АЎТАПІЛО́Т (ад аўта... + франц. pilote кіраўнік, важак),

прыстасаванне для аўтам. кіравання палётам і стабілізацыі лятальнага апарата ў паветранай прасторы; частка аўтаматызаванай бартавой сістэмы кіравання палётам. Забяспечвае аўтам. ўзлёт і пасадку, падтрыманне зададзенага курсу, скорасці, вышыні палёту, стабілізацыю цэнтра масы лятальнага апарата па зададзенай траекторыі, выконвае закладзеныя ў праграму пілатажныя эвалюцыі. Прынцып дзеяння аўтапілота: сігналы з адчувальных элементаў (датчыкаў рэжыму палёту і выканаўчых механізмаў) параўноўваюцца ў вылічальным прыстасаванні ці ЭВМ, пасля чаго адпаведныя каманды паступаюць на выканаўчыя механізмы кіравання рулямі і рухавікамі. Аўтапілот у комплексе з аўташтурманам і інш. аэранавігацыйнымі прыладамі дае магчымасць палётаў без экіпажа і кіраванне лятальнымі апаратамі на адлегласці. Упершыню схема аўтапілота прапанавана К.​Э.​Цыялкоўскім у 1898.

т. 2, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ ЗАБАРО́НЕ РАЗМЯШЧЭ́ННЯ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І НА МАРСКІ́М ДНЕ,

шматбаковае міжнар. пагадненне аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў і ў іх нетрах ядз. зброі і інш. відаў зброі масавага знішчэння. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 11.2.1971. Удзельнікамі дагавора з’яўляюцца больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь (падпісала яго 3.3.1971, ратыфікавала 6.9.1971). Дагавор забараняе ўстанаўліваць і размяшчаць ядз. зброю і інш. віды зброі масавага знішчэння, пускавыя ўстаноўкі і інш. прыстасаванні, прызначаныя для захоўвання, выпрабавання ці выкарыстання такой зброі на дне мораў, акіянаў і ў іх нетрах за знешняй мяжой 12-мільнай узбярэжнай зоны (адлічваецца ад лініі найвялікшага адліву ўздоўж марскога ўзбярэжжа).

Ю.​П.​Броўка.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРАСКАПІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

электрамеханічныя прыстасаванні для вызначэння параметраў руху (ці становішча) і стабілізацыі аб’екта, на якім яны ўстаноўлены. Асн. частка гіраскапічных прылад — гіраскоп.

Да гіраскапічных прылад адносяцца: гіратахометры і гіраінтэгратары (для вымярэння вуглавых скарасцей і вуглоў павароту); гірашыроты (паказваюць геагр. шырату месца), гіравертыкалі і гірагарызанталі (фіксуюць напрамак сапраўднай вертыкалі ці плоскасці гарызонта, што дае магчымасць вызначаць вугал нахілу аб’екта адносна падоўжнай або папярочнай восі); гіракомпасы; гірамагн. і гіраіндукцыйныя компасы і курсавыя сістэмы (паказваюць курс рухомага аб’екта ці вугал яго павароту вакол верт. восі); гіратэадаліты (гл. ў арт. Тэадаліты); гірастабілізатары і інш. Гіраскапічныя прылады выкарыстоўваюць у марскім флоце, авіяцыі, ракетнай і касм. тэхніцы, для спец. работ (маркшэйдэрскіх, геадэзічных, тапаграфічных і інш.).

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБА́ЙН (англ. combine літар. злучэнне),

агрэгат з некалькіх рабочых машын, прызначаных адначасова выконваць поўны цыкл рознахарактарных аперацый. Пачаткам такога цыкла можа быць здабыванне сыравіны, канцом — выпуск прадукцыі.

Аб’яднанне некалькіх паслядоўных аперацый у К. паскарае вытв. працэс і павышае прадукцыйнасць працы за кошт выключэння міжаперацыйных страт часу, матэрыялаў і шматлікіх паўтарэнняў пагрузачна-разгрузачных, трансп. і інш. работ. К. бываюць рухомыя (самаходныя, прычапныя) і стацыянарныя. Найб. пашыраны рознага тылу К. ў с.-г. вытв-сці, напр., бульба-, збожжа-, канопле-, корма-, кукуруза-, сіласаўборачны К. (гл. адпаведныя арт.), ільноўборачны (гл. ў арт. Ільноўборачныя машыны).Выкарыстоўваюцца К. ў горнай справе (гл. Горны камбайн), атрымалі пашырэнне кухонныя К. (гл. ў арг. Кухонныя прылады і прыстасаванні), музычныя К. (музычныя цэнтры).

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,

адзін з метадаў дэфектаскапіі, заснаваны на рэгістрацыі магнітных палёў рассеяння на дэфектах або на выяўленні магн. уласцівасцей вырабаў, якія даследуюцца. Ажыццяўляецца з дапамогай магн. дэфектаскопаў, што ствараюць магн. палі вял. напружанасці і маюць прыстасаванні для размагнічвання вырабаў. Выкарыстоўваецца ў розных галінах прам-сці.

У зонах дэфектаў (трэшчын, немагн. уключэнняў і інш.) рэзка змяняюцца параметры магн. поля рассеяння, што фіксуецца рознымі метадамі: магнітна-парашковым (часцінкі магн. парашку або суспензіі асядаюць на краях дэфекту), магнітна-люмінесцэнтным (часцінкі парашку з люмінафорамі свецяцца пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў), феразондавым (магнітна адчувальнымі феразондамі вымяраюць слабыя магн. палі або іх градыенты), магнітаграфічным (прыкладзеная да вырабу магн. стужка намагнічваецца ў рознай ступені ў дэфектных і бездэфектных зонах).

М.​А.​Мяльгуй.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЯКОМАЕ́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

аўтатрофныя расліны, здольныя ўлоўліваць насякомых і часткова іх засвойваць з дапамогай пратэалітычных ферментаў, арган. к-т і т.ч. папаўняць недахоп пажыўных рэчываў у субстраце. 6 сям., каля 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 відаў з родаў; альдраванда, плывунец, расянка, тлушчанка. Трапляюцца ў вадаёмах, на забалочаных лугах, балотах, пераважна ў месцах з недахопам азоту, фосфару, калію. У Н.р. сфарміраваліся розныя складаныя прыстасаванні для прываблівання насякомых. Напр.. у плывунца — мешкападобныя органы ўтвораны сегментамі падводнага лісця; у трапічнага віду непентэса верхняя ч. лісцевага чаранка мае выгляд збана, лісце альдраванды ўкрыта ліпкімі залозістымі валаскамі, венерынай мухалоўцы ўласціва актыўнае зачыненне лісця-пастак. За дзень адна расліна расянкі здольна засвойваць некалькі дзесяткаў насякомых.

т. 11, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭ́ЗЫ (ад грэч. prothesis далучэнне, дадатак),

прыстасаванні і апараты, якія замяшчаюць форму і функцыю страчаных або функцыян. непаўнацэнных органаў чалавека. Канструкцыі П. заснаваны на дасягненнях фізіялогіі, біямеханікі, электронікі, тэхналогіі матэрыялаў і інш. Пашыраны П. з палімераў, аблегчаных сплаваў (напр., дзюралюміній), камбінаваныя. Раней П. былі пераважна з дрэва, скуры, металаў. Робяць П. рук, ног, зубоў (гл. Пратэзаванне зубоў), вока. Створаны біякіравальныя П. (кіруюцца біяэл. сігналамі з мышцаў куксы) і інш. Адрозніваюць П. часовыя (напр., для фарміравання куксы і абучэння хворага хадзьбе пасля ампутацыі), пастаянныя (верхніх і ніжніх канечнасцей пасля фарміравання куксы), рабочыя (актыўныя), касметычныя (без аднаўлення функцый); гл. таксама Штучныя органы і апараты. На Беларусі П. распрацоўваюць у НДІ траўматалогіі і артапедыі.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧА́Л,

сукупнасць збудаванняў, канструкцый і прыстасаванняў для стаянкі і абслугоўвання марскіх суднаў.

Адрозніваюць П.: пасажырскія, грузавыя, суднарамонтныя, ваенныя і інш.; стацыянарныя, плывучыя, рэйдавыя (у акваторыі порта для якарнай стаянкі суднаў). У склад П. ўваходзяць прычальныя збудаванні, перагрузачныя механізмы і прыстасаванні, пад’язныя чыг. пуці і аўтадарогі, склады, спец. памяшканні і інш. Прычальныя збудаванні (пірсы) абсталёўваюць тумбамі для замацавання суднавых швартоваў і адбойнымі прыстасаваннямі, што засцерагаюць П. і барты суднаў ад пашкоджанняў. Сукупнасць П. утварае прычальную лінію ці прычальны фронт порта. Гл. таксама Прыстань.

Прычалы марскога порта: 1 — хвалялом; 2 — молы; 3 — плывучы кран; 4 — маяк; 5 — прычал для пагрузкі колавай тэхнікі; 6 — кантэйнерны прычал; 7 — мокры док для пагрузкі і разгрузкі суднаў.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Снасць ‘неабходныя інструменты, прылады, прыстасаванні для якога-небудзь занятку’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Сержп., Пятк. 2, Сцяшк., ТС; брасл., пух., лях., Сл. ПЗБ), ‘збруя, панарад’ (Кольб., Сл. ПЗБ), ‘вяроўка, канат’ (Ласт.), снась, снасць ‘доўгая пяньковая вяроўка, якая выкарыстоўваецца для тармажэння плыта’ (падзв., Нар. сл.), снасць (або нарад) до кросён ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз.), снасць, мн. л. снасці: рыболоўные снасціпрыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), сна́сці ‘лапці, сплеценыя з вяровак’ (Сакал.), снасці́на ‘хамут’ (Сержп. Прык.). Укр. снасть ‘каркас; касцяк’, рус. снасть ‘прылады, інструменты’, стараж.-рус. снасть ‘прылады, збруя; узбраенне, даспехі’. Прасл. паўн. *snastь, паводле Слаўскага (SP, 2, 44), утворана пры дапамозе з суф. ‑tʼ‑ ад прасл. *snaditi ‘злучаць, змацоўваць, прыладжваць’; параўн. яшчэ і стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верх’. Аналагічна Праабражэнскі, 2, 344; Фасмер, 3, 696–697. Праславянскі дзеяслоў не мае пэўнай этымалогіі. Лічаць роднасным снадны, снадзь (гл.). У якасці паралеляў прыводзяць таксама лат. snāt ‘нямоцна скручваць’, ст.-ірл. snáthe ‘ніць’, ст.-англ. snód ‘павязка на галаву’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 973–974; Фасмер, тамсама; ЕСУМ, 5, 333.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́ба1 ‘шасцярня малатарні’ (ТСБМ; карэліц., нясвіж., Нар. словатв.; драг., Жыв. сл.). З польск. tryb ‘шасцярня’, trybyпрыстасаванні, найчасцей шасцярня альбо шэраг шасцерняў, якія пераносяць рух на іншыя часткі машыны’ (< ням. Trieb ‘імкненне’), ‘прывад, цяга’, ‘перадача’ < treiben ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; ЕСУМ, 5, 634).

Тры́ба2 ‘кожнае з трох падраздзяленняў, на якія дзялілася насельніцтва Рыма паводле паходжання’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую мову запазычана з лац. tribus ‘тс’ < і.-е. *tribh‑ ‘дзяліць, раздзяляць’ (Вальдэ, 1906, 636).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)