Пу́халь ’пухліна’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, адваротны дэрыват ад пухліна, характэрны для поўначы Беларусі прадуктыўны суфікс ‑іна ўспрымаецца як паказчык адзінкавасці (параўн. топаль > топьліна ’адно дрэва таполі’), экспрэсіўнасці (параўн. горла > гьрляціна, асудж.) ці адцягненага дзеяння (параўн. ругань > руганіна), (гл. Крыўко, Нар. словатв., 152–165) і можа быць адкінуты. Гл. таксама пухло, пухнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Садану́ць ’з размаху ўсадзіць (што-небудзь востраву, ’моцна ўдарыць’ (ТСБМ), ’стукнуць’ (Мат. Гом., Янк.), ’раптоўна выпасці ў вялікай колькасці (пра ападкі)’ (Сл. ПЗБ). Рус. прастамоўе садану́ць, укр. садну́ць ’тс’. Дзеяслоў аднакратнага дзеяння з суф. ‑ну‑ ад садзіць. Прастамоўная форма з устаўным ‑а‑ па тыпу рус. копану́ть, мазану́ть пры літар. копнуть, мазнуть і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзе́ля, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «дзеля» выражае:

Мэтавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, для якіх, у інтарэсах якіх робіцца, ажыццяўляецца што‑н. Да таго ж яна была вельмі прывязана да свайго старога бацькі, які пераканаў Адэлю, што ўсё, што ён робіць, — толькі дзеля яе. Броўка. Алесь заўсёды захапляўся людзьмі, якія мелі сваю адзіную мэту і жылі дзеля яе. Шыцік.

2. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. У чорнай адубелай гліне відаць цэлая сістэма пячурак, што дзеля забаўкі пакапалі, пасвячы коней, сялянскія хлапчукі. Зарэцкі. Два сукаватыя фікусы расстаўлены па кутках, дзеля сіметрыі. Лось.

Прычынныя адносіны

3. Уст. Ужываецца пры ўказанні на прычыну або падставу дзеяння. [Юльцы] вельмі смачна рабіць тое, чаго няможна. Маці мае дзеля гэтага вялікія клопаты. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРМО́НЫ (ад грэч. hormaō прыводжу ў рух),

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца залозамі ўнутр. сакрэцыі ці спецыялізаванымі клеткамі. Спецыфічна ўздзейнічаюць на інш. органы і тканкі, забяспечваючы інтэграцыю біяхім. працэсаў у жывых арганізмах. Пад кантролем гармонаў адбываюцца ўсе этапы развіцця арганізма з моманту яго зараджэння, асн. працэсы яго жыццядзейнасці (ад транспартавання іонаў да счытвання генома, гл. Гарманальная рэгуляцыя). Эфекты дзеяння гармонаў выяўляюцца на ўзроўні цэласнага арганізма (напр., у зменах паводзін), асобных яго сістэм (нерв., стрававальнай, рэтыкулаэндатэліяльнай і інш.), органаў, клетак і іх арганел, ферментных сістэм і асобных ферментаў, на малекулярна-атамным і іонным узроўнях. Парушэнні сакрэцыі гармонаў (іх недахоп або лішак) вядуць да ўзнікнення эндакрынных хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, утварэння злаякасных пухлін, развіцця аўтаімунных і інш. хвароб.

Вядома шмат гармонаў і гармонападобных рэчываў, у т. л. больш за 40 у млекакормячых. Іх класіфікуюць па месцы ўтварэння (гармоны гіпофіза, гармоны шчытападобнай залозы, гармоны наднырачнікаў і інш.) і па хім. прыродзе — стэроідныя (андрагены, эстрагены, кортыкастэроіды), пептыдна-бялковыя (інсулін, самататропны, лютэнізавальны, фалікуластымулявальны гармон і інш.), вытворныя амінакіслот (адрэналін, норадрэналін, тыраксін, трыёдтыранін і інш.), простагландзіны. Для гармонаў характэрны надзвычай высокая біял. актыўнасць (дзейнічаюць у мікраскапічных дозах), спецыфічнае і дыстатнае (аддаленне ад месца сінтэзу) дзеянне. Шэрагу гармонаў і гармонападобных рэчываў (т.зв. гарманоідаў, парагармонаў ці тканкавых гармонаў) уласціва мясц. дзеянне, якое рэалізуецца шляхам мясц. дыфузій (паракрынныя гармоны) і праз уплыў на клеткі, якія іх сінтэзуюць (аўтакрынныя гармоны); нейрамедыятары, сінтэзаваныя нерв. клеткамі, вылучаюцца непасрэдна нерв. канцамі. Гармоны адрозніваюцца па працягласці дзеяння: у нейрамедыятараў вымяраецца мілісекундамі, у пептыдных гармонаў — секундамі, у бялковых — мінутамі, у стэроідных — гадзінамі, у тыэроідных гармонаў — суткамі. Залежна ад хім. будовы малекул гармоны ўзаемадзейнічаюць з рэцэптарамі ў розных частках клеткі: стэроідныя ў цытаплазме, тырэоідныя ў ядры, бялкова-пептыдныя на вонкавым баку мембраны. Узаемадзеянне гармонаў з рэцэптарамі прыводзіць да актывацыі апошніх і фарміравання адпаведнай метабалічнай рэакцыі.

У раслін рэчывы, падобныя да жывёльных гармонаў, наз. фітагармонамі.

В.​К.​Кухта.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДАГРАМАТЫ́ЗМ,

адна з плыняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Склалася ў Еўропе ў 1870-я г. намаганнямі ням. лінгвістаў (К.​Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Паўль, Г.​Гірт, В.​Штрэйтберг, І.​Шміт і інш.). Меў прыхільнікаў у інш. краінах (П.​Ф.​Фартунатаў, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, А.​А.​Шахматаў у Расіі, М.​Брэаль, А.​Мее ў Францыі, Г.​І.​Аскалі ў Італіі, С.​Буге, К.​Вернер у скандынаўскіх краінах, У.​Уітні ў ЗША, Я.​Развадоўскі, Я.​Лось у Польшчы). Младаграматыкі адмовіліся ад асн. навук. уяўленняў 1-й пал. 19 ст. (ідэя трохэтапнасці глотагенічнага працэсу: аморфны стан прамовы — аглюцінацыя — флексійны лад; вучэнне В.​Гумбальта пра ўнутр. форму мовы, якая служыць адбіткам «духу» народа; падыход А.​Шляйхера да мовы як да прыроднага арганізма). У аснове М. — індуктыўны падыход да жывых моўных з’яў і працэсаў і погляд на мову як на індывідуальна-псіхал. з’яву, якая павінна вывучацца параўнальна-гіст. метадам. Гэты метад быў даведзены младаграматыкамі да высокай ступені навук. дакладнасці. Яны сцвярджалі, што гукавыя законы, на якіх грунтуецца развіццё моў, дзейнічаюць стыхійна і паслядоўна. Адхіленне ад іх дзеяння — або праява дзеяння іншых, яшчэ не пазнаных гукавых законаў, або вынік змяненняў па аналогіі. Такое разуменне сутнасці і ролі гукавых законаў дало младаграматыкам магчымасць абгрунтаваць прынцып гістарызму ў мовазнаўстве як аснову навук. метадалогіі і ў далейшым дазволіла вучоным усвядоміць і размежаваць паняцці дыяхраніі і сінхраніі ў моўнай дынаміцы і прывяло да ідэі сістэмнасці мовы. Для саміх младаграматыкаў быў характэрны пазасістэмны, «атамарны», хоць і вельмі дэталёвы разгляд паасобных моўных з’яў. Пільная ўвага младаграматыкаў да моўных фактаў садзейнічала іх размежаванню як аб’ектаў даследавання і складанню паасобных мовазнаўчых дысцыплін — фанетыкі, этымалогіі, гіст. граматыкі, семасіялогіі, дыялекталогіі. Тэрмін «младаграматыкі» (ням. Junggrammatiker) уведзены Ф.​Царнке.

Літ.:

Томсен В. История языковедения до конца XIX в.: Пер. с дат. М., 1938;

Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

магчы́, магу́, мо́жаш, мо́жа; мог, магла́, -ло́; незак., з інф.

1. Быць у стане, мець магчымасць (рабіць што-н.).

М. працаваць.

2. Мець права, абавязак.

Не можам атэставаць.

3. Абазначае верагоднасць, магчымасць якога-н. дзеяння.

Можа паказацца.

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў (разм., неадабр.) — пра няўменне прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Не можа быць! — вокліч, які выказвае недавер, сумненне, здзіўленне і пад.

Не можа быць (і) гаворкі — нельга нават і гаварыць аб выкананні, здзяйсненні чаго-н.

|| зак. змагчы́, змагу́, змо́жаш, змо́жа; змог, змагла́, -ло́; змажы́.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ахапі́ць, ахаплю́, ахо́піш, ахо́піць; ахо́плены; зак., каго-што.

1. Тое, што і абхапіць.

2. перан. Зайсці з флангаў і акружыць праціўніка.

А. флангі праціўніка.

3. Успрыняць цалкам (што-н. вялікае).

А. позіркам рачную даліну.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Авалодаць з нястрымнай сілай (пра пачуцці, стан).

Радасць ахапіла душу.

5. Уключыць у кола дзеяння, уплыву.

А. насельніцтва падпіскай на газеты.

6. Абдаць чым-н., пранізаць.

Мяне ахапіла холадам.

Як вокам ахапіць (разм.) — колькі можна ўбачыць.

|| незак. ахо́пліваць, -аю, -аеш, -ае і ахапля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. ахо́п, -у, м.

|| прым. ахо́пны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сябе́, ДМ сабе́, Т сабо́й (сабо́ю), займ. зваротны.

Указвае на адносіны дзеяння да таго, хто яго ўтварае (дзейніка), адпавядаючы па сэнсе асабовым займеннікам любой асобы і ліку.

Расказаць пра с.

Паставіць сабе многа задач.

Размеркаваць паміж сабою.

Думаць пра с.

Выйсці з сябе — раззлавацца.

Замкнуцца ў сабе — адасобіцца ад іншых.

Не па сабе каму (разм.) — няёмка (пра стан збянтэжанасці, разгубленасці і пад.).

Па сабе (разм.) — па сваім гусце.

Сам не ў сабе (разм.) — пра таго, хто страціў душэўны спакой.

У сябе хто (разм.) — у сваім доме, пакоі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

праз, прыназ. з В.

1. Цераз што-н., цераз унутранасць чаго-н.

Глядзець п. акно.

Праязджаць п. вароты.

Ісці п. лес.

2. Цераз які-н. час або мінуўшы якую-н. прастору.

Прыеду п. месяц.

3. Пры дапамозе каго-, чаго-н.

Паведаміць п. сяброў.

Пісаць слова п. злучок.

4. Паўтараючы ў якія-н. прамежкі.

Ставіць тычкі п. пэўную адлегласць.

5. Па прычыне, па віне каго-, чаго-н.

Разышліся п. дробязь.

П. цябе ўсе непрыемнасці. 6, Ужыв. пры абазначэнні дзеяння, якое суправаджаецца ці перарываецца іншым дзеяннем. Усміхнуцца п. слёзы.

Пачуць п. сон.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

хі́ба², часц.

1. Ужыв. ў пытальных сказах, якія выражаюць сумненне ў чым-н., недавер, здзіўленне чым-н. і па знач. блізкія да слоў «няўжо», «можа быць».

Х. ён ужо прыехаў? Х. я не так сказаў?

2. Ужыв. ў пытальных сказах для выказвання няўпэўненасці ў неабходнасці якога-н. дзеяння і блізкая па знач. словам «можа быць», «не варта».

Х. мне паехаць туды? Х. можна каго прымусіць рабіць што-небудзь?

3. (звычайна ў спалучэнні са словамі «толькі», «што»). Надае адценне абмежаванасці, дапушчэння, магчымасці чаго-н.

Х. толькі заўтра ён прыедзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)