АЛЬБЕРТУСТА́ЛЕР (ням. Albertustaler),

талерная манета, якая чаканілася з 1612 у паўд. Нідэрландах намеснікамі іспанскага караля Альбертам і Ізабелай (серабра 24,65 г). Мела агульнаеўрапейскае пашырэнне. Альбертусталерам наз. таксама паўд.-нідэрландскія патагоны, чаканеныя каралямі Іспаніі Філіпам IV (1621—65) І Карлам II (1665—1700), якія тыпалагічна капіравалі альбертусталер. На Беларусі і Украіне яны вядомыя пад назвай «крыжовыя».

Да арт. Альбертусталер. Патагон правінцыі Брабант... 1677, Карл II.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. amplificatio пашырэнне),

стылістычная фігура ў паэтыцы, шэраг аднатыпных слоў ці словазлучэнняў (эпітэтаў, параўнанняў і інш.) для ўзмацнення выразнасці мовы. Напр., «Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, // Маё беларускае, роднае, кроўнае, // Такое раптоўнае, такое чароўнае, // Такое ласкавае, цёплае, чыстае, // Як сонца агністае, // Як Нёман, празрыстае, // Як казка, быліна, як песня, жаданае, // Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, // Гарачае слова ад шчырага сэрца!» (Д.​Бічэль-Загнетава «Роднае слова»).

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДУ́ТА (італьян. veduta),

жанр выяўл. мастацтва або канкрэтны твор, які адлюстроўвае від мясцовасці, пейзаж, часцей архітэктурны. Тэрмін узнік у 17 ст. ў Галандыі, набыў пашырэнне ў 18 ст. ў Венецыі, у 19 ст. — у інш. краінах Еўропы. Сярод майстроў вядуты мастакі Б.​Белота, А.​Каналета, Дж.​Б.​Піранезі і інш.

Да арт. Вядута. А.​Каналета. Буцэнтаўр рыхтуецца адплыць ад мола ў дзень Узнясення. Каля 1740.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІ́ЗІКА (ад гідра... + фізіка),

раздзел геафізікі, які вывучае фіз. ўласцівасці гідрасферы і працэсы, што ў ёй адбываюцца. Даследуе малекулярную будову вады ва ўсіх яе станах (вадкім, цвёрдым, газападобным); фіз. ўласцівасці вады, снегу, ільду (цеплавыя, радыяцыйныя, электрычныя, радыеактыўныя, акустычныя, мех. і інш.), а таксама дынамічныя і тэрмічныя працэсы ў воднай абалонцы Зямлі, пашырэнне, паглынанне і рассейванне святла ў ёй. Падзяляецца на фізіку мора і фізіку вод сушы.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...філ(ы)],

1) віды арганізмаў, якія жывуць параважна ў згуртаваннях культ. раслін (аграбіяцэнозах). Сярод гемерафілаў шмат пустазелля і шкоднікаў с.-г. раслін, у адносінах да якіх выкарыстоўваецца тактыка знішчэння або абмежавання пашырэння.

2) Віды жывёл і раслін, вобласць пашырэння якіх павялічылася ў выніку гасп. дзейнасці чалавека і ўплыву яго на прыродную расліннасць (напр., пашырэнне культ. раслін). Гл. таксама Гемерафобы.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАПЯХО́ТА, матарызаваная пяхота,

сучасная назва пяхоты ва ўзбр. сілах ФРГ, Бельгіі, Нідэрландаў і інш.; у ЗША, Францыі і інш.механізаваныя войскі, у краінах СНД — мотастралковыя войскі, якія ўваходзяць у склад сухапутных войск. Мотапяхотныя (матарызаваныя) злучэнні адрозніваюцца ад звычайных пяхотных высокай ступенню матарызацыі. Упершыню асобныя матарызаваныя падраздзяленні з’явіліся ў час 1-й сусв. вайны; значнае пашырэнне атрымалі ў 2-ю сусв. вайну. Гл. таксама Пяхота.

В.​М.​Пташнік.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кармазі́н

(польск. karmazyn < іт. carmesino, ад перс. kermez = барвовы)

сукно цёмна-чырвонага колеру, якое мела пашырэнне ў даўняй Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

энзао́тыя

(н.-лац. enzootia, ад гр. en = у, на + zoon = жывёліна)

пашырэнне інфекцыйнай хваробы жывёл на абмежаванай тэрыторыі або акваторыі (параўн. панзаотыя, эпізаотыя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Ляні́ска, ляні́ско ’льнянішча’ (Сцяшк.; карэліц., Шатал.; астрав., шчуч., шальч., Сл. ПЗБ), ’трава, скошаная на полі, дзе быў лён’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Да лён (гл.). Суфікс ‑іска пад уплывам польск. мовы — параўн. лінгвагеаграфію яго на картах ДАБМ 270–273 (зах. і паўн.-зах. пашырэнне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жано́чы. Укр. жіночий ’тс’. Зах.-рус. (ст.-бел. і ст.-укр.) утварэнне ад женъка ’жанчына’ (укр. жінка ’жанчына’). Утворана як прыналежны прыметнік (параўн. дзявочы). Пра зах.-рус. характар слова (а не запазычанне з укр.) сведчыць пашырэнне слова ў гаворках (Сцяшк. МГ). Гл. жо́нка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)