ДУХО́НІН (Мікалай Мікалаевіч) (13.12.1876—3.12.1917),

расійскі ваен. дзеяч. Ген.-лейтэнант (1917). З дваран Смаленскай губ. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1896) і Акадэмію Генштаба (1902). У 1-ю сусв. вайну камандаваў палком, памочнік (са снеж. 1915) і ген.-кватэрмайстар (з чэрв. 1916) штаба Паўд.-Зах. фронту, нач. штаба Паўд.-Зах. (чэрв.—жн. 1917) і Зах. (жн.—вер. 1917) франтоў, нач. штаба пры вярх. галоўнакамандуючым А.​Ф.​Керанскім (з 23.9.1917). Выконваў абавязкі вярх. галоўнакамандуючага пасля Кастр. рэвалюцыі (16—22.11.1917; зняты з пасады сав. ўладамі за адмову неадкладна ўступіць у мірныя перагаворы з герм.-аўстр. камандаваннем). 3.12.1917 арыштаваны; забіты на вакзале ў Магілёве натоўпам салдат і матросаў, якія даведаліся пра вызваленне ім з турмы ў Быхаве кіраўнікоў Карнілава мяцяжу 1917 (ген. Л.​Г.​Карнілава, А.​І.​Дзянікіна і інш.).

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПРАКУРО́Р РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшая службовая асоба Пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Узначальвае адзіную цэнтралізаваную сістэму пракурорскіх органаў. Назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Савета Рэспублікі Беларусь Нац. сходу Рэспублікі Беларусь на 5 гадоў, адказны перад ім і яму падсправаздачны. Арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры, паўнамоцтвы ген. пракурора вызначаюцца Канстытуцыяй, законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 і інш. прававымі актамі. Ген. пракурор з’яўляецца старшынёй калегіі Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, кіруе дзейнасцю органаў пракуратуры і ажыццяўляе ведамасны кантроль за іх работай; зацвярджае структуру і штаты ніжэйшых яе органаў, назначае пракурораў абласцей, гарадоў і раёнаў; ажыццяўляе нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў міністэрствамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Ген. пракурор і падначаленыя яму пракуроры незалежныя ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруюцца толькі законам. Званне і пасада Ген. пракурора ў Рэспубліцы Беларусь упершыню ўведзена 19.9.1991 (да гэтага органы пракуратуры рэспублікі ўзначальваў Пракурор БССР). Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь: М.​І.​Ігнатовіч (15.10.1991—7.12.1992), В.​І.​Шаладонаў (1.1.1993—22.5.1995), В.​С.​Капітан (22.5.1995—12.12.1996), з 12.12.1996 А.​А.​Бажэлка.

Г.​А.​Маслыка.

т. 5, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКРЫ́Н (Ягор Францавіч) (сапр. Георг Людвіг; 27.11.1774, г. Ганаў, Германія — 21.9.1845),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч, вучоны. Ген. ад інфантэрыі (1828), граф (1829), ганаровы чл. Пецярбургскай (1824) і Парыжскай (1844) АН, д-р права (1794). Скончыў Гесенскі і Магдэбургскі (Германія) ун-ты. З 1797 у Расіі: саветнік пры экспедыцыі дзярж. эканоміі ў МУС (з 1803), інспектар замежных калоній Пецярбургскай губ. (з 1809), памочнік ген.-правіянтмайстра Ваен. мін-ва (з лют. 1811). Удзельнік вайны 1812 (ген.-інтэндант 1-й Зах. арміі) і замежнага паходу 1813—14 (з 29.4.1813 ген.-інтэндант). У 1816—20 пры Гал. кватэры ў Магілёўскай губ.; адзін з першых даследчыкаў Барысавых камянёў. У 1823—44 міністр фінансаў; правёў гільдзейскую (1824), грашовую (увядзенне сярэбранага монаметалізму, 1839—43) і інш. рэформы. Аўтар прац (пераважна на ням. мове) «Фрагменты аб ваенным майстэрстве з пункту гледжання ваеннай філасофіі» (1809, 2-е выд 1815), «Аб сродках забеспячэння харчаваннем вялікіх армій» (нап. 1809—10), «Аб ваеннай эканоміі ў час вайны і міру і яе сувязі з ваеннымі аперацыямі» (т. 1—3, 1820—23), «Сусветнае багацце, нацыянальнае багацце і дзяржаўная гаспадарка» (1821), маст. твора «Дагабер, раман з сапраўднай вайны за вызваленне» (1797—98), артыкулаў пра ням. тэатр і інш.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́ХАЎ (Віктар Цімафеевіч) (19.1.1900, с. Нікольскае Арэнбургскага р-на — 26.11.1975),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. танкавых войскаў (1954). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). На фронце з чэрв. 1941, камандзір 26-й танк. дывізіі, якая дыслацыравалася на Беларусі. Механізаваны корпус пад камандаваннем ген.-маёра Абухава вызначыўся ў чэрв.—ліп. 1944 пры фарсіраванні Бярэзіны, акружэнні мінскай групоўкі праціўніка, вызваленні Вілейкі, Маладзечна, Смаргоні і Вільні.

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксеевіч) (н. 14.2.1950, пас. Галіцына Адзінцоўскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1998). Скончыў Казанскае вышэйшае танк. каманднае вучылішча (1971), Ваен. акадэмію бранятанк. войск (1978), Ваен. акадэмію Ген. штаба Узбр. Сіл Рас. Федэрацыі (1996). З 1971 на камандных і штабных пасадах у Маскоўскай ваен. акрузе. З 1979 у БВА. З 1996 нач. Гал. ўпраўлення пагран. войск Рэспублікі Беларусь, з 1997 старшыня Дзярж. к-та пагран. войск Рэспублікі Беларусь.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛТЫ́ЙСКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫ ў Вялікую Айчынную вайну.

Утвораны 20.10.1943 у выніку перайменавання Калінінскага фронту. Дзейнічаў на паўн.-зах. і зах. напрамках. Камандуючыя: ген. арміі А.І.Яроменка (кастр.—ліст. 1943), ген. арміі І.Х.Баграмян (ліст. 1943 — люты 1945); чл. ваен. савета ген.-лейт. Дз.​С.​Лявонаў (кастр. 1943 — ліст. 1944), ген.-лейт. М.​В.​Рудакоў (ліст. 1944 — люты 1945); нач. штаба ген.-лейт., з 28.6.1944 ген.палк. У.​В.​Курасаў (кастр. 1943 — люты 1945). У розны час уваходзілі арміі: 2-я гв., 4-я ўдарная, 6-я гв., 11-я гв., 39-я, 43-я, 51-я, 61-я, 5-я гв. танк., 3-я паветраная. З 1 да 21 ліст. 1943 войскі фронту вялі наступленне на Віцебска-Полацкім напрамку, у снеж. правялі Гарадоцкую аперацыю 1943. У лют.—сак. 1944 войскі П.ф.п. ва ўзаемадзеянні з войскамі Зах. фронту пачалі наступленне пад Віцебскам. Летам 1944 разам з войскамі 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў ажыццявілі Беларускую аперацыю 1944: удзельнічалі ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, правялі Полацкую аперацыю 1944 і Шаўляйскую аперацыю 1944. З 14.9.1944 з войскамі 2-га і 3-га Прыбалт. і Ленінградскага франтоў пры падтрымцы Балт. флоту ўдзельнічаў у Прыбалтыйскай аперацыі 1944; з войскамі 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў ажыццявіў Рыжскую, з войскамі 3-га Бел. фронту — Мемельскую (Клайпедскую) аперацыі. Са студз. 1945 войскі фронту ўдзельнічалі ва Усх.-Прускай аперацыі. 24.2.1945 П.ф.п. скасаваны, яго войскі пад назвай Земландская група (камандуючы І.​Х.​Баграмян) уключаны ў склад 3-га Бел. фронту.

М.​І.​Камінскі.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́НГАФЫ,

шляхецкі род герба «Дзік» у Рэчы Паспалітай. Найб. вядомыя:

Герард (каля 1632—5.1.1685), харужы надворны каронны (1661), чашнік. ВКЛ (1661), падстолі ВКЛ (1666). Тэадор (?—1684), ваявода дорпцкі, падстолі ВКЛ (1655), крайчы ВКЛ (1656), падскарбі надворны (1658), падкаморы каронны (1661). Эрнест (? — жн. 1693), ген.-м. (1670), лоўчы ВКЛ (1676), кашталян віленскі (1683), ваявода мальбаркскі (1685). Удзельнічаў у войнах з туркамі, шведамі, укр. казакамі, Рас. дзяржавай. Фрэдэрык Юзаф (? — 1723), палкоўнік гаспадарскі, падчашы ВКЛ (1712). Станіслаў Міхал Эрнест (каля 1673—2.8.1728), лоўчы ВКЛ (1697), мечнік каронны (1704), гетман польны ВКЛ (1709), ваявода полацкі (1723), староста мазырскі, у 1702—17 маршалак Сандамірскай канфедэрацыі. Удзельнічаў у бітвах са шведамі пад Варшавай (1705) і прыхільнікамі Ляшчынскага пад Калішам (1706). У канцы жыцця ў апазіцыі да Аўгуста II. Багуслаў Эрнест (? — 1734), падкаморы ВКЛ (1702), ген.-л. (1705), ген. артылерыі ВКЛ (1710—25).

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЛАЎ (Лаўр Георгіевіч) (30.8.1870, г. Каркаралінск Карагандзінскай вобл., Казахстан — 13.4.1918),

расійскі ваен. дзеяч, адзін з лідэраў белай гвардыі. Ген. ад інфантэрыі (1917). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1892) і Акадэмію Генштаба (1898). Удзельнік pyc.-яп. вайны 1904—05. У 1907—11 ваен. аташэ ў Кітаі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 48-й пях. дывізіяй (да 1915), стралк. корпусам (1916), войскамі Петраградскай ваен. акругі (сак. — крас. 1917), 8-й арміяй і Паўд.-Зах. фронтам. З 19.7(1.8) да 27.8(9.9).1917 вярх. галоўнакамандуючы. Намагаўся ўстанавіць ваен. дыктатуру (гл. Карнілава мяцеж 1917). 2(15).9.1917 арыштаваны Часовым урадам, зняволены ў г. Быхаў (цяпер Магілёўская вобл.). 19.11(2.12).1917 пры садзеянні ген. М.​М.​Духоніна ўцёк у г. Новачаркаск, дзе разам з ген. М.​В.​Аляксеевым узначаліў белагв. добраахвотніцкую армію. Загінуў у час няўдалага штурму г. Екацярынадар (цяпер Краснадар).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬМ (Kulm, цяпер Хлумец — Chlumec),

населены пункт у Чэхіі, каля якога 29—30.8.1813 адбылася бітва паміж саюзнай Багемскай арміяй (да 44—50 тыс. рас., прускіх і аўстр. вайскоўцаў, камандуючы ген. М.Б.Барклай дэ Толі) і франц. корпусам пад камандаваннем ген. Д.​Вандама (35—37 тыс. чал.) у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). 29 жн. корпус Вандама, які праследаваў Багемскую армію пасля яе паражэння каля Дрэздэна (26—27.8.1813), спынены каля К. рас. ар’ергардам на чале з ген. А.І.Остэрманам-Талстым (12—17,5 тыс. чал., страчана 6 тыс. чал.). 30 жн., падцягнуўшы да К. гал. сілы, саюзнікі разбілі корпус Вандама (забіта і паранена да 10 тыс. франц. вайскоўцаў, 12 тыс., у т. л. Вандам, трапілі ў палон; саюзнікі страцілі каля 3,5 тыс. чал.). Пасля паражэння каля К. армія Напалеона адышла да Лейпцыга (гл. Лейпцыгская бітва 1813).

т. 9, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТРАС-ГА́ЛІ ((Boutros-Ghali) Бутрас) (н. 4.11.1922, Каір),

палітычны і дзярж. дзеяч Егіпта. Адукацыю атрымаў у Каірскім і Парыжскім ун-тах. Праф. міжнар. права Каірскага ун-та (1949—79). Дырэктар цэнтра даследаванняў Гаагскай акадэміі міжнар.. права (1967—69). Міністр замежных спраў (з 1977), чл. парламента Егіпта з 1987. З 1991 віцэ-прэм’ер. Удзельнічаў у падпісанні Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў (1978), пасяджэннях Ген. Асамблеі ААН (1979, 1982 і 1990). Абраны Ген. сакратаром ААН на перыяд 1992—96.

Б.Бутрас-Галі.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)