БАДАРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Badarian),
археалагічная культура неаліту і пач. энеаліту (5 — пач. 4-га тыс. да нашай эры) у даліне р. Ніл. Назва ад паселішчаў і могільнікаў каля в. Бадары ў Сярэднім Егіпце. Насельніцтва займалася матычным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, жыло на адкрытых паселішчах у жытлах з абмазаных глінай дубцоў, сырцу, цыновак. У могільніках — трупапалажэнні людзей і жывёл, загорнутых у цыноўкі. Характэрны карычневы (пазней чырвоны) посуд з чорным верхам. Прылады выраблялі з каменю (наканечнікі стрэл, укладышы сярпоў), дрэва (бумерангі), косці; з’явіліся першыя вырабы з медзі (нажы, шпількі, пацеркі і інш.).
т. 2, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вацлаў Мартынавіч) (1876, в. Лялянцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобласці — 1902),
рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў с.-д. руху на Беларусі і ў Літве. У вер. 1897 арыштаваны па справе Віленскага рабочага гуртка. Пасля турэмнага зняволення ў лют. 1899 высланы ў Вяцкую губ., адкуль уцёк на радзіму. Вёў рэв. прапаганду сярод рабочых Вільні, Гродна, Коўна. У жн. 1900 дэлегат 2-га з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПІЛ), на 3-м з’ездзе (вер. 1901) выбраны ў Гал. праўленне партыі. Памёр у Вільні ад сухотаў.
т. 2, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНКЕ́ВІЧ (Анатоль Ігнатавіч) (н. 11.10.1932, в. Трасцівец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
ваенны дзеяч. Ген.-маёр авіяцыі (1978). Засл. ваенны лётчык СССР (1977). Лётчык-знішчальнік. Скончыў Батайскае знішчальнае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў імя А.Сярова (1954), Ваен. камандную акадэмію проціпаветранай абароны імя Г.К.Жукава (1974). У 1954—83 камандзір авіяпалка, нам. камандуючага корпусам, арміяй, ВПС Далёкаўсх. ваен. акругі, ваен. саветнік у В’етнаме. З 1983 нам. камандуючага ВПС БВА. Асвоіў 14 тыпаў самалётаў, сярод іх 9 звышгукавых, у т. л. самалёт 4-га пакалення МІГ-29. З 1989 у запасе.
т. 2, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (каля сярэдзіны 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.) на тэр. Зах. Сібіры і Казахстана. Назва ад могільніка каля в. Андронава (Краснаярскі край). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло ў паўзямлянкавых і наземных жытлах на адкрытых паселішчах, карысталася бронзавай зброяй (кельты, наканечнікі коп’яў, нажы), крамянёвымі наканечнікамі стрэл. Пахаванні ў ямах пад курганамі (часам з каменнымі агароджамі) у скурчаным становішчы, вядомы выпадкі трупаспалення. Характэрны керамічны посуд слоікападобнай формы з геам. арнаментам. Андронаўская культура разглядаецца як умоўная назва т.зв. андронаўскай культурнай агульнасці — некалькіх археал. культур.
т. 1, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САЎ (Іван Аляксеевіч) (9.12.1863, Масква — 7.1.1930),
рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1882. Аўтар вершаў і апавяданняў для дзяцей. У творах апяваў родную прыроду, працу простых людзей. Першая кн. перакладаў «З «Кабзара» Т.Шаўчэнкі» (1887). На рус. мову пераклаў вершы Р.Бёрнса, А.Негры, М.Канапніцкай, А.Ісаакяна. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.Купалы ў сав. час, складальнік і рэд. 1-га зб. вершаў паэта на рус. мове «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919).
Літ.:
Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981 С. 35—56.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРАЎ (Андрэй Лявонцьевіч) (20.8.1901, хутар Бондараў Новааскольскага р-на, Расія — 23.9.1961),
савецкі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1943), Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскую аб’яднаную ваен. школу (1927), курсы ўдасканалення камсаставу (1941), паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1942). У Чырв. Арміі з 1921. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 часці 17-га гв. стралк.корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро каля в. Верхнія Жары Камарынскага р-на, захапілі плацдарм і, развіваючы наступленне, фарсіравалі Прыпяць. Да 1995 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СЛІЦА,
рака ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток Бобрыка 1-га (бас. Прыпяці). Даўж. 41,8 км. Пл. вадазбору 543 км². Пачынаецца асушальнай канавай за 2 км на Пд ад в. Рэчкі, цячэ па зах. частцы нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі — каналы Ліпнікі і Дабраслаўка (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, паміж в. Юзафін і в. Новы Двор трапецападобная, шыр. 1—3 км. Пойма двухбаковая, шыр. 300—700 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае (шыр. да 4 м, ніжэй в. Новы Двор да 20 м), абвалавана дамбамі.
т. 4, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДНАСПАРТЫ́ЎНЫ КАМБІНА́Т рэспубліканскі ў Мінску.
Дзейнічае з 1967 (арх. В.Ладыгіна), першы басейн з 1961. Уключае 3 закрытыя басейны з трыбунамі на 1 тыс. гледачоў, 2 адкрытыя з падагрэвам вады, аздараўленчы комплекс, які складаецца з лазняў з парыльнямі і адкрытага басейна з мінер. вадой. Агульная пл. ўсіх спарт. і дапаможных збудаванняў 18 га, пл. вады басейна 6200 м². Прапускная здольнасць збудаванняў 4,5 тыс. чал. за суткі. Праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па водных відах спорту, выкарыстоўваецца і як навуч. база. Асн. база падрыхтоўкі нац. алімпійскіх каманд Беларусі па водных відах спорту.
т. 4, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТЫ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 15 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,8 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 3,1 км². Схілы катлавіны разараныя, на У пад хваёвым лесам. Берагі (акрамя паўд. і асобных паўн. участкаў) нізкія, сплавінныя. Да ўсх. і зах. берагоў прымыкае балота. Дно плоскае, выслана сапрапелем. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Зарастае. Сцёк па ручаі ў воз. Снуды.
т. 4, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНЬ,
возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 1 км на ПдЗ ад г. Міёры. Пл. 0,37 км², даўж. 1,29 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 2,74 км. Пл. вадазбору 22,7 км². Схілы катлавіны выш. да 4 м, парослыя хмызняком. Берагі пераважна нізкія, на Пн сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, высланае сапрапелямі. Востраў пл. 1 га. Расліннасць да глыб. 2 м, займае 45% пл. возера. Злучана пратокай з воз. Асінаўка, на Пд упадае ручай з воз. Кацілава.
т. 4, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)