валя́цца, ‑я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у беспарадку, бязладна, як папала, не на месцы. Усюды на падлозе валяўся хатні скарб — рашоты, адзежа, кублы. Лупсякоў. [Юткевіч] ляжаў на нейкай старасвецкай канапе,.. каля канапы валяўся ягоны англійскі шынель. Мікуліч. // Ляжаць без ужытку. Каля адрынкі пад страхою У дзеда Юркі сіратою Валяўся човен так, без дзела. Колас.
2. Лежачы, пераварочвацца з боку на бок. [Гарлахвацкі:] Вы, напэўна, самі не раз паглядалі, як нашы свінні ахвотна валяюцца ў брудных лужах. Крапіва.
3. Разм. Ляжаць, нічога не робячы. Цэлымі днямі Марынка валялася на ложку, чытала, глядзела тэлевізар. Шыцік. // Доўга ляжаць у пасцелі з прычыны хваробы, ранення. Валяцца ў шпіталях.
•••
Ад ветру валяцца — ледзь стаяць на нагах ад слабасці.
На дарозе (зямлі, доле, абы-дзе) не валяецца — дарма не дастаецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БОКЛЬ (Buckle) Генры Томас
(24.11.1821, Лі, графства Кент, Вялікабрытанія — 29.5.1862),
англійскі гісторык, сацыёлаг-пазітывіст. Прадстаўнік геагр. школы ў сацыялогіі. У асн. працы «Гісторыя цывілізацыі ў Англіі» (т. 1—2, 1857—61) крытыкаваў тэалагічную трактоўку гісторыі. Ставіў сваёй задачай адкрыць заканамернасці гіст. працэсу і паказаць іх дзеянне на прыкладзе шэрагу краін. Гал. фактарам гіст. развіцця лічыў разумовы прагрэс; асаблівасці гіст. развіцця розных народаў, тлумачыў уплывам геагр. асяроддзя, пераважна ландшафту.
Тв.:
Рус. пер. — Этюды. СПб., 1867;
Влияние женіцин на успехи знания. 4 изд. СПб., 1900.
т. 3, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЛАЎ (Barlow) Петэр
(13.10.1776, Норвіч, графства Норфалк, Вялікабрытанія — 5.3.1862),
англійскі матэматык і фізік. Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1823), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Адукацыю атрымаў самастойна. З 1801 выкладаў у Каралеўскай ваен. акадэміі ў Вулвічы. Навук. работы па матэматыцы, эл.-магнетызме і оптыцы. Распрацаваў ахраматычныя лінзы, сканструяваў першую мадэль эл. рухавіка, склаў «Барлаў табліцы» (1814), якія рэгулярна перавыдаваліся да 1947.
Тв.:
Таблицы квадратов, кубов, квадратных корней, кубических корней и обратных величин всех целых чисел до 15 000. М., 1975.
т. 2, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НДЭРСАН, Хендэрсан (Henderson) Артур (13.9.1863, г. Глазга, Вялікабрытанія — 20.10.1935), англійскі паліт. дзеяч. У 1903 абраны ў Палату абшчын. Адзін з лідэраў лейбарысцкай партыі (у 1908—10 і 1914—17 яе старшыня, у 1911—34 сакратар). У часы 1-й сусв. вайны ў 1915—17 у складзе кааліцыйнага ўрада, у 1924 міністр унутр. спраў у 1-м лейбарысцкім кабінеце Р.Макдональда, у 1929—31 міністр замежных спраў у 2-м кабінеце Макдональда. У 1932—33 старшыня міжнар. Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. Нобелеўская прэмія міру 1934.
т. 5, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬБЕРТ, Гілберт (Gilbert) Уільям (24.5.1544, г. Колчэстэр, Вялікабрытанія — 30.11.1603), англійскі фізік; адзін з заснавальнікаў навукі аб электрамагнетызме. Вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе. Быў прыдворным урачом каралевы Лізаветы І. У 1600 выдаў кн. «Аб магніце, магнітных целах і вялікім магніце — Зямлі...» (рус. пер. 1956), дзе прапанаваў тэорыю магн. і эл. з’яў; даказаў, што Зямля мае магн. поле, падобнае на поле намагнічанага жал. шара, і выказаў меркаванне, што яе магн. полюсы супадаюць з геаграфічнымі. Выступаў з крытыкай вучэння Арыстоцеля, падтрымліваў геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка.
т. 5, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОН (John) Агастэс Эдвін
(4.1.1878, г. Тэнбі, Вялікабрытанія — 31.10.1961),
англійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Слэйда ў Лондане (1894—98). З 1903 член «Новага англійскага мастацкага клуба». Прэзідэнт Каралеўскага т-ва жывапісцаў-партрэтыстаў (1948—53). Буйны майстар рэаліст. партрэта (Б.Шоу, каля 1913—14; Т.Гардзі, 1923, і інш.), аўтар жанравых карцін («Жанчына, якая ўсміхаецца», 1910; «Жабракі», каля 1912—14, і інш.), а таксама дэкар. кампазіцый, афортаў і літагравюр. Творам Дж. ўласцівы глыбокая характарнасць і псіхал. насычанасць вобразаў, упэўненая тэмпераментная манера пісьма.
т. 6, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НТАМ (Bentham) Джордж
(22.9.1800, Сток, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),
англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т.1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.П.Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.
т. 3, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙН (Vane) Джон Роберт
(н. 29.3.1927, Тардэбіг, графства Херэфард-энд-Вустэр. Вялікабрытанія),
англійскі фармаколаг. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Д-р філасофіі (1953). Скончыў ун-т у Бірмінгеме (1946). З 1946 у Оксфардзе, з 1953 у Іельскім ун-це, з 1955 у Ін-це фундаментальных мед. даследаванняў пры Каралеўскім каледжы хірургаў, з 1973 дырэктар аддзела даследаванняў і развіцця Фонду Уілкама ў Лондане. Навук. працы па вылучэнні простагландзінаў і вывучэнні іх хіміі і біяхіміі. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.Бергстрамам і Б.Самуэльсанам).
т. 4, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ТСАН, Бейтсан (Bateson) Уільям (8.8.1861, г. Уітбі, Вялікабрытанія — 8.2.1926), англійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1923). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1892), з 1908 праф. у ім. З 1910 дырэктар Ін-та садовых культур у Мертане. Навук. працы па вывучэнні генетычных высноў спадчыннасці. Тлумачыў узнікненне новых прыкмет у арганізмаў выпадзеннем тармозячых фактараў (тэорыя «прысутнасці — адсутнасці»; 1905). Аўтар многіх генетычных тэрмінаў, у т. л. і тэрміна «генетыка» (1906). Чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва (1894).
т. 3, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́КАН (Bacon) Роджэр
(каля 1214, Ілчэстэр, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 11.6.1294),
англійскі філосаф, прыродазнавец. Манах-францысканец. Праф. Оксфардскага ун-та. Выступаў супраць схаластыкі і сляпога пакланення перад царк. аўтарытэтамі. У 1257 адхілены ад выкладання, у 1278 асуджаны і зняволены на 14 гадоў у манастырскую турму. Абстрактным і неправераным тэарэт. меркаванням супрацьпастаўляў прынцып канкрэтных доследных ведаў. Матэматыку лічыў «дзвярыма і ключом» да інш. навук. У тэорыі пазнання быў прыхільнікам наміналізму. Займаўся оптыкай і астраноміяй, прадбачыў многія пазнейшыя адкрыцці (тэлескоп, лятальныя апараты і інш.).
т. 3, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)