ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ ВЫЗНАЧЭ́ННЕ ПО́ЛУ,

фарміраванне арганізмаў пэўнага полу ў залежнасці ад камбінацый генетычных фактараў, лакалізаваных у храмасомах. Пры гэтым мае значэнне і пэўны набор палавых храмасом, і дзеянне генаў, размешчаных у іх, а таксама ў аўтасомах. Палавыя храмасомы XX і XY, якія генетычна вызначаюць пол, фарміруюцца ў невял. колькасці двухдомных раслін (эладэя, смолка, некаторыя імхі), яны ёсць у чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл (трапляюцца як выключэнне ў рыб і земнаводных) і ў многіх членістаногіх, павукападобных, насякомых і інш.

У чалавека звычайна вылучаюць некалькі ўзроўняў палавой дыферэнцыяцыі. Адзін з іх звязаны з наяўнасцю Y-храмасомы, прысутнасць якой неабходна для дыферэнцыяцыі палавых залоз (ганад) паводле мужчынскага тыпу. У мужчын фарміруецца 2 тыпы сперміяў: з X-храмасомай (23,X) і Y-храмасомай (23,Y). У яйцаклетак набор храмасом у норме 23,X. Апладненне яйцаклеткі сперміем 23,X прыводзіць да развіцця зародка жаночага полу (з наборам храмасом 46,XX), апладненне сперміем 23,Y вядзе да ўзнікнення зародка мужчынскага полу (46,XY). Фарміраванне полу плода першапачаткова залежыць ад тыпу спермія, які апладніў яйцаклетку (т.ч. за вызначэнне полу дзіцяці «адказвае» мужчына). Наяўнасць Y-храмасомы з’яўляецца першым фактарам, неабходным для фарміравання полу плода. Далейшае развіццё полу адбываецца пад кантролем H-Y антыгена, які кантралюецца Y-храмасомай. Калі H-Y антыген не ўтвараецца, ідзе развіццё паводле жаночага тыпу. Разам з тым і Y-храмасома, і H-Y антыген вызначаюць толькі генетычную дэтэрмінацыю полу, але не адказваюць за фарміраванне вонкавых палавых органаў, якія ў мужчын утвараюцца з вольфавых, а ў жанчын — з мюлеравых праток. Важная роля належыць гармонам, што выпрацоўваюцца клеткамі эмбрыянальных яечак. Парушэнні на храмасомным, антыгенным або гарманальным этапах вядуць да развіцця паводле жаночага тыпу. Зрэдку бываюць анамаліі псіхасексуальнай арыентацыі паводле полу (гл. Гомасексуалізм, Трансвестызм). Існуе мноства захворванняў (крыптархізм, манархізм, дысгенезія ганад і інш.), калі пад уплывам парушэнняў храмасом, генаў або знешніх фактараў развіццё палавых органаў індывіда адхіляецца ад звычайнага. Прагноз і лячэнне ў такіх выпадках залежаць ад характару захворвання.

т. 5, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Трусе́я ‘баязліўка’ (Мат. Гом.). Да трусіць1 ‘баяцца’, трус1 ‘баязлівец’ з рэдкім суф. *‑ěja для абазначэння «жаночых прафесій» (Таўлава, Metods of Etymological Practice, 50) або асоб жаночага полу, “паводле ўласцівага ім дзеяння”, з экспрэсіяй зніжанасці (Сцяцко, Афікс, наз., 36).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

двухпо́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які аб’ядноўвае ў сабе адзнакі мужчынскага і жаночага полу (пра жывёльны арганізм). Цікавы акунь тым, што ён — двухполы. Кожная рыбіна можа быць і самцом і самкай. «Маладосць».

2. Які мае тычынкі і песцікі ў адной кветцы. Двухполыя кветкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзяўчы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Дзіця або падлетак жаночага полу. Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасвіць карову. Якімовіч. [Ліда] пачала афармляцца ў дарослую, спрытную дзяўчынку, з якой прыемна пагутарыць. Брыль.

2. Памянш.-ласк. да дзяўчына.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэкальтэ́, нескл., н.

1. Вялікі выраз у верхняй частцы жаночага адзення. Вячэрняя сукенка з цёмнага аксаміту, з вялікім дэкальтэ, яшчэ больш падкрэслівала матава-белы, крыху з ружовым адценнем колер скуры, акругласць грудзей, шыі, плячэй. Карпюк.

2. у знач. нязм. прым. Дэкальтаваны. Плацце дэкальтэ.

[Фр. décolleté.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цялу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Маладая карова, якая яшчэ не цялілася. Каб паскорыць рост пагалоўя кароў, было дамоўлена закантрактаваць усіх лепшых цялушак у калгаснікаў. Дуброўскі. // Дзіцяня каровы жаночага полу. [Марыля:] — І рабая ж наша ўчора ацялілася. Цялушку прывяла. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАСТО́ЦКІ ІНСТЫТУ́Т ПАВІТУ́Х, Беластоцкая школа павітух,

спецыяльная мед. ўстанова ў Беластоку ў 1802—37 (з перапынкам у 1807—11), дзе рыхтавалі павітух (акушэрак). З 1811 тэрмін навучання 1 год. Выкладаліся тэарэт. дысцыпліны: анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, ход і анамаліі цяжарнасці, механізм акта родаў, догляд немаўлят і інш. Практычныя навыкі набываліся ў працэсе 4-месячнай практыкі ў радзільных аддз. мед. устаноў. У 1802—07 ін-т выпусціў 90 павітух. Выпускніцы накіроўваліся ў Беластоцкую вобласць, Гродзенскую, Мінскую і Валынскую губ.

Я.​М.​Цішчанка.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́ЧНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ, млечныя залозы,

парныя скурныя органы млекакормячых жывёл і чалавека. У асобін жаночага полу ў перыяд лактацыі выдзяляюць малако, у асобін мужчынскага на працягу жыцця застаюцца рудыментарныя і не функцыянуюць. Найб. рост і развіццё М.з. адбываецца пры палавым выспяванні, цяжарнасці, лактацыі пад уплывам нерв. сістэмы і эндакрынных залоз. У залежнасці ад віду жывёлы бываюць множныя па ўсёй даўж. брушной паверхні (свінні), або грудныя (сланы), ці похвенныя (коні), мяняецца іх колькасць (2—20) і здольнасць выдзяляць малако пэўнага якаснага складу.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНСАН ((Robinson) Мэры) (н. 21.5.1944, г. Баліна, Ірландыя),

ірландскі грамадскі і дзярж. дзеяч. Скончыла Трыніты-каледж Дублінскага ун-та і Гарвардскі ун-т (ЗША). Доктар права. У 1969—75 праф. Дублінскага ун-та. Набыла вядомасць як буйны спецыяліст у галіне еўрап. канстытуцыйнага і крымінальнага права, заснавальнік і дырэктар Ірл. цэнтра еўрап. права. Адна з актывістак жаночага руху Ірландыі. Чл. ірл. Сената (1969—89), да 1985 чл. Лейбарысцкай партыі Ірландыі. У 1990—97 прэзідэнт Ірландскай Рэспублікі. З 1997 вярх. камісар ААН па правах чалавека.

т. 13, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ла́стаўка, -і, ДМ -таўцы, мн. -і, -тавак, ж.

1. Пералётная птушка атрада вераб’іных з вузкімі вострымі крыламі, вёрткая і хуткая ў палёце.

Берагавая л.

Белагрудая л.

2. Гімнастычная фігура, пры якой пастава цела нагадвае птушку ў палёце.

3. Ласкавы зварот да асоб жаночага полу.

Першая ластаўка — пра першыя прыкметы з’яўлення чаго-н.

|| прым. ла́стаўчын, -а (да 1 знач.).

Ластаўчына гняздо.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)