украінскі вучоны ў галіне электразваркі, металургіі і тэхналогіі металаў. Акад.АН Украіны (1958). Акад.Рас.АН (1962). Чл. шэрагу замежных акадэмій. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1978). Сын Я.А.Патона. Скончыў Кіеўскі індустр. (політэхн.) ін-т (1941). З 1942 у Ін-це электразваркі АН Украіны (з 1953 дырэктар). Адначасова з 1962 прэзідэнт АН Ўкраіны. Навук. працы ў галіне зваркі, спец. электраметалургіі, зварачных працэсаў у космасе. Распрацаваў асновы тэорыі аўтаматаў для дугавой зваркі. Зрабіў значны ўклад у стварэнне і развіццё дугавой паўаўтаматычнай, электрашлакавай, мікраплазмавай, кантактнай, электронна-прамянёвай і інш. спосабаў зваркі, электрашлакавага пераплаву і ліцця, тэхналогіі вытв-сці труб вял. дыяметра і буд-ва трубаправодаў. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1950. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР 1981.
Тв.:
Электрошлаковая сварка. Киев, 1960;
Электрооборудование для дуговой и шлаковой сварки. М., 1966 (разам з У.К.Лебедзевым);
Плазменные процессы в металлургии и технологии неорганических материалов. М., 1973 (у сааўт.);
Промышленные роботы для сварки. Киев, 1977 (разам з Г.А.Спыну, У.Г.Цімашэнкам);
Электрошлаковое литье. 2 изд. Киев, 1981 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁНАК (Уладзімір Васілевіч) (н. 3.3.1942, в. Белае Крупскага р-на Мінскай вобл.),
савецкі касманаўт. Ген.-палк. авіяцыі (1993). Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1981), Герой ГДР (1978), Герой МНР (1981). Лётчык-касманаўт СССР (1977). Канд.ваен.н. (1985), праф. (1991). Скончыў Балашоўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча (1963), Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1976), Ваен. акадэмію Генштаба (1984). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. З 1984 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў, з 1986 у ВПС. З 1988 у Ваен. акадэміі Генштаба, з 1991 нач.Цэнтр.НДІавіяц. і касм. тэхнікі Мін-ва абароны Расіі. З 1992 нач.Ваен.-паветр.інж. акадэміі імя М.Я.Жукоўскага. 9—11.10.1977 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-25» (як камандзір); 15.6—2.11.1978 з А.С.Іванчэнкавым — на КК «Саюз-29» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся грузавыя трансп. караблі тыпу «Прагрэс», К.К «Саюз-30», з П.І.Клімуком і М.Гермашэўскім, «Саюз-31» з В.Ф.Быкоўскім і З.Енам; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-31»); 12.3—26.5.1981 з В.П.Савіных — на КК «Саюз Т-4» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся КК «Саюз-39» з У.А.Джанібекавым і Ж.Гурагчам і «Саюз-40» з Л.А.Паповым і Д.Прунарыу). Правёў у космасе 216,38 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гэ́та, часціца.
1.указальная. Служыць для выдзялення, падкрэслівання таго ці іншага слова ў сказе. І яшчэ было чым міла Тое поле хлапчуку, Гэта тым, што дзед Курыла Там яго трымаў руку.Колас.Гэта Ленін навучыў, каб народ шчасліва жыў.З нар.// Паказвае на ўдакладняльны сэнс другой часткі выказвання. Адзін дуб у полі — гэта не лес. □ Службовы аўтобус імчыцца па бетаніраванай дарозе — гэта едуць у Бярозу.. будаўнікі.Дадзіёмаў.
2.узмацняльная. Служыць для ўзмацнення значэння папярэдняга займенніка, прыслоўя, часціцы ў пытальных, клічных і даданых сказах. [Альжбета:] Куды вы, родненькія, ці ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце?Купала.Чалавек у космасе! Як гэта здорава, сябры!А. Александровіч.Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней.Колас.
•••
Гэта яшчэ (толькі) кветачкі — пра пачатак чаго‑н., звычайна непажаданага, за якім трэба чакаць яшчэ большага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАДАРО́Д, гідраген (лац. Hydrogenium),
H, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 1, ат. м. 1,00794. Прыродны вадарод складаецца з 2 ізатопаў 1H (протый, 99,98% па масе) і 2H ці Д (дэйтэрый, 0,02%), атрыманы штучныя радыеактыўныя 3H ці T (трытый) і вельмі няўстойлівы 4H. У паветры колькасць вадароду 3,5∙10−6% па масе, у літасферы і гідрасферы — 1%, у вадзе — 11,19%, у складзе арганічных злучэнняў вадароду маюць усе раслінныя і жывёльныя арганізмы. Самы пашыраны элемент у космасе, складае каля палавіны масы Сонца, большасці зорак. Газ без колеру і паху, tпл -259,1 °C, tкіп -252,6 °C, шчыльн. вадкага 70,8 кг/м³ (-235 °C). Вадарод і яго сумесі з паветрам і кіслародам (гл.Грымучы газ) пажара- і выбухованебяспечныя.
Малекула вадароду двухатамная. Пры звычайных умовах узаемадзейнічае толькі з фторам і хлорам (на святле), пры павышаных т-рах у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл.Вада), галагенамі (гл.Галагенавадароды), азотам (гл.Аміяк). Са шчолачнымі і шчолачназямельнымі металамі, элементамі III—IV груп перыяд. сістэмы ўтварае гідрыды. Аднаўляе аксіды і галагеніды металаў да металаў, ненасычаныя вуглевадароды (гл.Гідрагенізацыя). Лёгка аддае электрон, у водных растворах пратон H+ існуе ў выглядзе іона гідраксонію, утварае вадародную сувязь. У прам-сці атрымліваюць канверсіяй метану: CH4 + 2H2O = 4H2 + CO2; пры газіфікацыі вадкага і цвёрдага паліва (гл.Вадзяны газ).
Газападобны вадарод выкарыстоўваюць для сінтэзу аміяку, хлорыстага вадароду, метылавага і вышэйшых спіртоў, вуглевадародаў, для гідрагенізацыі тлушчу, таксама для зваркі і рэзкі металаў вадародна-кіслародным полымем, вадкі — як гаручае ў ракетнай і касм. тэхніцы, ізатопы — у атамнай энергетыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫКА́ЛЫ СВАБО́ДНЫЯ,
хімічныя часціцы, якія маюць няспараныя электроны на знешніх атамных ці малекулярных арбіталях. Наяўнасцю свабоднай валентнасці абумоўлены парамагнетызм і высокая хім. актыўнасць Р.с., якія лёгка ўступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, распаду, ізамерызацыі, рэкамбінацыі і дыспрапарцыянавання. Р.с. пашыраны ў прыродзе: утвараюцца ў жывых арганізмах і ўдзельнічаюць у працэсах дыхання і фотасінтэзу; знойдзены ў космасе.
Р.с. бываюць нейтральнымі (атамы, малекулы) ці зараджанымі часціцамі (іон-радыкалы), могуць мець 1, 2 (бірадыкалы) і больш (полірадыкалы) няспараных электронаў. Большасць Р.с. мае малы (долі секунды) час жыцця, іх называюць нестабільнымі. Гэта актыўныя прамежкавыя прадукты ў многіх хім. рэакцыях арган. рэчываў. Існуюць адносна ўстойлівыя, т.зв. стабільныя радыкалы, якія атрымліваюць у выглядзе індывід. рэчываў (напр., нітраксільныя радыкалы — устойлівыя ў паветры інтэнсіўна афарбаваныя крышт. рэчывы ці вадкасці). Першы стабільны Р.с. — трыфенілметыл (С6Н5)3С’ атрымаў (у растворы) амер. хімік М.Гомберг у 1900. Утвараюцца Р.с. з малекул пры тэрмічнай дысацыяцыі, акісляльна-аднаўляльных працэсах, апрамяненні некаторых рэчываў ультрафіялетавым святлом, пад уздзеяннем патоку часціц высокай энергіі, пранікальнага выпрамянення (радыёліз) і ультрагуку. Даследуюць Р.с. фіз. метадамі: ультрафіялетавая і інфрачырвоная спектраскапія, каларыметрыя, хемілюмінесцэнцыя, мас-спектраметрыя, спектраметрыя электроннага парамагнітнага рэзанансу. Для ідэнтыфікацыі выкарыстоўваюць таксама хім. метады (напр., метад Шварца, заснаваны на ўзаемадзеянні Р.с. з талуолам). Стабільныя Р.с. выкарыстоўваюць як інгібітары полімерызацыі і акіслення розных арган. матэрыялаў (гл.Антыаксіданты); як лічыльнікі для вызначэння скорасці ініцыіравання ланцуговых хім. рэакцый і біяхім. працэсаў, у дэфектаскапіі цвёрдых цел (напр., алмазаў), пры вырабе фотаматэрыялаў.
Літ.:
Бучаченко АЛ., Вассерман А.М. Стабильные радикалы. М., 1973;
Розанцев Э.Г., Шолле В.Д. Органическая химия свободных радикалов. М., 1979;
Нонхибел Д., Теддер Дж., Уолтон Дж. Радикалы: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТАНІ́ЗМ,
у вузкім сэнсе — кірунак стараж.-грэч. філасофіі 1 ст. да н.э. — пач. 3 ст.н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філас. кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.
У антычнасці П. быў прадстаўлены філосафамі Акадэміі платонаўскай (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны П. знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў 2—3 ст.н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаванне П. і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму, і складванню ў 3 ст.н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да П. адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М.Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англ. філасофіі і дзякуючы ням. ідэалізму П. і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г.Лейбніца пачалося гіст. разуменне першапачатковага П.
Неабходны элемент П. — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Платонаўскую ідэю ў П. разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі П. адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асн. іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусв. душы), выяўленне якіх заўсёды складала асн. змест П. (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асн. канцэпцый П. з’яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г. зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тры́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
1. Гаварыць без памяці, будучы цяжка хворым або ў сне. Пасля навальнічнай ночы Косцік захварэў. Ён увесь гарэў, нібы ў агні, ноччу трызніў, усхопліваўся з пасцелі, клікаў да сябе старэйшых.С. Александровіч.Узнялася тэмпература, і малая трызніла, страшна водзячы вачыма.Брыль.Маці спалохалася яшчэ больш, калі пасярод дня — першага дня новага года — Славік раптам пачаў трызніць і кідацца на ложку.Шамякін.
2. Гаварыць з упэўненасцю аб тым, чаго няма, не існуе; галюцыніраваць. Бяссмерцем трызню? Хай мяне яно, як чужака, міне.Рудкоўскі.
3. У моцным захапленні думаць і гаварыць усё пра адно. Трызніць [Качан] аб ёй і дзень і ноч, а сказаць што-небудзь дзяўчыне не можа.Васілёнак.Мы [хлопцы], як і ўсе ў нашай школе, трызнілі аб космасе.Шыцік.Горада .. [Ціхамір] так і не пабачыў. Але забываць не забываў пра яго. І вось у гэтае лета рашыў наведацца — раптам падумаў, навошта вечна трызніць.Чыгрынаў.// Марыць аб тым, што не можа здзейсніцца, што даўно прайшло і больш не вернецца. Не дрэмлючы,.. [Васіль] трызніў гумном, цэпам з выслізганым цапільнам, бачыў пусты ток.Мележ.Я і цяпер, бывае, трызню інтэрнатам, Дзе мы сям’ёй шматмоўнаю жылі.І. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАСМАНА́ЎТЫКА (ад космас + грэч. nautikē майстэрства мараплавання, караблеваджэнне),
астранаўтыка, палёты ў касм. прастору; сукупнасць галін навукі і тэхнікі для даследавання і асваення космасу і пазаземных аб’ектаў для патрэб чалавецтва з выкарыстаннем розных касм. апаратаў. Уключае праблемы: тэорыі касм. палётаў — разлікі траекторый і інш.; навук.-тэхнічныя — стварэнне касмічных апаратаў, касмадромаў, ракет-носьбітаў, рухавікоў, бартавых сістэм кіравання, навук. прылад, наземных сістэм кантролю і кіравання палётамі; медыка-біялагічныя — стварэнне бартавых сістэм жыццезабеспячэння і інш.; юрыдычныя — міжнародна-прававое рэгуляванне пытанняў выкарыстання касм. прасторы, нябесных цел і інш.
Тэарэт. абгрунтаванне магчымасці палётаў у касм. прастору даў К.Э.Цыялкоўскі ў канцы 19 ст. У сваіх працах ён паказаў рэальнасць тэхн. ажыццяўлення касм. палётаў і даў прынцыповае рашэнне шэрагу асн. праблем К. Далейшае рашэнне тэарэт. і практычных пытанняў К. звязана з імёнамі Ф.А.Цандэра, Ю.В.Кандрацюка, М.І.Ціхамірава, М.К.Ціханравава, С.П.Каралёва, В.П.Глушко, С.А.Косберга, Р.Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годарда, Г.Оберта, І.Вінклера (Германія), В. фон Браўна. Пачатак касм. эры звязаны з запускам у СССР 4.10.1957 першага штучнага спадарожніка Зямлі (ШСЗ). 12.4.1961 адбыўся першы ў свеце палёт чалавека ў космас, які ажыццявіў грамадзянін СССР Ю.А.Гагарын. Буйнейшым гіст. дасягненнем у галіне К. стаў першы палёт і высадка на Месяцы 21.7.1969 амер. экспедыцыі з касманаўтамі Н.Армстрангам, Э.Олдрынам і М.Колінзам. 12.4.1981 у ЗША пачала эксплуатавацца касм. сістэма шматразовага выкарыстання «Спейс шатл». У 1959 пачаліся касм. даследаванні Месяца, а з 1961 — планет Сонечнай сістэмы, іх спадарожнікаў, малых планет, камет і Сонца з выкарыстаннем аўтаматычных міжпланетных станцый (гл.табл.). Гэта дало магчымасць сфатаграфаваць адваротны бок Месяца, атрымаць здымкі паверхні Меркурыя, Венеры, Марса, спадарожнікаў Юпітэра, Сатурна, Урана, Нептуна, даследаваць атмасферы гэтых планет, а таксама камету Галея, некат. малыя планеты, атрымаць даныя пра будову і працэсы на Сонцы, даставіць на Зямлю ўзоры месяцовага грунту. Ракеты-носьбіты створаны і выкарыстоўваюцца ў Расіі (СССР) з 1957, ЗША з 1958, Францыі з 1965, Японіі і Кітаі з 1970, Вялікабрытаніі з 1971, Індыі з 1980, Ізраілі і Бразіліі. На 1.6.1998 каля 20 дзяржаў вывелі ў космас уласныя ШСЗ (самастойна або ракетамі-носьбітамі інш. краін); каля 380 касманаўтаў (прадстаўнікі 23 краін) здзейснілі касм. палёты на сав. (рас.) і амер.касм. апаратах, сярод іх ураджэнцы Беларусі П.І.Клімук і У.В.Кавалёнак. Акрамя Расіі (СССР) і ЗША К. інтэнсіўна развіваецца ў Францыі, Японіі, Кітаі, ФРГ, Індыі. Будучае К. — даследаванне і выкарыстанне ў мірных мэтах касм. прасторы, міжнар. супрацоўніцтва ў асваенні космасу: стварэнне буйной арбітальнай станцыі «Альфа», сонечных электрастанцый на калязямной арбіце, буд-ва базы на Месяцы, падрыхтоўка і палёт на Марс, глабальны экалагічны маніторынг, вынас зямной індустрыі ў космас і інш. (гл. таксама Інтэркосмас, «Каспас—сарсат»).
У Беларусі вял. ўклад у вывучэнне тэарэт. праблем ракетабудавання зрабіў інжынер і мысліцель-гуманіст 17 ст. К.Семяновіч, які вынайшаў шматступеньчатую ракету (1650), прапанаваў ідэю стабілізатара тыпу «дэльта». У ажыццяўленні касм. праграм удзельнічаў канструктар авіяц. і касм. рухавікоў ураджэнец Беларусі Косберг. На тэр. рэспублікі размешчаны шэраг буйных касм. аб’ектаў. Даследаванні і распрацоўкі па касм. праграмах праводзяцца ў ін-тах Нац.АН, БДУ, Бел.політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі і інш. Распрацаваны і створаны сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямной паверхні, оптаэлектронныя сістэмы траекторных вымярэнняў і шэраг фотаастр. установак, апаратна-праграмныя комплексы апрацоўкі відарысаў, атрыманых з космасу, цеплаахова ракетна-касм. комплексаў, у т. л. «Бурана». Многія станцыі сачэння, цэнтры апрацоўкі касм. інфармацыі, ШСЗ і арбітальныя станцыі абсталяваны апаратурай, распрацаванай і зробленай у Беларусі. У 1993 створаны рэсп. Савет па космасе. Вял. значэнне для нар. гаспадаркі рэспублікі мае касмічная сувязь, касмічнае тэлебачанне, касмічнае землязнаўства, касмічная экалогія, касм. метэаралогія.
Літ.:
Идеи К.Э.Циолковского и современность. М., 1979;
Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987;
Келдыш М.В., Маров М.Я. Космические исследования. М., 1981;
Кубасов В.Н., Дашков А.А. Межпланетные полеты. М., 1979;
1-я аўтам. міжпланетная станцыя (АМС, запушчана да Месяца); дасягненне 2-й касм. скорасці.
12.9.1959
СССР
«Месяц-2»
Першае дасягненне інш. нябеснага цела — Месяца (14.9.1959).
4.10.1959
СССР
«Месяц-З»
Аблёт Месяца (6.10.1959), фатаграфаванне яго адваротнага боку і перадача адлюстравання на Зямлю.
12.2.1961
СССР
«Венера-1»
Першы старт да Венеры і пралёт каля яе.
12.4.1961
СССР
«Усход»
Першы палёт чалавека ў космас (Ю.А.Гагарын).
27.8.1962
ЗША
«Марынер-2»
Першае даследаванне Венеры з пралётнай траекторыі (14.12.1962).
16.6.1963
СССР
«Усход-6»
Першы палёт жанчыны-касманаўта (В.У.Церашкова).
18.3.1965
СССР
«Узыход-2»
Першы выхад чалавека ў адкрыты космас (А.А.Лявонаў).
28.11.1965
ЗША
«Марынер-4»
Першае фатаграфаванне паверхні Марса з пралётнай траекторыі.
31 1.1966
СССР
«Месяц-9»
Першая мяккая пасадка на Месяц АМС.
21.12.1968
ЗША
«Апалон-8»
Першы палёт чалавека да Месяца (Ф.Борман, У.Андэрс, Дж.Ловел).
16.7.1,969
ЗША
«Апалон-11»
Першая пілатуемая экспедыцыя на Месяц; першы выхад касманаўтаў на яе паверхню (Н.Армстранг, Э.Олдрын).
17.8.1970
СССР
«Венера-7»
Першая мяккая пасадка на паверхню Венеры.
12.9.1970
СССР
«Месяц-16»
Дастаўка на Зямлю ўзораў месяцовага грунту.
10.11.1970
СССР
«Месяц-17»—«Месяцаход-1»
Першы самаходны апарат на Месяцы.
19 4.1971
СССР
«Салют-1»
Першая даўгачасная пілатуемая арбітальная станцыя.
2.12.1971
СССР
«Марс-З»
Першая мяккая пасадка на паверхню Марса.
3.3.1972
ЗША
«Піянер-10»
Першы пралёт АМС пояса астэроідаў і Юпітэра (1973) з далейшым выхадам за межы Сонечнай сістэмы.
6.4.1973
ЗША
«Піянер-11»
Пралёт АМС паблізу Юпітэра і ўпершыню Сатурна (1979).
3.11.1973
ЗША
«Марынер-10»
Першы пралёт АМС паблізу Меркурыя (1974—75); перадача фотаздымкаў паверхні планеты на Зямлю.
15.7.1975
СССР—ЗША
«Саюз-19»—«Апалон»
Першы міжнародны сумесны касм. палёт з удзелам 5 касманаўтаў.
20.8.1977
ЗША
«Вояджэр-2»
Першы пралёт паблізу Урана (1986) і Нептуна (1989).
12.4.1981
ЗША
«Калумбія»
Вывад на арбіту ШСЗ першага касм. карабля (КК) шматразовага выкарыстання «Спейс шатл».
20.2.1986
СССР
«Мір»
Вывядзенне на арбіту ШСЗ базавага блоку арбітальнага комплексу.
3.1986
СССР, краіны Зах. Еўропы, Японія
«Вега-1», -2», «Джота», «Суйсей», «Сакічаке»
Даследаванне каметы Галея.
21.12.1987
СССР
«Саюз ТМ-4»—«Мір»
Работа касманаўтаў на борце арбітальнага комплексу «Мір» (366 сутак; У.Г.Цітоў. М.Х.Манараў).
1988—95
СССР (Расія)
«Мір»
Сусветны рэкорд знаходжання ў космасе — 678 сутак (В.У.Палякоў).
29.6.1995
Расія—ЗША
«Мір»—«Атлантыс»
Першая стыкоўка арбітальнага комплексу «Мір» і КК «Спейс шатл»; сумесная работа рас. і амер. касманаўтаў.
20.2.1998
СССР (Расія)
«Мір»
За 12 гадоў на арбітальным комплексе «Мір» працавалі больш за 100 касманаўтаў.
4.7.1998
ЗША
Работа на Марсе самаходнага апарата «Соджэнер».
Да арт.Касманаўтыка: 1 — запуск касмічнага карабля «Саюз»; 2 — амерыканскі касманаўт Б.Мак-Кандлес у скафандры з аўтаномнай сістэмай перамяшчэння ў адкрытым космасе; 3 — макет арбітальнай станцыі ў басейне (Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына); 4 — першы ў свеце савецкі касманаўт Ю.А.Гагарын; 5, 6 — касманаўты з Беларусі П.І.Клімук і У.І.Кавалёнак; 7 — трэніроўка ў стане бязважкасці (экіпаж: Л.Папоў, А.Сераброў, С.Савіцкая).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БАТ (чэш. robot ад robota цяжкая паднявольная праца, rob раб; тэрмін «Р.» упершыню ўжыў К.Чапек у 1920 як назву мех. людзей),
аўтаматычная машына, якая забяспечвае выкананне розных рухаў і некаторых інтэлектуальных функцый, уласцівых чалавеку ў працэсе яго прац. дзейнасці. Мае перапраграмавальнае прыстасаванне і інш.тэхн. сродкі, што даюць магчымасць хуткай пераналадкі для аўтам. выканання розных дзеянняў, прадугледжаных праграмай.
Першыя Р., якія імітавалі рухі і знешні выгляд чалавека, выкарыстоўваліся з пацяшальнымі мэтамі. З развіццём аўтаматызацыі вытворчасці разам з традыцыйнымі аўтаматамі сталі выкарыстоўвацца Р.-аўтаматы (прамысловыя робаты), якія мелі адну або некалькі «мех. рук», пульт кіравання або ўбудаванае прыстасаванне праграмнага кіравання. З развіццём робататэхнікі створаны разнастайныя тыпы Р. Паводле сістэм кіравання адрозніваюць Р.: праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам), адаптыўныя (з пэўнымі магчымасцямі аўтам. перапраграмавання, гл.Самапрыстасавальны робат), інтэлектныя (здольныя планаваць свае дзеянні ў залежнасці ад зменных абставін). Інтэлектныя аснашчаюцца датчыкамі апачуццяўлення, якія ўтвараюць сенсорную сістэму, прызначаную для ўспрымання, пераўтварэння, аналізу, апрацоўкі (з дапамогай ЭВМ ці мікрапрацэсара) інфармацыі пра знешняе асяроддзе, перадачы яе кіроўнаму прыстасаванню або ЭВМ вышэйшага ўзроўню. Прамысловыя Р., як правіла, выкарыстоўваюцца ў комплексе з асн.тэхнал. абсталяваннем (у робататэхнічных комплексах і інш. структурных адзінках гібкай аўтаматызаванай вытворчасці). Выкарыстанне Р. дазваляе вызваліць чалавека ад манатоннай і небяспечнай для жыцця работы, у т. л. ва ўмовах павышанай радыяцыі, высокай т-ры, пад вадой, у космасеі г.д.
Літ.:
Геттнер Р, Зейдевиц Н. Роботы сегодня и завтра: Пер. с нем. М., 1988;
Куафе Ф. Взаимодействие робота с внешней средой: Пер. с фр.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЦЯГНЕ́ННЕ,
гравітацыя, універсальнае ўзаемадзеянне паміж любымі відамі матэрыяльных аб’ектаў, абумоўленае іх масамі і ўсімі відамі энергіі, што існуюць у фіз. сістэме; імкнецца зменшыць адлегласць паміж целамі. Найб. слабае з вядомых тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (гл.Гравітацыйнае ўзаемадзеянне), але з прычыны неабмежаванага радыуса дзеяння адыгрывае асн. ролю ў макраскапічных маштабах: вызначае сілу цяжару (вагу цела), паскарэнне свабоднага падзення, рух і будову нябесных цел, структуру і эвалюцыю зорак, галактык і ўсяго Сусвету.
П. ажыццяўляецца пры дапамозе гравітацыйнага поля, якое аднолькава дзейнічае на розныя целы незалежна ад іх масы, хім. саставу і інш.Асн. характарыстыка матэрыяльнага аб’екта як крыніцы П. — яго гравітацыйная маса. Для слабых гравітацыйных палёў і нерэлятывісцкіх скарасцей руху цел выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Класічная тэорыя П. дае магчымасць тлумачыць многія з’явы на Зямлі і ў космасе. рашаць важныя прыкладныя задачы. Аднак яна не тлумачыць прыроду П. і рух перыгелія планеты Меркурый, не ўзгадняецца са спец.адноснасці тэорыяй і непрыдатная ў выпадку моцных палёў П. і руху часціц у гэтых палях са скарасцямі, блізкімі да скорасці святла. Рэлятывісцкае абагульненне ньютанавай тэорыі П. — агульная тэорыя адноснасці створана А.Эйнштэйнам (1915—16). Агульнарэлятывісцкія ўраўненні поля П. (ураўненні Эйнштэйна) звязваюць геам. характарыстыкі прасторы-часу з фіз. характарыстыкамі гравітуючай матэрыі. Паводле эйнштэйнаўскай тэорыі П. гравітацыя ёсць праяўленне скрыўлення прасторы-часу (адхіленне яе геаметрыі ад эўклідавай), якое выклікаецца масай рэчыва і ўсімі ’відамі энергіі, што існуюць у гравітуючай сістэме. Таму П. залежыць не толькі ад размяшчэння цел у прасторы, але і ад характару іх руху, размеркавання ціску і нацяжэнняў у гэтых целах, наяўнасці эл.-магн. і інш.фіз. палёў. З агульнай тэорыі адноснасці вынікае, што рухомая (напр., вярчальная) матэрыяльная сістэма стварае дадатковае поле П., аналагічнае магн. полю рухомых эл. зарадаў, а змяненні (хвалі) гравітацыйнага поля распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла. Таму шэраг важнейшых вывадаў тэорыі Эйнштэйна (існаванне гравітацыйнага выпрамянення, гравітацыйнага радыуса, чорных дзір і інш.) якасна адрозніваецца ад вывадаў ньютанаўскай тэорыі П. Асн. палажэнні і назіральныя прадказанні эйнштэйнаўскай тэорыі П. пацверджаны астр. назіраннямі і эксперыментамі ў зямных умовах; агульная тэорыя адноснасці з’яўляецца тэарэт. фундаментам сучасных нябеснай механікі, астраметрыі, астрафізікі і касмалогіі.
Літ.:
Богородский А.Ф. Всемирное тяготение. Киев, 1971;
Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Теория тяготения и эволюция звезд. М., 1971;
Вейнберг С. Гравитация и космология: Пер. с англ.М., 1975;
Мизнер Ч., Торн К., Уилер Дж. Гравитация: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1977;
У илл К.М. Теория и эксперимент в гравитационной физике: Пер. с англ.М., 1985.