ЧА́ШНІЦКІ РАЁН Размешчаны на Пд Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 39,6 тыс. чал. (2003), гарадскога 63%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Чашнікі. Раён уключае г. Новалукомль, р.п. Акцябрскі, 213 сельскіх нас. пунктаў, Новалукомльскі гарадскі Савет, Акцябрскі пасялковы Савет, 11 сельсаветаў: Альшанскі, Антапольеўскі, Іванскі, Красналуцкі, Кругліцкі, Латыголіцкі, Лукомльскі, Новазаранскі, Пачаевіцкі, Празямлянскі, Чарэйскі.

Тэр. раёна пераважна ў межах Чашніцкай раўніны з пласкахвалістай паверхняй, на ПдЗ і З узгорыстыя і платопадобныя ўчасткі Лукомскага ўзвышша. На выш. 125—160 м каля 50% паверхні, 160—200 м — 40% і больш за 200 м — 10%. Найвыш. пункт 242 м (за 4 км на ПдУ ад в. Дабрамыслі). Агульны нахіл з Пд на Пн. Карысныя выкапні: торф, гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель. Сярэдняя т-ра студз. -7,4 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. рэкі: Ула з прытокамі Лукомка і Усвейка; Эса. Найб. азёры: Лукомскае возера, Жэрынскае возера, Чарэйскае возера, Ямнае возера, Сцержань. Вадасховішча Лукомскае. Глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (45,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя 11,8%, тарфянабалотныя і элювіяльныя (11%). Пад лесам 29.5% плошчы, з іх 13,7% штучныя (хваёвыя) насаджэнні. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорна- і шэраальховыя, асінавыя лясы; трапляюцца ясянёвыя, дубовыя і інш. Пад балотамі 4,2% плошчы, найб. балотныя масівы: Эса-Плінтаўка, Гурынскае, Абрубы-Чысцік. На тэр. раёна заказнікі: рэсп. значэння ландшафтны Сялява (частка), бат. мікразаказнікі мясц. значэння — Саснягі, Ліпнікі, Зялёнае Ляда. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніца «Святая вада» ў Чашніцкім лясніцтве, кангламерат ледавіковы «Змееў камень» у Кашчынскім лясніцтве.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 72,4 тыс. га, з іх асушаных 26,6 тыс. га. На 1.1.2003 у раёне 5 калгасаў, 8 саўгасаў, 20 фермерскіх гаспадарак, свінагадоўчы комплекс «Зара». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (спірт-рэктыфікат, хлебабулачныя і малочныя вырабы), пач. апрацоўкі лёну (ільновалакно), буд. матэрыялаў (цэгла, керамзітавы жвір), паліўнай (торфабрыкет), цэлюлозна-папяровай (гафракардон), лёгкай (спецадзенне і інш.), электратэхн. (электрарухавікі, энергазберагальнае абсталяванне) і электраэнергетыкі (Лукомская ДРЭС). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Орша—Лепель з адгалінаваннем на Новалукомль; аўтадарогі Віцебск—Чашнікі—Новалукомль, Орша—Лепель; лініі электраперадач 330 кВт на Мінск, Віцебск, Магілёў, Оршу, Бабруйск, Полацк. У раёне 16 сярэдніх, 5 базавых, 3 пач. школы, ПТВ, 16 дашкольных устаноў, 21 клубная ўстанова, 30 б-к, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, 1 санаторый-прафілакторый. Чашніцкі гістарычны музей. Помнікі архітэктуры: Троіцкая царква (мясц. назва Белая царква, пабудавана ў 16 ст., адноўлена ў 17 ст.) у в. Белая Царква; сядзіба (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) каля в. Палітаддзел. Выдаецца газ. «Чырвоны прамень».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Чашніцкага р-на. Мн., 1997;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Віцебская вобл. Мн., 1985.

Т.​В.​Пчолкіна, Г.​С.​Смалякоў.

т. 17, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДОВА І ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ ПЛАТФОРМАВАГА ЧАХЛА.

У познім пратэразоі пачаў фарміравацца чахол платформы. Першыя яго ўтварэнні, прымеркаваныя да асобных паніжэнняў фундаменту, датуюцца раннім рыфеем (пачатак — каля 1,65 млрд. гадоў назад). Гэта вулканагенныя пароды і моцна змененыя катагенезам кварцавыя пясчанікі, якія залягаюць пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Беларусі. Пазней на асобных участках Бабруйскага пахаванага выступу, Палескай седлавіны і Прыпяцкага прагіну ва ўмовах субарыднага клімату камяністай пустыні намнажаліся эолавыя пяскі, пазней ператвораныя ў пясчанікі. У сярэднім рыфеі (пачатак — каля 1,35 млрд. гадоў назад) адбылося залажэнне Валына-Аршанскага прагіну, які шырокай паласой перасек усю тэр. Беларусі з ПдЗ на ПнУ. Да прагіну быў прымеркаваны ўнутрыкантынентальны мелкаводны марскі басейн, у якім намножыліся чырванаколерныя сярэдне-, дробна- і тонкаабломкавыя асадкі магутнасцю больш за 400 м. На ПдУ і на ПнЗ ад басейна асадканамнажэння размяшчаліся вобласці зносу абломкавага матэрыялу. Да канца сярэдняга — пачатку позняга рыфею (каля 1 млрд. гадоў назад) асадканамнажэнне працягвалася толькі ў паўн.-ўсх. частцы Валына-Аршанскага палеапрагіну. Тэр. на поўдзень ад лініі Слуцк—Старобін—Жлобін стала сушай. На працягу позняга рыфею ў цэнтр. і ўсх. частках Беларусі (Аршанская ўпадзіна) асадканамнажэнне адбывалася ў невялікім мелкаводным басейне з нармальна марской або некалькі павышанай салёнасці вадой. Намнажаліся тэрыгенныя, тэрыгенна-карбанатныя і карбанатныя адклады, у т. л. першыя арганагенныя ўтварэнні — водарасцевыя даламіты. Да канца рыфею ўся тэр. Беларусі стала сушай.

У раннім вендзе (пачатак — каля 650 млн. г. назад) большая частка тэр. Беларусі была ахоплена покрыўным зледзяненнем, у час якога ўтварыўся магутны комплекс ледавіковых, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Найб. магутныя тоўшчы (больш за 300 м) ледавіковай фармацыі ўстаноўлены на поўдні Аршанскай упадзіны і на паўн. схіле Жлобінскай седлавіны. У разрэзах перыядычна чаргуюцца гарызонты тылітаў (стараж. марэн), патокава-ледавіковых пясчаных парод і азёрна-ледавіковых слаістых глін, што сведчыць пра некалькі фаз зледзянення. На пачатку позняга венду (каля 620 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі ўяўляла сабой перасечаную раўнінную сушу, на якой фарміраваліся маламагутныя пралювіяльна-алювіяльныя комплексы дрэннасартаваных буйна- і грубазярністых чырванаколерных пясчаных адкладаў. Такія комплексы ўстаноўлены на тэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Позні венд адзначаны актыўным вулканізмам, гал. месцам яго дзеяння была Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, дзе сфарміравалася трапавае плато, утворанае покрывамі базальтаў, дыябазаў, лавабрэкчый з праслоямі туфаў і туфітаў (магутнасць да 300 м). Вулканічныя вывяржэнні адбываліся ў кантынентальных і марскіх умовах. Вулканакластычны матэрыял быў вельмі пашыраны. Значныя тоўшчы туфаў, туфітаў, туфагенных асадкавых парод, прадуктаў гразевых вулканічных патокаў намножыліся на тэр. Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны, Беларускай антэклізы, ПнЗ Прыпяцкага прагіну. Пасля заканчэння вулканічнай актыўнасці абломкавы вулканічны матэрыял у выніку размыву трапавага плато яшчэ доўга паступаў на тэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны і паўн.-ўсх. схілы Беларускай антэклізы, дзе ў марскіх умовах адбывалася намнажэнне пясчана-алеўрыта-гліністых асадкаў.

У кембрыйскі перыяд палеазойскай эры (пачатак — каля 570 млн. гадоў назад) неглыбокія марскія басейны, дзе намнажаліся пясчана-гліністыя асадкі, былі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне (магутнасць адкладаў да 436 м) і на крайнім ПнЗ Беларусі (схілы Бел. антэклізы і Балтыйскай сінеклізы, адклады магутнасцю да 150 м). Гэтыя ж мелкаводныя басейны захоўваліся і ў ардовікскі (пачатак — каля 500 млн. гадоў назад) і сілурыйскі (пачатак — каля 440 млн. гадоў назад) перыяды. Але ў гэты час тут намнажаліся выключна карбанатныя адклады (вапнякі, мергелі, радзей даламіты). Магутнасць ардовікскіх утварэнняў на ПнЗ краіны больш за 150 м, на ПдЗ — да 40 м, сілурыйскіх адпаведна да 65 м і 650 м.

У дэвонскі перыяд (пачатак — каля 410 млн. гадоў назад) тоўшчы разнастайных горных парод намножыліся на большай частцы тэр. Беларусі. У Падляска-Брэсцкай упадзіне іх магутнасць 10—100 м, Аршанскай упадзіне да 450 м, у Прыпяцкім прагіне да 4500 м. У пачатку раннедэвонскай эпохі (лохкаўскі век) асадканамнажэнне адбывалася толькі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне, дзе сфарміраваліся марскія карбанатныя адклады ва ўмовах, спрыяльных для існавання бентасу (імшанкі, брахіяподы, крынаідэі) і водарасцей. У канцы лохкаўскага веку мора поўнасцю адышло з тэр. Беларусі. У эмскі век раннедэвонскай эпохі Аршанская ўпадзіна, Латвійская і Жлобінская седлавіны, усх. схілы Беларускай антэклізы, асобныя ўчасткі Прыпяцкага прагіну былі заняты мелкаводным морам, дзе намнажаліся пясчанікі, гравеліты, мергелі, вапнякі, даламіты, у т. л. водарасцевыя і аалітавыя. Іх сучасная магутнасць больш за 20 м. Мора сярэднедэвонскай эпохі мела тыя ж межы, што і ў раннім дэвоне, а ў эйфельскім веку яно поўнасцю залівала Прыпяцкі прагін. Салёнасць вады ў ім мянялася ад некалькі паніжанай (акумуляваліся пясчаныя адклады) да вельмі высокай (утвараліся пласты гіпсу, ангідрыту, на асобных участках Прыпяцкага прагіну — каменнай солі). У месцах з нармальнай салёнасцю марской вады намнажаліся карбанатныя і глініста-карбанатныя пароды з рэшткамі фауны. Магутнасць эйфельскіх адкладаў ад 10 м на схілах Бел. антэклізы да 100 м у Аршанскай упадзіне і Прыпяцкім прагіне. У жывецкі век сярэдняга дэвону мора некалькі адступіла з усх. схілаў Бел. антэклізы, астатнія контуры захаваліся. Мора было мелкаводным; у 1-й палавіне веку ў ім намнажаліся пераважна пясчана-алеўрытавыя адклады, у 2-й — глініста-карбанатныя. Магутнасць жывецкай тоўшчы дасягае 185 м. У пачатку і сярэдзіне франскага веку познадэвонскай эпохі на ПнУ і ПдУ Беларусі ў мелкаводных марскіх умовах намнажаліся напачатку пясчана-гліністыя, потым карбанатныя асадкі, часам — сульфатны матэрыял. На пэўных адрэзках часу ствараліся ўмовы, спрыяльныя для жыцця страматапараідэй, каралаў, і фарміраваліся арганагенныя пабудовы (рыфы). У канцы франскага веку на У краіны сфарміраваліся 2 зоны (паўн. і паўд.), якія развіваліся да канца дэвону. Паўночная зона (усх. і паўд.-ўсх. раёны Аршанскай упадзіны) ахоплівала невялікую плошчу, занятую мелкаводным марскім басейнам, дзе ў тэктанічна спакойных умовах намножыліся маламагутныя карбанатныя і карбанатна-гліністыя адклады. У паўднёвай зоне ў гэты час фарміравалася тэктанічна актыўная структура — Прыпяцкі прагін (рыфтавы грабен), да якога прымеркаваны гал. карысныя выкапні Беларусі — каменная і калійныя солі, нафта, буры вугаль, гаручыя сланцы, прамысловыя расолы і інш. За перыяд з канца франскага веку па фаменскі век позняга дэвону ўключна ў Прыпяцкім прагіне сфарміраваліся верхняя частка падсалявой карбанатнай тоўшчы, ніжняя саляносная, міжсалявая, верхняя саляносная і надсалявая тоўшчы, а таксама звязаная з імі шчолачна-ультраасноўная — шчолачна-базальтоідная вулканагенная фармацыя. Гэты час характарызаваўся: найбольшым праяўленнем магматызму і галагенезу; максімальнымі магутнасцямі адкладаў (3000—3500 м) у сувязі з вельмі высокімі тэмпамі апускання тэрыторыі (да 780 м/млн. гадоў); фарміраваннем высокаамплітудных (сотні метраў) разломаў; утварэннем складанай плікатыўна-блокавай структуры; шырокім праяўленнем працэсаў саляной тэктонікі. Пароды, што намножыліся ў гэты перыяд, вельмі разнастайныя: пясчанікі, алеўраліты, гліны, аргіліты, вапнякі, даламіты, мергелі, ангідрыты, гіпсы, каменная соль, сільвініт, карналіт, гаручыя сланцы. Познадэвонскі вулканізм прывёў да ўтварэння ва ўсх. частцы Прыпяцкага прагіну і на Жлобінскай седлавіне пластоў туфаў, эфузіўных і субвулканічных парод і трубак выбуху. У канцы фаменскага веку завяршылася фарміраванне Прыпяцкага прагіну як рыфтавай структуры.

Пасля перарыву ў асадканамнажэнні на мяжы дэвону і каменнавугальнага перыяду (пачатак — каля 350 млн. гадоў назад) на тэр. Беларусі ў пачатку турнейскага веку раннекаменнавугальнай эпохі намнажэнне асадкаў аднавілася (у Прыпяцкім прагіне — да 1000 м, на Брагінска-Лоеўскай седлавіне і Валынскай монакліналі). У каменнавугальны перыяд ва ўмовах гарачага і вільготнага клімату адзначаліся шматразовыя змены марскіх, прыбярэжна-марскіх, лагунна-прэснаводных і кантынентальных палеагеаграфічных абставін. У гэты час намножыліся пяскі, пясчанікі, вапнякі, гліны, у т. л. каалінавыя, з праслоямі баксітаў, бурага вугалю і даўсанітзмяшчальных парод. У адкладах візейскага веку ніжняга карбону на тэр. Прыпяцкага прагіну сфарміравалася Заазернае радовішча даўсаніту.

Адклады пермскага перыяду (пачатак — каля 285 млн. гадоў назад) вядомы на тэр. Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны, Падляска-Брэсцкай упадзіны і паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Ва ўмовах сухога і гарачага клімату ў марскіх і кантынентальных абставінах ішло намнажэнне пераважна тэрыгенных адкладаў (пяскі, гліны); перыядычна фарміраваліся праслоі і гнёзды гіпсу і ангідрыту. У раннепермскую эпоху ў цэнтр. частцы Прыпяцкага прагіну намножылася магутная (да 760 м) саляносная тоўшча, у якой прадстаўлены каменная соль, сільвініт, кізерыт і бішафіт.

Адклады трыясавага перыяду (пачатак — каля 230 млн. гадоў назад) пашыраны на ПдУ Беларусі (Прыпяцкі прагін, Брагінска-Лоеўская седлавіна) і на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Седыментацыя адбывалася ў прэснаводных вадаёмах, дзе намножыліся чырвана- і стракатаколерныя тэрыгенныя адклады (пяскі, алеўраліты, кангламераты, гліны). Іх магутнасць на ПдУ дасягае 300—500 м, часам 700—1000 м, на ПдЗ — 8—50 м.

На працягу большай часткі позняга трыясу і ўсёй ранняюрскай эпохі (пачатак — каля 195 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі была сушай і падвяргалася размыву. У сярэдняюрскую эпоху асадканамнажэнне аднавілася. Адклады юрскай сістэмы (максімальная магутнасць сотні метраў) залягаюць у Прыпяцкім прагіне, на Брагінска-Лоеўскай і Жлобінскай седлавінах, у паўд. частцы Аршанскай упадзіны, у Падляска-Брэсцкай упадзіне і на Бел. антэклізе. У сярэдня- і познаюрскую эпохі часта чаргаваліся фазы адступання і наступання мора; паступова моцна апрэснены басейн шляхам асадканамнажэння ператварыўся ў тыповы марскі. У юрскі час намножыліся гліны, алеўраліты і пяскі з праслоямі бурага вугалю, вапнякі, мергелі.

Мелавы перыяд (пачатак — каля 137 млн. гадоў назад) — час шматразовых марскіх трансгрэсій з 3 і У на тэр. краіны. Адклады мелавой сістэмы (магутнасць да 336 м) пашыраны па ўсёй паўд. палавіне Беларусі. У раннемелавую эпоху намнажаліся пераважна тэрыгенныя асадкі (пяскі, у т. л. з глаўканітам і фасфарытавымі жаўлакамі, гліны, алеўрыты); у познамелавую — выключна пісчы мел і мергельна-мелавыя пароды з канкрэцыямі і жаўлакамі крэменю. У другой палавіне каньякскага веку позняга мелу на крайнім У Беларусі ўтварыліся пласты трэпелаў і апок.

У адкладах палеагену (пачатак — каля 67 млн. гадоў назад), пашыраных у межах паўд. палавіны Беларусі, пераважаюць тэрыгенныя асадкі: кварцава-глаўканітавыя пяскі, алеўрыты з галькай фасфарытаў і крэменю. Іх магутнасць дасягае 220 м. На працягу палеацэнавай і эацэнавай эпох асадканамнажэнне адбывалася ў марскіх умовах. Клімат у палеагене быў цёплы і вільготны. Перыядычна ўзнікалі ўмовы, спрыяльныя для жыцця арганізмаў з крамянёвымі шкілетамі, у выніку чаго фарміраваліся апокі, апокападобныя гліны, алеўрыты. У першай палавіне алігацэнавай эпохі марскі басейн пачаў мялець, скарачацца, а ў канцы ранняга — пачатку позняга алігацэну мора назаўсёды пакінула тэр. Беларусі. У познім алігацэне адклады намножыліся ў далінах рэк, азёрах, катлавінах, звязаных з карставаннем пісчага мелу і салявых адкладаў у скляпеннях саляных купалаў. У замкнутых забалочаных азёрных катлавінах і западзінах утварыліся буравугальныя паклады.

У неагенавы перыяд (пачатак — каля 25 млн. гадоў назад) у паўд. палавіне Беларусі, якая ўяўляла сабой нізінную алювіяльную раўніну з забалочанымі плоскімі (плакорнымі) водападзеламі, працягвалася кантынентальнае асадканамнажэнне (пяскі, алеўрыты, гліны, у т. л. мантмарыланітавыя, тарфянікі). Працэсы торфаўтварэння спрыялі фарміраванню буравугальных радовішчаў на З Прыпяцкага прагіну. Магутнасць неагенавых адкладаў месцамі перавышае 100 м. Клімат на працягу большай часткі неагену быў цёплы і вільготны, у канцы перыяду пачалося пахаладанне, зменшылася колькасць атмасферных ападкаў; клімат стаў падобны да сучаснага.

Чацвярцічны (антрапагенавы) перыяд (пачатак — каля 1,65 млн. гадоў назад) на тэр. Беларусі падзяляюць на 3 этапы: перадледавіковы, ледавіковы і пасляледавіковы. Першыя 2 адпавядаюць плейстацэнавай эпосе, апошні — галацэнавай. Магутнасць адкладаў чацвярцічнага перыяду дасягае 300 м. У перадледавіковы этап плейстацэнавай эпохі ў Скандынавіі ўзнікалі ледавіковыя покрывы. Яны не дасягалі тэр. нашай краіны, але ўплывалі на яе клімат і абумовілі чаргаванне фаз пацяплення і пахаладання. Ледавіковы этап плейстацэнавай эпохі адзначаўся чаргаваннем зледзяненняў і міжледавікоўяў. На тэр. Беларусі вылучаюць 6 ледавіковых і 5 міжледавіковых перыядаў. Рух покрыўных ледавікоў моцна мяняў рэльеф тэрыторыі. Узнікалі працяглыя (дзесяткі кіламетраў) лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Акумуляцыя марэн пры раставанні ледавікоў утварала новыя формы рэльефу. Чацвярцічная тоўшча амаль напалавіну складзена з марэнных адкладаў. Масы рухомага лёду часта зрывалі і пераносілі на розныя адлегласці вялікія масівы карэнных парод, т.зв. адорвені. Пра геалагічную «моц» ледавікоў сведчаць валуны і глыбы крышталічных і трывалых асадкавых парод, прынесеныя на тэр. Беларусі ледавікамі са Скандынавіі. Пры раставанні ледавікоў узнікалі водныя патокі, якія неслі рыхлы абломкавы матэрыял (пясок, радзей гравій і гальку). Гэты флювіягляцыяльны матэрыял адкладаўся на паверхні ледавікоў, у іх тоўшчы або каля краёў. Часам водныя патокі сустракалі на сваім шляху перашкоды ў выглядзе марэнных утварэнняў (краявыя ледавіковыя грады, озы, друмліны і інш.). У выніку падпруджвання ўзнікалі азёры, у якіх намнажаліся азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) адклады, пераважна стужачныя гліны (чаргаванне тонкіх пясчаных і гліністых слаёў). Каля краю ледавіка фарміраваліся эолавыя ўзгоркі, грады, дзюны, намнажаліся тоўшчы лёсаў. У час міжледавікоўяў, калі ледавікі поўнасцю адступалі, асадканамнажэнне канцэнтравалася ў далінах рэк, шматлікіх азёрных і балотных катлавінах. Намнажаліся пяскі, гліны, сапрапелі, мергелі, торф, гіціі. Апошняе (паазерскае) зледзяненне пакінула тэр. Беларусі каля 15 тыс. гадоў назад. Яшчэ некалькі тысячагоддзяў працягваўся халодны пасляледавіковы перыяд і каля 10 тыс. гадоў назад пачаўся галацэнавы (сучасны) перыяд, у час якога намножылася тоўшча рыхлых асадкавых алювіяльных, азёрных, балотных і інш. адкладаў магутнасцю да 20—25 м. Апошнія стагоддзі галацэнавага этапу адметныя актыўным уплывам антрапагеннага фактару. З развіццём цывілізацыі гэты ўплыў становіцца ўсё больш значным і набывае характар пашыранага геалагічнага фактару. Разнастайныя сучасныя геалагічныя працэсы правакуюцца здабычай карысных выкапняў, прамысловым, жыллёвым, меліярацыйным і гідратэхнічным будаўніцтвам, звядзеннем лясоў, разворваннем зямель, складаваннем і пахаваннем прамысл. адходаў, забруджваннем атмасферы парніковымі газамі і інш. формамі ўплыву чалавека на прыроднае асяроддзе.

Літ.:

Геология Беларуси. Мн., 2001;

Нацыянальны атлас Беларусі. Мн., 2002;

Полезные ископаемые Беларуси. Мн., 2002.

А.​А.​Махнач.

т. 18, кн. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАСІБІ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУ Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 28.9.1937. Пл. 178,2 тыс. км². Нас. 2743 тыс. чал. (1997), гарадскога 74%. Цэнтр — г. Новасібірск. Найб. гарады: Бердск, Іскіцім, Куйбышаў, Барабінск, Татарск, Карасук. Займае паўд.-ўсх. ч. Зах.-Сіб. раўніны, паміж рэкамі Об і Іртыш. Большая ч. тэрыторыі — Барабінская нізіна, на Пн забалочаная Васюганская раўніна, на У адгор’і Салаірскага кража (выш. да 498 м). У цэнтр. і паўд. частках — рэльеф грывісты; «грывы» выш. 6—10 м, выцягнутыя з ПнУ на ПдЗ. Паніжэнні паміж імі заняты балотамі і азёрамі. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, золата, торф, буд. матэрыялы. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -16 °C (на Пд) і -20 °C (на Пн), ліп. 18—20 °C. Ападкаў ад 250 мм на ПдЗ да 500 мм на Пн і У вобласці. Гал. рака — Об з прытокамі Бердзь і Іня, на ПнЗ прытокі Іртыша Ом і Тара. Рэкі Карасук, Чулым, Каргат і інш. ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры. Больш за 3 тыс. азёр, найб. Чаны, Сартлан, Убінскае. Новасібірскае вадасховішча на р. 06. Шмат балот. Глебы падзолістыя, шэрыя лясныя, чарназёмныя. Лясы займаюць каля 11% тэрыторыі. На Пн — забалочаная тайга (піхта, елка, хвоя, кедр з дамешкамі бярозы, асіны), на У хваёва-бярозава-асінавыя лясы, на Пд — лесастэпы з бярозавымі колкамі. на ПдУ участкі стэпаў.

Вядучае месца ў прам-сці належыць машынабудаванню і металаапрацоўцы (вытв-сць станкоў, гідрапрэсаў, самалётаў, прылад радыёэлектронікі, сродкаў сувязі, у т. л. касмічных, энергет. машын і абсталявання, у т. л. для атамнай энергетыкі, с.-г. машын, абсталявання для тэкст. прам-сці і інш.). Развіты чорная і каляровая металургія, хім. і хіміка-фармацэўтычная, лясная і дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць. Па вытв-сці мяса, малака і кандытарскіх вырабаў Н.в. уваходзіць у лік вядучых рэгіёнаў Расіі. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Новасібірская ГЭС (на р. Об) і Барабінская ДРЭС (г. Куйбышаў). Н.в. — важны с.-г. раён Сібіры. С.-г. ўгоддзі займаюць 8,6 млн. га, у т. л. ворныя землі 4 млн. га. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень, авёс) і зернебабовых культур пераважна ў паўд. раёнах. З тэхн. культур вырошчваюць лён і сланечнік, з кармавых — кукурузу і інш. Бульбаводства, агародніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней. Развіта птушкагадоўля. Пчалярства. Асн. значэнне мае чыг. транспарт (каля 90% грузаабароту). Даўж. чыгунак 1,5 тыс. км. Гал. чыгункі: участак Транссібірскай магістралі, Новасібірск—Кузбас, Новасібірск—Барнаул, Татарск—Карасук—Кулунда. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,6 тыс. км. Суднаходства па р. Об (497 км). Нафтаправод Башкірыя—Омск—Новасібірск—Іркуцк з адгалінаваннямі. Курорт Карачы.

Беларусы ў Новасібірскай вобласці. Масавыя міграцыі з Беларусі на тэр. сучаснай Н.в. адбываліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Паводле перапісу 1911 у Каінскім пав. было 1113 гаспадарак беларусаў — выхадцаў з Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губ. Перасяленцы з Магілёўшчыны і Міншчыны заснавалі ў 1906 в. Аляксандраўка (цяпер Балотнінскі р-н), якая ў 1916 налічвала больш за 100 двароў. У 1-ю сусв. вайну ў рэгіёне асела частка бел. бежанцаў, у 1917—18 у в. Казлоўка — стараверы з Мінскай губ. У 1920—30-я г. з Беларусі сюды дэпартавалі раскулачаных, рэпрэсіраваных і інш. Паводле перапісу 1926 у г. Новасібірск жыло 433, у Новасібірскай акрузе — 37 439, у Барабінскай — 26 270 беларусаў. Яны вырошчвалі лён на адваяваных у тайгі землях, займаліся рамёствамі, традыц. нар. творчасцю. Паводле перапісу 1939 у Н.в. жыло 41 713 беларусаў. Тут адбываў ссылку бел. пісьменнік Т.Лебяда. У Вял. Айч. вайну ў Новасібірск эвакуіравана 141 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. калектыў Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР. Пасля вайны ў Н.в. ехалі жыхары Беларусі па вярбоўцы, на новабудоўлі, па размеркаванні выпускнікі ВНУ. Паводле перапісу 1959 у Н.в. 11 684 беларусы (пераважна ў гарадах). На 1989 іх стала 13 137 чал. Бел. фальклор, маст. самадзейнасць, дэкар.-прыкладное мастацтва найб. захаваліся ў Кыштоўскім р-не, дзе сканцэнтравана да 30% нашчадкаў беларусаў-перасяленцаў. Іх побыт, адзенне, культ. спадчыну адлюстроўваюць і экспанаты краязнаўчых музеяў у с. Кыштоўка і г. Новасібірск. Узоры нац. фальклору беларусаў Новасібіршчыны, сабраныя ў час 4 комплексных навук. экспедыцый 1985—92, увайшлі ў працу, якую выдае Сіб. аддзяленне Рас. АН (г. Новасібірск). У 1994 у Новасібірску ўзнікла культ.-асв. т-ва «Беларусы Сібіры» (старшыня У.​Галуза). Т-ва правяло сустрэчу прадстаўнікоў бел. арг-цый з Омска, Томска, Барнаула, Кемерава, Новакузнецка, Краснаярска (1995), ініцыіравала абласны фестываль бел. культуры, грамадскія скарынаўскія чытанні, шэраг выставак, у т. л. фотавыстаўку памяці вучонага В.​А.​Капцюга (усе 1997). У 1997 у Кыштоўцы праведзены раённы фестываль бел. культуры з удзелам фалькл. гуртоў і калектываў маст. самадзейнасці з вёсак Залівіна, Камышынка, Каўбаса, Круціха, Мяжоўка, Пахомава. У 1998 бел. ансамбль «Азарычы» (маст. кіраўнік Н.​Шпурык) адзначаны залатым медалём Сіб. кірмашу за «чысціню традыцый і нац. культуру ў рукатворных касцюмах». З 1995 у новасібірскай б-цы імя А.​Чэхава існуе аддзел бел. л-ры, з 1998 на абл. тэлебачанні дэманструецца бел. праграма, адкрыта спецыялізацыя «бел. мова і л-ра» на філал. ф-це Новасібірскага дзярж. пед. ун-та. З 1997 у Новасібірску створаны і асвячоны абраз св. Ефрасінні Полацкай, блаславёна буд-ва правасл. царквы ў гонар прападобнай Ефрасінні. Фінансаванне т-ва забяспечваюць М.​Сулкоўскі (з 1997 узначальвае т-ва «Беларусы Сібіры», ён жа адзін з фундатараў праграмы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» па стварэнні копіі крыжа св. Ефрасінні Полацкай) і інш. прадпрымальнікі бел. паходжання. У вер. 1997 зарэгістравана Грамадская арг-цыя новасібірскай рэгіянальнай нац.-культ. аўтаноміі беларусаў (прэзідэнт Галуза), якая ўваходзіць у нац.культ. аўтаномію «Беларусы Расіі» і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Дэлегаты ад новасібірскіх беларусаў удзельнічалі ў працы Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (1992), I і II з’ездаў беларусаў свету, нарадзе прадстаўнікоў замежных суполак (Мінск, 1995). Новасібірскія беларусы аказваюць дапамогу тым, хто пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (напр., акадэмік А.​Трафімук перадаў сваю Дзярж. прэмію Расіі на карысць бел. дзяцей-чарнобыльцаў, У.​Драздоў ініцыіраваў стварэнне спец. фонду ўзаемадапамогі пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС). У 2000 у Новасібірску выдадзена сумесная праца вучоных ін-таў гісторыі Нац. АН Беларусі і Сіб. аддзялення Рас. АН — зб. «Беларусы ў Сібіры».

Літ.:

Фурсова Е.Ф. Традиционно-бытовые особенности культуры белорусов-переселенцев конца XIX — начала XX в. (по материалам этнографических экспедиций) // Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;

Лыч Л.М. Национально-культурное строительство в БССР и белорусская диаспора Сибири (1920-е — первая половина 1930-х гг.) // Там жа.

М.​Л.​Страха, Г.​Г.​Сяргеева.

т. 11, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Ашмянскія грады,

фізіка-геагр. раён Беларускай грады. На ПнУ Гродзенскайі З Мінскай абласцей. Мяжуе з Нарачана-Вілейскай нізінай на Пн, Мінскім узв. на У, Верхнянёманскай ніз. на Пд, Лідскай раўнінай на ПдЗ. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ да 110 км (заходзіць у Літву як Мядзінінкскае узв.), шыр. да 40—50 км. Далінай Зах. Бярэзіны аддзяляецца ад Мінскага узв., з якім генетычна звязана. Над суседнімі нізінамі ўзнімаецца на 75—150 м. Найб. выш. 320 м над узр. м. — г. Мілідаўская (за 2 км на ПнУ ад в. Крэва Смаргонскага р-на). Пл. каля 4 тыс. км². Ашмянскае ўзвышша — франтальныя ледавіковыя грады і вуглавы масіў, якія ўзніклі пры шматразовым насоўванні краю ледавіка вілейскай і мяркінскай лопасцяў у час Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення; зах. галіна адзінага амфітэатра канцавых марэнных утварэнняў, якія прадаўжаюцца на Пн па зах. перыферыі Мінскага узв. (да Докшыц). Прымеркавана да Валожынскага грабена і паўтарае яго арыенціроўку.

У будове ўзвышша пераважаюць адклады ніжняга і сярэдняга (​1/2 магутнасці) антрапагену. З паверхні складзена з пяскоў, супескаў і суглінкаў з уключэннямі жвіру, галькі і валуноў (трапляюцца вельмі буйныя, гл. «Асілак») дняпроўскага зледзянення, з лёсападобных і зандравых адкладаў паазерскага зледзянення, азёрных, алювіяльных і балотных утварэнняў паазерскага і галацэнавага часу. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, буд. пяскі і пясчана-жвіровы матэрыял, торф.

У рэльефе вылучаецца не менш як 5 кулісападобных градаў шыр. ад 1—1,5 да 5—7 км, якія складзены з гляцыядыслакаваных пародаў са шматлікімі адорвенямі і маюць скібава-складкавую структуру. Градава-ўзгоркавы і ўзгоркава-ўвалісты рэльеф са стромкімі (пераважна паўд.-зах.) схіламі мае адносныя вышыні ад 15—20 да 50—60 м (найб. выразны на ПнУ ад г. Ашмяны). Міжградавыя паніжэнні заняты даліннымі зандрамі і азёрна-алювіяльным рэльефам паазерскага зледзянення. Трапляюцца асобныя камы і лімнакамы, озавыя грады (найчасцей у паніжэннях). На стромкіх схілах развіты яры глыб. 3 м, даўж. 0,5 км. Узвышша пераразаюць скразныя даліны Бярэзіны паміж в. Гародзькі і Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл., Ашмянкі на ўчастку ад г. Ашмяны да в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці і інш. Вярхоўі рэк Ашмянка і Альшанка звязаны затарфаванай далінай прарыву шыр. 11 км. Рэкі адносяцца да бас. Нёмана. Прытокі Віліі дрэніруюць паўн.-ўсх. (Ашмянка і Уша) і зах. (Мяркіс) схілы, на паўд.-зах. схіле пачынаюцца р. Гаўя з прытокамі Жыжма і Клява, Альшанка і інш. прытокі Зах. Бярэзіны. Т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C, ападкаў 650—700 мм за год. Глебы найб. урадлівыя ва ўсх. ч. — дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках, на астатняй тэр. дзярнова-падзолістыя на марэнных супесках і водна-ледавіковых пясках, у поймах алювіяльныя, у міжградавых паніжэннях і на месцы былых азёраў тарфяна-балотныя. Лясы (36% тэр.) захаваліся на невял. участках, найб. на З у вярхоўях Мяркіса і Альшанкі, — субары, яловыя, бярозава-асінавыя і алешнікі. Лугавая расліннасць (каля 25% тэр.) злакава-разнатраўная, разнатраўная і асаковая. Разарана каля 32% тэрыторыі. Ашмянскае ўзвышша мае адметныя краявіды, асабліва каля в. Кушляны Смаргонскага р-на і в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл.

М.​Я.​Камароўскі.

Ашмянскае ўзвышша каля в. Жупраны Ашмянскага р-на.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ПЕРАСЯЛЕ́ННЕ НАРО́ДАЎ,

масавыя міграцыі герм., слав., цюрк., іранскіх і інш. плямён на тэр. Рым. імперыі і ў суседнія землі ў 4—7 ст. Сярод яго прычын былі колькасны рост плямён (у т. л. ў сувязі з іх пераходам да аселасці), спусташэнне с.-г. угоддзяў, уціск з боку суседзяў, разлажэнне першабытнаабшчынных адносін і станаўленне феад. парадкаў (узрастанне ролі плем. правадыроў, якія стваралі моцныя ваен. дружыны для захопу і рабавання чужых зямель).

Пачатак Вялікаму перасяленню народаў паклала нашэсце ў Еўропу цюрк. плямён гунаў, якія напалі на іранамоўных аланаў (сярэдзіна 4 ст.), разграмілі германамоўных остготаў (375), пацяснілі вестготаў. Апошнія са згоды рым. імператара перасяліліся на Балканскі п-аў (у 378 паўсталі і ў саюзе з гунамі і аланамі разграмілі рымлян у бітве каля Адрыянопаля — сучаснага г. Эдырне), праніклі на тэр. Італіі (пач. 5 ст.) і захапілі Рым (410). Пераможаны імператар Зах.-Рым. імперыі аддаў вестготам Аквітанію, дзе ў 419 утварылася першая герм. дзяржава — Тулузскае каралеўства. Пазней пад уладу вестготаў перайшла Паўн.-ўсх. ч. Пірэнейскага п-ва; яго крайні ПнЗ заняло герм. племя свеваў. У 439 на тэр. рым. правінцыі Афрыка (паўн. вобласці Марока, Алжыра і Туніса) вандалы стварылі другую герм. дзяржаву. У сярэдзіне 5 ст. ў Галіі ўтвораны Бургундскае (на ПдУ) і Франкскае (на ПнУ) герм. каралеўствы; герм. плямёны англаў, саксаў і ютаў распачалі Англасаксонскае заваяванне Брытаніі (пакінута рымлянамі ў 407). Да сярэдзіны 5 ст. гуны перакачавалі з чарнаморскіх стэпаў на Дунайскую раўніну, аднак іх уварванне (разам з остготамі) у Галію спынілі рымляне (бітва на Каталаунскіх палях у 451). У 476 герм. военачальнік Адаакр скінуў апошняга імператара Зах.-Рым. імперыі Ромула Аўгустула. У 488 у Італію з Балканскага п-ва ўварваліся остготы, якія ў 493 заснавалі дзяржаву на тэр. ад Дуная да Цэнтр. Італіі. У 568 Пн Італіі заваявалі германамоўныя лангабарды. У 6 ст. на Дунайскую нізіну ўварваліся цюркамоўныя авары і панавалі тут да 8 ст. Ва Усх. Еўропе пачынаючы з 6 ст. вядучая роля ў міграцыйных працэсах належала славянам, асн. аб’ектам націску якіх была Візантыя. У 578 вял. група слав. плямён (каля 100 тыс. чал.) пераправілася цераз Дунай і пранікла ў Фракію, Македонію, Ілірыю, Фесалію, Эладу. У выніку ўварвання 589 славяне дайшлі да Пелапанеса. У 6—7 ст. яны рассяліліся на тэр. ад берагоў Чорнага і Эгейскага мораў да Адрыятыкі, у т. л. ў Далмацыі і Ілірыі; некат. плямёны праніклі ў М. Азію. У 626 славяне аблажылі сталіцу Візант. імперыі — Канстанцінопаль.

Вялікае перасяленне народаў садзейнічала заняпаду і распаду Зах.-Рым. імперыі і адначасова фарсіравала сац. развіццё саміх мігрантаў, вяло да стварэння ў іх буйных этн. утварэнняў і раннефеад. дзяржаў. Пад тэрмінам «Вялікае перасяленне народаў» часам разумеюць больш раннія (напр., перасяленні германцаў канца 2 — пач. 4 ст.) і больш познія міграцыі (заваяванні арабаў, нарманаў, цюркамоўных протабалгараў, мадзьяраў і г.д. канца 7—9 ст.).

Літ.:

Корсунский А.Р., Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). М., 1984;

Буданова В.П. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАВІЦКІ РАЁН.

На ПнУ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 4.10.1957). Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 37,6 тыс. чал. (1998), гарадскога 32%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Ляхавічы. Уключае 124 сельскія нас. пункты, 11 сельсаветаў: Альхоўскі, Востраўскі, Ганчароўскі, Жарабковіцкі, Конькаўскі, Крывошынскі, Куршынавіцкі, Навасёлкаўскі, Начаўскі, Падлескі, Свяціцкі.

Паўн. частка тэр. раёна размешчана ў межах Баранавіцкай раўніны, Клецкай раўніны і Капыльскай грады, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня б. ч. тэрыторыі ўзгорыста-раўнінная, плоская, на Пд дзюнна-бугрыстыя ўчасткі. 70% тэрыторыі на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 218,5 м (за 2 км на З ад в. Канюхі). Карысныя выкапні: торф, мел, гліны, суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 635 мм. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб. р. Шчара з прытокамі Мышанка, Ліпнянка, Ведзьма; на ПдУ верхняе цячэнне р. Бобрык, на ПнУ — р. Нача. Азёры: Выганашчанскае (на мяжы з Івацэвіцкім р-нам), Качайла; вадасховішчы: Шчара, Нетчынскае. Меліярацыйны Свяціцкі канал. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), тарфяна-балотныя (20,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (15,1%). Пад лесам 37,6% тэр. раёна, з іх 15,6% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, яловыя, бярозавыя; трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя і інш. Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты займаюць каля 46 тыс. га, частка з іх асушана. Найб. Выганашчанскае балота. На Пд раёна частка гідралагічнага заказніка рэсп. значэння Выганашчанскае; заказнікі мясц. значэння: ландшафтна-гідралагічны ў пойме р. Шчара (ад в. Хацяж да в. Дарава) і гідралагічны — Ліпск (у пойме р. Шчара). Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Савейкі» (палацава-паркавы ансамбль, 1850, у в. Савейкі), рададэндран жоўты ў Мядзведзіцкім лясніцтве. Зона адпачынку «Шчара».

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 55,7 тыс. га, з іх асушаных 20 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 3 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, эксперым. база, ільнонасенная станцыя. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі, конегадоўлі, вытв-сці збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы, насенняводстве лёну-даўгунцу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкетны з-д «Ляхавіцкі»), харч., ільняной, буд. матэрыялаў прам-сці; з-д «Металапластмас»; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Баранавічы—Лунінец і Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Брэст—Слуцк, Баранавічы—Ляхавічы—Клецк. У раёне гімназія, 18 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., маст., 2 муз., спарт. школы, 4 комплексы «Школа-сад», с.-г. тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, 22 дашкольныя ўстановы, 24 дамы культуры, 21 клуб, кінатэатр, 45 б-к, 6 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Грушаўка, Пакроўская царква (1670, перабудавана ў 1863) у в. Крывошын, Петрапаўлаўскі касцёл (1908) у в. Мядзведзічы, сядзіба (1810—15) у в. Нача, Святадухаўская царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Падлессе, парк (2-я палавіна 18 ст.) у в. Сваятычы; сядзіба і парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Ураджайная, сядзіба (19 ст.) у в. Флер’янова. Выдаецца газ. «Ляхавіцкі веснік».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Ляхавіцкага р-на. Мн., 1989.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СЛА (Oslo),

горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс. ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл.-тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).

Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн. ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.

На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.​Х.​Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.​Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.​Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.​В.​Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац. т-р (1891—99, арх. Х.​Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.​Арнеберг, М.​Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.​Крога, Мунка, А.​Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.​Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.​Вергелану (1881, Б.​Бергсліен), Н.​Абелю (1908), К.​Колет, Р.​Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.

Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.​Арнеберг, М.​Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Осла. Горад і порт.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКІ РАЁН.

У цэнтры Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,7 тыс. км². Нас. 46 тыс. чал. (2001, без райцэнтра), гарадскога 12,8%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км² Цэнтр — г. Рэчыца. Уключае г. Васілевічы, г.п. Зарэчча, 189 сельскіх населеных пунктаў, Васілевіцкі гарадскі Савет, Зарэцкі пасялковы Савет, 20 сельсаветаў: Азершчынскі, Артукоўскі, Бабіцкі, Баршчоўскі, Белабалоцкі, Вышамірскі, Глыбаўскі, Дземяхоўскі, Дуброўскі, Жмураўскі, Заспенскі, Камсамольскі, Капараўскі, Караваціцкі, Ліскаўскі, Новабарсуцкі, Перасвятоўскі, Ровенскаслабодскі, Свірыдавіцкі, Холмецкі.

Тэр. раёна ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Паверхня пераважна пласкахвалістая з выступамі марэнных град і ўзгоркаў на З, забалочанымі плоскімі паніжэннямі і ўчасткамі дзюнна-ўзгоркавых форм на У. Пераважаюць выш. 130—140 м (75% тэр.), найвыш. пункт 161 м (за 2 км на Пд ад в. Камсамольск). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ. Карысныя выкапні: нафта і спадарожны гаручы газ (асн. раён здабычы на Беларусі, гл. Рэчыцкае радовішча нафты) торф, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 18,5 °C Ападкаў 609 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. р. Дняпро з прытокамі Бярэзіна і Ведрыч з Днепрыкам. Каналы: Кербіцкі, Нізавы, Рэчыцкі (усе часткова), Ветхінскі, Перавалоцкі, Бонда і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (27,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (27,1%), тарфяна-балотныя (17,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (16,2%), поймавыя (алювіяльныя, 11,5%). Пад лесам 46% тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя, радзей трапляюцца асінавыя, грабавыя, яловыя і інш. Штучныя насаджэнні (30,8%) пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 3% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Васілевічы-І, Шэўб-Кабылёва, Крапіўніцкае балота, Шчыгус, Белае-Пагарэлец, Янаўскае балота. У межах раёна ландшафтны заказнік рэсп. значэння Смычок, біял. заказнік мясц. значэння Закрашынскі Мох. Помнікі прыроды рэсп. значэння — дуброва ва Узнажскім лясніцтве, мясц. значэння — дуброва ў Баршчоўскім і ясеннікі ў Васілевіцкім і Караваціцкім лясніцтвах.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 93 тыс. га, з іх асушаных 44,6 тыс. га. На 1.1.2001 у раёне 15 калгасаў, 8 камунальных с.-г. прадпрыемстваў, с.-г. прадпрыемства «Дземяхі», племзавод «Ведрыч», падсобная гаспадарка «Крынкі» Гомельскага аддз. Бел. чыгункі, прадпрыемства меліярацыйных сістэм «Рэчыцкае ПМС», аграхім. лабараторыя, насенная інспекцыя і міжраённая льнонасенстанцыя. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых, кармавых і пладова-ягадных культур, бульбы, агародніны. Прадпрыемствы харч. (спірт, канцэнтрат кваснага сусла, крухмал, кісель, хлебапрадукты, камбікорм, жытняя мука), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), металаапр. (запчасткі для с.-г. машын) прам-сці, аблспажыўсаюза (кансервы з агародніны і мяса, мінер. вада і вінныя напіткі); Васілевіцкі і Рэчыцкі лясгасы (аднаўленне і догляд лясных насаджэнняў, дрэваапрацоўка); ААТ «Буравая кампанія «Дэльта» (свідравіны на ваду). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Гомель—Калінкавічы, аўтамагістраль Расія—Гомель—Кобрын, аўтадарогі Рэчыца—Парычы, Рэчыца—Хойнікі і Рэчыца—Лоеў. Суднаходства па рэках Дняпро і Бярэзіна. У раёне 27 сярэдніх, 11 базавых, 5 пач., 4 муз., 2 спарт. школы, дзіцячая школа мастацтваў, школа-інтэрнат, 2 спецшколы, Дом дзіцячай творчасці, ПТВ, с.-г. тэхнікум, 32 дашкольныя ўстановы, 59 сельскіх дамоў культуры і клубаў, 56 б-к, 6 бальніц, 2 дыспансеры, 3 паліклінікі, 4 амбулаторыі, 44 фельч.-ак. пункты, 3 санаторыі-прафілакторыі. Ровенскаслабодскі музей баявой і працоўнай славы. Выдаецца газ. «Дняпровец».

Н.​І.​Грабцэвіч, Г.​С.​Смалякоў.

т. 14, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ННЕНСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2 тыс. км². Нас. 33,4 тыс. чал. (2001), гарадскога 37,4%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Сянно. Уключае г.п. Багушэўск, 334 сельскія населеныя пункты, Багушэўскі пасялковы Савет, 12 сельсаветаў: Алексініцкі, Багданаўскі, Багушэўскі, Беліцкі, Какоўчынскі, Машканскі, Нямойтаўскі, Обальскі, Расненскі, Студзёнкаўскі, Ульянавіцкі, Ходцаўскі.

Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Чашніцкай раўніны, на Пд — Аршанскага ўзвышша, на крайнім У — Лучоскай нізіны. Паверхня ў паўд. ч. ўзгорыста-платопадобная, астатняя раўнінная, з асобнымі ўчасткамі камаў і озаў, 80% яе знаходзіцца на выш. 150—200 м, найвыш. пункт 255 м (на Пд раёна). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна і суглінкі, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. рэкі Абалянка, Серакаратнянка (прытокі Лучосы) і Бярозка з Крывінкай. Найб. азёры Сянно, Бярозаўскае, Серакаротня, Кічына, Багданаўскае, Ліпна, Вял. Святое, Сосна, Ходцы. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (57,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,5%). Пад лесам 33% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, шэраальховыя, чорнаальховыя, асінавыя; трапляюцца дубовыя, ясянёвыя, кляновыя. Каля 10% штучныя хваёвыя і яловыя насаджэнні. Адметныя лясныя масівы: Цёмная пушча, Абалянская лясная дача, Канеўская дача, Сенненская пушча, Казённік, Купаваць, Іванькаўская пушча, Бор, Барок. Балоты займаюць 8% тэрыторыі, найб. масівы: Мох-Ніжняя Крывіна, Хабоціна-Бярозка, Капланскі Мох, Замашанскі Мох, Рудзецкае. На тэр. раёна ахоўныя тарфянікі: Зады, Мацькова, Расненскі Мох, Роў, Чысты Мох, Чысцік і Чысцік 1-ы. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валуны «Клін» каля в. Арляны, «Пярун» каля в. Расходна, «Чортаў камень» каля в. Забор’е і «Чортаў камень» («Кравец») каля в. Вароніна; дуб і елка «Партызанскія» ў Скрыдлеўскім лясніцтве. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніцы Каплічка і Пясчанка ў г. Сянно.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 73,5 тыс. га, з іх асушаных 27,5 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 21 калгас, 3 рэспубліканскія і 5 камунальных с.-г. прадпрыемстваў, 27 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (спірт, сухое абястлушчанае малако, масла сметанковае), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), дрэваапр. (мэбля), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі) прам-сці, вытв-сць кармавых дабавак (кармавы лізін), лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша — Віцебск, Орша — Лепель; аўтадарогі Віцебск — Орша, Орша — Лепель, Віцебск — Талачын; нафтаправод «Дружба». У раёне 17 сярэдніх, 11 базавых, у т. л. 2 школы-інтэрнаты і школа-садок, 12 пачатковых, у т. л. 2 шкалы-садкі, 1 спарт., 1 муз. школы, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, цэнтры дзіцячай творчасці і пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 29 клубаў і 12 дамоў культуры, Дом рамёстваў, 45 б-к, 7 бальніц, 2 паліклінікі, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў, дзіцячы санаторый. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (канец 1840-х г.) каля в. Паграбёнка на аўтамагістралі Кіеў — С.-Пецярбург; сядзіба з пейзажным паркам, сажалкай і гасп. зонай (2-я пал. 19 ст.) у в. Старая Беліца, дзе ў 1903—04 жыў і працаваў Я.​Купала. Выдаецца газ. «Голас Сенненшчыны».

Р.​Р.​Паўлавец, С.​В.​Шайко.

т. 14, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАДАРО́ЖСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 25 тыс. чал. (2002), гарадскога 48%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Старыя Дарогі. Уключае 89 сельскіх населеных пунктаў, 8 сельсаветаў: Дражнаўскі, Новадарожскі, Палажэвіцкі, Пасецкі, Паськавагорацкі, Старадарожскі, Шчыткавіцкі, Языльскі.

Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая з марэннай градой на З. Пераважаюць выш. 150—170 м (65%), 25% — на выш. да 150 м. Найвыш. пункт 201 м (на ПнЗ ад в. Паларэссе). Агульны нахіл тэрыторыі з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, буд. пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, цагельныя гліны і суглінкі, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 632 мм за год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб. р. Арэса з прытокамі Таліца, Солан з Салянкай, Асвіца, прытокі р. Пціч: Арыжня, Нямегля, Даколька са Сноўкай. Воз. Скачальскае, вадасховішчы: Ляўкі, Любанскае (частка). Меліярац. каналы: Добрынскі, Добрынка, Ляўкоўскі, Прусінскі, Сінягоўскі, Слаўкавіцка-Ямінскі, канава Казённая. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: тарфяна-балотныя (34,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,1%), дзярнова-падзолістыя (22%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,1%). Пад лесам 52% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, дубровы і інш. Штучных хваёвых насаджэнняў — 19,4%. Найб. лясны масіў на Пд. Пад балотамі 1,3% тэрыторыі, найб. балоты: Шчыткавіцкія Лугі, Рэчкі Алес, Мядзведня, Фаліцкі Мох, Ліпніцкі Бор. У межах раёна заказнікі рэсп. значэння: біял. — Фаліцкі Мох, бітумінознай сыравіны — Скачальскае возера; мясц. значэння: участкі росту чарамшы (кварталы № 32 і 34 у Старадарожскім лясніцтве), Мікуліна-Мядынскае радовішча. Помнік прыроды мясц. значэння — валун з в. Аляксандраўка, устаноўлены ў г. Старыя Дарогі ў гонар 410-годдзя заснавання горада.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 54 тыс. га, з іх асушаных 31,3 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 15 калгасаў, 1 саўгас, 8 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытв-сці кармоў. Вырошчваюць збожжавыя, зернебабовыя і кармавыя культуры, бульбу, рапс, лён, агародніну. Прадпрыемствы харч. (масла жывёльнае і жывёльна-расл. ўсіх відаў, казеін, цэльнамалочныя, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, спірт-сырэц, плодаагароднінныя кансервы, сокі), лёгкай (швейныя тавары) прам-сці; лясгас (дрэваапрацоўка, піламатэрыялы), лесапункт Асіповіцкага леспрамгаса (нарыхтоўка і вывазка хлыстоў), мех. з-д (камплектуючыя для прадпрыемстваў мін-ваў сувязі і абароны, тавары нар. ўжытку). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Слуцк—Асіповічы і аўтадарогі Слуцк—Бабруйск, Баранавічы—Асіповічы, Асіповічы—Любань і інш. У раёне 14 сярэдніх, 3 базавыя, 2 пач. школы-сады, завочная сярэдняя школа, дзіцячы дом, дзіцяча-юнацкі клуб фіз. падрыхтоўкі, міжшкольны вучэбна-вытв. камбінат, раённы цэнтр рамёстваў, дзіцячая школа мастацтваў, раённы цэнтр дзіцячай творчасці, 19 дашкольных устаноў, раённы палац культуры, 12 дамоў культуры, 12 клубаў, 31 б-ка, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 21 фельч.-ак. пункт, дзіцячы аздараўленчы лагер «Крынічка». Раённы гіст.-этнагр. музей, прыватны маст. музей (фонд А.​Я.​Белага). Помнікі архітэктуры: Свята-Георгіеўская царква (на мяжы 19—20 ст.) у в. Залужжа, паштовыя станцыі (2-я пал. 19 ст.) у вёсках Паськовы Горкі і Старыя Дарогі, ч. будынка Спаса-Праабражэнскай царквы (сярэдзіна 19 ст.) у в. Языль. Выдаецца газ. «Навіны Старадарожчыны».

Г.​С.​Смалякоў, М.​У.​Татур.

т. 15, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)