РЭЗАНА́НС (франц. resonance ад лац. resono адгукаюся),

рэзкае павелічэнне амплітуды ўсталяваных вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняга гарманічнага ўздзеяння да частаты аднаго з уласных ваганняў сістэмы. Праяўляецца ў розных вагальных сістэмах: механічных (маятнік), электрычных (вагальны контур), акустычных (мембрана, струна) і інш.

Пры Р. магутнасць, якая перадаецца вагальнай сістэме знешняй гарманічнай сілай, дасягае максімуму, што вядзе да павелічэння амплітуды ваганняў у залежнасці ад уласцівасцей самой сістэмы (значэнне каэфіцыента затухання і інш.). З тэорыі гарманічных ваганняў вынікае, што пры імкненні каэфіцыента затухання да нуля амплітуда вымушаных ваганняў павінна імкнуцца да бясконцасці, аднак такая экстрапаляцыя няправільная, таму што з павелічэннем амплітуды ваганні перастаюць быць гарманічнымі (малымі). Вывучэнне заканамернасцей Р. неабходнае і для таго, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў рэзкага павелічэння амплітуды ваганняў (напр., разбурэнне тэхн. канструкцый, узнікненне звыштокаў у радыё- і эл.-тэхн. прыладах, зніжэнне якасці апрацоўкі дэталей ад вібрацыі станкоў і інш.). З’ява Р. ўлічваецца ў буд-ве, электра- і радыётэхніцы, электроніцы і інш. Гл. таксама Мёсбаўэра эфект, Электронны парамагнітны, рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс.

А.​І.​Болсун.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

клістро́н

(ад гр. klyzo = б’ю + -трон)

звышвысокачастотная электронная лямпа; выкарыстоўваецца для ўзмацнення, генерыравання, павелічэння частаты ваганняў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

электрасувязь з дапамогай токаў высокай частаты. Дазваляе адначасовую і незалежную перадачу па адной лініі сувязі многіх паведамленняў (гл. таксама Многаканальная сувязь); дае магчымасць устанаўліваць высакаякасную сувязь на вял. адлегласці. Распрацавана ў 1920-я г. для радыётэлегр., потым для інш. відаў сувязі па паветраных, кабельных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях. Выкарыстоўваецца для тэлеф. і тэлегр. сувязі, у перадачы даных па міжнар., унутрыабл. і ўнутрыраённых лініях і інш.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА ДЫЁД,

паўправадніковая прылада, у якой пры дасягненні «крытычнай» напружанасці поля ўзбуджаюцца эл. ваганні. Прынцып работы засн. на Гана эфекце. Мае амічныя кантакты (без p-n-пераходаў). Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў ланцугах звышвысокай частаты для генерацыі і ўзмацнення ваганняў з частатой ад 0,1 да 100 ГГц і магутнасцю да 200 Вт (у імпульсным рэжыме; у неперарыўным — да 200 мВт), для стварэння хуткадзейных элементаў электронных прылад і інш.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЫМІНА́ТАР (ад лац. discrimino раздзяляю),

электроннае прыстасаванне для пераўтварэння змяненняў параметраў (частаты, фазы, амплітуды, працягласці) эл. сігналаў у сігнал разузгаднення. Адрозніваюць Д. фазавыя, частотныя, часавыя і амплітудныя. Лікавае значэнне і палярнасць напружання разузгаднення вызначаюцца па адхіленні параметра ўваходнага сігналу ад такога ж параметра эталоннага сігналу. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аўтам. рэгулявання сродкаў аўтаматыкі і тэлемеханікі, у частотных і фазавых дэтэктарах радыё- і тэлепрыёмнікаў, прыладах ядз. фізікі і інш.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПНО́Э (ад дыс... + грэч. pnoē дыханне),

расстройства вонкавага дыхання. Выяўляецца рознай ступенню парушэння частаты, амплітуды і рытму дыхальных рухаў ад лёгкіх (на мяжы фізіял. варыяцый) да цяжкіх (задышка, дыханне перыядычнае, апноэ і інш.). Першаснае Д. ўзнікае як праяўленне дэфектаў у сістэме рэгуляцыі дыхання або выканаўчых органаў дыхання; другаснае — як ускладненне інфекц., абменных або траўматычных пашкоджанняў дыхальнага цэнтра, нерв. шляхоў, бронхалёгачнага апарату, грудной клеткі, дыяфрагмы.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТЭРМІ́Я (ад дыя... + грэч. thermē гарачка, цеплыня),

эндатэрмія, тэрмапенетрацыя, адзін з метадаў электралячэння, які прадугледжвае награванне органаў і тканак арганізма токам высокай частаты (1,65 Мгц) і вял. сілы (да 3 А). Выкарыстоўваюць пры лячэнні хвароб, у аснове якіх спазмы крывяносных сасудаў, мачаточніка, жоўцевых праток, жоўцевага пузыра і інш. полых органаў, пры хранічных нягнойных запаленчых хваробах, запаленнях нерваў і іх карэньчыкаў, неўралгіях, сустаўных, мышачных і інш. болях.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМІ́ТНЫЯ ТЭАРЭ́МЫ,

шэраг тэарэм імавернасцей тэорыі, якія паказваюць умовы ўзнікнення пэўных заканамернасцей у выніку ўздзеяння вял. ліку выпадковых фактараў. Напр., вялікіх лікаў закон паказвае набліжэнне частаты з’яўлення выпадковай падзеі ў незалежных выпрабаваннях да яе імавернасці пры неабмежаваным павелічэнні ліку выпрабаванняў. Л.т. выкарыстоўваюцца ў матэм. статыстыцы для высвятлення ўласцівасцей стат. ацэнак і адшукання лімітных размеркаванняў выбарачных характарыстык для праверкі стат. гіпотэз. Гл. таксама Лапласа тэарэма, Ляпунова тэарэма.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. letalis смяротны),

смяротнасць, паказчык мед. статыстыкі: адносіны колькасці людзей, што памерлі ад хваробы, ранення ці няшчаснага выпадку да колькасці людзей, што хварэлі гэтай хваробай (параненыя, пацярпелыя, у %) за пэўны прамежак часу. Адрозніваюць Л. бальнічную, пазабальнічную, агульную і інш. Л. — адзін з паказчыкаў эфектыўнасці тэрапеўт. прэпаратаў, метадаў лячэння, тэрмінаў і паўнаты шпіталізацыі і інш. Л. адрозніваецца ад смяротнасці — частаты смерцяў сярод насельніцтва.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ цела, паглынання каэфіцыент,

адносіны патоку выпрамянення, што паглынаецца целам, да патоку, які падае на яго паверхню. Залежыць ад частаты выпрамянення, прыроды рэчыва, формы і т-ры цела. Калі П.з. цела ў некаторым дыяпазоне частот і т-р роўная 1, то цела лічыцца абсалютна чорным. П.з. уваходзіць у Кірхгофа закон Выпрамянення і характарызуе адхіленне паглынальных уласцівасцей дадзенага цела ад уласцівасцей абсалютна чорнага цела.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)