасных канцэпцыях «тэхналагічнага дэтэрмінізму» (гл.Тэхналагічныя тэорыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАЎ Васіль Мікалаевіч (н. 21.11.1946, в. Ламачына Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. філосаф, дзярж. дзеяч. Д-рфілас.н. (2004). Скончыў Ленінградскі ун-т (1974). З 1974 у БСГА. З 1977 на парт. рабоце (у 1984—89 1-ы сакратар Чэрыкаўскага райкома КПБ, у 1989—91 пам. 1-га сакратара, нам.заг. аддзела ЦККПБ). З 1991 у Мінскім аблвыканкоме. У 1994—96 сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай. У 1995—96 дэп., 1-ы нам. Старшыні Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1998 саветнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Малдове. З 2001 у Міжнар.гуманіт.-эканам. ін-це (дэкан ф-та). З 2002 у апараце Нац.АН Беларусі. З 2004 дырэктар Ін-та філасофіі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па праблемах дыялектыкі сац. прагрэсу, гіст. неабходнасці яго універсалізацыі і гуманізацыі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў кантэксце сучаснага цывілізацыйнага і чалавечага развіцця.
Літ.:
На новом витке истории. Мн., 1996;
Социальный прогресс и перспективы человека. Мн., 1999;
Социальная закономерность. Мн., 2000;
Социальный прогресс и человеческое развитие // Чалавек. Грамадства. Свет. 2000. № 4;
Рэтраспектыўны погляд на праблему сацыяльнага прагрэсу// Весці Нац.АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 2001. № 2;