БАСАЛЫ́ГА (Міхаіл Самуілавіч) (н. 1.5.1942, г. Слуцк),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Аформіў альбом «Гравюры Францыска Скарыны» (1972), кнігі М.​Танка «Хай будзе святло» і «Ключ жураўліны» (1972, усе з У.С.Басалыгам), «Ave Maria» (1980), Я.​Купалы «Вершы і паэмы» (1982) і «Курган» (1987), «Дзень міру» (зборнік, 1986), «Веча славянскіх балад» Я.​Сіпакова (2-е выд., 1988) і інш. Ілюстрацыі выкананы ў тэхніцы лінарыту, афорта, змешанай тэхніцы. У творах станковай графікі звяртаецца ў асноўным да гіст. тэмы. У серыю каляровых аўталітаграфій «Айчыну сваю баронячы» ўваходзяць: трыптых «Грунвальдская бітва», «Бітва з татарамі» (абодва 1989), трыптых «Бітва пад Оршай» (1992), «Давыд Гарадзенскі», «Леў Сапега» (абодва 1994); каляровыя літаграфіі «Рагнеда» (1990), «Мінскі замак» (1991); партрэты «Юрый Алелька», «Аляксандр Алелька» (абодва 1989), «Сафія Юр’еўна Алелька» (1995) і інш. Творы з дасканалым маст. веданнем гіст. побыту і касцюма на Беларусі адлюстроўваюць падзеі, якія адбываліся ў мінулыя стагоддзі.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Басалыга. Рагнеда. 1990.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЛЕ́БЫ,

аб’яднанне славянскіх плямён, якое ў 6—9 ст. жыло на Валыні, сярэднім Дунаі, у Чэхіі і інш. мясцінах. У 1-й пал. 7 ст. вялі працяглую барацьбу з аварамі, у пач. 1.0 ст. ўдзельнічалі ў паходзе кн. Алега на Царград. Пасля распаду аб’яднання сфарміраваліся драўляне, валыняне і дрыгавічы. Археал. помнікі Д. — паселішчы і могільнікі з керамікай тыпу Лукі Райкавецкай. На думку В.​В.​Ключэўскага, Д. былі першым вял. аб’яднаннем, якое заклала аснову ўсх.-слав. дзяржаўнасці. На тэр. Беларусі, на думку М.​І.​Ермаловіча, Д., магчыма, перасяліліся з Пд або ПдЗ і, дайшоўшы да вусця Бярэзіны, частка іх пайшла ўверх па рацэ і асела ў сярэднім яе цячэнні, на р. Ольса, а другая іх частка перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы (р. Дулепа).

Літ.:

Третьяков П.Н. Восточнославяские племена. 2 изд. М., 1953;

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусы Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 6, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУРА́НТЫ»,

рукапісны зборнік (альбом) кантаў і псальмаў, датаваны 1733. Уключае 31 тэкст з нотамі на 1, 2, 3 галасы. Акрэслена бел. або бел.-ўкр. рысы маюць канты «А гды ж тая голубенка сама полетела», «Гой, гой, сядем в коло», «А ў поли речка, через речку кладка», «В неделенку рано», «Ганнусенька коханная, вечер была румяная», «Межу горами разшумела речка», «Тяжкая моя бедонка» і інш., вядомыя па інш. рукапісных зборніках. Таму можна меркаваць, што «К.» складаліся шляхам перапісвання з больш ранніх крыніц. Паводле запісу на форзацы можна меркаваць, што зборнік створаны ў г. Яраслаўль і належаў мясц. купчысе Пратапопавай. Зберагаецца ў рукапісным аддзеле Ін-та рус. л-ры (Пушкінскі дом). На матэрыялах «К.» В.​Капыцько пабудаваў аднайм. араторыю з элементамі дзейства для голасу, хору і інстр. ансамбля (1990).

Публ.:

McMillin A.B., Drage C.L. Curanty: an unpublished Russian Song-Book of 1733 // Oxford Slavonic Papers. 1970. Vol. 3.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. C. 95—96.

Л.​П.​Касцюкавец, А.​В.​Мальдзіс.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ТНІКАЎ (Браніслаў Аляксандравіч) (н. 15.12.1940, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1981), праф. (1982). Скончыў БДУ (1969). З 1971 у БДУ (у 1992—93 заг. кафедры, у 1996 дэкан філал. ф-та), з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Асн. працы па агульным, слав. і бел. мовазнаўстве. Аўтар кніг: «Дыстрыбутыўнастатыстычны аналіз лексічных значэнняў» (1979), «Асновы семасіялогіі» (1984), «Аб форме і змесце ў мове» (1989), «Семіётыка тэксту» (1992), «Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў» (1999), «Фанетыка і марфалогія беларускай мовы» (2000), сааўтар прац «Чэшская мова» (з Н.​В.​Івашынай), «Руска-чэшскі і чэшска-рускі слоўнік агульнагеаграфічных тэрмінаў» (абедзве 1985), «Дыхатамічная лексікалогія» (1989, з В.​П.​Трайкоўскай) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Общее языкознание: Сущность и история языка. 2 изд. Мн., 1993 (разам з Н.​Б.​Мячкоўскай, А.​Я.​Супруном);

Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Общее языкознание: Структура языка. Типология языка и лингвистика универсалий. 2 изд. Мн., 1995 (у сааўт.).

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́НСКА-БО́РШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура славянскіх плямён 8—10 ст., распаўсюджаная ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. Назва ад паселішчаў каля г. Рамны (Сумская вобл., Украіна) і с. Боршава (Варонежская вобл., Расія). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, бортніцтвам, рамесніцтвам; жыло на гарадзішчах і селішчах у чатырохвугольных аднакамерных паўзямлянках слупавой і зрубнай канструкцый з глінабітнымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ляпных гаршках пад курганнымі насыпамі (сустракаюцца і бескурганныя пахаванні). Кераміка ляпная, арнаментаваная грабеньчатым штампам, насечкамі, наколамі. Знойдзены земляробчыя прылады працы, сякеры, косы, нажы; упрыгожанні — бронзавыя і сярэбраныя бранзалеты, шыйныя грыўні, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі. Помнікі канца 1-га тыс. н.э., падобныя да помнікаў Р.-Б.к., сустракаюцца на Пд і ПдУ Беларусі: Мазырскае гарадзішча Кімбараўка, матэрыялы гарадзішча і селішча Чаплін, селішчы Калочын і Насовічы, селішча і курганны могільнік Ходасавічы, курганны могільнік Вароніна, частка матэрыялаў гарадзішчаў Чачэрск і Гомель. Частка даследчыкаў лічыць, што Р.-Б.к. паходзіць ад пражскай культуры, а бел. помнікі звязаны з летапіснымі радзімічамі.

А.​А.​Макушнікаў.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́ба¹, -ы, мн. -ы, баб, ж.

1. Матчына або бацькава маці.

2. Старая жанчына наогул.

3. Замужняя жанчына (разм.).

4. звычайна мн. Жанчыны наогул (разм.).

Бабы пайшлі жаць.

5. Жонка (разм.).

Мая б. прыбралася, як на вяселле.

6. Жанчына, якая прымае роды (разм., уст.).

За бабу была Праксэда з Бадзінава.

7. перан. Пра слабахарактарнага, нясмелага мужчыну (разм., іран.). «Смялей, не будзь бабай!», — крычалі яму.

Каменная баба — старажытная статуя з каменя.

Снегавая баба — злепленая са снегу чалавечая фігура.

Баба Яга — у казках славянскіх народаў: злая вядзьмарка, чараўніца.

Базарная баба — сварлівы, грубы, крыклівы чалавек.

Бой-баба (разм.) — мажная жанчына з шумлівым характарам.

Хват-баба (разм.) — увішная, працавітая жанчына.

|| зб. баб’ё, -я́, н. (да 2—4 знач.; пагард.).

|| прым. ба́бін, -а.

Бабіна лета — ясныя цёплыя дні ранняй восені.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Куня́ць ’спаць’ (Мат. Гом.). Укр. куняти, рус. кунять ’тс’, серб.-харв. ку́њати ’тс’. Надзейных паралелей за межамі славянскіх моў няма (Бернекер, 1, 6, 45).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слава́р ‘слоўнік’ (Гарэц.). Параўн. рус. слова́рь, славен. slovar ‘тс’. Запазычана з рускай мовы. Чэшская крыніца для славянскіх моў адмаўляецца, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 322.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАРКО́ЎСКІ (Віктар Іванавіч) (18.1.1900, Мінск — 26.12.1982),

рускі мовазнавец. Акад. АН СССР (1972, чл.-кар. з 1958), д-р філал. н. (1950), праф. (1930).Замежны чл. Германскай АН у Берліне (1969), чл.-кар. Акадэміі навук і л-ры ў Майнцы (ФРГ, 1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1930—50 у Магілёўскім, Наўгародскім, Яраслаўскім і інш. пед. ін-тах, Львоўскім ун-це. З 1950 у Ін-це мовазнаўства АН СССР (у 1954—60 дырэктар), з 1960 у Ін-це рус. мовы АН СССР. Даследаваў стараж.-рус. пісьменства, гіст. граматыку, параўнальна-гіст. сінтаксіс і дыялекталогію ўсх.-слав. моў. Аўтар прац аб мове Суздальскага летапісу. За даследаванне і публікацыю наўгародскіх берасцяных грамат Дзярж. прэмія СССР 1970. У 1930-я г. выступаў па пытаннях рэформы бел. правапісу. Аўтар манаграфіі «Сінтаксіс казак: Руска-беларускія паралелі» (1981), навук.-біягр. артыкула пра акад. Я.​Ф.​Карскага, рэдактар яго твораў «Беларусы» (вып. 1—3, 2-е выд., 1955—56) і «Працы па беларускай і іншых славянскіх мовах» (1962).

Літ.:

Список печатных трудов В.​Н.​Борковского // Проблемы истории и диалектологии славянских языков. М., 1971.

І.​К.​Германовіч.

В.І.Баркоўскі.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,

раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.​Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел. лінгвіст П.​А.​Бузук.

Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.

Літ.:

Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;

Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;

Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.

Г.​А.​Цыхун.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)