А́КТЫ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЙ ЭКСПЕДЫ́ЦЫІ, «Акты, собранные в библиотеках и архивах Российской империи Археографическою экспедициею Императорской Академии наук»,

серыя дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй (т. 1—4. Спб., 1836). 1-ы т. ахоплівае 1294—1598, 2-і — 1598—1613, 3-і — 1613—45, 4-ы — 1645—1700. Змяшчаюць крыніцы па сац.-эканам. (дакументы пра збор дзярж. даходаў, вышук збеглых сялян і інш.), паліт., ваен. і царк. гісторыі (матэрыялы пра выбранне на царства Б.​Гадунова, вайну з Рэччу Паспалітай 1654—67, царк. раскол і інш.). Да «Актаў...» складзены імянны, геагр. і прадметны паказальнікі (Спб., 1838).

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНХАТЭ́П МАЛО́ДШЫ, Аменхатэп, сын Хапу (каля 1460, Атрыбіс, Ніжні Егіпет — каля 1380 да н.э.),

старажытнаегіпецкі архітэктар, быў на ваен. і дзярж. службе. Дарадца Аменхатэпа III, настаўнік малалетняга Аменхатэпа IV. Пабудаваў храм бога Амона-Ра ў Луксоры (разам з арх. братамі Горы і Суці), храмы ў Салебе і Седэінгу, грандыёзныя помнікі ў Карнаку — храм бога Хансу, храм багіні Мут, алею сфінксаў паміж Луксорам і Карнакам (захаваліся калосы Мемнана). Недалёка ад храма Тутмоса II узведзены храм у гонар Аменхатэпа Малодшага.

Літ.:

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 182—183.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІЯ́Н МАРЦЭЛІ́Н (Ammianus Marcellinus; каля 330 — каля 400),

рымскі гісторык. Па паходжанні грэк. У 363 удзельнічаў у ваен. паходзе імператара Юліяна Адступніка ў Персію. Асноўны гіст. твор «Дзеянні» (задуманы як працяг «Аналаў» і «Гісторый» Тацыта), ахоплівае перыяд ад праўлення імператара Нервы [96—98] да 378. З 31 кнігі захаваліся 18 (14—31-я). У іх апісаны падзеі 353—378: войны, барацьба за ўладу, перыяд заняпаду Рым. імперыі, сац. рух 4 ст., барацьба еўрапейскіх плямёнаў з Рымам. Акрамя пісьмовых крыніц выкарыстаў асабістыя назіранні і паведамленні сведак.

Тв.:

Рус. пер. — История. Вып. 1—3. Киев, 1906—08.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКА-ЦІХААКІЯ́НСКІ САВЕ́Т (Asian and Pacific Council; АЗПАК),

рэгіянальны паліт.-эканам. саюз краін Далёкага Усходу і зах. часткі Ціхага акіяна. Створаны ў 1966 Японіяй, Аўстраліяй, Новай Зеландыяй, Тайландам, Філіпінамі, Малайзіяй, Паўд. Карэяй, Тайванем і Паўд. В’етнамам з мэтай ваен. і гандлёва-эканам. супрацоўніцтва ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Пры АЗПАК дзейнічае рэгіянальны цэнтр па прадуктах харчавання і ўгнаеннях (Тайвань), культ. і сац. цэнтр (Паўд. Карэя). Вышэйшы орган паміж сесіямі савета — пастаянны к-т, выканаўчы орган — сакратарыят. Штаб-кватэра ў Бангкоку (Тайланд). У 1990 у АЗПАК уваходзілі Аўстралія, Новая Зеландыя, Паўд. Карэя, Тайланд, Філіпіны.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫ́НЬБА (Мікалай Іпалітавіч) (н. 2.3.1913, г.п. Епіфань Тульскай вобл.),

рус. жывапісец. Засл. мастак Расіі (1969). Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1936—40) і Маскоўскім маст. ін-це імя Сурыкава (1940—41). У 1944—50 у студыі ваен. мастакоў імя Грэкава. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху на Беларусі. Асноўная тэма творчасці — гераізм бел. партызан. Сярод работ: «Эшалоны гараць» (1943), «Мост на Заходняй Дзвіне. 1942» (1970), «Франтавыя эцюды» (1976) і інш. Разам з мастаком М.​Гуціевым стварылі партыз. карцінную галерэю, якая размяшчалася ў штабе Чашніцкай партыз. брыгады «Дубава».

М.Абрыньба. Мост на Заходняй Дзвіне. 1942. 1970.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1564,

адбылася пад Оршай у канцы студз. ці пач. лют. паміж авангардам войска Маск. дзяржавы на чале з ваяводам П.​Сярэбраным і атрадам войска ВКЛ на чале з Ф.​Кмітам-Чарнабыльскім і Ю.​Осцікавічам у ходзе Інфлянцкай вайны 1558—82. Групоўка рус. войска (паводле М.​Стрыйкоўскага, 50 тыс. чал.) паспешна адступіла: яе камандаванне палічыла, што ў бой уступілі асн. сілы ВКЛ, якія нанеслі паражэнне другой групоўцы рус. войск у Ульскай бітве 1564. У выніку гэтай бітвы і бітвы на Уле на 1-м этапе вайны была адноўлена ваен. раўнавага паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.

т. 1, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАШО́ВА (Аляксеева-Белашова) Кацярына Фёдараўна

(2.12.1906, С.-Пецярбург — 9.5.1971),

рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1964). Вучылася ў Ленінградскім вышэйшым мастацка-тэхн. ін-це (1926—32). Працавала пераважна ў галіне станковай скульптуры («Партрэт старога», 1944; «Мроі», 1957; «Абуджэнне», 1967). Стварыла рамантычны і адначасова драматычны вобраз А.​С.​Пушкіна («А.​С.​Пушкін», 1957; помнік А.​С.​Пушкіну ў Пушкінскіх Гарах, 1959). Гераізм народа адлюстраваны ў многіх работах ваен. і пасляваен. часу («Няскораная», 1943; «Партызан», 1944; «Зоя», 1948, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1967.

Літ.:

Е.​Ф.​Белашова: [Альбом]. М., 1972.

К.Белашова. Мроі. 1957.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕН БЕ́ЛА (Ахмед) (н. 25.12.1916, Магнія, каля г. Тлемсен, Алжыр),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Алжыра. У час 2-й сусв. вайны афіцэр франц. арміі. З 1949 адзін з кіраўнікоў Алжырскай нацыяналіст. партыі. З 1952 чл. Фронту нац. вызвалення Алжыра. У 1956 арыштаваны франц. ўладамі і да 1962 знаходзіўся ў зняволенні. Завочна быў абраны ў кіруючыя органы алж. вызв. руху. У 1962—65 прэм’ер-міністр, у 1963—65 прэзідэнт краіны. Пасля ваен. перавароту ў 1965—80 пад дамашнім арыштам. З 1981 у эміграцыі. У 1990 вярнуўся ў Алжыр і ўзначаліў партыю «Рух за дэмакратыю».

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕФІ́ЦЫЙ (ад лац. beneficium дабрадзейнасць),

1) у Старажытным Рыме прывілеі, ільготы, падараванні імператараў і г.д. 2) У перыяд ранняга сярэднявечча ў Зах. Еўропе зямельнае падараванне караля ці буйнога феадала на пажыццёвае карыстанне свайму васалу за ваен. ці адм. службу. Пасля смерці трымальніка бенефіцый перадаваўся яго нашчадкам або вяртаўся ўладальніку. З развіццём феад. адносін (9—11 ст.) бенефіцый ператварыўся ў спадчыннае трыманне — феод. У Расіі і на Беларусі бенефіцыю адпавядаў маёнтак, у Візантыі — пронія, у араб. краінах — ікта, у Індыі — джагір.

3) У каталіцкай царкве ў 1917—83 царк. пасада і звязаны з ёю даход.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НГУЭР ((Berlinguer) Энрыка) (25.1.1922, г. Сасары, Італія — 11.6.1984),

дзеяч італьян. і міжнар. камуністычнага руху. Юрыст. З 1937 удзельнік антыфаш. руху. Чл. Італьян. камуніст. партыі (ІКП) з 1943, чл. ЦК ІКП з 1948. У 1950—56 сакратар Італьян. федэрацыі камуніст. моладзі. У 1950—53 прэзідэнт Сусв. федэрацыі дэмакр. моладзі. З 1968 дэпутат парламента. У 1972—84 ген. сакратар ІКП. Аўтар канцэпцыі «гістарычнага кампрамісу», адзін з заснавальнікаў еўракамунізму, які адмаўляў вядучую ролю КПСС у сусв. камуніст. руху. Ініцыятар прыняцця ІКП рэзалюцый з асуджэннем уварвання СССР у Венгрыю (1956), Чэхаславакію (1968), Афганістан (1979), увядзення ваен. становішча ў Польшчы (1981).

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)