ДЫ́ЗЕЛЬ ((Diesel) Рудольф Крысціян Карл) (18.3.1858, Парыж — 29.9.1913),

нямецкі інжынер і вынаходнік. Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў г. Мюнхен (1878). Прапанаваў ідэю стварэння рухавіка ўнутр. згарання з самазагараннем вадкага паліва ад сціскання (1892—93). У 1897 стварыў такі рухавік, пазней названы яго імем.

Літ.:

Гумилевский Л.И. Рудольф Дизель. М.; Л., 1938.

Р.Дызель.

т. 6, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КСАВЫ ГАЗ,

гаручы газ, адзін з прадуктаў каксавання каменнага вугалю. Асн. кампаненты К.г. (у % па аб’ёме): вадарод (58—62), метан (24,5—26,5), аксід (5—7) і дыаксід вугляроду (1,5—3), азот (2—3,5). Выбухованебяспечны, таксічны. Найніжэйшая цеплата згарання 18—18,5 МДж/м³. Выкарыстоўваюць як паліва для прамысл. печаў, газавых рухавікоў, сыравіну ў хім. прам-сці.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ТА (Otto) Нікалаўс Аўгуст [10.6.1832, г. Гольцгаўзен, Германія — 26.1.1891], нямецкі канструктар і прадпрымальнік. Скончыў рэальнае вучылішча (1848). Разам з інж. Э.​Лангенам стварыў атм. рухавік унутр. згарання (1867). Пабудаваў 4-тактавы газавы рухавік (1876). Прапанаваў сістэму эл. запальвання (1884), што дало магчымасць выкарыстоўваць у рухавіках вадкае паліва. Рухавік О. атрымаў шырокае выкарыстанне.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гар, ‑у, м.

1. Едкі пах ад няпоўнага згарання чаго‑н. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў.

2. Рэшткі ад згарання якога‑н. рэчыва; нагар. На каменне падаў чорны гар. Вядомы Настачцы свет канчаўся і тлеў. Чорны.

3. Выпаленае месца ў лесе; пажарышча. Так і стаяць у мяне перад вачамі тая далёкая Палеская зямля, шырокія лясныя гары з абвугленымі стваламі і адзінокае.. печышча сярод кучы попелу. Хомчанка.

4. Адходы, рэшткі перагарэлага каменнага вугалю, якія скарыстоўваюцца пры будаўніцтве дарог і інш.

•••

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць гл. гарэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каларыза́тар

(ад лац. calor = цяпло)

частка цыліндра ўнутранага згарання, у якой выпарваецца і запальваецца паліва.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПА́ЛІВА,

рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл. Нафтаперапрацоўка).

Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв. альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТАЛІ́ЙСКІ БУРАВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у Зах. і Цэнтр. Анатоліі ў Турцыі. Геал. запасы 3,8 млрд. т (1978). Больш за 40 радовішчаў. Вугляноснасць басейна вядома са старажытнасці, інтэнсіўнае прамысл. асваенне з 2-й пал. 20 ст. Магутнасць пластоў вугалю ад 0,6—2,5 м да 80 м. Цеплыня згарання 11,73—19,56 МДж/кг. Каля 85% вугалю здабываецца адкрытым спосабам.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫРА́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі, у міжрэччы сярэдняга цячэння рэк Індыгірка і Калыма. Пл. каля 7500 км². Вугляносная тоўшча ніжнемелавога ўзросту. Магутнасць тоўшчы да 5 км, каля 80 вугальных пластоў. Вуглі каменныя, маркі Б, Д, Ж, К. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23,26 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1935. Цэнтр здабычы — г.п. Зыранка.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНСІЛЬВА́НСКІ АНТРАЦЫ́ТАВЫ БАСЕ́ЙН.

На крайнім ПнУ ЗША (штат Пенсільванія); працяг Апалачскага вугальнага басейна. Пл. 45 тыс. км². Вугляносныя паклады ў сярэдне- і верхнекаменнавугальных адкладах. Разведаныя запасы 17,5 млрд. т. Антрацыт выяўлены ў 1762, інтэнсіўна распрацоўваецца з сярэдзіны 19 ст. Выяўлены 4 радовішчы. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі. Цеплыня згарання 29—30 МДж/кг. Гал. цэнтры — Уілкс-Барэ, Скрантан.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЫМНАЯ ПЕЧ,

прамысловая печ, у якой цеплата атрымліваецца ад непасрэднага згарання паліва, перадаецца вырабам (матэрыялам) выпрамяненнем і канвекцыяй ад газападобных прадуктаў гарэння, а таксама выпрамяненнем ад распаленай муроўкі. Да П.п. адносяцца некаторыя награвальныя печы (напр., вярчальная печ, камерная печ), плавільныя печы і тэрмічныя печы. Цвёрдае, вадкае ці газападобнае паліва згарае ў топцы печы або ў яе рабочай прасторы.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)