лахма́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгую, густую поўсць; касматы. З кустоў, віляючы хвастом, выйшаў вялікі лахматы сабака. Скрыпка. // Зроблены са скуры з доўгай і густой шэрсцю. Лахматая шапка. Лахматы каўнер. // Разм. З доўгім ворсам (пра тканіны, а таксама вырабы з такіх тканін). Лахматая матэрыя. Лахматы ручнік.

2. З доўгімі і густымі ўскудлачанымі валасамі. Стары цыган Ляксей ляжаў пад сасною, палажыўшы лахматую галаву на корань. Каваль. // перан. Разм. Густы, кучаравы; з няроўнымі галінкамі, лістамі (пра расліны). Бэз лахматы Мірна свеціць на гародах. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліставы́ 1, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да ліста ​1; у лістах. Ліставая салата. □ [Марцін] ачышчаў стол ад свайго тытуню, і крышанага і ліставога. Чорны. // Які мае лісце, пакрыты лісцем; лісцевы. Сасновы бор чаргуецца з дубровай, з бярозавым гаем, з грабавым лесам, з ліставымі змешанымі пералескамі. В. Вольскі. Лес, трыумфуючы па-свойму, Прыходу юных рады быў: Шумеў галлём узнёсла хвойны, А ліставы ў далоні біў. Калачынскі.

ліставы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Зроблены ў выглядзе ліста ​2 (у 1 знач.). Ліставое жалеза. Ліставая сталь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штыкавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да штыка ​1, служыць для прымацавання штыка ​1 (у 1 знач.). Штыкавая трубка. □ Прыйшло чалавек сто, а можа і яшчэ больш. Ды ўсе з нажамі, з нейкімі кінжаламі, нават са штыкавымі цесакамі, якія дзе ў каго пазаставаліся з вайны. Дубоўка. // Нанесены, зроблены штыком. Штыкавая рана. □ Трэба, каб твой росчырк быў Падобны бліскавіцы грому, Падобны ўдару штыкавому. Танк. // Які адбываецца, робіцца з прымяненнем штыкоў (пра рукапашны бой). [Алешын:] Глядзіце: вораг уцякае — Не вытрымаў атакі штыкавой. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад шыць.

2. у знач. прым. Зроблены, выраблены шыццём; сшыты. Ты вострым плугам Рэзаў дзірваны. Насіў з дзяругі Шытыя штаны. Куляшоў. З гэтай простай прапановай нельга было не згадзіцца, асабліва калі прыняць пад увагу лёгкасць шытых чоўнаў. Маўр.

•••

Не лыкам шыты — пра чалавека, не пазбаўленага здольнасцей, ведаў, умення трымаць сябе і пад.

Шыта белымі ніткамі — няўмела, няўдала, дрэнна скрыта, схавана што‑н.

Шыта-крыта — скрытна, патаемна ад іншых, у поўнай тайне (застаецца, робіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыса́ды1 мн. л. ’дрэвы, пасаджаныя вакол, каля чаго-небудзь (дарогі, вуліцы, будынка і пад.)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Бір. Дзярж., Прышч. дыс., Сл. ПЗБ; слуц., ЛА, 2), прыса́дзі ’прысады’ (Сл. ПЗБ), прыса́да ’шырокая дарога, абсаджаная дрэвамі; дрэвы, пасаджаныя ля (вакол) хаты, сядзібы, сада’ (Шат., Янк. 2, Стан., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), прыса́дак ’шырокая дарога, абсаджаная дрэвамі’ (акц., ЛА, 2), прыса́дка ’дрэва ў прысадах, алеі’ (Стан.), ’прысады; алея’ (Яруш.). Ст.-бел. присад ’падсаджаная расліна’ (XVI ст.), якое Крапівін (Межресп. конф., 24) параўноўвае з серб. при́сад ’атожылак, парастак’. Ад прысадзі́ць (гл.). Да семантыкі параўн. яшчэ паліса́да (гл. паліса́д).

Прыса́ды2 ’два дрэвы, якія растуць адно каля другога, з развілінамі (ра́ламі або казламі), дзе будзе зроблены памост для вулляў-калод (адзёр)’ (Сержп. Борт.). Да прысадзі́ць, г. зн. дрэвы, на якія прыса́джваецца памост, або дрэвы, спецыяльна пасаджаныя блізка адно да аднаго для выкарыстання пры размяшчэнні борці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суздро́м ’цалкам, як ёсць; разам’ (Нас., Гарэц.; слуц., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Мат. Гом.), ’хутка, адразу’ (Сцяшк.), су́здрам ’зусім, поўнасцю’ (Ласт.), сюды ж суйздром (з няясным значэннем, Ц. Гартны), суздро́мны (суздромныя ніткі, лён), ’лён пасля апрацоўкі церніцай’, ’ніткі без дадатковай апрацоўкі’ (Ян.), ’лён, абчэсаны на грэбень’ (гом., Нар. сл.), ’зроблены, пашыты з грубага палатна’ (Нар. Гом.). Прыслоўе ў форме Тв. скл. наз. *суздро (Карскі 2–3, 75 без зыходнай формы), якое ад су- і *здро ’зрок’, з устаўным ‑д‑, параўн. польск. do zdra ’зусім, цалкам’, г. зн. ’з усім, што пападае ў поле зроку’, адкуль ’ніткі, валакно, поўнасцю апрацаваныя’. Параўн., аднак, укр. аргат. з уздром, с потрухом ’цалюсенькі’ (Горбач, Арго, 169), гл. ву́здро, у́здор, здро. Няясна, як беларускія словы суадносяцца з рус. дыял. создо́м ’часта дыхаючы; хутчэй, адразу, зусім, цалкам’; якое Варбат узводзіць да *zьd‑ з прэфіксам *sъ‑ паводле польск. zidki ’хуткі’ (Этим. иссл., 1988, 64).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суко́ннікі1 ’даматканыя суконныя штаны’ (чэрв., круп., мядз., Сл. ПЗБ; ТС; калінк., светлаг., чач., Мат. Гом.), ’суконныя буркі (абутак)’ (Гарад.). Ад суко́ннызроблены з сукна, воўны’, гл. сукно.

Суко́ннікі2 ’дранікі, звычайна посныя’ (Барад.), суко́ннік ’аладка (з дранай бульбы)’ (мазыр., Мат. Гом.). Няясна; параўн. суко́ніцы ’ягады (цёртыя)’ (жытк., Мат. Гом.), што можна звязаць з літ. sùkalioti ’круціць, вярцець’, а таксама з рус. дыял. сука́лить ’скрэбці, чысціць’, якое Тапароў (Балтийские яз., 46) лічыць балтызмам, на думку Анікіна (Опыт, 284), беспадстаўна. Гл. таксама сканцы ’бульбяныя піражкі, начыненыя капустай’, што выводзіцца ад сакаць ’сукаць, раскатваць цеста’, параўн. рус. дыял. ска́нец ’тонкая раскатаная ляпёшка з прэснага цеста’ і ’тоўстая, грубая пяньковая пража’, што сведчыць пра першасны сінкрэтызм “кулінарнага” і “тэкстыльнага” значэнняў дзеясловаў *sukati, *sъkati: рус. бранск. сучить сканцы ’прасці пражу’ і рус. калін. сканцы сучить ’раскатваць цеста’, гл. Фасмер, 3, 635; Анікін, Опыт, 279. Падрабязней гл. Цыхун, БЛ, 63, 112, 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНІМАЦЫ́ЙНАЕ КІ́НО (ад лац. animatus адушаўлёны, жывы),

мультыплікацыя, від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або інш. тэхнічнымі спосабамі.

Заснавана на пакадравай здымцы паслядоўных фазаў руху маляваных ці аб’ёмных персанажаў, пластычных кампазіцый. Праекцыя гэтых выяў на экран «ажыўляе» іх. Заснавальнік мультыплікацыі — франц. мастак і інжынер Э.​Рэйно, які вынайшаў праксінаскол (1877), з дапамогай якога з 1892 даваў сеансы маляванага кіно («Аптычны тэатр»). У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае анімацыйнае кіно падзяляецца на маляванае (найб. вядомыя майстры У.Дысней, І.Іваноў-Вано, В.Кацёначкін, Р.Качанаў, Ю.Нарштэйн, Б.Сцяпанаў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі); аб’ёмнае («лялечнае»; заснавальнік У.Старэвіч, І.Трнка, А.Птушко); зробленае з дапамогай ігольчастага экрана (відовішча стварае рух тысяч металічных стрыжанькоў; вынаходнік — франц. гравёр А.​Аляксееў); ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў; вынаходніца ням. рэж. Л.​Райнігер); бяскамернае (малюнак наносяць адразу на плёнку; першы ў гэтай тэхніцы зрабіў фільм канадскі рэж Н.​Мак-Ларэн); камп’ютэрнае.

Бел. анімацыйнае кіно першыя спробы зрабіла ў 1920-я г., выкарыстаўшы выяўл. традыцыі плакатаў і паліт. карыкатур. Мультыплікацыйныя навук.-папулярныя фільмы «Жывыя дамы́», «Бунт зубоў» (1928), «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930) былі першай экраннай рэкламай. У 1970—80-я г. ў ценявой тэхніцы зняты фільмы «Прытча пра зямлю», «Прытча пра паветра» і «Прытча пра ваду» (рэж. усіх І.​Пікман), у стылі рухомага жывапісу або пластычнай музыкі — «Капрычыо», «Канчэрта Гроса» (І.​Воўчак) і «Лафертаўская макоўніца» (А.​Марчанка), традыцыі Дыснея прадоўжаны ў фільме «Марафон» (М.​Тумеля), для дзяцей і дарослых зроблены маляваныя і лялечныя фільмы «Песня пра зубра» (А.​Белавусаў), «Дудка-весялушка», «Несцерка» (Я.​Ларчанка), «Ліса, Мужык і Мядзведзь», «Асцярожна, карасі!», «Гліняная Адоска», «Як Васіль гаспадарыў» (усе В.​Доўнар), у якіх адлюстраваны бел. фальклор, «Светлячок і Расінка», «Мілавіца» (рэж. Ю.​Батурын) на тэмы лірыкі М.​Танка і У.​Дубоўкі, «Цімка і Дзімка» (М.​Лубянікава), «Хлопчык і птушка» (У.​Піменаў), «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію», «Пустэльнік і ружа», «Лістападнічак», «Пінчэр Боб і сем званочкаў» (усе К.​Красніцкі), «Не шамацець!», «Фантазіі Сідарава» (Т.​Жыткоўская) і інш.

В.​Ф.​Нячай.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМАТЫ́, Алма-Ата,

горад, сталіца Казахстана (да 1995). Размешчаны на ПнУ рэспублікі, каля падножжа паўн. схілаў хр. Заілійскі Алатау, на выш. 650—950 м, паміж рэкамі В. і М.​Алмаацінкі. 1200 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог (аўтамагістралі на Бішкек, Сяміпалацінск і да мяжы з Кітаем). Аэрапорт. Буйны індустр. і культ. цэнтр рэспублікі. Машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, электратэхн., станкабудаванне і інш.), харчасмакавая (кансервавая, тытунёвая і інш.), лёгкая (тэкст., футравая, трыкат., абутковая) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. ЦЭС, каскад ГЭС на В.​Алмаацінцы. Алматы неаднойчы цярпеў ад землетрасенняў і селяў (зроблены супрацьселевыя збудаванні).

Засн. ў 1854 як рас. ваен. ўмацаванне Вернае на месцы казахскага паселішча Алматы. З 1867 г. Верны — цэнтр Сямірэчанскай вобл. Туркестанскага ген.-губернатарства. Быў месцам паліт. ссылкі. У 1921 перайменаваны ў Алма-Ату, у 1929—95 сталіца Казахстана (перанесена ў г. Акмала). Развіццю горада садзейнічала Туркестана-Сібірская чыг., пабудаваная ў 1930. З 1992 наз. Алматы.

Горад захаваў прамавугольную планіроўку. Яго сучасны выгляд вызначае ансамблевая сейсмаўстойлівая забудова, шырокія азялененыя праспекты і вуліцы. Сярод арх. збудаванняў: т-р оперы і балета (1941, арх. М.​Прастакоў), Дом урада (1958, арх. Б.​Рубаненка, Г.​Сіманаў і інш.), цырк (1972, арх. У.​Кацаў, І.​Слонаў), высакагорны спарткомплекс «Медэа» (1972, 1975, арх. Кацаў і інш.), музей мастацтваў Казахстана (1976, арх. Э.​Кузняцова, В.​Навумава, Б.​Новікаў), аэравакзал (1976, арх. І.​Шчавелева, А.​Лепік і інш.), гасцініца «Казахстан» (1977, арх. Л.​Ухобатаў, Ю.​Ратушны), т-р драмы (1980, арх. А.​Бармурзаеў, М.​Жаксылыкаў і інш.). Помнікі: Абаю (1960, скульпт. Х.​Наурзбаеў), Аўэзаву (1980, скульпт. Я.​Сергебаеў) і інш.

Дзейнічаюць (1989): Акадэмія навук, 15 ВНУ (у т. л. Каз. ун-т, кансерваторыя), 7 тэатраў (оперы і балета імя Абая, т-р драмы імя Аўэзава, лялек і інш.), 7 музеяў (гістарычны, мастацтваў Казахстана, Дом-музей М.​Аўэзава і інш.).

Літ.:

Алма-Ата: Энцикл. Алма-Ата, 1983.

Р.​А.​Жмойдзяк (гаспадарка).

Алматы.
Да арт. Алматы. Будынак цырка.

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКУМЕНТА́ЛЬНАЕ КІНО́,

від кінамастацтва, заснаванага на здымках сапраўдных жыццёвых падзей, з’яў, фактаў. Складаецца з кінахронікі, якая ў рэпартажных і хранікальных паведамленнях аператыўна інфармуе гледачоў пра найважнейшыя падзеі, і вобразнай кінапубліцыстыкі (дакумент. фільм). З паяўленнем тэлебачання ўзнікла тэлевізійнае Д.к., якое, выкарыстоўваючы прыёмы, формы, прынцыпы кінамастацтва, зрабіла разнастайныя з’явы і падзеі рэальнага жыцця масавым відовішчам.

Узнікненне Д.к. звязана з зараджэннем кінематографа. Першыя здымкі (1895) вынаходнікаў кіно братоў Люм’ер былі зроблены з натуры. Развіццё сав. Д.к. звязана з пошукамі рэжысёраў Дз.​Вертава, У.Гардзіна, У.​Ерафеева, У.​Шнейдэрава, Р.Кармэна, аператараў Р.​Гібера, Э.Цісэ, А.​Лявіцкага і інш. У гады 2-й сусв. вайны вял. значэнне набыў рэпартаж. Дасягненні Д.к. ў пасляваен. час знайшлі канцэнтраванае выражэнне ў фільме «Звычайны фашызм» рэжысёра М.Рома.

На Беларусі развіццё кінематографа пачалося з хронікі. У 1925 выйшлі першыя кінавыпускі і дакумент. фільм «У здаровым целе — здаровы дух» (рэж. і аператар М.​Лявонцьеў). У 1925—27 аператары Лявонцьеў і М.​Люлякоў рэгулярна здымалі хранік. сюжэты пра важныя падзеі ў грамадска-паліт. жыцці рэспублікі. У 1931 створаны сектар кінахронікі ў Белдзяржкіно. пачаўся выпуск кіначасопісаў. У 1935 арганізавана Мінская студыя кінахронікі. У Вял. Айч. вайну бел. кінадакументалісты стварылі летапіс партыз. барацьбы ў рэспубліцы, рабілі франтавыя кінавыпускі; яны ўдзельнічалі ў здымках фільмаў «Дзень вайны» і «У тыле ворага» (абодва 1942), «Бой за Віцебск», «Мінск наш», «Бабруйскі кацёл» (усе 1944), поўнаметражнага «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944, рэж. У.​Корш-Саблін і М.​Садковіч); асобныя кінакадры бел. аператараў выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З 1944 дакумент. фільмы здымалі на адноўленай кінастудыі «Беларусьфільм». У пасляваен. час у галіне Д.к. працавалі рэжысёры Л.​Голуб, Корш-Саблін, С.​Сплашноў, І.​Вейняровіч. У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1968 існуе як аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» на кінастудыі «Беларусьфільм». Сярод вядомых дзеячаў Д.к. Беларусі П.​Аліфярэнка, В.​Дашук, Ю.​Лысятаў, І.​Пікман, Б.​Сарахатунаў, У.​Стральцоў, У.​Сукманаў, С.​Фрыд, Ю.​Цвяткоў, Р.​Ясінскі.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 6, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)