ША́РМАН (Charman) Хелен (н. 1953, г. Шэфілд, Вялікабрытанія),

першы касманаўт Вялікабрытаніі. Скончыла Шэфілдскі ун-т. З 1989 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 18—26.5.1991 здзейсніла палёт (як касманаўт-даследчык) па савецка-брытанскай праграме «Джуна» ў складзе экіпажаў касм. карабля (КК) «Саюз ТМ-12» і арбітальнай станцыі «Мір» (пасадка на КК «Саюз ТМ-11»), У космасе правяла 8 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

Х.Шарман.

т. 17, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РДЗІ, Хардзі (Hardie) Джэймс Кейр (15.8.1856, Легбранак, каля г. Ланарк, Вялікабрытанія — 26.9.1915), дзеяч англ. рабочага руху. У 1870—80-я г. прафс. лідэр шатл. гарнякоў. У 1888 заснаваў Шатл. рабочую партыю, у 1893 — Незалежную рабочую партыю Вялікабрытаніі. У 1892—95, 1900—07 чл. Палаты абшчын англ. парламента. Пасля стварэння Лейбарысцкай партыі (1900) адзін з яе лідэраў. Асуджаў англа-бурскую вайну 1899—1902, у 1-ю сусв. вайну на пацыфісцкіх пазіцыях.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ (Grew) Неемія (26.9.1641, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 25.3.1712),

англійскі ўрач і батанік, адзін з заснавальнікаў анатоміі раслін. Сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва (1677). Вучыўся ў Кембрыджы, скончыў Лейдэнскі ун-т (Галандыя, 1671). Навук. працы па пытаннях будовы і полу раслін. Апісаў мікраскапічную будову кораня, сцябла, лісця, пладоў і інш. Увёў у батаніку паняцці «тканка» і «парэнхіма». Развіваў ідэю пра адзінства будовы тканак, апісаў вусцейкі, лічыў кветкі органамі палавога размнажэння.

т. 5, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАГА ДАГАВО́РУ (The Central Treaty Organization; СЕНТО),

ваенна-палітычная арганізацыя на Б. і Сярэднім Усходзе ў 1955—79, да сак. 1959 наз. Арг-цыя Дагавору Блізкага Усходу. Дагавор аб яе стварэнні падпісаны ў 1955 у Багдадзе (Багдадскі пакт). Уваходзілі Ірак (выйшаў у 1958), Іран, Пакістан, Турцыя і Вялікабрытанія, у 1959 далучыліся ЗША. Пасля выхаду з СЕНТО Ірана і Пакістана (1979) па ініцыятыве Турцыі арг-цыя спыніла сваю дзейнасць.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАЎ (Barrow) Джон (19.6.1764, Дралейбек, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — 23.11.1848),

англійскі падарожнік. Даследаваў Кітай (1792) і Паўд. Афрыку (1795—1802, дасягнуў р. Аранжавая). Заклаў асновы геагр. ведаў аб Паўд. Афрыцы («Падарожжа ўнутр Паўднёвай Афрыкі», т. 1—2, 1801—03). Найб. значны яго твор «Храналагічная гісторыя падарожжаў у Арктычныя рэгіёны» (1818) садзейнічаў аднаўленню вывучэння Арктыкі і пошукаў Паўн.-Зах. праходу. Імем Бараў названы праліў у Канадскім Арктычным архіпелагу і мыс на Алясцы.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБО́ЎКА (польск. werbować ад ням. werben набіраць),

1) наём людзей на ваен. службу, адзін са спосабаў камплектавання войск. Выкарыстоўвалася са стараж. часоў. Найб. пашырэнне атрымала ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. У шэрагу сучасных замежных краін (ЗША, Вялікабрытанія, ФРГ і інш.), а таксама ў Расіі Узбр. сілы камплектуюцца поўнасцю ці часткова на кантрактнай аснове, г.зн. праз вярбоўку і наёмніцтва.

2) У СССР адзін са спосабаў арганізаванага набору рабочых.

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІ́ (Demy) Жак (н. 5.6.1931, г. Паншато, Францыя),

французскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў і ў Ін-це вышэйшай кінематаграфічнай адукацыі ў Парыжы. Вядомасць прынёс яму музычны фільм «Шэрбурскія парасоны» (1964) — вытанчанае, прасякнутае лірызмам апавяданне пра каханне і разлуку. Сярод інш. фільмаў: «Дзяўчаты з Рашфора» (1967), «Атэлье мадэляў» (1969, ЗША), «Асліная шкура» (1970), «Пацукалоў» (1972, Вялікабрытанія), «Лэдзі О» (1979, Японія), «Пакой у горадзе» (1982). У фільмах Д. раскрыўся талент К.Дэнёў.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЗАН (Curzon) Джордж Натаніел (11.1.1859, Кедлстан-Хол каля г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 20.3.1925),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. У 1886—89 чл. палаты абшчын ад Кансерватыўнай партыі. У 1899—1905 віцэ-кароль Індыі. У 1916—24 старшыня палаты лордаў, у 1919—24 міністр замежных спраў. Адыграў гал. ролю ў заключэнні Лазанскага мірнага дагавора 1923 з Турцыяй, паспрыяў стварэнню міжнар. камісіі па распрацоўцы рэпарацыйнага плана для Германіі (гл. Даўэса план). Гл. таксама «Керзана лінія».

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЎЭН (Owen) Рычард (20.7.1804, г. Ланкастэр, Вялікабрытанія — 18.12.1892),

англійскі заолаг, анатам і палеантолаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1834). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1839). Скончыў мед. курс у шпіталі Сент-Барталам’ю ў Лондане (1825). Працаваў у Каралеўскім ін-це ў Лондане, у 1856—83 у Брытанскім музеі. Навук. працы па марфалогіі і сістэматыцы выкапнёвых жывёл. Распрацоўваў праблему аналогіі і гамалогіі органаў. У 1863 апісаў птушку юрскага перыяду археаптэрыкса.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКС (Fuchs) Вівіян Эрнэст (11.2.1908, Фрэшуотэр, в-аў Уайт, Вялікабрытанія — 1975),

англійскі палярны даследчык і геолаг. У 1929 удзельнічаў у экспедыцыях у Грэнландыю, у 1930—31 і 1931—32 — у Афрыку. У 1947—50 узначальваў англ. экспедыцыю на Антарктычны п-аў. У 1956—58 кіраваў англа-новазеландскай антарктычнай экспедыцыяй; у ліст. 1957 — сак. 1958 узначаліў групу, якая ўпершыню перасекла па сушы Антарктыду ад м. Уэдэла праз Паўд. полюс да м. Роса.

т. 16, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)