ГІПАТЭРМІ́Я (ад гіпа... + грэч. thermē цяпло),

ахаладжэнне, паніжэнне т-ры цела цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку цеплааддачы, якая перавышае цеплапрадукцыю. Памяншае спажыванне кіслароду органамі і тканкамі арганізма, павышае ўстойлівасць яго да гіпаксіі. Штучная гіпатэрмія выкарыстоўваецца ў хірургіі пры аперацыях на сэрцы, вял. сасудах і нейрахірургічных (траўмы ц. н. с., ацёкі, інтаксікацыі). Пры зніжэнні т-ры цела чалавека да 20—23 °C спыняюцца дыханне, дзейнасць сэрца.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАНКО́Ў (Нічыпар Эмануілавіч) (14.3.1902, в. Зубры Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 20.12.1959),

генерал-лейтэнант авіяцыі (1944). Скончыў пях. школу (1921), школу лётчыкаў (1929), курсы ўдасканалення камсаставу ВПС (1939). У Чырв. Арміі з 1921. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял. Айч. вайну на Крымскім і Закаўказскім франтах: нам. камандуючага, камандуючы ВПС. Да 1954 камандуючы ВПС ваен. акругі, да 1958 у ваен.-навуч. установах.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сяргеевіч) (2.1.1898, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 2.2.1964),

генерал-лейтэнант (1962). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. З лют. 1918 у 3-м Магілёўскім атрадзе Чырв. гвардыі, з 1934 у штабе арміі і Генштабе РСЧА. У Вял. Айч. вайну на Цэнтр., Зах. франтах: нач. аператыўнага аддзела, нам. нач. штаба фронту. Пасля вайны ў Ваенна-навук. упраўленні Генштаба.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЧО́К (Пётр Іосіфавіч) (18.3.1923, в. Лысоўшчына Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 18.4.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі аэраклуб (1940), Батайскую ваен. авіяц. школу (1942). У Вял. Айч. вайну са жн. 1943 на 4, 2, 1-м Укр. франтах. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка ст. лейтэнант Гучок зрабіў 209 баявых вылетаў, правёў 56 паветр. баёў, асабіста збіў 20 самалётаў ворага. Загінуў у баі пад Берлінам.

П.І.Гучок.

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЮІ́, Аюі (Haüy) Рэнэ Жуст (28.2.1743, г. Сен-Жу-ан-Шасэ, Францыя — 1.6 або 3.6.1822), французскі крышталёграф і мінералог. Чл. Парыжскай АН (1783). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1806). У 1794—1802 праф. Горнай школы (Парыж). Зрабіў вял. ўклад у развіццё крышталяграфіі; адкрыў закон цэлых лікаў (рацыянальнасці параметраў), названы яго імем, распрацаваў тэорыю памяншэння колькасці малекул у слаях, якія паслядоўна фарміруюць крышталь. Яго імем названы мінерал гаюін.

т. 5, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКА́ТА,

у грэчаскай міфалогіі багіня змроку, начных прывідаў і чараўніцтва. Лічылася таксама багіняй Месяца, знаходзілася ў месцах пахавання і на скрыжаваннях, блізкая да Селены і Артэміды. Уяўлялі яе з факелам у руках, часта са змеямі ў валасах, зрэдку трохаблічнай. Яна атрымала ад Зеўса ўладу над лёсам зямлі і мора, была адорана Уранам вял. сілай. Рымляне атаясамлівалі Гекату з багіняй трох дарог Трывіяй.

Геката. 1—2 ст. н.э.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПнЗ ад г. Драгічын, 100 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Драгічын. 2080 ж., 830 двароў (1995). Лясніцтва, швейнае атэлье. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (пач. 20 ст.). Курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. Вайну.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХТУ́ЕЎ (Міхаіл Арцёмавіч) (23.11.1925, пас. Кара-Хаш Таджынскага р-на Рэспублікі Тува — 25.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З чэрв. 1944 на 1-м Бел. фронце. Сяржант Бухтуеў вызначыўся ў баі за ст. Чорныя Броды Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.: экіпаж танка, дзе ён быў механікам-вадзіцелем, сваёй падпаленай машынай тараніў і вывеў са строю браняпоезд праціўніка. Загінуў у час тарана.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

электрасувязь з дапамогай токаў высокай частаты. Дазваляе адначасовую і незалежную перадачу па адной лініі сувязі многіх паведамленняў (гл. таксама Многаканальная сувязь); дае магчымасць устанаўліваць высакаякасную сувязь на вял. адлегласці. Распрацавана ў 1920-я г. для радыётэлегр., потым для інш. відаў сувязі па паветраных, кабельных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях. Выкарыстоўваецца для тэлеф. і тэлегр. сувязі, у перадачы даных па міжнар., унутрыабл. і ўнутрыраённых лініях і інш.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫ́ННАЯ ХВАРО́БА, горная хвароба,

паталагічны стан арганізма, абумоўлены знаходжаннем у разрэджаным паветры на вял. вышынях; у дачыненні выпадкаў знаходжання ў горных мясцовасцях наз. горнай хваробай. Развіваецца як вынік кіслароднага галадання (гл. Гіпаксія). Выяўляецца задышкай, сэрцабіццем, галавакружэннем, пачашчэннем пульсу, галаўным болем, мышачнай слабасцю, шумам у вушах, насавымі крывацёкамі, магчымыя парушэнні сардэчнай дзейнасці і страта прытомнасці. Лячэнне: паступовы спуск з вышыні, кісларод, тэрапеўтычныя прэпараты — абязбольвальныя, узбуджальныя.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)