«НО́ВАЯ ВА́РТА»

(«Novaja varta»),

грамадска-навуковы і літ. часопіс бел. студэнцкай моладзі Віленскага ун-та, аб’яднанай у арг-цыю «Скарынія». Выдаваўся ў 1931—32 і 1934 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіў неперыядычна. Рэдактары-выдаўцы К.​Глінскі, Т.​Грышкевіч (з 3-га нумара). Асвятляў грамадскую і культ.-асв. дзейнасць бел. студэнтаў, узнімаў пытанні нац.-вызв. руху, супрацоўніцтва з польск. студэнцкімі арг-цыямі (арт. «Абавязак хвіліны» Я.​Зенюка, «Адно з пытанняў» А.​Бартуля, «Чвэрць веку існавання беларускай прэсы»). Змяшчаў дыскусійныя матэрыялы па розных паліт. кірунках развіцця сусв. грамадства, даследаванні па бел. гісторыі і л-ры («Леў Сапега — вялікі канцлер літоўскі» пад крыптанімам «Ш.», «Крытычныя моманты з жыцця Купалы і Коласа — паводле іх твораў» Ант. Навіны), творы Х.​Ільяшэвіча, В.​Багдановіча (Віцябляніна), Бартуля, Дж.​Свіфта, хроніку культ-грамадскага жыцця моладзі Зах, Беларусі. Выйшлі 3 нумары. Выданне спынена ў сувязі з самаліквідацыяй арг-цыі «Скарынія».

С.​І.​Ёрш, А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮО́НЫ, мю-мезоны,

нестабільныя зараджаныя элементарныя часціцы, якія маюць спін ½, час жыцця 2,2∙10​−6 с і масу прыкладна ў 207 разоў большую за масу электрона; адносяцца да лептонаў. Адмоўна зараджаны (μ​) і дадатна зараджаны (μ​+) М. з’яўляюцца антычасціцамі адзін аднаго.

Эксперыментальна выяўлены ў касм. праменях амер. фізікамі К.​Андэрсанам і С.​Недэрмаерам (1936—37). Асн. крыніцы М. — распад піонаў і каонаў (гл. Мезоны), якія інтэнсіўна нараджаюцца пры сутыкненнях адронаў, працэс нараджэння пар μ​ μ​+ фатонамі высокіх энергій, распады гіперонаў, «зачараваных» часціц і інш. Па сваіх уласцівасцях ва ўсіх вядомых узаемадзеяннях μ​ паводзіць сябе аналагічна электрону, ад якога адрозніваецца толькі масай (μ — е-універсальнасць). Слабае ўзаемадзеянне М. выклікае іх распад на электрон (ці пазітрон) і адпаведнае нейтрына, што вызначае час жыцця М. у вакууме. У рэчыве павольныя М. страчваюць энергію на іанізацыю атамаў і могуць спыняцца. Пры гэтым μ​ прыцягваецца ядром атама і ўтвараецца мезаатам, а μ​+ далучае да сябе электрон і ўтвараецца мюоній.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 11, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫЕНГО́Ф (Анатоль Барысавіч) (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),

расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб. арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт. зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст. трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.​Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.​Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.

Тв.:

Циники. М., 1990;

Бритый человек. М., 1991;

Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.

А.​В.​Спрынчан.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУШЭ́ВІЧ (Марцін) (псеўд. Адзін з літоўскіх грамадзян; 11.11. 1714, в. Ельня Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 21.11.1773),

грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст, перакладчык. Вучыўся ў Камянцы, Драгічыне, Брэсце, Варшаве. З 1739 брэсцкі гар. пісар, з 1752 стольнік, у 1763—64 гал. дарадчык К.​Радзівіла, у 1767 ген. сакратар Радамскай канфедэрацыі, з 1768 кашталян брэсцкі. На польск. мову пераклаў «Сатыры» Гарацыя (Вільня, 1784), да якіх далучыў тры арыгінальныя вершаваныя «Дадаткі». Аўтар «Успамінаў» (т. 1—4, Варшава, 1876), дзе апісаў побыт і норавы брэсцкай шляхты, міжусобную барацьбу Радзівілаў з Чартарыйскімі, некаторыя падзеі мясц. літ. жыцця. Пісаў вершы на польск. і лац. мовах з выпадку розных падзей, сеймікавыя прамовы. У яго поглядах адбіліся ідэі ранняга Асветніцтва. На бел. мову «Дыярыуш жыцця майго...» пераклаў В.​Арэшка.

Тв.:

Diariusz życia mego... Т. 1—2. Warszawa, 1986;

Бел. пер. — Дыярыюш жыцьця маяго... // Спадчына. 1996.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАБЫ́ТНЫЯ ЖЫВЁЛЫ І РАСЛІ́НЫ,

першыя на Зямлі арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі біясферы далі пачатак усёй разнастайнасці раслінных і жывёльных форм жыцця. Узнікалі, развіваліся і знікалі на працягу многіх мільёнаў гадоў. Першыя сляды жывых істот выяўлены ў горных пародах, узрост якіх вызначаны ў 3,5 млрд. гадоў. Першыя формы жыцця ўзніклі, верагодна, у дакембрыйскіх морах (гл. Дакембрый) і падзяліліся на 2 асн. групы — расліны і жывёлы, якія за пэўны час прайшлі эвалюц. шлях ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў. Першапачатковыя аднаклетачныя істоты адносіліся да групы найб. прымітыўных арганізмаў — пракарыёт. Сярод некат. плаваючых іх форм узніклі першыя сапраўдныя аднаклетачныя — эўкарыёты. У канцы пратэразою (у вендзе, каля 600 млн. г. назад) у адкладах адзначаны адбіткі мнагаклетачных арганізмаў, якія бачны простым вокам. Прадстаўнікі найб. стараж. жывёл — археацыяты — з’явіліся каля 570 млн. г. назад. У канцы кембрыйскага перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, а расліны былі прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі. Далейшая эвалюцыя біясферы прывяла да сучаснага стану флоры і фауны.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТУБЕРА́НЦЫ (ад лац. protubero узнімаюся),

плазменныя ўтварэнні ў кароне Сонца; больш шчыльныя і халодныя за плазму кароны. Узнікаюць у месцах павышанай актыўнасці Сонца і выцягнуты ўздоўж сілавых ліній магн. поля. На краі Сонца назіраюцца ў выглядзе святлівых воблакаў, арак, струменяў, у праекцыі на сонечны дыск — у выглядзе цёмных валокнаў.

Паводле знешняга выгляду і характару рухаў адрозніваюць: спакойныя П (даўж. каля 200 тыс. км, таўшчыня ~ 6 тыс. км, выш. над паверхняй Сонца ~ 40 тыс. км, т-ра (6—15) тыс. К. працягласць існавання ад 1—2 сут да некалькіх месяцаў); П. сонечных плям (назіраецца рух іх асобных частак, час жыцця ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін); эруптыўныя П. (узнікаюць са спакойных. больш яркія. узмацняюцца ўнутр. рухі, т-ра (15—25) тыс. К, час жыцця ад некалькіх мінут да паўгадзіны). Колькасць П. на Сонцы і іх размеркаванне па шыротах адпавядаюць 11-гадоваму цыклу сонечнай актыўнасці. Існуе цесная сувязь паміж П. і формай сонечнай кароны.

А.​А.​Шымбалёў.

Пратуберанцы на Сонцы.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],

псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.

Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.

С.​Л.​Максімава.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гармо́нія, ‑і, ж.

1. Мілагучнасць, складнасць, прыемнасць гучання. Гармонія верша. Гармонія гукаў.

2. Зладжанасць, узаемная адпаведнасць асобных якасцей, прадметаў, з’яў, частак цэлага. Гармонія фарбаў. Гармонія зместу і формы. Гармонія жыцця.

3. Аддзел тэорыі музыкі, вучэнне аб правільнай пабудове сугучнасцей у кампазіцыі. Іменна гармонія зрабіла магчымымі трыумфы аркестравай музыкі. «Полымя».

[Ад грэч. harmonía — сувязь, сугучнасць, зладжанасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбо́р, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. адбіраць — адабраць ​1 (у 5 знач.).

•••

Натуральны адбор — працэс развіцця жывой прыроды, у якім захоўваюцца арганізмы найбольш прыстасаваныя да ўмоў жыцця.

Штучны адбор — адзін з асноўных метадаў селекцыі, які ляжыць у аснове стварэння і паляпшэння чалавекам парод свойскай жывёлы і сартоў культурных раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знелюдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і знялю́дзець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць нелюдзімым ад адзінокага жыцця; здзічэць. — Маніш, сумна адному. Так ты зусім знелюдзееш. Лупсякоў. [Штанюк] рэдка калі высоўваецца на вуліцу. І ў двор да яго не так лёгка дастукацца. Знялюдзеў чалавек. Нават з намі, суседзямі, не вітаецца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)