пахо́джанне, ‑я, н.
1. Прыналежнасць па нараджэнню (да якой‑н. нацыі, народнасці, класа і пад.). Беларус па паходжанню. □ Ён па прафесіі — рабочы, А па паходжанню — латыш. Колас. [Генерал] ганарыўся сваім паходжаннем, сваімі ваеннымі ведамі. Шамякін.
2. Узнікненне, утварэнне чаго‑н. Паходжання жыцця на зямлі. Паходжанне мовы. □ На выгане, ля самай Каменні, узвышаюцца зялёныя курганы. Ніхто не ведае іх паходжання. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачва́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі непрыгожы, агідны, брыдкі; такі, як у пачвары. Нос ці, праўдзівей, бязноссе робіць твар жанчыны страшэнна брыдкім, пачварным, а голас гугнявым. Колас. [Сашынаму] хвораму ўяўленню здаецца, што твар .. [немца] нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю... Шамякін.
2. Незвычайны, выключны (пра якія‑н. адмоўныя якасці). [Янка Брыль] .. выступае, як удумлівы, назіральны бытапісьменнік, якога глыбока хвалююць пачварныя з’явы сялянскага побыту. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ненатура́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Не прыроднага паходжання; штучны. Ненатуральны шоўк.
2. Такі, якога не бывае ў прыродзе, які выходзіць за межы звычайнага. З-за лесу падымалася і расплывалася па небе ненатуральная чырвань. Шамякін. Здаюцца ненатуральнымі пры чорных бровах высока ўзбітыя белыя валасы. Навуменка.
3. Фальшывы, штучны; няшчыры. Як бы хочучы пацвердзіць свае апошнія словы,.. [Юркевіч] рассыпаўся дробным ненатуральным рогатам. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непапра́ўны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які немагчыма або цяжка паправіць, выправіць. Перад канцом вайны.. [Андрэеўну] напаткала непапраўнае гора — прыйшла чорная вестка аб смерці сына. Шахавец. Вера раптам адчула, што зрабіла нейкую недаравальную непапраўную ўступку, сказаўшы мастаку не тое, што думала. Асіпенка. / у знач. наз. непапра́ўнае, ‑ага, н. Заляскалі стрэлы. Карп зразумеў, што здарылася непапраўнае, але не разгубіўся. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неўласці́вы, ‑ая, ‑ае.
Не характэрны каму‑, чаму‑н.; нязвычны для каго‑, чаго‑н. Марына Астапаўна прыпынілася, заглянула.. [Арэшкіну] у твар і з неўласцівым ёй раздражненнем сказала: — Пайшлі вы к чорту, Арэшка! Абрыдла мне ўсё гэта! І не чапляйцеся вы да мяне. Шамякін. Цвёрдыя пшаніцы, высеяныя ў неўласцівых для іх глебава-кліматычных умовах, .. змяняюць свае марфалагічныя адзнакі. «Весці».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.
1. Адсутнасць або недахоп увагі; рассеянасць. Няўвага вучня на ўроку.
2. Непавага, раўнадушнасць. Паявілася ў характары нашага хлопца рыса: няўвага да мясцовага, роднага, захапленне экзотыкай далёкіх краёў. М. Ткачоў. Многім мужчынам яна падабалася. Гаецкая ведала гэта, і тым больш яе прыводзіла ў шаленства поўная няўвага таго, хто даўно падабаўся ёй. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няцвёрды, ‑ая, ‑ае.
1. Якому не ўласціва цвёрдасць, даволі мяккі. Няцвёрды грунт.
2. перан. Няўпэўнены, хісткі. Наталля Пятроўна ў жаху адхіснулася і няцвёрдым крокам выйшла з хаты. Шамякін. «Дарагая, любая мамачка», — пісала яшчэ няцвёрдая, але старанная дзіцячая рука. Кірэенка.
3. перан. Такі, якому не ўласціва рашучасць, цвёрдасць. // Уласцівы такому чалавеку. Няцвёрды характар. // Які выражае нерашучасць. Няцвёрды адказ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
о́птам, прысл.
1. Вялікай колькасцю (пра куплю і продаж тавараў). [Лялькевіч] вельмі ўзрадаваўся, калі нейкі камерсант, відаць, гандляр мясам ці, можа, іншым чым, запрапанаваў купіць усе яго бочкі, цэбры, вёдры оптам. Шамякін.
2. перан. Разм. Поўнасцю, адразу. Нельга таксама ацэньваць творы оптам, абоймамі, калі да адных прад’яўляюцца сапраўдныя крытэрыі, а другім свядома робіцца скідка на важнасць тэмы. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавы́бары, ‑аў; адз. няма.
Выбары кіруючых органаў у некаторых арганізацыях, якія праводзяцца праз пэўныя прамежкі часу. У верасні 1917 года ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму адбыліся перавыбары Мінскага Савета. «Полымя». // Паўторныя выбары ў выпадку адмены першых выбараў. Лескавец папрасіў сакратара: — Прашу, таварыш Ладынін, паставіць пытанне аб перавыбарах старшыні. Я не магу больш. Я сыты па горла... Хопіць!.. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перагарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.
1. Падзяліць памяшканне перагародкай. — Будзе прасторная хата. Калі разжывёмся, можна будзе і перагарадзіць дошкамі, адбіць чыстую палавіну. Галавач.
2. Стварыць перашкоду ўпоперак чаго‑н., спыніць рух на якім‑н. шляху; загарадзіць. Гіганцкая плаціна перагарадзіла, уціхамірыла раку. Курто. Дарогу .. [Лясніцкаму і Таццяне] перагарадзіў глыбокі палявы роў. Шамякін. Шлях узводу перагарадзіў моцны кулямётны і вінтовачны агонь. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)