прылады, якія працуюць на цеплавой энергіі, што вылучаецца пры спальванні гаручага газу. Выкарыстоўваюцца ў жылых і грамадскіх будынках для прыгатавання страў, награвання вады, ацяплення памяшканняў і інш.
Складаюцца звычайна з гарэлкі газавай з падвадным цеплаправодам, цеплаабменніка, сродкаў аўтаматызацыі і прыстасавання для выдалення прадуктаў згарання. Падзяляюцца на бытавыя (газавыя кухонныя пліты, праточныя і ёмістасныя воданагравальнікі), ацяпляльныя (ёмістасныя воданагравальнікі, газавыя каміны, ацяпляльныя апараты з вадзяным контурам і ацяпляльна-варачныя, ацяпляльнікі канвекцыйнага і выпраменьвальнага абагрэву; гл.Газавае ацяпленне), газавыя прылады прадпрыемстваў грамадскага харчавання (рэстаранныя пліты, страваварачныя катлы, духавыя шафы, прыстасаванні для смажання, кіпяцільнікі), прылады для спец. мэт (гарэлкі лабараторныя і інфрачырвонага выпрамянення). Характарызуюцца цеплавой нагрузкай, прадукцыйнасцю (колькасцю цеплаты, якая выкарыстоўваецца), ккдз (звычайна 56—83%). Вырабам газавых прылад на Беларусі займаецца брэсцкі з-д «Газаапарат».
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
Да арт.Газавыя прылады. Газавая пліта на прыродным газе з магчымасцю прыстасавання для свяцільнага газу і прапан-бутану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ТАРСКІЯ ВЫ́РАБЫ,
харчовыя прадукты звычайна са значнай колькасцю цукру, прыемным смакам і пахам. Вызначаюцца высокай каларыйнасцю і засваяльнасцю. Падзяляюцца на цукрыстыя (цукеркі, шакалад, зефір, какава-парашок, пасціла-мармеладныя вырабы, халва і інш.) і мучныя (пячэнне, пернікі, тарты, пірожныя, кексы, вафлі, крэкеры, галеты і інш.).
Сыравінай для К.в. з’яўляюцца цукар, патака, мёд, мука, тлушч, малако, масла, арэхі, яйкі, харч. канцэнтраты, садавіна, ягады, жэліруючыя і араматызуючыя рэчывы, прыправы і інш. Сыравіна праходзіць тэрмічную (уварванне, абсмажванне, выпяканне) і мех. (здрабненне, перамешванне, замешванне, качанне, збіванне і інш.) апрацоўку. Выкарыстоўваюцца ўварвальныя вакуум-апараты, памада-збівальныя, мясільныя, катальныя, цукеркаадлівачныя, фармовачныя, загортачныя машыны і аўтаматы, ахаладжальныя і сушыльныя шафы і інш. Многія К.в. вітамінізуюцца; выпускаюцца дыетычныя і лячэбныя гатункі. Напр., у К.в. для хворых на цукр. дыябет цукар замяняюць сарбітам або ксілітам, для хворых анеміяй дадаюць гематаген, у вырабах для дзяцей не выкарыстоўваюць каву, зводзяць да мінімуму какаву. Гл. таксама Кандытарская прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГТЭ́ХНІКА, арганізацыйная тэхніка,
тэхн. сродкі для аўтаматызацыі і механізацыі інжынерна-тэхн., навук.-даследчай, кіраўнічай і прадпрымальніцкай працы. Развіццё і ўдасканаленне аргтэхнікі абумоўлена навук.-тэхн. прагрэсам, ускладненнем працэсаў кіравання і сістэм дыспетчарызацыі, павелічэннем аб’ёму апрацоўваемай інфармацыі. Эфектыўнасць сродкаў аргтэхнікі і зручнасць іх выкарыстання вызначаюцца комплексным падыходам да іх стварэння, рацыяналізацыяй (у т. л. спецыялізаваным абсталяваннем) рабочага месца і службовага памяшкання, выкананнем патрабаванняў эрганомікі.
Да аргтэхнікі адносяць вылічальныя машыны (у т. л.мікракалькулятары, персанальныя ЭВМ), капіравальна-размнажальную тэхніку (пішучыя машынкі і апараты аператыўнай паліграфіі і рэпраграфіі, мікрафільмавання), сродкі захоўвання і аўтам. пошуку дакументаў (картатэкі, спец. шафы, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы і прыстасаванні), чарцёжна-канструктарскую тэхніку, сродкі апрацоўкі дакументаў (нумаратары, штэмпелявальныя і адрасавальныя машыны і інш.), сродкі запісу і ўзнаўлення мовы, прагляду слайдаў і мікрафільмаў (дыктафоны, магнітафоны, дыяскопы), апаратуру адм.-вытв. сувязі (гл.Аператыўная сувязь, Дыспетчарская сувязь). Да сродкаў малой аргтэхнікі адносяць таксама канц. прыналежнасці.
Аргтэхніка: электронная пішучая машынка і іншыя прылады аргтэхнікі (уверсе); пераносны персанальны камп’ютэр тыпу «блакнот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЗВА́РКА І РЭ́ЗКА,
дугавая зварка і кіслародная, электракіслародная, плазменная (электрадугавая) рэзка металаў пад вадой. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце падводнай ч. суднаў, нафта- і газаправодаў, шлюзаў, плацін, партовых і інш. гідратэхн. збудаванняў.
Пры «мокрым» спосабе падводнай зваркі выкарыстоўваюць стальныя электроды, пакрытыя слоем воданепранікальнай абмазкі. Пры зварцы частка абмазкі, што выступае, засцерагае ад вады эл. дугу, якая ўстойліва гарыць у парагазавым пузыры, што ўтвараецца пад уздзеяннем цяпла дугавога разраду. «Мокры» спосаб з выкарыстаннем спец. паўаўтаматычнага прыстасавання распрацаваны ў Ін-це электразваркі АН Украіны (1965). Дае магчымасць атрымаць трывалыя зварныя швы. «Сухім» спосабам зварваюць металы ў спец. камерах, спушчаных пад ваду. Пры падводнай рэзцы рэзальныя апараты таксама ствараюць магутныя цеплавыя палі, якія кампенсуюць ахаладжальнае дзеянне воднага асяроддзя. П.з. і р. ўпершыню даследаваны і ажыццёўлены ў СССР (1932) пад кіраўніцтвам акад.АН Украіны К.К.Хрэнава.
бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Акад.Нац.АН Беларусі (1996), чл.-кар. (1974), д-рмед.н., праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1985). Засл. вынаходнік Беларусі (1990). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1950). З 1952 у Мінскім мед. ін-це, з 1961 заг. кафедры, адначасова ў 1971—77 кіраўнік лабараторыі. З 1977 дырэктар, з 1993 кансультант НДІ кардыялогіі. Навук. працы па клінічнай і эксперым. кардыялогіі, мед. тэхніцы, клінічнай і эксперым. фармакалогіі. Распрацаваў метады індывідуалізацыі лячэбных працэдур, аўтаматызацыі экстраннага аналізу кардыялагічнай інфармацыі, аналізу сардэчна-сасудзістай інфармацыі з дапамогай універсальных выліч. машын. Стварыў апараты аўтаматызаванай біякіравальнай дыягностыкі і тэрапіі сардэчна-сасудзістых хвароб. Удзельнічаў у стварэнні новага пакалення лек. прэпаратаў сардэчна-сасудзістага дзеяння. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Кибернетика и терапия. М., 1970;
Ранняя инструментальная диагностика гипертонической болезни и атеросклероза. Мн., 1973 (у сааўт.);
Психофизиологические аспекты кардиологических исследований. Мн., 1982 (разам з Г.С.Барысавай, К.К.Агеенкавай);
Инструментальные методы исследования в кардиологии. Мн., 1994 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЦЯЖКА,
метад лячэння пашкоджанняў (пераломы, вывіхі) і некаторых захворванняў апорна-рухальнага апарата. Пры выцяжцы пераадольваецца мышачная рэтракцыя, адбываецца паступовае расцягвальнае дзеянне на пэўную вобласць цела для ліквідацыі дэфармацый і зрушэння адломкаў пры пераломе. Выкарыстоўваюцца шыны і апараты, фігурныя артапедычныя падушкі, для ліквідацыі зрушэння адломкаў па шырыні — петлі для ўпраўлення і фіксацыі.
Адрозніваюць выцяжку кароткачасовую (аднамомантную) і працяглую (пастаянную). Аднамомантная выцяжка робіцца рукамі хірурга для ўпраўлення адломкаў пры пераломах ці сустаўных канцоў касцей пры вывіхах. Пастаянную выцяжку робяць грузам з дапамогай спец. інструментаў і апаратаў для ўпраўлення адломкаў і ўтрымання іх у пэўным стане да з’яўлення касцявога мазаля. Выкарыстоўваюць пастаянную клеевую выцяжку як самастойны метад лячэння пераломаў сцягна ў дзяцей і забеспячэння спакою пашкоджаных канечнасцей і шкілетную выцяжку, як правіла, у дарослых, для ўпраўлення пераломаў ніжніх канечнасцей. Сістэма выцяжкі ўключае: правільную ўкладку пашкоджанай канечнасці і хворага, велічыню грузу, петлі для ўпраўлення і фіксацыі, спалучэнне шкілетнай цягі і клеевай выцяжкі і інш. Падводная выцяжка (вертыкальная і гарызантальная) спалучае пастаянную выцяжку з уздзеяннем вады. Выкарыстоўваюць яе пры астэахандрозах пазваночніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
прыстасаванне для электраізаляцыі і мацавання правадоў, шын і частак эл. прылад і апаратаў, якія знаходзяцца пад напружаннем. Складаецца з уласна ізалятара (робіцца з цвёрдых дыэлектрыкаў — керамікі электратэхн., шкла, пластмасы, сіталаў і інш.) і мацавальных дэталей (з чыгуну, сталі, немагнітных матэрыялаў). Паверхню керамічных ізалятараў звычайна пакрываюць глазурай.
І.э. бываюць: нізка- (да 1000 В) і высакавольтавыя (больш за 1000 В); лінейныя, апорныя і прахадныя; унутранай і знадворнай устаноўкі. Лінейныя (штыравыя і падвесныя талеркавыя) прызначаны падтрымліваць правады — мацаваць іх да апор ліній электраперадачы; апорныя (штыравыя, флянцавыя) — для жорсткага мацавання шын, правадоў і асобных частак апаратаў; прахадныя — для ўводу вонкавых токаправодных частак эл. установак у памяшканні, апараты і інш. Пры напружанні 35 кВ і вышэй у трансфарматарах, выключальніках і інш. адказных апаратах ставяцца масланапоўненыя ізалятары (кандэнсатарныя ўводы). Высокачастотныя І.э. робяць з матэрыялаў з малымі дыэлектрычнымі стратамі (ультрафарфор, стэатыт). Да І.э. адносяцца таксама ролікі ўнуранай эл. праводкі, ізалявальныя трубкі, утулкі, шайбы і інш.
У.М.Сацута.
Асноўныя тыпы ізалятараў электрычных: 1, 2 — лінейныя штыравы і падвесны (талеркавы); 3, 4 — станцыйныя апорны флянцавы і прахадны; 5 — кандэнсатарны ўвод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНОПЛЕЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для ўборкі і абмалоту канапель. Да іх адносяцца жняяркі-каноплеснопавязалкі, каноплемалатарні і каноплеўборачныя камбайны.
Жняярка-каноплеснопавязалка — прычапная да трактара «Беларусь»; скошвае (зразае) сцёблы канапель, ачышчае іх ад пустазелля і блытаніны, звязвае пяньковым шпагатам у снапы, а насенне збірае ў насеннеўлоўнікі. Шырыня захопу 2,1 м, прадукцыйнасць да 1,7 га/гадз. Каноплемалатарня (выкарыстоўваецца на таку) заціскным транспарцёрам падае снапы ў малацільны апарат, дзе насенныя галоўкі аддзяляюцца ад сцёблаў. Атрыманая куча падаецца ў цёрачны апарат, які разбурае насенныя галоўкі, потым у грохат, дзе выдаляюцца блытаніна і буйныя дамешкі. З дапамогай рашот, шнэкаў і вентылятара насенне ачышчаецца і ссыпаецца ў мяшкі. Прадукцыйнасць да 4,5 т/гадз. снаповай масы. Каноплеўборачны камбайн паўнавясны, агрэгатуецца з трактарам «Беларусь» і інш. класа 1,4; скошвае і абмалочвае каноплі, ачышчае і ссыпае насенне ў бункер, звязвае сцёблы ў снапы і скідвае іх на поле. Мае рэжучы, малацільны і вязальны апараты, цёрку, паветрана-рашотную ачыстку, транспарцёры, элеватар зерня. Шырыня захопу 1.75 м. прадукцыйнасць да 1,2 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.
Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.
А.П.Ліхацэвіч.
Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,
галіна вытв-сці і абслугоўвання, прызначаная для перавозак людзей і грузаў, выкарыстання ў сан. і проціпажарнай службах, сельскай гаспадарцы, геолагаразведцы і інш. Першая трансп.авіялінія на Беларусі адкрыта ў 1932 па маршруце Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр (курсіравалі 3 самалёты, вазілі пераважна пошту). Перавозка пасажыраў пачалася з 1938 па лініі Мінск—Масква (гл.Паветраны транспарт). Пасля 2 сусв. вайны прамыя паветр. лініі звязалі Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Сучасная грамадзянская авіяцыя Рэспублікі Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі, у т. л. з Англіяй, Германіяй, Кітаем, ЗША і інш. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» — Беларускае аб’яднанне грамадзянскай авіяцыі. На лініях эксплуатуюцца самалёты ТУ-134, ТУ-154 (розных мадыфікацый), АН-26, АН-24, ЯК-40 і інш., верталёты К-26, Мі-2 і інш. Рамантуюць лятальныя апаратыМінскі авіярамонтны завод, авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай. Спецыялістаў для грамадзянскай авіяцыі рыхтуе Мінскі авіяцыйны каледж, спец.навуч. ўстановы інш. краін СНД. Перавозкі грамадзянскай авіяцыі забяспечваюць міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне, нац. і мясц. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Мазыры, Пінску, Полацку, Салігорску і інш.Гл. таксама Аэрапорт, Авіяцыя.