КАНЕ́ЧНЫХ РО́ЗНАСЦЕЙ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае функцыі пры дыскрэтных (перарывістых) зменах аргумента; дыскрэтны аналаг матэм. аналізу. Асн. паняцце — канечная рознасць — выраз спец. віду, які звязвае значэнні функцыі ў розных пунктах. Выкарыстоўваецца пры набліжаны дыферэнцаванні і набліжаным інтэграванні функцый, набліжаным рашэнні дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.

К.р.з. развівалася паралельна з асн. раздзеламі матэм. аналізу, у 18 ст. набыло характар самаст. матэм. дысцыпліны. Першае яе сістэм. выкладанне дадзена Б.​Тэйларам у 1715. Працы матэматыкаў 19 ст. падрыхтавалі глебу для сучаснага развіцця К.р.з. і тэорыі метаду канечных рознасцей. Ідэі і метады К.р.з. набылі дастасаванні да аналітычных функцый камплекснай пераменнай і задач выліч. матэматыкі. Гл. таксама Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый.

Л.​Я.​Яновіч.

т. 7, с. 584

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІФІЛІ́Я (ад полі... + ...філія),

паходжанне пэўнай групы арганізмаў ад некалькіх продкавых груп, не звязаных блізкай роднасцю. Ажыццяўляецца шляхам канвергенцыі і проціпастаўляецца монафіліі, як эвалюц. прынцыпу, заснаванаму на дывергенцыі. Згодна з сучаснай эвалюц., філагенет. сістэматыкай, арганізмы класіфікуюцца ў адпаведнасці з інфарм. зместам іх генет. праграмы. Таксоны эвалюц. сістэматыкі бываюць толькі монафілетычнымі. Напр., даказана П. зайцападобных і грызуноў, якіх раней аб’ядноўвалі ў адзін атр., а цяпер іх адасабляюць у 2 самастойныя атрады. Часам тэрмінам «П.» абазначаюць перасячэнне таксанамічнай мяжы паміж продкавай і даччыной групамі арганізмаў некалькімі роднаснымі філетычнымі лініямі, якія эвалюцыяніравалі паралельна (гл. Паралелізм).

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;

Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ. М., 1971.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ШЭР ((Roscher) Вільгельм Георг Фрыдрых) (21.10.1817, г. Гановер, Германія — 4.6.1894),

нямецкі эканаміст, заснавальнік гістарычнай школы ў палітэканоміі. Праф. Гётынгенскага (з 1843) і Лейпцыгскага (з 1848) ун-таў. У працы «Кароткі нарыс курса палітычнай эканоміі паводле гістарычнага метаду» (1843) прапанаваў метад, згодна з якім эканам. навука грунтавалася на вывучэнні гіст. падзей і растлумачвала эканам. з’явы шляхам пошуку гіст. аналогій; пазней развіў свае ідэі ў працы «Сістэма эканомікі» (т. 1—5, 1854—94). Крытыкаваў законы, распрацаваныя класічнай школай палітэканоміі, якія абгрунтоўваліся пры дапамозе метадаў, аналагічных метадам дакладных навук. У «Тэорыі крызісаў» (1849) узняў праблему перавытворчасці, лічыў, што накапленні павінны павялічвацца паралельна з попытам на тавары і паслугі. Быў прыхільнікам ідэі натуральнай эвалюцыі грамадства, асуджаў практыку рэв. пераваротаў.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дублі́раваць

(фр. doubler)

1) выконваць паралельна з кім-н. аднолькавую работу (напр. д. касманаўта);

2) замяняць асноўнага выканаўцу ролі (у тэатры, кіно);

3) замяняць мову кінафільма іншай мовай (напр. д. фільм).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

квадратры́са

(лац. quadratrix, -icis = якая дзеліць на чатыры часткі)

геаметрычнае месца пунктаў перасячэння прамой, што паварочваецца вакол фіксаванага пункта, і прамой, якая раўнамерна перамяшчаецца паралельна да самой сябе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

З,

дзевятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Ꙁ («зямля»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўной Ζ («дзэта»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «з» і «з’» («законъ», «возити»). Мела таксама лічбавае значэнне «сем». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму Паралельна з ёй, хоць і больш абмежавана, для абазначэння гукаў «з» і «з’» выкарыстоўвалася літара Ѕ («зяло»), што ўзнікла шляхам відазмянення грэка-візант. S («дыгама»). У сучаснай бел. мове абазначае шумныя звонкія шчылінныя пярэднеязычныя зычныя гукі «з» і «з’» («зара», «зіма»), а перад глухімі зычнымі ці на канцы слоў — парныя да іх па звонкасці і глухасці гукі «с», «с’» («казка» — «каска», «лезці» — «л’эс’ц’і», «мазь» — «мас’», «полаз» — «полас’»), Уваходзіць у склад дыграфа «дз» («нэндза», «радзіма»).

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАФІЛІ́Я (ад мона... + ...філія),

паходжанне групы арганізмаў ад агульнага продка; адзін з асн. прынцыпаў эвалюцыі арган. свету. Ідэя М. складае аснову сучаснай сістэматыкі. Класічнае разуменне М.: узнікненне таксона любога рангу ад адзінага родапачынальнага віду на аснове дывергенцыі або адаптыўнай радыяцыі. Распаўсюджанне з’яў эвалюцыйнага паралелізму ў філагенезе розных груп арганізмаў ускладняе практычнае выкарыстанне класічнай канцэпцыі М. ў сістэматыцы, таму што мяжу паміж продкавым і нашчадкавым таксонамі часта перасякаюць некалькі філетычных ліній, што эвалюцыяніруюць паралельна, агульны продак якіх існаваў на больш ранніх этапах філагенезу. Гэты прыватны выпадак М. наз. парафіліяй. Амер. палеантолаг Дж.​Сімпсан прапанаваў (1960) разглядаць таксон як монафілетычны, калі ён паходзіць адным або некалькімі каранямі ад аднаго таксона больш нізкага рангу (напр., тып — ад класа, клас — ад атрада і г.д.).

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ава́т ’сярэдзіна дня, самая гарачыня летам, калі кароў на пашы кусаюць авадні’ (Янук.) да авад. Цікава параўнаць з вад у тым жа значэнні (гл.), тым больш, што паралельна да авадзень маем таксама вадзень. Тое, што абат і (а)вад непасрэдна звязаны з назвай авада, авадня, даказваецца параўнаннем рус. бзык ’шаленства жывёлы ад моцнай спякоты і аваднёў і ’авадзень’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыгалаве́шка ’два палены, якія кладуцца на паду ў печ паралельна, а на іх канцамі кладуцца дровы’ (Янк.), мн. л. прыгало́вічы, пры́галавічы ’доўгія палены дроў (звычайна два), якія кладуцца спераду ў печ’ (Жд., Нар. сл.), параўн. укр. при́голова́ч, при́голо́вачок, при́головок ’палена, якое кладзецца ўпоперак печы, каб на яго можна было класці палены ўпоперак’. Да галава, галавешка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«БЕЛАРУ́СЬ»,

штомесячны ілюстраваны грамадска-палітычны часопіс на бел. мове. Засн. ў 1930 пад назвай «Чырвоная Беларусь» (выходзіў да 1933), адноўлены ў студз. 1944 пад назвай «Беларусь». У 1944 выходзіў раз у 2 месяцы спачатку ў Маскве (№ 1—3), потым у Мінску паралельна на бел. і рус. мовах. З 1945 на бел. мове. Асвятляе грамадска-паліт. і эканам. жыццё рэспублікі, узнімае пытанні развіцця нац. культуры, культ. узаемасувязяў з інш. народамі, публікуе нарысы, нататкі пра бел. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва, навукі, культуры, адукацыі, фотарэпартажы, рэпрадукцыі твораў выяўл. мастацтва, папулярныя творы «малых» жанраў (вершы, апавяданні, п’есыаднаактоўкі, нарысы і інш.) бел. пісьменнікаў. Шмат увагі аддае праблемам бел. нац. адраджэння, вяртання народу яго духоўнай і гіст. спадчыны, у т. л. навук. і літ.-маст. здабыткаў, створаных беларусамі за мяжой, рэліг.-хрысціянскіх традыцый.

Вокладкі часопіса «Беларусь».

т. 3, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)