СЛАБО́ДКА,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў—Друя. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнУ ад г. Браслаў, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Друя. 860 ж., 387 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, абл. псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Лабараторыя азёразнаўства БДУ, турысцкая база нац. парку Браслаўскія азёры, летнія базы адпачынку. Помнік архітэктуры — Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Каля вёскі 2 гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.

У гіст. крыніцах вядома таксама пад назвамі Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова. Упершыню ўпамінаецца ў 1618 як паселішча Друйскага двара. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 згадваецца як мяст. Слабада. У 18—19 ст. адносілася да маёнтка Завер’е, што належала Мірскім. У 1806 С.​Мірскі фундаваў буд-ва мураванага касцёла. У сярэдзіне 19 ст. С. — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., 303 ж., 27 двароў, валасное праўленне, пазыковая каса, касцёл. У 1865 адкрыта нар школа. 643 ж., 124 двары (1897). У 1-ю сусв. вайну побач з мястэчкам пабудавана вузкакалейка, якая ў 1920—60-я г дзейнічала як пасажырская лінія. Летам 1919 С. была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстання «зялёных». З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 1931 у С. 848 ж., 146 двароў, чыг. станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 14, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,

вёска ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пн ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Калодзішчы. 2390 ж., 938 двароў (1995).

Стараж. назва паселішча Гарадок, з 19 ст. наз. Астрашыцкім ад в. Астрошыцы, б. цэнтра ўладання. У 1650 мястэчка. У 17—19 ст. існавалі Астрашыцка-Гарадоцкія замкава-палацавыя комплексы. У 1745 — 30 двароў, фальварак, пякарня, бровар, млыны і інш. У 1886 цэнтр воласці Мінскага пав., 2 царквы, капліца, школа, рудня, майстэрня. 11 крам, 4 млыны; у 1897 — 1115 ж. У 1924—31 цэнтр Астрашыцка-Гарадоцкага р-на, потым вёска ў падпарадкаванні Мінскага гарсавета, з 1935 у Мінскім раёне.

Мэблевая ф-ка, доследна-мех. з-д, рамонтна-буд. ўпраўленне. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Царква і капліца — помнікі архітэктуры канца 19 ст. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЛУ́ДАЎСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Дзейнічаў у г. Заблудаў (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча) у 17—19 ст. Некат. гісторыкі лічаць, што манастыр існаваў ужо ў 1560—70-я г. ў час дзейнасці ў Заблудаве друкароў І.Фёдарава і П.Мсціслаўца (Свята-Успенская царква ў Заблудаве засн. ў 1563). Упершыню ўпамінаецца ў фундушавым запісе 1659 уладальніцы Заблудава кн. Марыі Малдаванскай, удавы Я.​Радзівіла. З запісу вынікае, што манастыр засн. да смерці Радзівіла (1655). У 1664—88 манастыром спрабавалі завалодаць уніяты, але намаганнямі дачкі і ўнучкі Марыі ён застаўся праваслаўным. У 2-й пал. 17 ст. пры манастыры дзейнічалі школа, шпіталь, б-ка. У 1746—55 тут захоўваліся мошчы св. Гаўрыіла Беластоцкага. У сярэдзіне 18 ст. манастыр заняпаў (у 1760 былі 4 манахі). Пасля наведання манастыра слуцкім архімандрытам Паўлам Ваўчанскім (1783) зроблены капітальны рамонт, аднавілі дзейнасць школа і шпіталь. З 1807 манастыр быў падпарадкаваны Мінскай епархіі, у 1824 скасаваны.

М.​Р.​Гайдук.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЦЭ́ВІЧЫ,

пасёлак у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 17 км на ПнЗ ад г. Петрыкаў, 191 км ад Гомеля. 1378 ж., 602 двары (1997).

У 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв. ВКЛ. У 1886 у Ляскавіцкай вол. Мазырскага пав., 292 ж., 37 двароў, царква, вінакурня. З 1884 чыг. ст. У 1888 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1904 прадпрымальнікі браты І. і А. Кеневічы заснавалі лесапільны з-д. Напярэдадні 1-й сусв. вайны адкрыта чыг. нар. вучылішча. З 1924 у Петрыкаўскім р-не. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1942 і 1943 ням. фашысты загубілі ў К. 63 жыхары. З 24.8.1951 вёска, пазней пасёлак. У 1971 у К. 1915 жыхароў.

Агароднінасушыльны з-д, дрэваапр. цэх, акц. т-ва «Жыткавічлес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ША,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., каля р. Лоша і Лашанскага вадасх., на аўтадарозе Узда—в. Валяр’яны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на У ад г.п. Узда, 60 км ад Мінска, 38 км ад чыг. ст. Негарэлае. 167 ж., 76 двароў (1999).

Вядома з 17 ст., уладанне Галоўчынскіх, Заранкаў, Ленскіх, Завішаў, Грабоўскіх-Тапорчыкаў. У 18 ст. фарміравалася як мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, потым мястэчка Слабада Пырашаўскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1860-я г. 48 двароў, школа, царква, сінагога. У 1909—270 ж., 70 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на Мінскай акругі. У 1972—248 ж., 81 двор.

Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі стаянка каменнага веку.

В.​У.​Шаблюк.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧУ́ЛІШЧЫ,

гарадскі пасёлак у Мінскім р-не (з 1997), чыг. прыпынак на лініі Мінск—Асіповічы. За 15 км на ПдУ ад Мінска. 7742 ж. (1999).

Вядомы з 1590 як шляхецкая маёмасць у складзе маёнтка Гатава. У 1600 вёска Мочул, належала І.​С.​Корсаку, з 1791 уласнасць каталіцкай царквы, у 1800, 1815 — Мінскага жаночага бернардзінскага кляштара, з 1858 казённая ўласнасць. У 1897 вёска Сеніцкай вол., 359 ж., 55 двароў, хлебазапасны магазін, школа пісьменнасці (з 1890), царква. У 1917 нар. вучылішча. У 1941—538 ж., 87 двароў, у 1997—8207 ж., 208 гаспадарак.

Дзярж. прадпрыемства «Трансавіяэкспарт», з-д «Аэрамаш». Сярэдняя, пач., дзіцячая муз. школы, школа МУС, філіял Рэсп. цэнтра тэхн. творчасці навучэнцаў — маладзёжны авіяц.-спарт. цэнтр, б-ка, Дом афіцэраў, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Мемар. комплекс, прысвечаны 17 Героям Сав. Саюза, якія выхаваны ў мясц. авіячасці. Біял. заказнік мясц. значэння Мачулішчанскія хвоі.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЯЖЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., каля р. Сула, на скрыжаванні аўтадарог на Стоўбцы, Івянец, Дзяржынск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 59 км ад Мінска. 308 ж. 143 двары (2001). Сярэдняя школа, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Рубяжэвіцкі Іосіфаўскі касцёл.

Вядомы з 14 ст., з 1550 належалі Радзівілам. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав. У 1897 у мястэчку 1482 ж., у 1909—1102 ж., 144 двары, царк.-прыходская школа, царква, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1911 пабудаваны Іосіфаўскі касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1921—22 тут фарміраваліся атрады С.​Булак-Балаховіча. З вер. 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Івянецкага, з 17.4.1962 — Стаўбцоўскага р-наў.

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́НЧЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Ліноўскім с/с Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. За 12 км на Пд ад Пружан, 75 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Мінск—Брэст. 939 ж., 369 двароў (1995). Птушкафабрыка, збожжапрыёмнае прадпрыемства, міжраённая гандл. база, Пружанскае райаграпрамзабеспячэнне, сярэдняя школа, б-ка, клуб. Помнік архітэктуры 20 ст. — Крыжаўзвіжанская царква.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТУКІ́,

вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пд ад Рэчыцы, 77 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Рэчыца. 2007 ж., 789 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ШНІКІ,

вёска ў Беларусі, у Забалоцкім с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калектыўна-долевага с.-г. прадпрыемства «Арэшнікі». За 11 км на ПдЗ ад Смалявіч, 30 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Гарадзішча. 492 ж., 163 двары (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)