кветкавыя расліны, з якіх у перыяд цвіцення пчолы збіраюць нектар і кветкавы пылок; кармавая база пчалярства. Класіфікуюцца па часе цвіцення (веснавыя, летнія, асеннія), форме росту (дрэвавыя, кустовыя, кусцікавыя, травяністыя), характары выкарыстання пчоламі (нектараносы, пылканосы, нектарапылканосы), пераважных месцах росту (лясныя, лугавыя, палявыя, садовыя і інш.), гасп. прыналежнасці (зернебабовыя, кармавыя, крупяныя, пладовыя, спец. меданосы і інш.), нектарапрадукцыйнасці. Большасць М.р. — нектарапылканосы. Найб. каштоўныя М.р. даюць шмат нектару і пылку, даступных для пчол, маюць вял. колькасць кветак, доўгі перыяд цвіцення, найб. пашыраны. На Беларусі М.р. характарызуюцца разнастайнасцю (каля 600 відаў) і нераўнамерным размеркаваннем. З культурных М.р. найб. каштоўныя: грэчка, канюшына, сырадэля, баркун, рутвіца, сланечнік, агурок, пладовыя, ягадныя культуры; з лясных і паркавых дрэў і кустоў — ліпа, клён, вярба, крушына, рабіна, бружмель, маліны, каліна, верас; з дзікарослых траў — іван-чай, расходнік, чабор, шалфей, чальчак, дзьмухавец, мята і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЧНІ́СТАЯ РАСА́, папяліца, бель,
хвароба вышэйшых раслін, якая выклікаецца мучністарасянымі грыбамі. Пашырана амаль усюды. Найб. развіваецца ў засушлівыя гады. Пашкоджвае многія с.-г. і дзікарослыя расліны, напр.: бабовыя, злакавыя, парасонавыя, буракі, капусту (узбуджальнікі — грыбы роду эрызіфе), гарбузовыя, маліны, ружы, сунічнік, агрэст і парэчкі, Хмель (сфератэка), ігрушы, яблыні і інш. пладовыя культуры (падасфера), дубы і інш. лясныя дрэвы (мікрасфера). Расліны заражаюцца вясной (азімыя і ўвосень) аскаспорамі, пазней канідыямі грыба. На маладых надземных органах паяўляюцца плямы мучніста-белага парашкападобнага або павуціністага налёту з міцэлію і канідыяў грыба, які паступова разрастаецца, робіцца больш шчыльным (лямцавым) і цёмным. Хворыя органы дрэнна растуць і развіваюцца, дэфармуюцца, засыхаюць, плады могуць растрэсквацца і загніваць. У канцы вегетац. перыяду на паверхні міцэлію ўтвараюцца клейстатэцыі, у якіх выспяваюць (звычайна зімой) аскаспоры; зімуе таксама міцэлій (на азімых культурах і шматгадовых раслінах).
Літ.:
Головин П.Н. Мучнисторосяные грибы, паразитирующие на культурных и полезных диких растениях. М.; Л., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІ́ЛАЎ (Мікалай Іванавіч) (25.11.1887, Масква — 26.1.1943),
савецкі біёлаг, генетык, заснавальнік вучэнняў пра біял. асновы селекцыі і цэнтры паходжання культурных раслін. Акад.АНСССР (1929; чл.-кар. 1923). Акад. УАСГНІЛ (1929). Акад.АН Украіны (1929). Брат С.І.Вавілава. Скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1911). Працаваў пад кіраўніцтвам Дз.М.Пранішнікава. З 1929 прэзідэнт, у 1935—40 віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. З 1930 адначасова дырэктар Ін-та генетыкі АНСССР. Абгрунтаваў вучэнне пра імунітэт раслін (1919), адкрыў закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці арганізмаў (1920). Арганізатар і кіраўнік экспедыцый па вывучэнні сусв. раслінных рэсурсаў (1920—40). Вызначыў ачагі формаўтварэння культ. раслін. Сабраў найб. ў свеце калекцыю насення культ. раслін, заклаў асновы дзяржсортавыпрабавання палявых культур. Прэмія імя У.І.Леніна (1926), залаты медаль імя М.М.Пржавальскага АНСССР (1925). У 1968 АНСССР устаноўлены залаты медаль яго імя ў галіне сельскай гаспадаркі. У 1940 рэпрэсіраваны, памёр у турме (Саратаў), рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РЫВА,
асноўны прыём мех. апрацоўкі глебы адвальнымі плугамі. Падтрымлівае рыхласць ворнага слоя, садзейнічае рэгуляванню паветранага, воднага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы, знішчэнню шкоднікаў культурных раслін, узбуджальнікаў хвароб і пустазелля. Пры ворыве адбываецца падразанне пласта, яго пераварочванне, крышэнне, рыхленне, перамешванне, зараўноўванне, паскарэнне мінералізацыі раслінных рэшткаў, арган. і мінер. угнаенняў, меліярантаў.
Ворыва робяць плугамі рознага тыпу суцэльным (гладкім) або загонным спосабам. Від і глыбіня ворыва залежаць ад глебава-кліматычных умоў, тыпу глебы і яе грануламетрычнага складу, магутнасці перагнойнага гарызонта, эрадзіраванасці глебы, біял. асаблівасцей с.-г. культур, апрацоўкі глебы для папярэдніка, фітасанітарнага стану і інш. Рэкамендуюцца таксама безадвальная апрацоўка глебы і глыбокае падворыўнае рыхленне — спосабы, якія садзейнічаюць прыродаахоўным і энергазберагальным тэхналогіям. Адрозніваюць віды ворыва: культурнае — плугам з перадплужнікам або камбінаванымі адваламі; адваротам пласта — абгортванне на 180°; плантажнае — на глыб. больш за 40 см; яруснае (паслойнае) — па гарызонтах (слаях) на глыб. 0—15, 15—30 см і болей з вынясеннем або без вынясення ніжніх падворыўных слаёў. Ва ўмовах Беларусі час ворыва ў сістэме зяблевай апрацоўкі — восень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́СТ (Crossularia),
род кустовых раслін сям. агрэставых. Больш за 50 відаў, пашыраных у Паўн. Амерыцы, Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі культывуецца агрэст адхілены (G. reclinata). Каля 10 відаў інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як ягадныя і дэкар. расліны.
Агрэст адхілены вядомы з 11 ст. Родапачынальнік большасці культурных сартоў. Выш. кустоў 60—120 см. Цвіце ў 1-й пал. Мая. Плады — несапраўдныя ягады, голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпурныя. Маюць цукру 5—12%, арган.к-т 1—2%, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін. Пладаносны пачынае на 3-і год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі. Лепш расце на дастаткова вільготных угноеных сугліністых глебах. Ураджайнасць 10—15 т/га. Сарты, пашыраныя на Беларусі: Яравы, Куршу дзінтарс, Беларускі, Малахіт, Шчодры. Ягады спажываюцца свежыя і перапрацаваныя (джэм, варэнне, мармелад, сок). Агрэст мае радыепратэктарныя ўласцівасці (садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне. Асн. шкоднікі: пільшчыкі, агрэставы пядзенік: хваробы: сфератэка, іржа, антракноз, септарыёз.
Літ.:
Бурмистров А.Д. Ягодные культуры. 2 изд. Л., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСУХАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬраслін,
эвалюцыйна замацаваная здольнасць раслін пераносіць абязводжванне і перагрэў тканак, што выклікаецца глебавай або паветранай засухай; генетычна абумоўленая прыкмета. Можа ўзмацняцца ў працэсе адаптацыі. Расліны падзяляюць на пайкілагідрыдныя, якія не здольны рэгуляваць свой водны рэжым (напр., імхі, сіне-зялёныя водарасці, лішайнікі, некат. віды папарацей), і гамеагідрыдныя, што могуць падтрымліваць сваю вільготнасць (б.ч. кветкавых раслін і с.-г. культуры). Найб. высокай З. валодаюць ксерафіты, да якіх належаць усе дзікарослыя расліны стэпаў, пустынь і паўпустынь. Некат. з іх, напр.сукуленты, вызначаюцца гарачаўстойлівасцю і здольны пераносіць т-ру да 60 °C і вышэй (большасць культурных раслін — мезафітаў — гінуць пры т-ры каля 45—48 °C). Устойлівасць раслін да засухі павышаюць спец. прыстасаванні, якія абмяжоўваюць выпарэнне вады з тканак (магутная каранёвая сістэма, драбнаклетачнасць, тоўстая кутыкула, апушэнне, васковы налёт і інш.). З. павялічваецца па меры развіцця раслін і змяншаецца на генератыўнай яго фазе. Сярод культ. форм найб. засухаўстойлівыя шафран пасяўны, гарбуз, проса, ячмень, сланечнік; менш вынослівыя пшаніца, авёс. Павышэнне З. с.-г. культур дасягаецца агратэхн. прыёмамі, накіраванымі на барацьбу з засухай, селекцыяй на высокую З., правільным севазваротам, угнаеннем глебы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА (лац. norma правіла, узор),
межы, у якіх прадметы, з’явы, прыродныя і грамадскія сістэмы, віды чалавечай дзейнасці і зносін захоўваюць свае якасці, функцыі, формы ўзнаўлення. Адлюстроўвае тое, што існуе або павінна існаваць. Канкрэтызуецца ў правілах, узорах, загадах: устаноўленая мера чаго-н. (нормы працы, норма промыслу і інш.) або сярэдняя велічыня сукупнасці выпадковых падзей, з’яў (норма рэакцыі, Н. прыбытку і інш.); загад, устаноўлены парадак, прынцып, агульнае правіла, узор (нормы сацыяльныя, Н. літ. мовы і інш.); форма рэгуляцыі паводзін у сац. (норма права, нормы маральныя), біял., тэхн. і інш. сістэмах. Вылучаюць неразвітыя Н. (імператыў не вызначаны), «мёртванароджаныя» (імператывы не маюць дастатковых сац., культурных і інш. падстаў), Н.-фікцыі (умоў для дзеяння Н. ўжо няма, аднак яна яшчэ нясе знакавыя нагрузкі), Н.-фантомы (забаронена, аднак яшчэ дзейнічае) і інш. З развіццём грамадства праблематыка Н. мяняецца. У індустр. і постіндустр. грамадствах ускладняюцца Н., якія рэгулююць прыродныя і тэхн. сістэмы. Н. сацыяльныя ўсё больш становяцца прынцыпам арганізацыі ўзаемаадносін паміж людзьмі і менш за ўсё ўзорам, формай. У сучасным грамадстве Н. — сацыякультурныя праграмы, якія павінны адпавядаць узроўню развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама стану прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́КТЫ АБ ПРАВА́Х ЧАЛАВЕ́КА,
2 міжнародныя дагаворы ў галіне абароны правоў чалавека, ухваленыя Генеральнай Асамблеяй ААН 16.12.1966.
Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах складаецца з 53 арт., многія з якіх паўтараюць Усеагульную дэкларацыю аб правах чалавека 1948. У дадатак да Дэкларацыі Пакт абвяшчае правы кожнага грамадзяніна прымаць удзел у вядзенні дзярж. спраў: права галасаваць і быць выбраным на выбарах, забеспячэнне свабоднага волевыяўлення выбаршчыкаў, права допуску на ўмовах роўнасці да дзярж. службы. Пакт аб сацыяльных і культурных правах мае 31 арт., з якіх большасць прысвечана нац. і этн. меншасцям. Устанаўляе права на працу і пералічвае меры, якія павінна прымаць дзяржава, каб забяспечыць справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, абвяшчае правы чалавека на сац. забеспячэнне, адукацыю, удзел у прафсаюзах, правы на ахову сям’і, пэўны жыццёвы ўзровень, мед. дапамогу.
Гэтыя дагаворы звязваюць свабоду паводзін дзяржавы ў сферы нац. заканадаўства, аднак не вызначаюць, як дзяржава павінна выконваць свае абавязацельствы па ахове правоў чалавека. Такія з’явы, як генацыд, апартэід, расізм, не ўваходзяць ва ўнутр. кампетэнцыю дзяржавы і кваліфікуюцца як міжнародныя злачынствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ША, выпас,
зямельныя ўгоддзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы; адна з асн. крыніц высокапрадукц. і таннага корму для с.-г. жывёл.
Адрозніваюць П. прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расл. покрыве натуральнай П. пераважаюць дзікарослыя злакавыя травы, асокі і разнатраўе. Палепшаную П. ствараюць шляхам спец. сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых травасумесей. Звычайна П. займае сухадольныя ці нізінныя месцы. участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасць прыроднай П. нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэннем, культуртэхнічнымі работамі і інш. аграмеліярац. мерапрыемствамі; вапнаваннем, выкарыстаннем угнаенняў, падкошваннем, падсевам траў, арашэннем, аховай ад перавыпасу.
На Беларусі пад П. занята 1,7 млн.га, з іх палепшанай 1,1 млн.га, асушанай 0,78 млн.га. Прыродныя ўмовы і біякліматычны патэнцыял краіны спрыяюць стварэнню высокапрадукцыйнай П. практычна ва ўсіх рэгіёнах.