АРЛО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр Валяўкоўскага с/с і саўгаса «Арловічы». За 36 км ад Дуброўна, 143 км ад Віцебска, 44 км ад чыг. ст. Асінаўка. 352 ж., 128 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат. быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Парк пейзажнага тыпу 19—20 ст. — помнік садова-паркавага мастацтва.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАРЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Брагінскім раёне Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на ПдУ ад Брагіна, 168 км ад Гомеля, 14 км ад чыг. ст. Ёлча. 462 ж., 199 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі гарадзішча і бескурганны могільнік мілаградскай і зарубінецкай культур.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХНІ́Н (Залман Давыдавіч) (ліп. 1909, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 26.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). З лют. 1943 на Ленінградскім і Цэнтр. франтах, удзельнік Курскай бітвы. Капітан Віхнін пры вызваленні Камарынскага р-на Гомельскай вобл. 25.9.1943 узначаліў групу прыкрыцця, якая фарсіравала Дняпро і забяспечыла пераправу 2 батальёнаў пяхоты. Загінуў у баі за вызваленне вёсак Бярозкі і Новая Ёлча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБАРО́Ў,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе, якая злучае вёску з Рагачовам. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 115 км ад Гомеля. 515 ж., 217 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі археал. помнік і геалагічнае агаленне Збароў.

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕ́РШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і Рэчыцкага саўгаса-тэхнікума. За 10 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 60 км ад Гомеля. 4858 ж., 1800 двароў (1994). Суднабуд.-суднарамонтны з-д, ПМК. Сярэдняя школа, ПТВ, 3 б-кі, 3 клубы, амбулаторыя, 2 аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква. За 0,3 км на З ад вёскі паселішча каменнага веку.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКІЯ ПАРО́ГІ,

выхады карэнных горных парод у рэчышчы р. Дняпро паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа. Існавала 10 парогаў і 30 каменных град агульнай даўж. каля 75 км (пры вышыні падзення вады каля 40 м). Знаходзіліся на шляху «з варагаў у грэкі», перашкаджалі суднаходству, былі месцам нападзенняў качэўнікаў на судны. Ніжэй парогаў у 16 ст. заснавана Запарожская Сеч; у 17—18 ст. каля Д.п. стаяла крэпасць Кодак. Затоплены водамі Дняпроўскага вадасховішча.

т. 6, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХО́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Дняпро, у Херсонскай, Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях Украіны. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1955—58. Пл. 2155 км², аб’ём 18,2 км³, даўж. 230 км, найб. шыр. 25 км. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 3,3 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства, арашэння і водазабеспячэння (з вадасховішча пачынаецца Паўночна-Крымскі канал), рыбнай гаспадаркі і рэкрэацыі. На берагах К.в. гарады: Запарожжа, Нікапаль, Новая Кахоўка, Кахоўка, Берыслаў, Каменка-Дняпроўская.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАШЭ́НКА (Сцяпан Мікалаевіч) (1909, в. Узніцы Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 25.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў пач. школу. Працаваў рахункаводам. У Чырв. Арміі з пач. 1942, на фронце са снеж. 1942. У ноч на 24.9.1943 група разведчыкаў на чале са старшыной роты К. фарсіравала Дняпро, захапіла плацдарм у раёне в. Пекары (Чаркаская вобл., Украіна) і больш як суткі яго ўтрымлівала. Загінуў пры пераправе на левы бераг Дняпра з данясеннем.

С.М.Канашэнка.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ШЧА,

рака ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл. і Аршанскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 191 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПнЗ ад в. Акунёўка Шклоўскага р-на. Цячэ на паўн. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэднім і ніжнім цячэнні скрынкападобная, шыр. да 1 км. Схілы парэзаны ярамі. Рэчышча каналізаванае на працягу 20 км ад вытоку.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖНЕПАЛАВІННАЛО́ГАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Магілёўскім р-не, каля в. Палавінны Лог. Пластавы паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі р. Дняпро. Пяскі шэрыя, жаўтавата- і буравата-шэрыя, пераважна сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, з рэдкімі зернямі жвіру. Разведаныя запасы 22,3 млн. м³, перспектыўныя каля 7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—17,7 м, ускрышы (пяскі) 0,1—1,8 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сілікатабетону, для буд. работ.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)