ПАПУЛЯЦЫ́ЙНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,

раздзел генетыкі, які вывучае заканамернасці генет. структуры папуляцый і яе змены ў працэсе эвалюцыі. Вывучае эфекты антрапагеннага ўздзеяння на генет. структуру папуляцый, распрацоўвае асновы яе захавання і рацыянальнага выкарыстоўвання. Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную. Станаўленне П.г. звязана з працамі англ. матэматыка Г.​Хардзі і ням. ўрача В.​Вайнберга (1908), а таксама С.С.Чацверыкова (1926), Р.​Фішэра, Дж.​Холдэйна, С.​Райта (1930) і інш. На Беларусі асобныя кірункі П.г. заклалі П.Ф.Ракіцкі і М.В.Турбін. Даследаванні вядуцца ў Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі (генетыка камбінацыйнай здольнасці с.-г. раслін, уплыў адбору на генет. структуру папуляцый, аналіз генет. структуры прыродных папуляцый жывёл, вывучэнне заканамернасцей дынамікі хім. і радыяцыйнага мутагенезу ў папуляцыях і інш.), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (генет. полімарфізм насельніцтва Беларусі), Ін-це лесу (генет. структура хваёвых лясоў Беларусі), Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш.

Н.​І.​Рабаконь.

т. 12, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Існавала з 1.7.1906 да 1918 у г. Рагачоў Магілёўскай губ. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 класы, з 1911—7 кл. і падрыхтоўчае аддзяленне. Выкладаліся: закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, спевы, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, а таксама на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. У вучылішчы працавалі дырэктар, інспектар, 3 законанастаўнікі, 13 выкладчыкаў, урач. У 1906 у вучылішчы 51 выхаванец, у 1908—106, у 1911—223, у 1915—256. Скасавана ў 1918.

Літ.:

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,

установа ордэна езуітаў у г. Слонім Гродзенскай вобл. Спробы ўтварэння місіі пачаліся ў 1664—65. У пач. 18 ст. зямельныя наданні слонімскім езуітам рабілі жмудскі кашталян А.​Уніхоўскі, муж і жонка Талаканскія, М.​Кошчыц, пробашч Віленскай кафедры ксёндз П.​Палубінскі. У 1709—25 вядома як місія Навагрудскага езуіцкага калегіума, у 1725—73 — рэзідэнцыя. Драўляны касцёл св. Іосіфа ўзведзены ў Слоніме ў 1713—15, другі мураваны будаваўся з 1740 (не быў завершаны). Пры місіі дзейнічалі школы: граматыкі (з 1713), паэтыкі і рыторыкі (з 1714). У 1736 пры рэзідэнцыі створана школа філасофіі, з 1750 вывучаліся гісторыя і матэматыка. Меліся муз. бурса, канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты, б-ка. У розны час місіі і рэзідэнцыі належалі маёнткі Вішава, Грынкі, Дабосня, Шулякі, дзейнічалі місіі ў Ваўкавыску і Дабосні. Пасля скасавання рэзідэнцыі школа пераўтворана ў пав. вучылішча. Будынкі не захаваліся.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 15, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА (англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),

сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.​Ж.​Русо, Дж.​Байран, І.​Рэпін, Р.​Кент, Б.​Шоу, Л.​Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.

М.​Ф.​Сарока.

т. 4, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1901—18 у г. Ліда. Лідская мужчынская гімназія — сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Засн. ў 1913 у складзе 2 класаў, у 1914 адкрыты 3-і і падрыхтоўчы класы. Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. У 1913 было 74, у 1914—167 навучэнцаў. Праіснавала да 1917. Лідская жаночая гімназія Ф.Л. і В.С. Навіцкіх — прыватная сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Адкрыта ў 1901 на базе 2-класнага пав. вучылішча як 4-класнае жаночае вучылішча. У 1906 пераўтворана ў 6-класную прагімназію. У 1910 адкрыты 7-ы клас; 21.6.1910 ёй нададзена права ўрадавай гімназіі. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1914 было 227, у 1915—198 навучэнцаў. У 1914 гімназію скончылі 18, у 1916—26 чал. У Л.г. вывучаліся: Закон Божы, іудзейскае веравучэнне, рус. мова і славеснасць, чыстапісанне, ням. і франц. мовы, матэматыка, фізіка, геаграфія, гісторыя, маляванне; у мужчынскай гімназіі дадаткова выкладаліся гімнастыка, у жаночай — рукадзелле.

т. 9, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.

Існавала ў 1803—1918. Адкрыта на месцы Мінскай губ. школы (створана ў 1773 з Мінскага езуіцкага калегіума). Напачатку 6-класная, з 1804 7-класная. З 1833 выпускнікі гімназіі атрымалі права на 14-ы чын (пры ўмове добрага ведання рус. мовы і славеснасці). У 1834 атрымала агульнаімперскі статут 1828. У 1863 і 1871 рэарганізоўвалася. У пач. 20 ст. ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і ахвяраванняў. Выкладаліся: рус. мова і славеснасць, латынь, ням. і франц. мовы, гісторыя, філасофія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка і інш. Сярод выхаванцаў Я.Лучына і Ядвігін Ш. Выкладчыкі — выпускнікі ун-таў, духоўных акадэміі і семінарыі, настаўніцкіх ін-таў, кансерваторыі. Пры гімназіі дзейнічала царква, царк. і свецкі хары, змешаны і духавы аркестры, фіз., прыродазнаўчы і мінералагічны кабінеты (у 1842—62 дзейнічаў шляхетны пансіён). У 1915—690 навучэнцаў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Маскву.

Літ.:

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.

А.​Ф.​Самусік.

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА Засн. ў 1872 у г. Пінск на базе мужчынскай гімназіі; першае рэальнае вучылішча на Беларусі. Уваходзіла ў Віленскую навучальную акругу. Мела 7 класаў. На чале з дырэктарам працавалі 16 выкладчыкаў, 3 законанастаўнікі, інспектар. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геаграфія, хімія, гісторыя, матэматыка, законазнаўства, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, пач. ваен. навука, музыка, рамёствы, гімнастыка і інш. Выпускнікі мелі перавагу пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фіз.-матэм. ф-ты ун-таў. Сярод выкладчыкаў былі выхаванцы вучылішча, выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі, Віленскага настаўніцкага ін-та, ун-таў Масквы, Юр’ева, Кіева, Лейпцыгскай філал. семінарыі і інш. У 1785 вучылася 185 юнакоў, у 1911—368. У 1915 вучылішча пераведзена ў Мазыр. У 1918 скасавана.

Літ.:

Краткий список учреждений и учебных заведений Виленского учебного округа на 1917 г. Могилев, 1917;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІЕ́ЗЕР Навум Ільіч (6.3.1901, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 3.6.1980),

украінскі матэматык; заснавальнік харкаўскай матэм. школы. Чл.-кар. АН Украіны (1934). Д-р фіз. матэм. н. (1936), праф. (1940). Брат А.Л.Ахіезера. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1923), дзе працаваў у 1928—33. У 1933—41 і з 1947 у Харкаўскім ін-це (заг. кафедры, у 1935—50 дырэктар НДІ матэматыкі і механікі). Навук. працы па аэрагідрадынаміцы, канструктыўнай тэорыі функцый, функцыян. аналізе, тэорыі дыферэнцыяльных і інтэгральных аператараў, тэорыі апраксімацыі, гісторыі матэматыкі. Развіваў даследаванні П.Л.Чабышова і рас. матэматыка С.​Н.​Бернштэйна па тэорыі найлепшых набліжэнняў функцый. Прэмія імя Чабышова АН СССР (1949).

Тв.:

Лекции по теории аппроксимации. 2 изд. М., 1965;

Элементы теории эллиптических функций. 2 изд. М., 1970;

Теория линейных операторов в гильбертовом пространстве. Т. 1—2. Харьков, 1977—78 (разам з І.​М.​Глазманам);

Избранные труды по теории функций и математической физике. Т. 1—2. Харьков, 2001.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

элемента́рны

(лац. elementarius)

1) зыходны, пачатковы (напр. э-ая матэматыка);

2) прасцейшы, нескладаны (напр. э. схема);

3) асноўны, самы неабходны (напр. э-ыя ўмовы);

4) найменшы з вядомых, з наяўных (напр. э-ыя часціцы).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

но́ніус

[н.-лац. nonius, ад парт. P. Nunez = прозвішча парт. матэматыка (1492—1577)]

дадатковая шкала вымяральнага інструмента, якая дазваляе павысіць дакладнасць адліку па асноўнай шкале ў некалькі разоў (10, 20 і больш).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)