канста́нта

(лац. constan, -ntis = нязменны, пастаянны)

1) пастаянная велічыня (у матэматыцы, фізіцы, хіміі); 2)літ. асноўны рытмастваральны кампанент, які вызначае рытмічную прыроду верша.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАДАРО́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від трохцэнтравай хімічнай сувязі тыпу A—H​δ+... B​δ-, якая ўзнікае, калі атам вадароду H адначасова злучаны з двума электраадмоўнымі атамамі A і B. З атамам A (вуглярод, азот, кісларод, сера) вадарод злучаны моцнай кавалентнай сувяззю (A—H​δ+). З атамам B (фтор, кісларод, азот, радзей хлор, сера), які мае непадзельную пару электронаў, утварае дадатковую вадародную сувязь (абазначаецца кропкамі). Вадародная сувязь на парадак слабейшая за кавалентную сувязь.

Атамы A і B могуць належаць адной (унутрымалекулярная вадародная сувязь) і розным малекулам (міжмалекулярная вадародная сувязь). Выклікае асацыяцыю аднолькавых (вада, кіслоты, спірты) ці розных малекул у асацыяты і комплексы, уплывае на крышталізацыю, растварэнне, вызначае структуру бялкоў, нуклеінавых кіслот і інш. біялагічна важных злучэнняў.

І.​В.​Боднар.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,

урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць пры Дзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр. вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́ЛЬНЫЯ ДАХО́ДЫ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

абагульняльны эканам. паказчык узроўню жыцця насельніцтва; састаўная частка нацыянальнага даходу. Вызначае аб’ём тавараў і паслуг, які можа набыць працоўны за кошт сваіх даходаў: заработнай платы, пенсіі, стыпендыі і інш. трансфертных плацяжоў, паступленняў ад продажу прадуктаў сельскай гаспадаркі, даходаў ад уласнасці ў выглядзе працэнтаў па ўкладах, каштоўных паперах, дывідэндаў, даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, крэдытаў і інш. Велічыня Р.д.н. залежыць ад грашовых даходаў насельніцтва, бясплатных і льготных паслуг, ад цэн на тавары і паслугі, памеру падаткаў і інш. Вылічваюцца Р.д.н. як каэфіцыент ці ў працэнтах: вызначаюць суадносіны паміж сумай усіх грашовых і натуральных даходаў насельніцтва за вылікам падаткаў, збораў, інш. абавязковых плацяжоў у дзярж. бюджэт, узносаў у розныя арг-цыі і індэксам цэн на тавары і паслугі.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

з’ява ўзнікнення электрарухальнай сілы (эрс індукцыі) у праводным контуры, які знаходзіцца ў пераменным магн. полі або рухаецца ў пастаянным магн. полі. Эл. ток, выкліканы эрс індукцыі, наз. індукцыйным. Адкрыта ў 1831 М.Фарадэем.

Паводле закону Фарадэя эрс Э.і. εi = −dΦ/dt, дзе dΦ — змена поўнага магнітнага патоку праз плошчу контуру за час dt (dΦ/dt — скорасць змены магнітнага патоку). Знак мінус вызначае напрамак індукцыйнага току ў адпаведнасці з Ленца правілам. У больш агульным сэнсе Э.і. вызначаецца як узнікненне пераменнага ў прасторы (т.зв. віхравога) эл. поля пры змене магн. поля ў часе, што адлюстравана ў 1-м Максвела ўраўненні. Э.і. шырока выкарыстоўваецца ў электра- і радыётэхн. прыладах і прыстасаваннях (генератарах, дроселях, трансфарматарах і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кадо́н

(ад код)

адзінка генетычнага кода, набор з трох нуклеатыдаў у інфармацыйнай рыбануклеінавай кіслаце, які вызначае месца дадзенай амінакіслаты ў бялковай малекуле (параўн. антыкадон).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГРА́МАТА (ад грэч. grammata чытанне, пісьмо),

1) уменне чытаць і пісаць.

2) Афіц. пісьмовы акт, які сведчыць пра якое-н. міжнар. пагадненне ці вызначае пэўныя прававыя адносіны (даверчая грамата, адзыўная грамата, ратыфікацыйная і інш.).

3) Афіц. заканад. акт Стараж.-рус. дзяржавы, у ВКЛ, Рэчы Паспалітай. Граматай замацоўваўся дзярж. лад, правы і прывілеі землеўладальнікаў, афармлялася прававое становішча асобных тэр. адзінак і розных груп насельніцтва, прызначаліся службоўцы на дзярж. і службовыя пасады, афармляліся наданні зямель, маёнткаў і інш. маёмасці, ганаровых званняў і чыноў. У ВКЛ наз. таксама лістамі гаспадарскімі, прывілеямі. Падзяляліся на даравальныя граматы, устаўныя граматы, ільготныя, ахоўныя, купчыя і інш. 4) Форма ўзнагароды ў былым СССР, у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД дзярж. органамі, грамадскімі арг-цыямі, адміністрацыяй прадпрыемстваў, устаноў, спарт. т-вамі за поспехі ў якой-н. справе (напр., Граматы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, пахвальныя, ганаровыя граматы і інш.) 5) Стараж. назва ўсякага дакумента, пісьма.

6) У пераносным сэнсе: фількава грамата (непісьменны дакумент, які не мае юрыд. сілы), кітайская грамата (незразумелы дакумент, незнаёмая справа).

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,

1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып. — апісанне Крычаўскага графства А.​Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.​Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчык асн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.

2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.

М.​Ф.​Шумейка, І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каэфіцые́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Лікавы (або літарны) множнік у алгебраічным выразе. // Лік, на які трэба памножыць якую‑н. велічыню, каб атрымаць велічыню, патрэбную пры даных умовах.

2. Велічыня, якая колькасна вызначае якую-небудзь уласцівасць фізічнага цела. Каэфіцыент трэння. Каэфіцыент расшырэння. Каэфіцыент цеплаправоднасці.

•••

Каэфіцыент карыснага дзеяння (ккдз) — адносіны колькасці карыснай работы, выкананай якім‑н. механізмам, да колькасці скарыстанай ім энергіі.

[Ад лац. coefficiens, coefficientis — які ўтварае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каэфіцые́нт

(лац. coefficiens, -ntis = які ўтварае)

1) лікавы множнік у алгебраічным выразе;

2) велічыня, якая колькасна вызначае якую-н. уласцівасць фізічнага цела (напр. к. цеплаправоднасці).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)