АЛЖЫ́Р, Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка,

АНДР (Аль-Джумхурыя аль-Джазаірыя Дэмакратыя аш-Шаабія), дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у зах. ч. Міжземнаморскага басейна. Мяжуе з Марока і Зах. Сахарай (на З), Маўрытаніяй і Малі (на ПдЗ), Нігерам (на ПдУ), Лівіяй і Тунісам (на У). Пл. 2382 тыс. км². Нас. 27,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г. Алжыр. Падзяляецца на 48 вілаяў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (1 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1989 Алжыр — нар.-дэмакр. рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. У студз. 1992 сфарміраваны Вышэйшы дзярж. савет (ВДзС), на які ўскладзены функцыі калект. прэзідэнта. У сувязі з роспускам Нац. нар. сходу (парламента) ВДзС надзелены правам выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў. У лют. 1992 створаны Нац. кансультатыўны савет, закліканы «дапамагаць ВДзС у ажыццяўленні яго функцый, ствараць неабходныя ўмовы для нармальнага функцыянавання ўстаноў і канстытуцыйнага ладу».

Прырода. Краіна невысокіх гор і ўзвышаных раўнін. На Пн хрыбты Атласкай горнай сістэмы, у межах якой вылучаюць горны ланцуг Тэль-Атлас (масіў Варсеніс, выш. да 1995 м), масівы Вял. і Малой Кабіліі (выш. да 2308 м), Сахарскі Атлас (масівы Ходна, Арэс, выш. да 2328 м). Паміж імі міжгорныя пласкагор’і і раўніны Высокіх плато (800—1200 м). У цэнтр. іх частцы вял. салёныя азёры (себхі). Поўдзень Алжыра займае ​1/4 частку пустыні Сахара. Пераважаюць камяністыя плато (выш. каля 500 м) і пясчаныя пустынныя вобласці — эргі з высокімі дзюннымі градамі (В. Зах. Эрг, В. Усх. Эрг, Эрг Ігіды, Эрг Шэш і інш.), камяністыя пустыні-хамады (Танезруфт на Пд). На Пд Алжырскай Сахары пустыннае нагор’е Ахагар з вяршыняй Тахат (3003 м, найвышэйшая ў краіне). Нетры Алжыра багатыя нафтай, прыродным газам (па запасах нафты 3-е, газу 1-е месца ў Афрыцы, б.ч. радовішчаў на ПнУ Алжырскай Сахары), рудамі ртуці, цынку, свінцу, жалеза, урану, сурмы, фасфарытамі, ёсць медзь, волава, вальфрам, золата, каменны вугаль і інш. Клімат паўн. Алжыра субтрапічны міжземнаморскі, сярэдняя т-ра студз. 5—12 °C, ліп. 25 °C, ападкаў у гарах 1200 м (Кабілія), на міжгорных раўнінах 200—400 мм. Клімат Алжырскай Сахары пустынны, трапічны, сутачныя ваганні т-р да 30 °C, ападкаў менш як 50 мм за год, у асобныя гады не бывае зусім. Частыя пясчаныя буры. Большасць рэк належаць да тыпу вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля рэдкіх дажджоў. Самая вял. р. Шэліф (Вадзі). Рэкі часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне і для атрымання гідраэнергіі. У пустынных раёнах на арашэнне і водазабеспячэнне ідуць падземныя воды. На ўзбярэжжы міжземнаморскі тып расліннасці з цвердалістых хмызнякоў і нізкарослых дрэў. На Пн у гарах да выш. 800 м растуць сухалістыя хмызнякі (маквіс), да 1500 м — коркавы і каменны дубы, вышэй за 1500 м — туя і ядловец. У Сахары расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі салянкі, эфемеры, трава альфа, асобныя хмызнякі; вял. прасторы без расліннасці. Глебы на ўзбярэжжы карычневыя і шэра-карычневыя, у горных раёнах лясныя буразёмы, вакол салёных азёраў (шотаў) — алювіяльныя і засоленыя. У Сахары прымітыўныя глебы пустыні. Жывёльны свет на Пн амаль знішчаны. У Сахары грызуны, паўзуны, шакалы, газелі, антылопы і інш. Нац. паркі: Джурджура, Акфаду, Тасілін-Аджэр і інш.

Насельніцтва. Жывуць арабы (80%), берберы (каля 20%; кабілы шаўіі, туарэгі і інш.), невял. колькасць французаў, італьянцаў, іспанцаў. Натуральны прырост 30 чал. на 1 тыс. за год. Сярэдняя шчыльн. 11,6 чал. на 1 км² (1994). Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана ў паўн. Алжыры, дзе яго шчыльн. 300 чал. на 1 км²; у пустынных абласцях каля 0,3 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва больш за 50% (1994). Найб. гарады: Алжыр, Аран, Канстанціна, Анаба, Сетыф, Бліда, Тызі-Узу, Эш-Шэліф.

Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59, жанчын 62 гады. Узровень нараджальнасці 32 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 58 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Сляды першабытнага чалавека на тэр. Алжыра адносяцца да ніжняга і сярэдняга палеаліту (300—400 тыс. г. назад). З эпохі верхняга палеаліту тут зафіксаваны носьбіты астэрыйскай, ібера-маўрусійскай і капсійскай археал. культур. З пераходам да неаліту (4-е тыс. да н.э.) «капсійцы» выцеснілі ібера-маўрусійцаў. У канцы 12 ст. да н. э. на ўзбярэжжы Алжыра з’явіліся фінікійцы, якія ў 8 ст. да н.э. трапілі пад уладу Карфагена. На мяжы 3—2 ст. да н.э. на тэр. Алжыра ўтворана дзяржава Нумідыя. Канфлікт з Рымам прывёў да ўключэння Нумідыі ў склад Рымскай імперыі. У 439 н.э. Карфаген захапілі вандалы і зрабілі яго сталіцай свайго каралеўства. З 534 Вандальскае каралеўства пад уладай Візантыі; яго ўнутраныя раёны кантралявалі плямёны бербераў, якія стварылі шэраг незалежных дзяржаў. У канцы 7 ст. н.э. тэр. Алжыра заваявалі арабы-мусульмане і ўключылі яе ў склад Арабскага халіфата. Карэнныя берберскія плямёны паступова прынялі іслам і араб. мову, што вызначыла іх як араба-ісламскую краіну. З 16 ст. Алжыр у складзе Асманскай імперыі, залежнасць ад якой у 17 ст. стала фармальнай; на чале Алжыра быў правіцель — дэй, якога выбіралі са свайго асяроддзя янычарскія камандзіры. У гэты час акрэсліліся граніцы Алжыра, якія размежавалі яго з Тунісам і Марока. У 18 — пач. 19 ст. Алжыр прыйшоў у заняпад, што дало магчымасць у 1830 франц. войскам захапіць г. Алжыр. У 1832—47 вызв. барацьбу алж. народа супраць франц. панавання ўзначаліў эмір Абд аль-Кадзір. У антыкаланіяльным Мукрані паўстанні 1871—72 удзельнічала каля 800 тыс. чал. Найбольшы размах антыкаланіяльны рух набыў пасля 2-й сусв. вайны. У маі 1945 паўстанне ва Усх. Алжыры жорстка задушана. У 1946 засн. партыя Рух за перамогу дэмакр. свабод, якая ўзначаліла барацьбу супраць калан. рэжыму. Створаны ёю Рэв. к-т адзінства і дзеянняў (з 1954 Фронт нацыянальнага вызвалення, ФНВ) пачаў узбр. барацьбу, стварыў Армію нац. вызвалення; 1.11.1954 адначасова ў 30 пунктах краіны пачалося ўзбр. паўстанне. У 1955—56 амаль усе нацыяналіст. партыі і арг-цыі ўліліся ў ФНВ. Вызваленчая вайна скончылася Эвіянскім пагадненнем 1962 аб самавызначэнні Алжыра. 5.7.1962 абвешчана незалежная дзяржава. Першы прэзідэнт А.Бен Бела абвясціў праграму «алжырскага сацыялізму». Была нацыяналізавана ўласнасць еўрап. уладальнікаў, пануючае становішча ў эканоміцы заняў дзярж сектар. У выніку ваен. перавароту 19.6.1965 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Х.Бумедзьенам. Канстытуцыя 1976 замацавала сацыяліст. арыентацыю Алжыра. Новы прэзідэнт Ш.​Бенджадзід (з 1979) прадоўжыў курс папярэдніка. Эканам. крызіс 1980-х г. і дэмаграфічны выбух (у 1966—87 насельніцтва Алжыра павялічылася з 12 да 23 млн. чал.) абвастрылі сац. напружанасць і прывялі да масавых беспарадкаў. З канца 1988 кіраўніцтва Алжыра пачало радыкальныя змены ў эканам. і паліт. сістэме Алжыра, узяло курс на развіццё рыначнай эканомікі. Гэтыя змены замацавала канстытуцыя 1989. Уведзена шматпартыйнасць, з’явілася больш за 50 партый і грамадскіх арг-цый. На першых выбарах у органы мясц. улады, якія адбыліся на шматпарт. аснове 12.6.1990, перамаглі фундаменталісты Ісламскага фронту выратавання (ІФВ). Іх праграма прадугледжвала датэрміновыя выбары ў Нац. нар. сход (парламент), умацаванне ў грамадска-паліт. жыцці нормаў шарыяту, фарміраванне «Ісламскага грамадства». У 1-м туры парламенцкіх выбараў 1991 перамаглі ісламісты. У 1992 прэзідэнт Бенджадзід вымушана пайшоў у адстаўку. Улада перайшла да Вышэйшага дзярж. савета. Прэзідэнтам стаў М.​Буджаф; парламент распушчаны, і ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. У сак. 1992 распушчаны ІФВ. У чэрв. 1992 прэзідэнт Буджаф забіты, яго змяніў А.​Кафі. Тэрарыстычныя акты, арганізаваныя фундаменталістамі, вымусілі ўлады прадоўжыць (лют. 1993) рэжым надзвычайнага становішча на неакрэслены тэрмін. Прэзідэнт Алжыра (з 1994) Л.​Зеруаль. Алжыр — член ААН (1962), Лігі арабскіх краін і інш. міжнар. арг-цый.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Фронт сацыяліст. сіл, Аб’яднанне за культуру і дэмакратыю, Хамас, Ан-Нахда і інш.; Усеагульны саюз алжырскіх працоўных, Нац. саюз алжырскіх сялян, Нац. саюз алжырскай моладзі, Нац. саюз алжырскіх жанчын, Нац. арг-цыя муджахідаў і інш.

Гаспадарка. Пасля атрымання незалежнасці для Алжыра характэрны высокі ўзровень нацыяналізацыі прыродных рэсурсаў, прам-сці, транспарту, фінансаў і інш. З канца 1980-х г. пачаліся рэформы і перавод гаспадаркі на рыначную аснову. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) 40,5 млрд. дол. (1991). Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (41 млн. т, 1992) і прыроднага газу (126,61 млрд. м³). Здабываюцца руды каляровых металаў, жал. руда, фасфарыты, барыты, сурма. Апрацоўчая прам-сць: чорная металургія (металург. комплекс у Анабе), машынабудаванне (вытв-сць халадзільнікаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, трактароў і аўтамабіляў), нафтаперапрацоўка, электратэхн., транспартнае абсталяванне, вытв-сць мінер. угнаенняў, буд. матэрыялаў. Перапрацоўка с.-г. сыравіны: мукамольныя, вінаробныя, масларобныя, кансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкстыльная, швейная, нафтахім. прам-сць (сінт. смолы, пластмасы, мыйныя сродкі). Вытв-сць электраэнергіі 16,8 млн. кВт∙гадз (1992). Сельская гаспадарка дае больш за 8% ВУП. Асн. культуры: пшаніца, ячмень, вінаград, алівы, цытрусавыя, фінікі, міндаль, кукуруза, тытунь, бавоўнік; у аазісах — фінікавыя пальмы, на ўзбярэжжы і каля буйных гарадоў — гародніна (часткова на экспарт) і бульба. Нарыхтоўваюць кару коркавага дуба і траву альфа (сыравіна для вытв-сці высакаякаснай паперы, каля 100 тыс. т за год). Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўнага кірунку. У пустынных горных раёнах гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў, на Пн краіны і каля вял. гарадоў — буйн. раг. жывёлу. У прыбярэжных водах марское рыбалоўства. На Пн Алжыра густая сетка шашэйных дарог — 130 тыс. км (1989), у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 50 тыс. км; дзейнічае транссахарская шашэйная дарога. Чыгункі 4,2 тыс. км (1989). У Алжыры буйныя нафта- і газаправоды. Разам з Італіяй пабудаваны трансміжземнаморскі газаправод. Гал. парты: Беджаія, Алжыр, Арзеу, Аран, Анаба. Асн. прадукты экспарту — нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, віно, цытрусавыя, жал. руда, мінер. сыравіна, тытунь. У імпарце пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукты і спажывецкія тавары. Асн. гандлёвыя партнёры — Францыя, Германія, Італія, Іспанія, ЗША, Японія (каля 80% тавараабароту). Грашовая адзінка — алжырскі дынар.

Узброеныя сілы Алжыра: нац. нар. армія, нац. жандармерыя, рэсп. і прэзідэнцкая гвардыя; ёсць паўваен. фарміраванні грамадз. абароны і нац. службы. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У склад нац. нар. арміі ўваходзяць сухапутныя войскі (аснова ўзбр. сіл), ВПС (складаюцца з авіяэскадрылляў) і ППА (зенітныя брыгады і дывізіёны, радыётэхн. войскі), ВМС (падводныя лодкі, караблі, катэры розных класаў). Узбр. сілы камплектуюцца паводле закона аб усеаг. воінскай павіннасці, набор ажыццяўляецца 2 разы на год, прызыўны ўзрост 19—27 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 1,5 года. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у агульнавайсковай акадэміі, ваен. вучылішчах і за мяжой.

Асвета, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Сістэма адукацыі Алжыра склалася ў выніку рэформаў 1970-х г. (ВНУ), 1980 (пач. школа) і 1984 (сярэдняя школа). Агульную адукацыю (абавязковая для дзяцей 6—16 гадоў) даюць базавыя школы (9 гадоў навучання). Лепшых вучняў адбіраюць для агульных або тэхн. (паводле профілю спецыялізацыі) ліцэяў (поўны курс сярэдняй адукацыі да 13 гадоў навучання). У 1987/88 навуч. г. ў Алжыры працавала 14 тыс. базавых школ (больш за 5 млн. вучняў), 600 сярэдніх навуч. устаноў (600 тыс. навучэнцаў), 700 цэнтраў прафес. падрыхтоўкі, у сістэме прафес. Навучання 250 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 20 ун-таў і універсітэцкіх цэнтраў, каля 30 ін-таў і інш. ВНУ. Найбуйнейшыя: Алжырскі ун-т (засн. ў 1879) з філіяламі ў Аране і Канстанціне, ун-т прыродазнаўчых навук і тэхналогіі, нац. ін-ты нафты, газу і хіміі; лёгкай прам-сці; агранамічны, вышэйшая вет. школа і інш. У 1987/88 навуч. г. ў ВНУ каля 150 тыс. чал., больш за 12 тыс. выкладчыкаў. Самыя вял. б-кі: Нац. б-ка, б-ка ун-та ў Алжыры, Муніцыпальная б-ка ў Канстанціне. Музеі: Нац. музей Алжыра, Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац. музей антычнасці, этнаграфічны, Музей нац. вызвалення. Навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі, электронікі, акіянаграфіі, біялогіі, біяхіміі, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі вядуцца ва ун-тах і НДІ; мед. праблемы даследуюць анкалагічны цэнтр, ін-т Пастэра, ін-т гігіены, сетка доследна-селекцыйных станцый. Працуюць астранамічная, астрафізічная і метэаралагічная абсерваторыі.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Алжыры больш за 150 перыяд. выданняў (агульны тыраж каля 1,7 млн. экз.). Афіцыйны орган урада — газета «El Moudjahid» («Змагар»). Дзярж. інфарм. агенцтва Альжэры Прэс Сервіс (з 1962, г. Алжыр). Нац. тэлерадыёкампанія «Радыётэлевізьён альжэр’ен» (з 1962) вядзе перадачы на араб., франц. і кабільскай мовах. Тэлецэнтр у г. Алжыр.

Літаратура. Развіваецца на арабскай, кабільскай і франц. мовах. Літаратура на арабскай і кабільскай мовах узнікла ў 16—18 ст. у эпоху барацьбы супраць ісп. экспансіі і тур. панавання, калі духоўнае жыццё краіны выяўлялася пераважна ў вуснай нар. творчасці. У 19 ст. л-ра адлюстроўвала працэс фарміравання алж. нацыі. Нар. паэты (медахі) заклікалі да супраціўлення франц. каланізатарам. Патрыят. паэзія Абд аль-Кадзіра, Саіда Абдалаха, Мухамеда Белькаіра і паэта Кабіліі Сі Маханда блізкая па духу да нар. песень. Нац.-вызв. барацьба — гал. тэма ў паэзіі 1950—60-х г. (вершы Абу аль-Касіма Саадала, Муфдзі Закарыя, аўтара нац. гімна) і прозы (ат-Тахір Ватар, «Фадзіля Масудзі). Пачынальнік жанру апавядання і аўтар першага алж. рамана на араб. мове — Ахмед Рыда-Хуху («Дзяўчына з Меккі», 1947). У 1967 з’явіўся раман Мухамеда Мані «Голас кахання». Пра жыццё краіны ў 1970-я г. раманы Ватара («Землетрасенне»), Абд аль-Хаміда Бенхедугі («Вецер з поўдня» і «Канец учарашняга дня») і інш. Літаратура на французскай мове пачала развівацца ў 1940—50-я г. Абуджэнне нац. самасвядомасці алжырцаў паказалі празаік Жан Амруш, паэты Аіт Джафер, Мустафа Лашраф, рэаліст. творы Мухамеда Дыба (трылогія «Алжыр»), Мулуда Ферауна (раманы «Сын бедняка» і «Дарога ў гару», дылогія «Зямля і кроў»), Мулуда Мамеры (раманы «Забыты пагорак», «Калі спіць справядлівасць»), Малека Уары (раман «Зернетка ў жорнах») і інш. Пра алж. інтэлігенцыю ў час нац.-вызв. вайны раманы Малека Хадада «Апошняе ўражанне» і «Набярэжная кветак не адказвае». Стварэнне незалежнай рэспублікі ў 1962 адкрыла новую эпоху ў л-ры Алжыра: раманы Мурада Бурбуна «Муэдзін», Рашыда Буджэдры «Адрынутасць», Асіі Джэбар «Наіўныя жаваранкі». Вяршыня рэаліст. л-ры Алжыра гэтага часу — раман Мамеры пра нац.-вызв. вайну «Опіум і дубінка». Укладам у алж. л-ру 1960—80-х г. стала творчасць Мулуда Ашура, Джамаля Амрані, Кадура М’Хамсаджы, Ахмеда Акаша, Мустафы Тумі, Набіля Фарэса, Айшы Лемсін, Джамаля Алі Хаджы, Мустафы Хасіяна і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. старажытныя помнікі мастацтва на тэр. Алжыра адносяцца да неаліту (наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэны палявання і рытуальных абрадаў у гарах Тасілін-Аджэр, Тасілін-Ахагар). Захаваліся рэшткі гарадоў часоў фінікійскага, рымскага і візантыйскага панавання: Джаміла, Гіпон, Тымгад, Тыпаса, Шэршэль з руінамі ўмацаванняў, храмаў, тэатраў, тэрмаў, трыумфальных арак, акведукаў, жылых дамоў. Пры раскопках выяўлены творы скульптуры, мазаікі з міфалаг. і быт. сцэн. Пасля араб. заваявання ў гарадах будаваліся ўмацаванні, мячэці, медрэсэ, лазні, рынкі, палацы (г. Кала-Бені-Хамад, 11 ст.). У 10—13 ст. у гарадах Алжыр, Тлемсен, Канстанціна ўзведзены мячэці, вежы-мінарэты, палацы, грамадскія будынкі, арнаментаваныя разьбой па стука, кафляй. Дойлідства і дэкар.-прыкладное мастацтва Алжыра 16—18 ст. вызначаліся пышнасцю, багаццем формаў і разнастайнасцю арнаментыкі (палацы і вілы тур. намеснікаў). Гараджане жылі ў невял. 2—3-павярховых дамах з плоскімі дахамі, з замкнёнымі дворыкамі. У 1881 у г. Алжыр засн. Нац. школа архітэктуры і прыгожых мастацтваў. З 1930-х г. у Алжыры працавалі франц. архітэктары і інжынеры Ле Карбюзье, П.​А.​Эмеры, Б.​Зерфюс, Л.​Мікель, П.​Турнон. У гарадах узводзіліся шматпавярховыя жылыя і адм. будынкі, вілы, асабнякі, набліжаныя да еўрап. архітэктуры. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена тканінамі, дыванамі, вышыўкай, размаляванай керамікай, вырабамі рамеснікаў. У выяўл. мастацтве 19 — пач. 20 ст. працавалі пераважна франц. мастакі, з 1920—30-х г. — мастакі-алжырцы (Мухамед і Амар Расім, Тэмам Ранем і інш.), з сярэдзіны 20 ст. — жывапісцы, графікі, скульптары (Х.​Бенанбур, М.​Будзід, І.​Самсом, М.​Адан, М.​Хада, Ш.​Меслі і інш.). У маст. жыцці сучаснага Алжыра вядучую ролю адыгрывае Нац. саюз работнікаў выяўл. мастацтва.

Музыка Алжыра мае шмат агульнага з музыкай Туніса, Марока, інш. краін рэгіёна. У ёй спалучаюцца араба-іранскія і турэцкія элементы з муз. традыцыямі лакальных этнасаў Алжыра (берберы, туарэгі, негрскія народы Сахары). Арабская класічная музыка Алжыра засн. на дасягненнях т.зв. зах. (андалузскай) школы. Асн. яе форма — алжырская нуба, разгорнутая 5-часткавая вак.-інстр. кампазіцыя з інстр. уверцюрай (тушыя); у аснове муз. развіцця рэгіянальныя разнавіднасці макамаў (вак.-інстр. цыклічная форма, засн. на шэрагу ладоў-макамаў). Сярод муз. інструментаў — уд (арабская лютня), рэбаб (струнны смычковы), канун (72-струнная цытра), духавыя, ударныя (бубны дэф і тар, барабан дарабука). З вак. жанраў вядомы касыды. З пач. 20 ст. развіваюцца формы сучаснай гар. музыкі — песенны жанр аль-джад (сярод майстроў кампазітар і спявак Хадж Мухамед аль-Анка) і муз. драма ў стылі аль-джад («Фако», «Дар Бібі» М.​Бахтарзі). Муз. кадры ў Алжыры рыхтуюць вышэйшыя і сярэднія муз. навуч. ўстановы, кансерваторыя музыкі і дэкламацыі (з 1920) і Нац. ін-т музыкі.

Тэатр. Нац. тэатр у Алжыры існаваў у выглядзе выступленняў «гаўалі» (апавядальнікаў) і ценявога т-ра з удзелам Гарагуза (алж. Пятрушкі). У сучасных формах т-р узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1-й сусв. вайны першую тэатр. трупу арганізаваў Р.​Ксенціні. Справу яго прадоўжыў драматург Б.​Махіддзін. У рэпертуары былі п’есы алж. драматургаў, зах.-еўрап. класікаў. З пачаткам вызв. вайны (1954) многія акцёры пакінулі радзіму і стварылі за мяжой (у Тунісе) алж. маст. ансамбль, на базе якога пасля абвяшчэння незалежнасці Алжыра ў 1962 створаны Алжырскі нац. т-р (з 1963 у г. Алжыр).

Кіно. Нац. кінематаграфія ў Алжыры зарадзілася ў перыяд вызв. вайны 1954—62. Пасля 1962 вытворчасць хранік.-дакумент. фільмаў павялічылася, зняты першыя маст. фільмы на фалькл.-этнагр. сюжэты ці прысвечаныя падзеям вайны 1954—62. У 1964 створаны нац. цэнтр кінематаграфіі, у 1974 — Савет аўдыёвізуальных мастацтваў (прафсаюз работнікаў кіно і тэлебачання). Сярод лепшых фільмаў 1970—80-х г.: «Бітва за Алжыр», «Вецер з Арэса», «Хроніка вогненных гадоў», «Амар Гатлата», «Анатомія адной змовы». Вядучыя рэжысёры: М. аль-Ахдар Хаміна, А.​А.​Тульбі, М.​Алуаш, М.​Буамары, М.​С.​Рыяд, А.​Рашдзі.

Літ.:

Алжир: (справ.). М., 1977;

Ланда Р.Г. Кризис колониального режима в Алжире, 1931—1954. М., 1980;

Яго ж. История алжирской революции, 1954—62. М., 1983.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Б.​А.​Лазука (выяўл. мастацтва), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Алжыра.
Алжыр. У гарах Кабіліі.
Да арт. Алжыр. Цэнтральная частка горада Эль-Уэд.
Горад Алжыр.
Да арт. Алжыр. Наскальныя малюнкі ў Тасілін-Аджэры.
Наскальныя выявы ў Тасілі на поўдні Алжыра.
Да арт. Алжыр. Плато Тасілін-Аджэр.
Да арт. Алжыр. Трыумфальная арка Траяна ў г. Тымгад. Канец 2 ст.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Я Паўднёвая,

Рэспубліка Карэя (РК, кар. Тэхан мінгук), дзяржава ва Усх. Азіі, займае паўд. ч. Карэйскага паўвострава і суседнія астравы, у т. л. Карэйскі архіпелаг. На Пн аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (гл. Карэя Паўночная), на З абмываецца Жоўтым, на У — Японскім морамі, на Пд — Карэйскім пралівам. Пл. 99,3 тыс. км². Нас. 45 948 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г. Сеул. Падзяляецца на 9 правінцый і 6 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: Дзень абвяшчэння Рэспублікі (15 жн.), Дзень заснавання дзяржавы (3 кастр.). Гл. карту да арт. Карэя.

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1988 кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (паводле канстытуцыі не можа быць перавыбраны на другі тэрмін). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (299 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — Дзярж. савет, у які ўваходзяць прэзідэнт (старшыня), прэм’ер-міністр (нам. старшыні) і члены савета (ад 15 да 30). Прэм’ер-міністра, членаў савета, губернатараў правінцый, мэраў гарадоў і інш. высокапастаўленых службоўцаў мясц. улады назначае прэзідэнт. Вышэйшы суд. орган — Вярх. суд на чале з яго старшынёй, дзейнічае 6 гадоў (старшыню і членаў суда назначае прэзідэнт). Дзейнічае Канстытуцыйны суд. У суд. сістэму ўваходзяць апеляцыйныя, раённыя і сямейныя суды.

Прырода. Пераважна горная краіна. Горы і перадгор’і займаюць 80% тэрыторыі. На У Усх.-Карэйскія горы (г. Сараксан, 1708 м), на Пд і ПдЗ Паўд.-Карэйскія горы (г. Чырысан, 1915 м). Раўнінныя і нізінныя ўчасткі на З і Пд. Разнастайны рэльеф і на астравах. На найб. в-ве Чэджудо вулкан Халасан — найвыш. пункт краіны (1950 м). З карысных выкапняў вылучаюцца вальфрамавыя руды (запасы адны з найбуйнейшых у свеце), ёсць радовішчы бурага вугалю, антрацыту, жал., свінцова-цынкавых, медных, залатых, сярэбраных, малібдэнавых руд. Клімат умераны (на Пн) і субтрапічны (на Пд), мусонны. Зімовы мусон прыносіць халаднаватае сухое кантынент. паветра, летні — цёплае і вільготнае з акіяна. Т-ра паветра ў студз. ад 0°C да 4°C, у жн. каля 25—26 °C. Ападкаў ад 800 мм на У і ў цэнтры да 1400 мм на Пд і З; 70% ападкаў выпадае ў ліп.—верасні. Летам (чэрв.—вер.) бываюць тайфуны. Рэкі горныя, выкарыстоўваюцца для буд-ва ГЭС і арашэння; найб. з іх Кымган, Нактанган, Ханган. Лясы займаюць каля 7 млн. га, пераважна ў гарах. Растуць таполя, некалькі відаў хвоі і вярбы, піхта, граб, ціс. На Пд субтрапічныя лясы з бамбукам. Жывёльны свет (горны мядзведзь, плямісты алень і інш.) захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай і морапрадуктамі. Нац. паркі — Ханро, Чырысан, Сараксан і інш.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна хрысціяне (48,6%, католікі, англікане і інш.) і будысты (47,4%), ёсць канфуцыянцы і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. 463 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы на З і Пд (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 80% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., з прыгарадамі, 1997): Сеул — 11 609, Пусан — 4038, Тэгу — 2432; у гарадах Інчхон, Кванджу і Тэджон больш за 1 млн. ж. У прам-сці занята 27% працаздольнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы, марскіх промыслах — 21%, у транспарце, сувязі і буд-ве — 9%, у гандлі і паслугах — 21%.

Гісторыя. Рэспубліка Карэя абвешчана 15.8.1948. На працягу наступных 40 гадоў у краіне захоўваўся дыктатарскі рэжым. Прэзідэнт Лі Сын Ман (з 1948, скінуты ў крас. 1960) устанавіў цесныя сувязі з ЗША (дагавор 1948 аб эканам. дапамозе і дагавор 1950 аб ваен. дапамозе). Пасля заканчэння Карэйскай вайны 1950—53 РК заключыла з ЗША дагавор аб узаемнай абароне (1953), паводле якога на яе тэр. размешчаны амер. базы. У выніку ваен. перавароту 1961 да ўлады прыйшоў ген. Пак Чжон Хі (прэзідэнт з 1961, з 1972 — пажыццёва), які напачатку праводзіў рэпрэсіўную палітыку, але пазней распачаў працэс пэўнай лібералізацыі эканам. і паліт. жыцця. На рэферэндуме 1972 прынята новая канстытуцыя; у гэтым жа годзе пачаліся перагаворы з Паўн. Карэяй па пытанні аб’яднання краіны. У 1974—79 у РК адбыліся масавыя дэманстрацыі супраць ваен. дыктатуры. Пасля забойства Пак Чжон Хі (1979) да ўлады прыйшоў ген. Чон Ду Хван (з 1980 прэзідэнт), які працягваў рэформы свайго папярэдніка і паступова змякчаў паліцэйскі рэжым. Яго пераемнік ген. Ро Дэ У (прэзідэнт з 1988) яшчэ больш спрыяў лібералізацыі паліт. жыцця. У 1988 увайшла ў дзеянне дэмакр. канстытуцыя (прынята на рэферэндуме), адбыліся свабодныя парламенцкія выбары. У 1990 РК устанавіла дыпламат. адносіны з СССР і інш. краінамі сацыяліст. блока. У снеж. 1991 абедзве карэйскія дзяржавы заключылі мірны дагавор, скасаваны РК у лют. 1992 з-за супрацьдзеяння Паўн. Карэі міжнар. кантролю за яе ядз. аб’ектамі. У 1992 адбыліся дэмакр. парламенцкія і прэзідэнцкія выбары; прэзідэнтам краіны стаў Кім Ен Сам — першы цывільны палітык, які выступае з антыаўтарытарных пазіцый.

У краіне існуе шматпарт. сістэма; найб. ўплыў маюць Партыя новай Карэі, Дэмакр. партыя, Аб’яднаная нар. партыя. РК — чл. ААН (з 1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Гаспадарка. РК — індустрыяльна-агр. краіна. Яна займае адно з вядучых месцаў сярод т.зв. «азіяцкіх тыграў» — новых індустр. краін. Тэмпы росту былі максімальныя ў 1980-я г. і дасягалі 10% за год. Характэрны экспартны кірунак эканомікі. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 591 млрд. дол. (каля 13 тыс. дол. на 1 чал.). Прамысловасць працуе пераважна на імпартнай сыравіне, дае каля 45% нац. даходу. Здабыча каменнага вугалю меншае з-за вычарпання запасаў; у 1980 здабыта 18,6 млн. т, у 1994—7,4 млн. т. Здабываюць таксама руды вальфраму (каля 1 млн. т штогод), золата (каля 10 т), серабро (каля 215 т), буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, каалін, каменную соль, графіт. Энергетыка заснавана на выкарыстанні мясц. вугалю, імпартаваных нафты і ядз. паліва (6 АЭС даюць палавіну электраэнергіі краіны). Вытв-сць электраэнергіі 186 млрд. кВт∙гадз (1995). Вытв-сць чыгуну 22,6 млн. т, сталі 36,6 млн. т (1995). Выпускаюцца розныя гатункі сталі (8-е месца ў свеце), трубы, рэйкі і інш. Металургічны комплекс у г. Пхахан — 2-і па магутнасці ў свеце. У 1995 атрымана (тыс. т): вальфраму 4,7, медзі рафінаванай 233, свінцу 102, цынку 270. РК займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці сталі, суднаў, аўтамабіляў, выпуску электронікі і электратэхнікі. Вядуцца распрацоўкі ў галіне аэракасм. прам-сці, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, лазераў, кампазіцыйных матэрыялаў і інш. Машынабудаванне дае каля 27% аб’ёму прам-сці і 40% экспарту. Цяжкае машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці металаапр. станкоў, канвеернага абсталявання, хім. машынабудавання, машын для апрацоўкі гумы і пластмас, экскаватараў, мех. прэсаў. Самыя значныя прадпрыемствы аўтамабілебудавання належаць фін.-прамысл. групоўкам «Хёндэ», «Дэу», «Кія» і інш. У 1995 выпушчана 1756 тыс. легкавых, 491 тыс. грузавых машын і аўтобусаў; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Чханджу. РК належыць 2-е месца ў свеце па валавым выпуску электроннай прадукцыі, 3-е — па выпуску паўправаднікоў. У краіне вырабляецца каля 40% сусв. вытв-сці быт. электронных вырабаў. У 1995 выпушчана 15 956 тыс. тэлевізараў, 3585 тыс. халадзільнікаў і маразільнікаў. Выпускаюцца таксама тэлефонныя апараты, відэамагнітафоны, мікрахвалевыя печы, камп’ютэры, кінакамеры і інш.; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Інчхон. Суднабудаванне спецыялізуецца на буд-ве кантэйнеравозаў, суднаў для перавозкі звадкаванага газу і рыбалоўных, марскіх буравых платформаў; найбуйнейшыя верфі ў Пусане, Інчхоне, Ульсане, Масане. У 1995 пабудавана суднаў агульнай грузападымальнасцю 6,2 млн. брута рэг. т. Па вытв-сці хім. прадукцыі (штучныя ўгнаенні, пестыцыды, гумавыя вырабы, аўтапакрышкі — 53,5 млн. ў 1995, лакі, фарбы і інш.) краіна займае 10-е месца ў свеце. У 1994 атрымана сінт. і штучных валокнаў 1,7 млн. т, пластмас 6,6 млн. т, сінт. каўчуку 340 тыс. т. Буйныя нафтаперапр. з-ды ў Пусане, Ульсане, Інчхоне. Развіты фармацэўтычная, парфумерная, дрэваапр. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, цэменту (56,1 млн. т, 1995), жалезабетонных вырабаў, цэглы, шкла і інш. Лёгкая прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці баваўняных (480 млн. м², 1995) і сінт. тканін, трыкат. і швейных вырабаў, абутку. Развіта вытв-сць цацак, галантарэйна-прыкладных тавараў, біжутэрыі, канцылярскіх вырабаў. Харч. прам-сць забяспечвае ўнутр. патрэбы краіны. Вылучаюцца рысаачышчальная, мукамольная, хлебапякарная, алейная, тытунёвая і рыбаперапрацоўчая галіны. Сельская гаспадарка дае каля 9% нац. даходу. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2,3 млн. га. Арашаецца 1353 тыс. га (1995). Збіраюць 2—3 ураджаі за год. Вядучая галіна — раслінаводства, спецыялізуецца на вытв-сці збожжавых культур. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 1055 тыс. га, збор 6519 тыс. т, 1995); вырошчваюць ячмень, пшаніцу, проса, сорга, кукурузу, бабовыя (пераважна сою), агародніну (батат, бульба, агуркі, памідоры, капуста), тэхн. культуры (бавоўна, тытунь, каноплі, рамі). Садоўніцтва і шаўкаводства. Культывуюць плантацыйны жэньшэнь. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы 3,5 млн., свіней 6,95 млн. галоў (1996). Прамысл. птушкагадоўля. Улоў рыбы 2,7 млн. т (1994). Збор морапрадуктаў, марыкультура. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 3,1 тыс. км, аўтадарог 61,3 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 51,9 тыс. км. У знешніх сувязях гал. роля належыць марскому і авіяц. транспарту. У краіне 16 марскіх партоў, галоўныя — Інчхон, Пусан, Ульсан, Масан. Марскі гандл. флот грузападымальнасцю 6,1 млн. т. 105 аэрапортаў і аэрадромаў. У 1995 экспарт склаў 125 млрд. дол., імпарт — 135 млрд. долараў. 95% экспарту прыпадае на прамысл. прадукцыю (судны, аўтамабілі, электроніка, выліч. тэхніка, тэлевізары, магнітафоны, хімікаты, тэкстыль, абутак і інш.). У імпарце значную долю складаюць сыравінныя прадукты (нафта, руды металаў, збожжа), а таксама машыны, трансп. сродкі і інш. Гал. гандл. партнёры: ЗША (19% экспарту, 23% імпарту), Японія (адпаведна 14 і 24%), краіны ЕС (адпаведна 13 і 13%), Кітай, краіны Паўд.-Усх. Азіі. Штогод РК наведвае каля 3,5 млн. замежных турыстаў, даход ад турызму 3,5—4 млрд. долараў. Грашовая адзінка — вона Рэспублікі Карэя.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 672 тыс. чал., рэзерву 4,5 млн. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 560 тыс. чал., на ўзбраенні 2130 танкаў, 2460 баявых браніраваных машын, больш за 3,5 тыс. артыл. гармат, 6 тыс. мінамётаў, больш за 700 пераносных зенітных ракетных комплексаў, 600 установак зенітнай артылерыі, 500 верталётаў і інш. У ВПС 52 тыс. чал., 461 баявы самалёт. У ВМС 60 тыс. чал. (з іх 25 тыс. у марской пяхоце), 6 падводных лодак, 61 баявы карабель (з іх 33 фрэгаты і 17 дэсантных), больш за 100 катэраў, 23 баявыя самалёты і 47 баявых верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 244 чал., урачамі — 1 на 817 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,1%. Дзіцячая смяротнасць — 8 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (пераважна прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэмай навуч. устаноў кіруе Мін-ва адукацыі. Паводле закону аб адукацыі 1949 у краіне ўстаноўлена 12-гадовая школьная сістэма. Існуюць дзярж., муніцыпальныя і прыватныя школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая, у яе прымаюцца дзеці ва ўзросце 6 гадоў. Пэўную частку выдаткаў на адукацыю ў пач. школе аплачваюць бацькі. Пасля пач. школы кошт навучання павялічваецца, аднак каля 75% дзяцей ва ўзросце 12—17 гадоў вучацца ў школе. Сярэдняя школа 6-гадовая, уключае няпоўную (прамежкавую) 3-гадовую школу і поўную (старшую) 3-гадовую. Прафес. адукацыю на базе пач. або няпоўнай сярэдняй школы даюць прафес. вучылішчы (тэрмін навучання 1—3 гады), на базе поўнай сярэдняй школы — 3-гадовыя прафес. каледжы (даюць сярэднюю адукацыю і права навучання ў ВНУ). Больш за 1 млн. студэнтаў вучацца ва ун-тах, каледжах, малодшых каледжах (1994). Больш палавіны ВНУ прыватныя, навучанне платнае. Буйнейшыя ун-ты: Нац. дзярж. ун-т (з 1946), ун-т «Ёнсе» (з 1885), Карэйскі ун-т (з 1905) — усе ў Сеуле, Нац. ун-т (з 1946) у Пусане, ун-т «Ёнам» у Тэгу і інш. Буйнейшыя б-кі і музеі РК у Сеуле: Нац. цэнтр. б-ка, б-ка Нац. дзярж. ун-та; нац. музей і Маст. галерэя палаца Кёнбакун (з 1916). Н-д. ўстановы сканцэнтраваны пераважна пры ун-тах: пры Нац. ун-це ў Пусане Ін-т даследаванняў крыві (з 1964), Ін-т тэхналогіі (з 1965); пры ун-це «Ёнам» даследчыя цэнтры. Найвышэйшая навук. ўстанова і каардынацыйны навук. цэнтр — Нац. АН у Сеуле (з 1954, створана на ўзор Нац. АН ЗША). У межах акадэміі дзейнічае савет па навук. даследаваннях, які плануе і каардынуе даследчую дзейнасць. Акрамя акадэміі працуе 10 буйных н.-д. цэнтраў і ін-таў. У 1958 у РК створана Упраўленне па атамнай энергіі.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца каля 70 штодзённых газет, агульным тыражом каля 13 млн. экз. (1997). Найб. тыраж маюць штодзённыя незалежныя газеты на карэйскай мове «Часон ільбо» («Газета Карэі», з 1920) і «Хангук ільбо» («Карэйская газета», з 1954, абедзве ў Сеуле). На англ. мове выходзяць газ. «The Korea Herald» («Карэйскі веснік») і «The Korea Times» («Карэйскі час»). Інфарм. агенцтвы: Ёнхап Ньюс Эйджэнсі (афіц., з 1980) і Рыён Хап (з 1981). Радыёвяшчанне з 1926, падпарадкавана дзяржаве. Дзейнічаюць прыватныя і канфесійныя радыёстанцыі. Найбуйнейшыя: Крысчыян бродкастынг сістэм, Кыктон бродкастынг сістэм, Асія бродкастынг сістэм (трансляцыя на краіны Д. Усходу). Тэлебачанне з 1961. Буйнейшыя карпарацыі радыё- і тэлевяшчання; Карыян бродкастынг сістэм і Мунхва бродкастынг карпарэйшэн. Дзейнічаюць сеткі радыё- і тэлестанцый амер. узбр. сіл.

Літаратура. У першыя гады пасля выгнання яп. каланізатараў у л-ры РК распрацоўваліся тэмы аб’яднання і незалежнасці краіны (паэзія Лі Хаюна, Кім Гвансопа і інш). З канца 1940-х г. л-ра развівалася пад моцным уплывам зах.-еўрап. плыней. Проза старэйшага пакалення пісьменнікаў прадаўжала традыцыі натуралізму і дэкадэнцкай л-ры (Ём Сансоп, Чу Ёсоп, Лі Муён). У 1950-я г. выступіла новае пакаленне празаікаў, якія знаходзіліся пад моцным уплывам экзістэнцыялізму, канцэпцыі «новай крытыкі», тэорыі антырамана. Пераважалі тэмы вайны, абсурду і адзіноты (проза Кім Санхана, Чан Ёнхака, Сону Хві, паэзія Кім Гірына, Чо Бёнхва). Містыцызм і пошукі спецыфікі «ўсходняга стылю» характэрныя для твораў Лі Данджы і Лі Хёнгі. У 1970-я г. развівалася т.зв. л-ра ўдзелу з крытыкай паўн.-кар. рэчаіснасці (проза Кім Санхана, паэзія Кім Джыха). У сучаснай л-ры пануюць эксперыменталісцкія кірункі, робяцца спробы адраджэння традыц. вершаваных прыёмаў.

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. У 1950—80-х г. грамадскія будынкі ўзводзілі пераважна ў формах зах.-еўрап. стыляў, у т. л. функцыяналізму (авіякампанія «Карыя эр лайнс» у Сеуле, 1969). Некат. пабудовы спалучаюць элементы нац. дойлідства (дахі з крыху загнутымі ўверх канцамі, разны дэкор) з новымі канстр. вырашэннямі (цэнтр відовішчаў «Уокер-Хіл» каля Сеула, Гал. Алімпійскі стадыён спарт. комплексу ў Сеуле). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах. У выяўл. мастацтве 1950—80-х г. суіснуе мноства плыней. Рэаліст. кірунак еўрап. тыпу прадстаўляюць жывапісцы Кім Інсын, Лі Джунсоп. Уплыў еўрап. мадэрнісцкіх плыней уласцівы жывапісцам Кім Хвангі, Нам Гвану, скульпт. Кім Ёнхаку, Чон Санбому. У нац. традыцыях працуюць жывапісец Хо Бэнён, скульпт. Кім Гёнсын і інш. Прыёмы нац. і еўрап. жывапісу спалучаюцца ў творчасці Кім Гіўхана, Пак Нэхёна. Захоўваюцца традыцыі вытв-сці вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Музыка. Муз. жыццё РК развіваецца пад моцным уплывам муз. культуры ЗША. Працуюць сімф. аркестры, у рэпертуары т-раў творы зах.-еўрап. опернай класікі. У 1970—80-я г. пашырыліся формы поп-музыкі. Сярод кампазітараў — Юн Ісан, Кім Сехён, Лі Хынёль, Кім Сунэ, музыказнаўцаў — Сон Бансон, Лі Хёпо, спевакоў у традыц. стылі — Чу Ванлі, Ан Пічхві, Кім Аксім, музыкантаў — Хан Танір (фп.), Ян Укхім (скрыпка), Хван Б’ёнкі, Сен Кымрэн, Сін Кведон (каягым), Сон Кёлі (тэгым). Працуюць Нац. оперная трупа і шэраг прыватных оперных труп, хар. калектывы «Пхадо», «Тэхан» і інш., імператарскі аркестр нац. інструментаў, Седжонаўскі культ. цэнтр (канцэртная зала з арганам), Нац. ін-т класічнай музыкі ў Сеуле, Нац. АМ, Асацыяцыя музыкантаў К., Кар. нац. муз. асацыяцыя, Т-ва сучаснай музыкі, Кар. музыказнаўчае муз. т-ва. Кансерваторыя ў Сеуле, муз. каледжы.

Тэатр. У 1945 створаны Карэйскі і Сеульскі маст. т-ры, Вольны т-р, у 1948 — Нац. т-р сучаснай драмы, якія ў хуткім часе былі закрыты. У 1950-я г. тэатр. мастацтва сутыкнулася з канкурэнцыяй кінематографа. У 1960—70-я г. працавалі т-ры «Мінджун», «Тан’ян», Эксперым. т-р, невял. тэатр. трупы. Для тэатр. мастацтва 1970—80-х г. характэрны ўплыў мадэрнізму і адраджэнне традыц. тэатр. форм. Працуюць Ін-т драмы, Дзярж. і Малы т-ры, існуюць невял. мабільныя тэатр. трупы. Акрамя п’ес кар. аўтараў шырока ставіцца зах.-еўрап. драматургія. Некат. тэатр. калектывы ставяць п’есы на англ. і франц. мовах.

Кіно. Тэматыка фільмаў канца 1940-х г. — вызваленне ад яп. прыгнёту. Для 1950—60-х г. характэрна сац.-паліт. скіраванасць: «Жахлівая ноч» (1953), «Лішні чалавек» (1965). Сярод кінадзеячаў: Сін Сарок, Ю Хёнмок, Юн Банчхун, Лі Гюхван, Сін Ёнгюя, Хан Хёнмо і інш. Дзярж. палітыку ў галіне кінематаграфіі праводзіць Мін-ва культуры і інфармацыі. У краіне дзейнічаюць 79 кампаній-дыстрыб’ютэраў кіна- і відэафільмаў. У пракаце пераважаюць амер. і ганконгскія фільмы. З пач. 1990-х г. урад РК значна павялічыў адм. і фін. дапамогу кінавытворцам, здымалася каля 30 фільмаў у год. Самым касавым у 1990—91 быў фільм рэж. Ім Квантака «Сын генерала». Самая буйная кампанія па выпуску кінафільмаў у краіне — «Моўшэн Пікчэр Прамоўшэн Карпарэйшэн», сярод інш. кінакампаній «Хань Цзын» і «Тае Хунг». Сярод сучасных рэжысёраў: Ім Квантак («Сапаіаджэ»), Ён Цзыян («Намбуган»), Іон Сам’ёк («Я выжыву»), Чанг Сунву («Хваом каунг»), Баек Ілаенг («У трывожны час»), Кім Уйсук («Шлюбная гісторыя», «Жанчына і мужчына»), Створаны асацыяцыі кінадыстрыб’ютэраў, кінапрадзюсераў, Федэрацыя ўладальнікаў кінатэатраў. Гал. нац. ўзнагарода ў галіне кінамастацтва «Вялікі звон» прысуджаецца штогод Асацыяцыяй кінапрадзюсераў.

І.​В.​Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), А.​М.​Міхеева (тэатр), Т.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Карэі (Рэспубліка Карэя).
Да арт. Карэя Паўднёвая. Марское ўзбярэжжа каля горада Пусан.
Да арт. Карэя Паўднёвая. Рака Ханган у цэнтры горада Сеул.
Да арт. Карэя Паўднёвая. Панарама Сеула.
Да арт. Карэя Паўднёвая. Галоўны Алімпійскі стадыён спартыўнага комплексу ў Сеуле.
Да арт. Карэя Паўднёвая. Сялянскі танец «Нанак».
Да арт. Карэя Паўночная. Порт Начжын на ўзбярэжжы Японскага мора.

т. 8, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫЯ ШТА́ТЫ АМЕ́РЫКІ, ЗША (United States of America, USA),

дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае сярэднюю (48 штатаў) і паўн.-зах. (штат Аляска) часткі мацерыка, Гавайскія а-вы ў Ціхім ак. На Пн мяжуе з Канадай, на Пд — з Мексікай; на У абмываецца Атлантычным, на З — Ціхім акіянамі. Пл. 9809 тыс. км² (3-я па велічыні краіна свету пасля Расіі і Канады). Нас. 265,6 млн. чал. (1995, 3-е месца ў свеце пасля Кітая і Індыі). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г. Вашынгтон. Падзяляецца на 50 штатаў і адну федэральную (сталічную) акругу Калумбія, якія па тэр. прыкметах складаюць 9 груп (адм. падзел ЗША у табл., гл. таксама асобны арт. пра кожны штат). Існуе гіст. і эканам. падзел на Поўнач, Поўдзень, Захад. Пад суверэнітэтам ЗША Пуэрта-Рыка, частка Віргінскіх а-воў, Усходняе Самоа, Гуам і шэраг астравоў у Акіяніі. Нац. святы: Дзень нараджэння Дж.​Вашынгтона (22 лют.), Дзень незалежнасці (4 ліп.), Дзень ветэранаў, або Дзень прымірэння (11 ліст.).

Дзяржаўны лад. ЗША — федэратыўная рэспубліка, якая складаецца з 50 штатаў і федэральнай (сталічнай) акр. Калумбія. У краіне дзейнічае канстытуцыя 1787 з 10 папраўкамі («Біль аб правах»), прынятымі ў 1791, і 17 папраўкамі, прынятымі ў 1795—1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца двухступеньчатым галасаваннем на 4 гады; разам з ім выбіраецца віцэ-прэзідэнт. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі: правам вета на рашэнні кангрэса; правам выдаваць загады, што маюць абавязковую сілу; з’яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узбр. сіламі; узначальвае кабінет міністраў (сакратароў), якіх назначае са згоды сената; мае права памілавання і інш. Вышэйшая заканадаўчая ўлада належыць кангрэсу, які складаецца з 2 палат — сената і палаты прадстаўнікоў. Сенат уключае 100 членаў (выбіраюцца насельніцтвам праз прамыя выбары па 2 члены ад кожнага штата на 6 гадоў, кожныя 2 гады абнаўляецца ⅓ сената). Палата прадстаўнікоў складаецца з 435 членаў, што выбіраюцца на 2 гады.

Кожны штат мае сваю канстытуцыю, сістэму вышэйшых і мясц. органаў улады і кіравання. Заканад. ўлада належыць заканад. сходам, якія выбіраюцца на 2—4 гады, выканаўчая — губернатарам, якія, як правіла, таксама выбіраюцца насельніцтвам.

Суд. сістэма ЗША уключае федэральныя суды, суды штатаў і мясц. суды, складаецца з 85 раённых, 11 акр. (апеляцыйных) судоў і Вярх. суда ЗША. Усе суддзі гэтай сістэмы назначаюцца прэзідэнтам са згоды сената. Вярх. суд, апрача функцый па разгляду некат. важных спраў і нагляду за дзейнасцю ніжэйшых судоў, выконвае функцыі канстытуцыйнага нагляду.

Прырода. Рэльеф разнастайны. Паверхня ЗША падзяляецца на 2 часткі: сярэднюю і ўсх. — раўнінную з невысокімі гарамі і зах. — горную. На У і ПдУ плоскія нізіны: Прыатлантычная з п-вам Фларыда і Прымексіканская. На З ад Прыатлантычнай нізіны з ПнУ на ПдЗ цягнуцца стараж. палеазойскія моцна разбураныя горы Апалачы. Тэр. паміж Кардыльерамі і Апалачамі займаюць Цэнтр. раўніны выш. 200—300 м і Вял. раўніны выш. 500—1700 м над узр. м. На мяжы паміж Цэнтр. раўнінамі і Прымексіканскай нізінай невысокія плато Озарк і горы Уошыта. Зах. частка ЗША і штат Аляска заняты горнай сістэмай Кардыльераў; на У вулканічныя Каскадныя горы і хр. Сьера-Невада выш. да 4418 м (г. Уітні). Найвыш. пункт — г. Мак-Кінлі (6193 м) на Алясцы, найніжэйшы — упадзіна Даліны Смерці (-85 м) у Каліфорніі. Ціхаакіянскае ўзбярэжжа занята маладымі Берагавымі хрыбтамі альпійскай складкавасці выш. да 2529 м. На крайнім ПдЗ ЗША частыя землетрасенні. У ЗША здабываецца больш за 100 відаў карысных выкапняў, аднак некаторымі цалкам не забяспечаны. Запасы нафты 3,7 млрд. т (1995). Найбуйнейшае радовішча Прадха-Бей (Аляска). Большая частка запасаў на шэльфе Мексіканскага зал., Ціхага і Ледавітага акіянаў. Прыроднага газу 4,6 трлн. м³ (1995). Каменны вугаль у Апалачскім, Пенсільванскім, Ілінойскім і інш. басейнах (больш за 380 млрд. т). Асн. запасы жал. руды ў раёне Верхняга воз., урану — на плато Каларада; у Кардыльерах малібдэн (40% сусв. запасаў), вальфрам, медзь, цынк, золата і серабро, у даліне Місісіпі свінцова-цынкавыя руды. Вял. запасы фасфатнай сыравіны і серы (на Пд), значныя запасы тытанавых, берыліевых, кобальтавых, літыевых, сурмяных, ртутных руд, баксітаў, калійных солей, прыроднай соды, флюарыту барыту, азбесту, каштоўных і вырабных камянёў, разнастайных буд. матэрыялаў і інш. Асн. частка тэр. ЗША знаходзіцца ва ўмераным і субтрапічным паясах, паўд. ч. Фларыды і Гавайскія а-вы — у трапічным поясе, Аляска — у арктычным і субарктычным. У межах б.ч. краіны клімат кантынентальны, на ўзбярэжжы Ціхага ак. і на ПдУ — акіянічны. Сярэдняя т-ра студз. ад -16 °C да -18 °C на Пн Цэнтр. раўнін і ад 12 °C на ПдЗ да 20 °C на п-ве Фларыда; ліп. 16 °C на ПнЗ і ад 20 °C да 26 °C на У; на п-ве Фларыда і ў Каліфарнійскай даліне ад 22 да 28 °C. На ўнутр. плато Кардыльераў т-ра дасягае 40 °C (у Даліне Смерці 56,7 °C, найвыш. т-ра Зах. паўшар’я). Ападкаў 1200—1500 мм на ПнЗ і ПдУ і 400—700 мм у цэнтр. частках краіны, на плато Кардыльераў ад 200 да 500 мм за год. Максімум ападкаў выпадае на зах. схілах Каскадных гор (6000 мм за год) і на Гавайскіх а-вах (да 12 000 мм), мінімум (100 мм за год) — у пустынях па ніжнім цячэнні р. Каларада. Найб. р. Місісіпі з прытокамі Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер, Агайо і інш. Рэкі Кардыльераў (Калумбія з Снейкам, Каларада) горнага характару, са значнымі запасамі гідраэнергіі. У засушлівых абласцях Вялікага басейна рэкі кароткія, паўнаводныя толькі зімой. Рэкі прыатлантычных раўнін кароткія, паўнаводныя, у ніжнім цячэнні суднаходныя. На Алясцы найб. р. Юкан. Вылучаецца сістэма Вялікіх азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Пад лесам каля 35% тэр. краіны. Размяшчэнне глебава-раслінных зон вызначаецца змяненнем колькасці цяпла з Пн на Пд і сухасці з У на З. На ПнУ і ў раёне Вялікіх азёр хваёва-шыракалістыя лясы на дзярнова-падзолістых глебах, у сярэдняй ч. Прыатлантычнай нізіны і ў паўд. Апалачах — шыракалістыя лясы. На Пд Місісіпскай і Прыатлантычнай нізін, а таксама на Пн п-ва Фларыда субтрапічныя вечназялёныя лясы. На З ад Місісіпі да 100° зах. д. высакатраўныя прэрыі. На Вял. раўнінах прэрыі пераходзяць у сухія стэпы з чарназёмнымі, каштанавымі і карычневымі глебамі. Унутр. плато і пласкагор’і заняты сухімі стэпамі, палыннымі пустынямі з шэразёмамі і бурымі глебамі, якія на Пд пераходзяць у хмызняковыя пустыні. На Ціхаакіянскім узбярэжжы расліннасць змяняецца ад хваёвых лясоў на Пн да сухалюбівага хмызняку на Пд. Пад лясамі горныя бурыя лясныя глебы, пад хмызнякамі горныя карычневыя і горныя шэра-карычневыя. Жывёльны свет мае шмат агульных рыс з Еўропай і Азіяй, найлепш захаваўся на Алясцы, у запаведніках і нац. парках. Найб. нац. паркі — Йелаўстонскі, Іасеміцкі, Секвоя, Гранд-Каньён, Глейшэр, Вял. Тэтан.

Насельніцтва. Большасць — амерыканцы, нацыя, якая ўтварылася ад змяшання нашчадкаў перасяленцаў з розных краін Еўропы, а таксама неграў-рабоў з Афрыкі. Сярод імігрантаў 17—18 ст. пераважалі англічане, якія сталі ядром амер. народа, шатландцы, галандцы, немцы, ірландцы; з 3-й чвэрці 19 ст. — немцы, ірландцы, англічане, выхадцы з скандынаўскіх краін, пазней — італьянцы і перасяленцы з краін Паўд. і Усх. Еўропы. У ЗША паводле неафіц. звестак каля 500 тыс. беларусаў. У 20 ст. ў эміграцыі ўзмацняецца доля перасяленцаў з Канады, Мексікі, Вест-Індыі. Белыя складаюць каля 85%, чорныя — 12%, астатнія — выхадцы з Азіі, астравоў Ціхага ак., індзейцы (каля 0,8%), эскімосы, алеуты. Выхадцы з Лацінскай Амерыкі (розных рас) складаюць 6,4%. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (баптысты, лютэране, прэсвітэрыяне і інш.) — 55%, католікі — 30%, ёсць іудаісты (3%), праваслаўныя, мусульмане, будысты і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 26,7 чал. на 1 км²; на З паступова памяншаецца, у Горных штатах каля 6, у Ціхаакіянскіх — каля 16, на Пд — 38 чал. на 1 км². На размяшчэнне насельніцтва ўплываюць унутр. міграцыі. У 1980-я г. насельніцтва ЗША павялічылася на 9,8%, у т. л. Поўдня на 13,4%, Захаду на 22,3, Паўн. Усходу на 3,4, Сярэдняга Захаду на 1,4%. Паскоранымі тэмпамі расце насельніцтва ў т.зв. «сонечным поясе» — Каліфорніі, Тэхасе, Фларыдзе (амаль 50% прыросту ўсяго насельніцтва). У 1980-я г. колькасць негрыцянскага насельніцтва павялічылася на 13%, а белага (без іспанамоўнага) — на 4%. Хутка расце колькасць іспанамоўнага насельніцтва (асабліва мексіканцаў, пуэртарыканцаў, кубінцаў). 45% насельніцтва жыве ў субурбанізаваных зонах (прыгарадах), 30 — у гарадах і 25 — у сельскіх раёнах. Найб. гарады (1994, тыс. ж.): Нью-Йорк — 7333, Лос-Анджэлес — 3449, Чыкага — 2732, Х’юстан — 1702, Філадэльфія — 1524, Сан-Дыега — 1152, Фінікс — 1049, Далас — 1023. Вакол вял. гарадоў склаліся гар. агламерацыі. Найбольшыя з іх (1994, млн. ж.): Нью-Йоркская — 18, Лос-Анджэлеская — 14,5, Чыкагская — 8, Сан-Францыская — 6,2, Філадэльфійская — 5,9. У прыгарадах усё больш канцэнтруюцца камерцыя, прам-сць, індустр. паркі і інш. Некаторыя суседнія агламерацыі зліліся і ўтварылі мегалопалісы: Прыатлантычны (ад Бостана да Вашынгтона), Прыазёрны (ад Чыкага да Пітсбурга) і Каліфарнійскі (ад Сан-Францыска да Сан-Дыега).

Адміністрацыйны падзел ЗША, плошча і насельніцтва штатаў на 1996
Назва штата Плошча, тыс. км² Насельніцтва, тыс. чал.
Штаты Новай Англіі
Вермонт 24,9 589
Канектыкут 12,9 3274
Масачусетс 21,5 6092
Мэн 86,0 1243
Нью-Гэмпшыр 24,1 1162
Род-Айленд 3,2 990
Сярэднеатлантычныя штаты
Нью-Джэрсі 20,3 7988
Нью-Йорк 128,4 18 185
Пенсільванія 117,4 12 056
Цэнтр. штаты Паўн. Усходу
Агайо 106,7 11 173
Вісконсін 145,4 5160
Ілінойс 146,1 11 847
Індыяна 94,1 5841
Мічыган 150,8 9594
Цэнтр. штаты Паўн. Захаду
Аява 145,8 2852
Канзас 213,1 2572
Мінесота 217,8 4658
Місуры 180,4 5359
Небраска 200,0 1652
Паўд. Дакота 199,5 732
Паўн. Дакота 183,1 644
Паўд.-Атлантычныя штаты
Віргінія 105,7 6675
Джорджыя 152,6 7353
Дэлавэр 5,3 723
Зах. Віргінія 62,6 1826
Калумбія (акруга) 0,2 543
Мэрыленд 27,4 5072
Паўд. Караліна 80,4 3699
Паўн. Караліна 136,6 7323
Фларыда 151,7 14 400
Цэнтр. штаты Паўд. Усходу
Алабама 133,7 4273
Кентукі 104,6 3884
Місісіпі 123,6 2716
Тэнесі 109,4 5320
Цэнтр. штаты Паўд. Захаду
Аклахома 181,1 3301
Арканзас 137,5 2510
Луізіяна 125,7 4351
Тэхас 692,1 19 128
Горныя штаты
Айдаха 216,4 1189
Арызона 295,0 4428
Ваёмінг 253,6 481
Каларада 269,9 3823
Мантана 381,1 879
Невада 286,3 1603
Нью-Мексіка 315,1 1713
Юта 219,9 2000
Ціхаакіянскія штаты
Арэгон 251,2 3204
Аляска 1519,0 607
Вашынгтон 176,6 5533
Гаваі 16,7 1184
Каліфорнія 411,0 31 878

Гісторыя. Тэр. сучасных ЗША са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны і эскімосы (Аляска). Адкрытую ў 1492 Паўн. Амерыку каланізавалі з 16 ст. Іспанія, Францыя, Англія, Нідэрланды, Швецыя. У 18 ст. Аляску адкрылі і пачалі асвойваць рускія, а ў пач. 19 ст. рус. пасяленні з’явіліся ў Каліфорніі. Першая англ. калонія заснавана ў 1607 на Атлантычным узбярэжжы (Віргінія). На працягу 17—18 ст. там утварылася 13 англ. калоній з насельніцтвам каля 2,6 млн. чал., якія склалі 3 групы: Новая Англія (паўн.), сярэднеатлантычная і паўднёвая. У першых 2 развіваліся рамёствы, мануфактурная вытв-сць і фермерства, на поўдні — буйныя плантацыі з выкарыстаннем працы рабоў, пераважна неграў, якіх прывозілі з Афрыкі. Калоніі развіваліся па капіталіст. шляху і не жадалі быць крыніцай сыравіны і рынкам збыту для брыт. прам-сці. Эканам. палітыка брыт. ўрада тармазіла развіццё калоній, што выклікала іх супраціўленне і прыводзіла да грамадскіх беспарадкаў (бостанская разня 1770, «бостанскае чаяпіцце» 1773). На скліканым у 1774 Кантынентальным кангрэсе прынята рашэнне аб сумесных дзеяннях калоній супраць Вялікабрытаніі. Узбр. сутычкі каланістаў з брыт. войскамі сталі пачаткам вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Другі Кантынент. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776, паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 незалежнасць ЗША прызнала Вялікабрытанія. У 1787 Кантынент. кангрэс прыняў канстытуцыю ЗША, якая вызначыла статус краіны як федэратыўнай рэспублікі. У час абмеркавання канстытуцыі вылучыліся 2 паліт. групоўкі (антыфедэралісты і федэралісты), якія далі пачатак стварэнню ў ЗША двухпарт. сістэмы (канчаткова сфарміравалася ў 19 ст., гл. Дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя). У 1791 набылі сілу першыя 10 паправак да канстытуцыі («Біль аб правах»), якія абвясцілі асн. дэмакр. свабоды. Першым прэзідэнтам ЗША выбраны Дж.Вашынгтон (1789—97). Пагрозай незалежнасці ЗША стала англа-амерыканская вайна 1812—14, якая не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. З гэтага часу замежная палітыка ЗША была скіравана на выцясненне еўрап. дзяржаў з Амерыкі, што засведчыла Манро дактрына (1823).

З пач. 19 ст. ЗША пашырылі сваю тэрыторыю: у 1803 у Францыі куплена Луізіяна, у 1819 аслабелая Іспанія вымушана была аддаць Фларыду і ўсю зах. ч. мацерыка вышэй 42-й паралелі; у выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 ЗША захапілі амаль палавіну тэр. Мексікі: Тэхас, Верхнюю Каліфорнію, Арызону і Новую Мексіку. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 19 ст. выразна падзяліў краіну на 2 часткі: Поўнач, дзе дынамічна развіваліся прам-сць, гандаль, самакіраванне, і Поўдзень, дзе захоўваліся рабства і плантацыйная гаспадарка. Спрэчкі пра рабства выклікалі паліт. крызіс у дзяржаве, парадзілі абаліцыянісцкі рух (гл. Абаліцыянізм) і пагражалі распадам федэрацыі. Спробы заключыць пагадненні (Місурыйскі кампраміс 1820, кампраміс 1850, біль Канзас-Небраска 1854) не далі выніку. У 1860 існавала 15 рабаўладальніцкіх штатаў і 18 штатаў, дзе рабства было забаронена. Стварэнне ў 1854 Рэсп. партыі, праграма якой выражала інтарэсы Поўначы, і абранне ў 1860 прэзідэнтам кандыдата гэтай партыі А.Лінкальна сталі непасрэднай прычынай грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, якая скончылася перамогай Поўначы. Гэта дазволіла захаваць адзінства дзяржавы і ліквідаваць рабства. У 1867 ЗША набылі ў Расіі Аляску і Алеуцкія а-вы. Да канца 19 ст. ў ЗША адбыліся глыбокія эканам., грамадскія і паліт. змены; праведзена Рэканструкцыя Поўдня 1865—77. Хутка павялічылася насельніцтва краіны (у 1860—31,5 млн., у 1900—76 млн., у т. л. каля 14 млн. эмігрантаў). Эканам. рост, хоць і перарываны крызісамі, штогод перавышаў 10% і быў найбольшы ў свеце. Дынамічна развіваліся прам-сць, сельская гаспадарка, транспарт. Экспарт тавараў за 1866—1900 павялічыўся ў 3 разы. У выніку прафс. руху створаны арг-цыі Ордэн рыцараў працы, Амерыканская федэрацыя працы (1881), Індустрыяльныя рабочыя свету (1905) і інш. У 1886 у 1600 забастоўках прынялі ўдзел 600 тыс. рабочых. Пасаду прэзідэнта ў гэты час займалі пераважна прадстаўнікі Рэсп. партыі, якія рэалізоўвалі інтарэсы буйнога капіталу. Знешнюю палітыку ЗША характарызавалі ізаляцыянізм, нацыяналізм, а з 1890-х г. — панамерыканізм. Рост эканам. магутнасці краіны спрыяў зараджэнню імперыял. мыслення, што дало пачатак ператварэнню ЗША у сусв. дзяржаву 3 часоў прэзідэнта У.Мак-Кінлі ЗША пачалі праводзіць палітыку экспансіянізму: у 1898 анексіравалі Гаваі, пачалі іспана-амерыканскую вайну 1898, у выніку якой падпарадкавалі Кубу, захапілі Пуэрта-Рыка і Філіпіны. Гэтую палітыку прадаўжалі прэзідэнты Т.Рузвельт, У.​Х.​Тафт, Т.​В.​Вільсан, пашыраючы і ўзмацняючы ўплыў ЗША у Лац. Амерыцы (у 1903 захапілі зону Панамскага канала) і на Д. Усходзе («Адчыненых дзвярэй палітыка»). Рузвельт даў пачатак правядзенню ў дзяржаве рэформ т.зв. эры прагрэсу, якія працягвалі абодва яго пераемнікі.

У пач. 1-й сусв. вайны Вільсан абвясціў нейтралітэт ЗША, але актыўна дапамагаў зах. саюзнікам. 6.4.1917 ЗША уступілі ў вайну на баку Антанты і накіравалі ў Францыю каля 2 млн. салдат (загінула каля 112 тыс.). Удзел ЗША у вайне прадвызначыў яе зыход. Распрацаваныя Вільсанам палажэнні мірнага дагавора і яго праграма «14 пунктаў» ляглі ў аснову рашэнняў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Аднак кангрэс ЗША не ратыфікаваў Версальскі мірны дагавор 1919 і не даў згоды на ўступленне ЗША у Лігу Нацый. ЗША не прызналі Сав. Расію. У 1921 яны заключылі асобныя мірныя дагаворы з Германіяй, Аўстрыяй і Венгрыяй. Ва ўнутр. справах прэзідэнты-рэспубліканцы У.​Гардынг і К.​Кулідж праводзілі палітыку мінім. ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Дынамічна развівалася прам-сць, экспарт і замежныя інвестыцыі павялічыліся ў некалькі разоў, долар стаў асн. валютай у свеце, рос дабрабыт амерыканцаў. У выніку ЗША ператварыліся ў найбуйнейшую эканам. дзяржаву свету, а Зах. Еўропа стала іх даўжніком. Гэта прыцягвала ў ЗША эмігрантаў, у 1930 насельніцтва ЗША складала больш за 122 млн. чал. Крах на нью-йоркскай біржы (24.10.1929, «чорны чацвер») даў пачатак у ЗША сусв. эканам. крызісу. Вытв-сць у краіне знізілася ў 2 разы, беспрацоўе дасягнула 25%, асабліва цяжкім было становішча фермераў (​1/4 з іх пазбавілася зямлі).

Выйсце з крызісу пачалося ў 1932, калі на прэзідэнцкіх выбарах перамог кандыдат дэмакратаў Ф.Д.Рузвельт, які прапанаваў праграму шырокага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Былі рэфармаваны банкі, сельская гаспадарка, прам-сць, арганізаваны грамадскія работы, уведзена дапамога для пенсіянераў і беспрацоўных, забаронена дзіцячая праца. У краіне пачалося эканам. ажыўленне, рост ваен. прам-сці спрыяў ліквідацыі ў 1939 беспрацоўя. У 1933 Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства ў дачыненні да краін Лац. Амерыкі, у гэтым жа годзе ўстаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. Кангрэс прыняў чарговыя законы аб нейтралітэце (1935, 1936, 1937), у якіх ЗША дыстанцыраваліся ад еўрап. канфліктаў. Пасля пачатку 2-й сусв. вайны 4.11.1939 прынята папраўка да закону 1937, якая дазваляла продаж зброі, што дапамагло краінам, якія ваявалі з дзяржавамі фаш. блоку, паспрыяла прыняццю закону аб ленд-лізе (1941) і аказанню ў 1941—45 значнай дапамогі саюзнікам. 12.3.1941 Рузвельт і У.​Чэрчыль падпісалі Атлантычную хартыю, якая вызначала прынцыпы палітыкі ЗША і Вялікабрытаніі ў ходзе і пасля 2-й сусв. вайны.

7.12.1941 Японія атакай на Пёрл-Харбар пачала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША уступілі ў вайну, 11 снеж. ім аб’явілі вайну Германія і Італія. ЗША сталі чл. Антыгітлераўскай кааліцыі. Удзел ЗША з 1941 у ваен. дзеяннях у Азіі, на Ціхім і Атлантычным акіянах, з 1942 у Афрыцы, з 1943 у Еўропе (15 млн. салдат, страты — каля 1,1 млн.), яе магутная ваен. вытв-сць зрабілі значны ўплыў на ход і вынікі вайны. ЗША удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыях, якія мелі на мэце каардынацыю стратэгіі саюзнікаў. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 і Крымскай канферэнцыі 1945 кіраўнікі 3 дзяржаў вызначылі свае планы канчатковага разгрому агульнага ворага, дамовіліся аб правядзенні агульнай палітыкі ў адносінах да Германіі пасля яе поўнага паражэння і безагаворачнай капітуляцыі. На Патсдамскай канферэнцыі 1945 ЗША прадстаўляў прэзідэнт Р.Трумэн, ім было прынята рашэнне аб атамнай бамбардзіроўцы Хірасімы (6.8.1945) і Нагасакі (9.8.1945), каб прымусіць Японію да безагаворачнай капітуляцыі (2.9.1945). 2-я сусв. вайна завяршыла працэс пераўтварэння ЗША у звышдзяржаву. Актыўнасць на міжнар. арэне стала вызначальнай у знешняй палітыцы краіны, асн. палажэнні якой былі сфармуляваны ў Трумэна дактрыне. ЗША аказвалі фін. дапамогу Еўропе (гл. Маршала план), але СССР і інш. сацыяліст. краіны адмовіліся ад яе. Пачаўся перыяд «халоднай вайны». ЗША узялі на сябе ролю лідэра некамуніст. свету. Асн. прынцыпам іх міжнар. палітыкі стала пашырэнне ўплыву ЗША, процідзеянне росту міжнар. аўтарытэту і ўплыву СССР, гарантаванне бяспекі і эканам. дапамогі краінам, якія могуць апынуцца пад яго кантролем. ЗША адыгралі істотную ролю ў стварэнні ваен. блокаў НАТО (1949), АНЗЮС (1951), СЕАТО (1954), СЕНТО (1956). Імкнучыся да аслаблення міжнар. напружання, прэзідэнт Д.Эйзенхаўэр распачаў актыўную дыпламат. дзейнасць: наведаў Вялікабрытанію, Францыю, Германію, запрасіў у ЗША М.​С.​Хрушчова, але візіт быў сарваны ў выніку інцыдэнту з амер. разведвальным самалётам У-2. У час прэзідэнцтва Эйзенхаўэра спынены разгул макартызму, пачаўся пераход ад палітыкі бескампраміснай барацьбы з камунізмам да палітыкі суіснавання. У 1954 Вярх. суд ЗША ліквідаваў расавую сегрэгацыю ў школах. Да 1960 колькасць насельніцтва павялічылася да 179 млн., захоўвалася стабільная эканам. сітуацыя, раслі даходы і адукац. ўзровень грамадства (больш як 40% амерыканцаў мелі сярэднюю адукацыю), якое ператварылася ў тэхнакратычнае. На прэзідэнцкіх выбарах 1960 перамог дэмакрат Дж.Ф.Кенэдзі, які пачаў ажыццяўляць сваю праграму «новых рубяжоў», накіраваную на ліквідацыю расавай дыскрымінацыі, рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння, вышэйшай школы, узмацненне федэральнай улады, павелічэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы. Пасля няўдалага ўварвання на Кубу ў раёне Плая-Хіран (1961) і Карыбскага крызісу 1962 Кенэдзі змякчыў канфрантацыйную палітыку ў дачыненні да СССР і заключыў пагадненне аб частковай забароне выпрабаванняў атамнай зброі (Маскоўскае пагадненне 1963). Саперніцтва з СССР працягвалася ў галіне асваення космасу.

Адносіны з Лац. Амерыкай развіваліся паводле праграмы «саюз дзеля прагрэсу». Л.Б.Джонсан, які стаў прэзідэнтам пасля забойства Кенэдзі, працягваў яго ўнутр. палітыку на падставе праграмы «вялікае грамадства» (захаванне грамадз. правоў, барацьба з расавай сегрэгацыяй і беднасцю). Але ён не змог прадухіліць масавыя выступленні жыхароў трушчоб і пратэсты негрыцянскага насельніцтва, лідэр якога М.Л.Кінг быў забіты ў 1968. Шырокі пратэст у грамадстве выклікала палітыка Джонсана ў Азіі, асабліва ў В’етнаме, дзе да снеж. 1968 у ваен. дзеяннях прымалі ўдзел больш як 0,5 млн. амер. вайскоўцаў. Рэспубліканец Р.М.Ніксан пачаў праграму в’етнамізацыі вайны (дактрына Ніксана 1969), але адначасова былі пачаты ваен. дзеянні ў Камбоджы (1970) і Лаосе (1970; праз некалькі месяцаў войскі ЗША адтуль выведзены). У 1972 ён аднавіў мірныя перагаворы ў Парыжы. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. У 1969 адміністрацыя Ніксана пачала перагаворы з СССР па пытаннях абмежавання стратэг. узбраенняў, пашырыла кантакты з СССР і інш. краінамі Варшаўскага дагавора; пачала нармалізацыю адносін з Кітаем. Паліт. злоўжыванні (гл. Уотэргейт) прымусілі Ніксана падаць у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША). Яго змяніў Дж.Р.Форд, пры якім у адносінах з СССР працягвалася палітыка разрадкі. Перыяд прэзідэнцтва Дж.Э.Картэра супаў з сусв. энергетычным крызісам. Прапанаваная ім праграма мела на мэце дасягненне ЗША энергет. незалежнасці. Як і яго папярэднікі, ён змагаўся з інфляцыяй, ростам беспрацоўя. У знешняй палітыцы да часу ўводу ў Афганістан сав. войск Картэр працягваў палітыку разрадкі і перагавораў, у 1979 падпісаў у Вене дагавор аб абмежаванні стратэгічнай зброі (SALT), устанавіў дыпламат. адносіны з Кітаем, спрыяў падпісанню ў 1978 Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў, а ў 1979 — мірнага дагавора паміж Ізраілем і Егіптам. У 1980 прэзідэнтам стаў рэспубліканец Р.У.Рэйган. Дзякуючы рэалізацыі яго эканам. праграмы (т.зв. рэйганоміка) павялічыўся нац. даход, значна панізіўся ўзровень інфляцыі, зменшылася беспрацоўе. У знешняй палітыцы ён быў прыхільнікам сілавых метадаў і аказання дапамогі антыкамуніст. рухам (дактрына Рэйгана 1985), падтрымліваў апазіцыю ва Усх. Еўропе, вёў з СССР перагаворы пра абмежаванне ўзбраенняў, у т. л. START (пра скарачэнне стратэгічнай зброі). З 1985 адбываліся сустрэчы на вышэйшым узроўні з М.​С.​Гарбачовым, у 1987 падпісаны дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняга радыуса дзеяння. Адначасова Рэйган ініцыіраваў праграму т.зв. зорных войнаў. У 1988 яго змяніў Дж.Буш, які праявіў асаблівую актыўнасць у знешняй палітыцы: быў ініцыятарам стварэння міжнар. узбр. сіл і ажыццяўлення ваен. дзеянняў у Персідскім зал., паспрыяў канчатковаму афармленню Паўночнаамер. дагавора аб свабодным гандлі (NAFTA); падтрымліваў дэмакр. пераўтварэнні ва Усх. Еўропе; працягваў перагаворы з СССР аб раззбраенні і падпісаў дагавор аб скарачэнні стратэгічнай зброі (START). Пасля распаду СССР і сацыяліст. лагера ЗША засталіся адзінай супердзяржавай. У 1992 на прэзідэнцкі пост абраны дэмакрат У.​Дж.Клінтан. Яго прэзідэнцтва адзначана сутыкненнямі з кангрэсам (пасля выбараў 1994 перавагу ў абедзвюх палатах маюць рэспубліканцы), які не прыняў прэзідэнцкі праект рэфармавання сістэмы сац. забеспячэння. У знешняй палітыцы Клінтан абвясціў аб працягу дзеянняў ЗША па ўзмацненні дэмакр. сістэмы і пабудове ў свеце рыначнай эканомікі, падтрымцы дэмакр. перамен, што адбыліся ва Усх. Еўропе і Расіі. У 1994 ЗША паспрыялі падпісанню ізраільска-іарданскага мірнага дагавора, а таксама звяржэнню ваен. дыктатуры на Гаіці; у 1995—96 удзельнічалі ў ваен. аперацыях НАТО у б. Югаславіі. Член ААН з 1945. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1991.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. У ЗША існуе двухпартыйная сістэма, якая ўзнікла ў 19 ст. і канчаткова аформілася пасля грамадз. вайны 1861—65. У паліт. жыцці краіны дамінуюць Дэмакр. і Рэсп. партыі, якія з’яўляюцца т.зв. выбарчымі партыямі. Сур’ёзнай апазіцыі ў ЗША няма. Сярод інш. партый, якія не адыгрываюць значнай ролі: маргінальныя ідэалагічныя партыі (камуністычная, Сац. партыя працы, Сац. партыя, кансерватыўная партыя), эфемерныя т.зв. трэція партыі (Прагрэсіўная партыя). Найб. прафс. аб’яднанне — Амер. федэрацыя працы — Кангрэс вытв. прафсаюзаў (АФП—КВП).

Гаспадарка. ЗША — самая высокаразвітая індустр.-агр. краіна свету. Яны даюць 21,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) свету (1994), на душу насельніцтва прыпадае 21,3 тыс. долараў. Асн. ч. валавога прадукту даюць прамысловасць і сфера паслуг. ЗША — буйнейшая прамысл. і с.-г. дзяржава, валодае самым вялікім навук.-тэхн. патэнцыялам, лідэр у шэрагу важнейшых кірункаў навук.-тэхн. прагрэсу. Уласныя рэсурсы задавальняюць патрэбы ў каменным вугалі, медзі, свінцы, малібдэне, фасфатах і многіх інш. відах мінер. сыравіны. Кобальт, хром, марганец, плаціна забяспечваюць патрэбы толькі часткова. Некат. віды сыравіны (стронцый, ніобій і інш.) імпартуюцца. У агульнай вытв-сці энергіі пераважаюць нафта (40,2%), прыродны газ (24,8%). Здабыча нафты 393 млн. т (1994). Найважнейшыя штаты па яе здабычы Тэхас, Аляска, Луізіяна, Каліфорнія; найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі «Эксан» і «Мобіл». Імпарт нафты 330 млн. т (з Канады, Мексікі, Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі). Здабыча прыроднага газу 538 млрд. м³ (1995), імпарт з Канады 79,3 млрд. м³ (1995). Асн. ч. каменнага вугалю здабываецца ў Апалачскім басейне, бурага вугалю і лігнітаў — у штаце Паўн. Дакота. Агульная яго здабыча 865,3 млн. т (1993), у т. л. каменнага вугалю 791,1 млн. т. Вугаль экспартуецца (штогод каля 80—100 млн. т) і адначасова імпартуецца з Калумбіі, Канады, Аўстраліі для электрастанцый Поўдня. Сумарная магутнасць электрастанцый больш за 700 млн. кВт, выпрацоўка электраэнергіі 2882,2 млрд. кВт∙гадз (1993).

ЦЭС даюць 60% электраэнергіі, АЭС — 22, ГЭС — 18%. Большасць АЭС працуе на Поўначы. У горных раёнах 1300 ГЭС, самая вялікая з іх Гранд-Кулі (магутнасць 10,8 млн. кВт) на р. Калумбія. Апрацоўчая прам-сць вызначаецца складанай структурай, вял. затратамі на н.-д. і доследна-канструктарскія работы, высокай спецыялізацыяй і высокім узроўнем прадукцыйнасці працы. Дае каля 18% ВУП. Дынамічна развіваюцца новыя навукова-ёмістыя галіны: радыёэлектронная, прыладабуд., авіяц. і ракетна-касм. прам-сць, вытв-сць станкоў з праграмным кіраваннем, гнуткіх аўтаматызаваных сістэм, прамысл. робатаў, абсталявання для АЭС, новых канструкцыйных матэрыялаў. На найноўшыя тэхналогіі пераводзіцца вытв. апарат традыц. галін — металургіі, агульнага машынабудавання, лёгкай, харч., дрэваапр. і інш. галін прам-сці. Найбуйнейшы машынабуд. комплекс (металаапрацоўка, агульнае і трансп. машынабудаванне, прыладабудаванне); найважнейшыя яго цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Дэтройт, Нью-Йорк, Філадэльфія, Кліўленд, Бостан. У вытв-сці аўтамабіляў (12 млн. шт., 1995) дамінуюць кампаніі «Джэнерал Мотарс», «Форд-мотар», «Крайслер» (з 1998 «Даймлер—Крайслер»). Асн. цэнтры аўтамабілебудавання ў раёне Вял. азёр. Асн. цэнтры авіякасм. прам-сці ў Каліфорніі, на Паўн. Усходзе і Поўдні. Усюды развіта вытв-сць станкоў, с.-г. машын, пад’ёмна-трансп. абсталявання. У радыёэлектроннай прам-сці (каля 30% сусв. вытв-сці) пераважае выпуск прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння; асн. цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Нью-Йорк, Бостан; найб. кампаніі «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс» і «Джэнерал электрык». Чорная і каляровая металургія рэканструююцца, скарачаецца колькасць прадпрыемстваў. Выплаўка сталі ў 1970—131,5 млн. т, у 1995—104,9 млн. т. Асн. раён здабычы жал. руды на З ад Верхняга воз. Каля 17—20 млн. т руды імпартуецца. Алюмініевыя прадпрыемствы ў басейнах рэк Калумбія і Тэнесі і ў штатах Тэхас і Луізіяна, вытв-сць 6563 тыс. т (1995). Іншыя прадпрыемствы каляровай металургіі (здабыча і выплаўка медзі, свінцу, цынку, малібдэну, хрому, вальфраму, золата, серабра і інш.) на горным Захадзе. ЗША займаюць вядучае месца ў свеце па вытв-сці мінер. угнаенняў, пластмас, хім. валокнаў, сінт. каўчуку і інш. Выпуск прадукцыі пераважна на Поўначы і Поўдні, гал. цэнтры Х’юстан (хім. сталіца), Чарлстан (штат Зах. Віргінія), Батан-Руж. На Поўдні на мясц. фасфарытах (пераважна штат Фларыда, здабыча 43,5 млн. т, 1995) вытв-сць фасфатных угнаенняў. Атамная прам-сць (здабыча і абагачэнне уранавых руд) у штатах Нью-Мексіка і Каларада, вытв-сць матэрыялаў, якія расшчапляюцца — у Ханфардзе, Ок-Рыджы, Падзьюцы. Добра развіта і мадэрнізавана тэкст., трыкат. і швейная прам-сць. Баваўняныя тканіны выпускаюць на Поўдні і ў Прыатлантычных штатах, шарсцяныя і шаўковыя — на Поўначы. Нью-Йорк — буйнейшы цэнтр швейнай прам-сці. Добра развіта харч. (1-е месца ў свеце), лясная прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, цэлюлозы, паперы — буйнейшая ў свеце). У сельскай гаспадарцы акрамя фермераў і членаў іх сем’яў працуе каля 1 млн. наёмных рабочых, вял. колькасць спецыялістаў і навук. супрацоўнікаў. Усяго ў агр.-прамысл. комплексе (АПК) занята 25 млн. чал. (1995). Асн. частку с.-г. прадукцыі даюць буйныя фермы індустр. тыпу (з гадавым абаротам больш за 100 тыс. дол.), іх доля ў агульнай колькасці фермаў каля 12%, у продажы с.-г. прадукцыі каля 75%. Характэрны высокі ўзровень механізацыі і хімізацыі сельскай гаспадаркі. Вял. ролю адыгрываюць аграпрамысл. аб’яднанні, у якіх вытв-сць с.-г. прадукцыі, яе перапрацоўка і збыт цесна звязаны. У структуры с.-г. угоддзяў (без Аляскі) на апрацаваныя землі, у т. л. ворыва, сады, вінаграднікі, сенажаці, прыпадае каля 22% усёй тэрыторыі, на пашы — каля 31%. Колькасць с.-г. фермаў зніжаецца (2072 тыс. ў 1995), сярэдні іх памер каля 200 га. Шырока выкарыстоўваюцца дасягненні навукі і высокай тэхналогіі. ЗША — вядучы экспарцёр с.-г. прадукцыі. Жывёлагадоўля і раслінаводства даюць адпаведна 50,5 і 49,5% даходаў фермаў. Асн. прадукцыя: мяса, малако, збожжа і соевыя зярняты. Вытв-сць (1995): збожжа 279 млн. т, у т. л. кукурузы 177 млн. т, пшаніцы 65,9 млн. т. Збор соевых зярнят 63 млн. т (1994; каля палавіны сусв. вытв-сці). Расце вытв-сць сорга і проса на кармавыя мэты — каля 16 млн. т штогод (чвэрць сусв. вытв-сці). Агародніцтва і садоўніцтва (апельсіны, яблыкі, грэйпфруты, міндаль, авакада, ананасы і інш.). Вял. зборы бавоўны (4,3 млн. т, 1995), тытуню, арахісу. Бульба (18,2 млн. т, 1993) пераважна ў штатах Айдаха, Арэгон. Пагалоўе (1995; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 103, свіней 60, авечак каля 9, коней 5,5. Развіта птушкагадоўля (каля 400 млн. курэй). У АПК склаўся малочны комплекс, працуюць т.зв. «фабрыкі малака». Прыазёрныя штаты — вядучыя па вытв-сці малака, сыру, масла. У штатах кукурузнага пояса вядзецца адкорм буйн. раг. жывёлы і свіней. Склаліся с.-г. раёны (паясы): малочнай жывёлагадоўлі, кукурузна-мясны, зернева-жывёлагадоўчы, тэхн. культур, субтрапічнага земляробства, збожжавы (пшанічны пояс), мясной жывёлагадоўлі (вырошчванне маладняку буйн. раг. жывёлы — Тэхас, Аклахома, Канзас, Небраска, Каліфорнія), агародніцтва (на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.), пашавай жывёлагадоўлі (горны Захад). Значныя параённыя адрозненні ў спецыялізацыі і ўзроўнях развіцця гаспадаркі. Паўн. Усход — найб. прамыслова развіты раён; Нью-Йорк — гал. фін. цэнтр свету. Нью-Йоркскі прамысл. раён — буйнейшы ў краіне. Сярэдні Захад дае 45—50% с.-г. прадукцыі ЗША, асабліва развіта вытв-сць пшаніцы, соі, кукурузы, мае 40% пагалоўя буйн. раг. жывёлы і 80% пагалоўя свіней. Чыкага — 2-і па значэнні гандл. і фін. цэнтр краіны. Поўдзень — гал. раён нафтагазавай прам-сці. Развіццё раёна апіраецца на багатыя прыродныя рэсурсы. Асабліва развіты нафтахім., авіякасм. і радыёэлектронная прам-сць. Захад — самы малады раён, мае вял. рэсурсны патэнцыял. Вызначаецца каляровай металургіяй, электратэхн., радыёэлектроннай і авіякасм. прам-сцю, агульным машынабудаваннем. Каліфорнія вызначаецца людскім, навук.-тэхн. і прамысл. патэнцыялам. Сфарміраваўся буйны Лос-Анджэлескі прамысл. раён.

Транспарт. Даўж. чыгунак каля 260 тыс. км, аўтадарог (разам з гарадскімі) 6,3 млн. км (больш за чвэрць сусв. сеткі). У краіне 146 млн. легкавых, 59 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1995). Аснову чыг. сеткі складаюць транскантынентальныя магістралі. Вял. значэнне маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па рэках Місісіпі, Агайо, Вял. азёрах, Берагавым канале. Танаж марскога гандл. флоту каля 25 млн. т. Буйнейшыя марскія парты — Нью-Йорк, Новы Арлеан, Х’юстан. Сетка нафтаправодаў (325 тыс. км) і газаправодаў (440 тыс. км) злучае раёны здабычы і спажывання нафты і газу. У перавозках пасажыраў вял. значэнне мае авіяцыя. У краіне 834 аэрапорты і аэрадромы. Аб’ём экспарту 4198,6 млрд. дол., імпарту 4323,3 млрд. дол. (1994). Больш як ⅔ знешняга гандлю прыпадае на развітыя краіны. У экспарце пераважаюць прамысл. абсталяванне, самалёты, аўтамашыны, радыёэлектроннае абсталяванне, ваен. тэхніка, хімікаты, кукуруза, соевыя зярняты, бавоўна, тутунь і тытунёвыя вырабы і інш. ЗША — буйны экспарцёр капіталу. У імпарце вядучае месца займаюць гатовыя вырабы, прамысл. сыравіна, каляровыя металы, нафта. Гал. гандл. партнёры — Канада, краіны Лац. Амерыкі (асабліва Мексіка і Бразілія), Зах. Еўропы, Японія, Кітай, Аўстралія і інш. Хутка развіваецца міжнар. турызм. Краіну наведваюць штогод больш за 40 млн. замежных грамадзян (з Канады, Зах. Еўропы, Японіі). Склаліся прыродна-рэкрэацыйныя раёны — Фларыда, Каліфорнія, Гаваі, Горныя штаты. Гандл. сувязі паміж ЗША і Беларуссю мала развіты. У асобныя гады ЗША набываюць на Беларусі невял. партыі трактароў, калійныя і азотныя ўгнаенні, тканіны, шыны для с.-г. машын; а Беларусь у ЗША — пшаніцу, кукурузу, выліч. машыны, гербіцыды, каўчук. Знешнегандл. абарот паміж Беларуссю і ЗША дасягнуў 212 млн. долараў (1996). Грашовая адзінка — долар ЗША.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва ўзбр. сіламі праз Савет нац. бяспекі і Мін-ва абароны, непасрэдны кіраўнік — міністр абароны, рабочы і дарадчы орган — аб’яднаны к-т начальнікаў штабоў. Практычная рэалізацыя загадаў кіраўніцтва ўскладзена на аб’яднаныя камандаванні ўзбр. сіл: функцыян. (стратэг., касм., спец. аперацый і інш.) і рэгіянальныя, ці геагр. (у зонах Ціхага і Атлантычнага акіянаў, Еўропы, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі і інш.). У 1997 узбр. сілы налічвалі больш за 3,1 млн. чал., у т. л. нац. гвардыя і боегатовы рэзерв 1,6 млн. чал., цывільныя служачыя — 800 тыс. Падзяляюцца на стратэг. сілы (сілы і сродкі сухап. войск, ВПС і ВМФ, аператыўна падпарадкаваныя стратэг. камандаванню) і сілы агульнага прызначэння (уключаюць усе сілы няядз. ўздзеяння). На ўзбраенні каля 7,6 тыс. ядз. боегаловак, у т. л. марскога базіравання 3,6 тыс., наземнага — 2,4 тыс., паветр. — 1,6 тыс. У сухап. войсках каля 500 тыс. чал., больш за 10,5 тыс. танкаў, 8,5 тыс. артыл. сродкаў, 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС каля 400 тыс. чал., больш за 3 тыс. баявых самалётаў. У ВМФ (разам з марской пяхотай) больш за 600 тыс. чал., каля 500 баявых караблёў і суднаў. У адпаведнасці з нац. ваен. стратэгіяй і міжнар. дагаворамі ваен. прысутнасць ЗША у Еўропе значна скарацілася. Сілы агульнага прызначэння ў Еўропе ў 1997 складаліся з 2 дывізій і брыгады (у 1990 — адпаведна 4 і 3), якія ўключалі 60 тыс. чал., 402 танкі, 216 баявых самалётаў, 245 артыл. сістэм і інш. баявую тэхніку. Узбр. сілам ЗША належыць ключавая роля ў НАТО (у 1996—58,1% усіх ваен. расходаў блока). Доля ваен. расходаў у валавым нац. прадукце краіны складала 3,6%, у бюджэце — 17,3% (1996). У рамках праграм «Партнёрства дзеля міру», «Ваенныя — ваенным» і інш. развіваецца супрацоўніцтва Узбр. сіл Беларусі і ЗША.

Ахова здароўя. Сістэма дзярж. аховы здароўя грунтуецца на спец. праграмах. У рамках сац. страхавання выплачваюцца пенсіі, дапамогі сем’ям застрахаваных, па інваліднасці, па хваробе, пажылым людзям. Такія паслугі фінансуюцца за кошт узносаў, якія выплачваюць у аднолькавым памеры і працанаймальнікі і работнікі (кантралююцца федэральнымі ўладамі). Элементам гэтай сістэмы з’яўляецца мед. страхаванне (праграма Медыкар, з 1966), якое ўключае бальнічнае і пазабальнічнае добраахвотнае страхаванне (дадатковы ўзнос). Такой праграмай ахоплены людзі, якім 65 і больш гадоў, а таксама маладзейшыя, калі яны 2 апошнія гады мелі права на сац. дапамогу. Праграмай Медыкэйд карыстаюцца людзі пажылыя, з фіз. недахопамі, сем’і беспрацоўных з дзецьмі. Праграма ўваходзіць у склад больш шырокага ўрадавага праекта (1972), які фінансуецца з бюджэту. Кампенсацыі з прычыны страты здароўя або смерці з-за выпадку на працы залежаць ад памераў заработнай платы і выплачваюцца ва ўсіх штатах. Федэральны ўрад выплачвае кампенсацыі шахцёрам і іх сем’ям з прычыны страты здароўя. Апрача таго, кожны грамадзянін і прадпрыемства для сваіх супрацоўнікаў могуць выкупіць прыватныя страхавыя мед. полісы (маюць падатковыя льготы) або заявіць аб удзеле ў Арганізацыі аховы здароўя. Прыналежнасць да яе і аплата ўзносаў даюць права на атрыманне бясплатных мед. паслуг. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73, жанчын 79 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 223 чал., урачамі — 1 на 391 чал. Узровень нараджальнасці 15 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ЗША уключае дзярж. і прыватны сектары, куды ўваходзяць дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, ВНУ розных узроўняў. Многія дзеці пачынаюць навучанне ў дзіцячых садах. У ЗША каля 74 тыс. пач. школ, каля 25 тыс. сярэдніх і каля 6,8 тыс. камбінаваных. Працягласць навучання ў агульнаадук. школе звычайна 12 гадоў (з 6-гадовага ўзросту). У большасці штатаў абавязковае навучанне да 16-гадовага ўзросту, у некаторых — да 18-гадовага. Пач. школа — 1—6-ы кл. Сярэдняя школа ў большасці акруг падзяляецца на малодшую (7—9-ы кл.) і старэйшую (10—12-ы кл.). Асн. прынцыпы навучання ў сярэдніх школах — свабодны выбар вучнямі (асабліва старэйшых класаў) навуч. дысцыплін. З 9-га кл. складаецца некалькі праграм навучання, якія супадаюць з профілямі старэйшай школы, дзе праводзіцца дыферэнцыраванае навучанне дзяўчат і юнакоў ва ўзросце 16—18 гадоў. У адпаведнасці з праграмамі адрозніваюць 3 профілі навучання: акадэмічны (накіраваны на падрыхтоўку для паступлення ў каледжы), прафесійны (дае практычныя веды для ўладкавання на работу), агульны (не дае спец. падрыхтоўкі). Каля 65% выпускнікоў сярэдніх школ паступае ў каледжы або ун-ты. У ЗША больш за 3,3 тыс. каледжаў і ун-таў (1994). Малодшыя (мясцовыя) 2-гадовыя каледжы фінансуюцца мясц. ўладамі і разлічаны на задавальненне мясц. патрэб у спецыялістах. Пасля заканчэння 4-гадовых ВНУ — ун-таў ці самастойных каледжаў прысуджаецца ступень бакалаўра; пры дадатковым навучанні на працягу 1—2 гадоў — ступень магістра. Існуюць тэхн. ін-ты, прафес. школы, якія не прысуджаюць ступень бакалаўраў (выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю тэхнікаў).

Буйнейшыя універсітэты: Гарвардскі універсітэт, Іельскі універсітэт, Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Каліфарнійскі універсітэт, Чыкагскі універсітэт, Пенсільванскі (з 1740) у Філадэльфіі, Прынстанскі (з 1746), Мічыганскі (з 1817) у г. Ан-Арбар, Вісконсінскі (з 1848) у г. Мадысан, Корнелскі (з 1865) у г. Ітака, Ілінойскі (з 1867) у г. Эрбана, Станфардскі (з 1891) і інш. Ун-ты, а таксама мін-вы і ведамствы федэральнага ўрада, прамысл. фірмы ЗША і розных тыпаў беспрыбытковыя арг-цыі ўваходзяць у структуру арг-цый, якія фінансуюць і праводзяць навук. даследаванні. Найб. перспектыўныя кірункі навук. даследаванняў у галіне фундаментальнай навукі вызначае Нац. навук. фонд ЗША (з 1950), экспертамі якога з’яўляюцца вядучыя вучоныя. На каардынацыю навук. дзейнасці таксама аказвае ўплыў Нац. акадэмія навук ЗША (з 1863) у Вашынгтоне. 60% усіх фундаментальных даследаванняў выконваюць ВНУ, дзе сканцэнтравана каля 70% дактароў навук. Асаблівасць арг-цыі навукі ў ЗША — правядзенне фундаментальных даследаванняў у н.-д. цэнтрах і лабараторыях ВНУ (у асноўным у вядучых ун-тах). Гэта дае магчымасць хутка ўключаць вынікі даследаванняў у навуч. праграмы і прыцягваць да навук. дзейнасці найб. здольных студэнтаў. Фінансуюцца н.-д. групы з уласных фондаў ун-таў і за кошт сродкаў па кантрактах з дзярж. ўстановамі і прамысл. фірмамі. Буйныя навук. ўстановы мае Нац. ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касм. прасторы (НАСА), у т. л. Эймскі н.-д. цэнтр (г. Маўнтын-В’ю, штат Каліфорнія), н.-д. цэнтр Лэнглі (г. Хэмптан, штат Віргінія) і інш. Упраўленню энергет. даследаванняў і распрацовак належаць н.-д. лабараторыі: Аргонская, Радыяц. імя Лоўрэнса, Лос-Аламоская, Сандыя (г. Альбукерке) і інш. Значную сетку ін-таў і лабараторый маюць Мін-вы аховы здароўя, адукацыі, сац. забеспячэння, сельскай гаспадаркі і інш. Н-д. работы ў многіх галінах прыродазнаўства праводзяць ін-ты Смітсанаўскага комплексу (г. Вашынгтон), які мае статус карпарацыі. Усе буйныя прамысл. фірмы маюць н.-д. цэнтры і лабараторыі. Больш за 60% аб’ёму н.-д. і доследна-канструктарскіх работ (НДДКР) у прам-сці сканцэнтравана ў цэнтрах і лабараторыях карпарацый, больш за 20% сродкаў, укладзеных прамысл. фірмамі ў сферу НДДКР, прыпадае на буйнейшыя карпарацыі, у т. л. «Джэнерал мотарс», «Джэнерал электрык», «Форд мотар», IBM (займаецца распрацоўкай, вытв-сцю і абслугоўваннем ЭВМ) і інш. Асобную групу н.-д. арг-цый складаюць беспрыбытковыя арг-цыі розных тыпаў (н.-д. лабараторыі пры галіновых прамысл. асацыяцыях, розныя дабрачынныя фонды, арг-цыі, створаныя для кіравання буйнымі ўрадавымі, прыватнымі або змешанымі праектамі ў пэўнай галіне ведаў і інш.). Найб. бібліятэкі: Б-ка Кангрэса, нац. б-кі медыцыны і сельскай гаспадаркі, публічныя — у Бостане (з 1852), Лос-Анджэлесе і Чыкага (з 1872), Нью-Йорку (з 1895), б-кі ун-таў і інш. Найб. музеі: Метраполітэн-музей у Нью-Йорку (творы мастацтва Стараж. Егіпта, Вавілона, Грэцыі, Рыма, Блізкага і Д. Усходу і Еўропы), Нац. музей ЗША, Нац. галерэя прыгожых мастацтваў (з 1846), Нац. галерэя мастацтваў (з 1937), Нац. партрэтная галерэя (з 1962) — усе ў Вашынгтоне, Музей сучаснага мастацтва ў Нью-Йорку, Музей натуральнай гісторыі ў Чыкага (збор акамянеласцей дагістарычных жывёл, экспазіцыя эвалюцыі чалавека), Бостанскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Фрыка (збор карцін еўрап. майстроў 14—19 ст.), Музей Саламона Р.​Гугенгайма (збор твораў абстракцыянізму), Марскі музей (з 1930) у штаце Віргінія, Смітсанаўскі ін-т — комплекс, які аб’ядноўвае н.-д. ін-ты, маст. галерэі, заапарк, Арлінгтанскія мемарыяльныя могілкі (пахаваны вядомыя дзярж. і ваен. дзеячы краіны, а таксама салдаты, што загінулі ў войнах).

Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычны друк ЗША мае пераважна лакальны характар, за выключэннем некалькіх агульнанац. выданняў: штодзённыя газеты «New York Times» («Нью-Йоркскі час», з 1851), «Washington Post» («Вашынгтонская пошта», з 1877), «Los Angeles Times» («Лос-Анджэлескі час», з 1881), «The Wall Street Journal» («Газета Уолстрыт», з 1889), «Christian Science Monitor» («Настаўнік хрысціянскіх ведаў», з 1908). Першай агульнанац. штодзённай газетай была «USA Today» («ЗША сёння», з 1982). У 1993 43 штодзённыя газеты мелі тыраж больш за 250 тыс. экз. кожная. У 1992 выходзіла 1570 штодзённых газет агульным тыражом каля 60 млн. экз. у дзень, а таксама больш за 890 нядзельных выданняў агульным тыражом каля 62 млн. экз. (многія з іх маюць аб’ём больш за 300 старонак). У 1992 выходзіла больш за 7430 штотыднёвых выданняў агульным тыражом больш за 56 млн. экз. Існуюць выдавецкія групы і канцэрны. У 1992 20 буйнейшых (паводле тыражу) выдавецкіх груп выдавалі 519 штодзённых газет, тыраж якіх складаў амаль 60% дзённага тыражу ўсяго амер. друку. Найб. значныя: «Доу Джонс энд компані», «Трыбюн компані», «Ганет компані», «Таймс—Мірар». Буйнейшыя агенцтвы друку: Асашыэйтэд Прэс (з 1848) і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал, засн. ў 1958 у выніку аб’яднання Юнайтэд Прэс (з 1907) і Інтэрнэшанал Ньюс Сервіс (з 1909).

Радыё пачало дзейнічаць з 1920 у г. Пітсбург. Існуюць камерцыйныя і некамерцыйныя радыёвяшчальныя сеткі, аб’яднаныя ў буйныя кампаніі: «Нэшанал бродкастынг компані» (з 1926), «Каламбія бродкастынг сістэм», «Мючуэл бродкастынг сістэм» (з 1934), «Амерыкан бродкастынг компані» (з 1944), якая ў 1986 ператворана ў «Кэпітал сітыс» («Амерыкан бродкастынг компаніс», мае ўласную радыёвяшчальную сетку). Некамерцыйныя кампаніі: «Амерыкан паблік рэйдыо», «Нэшанал паблік рэйдыо» (прыватная карпарацыя). Дзейнічаюць таксама радыёстанцыі, якія вядуць перадачы на замежных мовах і на тэр. ЗША, і па-за іх межамі: «Рэйдыо стэйшэн» «Войс оф Фрэндшып» (з 1939), «Войс оф Амерыка» (з 1942).

Рэгулярная трансляцыя праграм тэлебачання ў ЗША вядзецца з 1939, першая тэлевізійная сетка створана ў 1949. У 1953 зацверджана адзіная сістэма каляровага тэлебачання — Нэшанал тэлевіжэн сістэм каміты, першая станцыя гэтай сістэмы пачала вяшчанне ў 1956 у г. Чыкага. Буйнейшыя тэлевізійныя карпарацыі — Эн-Бі-Сі-ТБ, Сі-Бі-Эс-ТБ, Эй-Бі-Сі-ТБ. Камерц. кабельная сетка дзейнічае ў рамках карпарацыі «Тэрнер бродкастынг», якой належаць каналы «Кайбл ньюс нетуарк» (CNN), Ці-Эс-Бі (забаўляльныя праграмы і фільмы), Ці-Эн-Ці (мультфільмы для дзяцей і некамерцыйныя фільмы); «Мультымедыя кейблвіжэн». Грамадскае тэлебачанне — «Паблік бродкастынг сервіс» (PBS) — фінансуецца прыватнымі абанентамі і ўрадавымі фондамі.

Літаратура. Першыя на кантыненце англамоўныя празаічныя творы з’явіліся ў 17 ст. ў англ. калоніях Новы Плімут і Віргінія. Л-ра ранняга каланіяльнага перыяду (1607—1700) зазнала моцны ўплыў пурытанізму, які ў той час панаваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, і мела пераважна рэліг.-маралізатарскі характар. Асн. літ. жанр — багаслоўскія трактаты, пропаведзі і памфлеты, а таксама дзённікі, мемуары і гіст. творы пра жыццё калоній. Важную ролю ў развіцці нац. л-ры адыграла творчасць рэв. асветнікаў эпохі вайны за незалежнасць 1775—83 (Ф.​Фрэно, Б.Франклін, Т.​Пейн, Х.Джэферсан), якая вызначалася баявым, палемічным характарам (асн. жанры — паліт. памфлет і рэв. паэзія). Працэс фарміравання нац. амер. л-ры завяршыўся ў эпоху рамантызму (1-я пал. 19 ст.), які ў сваім развіцці прайшоў 2 этапы. 1-ы («ранні») перыяд прыпадае на 1820—30-я г. У 1820 у «Кнізе эскізаў» В.​Ірвінга ўпершыню адлюстраваны рысы нац. амер. светаадчування, своеасаблівасць эстэтыкі амер. рамантызму: іранічная трактоўка традыц. рамант. сюжэтаў («Жаніх-прывід», «Легенда пра Сонную лагчыну»), адметнасць амер. гістарызму (цікавасць не столькі да гіст. падзей, колькі да іх уплыву на нар. жыццё), натывізм. Амер. рамантызм стварыў сваю філасофію — трансцэндэнталізм (літ. група «Маладая Амерыка»), буйнейшымі прадстаўнікамі якой былі Р.​У.​Эмерсан і Г.Д.Тора. Пісьменнікі 2-га («позняга») перыяду рамантызму (1840—50-я г., Г.Мевіл, Н.Хотарн, Э.По) успрымалі амер. рэчаіснасць трагічна; зло, што існуе ў жыцці, разглядалі як спрадвечнае, непахіснае, пераможнае. У сярэдзіне 19 ст. пашырылася абаліцыянісцкая літаратура (Г.Бічэр-Стоу, Г.У.Лангфела і інш.). Вял. ролю ў развіцці нац. амер. л-ры адыграла творчасць У.Уітмена, паэта-дэмакрата, які прапаведаваў роўнасць усіх людзей і рэчаў і здолеў надаць гэтай дэмакратыі касмічны, сусветны маштаб. Яго паэзія дала пачатак традыцыі белага верша ў паэзіі ЗША, якую ў 20 ст. прадоўжылі А.​Гінзберг, У.​Стывенс, У.​К.​Уільямс. Самабытная паэзія Э.Дзікінсан таксама атрымала прызнанне толькі ў 20 ст. У 1870-я г. рэаліст. тэндэнцыі развівалі Г.Джэймс і У.​Дз.​Хоўэлс. Найб. значэнне для станаўлення рэаліст. прозы мела творчасць М.Твэна. Яго раман «Прыгоды Гекльберы Фіна» адметны актуальнасцю праблематыкі, тыповасцю вобразаў, шырынёй сац. абагульнення і сац. канфлікту, набыў характар нацыянальнага і стаў вызначальным для амер. рэаліст. л-ры. Мяжа 19—20 ст. адзначана прыходам пісьменнікаў, якія імкнуліся да глыбіннага даследавання жыцця краіны і рэаліст. яго адлюстравання, часам з натуралістычным (С.​Крэйн, Ф.​Норыс) або рамант. ці сатыр. адценнем (Дж.Лондан, А.Г.Бірс, О.Генры). Творчасць Т.Драйзера ў многім акрэсліла кірунак амер. л-ры 1-й пал. 20 ст. У сваіх творах ён паслядоўна даследаваў феномен «амер. мары», які вызначаў нац. амер. свядомасць і псіхалогію. 1920-я г. — час росквіту рэаліст. (Ш.Андэрсан, С.Льюіс, Э.Сінклер, Э.Хемінгуэй, Ф.С.Фіцджэральд, Дж.Дос Пасас і інш.) і мадэрнісцкай (Ю.О’Ніл, У.Фолкнер, Г.​Стайн, Т.С.Эліят, Э.​Паўнд і інш.) л-ры. Значнай з’явай у літ. жыцці краіны стала стварэнне т.зв. «паўд. школы» амер. рамана, прадстаўнікі якой услаўлялі былую веліч Поўдня, еднасць чорных і белых («паўд. міф»), Асн. ідэяй творчасці Фолкнера, Т.К.Вулфа, Ф.​О’Конар, Э.Колдуэла, К.Мак-Калерс, Р.​П.​Уорэна, К.​А.​Портэр стала непрыманне бурж. адносін і ладу жыцця. Заснавальнікам сучаснай амер. драматургіі з’яўляецца О’Ніл. Развівалася інтэлектуальная (Эліят, Паўнд, Стывенс) і грамадская (Уільямс, Х.​Крэйн, Р.​Фрост) паэзія.

У 1930-я г. ў сувязі з Вял. дэпрэсіяй у Амерыцы і пашырэннем фашызму ў Еўропе амер. л-ра становіцца больш леварадыкальнай і востракрытычнай у ацэнках амер. паліт. сістэмы: «Гронкі гневу» Дж.Э.Стэйнбека, «Мець і не мець» Хемінгуэя, гіст. раманы Г.​Фаста. Асаблівасцю амер. рамана пра 2-ю сусв. вайну стала выкрыццё фашызму і рэакцыйных зрухаў у жыцці краіны, якія могуць прывесці да ўзнікнення дыктатуры і таталітарызму (раманы Н.​Мейлера, Дж.​Джонса, Дж.​Р.​Херсі, І.Шоу, К.Вонегута). У 1950-я г. асн. тэмай рэаліст. і мадэрнісцкай л-ры стала адчужэнне асобы ў бездухоўным грамадстве: «Над безданню ў жыце» Дж.Д.Сэлінджэра, «Лугавая арфа» Т.​Капотэ. У пач. 1960-х г. новыя тэндэнцыі ў л-ры звязаны з ідэяй маральнага ўзвышэння чалавека: «Гадзіннік без стрэлак» Мак-Калерс і «Зіма трывогі нашай» Стэйнбека, раманы Колдуэла, творы Дж.Апдайка. У пасляваенныя часы аформіўся і своеасаблівы пласт духоўнага жыцця — масавая літаратура. У 1970-я г. ў л-ры ЗША — пара аналізу, што абапіраецца на рэаліст. традыцыі 20 ст. і падмацоўваецца эмацыянальнай напружанасцю антываен., антырасісцкага і антыманапалістычнага рухаў (раманы Дж.​Чывера, Дж.​Хелера, У.​Стайрана, Вонегута, Мейлера, Э.​Л.​Доктараў, Г.Відала, Дж.​К.​Оўтс). Значнае месца ў пасляваен. л-ры займае філас. раман, адметны імкненнем да глыбіннага асэнсавання быцця, пераацэнкі традыцыйных ідэйна-эстэт. і этычных каштоўнасцей (Т.Уайлдэр, Херсі, Уорэн, Дж.Гарднер, Стайран). Своеасаблівае адлюстраванне супярэчнасцей і складанасцей быцця — постмадэрнісцкая л-ра, якая на невырашальнасць жыццёвых праблем адказвае гульнёй, карнавалам масак, эстэтычным хаосам (Дж.​Барт, Т.​Пінчан, Д.​Бартэльм, П.​Донліві, М.​Макарці). Л-ру ЗША 2-й пал. 20 ст. прадстаўляюць таксама навук. фантасты А.Азімаў, Р.Брэдберы. У галіне драматургіі вылучыліся Х.Уільямс, А.​Мілер і інш. Стан сучаснай амер. л-ры вызначаюць пісьменнікі Т.​Морысан, Дж.​Смайлі, Дж.​Гамільтан, Р.​Бэнкс, П.​Остэр і інш.

Першыя пераклады на бел. мову амер. л-ры з’явіліся ў 1920-я г. У 1926 выдадзены апавяданні Лондана, 4 раздзелы «Песні пра Гаявату» Лангфела; у 1927 — «Песня пра вольны шлях» Уітмена ў перакладзе А.​Мардзвілкі; у 1928 — зб. паэзіі «Кветкі з чужых палёў» (пер. Ю.​Гаўрук). У 1930—40-я г. асобнымі выданнямі на бел. мове выйшлі «Маленькі старацель» Б.​Гарта, «Пракляты агітатар» М.​Голда, «Трое парасятак» У.​Дыснея, «Апошні з магікан» Дж.​Ф.​Купера, «Незвычайны адрывак», «Бук — паштовы сабака», «Забаставаў», «Кулі», «Белы ікол» (пад назвай «Белы Клык»), «Сказанне аб Кішы», «Смок Белью» Лондана, «Прыгоды Тома Соера», «Прыгоды Гекльберы Фіна», «Прынц і жабрак» Твэна, «Дзесяць дзён, якія ўзварухнулі свет» Дж.​Рыда, «Злодзей», «Аўтамабільны кароль», «No pasaran!» — «Яны не пройдуць!» Сінклера. У 1969 выйшаў «Спеў пра Гаявату» Лангфела (пер. А.​Куляшоў), у 1971 — зб. «Утаймаванне веласіпеда» (апавяданні Андэрсана, Брэдберы, Колдуэла, Хемінгуэя, Р.​Шэклі, Твэна), у 1978 — вершы Уітмена (зб. «Лісце травы», пер. Я.​Сіпакоў). Асобныя вершы К.​Сэндберга, Фроста, Голда пераклаў Я.​Семяжон. З 1982 у альманаху «Далягляды» публікаваліся асобныя творы Дж.​О’Хары, Мак-Калерс, Гарднера (пер. У.​Шчасны), Бірса (пер. А.​Кудраўцаў), У.​Сараяна (пер. І.​Сляповіч), Брэдберы (пер. М.​Кандрусевіч), Андэрсана (пер. М.​Чыкалава), эсэ Фолкнера і Стэйнбека. Розныя перыяд. выданні змяшчалі апавяданні Брэдберы, Вонегута, Відала, Кларка, Колдуэла, Ф.​Баноскі ў перакладах А.​Асташонка, С.​Дорскага, Л.​Чарнышовай. У серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» выдадзены «Па кім звоніць звон» Хемінгуэя (1991, пер. В.​Небышынец), «Гронкі гневу» Стэйнбека (1993, пер. Дорскі) і інш.

Архітэктура. У дакалумбаў час былі пашыраны пабудовы мясц. індзейскіх плямён: ярусныя дамы-селішчы (пуэбла), паўпадземныя свяцілішчы (ківа) з фігурнымі і арнаментальнымі размалёўкамі і інш. З 16 ст. на тэр. ЗША укараняецца еўрап. буд. традыцыя. Ствараюцца ўмацаваныя будынкі місій і храмаў з лаканічнымі формамі і разнымі парталамі, з адчувальным уплывам індзейскага і мекс. мастацтва. З канца 17 ст. пачалася рэалізацыя планаў гар. забудовы на аснове прамавугольных схем (план г. Філадэльфія, 1682). У канцы 18 ст. ў архітэктуры пануюць формы і прынцыпы класіцызму (пабудовы Ч.​Булфінча, Т.​Джэферсана і інш.). У 1790-х г. пачалося буд-ва новай сталіцы — Вашынгтона. З 1840-х г. дамінуюць псеўдаготыка і эклектызм, у масавай забудове — рацыянальныя тыпы канструкцый (метал, каркас у пабудовах інж. Дж.​Богардуса). У 1880—90-я г. ўзнік новы тып пабудовы — шматпавярховы небаскроб (будынак Рылаенсбілдынг у Чыкага, 1890—94, арх. Д.​Х.​Бёрнем, Дж.​У.​Рут; пабудовы У. Ле Барана Джэні). Архітэктар Л.​Салівен распрацаваў новыя архітэктанічныя прынцыпы вышыннага будынка, дзе рацыянальная канструкцыя набыла эстэт. сэнс (Аўдыторыум у Чыкага, 1887—89). Гэтай тэндэнцыі супярэчыла захапленне многіх архітэктараў архаічнымі матывамі. У 1920-я г. Ф.​Л.​Райт прадаўжаў распрацоўваць прынцыпы арган. архітэктуры, імкнуўся дасягнуць гармоніі пабудоў з прыродным асяроддзем. У 1930-я г. замацоўваецца функцыяналізм (102-павярховы будынак Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку, 1930—31, і інш.). У 1940—50-я г. Л.Міс ван дэр Роэ будаваў небаскробы на аснове простых геам. форм і шкляной абалонкі (жылыя дамы ў Чыкага, 1951, і канторскія будынкі ў Нью-Йорку, 1956—58). Адначасова шэраг архітэктараў звярнуўся да неакласіцызму («Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку, 1962—68, арх. У.​К.​Харысан, М.​Абрамовіц, Ф.​Джонсан, Э.​Саарынен і інш.). На развіццё архітэктуры 1950—60-х г. найб. ўплыў зрабіла творчасць Ф.​Л.​Райта (Музей Саламона Р.​Гугенгайма ў Нью-Йорку, 1956—59), Саарынена (аэрапорт імя Кенэдзі ў Нью-Йорку, 1962), Л.​Кана (мед. лабараторыі Пенсільванскага ун-та, Філадэльфія, 1957—61), шарападобныя канструкцыі Р.​Б.​Фулера. З канца 1970-х г. пашырылася архітэктура постмадэрнізму.

Выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. ЗША развіваліся маст. культуры мясц. індзейскіх плямён. 9—4-м тысячагоддзямі да н.э. датуюцца наскальныя размалёўкі, дробная каменная пластыка, абагульнена трактаваныя каменныя галовы. З 4 ст. н.э. вядомы малюнкі на кераміцы з геам. і зааморфнымі ўзорамі, фігурныя пасудзіны, каменныя, гліняныя, драўляныя выявы людзей і жывёл, гліняныя люлькі ў выглядзе стылізаваных зааморфных фігур. Да 20 ст. захаваліся паліхромная разьба па дрэве ў абарыгенаў паўн.-зах. ўзбярэжжа, узорыстае ткацтва і малюнкі з каляровага пяску ў плямён паўд. захаду, размалёўка адзення і палатак (тыпі), аздабленні з пер’я ў плямён прэрый. Стараж. маст. традыцыі найб. захаваліся на Пн ЗША у алеутаў і эскімосаў. З пачаткам каланізацыі развіваецца еўрап. маст. культура. Партрэтны жывапіс 17—18 ст. вылучаўся наіўным імкненнем да дакладнасці адлюстравання, стылізаванымі формамі. У сярэдзіне 18 ст. Г.​Хеселіус, Дж.​Смайберт, Р.​Фік стваралі рэаліст. партрэты каланістаў і індзейцаў. У творах Дж.С.Коплі ўвасобіўся ідэал энергічнага, гордага амерыканца. Б.Уэст ствараў палотны ў акад. стылі. На пач. 19 ст. тэндэнцыі рамантызму знайшлі адлюстраванне ў творах У.​Олстана, Т.Салі, у краявідах мастакоў «школы ракі Гудзон», дзе панаваў дух першаадкрывальніцтва і асваення новых абшараў (Т.​Коўл, Дж.​Ф.​Кенсет і інш.). Развіваўся парадны партрэт (Дж.​Нігл, С.​Морзе). У 1-й пал. — сярэдзіне 19 ст. рэаліст. кірункам вылучаюцца творы У.​С.​Маўнта, Дж.​Бінгема, І.​Джонсана, Дж.​Піла, прымітывізм уласцівы творам Э.​Хікса. У 2-й пал. 19 ст. ў творчасці У.​Хомера (сцэны грамадз. вайны, побыту паляўнічых і рыбакоў) і Т.Эйкінса (сцэны гар. жыцця) сцвярджаюцца асновы рэаліст. школы. Развіццё амер. жывапісу вызначае еўрап. мастацтва: Дж.Інес працаваў у традыцыях барбізонскай школы, М.​Кэсет — імпрэсіянізму, А.​Райдэр — сімвалізму. Сярод вядомых мастакоў: жывапісцы Дж.​Уістлер (псіхал. партрэты з сімвалічнай колернай гамай), Дж.​Сарджэнт (выдатны каларыст, майстар партрэта), скульптар А.​Сент-Годэнс (рэаліст. партрэты, помнікі, надмагіллі). У рэчышчы неакласіцызму працавалі скульпт. Х.​Грынаў, Х.​Паўэрс, Э.​Д.​Палмер. З пач. 20 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі рэаліст. мастацтва ў творчасці мастакоў «школы скрыні для смецця» (Дж.Слоўн, Дж.Белаўз і інш.), жывапісцаў Р.Кента, Э.​Хопера, скульпт. Дж.Эпстайна, У.​Зораха і інш. Пад уплывам еўрап. авангардысцкіх пошукаў мастакі пачалі працаваць у кірунках дадаізму (М.​Рэй), футурызму (Дж.​Стэла), абстракцыянізму (А.​Доў, С.​Дэйвіс), амер. версіі кубізму (Ч.​Шылер). У 1930-я г. ў ЗША пераехалі лідэры сюррэалізму (С.Далі, І.​Тангі); сюррэалізм развіваецца ў творчасці Дж.​О’Кіфа, О.​Пікенса, А.​Олбрайта. У 1940-я г. сцвярджаецца абстрактны экспрэсіянізм (жывапісцы Дж.Полак, А.​Горкі, В. дэ Кунінг, М.​Ротка, скульпт. А.Колдэр, Д.​Сміт, Р.​Ліпалд, Ф.​Клайн), які адлюстроўваў напружаны характар амер. жыцця і пошукі аўтэнтычнасці поліэтнічнага грамадства. У 1950—60-я г. развіваецца поп-арт (Р.​Раўшэнберг, Дж.​Джонс, Э.​Уорхал, Р.​Ліхтэнстайн) як спроба эстэтызацыі масавай культуры і банальнага асяроддзя. Мастакі оп-арту (Т.​Сміт, Э.​Келі) будавалі творы на аптычных эфектах. На пач. 1970-х г. узнік гіперрэалізм (фотарэалізм) з яго ілюзіяністычным адлюстраваннем рэчаіснасці (Ч.​Клоўз, Р.​Маклін). Найноўшыя тэндэнцыі ўвасабляе канцэптуальнае мастацтва (лэнд-арт, бодзі-арт і інш.), у якім найважнейшым з’яўляецца сутнасць эстэт. факта, а не яго матэрыялістычная рэалізацыя.

Музыка. Муз. культура ЗША фарміравалася ў працэсе складанага ўзаемадзеяння паміж муз. традыцыямі еўрапейцаў-імігрантаў, пазней — неграў-нявольнікаў з Афрыкі і спрадвечнымі традыцыямі Амер. кантынента (пераважна муз. фальклор індзейцаў). Спалучэнне і ўзаемаўплыў гэтых пластоў і склалі аснову амер. прафес. муз. мастацтва. У побыце перасяленцаў былі пашыраны пурытанскія псалмы і гімны. У 1781 пастаўлены адзін з першых прафес. муз. твораў — аратарыяльнае дзейства «Незалежная Амерыка, або Храм Мінервы» Ф.​Хопкінсана. У канцы 18 ст. ўзнік т.зв. рух хар. школ на чале з У.​Білінгсам і інш. кампазітарамі-паўпрафесіяналамі, у творчасці якіх склаліся новыя, тыповыя для ЗША, рэліг. хар. гімны (т.зв. белыя госпелы, спірычуэлы). Адначасова распаўсюджвалася музыка прафес. кампазітараў — эмігрантаў з Еўропы. У фарміраванні нац. рыс амер. музыкі важную ролю адыгралі вандроўныя муз.-драм. трупы, т.зв. плывучыя т-ры (на параходах), т-ры менестрэляў (узніклі ў 1820-я г. на Пд ЗША), якія спалучалі англа-кельцкія нар. балады і гар. жанравыя песенькі з негрыцянскім муз. і танц. мастацтвам. З гэтых муз.-тэатр. відовішчаў пазней развіліся розныя нац. муз. жанры, у т. л. спірычуэл (сярод буйнейшых выканаўцаў П.Робсан, М.Джэксан, М.Андэрсан), блюз (У.​Хэндзі, Б.​Сміт, Дж.Джоплін), рэгтайм (С.Джоплін) і інш. У сярэдзіне 19 ст. ўзніклі шматлікія духавыя аркестры («бэнды») і хары, сімф. аркестры, муз. навуч. ўстановы і т-вы, у развіццё якіх вял. ўклад зрабіў Л.​Мейсан. У 1883 у Нью-Йорку адкрыты т-р «Метраполітэн-опера» Сярод кампазітараў канца 19 — пач. 20 ст. Х.​Паркер, Дж.​Пейн, Дж.​Чэдвік, А.​Фуг (т.зв. нова-англ., ці бостанская школа). Блізкі да іх адзін з заснавальнікаў амер. прафес. музыкі З.Мак-Доўэл. Вял. ўклад у развіццё амер. муз. культуры зрабіў кампазітар і педагог А.Дворжак. Шматлікія муз. традыцыі ЗША абагульніў у сваёй творчасці Ч.Айвз. У 1920-я г., нягледзячы на ўплыў франц. імпрэсіянізму, у творах амер. кампазітараў У.Пістана, Р.​Харыса, А.Копленда, Дж.​Антэйла, Э.​Сігмейстэра, Г.Каўэла, К.​Раглса, Р.​Сешнса, У.​Г.​Стыла і інш. прыкметна сцвярджэнне нац. стылю. Пасля 1-й сусв. вайны вял. ўклад у муз. культуру ЗША зрабілі еўрап. музыканты-эмігранты — М.​Эльман, Я.Цымбаліст, С.Кусявіцкі, Л.Аўэр, Я.Хейфец, С.Рахманінаў, І.​Левін і Р.​Левіна, Р.Пяцігорскі, У.Горавіц, кампазітары Э.​Блох і Э.Варэз, пазней І.Стравінскі, А.Шонберг, П.Хіндэміт, Э.Кшэнек, Д.Міё, Б.Бартак і інш. На мяжы 19—20 ст. у Новым Арлеане ўзніклі раннія формы джаза; сярод яго буйных майстроў Л.Армстранг, Э.Элінгтан, піяніст У.​Бейсі (адзін з заснавальнікаў свінга), Б.Гудмен. Стылістычныя прыёмы джазавай музыкі выкарыстоўвалі большасць амер. кампазітараў. На аснове сімфанізацыі джаза і развіцця характэрных рыс афра-амер. фальклору глыбока нац. творы напісаў Дж.Гершвін (у т. л. опера «Поргі і Бес», 1935). У 1930-я г. на аснове папулярнай музыкі і некат. спецыфічных амер. тэатр. формаў узнік мюзікл, сярод лепшых узораў якога «Пра цябе я спяваю» (1931) Гершвіна, «Аклахома!» (1943) Р.​Роджэрса, «Мая цудоўная лэдзі» (1956) Ф.​Лоў, «Вестсайдская гісторыя» (1957) Л.​Бернстайна. У 1930—40-я г. пашырыўся стыль кантры (сельская музыка і яе разнавіднасці; Дж.​Роджэрс. Р.​Эйкаф) і т.зв. гар. блюз (Х.​Ледбелі, Б.​Сміт і інш.). Сярод буйнейшых амер. кампазітараў (з 1940-х г.) У.​Шумен, Дж.​Карпентэр, С.Барбер, Дж.К.Меноці, В.​Персікеці, Э.​Картэр, Л.Бернстайн, П.​Крэстан, М.​Бэбіт, Л.​Фос, А.​Хованес, П.​Менін, Л.​Кёрчнер, Дж.​Крам, Дж.​Ітан, Ф.​Глас, С.​Рэйк; сярод выканаўцаў — дырыжоры Ю.​Ормандзі, Л.Стакоўскі, Г.​Шолці, Л.​Маазель; піяністы Дж.​Браўнінг, Р.​Серкін, Б.​Джайніс, Х.Л.Клайберн, М.​Дыхтэр; скрыпачы І.Менухін, Н.​Мільштэйн, І.​Стэрн; спевакі М.Ланца, М.​Хорн, Б.​Сілс, Г.​Мофа, М.Андэрсан, М.​Добс, Л.Прайс. Сярод музыказнаўцаў Н.​Сланімскі, Г.​Чэйз, П.​Г.​Ланг, У.​Хічкак, А.Эйнштэйн. На амер. муз. культуру 1960 — пач. 1990-х г. значна ўплываюць, з аднаго боку, эксперыментальная музыка, у т. л. камп’ютэрная музыка (Дж.​Кейдж, Бэбіт, О.​Люнінг, Э.​Браўн і інш.), з другога — розныя віды поп-музыкі. Буйнейшыя оперныя кампаніі — «Метраполітэн-опера» і «Нью-Йорк сіці опера», сярод балетных труп «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет» і інш. Высокі ўзровень мае муз. адукацыя. Многія муз. школы і кансерваторыі фінансуюцца прыватнымі фондамі, у т. л. Джульярдская школа (Нью-Йорк), Муз. ін-т Кёртыс (Філадэльфія), Істменская школа музыкі (Рочэстэр). Пры многіх ун-тах існуюць муз. каледжы. Працуюць больш за 60 прафес. сімф. аркестраў, у т. л. Нью-Йоркскі філарманічны аркестр, Бостанскі сімфанічны аркестр, Філадэльфійскі сімфанічны аркестр, Кліўлендскі, Чыкагскі, шматлікія муз. т-вы, асацыяцыі, выд-вы; праводзяцца муз. конкурсы і фестывалі.

Тэатр. Першыя звесткі пра т-р Паўн. Амерыкі адносяцца да канца 17 ст. (паказы містэрый еўрап. місіянерамі). У 18 ст. гастраліравалі замежныя, пераважна англ. трупы. У 1716 ва Уільямсбергу (Віргінія) пабудаваны першы тэатр. будынак, дзе ў 1751 адкрыўся т-р Л.​Халема, які паклаў пачатак прафес. тэатр. мастацтву ЗША. Ставіліся п’есы англ., з канца 18 ст. і амер. драматургаў (у асноўным У.​Данлепа). Лепшыя акцёры Амерыкі 18 ст. былі англічанамі. У 1-й пал. 19 ст. фарміруюцца асн. рысы нац. акцёрскай школы. Пабудаваны спец. тэатр. памяшканні ў Нью-Йорку, Філадэльфіі, Бостане і інш. У 2-й пал. 19 ст. колькасць т-раў павялічылася, але яны былі пераважна вандроўныя (папулярныя т.зв. плывучыя т-ры па р. Місісіпі, якія ставілі пераважна меладрамы). Сярод акцёраў 19 ст. Дж.​Бутс, Э.​Форэст, Ш.​Кашмен, Дж.Дру, А.Олдрыдж, Э.​Бутс, Дж.​Джэферсан, М.​Фіск, М.​Адамс, Дж.​Марла, Р.​Мансфілд, сям’я Барымараў. Узнікла асаблівая форма паказаў, якія ўключалі скетчы, пародыі, муз. эксцэнтрыку і інш., што стала характэрным для амер. т-ра.

На рубяжы 19—20 ст. усталявалася камерцыйная сістэма ў т-ры (антрэпрэнёр наймаў трупу на адзін спектакль, які ставіўся, пакуль прыносіў даход) і выцесніла пастаянныя трупы еўрап. тыпу. Такія т-ры абсталяваліся ў Нью-Йорку на Брадвеі (ад 40 да 80 у розныя часы), з’явілася паняцце «брадвейны тэатр» як вял. камерцыйнае прадпрыемства. Тут працавалі рэжысёры Д.​Беласка (увёў гістарызм і дакладнасць у пастаноўкі, якія даходзілі да натуралізму), А.​Хопкінс (паст. «новай драмы»: п’есы Г.​Ібсена, Л.​Талстога, М.​Горкага), Э.Казан (лепшы інтэрпрэтатар п’ес Т.​Уільямса), О.Уэлс. З 1927 пачынаецца эпоха амер. мюзікла на брадвейскай сцэне (паст. «Плывучы тэатр» Ф.​Зігфельда, гл. таксама ў раздзеле Музыка).

У процівагу брадвейскаму камерцыйнаму т-ру ў сярэдзіне 1910-х г. узнік грамадскі рух за мастацтва вял. сац. зместу, за развіццё нац. драматургіі і рэжысуры. Узніклі т.зв. малыя тэатры, дзе ставіліся Ібсен, Б.​Шоу, А.​Чэхаў, засвойваўся еўрап. вопыт «свабодных тэатраў», у першую чаргу МХАТа і сістэмы К.​Станіслаўскага. Т-р «Провінстаўн» (1915—29) гал. задачай лічыў развіццё сучаснай амер. драматургіі (п’есы Ю.​О’Ніла з удзелам аўтара), «Гілд» — новыя метады акцёрскага выканання (па сістэме Станіслаўскага) і арыентацыя на «новую драму», «Грамадзянскі рэпертуарны тэатр» (1926—32) Е. Ле Гальен арыентаваўся на класіку, т-р «Груп» (1931—41) — на маладых амер. драматургаў. Падрыхтоўку дзеячаў т-ра пачалі буйныя ун-ты, дзе адкрываліся універсітэцкія т-ры. З дзейнасцю малых і універсітэцкіх т-раў звязана творчасць драматургаў О’Ніла, С.​Хоўардл. П.​Грына, Э.​Райса, А.​Мальца, Дж.​Лоўсана; рэжысёраў Хопкінса, Ф.​Мёлера, Х.Клермена, Л.Страсберга, Казана, Р.​Мамуляна; акцёраў А.​Ланта, Л.Фантан, К.Корнел, Ле Гальен, Дж.​Барымара, Л.​Адлера; тэатр. мастакоў Р.​Джонса, Л.​Саймансана, С.​Х’юма, М.​Гарэліка і інш. У гады крызісу колькасць т-раў скарацілася. Узніклі першыя дзярж. т-ры ЗША — федэральныя. Папулярнай тэатр. формай стала «жывая газета» (з выкарыстаннем газетных матэрыялаў).

Пасля 2-й сусв. вайны ўзнік тэрмін «па-за Брадвеем». Рух «пазабрадвейных» т-раў у 1950—60-я г. стаў важнейшым кампанентам тэатр жыцця ЗША. Яны ставілі творы класічнай і сучаснай драматургіі, не прынятыя Брадвеем. Сярод рэжысёраў і акцёраў т-раў «Крыкет», «Лівінг», «Фінікс», «Арэна стэйдж», «Круг у квадраце», «Тэатр вуліцы»: Н.​Хоўтан, Х.​Кінтэра, Дж.​Маліна, С.​Холм, З.​Фічэндлер, Д.​Рос, Э.​Бенкрафт, З.​Мостэль, Р.​Херыс і інш. На пач. 1960-х г. «брадвейныя» і «пазабрадвейныя» т-ры пачалі збліжацца на камерцыйнай аснове, што выклікала пратэст маладых гледачоў. У 1968 разгарнуўся «пазабрадвейны» рух «трэцяга» пакалення — альтэрнатыўнага т-ра, які адмаўляў усе традыцыі: «Эль тэатра кампесіна» Л.​Вальдэса, «Мобіль тэатр» Дж.​Папа, «Брэд энд папет» П.​Шумана, «Мімічная трупа» Р.​Дэвіса, «Опен тэатр» Дж.​Чайкіна. Павялічылася колькасць негрыцянскіх труп («Нью Лафает», «Негрыцянскі ансамбль» і інш.). У 1964 арганізаваны рэпертуарны т-р Лінкольнскага цэнтра мастацтваў у Нью-Йорку з комплексам тэатр. устаноў: т-рамі муз., драм., камерным «Форум», тэатр. б-кай-музеем, школай (маст. кіраўнік з 1973 — Пап).

Кіно. Першыя кінасеансы адбыліся ў 1896 амаль адначасова са з’яўленнем кінематографа ў Еўропе. На мяжы 20 ст. зарадзілася ўласна амер. вытворчасць. У пач. 1910-х г. барацьба т.зв. незалежных кінавытворцаў з Патэнтным трэстам прывяла да перабазіравання большасці студый на зах. ўзбярэжжа, дзе ў прыгарадзе Лос-Анджэлеса ўзнік буйнейшы ў свеце цэнтр амер. кінавытворчасці — Галівуд. Дасягненнямі першапачатковага перыяду развіцця (1900—10-я г.) былі фільмы Э.​Портэра («Вялікае абрабаванне цягніка», 1903), вестэрны Т.Інса, «амер. камічны» жанр, бацькам якога лічаць М.​Сенета. З імем Д.Грыфіта («Нараджэнне нацыі», 1915, «Нецярпімасць», 1916) звязана станаўленне сусв. кіно як мастацтва. У 1920-я г. ствараецца сістэма кінавытворчасці, якая ўключала інстытут прадзюсерства, сістэму «зорак», дарагія пастаноўкі, выкарыстанне папулярных сюжэтаў і жанраў, што часта адлюстроўвалі «амер. мару». Буйнейшыя амер. кінакампаніі аб’ядналіся ў вял. кінаканцэрн «Метро-Голдвін-Маер» (1919—24). Вядучымі жанрамі таго часу былі экзатычныя і рамантычныя драмы, салонныя камедыі (фільмы С. Дэ Міля, Э.​Любіча). Гэтыя гады наз. «залатым стагоддзем» амер. кінакамедыі: Р.​Арбэкль, Б.​Кітан, Г.​Лойд, Ч.Чаплін, які заклаў асновы высокага мастацтва кінематаграфічнай трагікамедыі («Малыш», 1921, «Цырк», 1923, «Залатая ліхаманка», 1925). Значны ўплыў на станаўленне кіно ЗША мелі кінатворцы з Еўропы: Дж.​Штэрнберг (стваральнік гангстэрскага фільма), Э.Штрогейм («Сквапнасць», 1924) і інш. «Зоркі» 1910—20-х г. — М.Пікфард, Д.Фэрбенкс, Р.Валентына, Г.​Свенсан і інш. З 1927 (дэманстрацыя фільма «Спявак джаза») пачалася эра гукавога кіно. Найб. папулярнымі сталі муз. фільмы («Брадвейская мелодыя», 1929, «Кароль джаза», 1930). Вял. дэпрэсія паўплывала і на кінематограф: з’явілася шмат рэалістычных, крытычных твораў у жанры гангстэрскага фільма («Твар са шрамам», 1932, Х.​Хоўкса), па праблемах правасуддзя («Я — збеглы катаржнік», 1932, М. Ле Роя), пра 1-ю сусв. вайну («На заходнім фронце без змен», 1930, Л.​Майлстаўна) і інш. Асн. жанры масавай прадукцыі — вестэрны, фільмы жахаў, фантастыка, меладрамы, эксцэнтрычныя камедыі. Каб прывабіць гледача і выйграць канкурэнцыю з радыё, Галівуд з сярэдзіны 1930-х г. робіць стаўку на відовішчныя магчымасці кіно: ставяцца гісторыка-біягр. фільмы, «бліскучыя» касцюмныя меладрамы, эпічныя фільмы з нац. гісторыі («Знесеныя ветрам» В.​Флемінга, 1939). Славутыя рэжысёры гэтага перыяду: Чаплін («Агні вялікага горада», 1931, «Новыя часы», 1936), Дж.Форд («Дыліжанс», 1939, «Гронкі гневу», 1940), У.Уайлер («Тупік», 1937, «Лісічкі», 1941), Ф.Капра («Гэта здарылася аднойчы ноччу», 1934), У.Дысней — рэфарматар амер. мультыплікацыі (серыя пра Мікі Маўса, «Беласнежка і сем гномаў», 1938). Значны ўплыў на развіццё маст. мовы сусв. кіно зрабіў наватарскі фільм О.Уэлса «Грамадзянін Кейн» (1941). Буйнейшыя зоркі гэтага перыяду: М.​Уэст, браты Маркс, К.​Гейбл, Г.​Гарба, М.Дзітрых, Б.Дэйвіс, Г.​Купер, дзеці-«зоркі» Ш.​Тэмпл, Дз.Дурбін, Дж.​Гарленд. У гады 2-й сусв. вайны ствараліся дакумент. і ігравыя фільмы, прысвечаныя ваен. падзеям: серыя «За што мы змагаемся» Капры, «Бітва каля вострава Мідуэй» Форда (1942), «Вялікі дыктатар» (1940) Чапліна, «Місіс Мінівэр» (1942) Уайлера, «Касабланка» (1943) Кёртыца. Сярод значных твораў пасляваенных гадоў «Лепшыя гады нашага жыцця» (1946) Уайлера, «Трамвай «Жаданне» (1951), «У порце» (1954) Э.​Казана, фільмы-гіганты «Амерыканец у Парыжы» (1951) В.​Мінелі, «80 дзён вакол свету» (1956) М.​Андэрсана, «Вайна і мір» (1956) К.Відара. У 1950-я г., у цяжкі для Галівуда перыяд макартызму, былі вымушаны эмігрыраваць многія выдатныя кінамайстры (Чаплін, Ж.​Дасэн, Дж.​Лоўзі). «Зоркі» 1940—50-х г.: Х.Богарт, М.Бранда, Г.​Пек, М.Манро, Э.Тэйлар, О.​Хепбёрн і інш.

У канцы 1950-х г. кінематограф з акцёрска-прадзюсерскага ператвараецца ў рэжысёрскі. «Вялікай тройкай» «новых незалежных» называюць С.​Кубрыка («Доктар Стрэйнджлаў», 1963, «Касмічная Адысея 2001 года», 1968), Дж.​Франкенхеймера («Сем дзён у маі», 1964), Дж.​Касаветэса («Цені», 1967). Сярод фільмаў, што адлюстроўвалі важныя праблемы амер. грамадства «Боні і Клайд» А.​Пена (1967), «Бестурботны яздок» Д.​Хопера, «Паўночны каўбой» Дж.​Шлезінгера, «Буч Кэсідзі і Сандэнс Кід» Дж.​Хіла (усе 1969). З’явіўся новы тып акцёра (антыгерой): У.​Біты, Ф.​Данаўэй, Дж.Нікалсан, Дж.Фонда, Д.Хофман і інш. Выпускалася і тыповая галівудская прадукцыя: «Бен Гур» (1959) Уайлера, «Лоўрэнс Аравійскі» (1962) Д.​Ліна, мюзіклы «Мая цудоўная лэдзі» (1964) Дж.​К’юкара, «Вестсайдская гісторыя» (1961), «Гукі музыкі» (1965) Р.​Уайза і інш. У 1970—80-я Галівуд перабудоўваецца з улікам вопыту «новых незалежных» і пад уплывам неакансерватызму. Узнік тэрмін «Новы Галівуд», дзе ствараецца «новае старое кіно». Узнаўляюцца галівудскія міфы, узнікае новая сістэма «зорак» (Дж.​Ланг, К.​Тэрнер, М.​Пфайфер, Ш.​Стоўн, Дж.​Фостэр, К.​Бейсінгер, Дж.​Робертс, Р. Дэ Ніра, А.​Пачына, М.​Гібсан, М.​Дуглас, М.​Шын, Э.​Хопкінс, Т.​Круз, Т.​Хэнкс, С.​Уівер, Р.​Гір, Э.​Мэрфі, М.​Рурк, С.​Сталоне, А.​Шварцэнегер і інш.). Адбываецца вяртанне да жанравага кіно з пэўнай мадэрнізацыяй папярэдніх канонаў: фільмы жахаў, фільмы катастроф, касм. фантастыка, гангстэрскія фільмы, баевікі, трылеры і інш. «Вялікая чацвёрка» рэжысёраў гэтага перыяду арыентавалася на жанравае кіно, зробленае на высокім прафес. узроўні, часта з выкарыстаннем камп’ютэрных спецэфектаў: Ф.Копала («Хросны бацька»-1, -2, -3, адпаведна 1972, 1974, 1992), С.Спілберг (серыя пра Індыяну Джонса, 1980-я г.), Дж.Лукас («Зорныя войны», 1977), акрамя М.Скарсезе, арыентаванага хутчэй на еўрап. кіно. Жанравая арыентацыя характэрна і для кінематографа 1990-х г. Працягвае існаваць кіно сац. праблематыкі: в’етнамская тэма («Паляўнічы на аленяў», 1978, М.​Чыміна, «Апакаліпсіс сёння», 1979, Копалы, «Узвод», 1986, О.​Стоўна), негрыцянская тэма («Армейская гісторыя», 1984, Н.​Джуісана, «Малькальм Ікс», 1993, С.ЛІ), амер. і сусв. гісторыя («Гандзі», 1982, Р.​Атэнбара, «Танцы з ваўкамі», 1990, К.​Костнера, «Спіс Шындлера», 1993, Спілберга), праблемы існавання асобы ў грамадстве («Палёт над гняздом зязюлі», 1975, М.​Формана, «Эні Хол», 1977, В.​Алена, «Філадэльфія», 1993, Дж.​Дэме) і інш. Сярод рэжысёраў старэйшага пакалення таксама М.​Нікалс, Р.​Олтмен, А.​Пакула, С.Полак, У.​Фрыдкін, Х.​Эшбі і інш. Рэжысёры пакалення «япі» (маладыя гар. прафесіяналы): Дэме, Р.​Земекіс, Д.Лінч, Дж.​Лэндыс, К.Таранціна і інш., на якіх уплываюць постмадэрнісцкія тэндэнцыі сучаснай культуры. У амер. кінематографе працуюць і замежныя рэжысёры (Р.​Паланскі, Дж.​Шлезінгер, А.​Канчалоўскі, Б.​Берталучы і інш.). Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук (засн. ў 1927) штогод прысуджае прэстыжную кінаўзнагароду «Оскар» (з 1929). Праводзяцца міжнар. кінафестывалі ў Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска, Чыкага, Нью-Йорку і інш. Сярод буйнейшых кінакампаній: «Каламбія пікчэрс», «Парамаўнт», «Уорнер бразерс», «20-е стагоддзе — Фокс» і інш.

Беларусы ў ЗША. Эміграцыя з Беларусі ў ЗША бярэ пачатак у 17 ст. Тры падзелы Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. садзейнічалі выезду ўдзельнікаў нац.-вызв. руху (Д.Касцюшка, М.Судзілоўскі і інш.), каталіцкіх святароў (Ф.​Дзеружынскі, Б.​Крукоўскі, Н.​Корсак, Кольман), якія зрабілі важкі ўклад у стварэнне і пашырэнне ў ЗША каталіцкай школьнай адукацыі. Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў с.-г. калоній у ЗША. У 1805—14 існавала Бел. правінцыя Т-ва Ісуса як саюз амер. і бел. езуітаў. Масавая эміграцыя ў ЗША, якая была выклікана сац.-эканам. прычынамі, пачалася ў канцы 19 ст. Эмігранты гэтай хвалі не здолелі нацыянальна арганізавацца і далучаліся да інш. нац. згуртаванняў. Першыя бел. гурткі ўзніклі ў 1908 і звязаны з асобай А.​Сянкевіча. У 1912 засн. бел. парафія св. Юрыя і арг-цыя ўзаемадапамогі (Чыкага), Т-ва беларусаў і маларосаў (Мічыган). Пасля 1-й сусв. вайны цэнтрам бел. нац. жыцця стаў Чыкага, куды прыехалі паліт. эмігранты, удзельнікі 1-га Усебел. кангрэсу, вядомыя святары. У 1920 А.​Чарапук, П.​Чопка, В.​Трафімовіч заснавалі Бел. нац. к-т, у 1923 у Нью-Йорку пачаў працаваць аддзел Бел. стралецкага саюза. На пач. 1920-х г. у штатах Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Ілінойс Мічыган, Пенсільванія, гарадах Нью-Йорк, Нью-Брансуік існавала больш за 10 бел. арг-цый, у т. л. ў Нью-Йорку Бел. нац. к-т, Бел. прэсавае бюро (выдавала «Бюлетэнь», распаўсюджвала кнігі і беларускамоўныя газеты). На з’ездзе беларусаў-эмігрантаў ЗША і Канады (Чыкага, 1923) была вызначана праграма нац.-паліт. дзейнасці і заснаваны Бел.-амер. нац. саюз (БАНС, 1923—33) на чале з Я.Варонкам. Пры саюзе дзейнічалі Бел. клуб, бібліятэка, прэс-бюро БНР, к-т дапамогі працаўнікам Зах. Беларусі, школьная камісія. Пры дапамозе БАНС створаны бел. арг-цыі ў штатах Вісконсін (Бел. нар. т-ва), Індыяна, Мічыган.

У канцы 1920 — пач. 30-х г. у Чыкага заснаваны Бел.-амер. грамадскі клуб, Бел. дапамогавы камітэт, Бел. культ.-адукац. т-ва, Бел.-амер. нац. аб’яднанне, а таксама арг-цыі ў штатах Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Ілінойс, Мічыган і інш. У час 2-й сусв. вайны дзейнічалі Бел.-амер. нац. рада (з 1941, Чыкага), Менскае зямляцтва (1944, Нью-Йорк) і Слав. брацтва (Нью-Йорк), якія аказвалі паліт. і матэрыяльную падтрымку БССР. Масавыя перасяленні ў ЗША (у асн. паліт. эміграцыя) пасля 2-й сусв. вайны адзначаны ў 1948—54. За гэты час прыехала каля 50 тыс. чал., якія рассяліліся ў штатах Ілінойс, Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Агайо, Пенсільванія, Каліфорнія, Мічыган. У сярэдзіне 1950-х г. існавала каля 30 бел. арг-цый. Падзел бел. эміграцыі на прыхільнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), які адбыўся ў Германіі, захаваўся ў ЗША і адбіўся на ўсіх арганізац. формах бел. грамадскага жыцця. Паводле характару дзейнасці вызначаюцца: паліт. арг-цыі — Рада БНР, Фонд 25 Сакавіка, БЦР, Бел. нац. фонд (1952—70), Бел. вызвольны фронт, Бел. к-т паліт. дзеянняў (з 1976), Канферэнцыя вольных беларусаў (з 1977), Бел.-амер. кааліцыя супрацьдзеяння паклёпам (з 1982); агульнаграмадскія — Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА), Бел.-амер. звяз (1958—70-я г.), Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Йорку, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Бел. каардынацыйны к-т у Чыкага; маладзёжныя — Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Саюз бел.-амер. моладзі, Арг-цыя бел.-амер. моладзі ў штаце Ілінойс, скаўцкія арг-цыі ў Чыкага, Нью-Йорку, Саўт-Рыверы; студэнцкія — Бел.-амер. акад. т-ва (1950—57), клубы бел. студэнтаў пры Ратгерскім, Агайскім, Нью-Йоркскім ун-тах, Бел. культ.-асв. к-т; жаночыя — Бел. жаночае згуртаванне ў Кліўлендзе (з 1952), Бел. жаночае згуртаванне ў Амерыцы, секцыі жанчын пры БАЗА і Згуртаванні беларусаў штата Ілінойс; ветэранскія — Саюз амер.-бел. ветэранаў, Згуртаванне беларуска-амерыканскіх ветэранаў, літ. і навук. — Бел. літ. згуртаванне «Шыпшына» (1950—75), Крывіцкае навуковае таварыства імя Францішка Скарыны, Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Йорку, Бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, Бел. бібліягр. служба, Аддзел Саюза бел. журналістаў, Бел.-амер. інфарм. служба (з 1984) і інш. Сац. і матэрыяльную падтрымку беларусам, навук. і культ. установам аказвалі Фонд самадапамогі, Фундацыя імя Крачэўскага, Бел. школьны фонд, Студэнцкі стыпендыяльны фонд, Бел. харытатыўна-адукац. фонд (з 1976), Фонд імя І.​Любачкі (з 1977), Вялікалітоўскі (Беларускі) фонд імя Льва Сапегі, Фонд адраджэння Беларусі (з 1989). Асяродкі бел. культ.-грамадскага жыцця ў гарадах Нью-Йорк, Саўт-Рывер, Чыкага, Дэтройт; а таксама цэнтры «Полацак» (каля Кліўленда), «Белэр-Менск» (штат Нью-Йорк) і інш. (гл. таксама ў арт. Беларускія навуковыя і культурна-асветныя арганізацыі за мяжой, Беларуская шкала за мяжой). Створаны маст. калектывы: танц. групы «Лянок», «Матылёк», «Лявоніха», «Мяцеліца», ансамбль «Васілёк»; хоры «Гоман», «Каліна», «Васількі»; аркестры «Палесьсе», «Бярозка», «Нова», «Віхор»; тэатр. групы пад кіраўніцтвам В.​Селех-Качанскага, М.​Прускага, І.​Цупрык і інш. Праходзяць выстаўкі твораў мастакоў, нар. ўмельства, бел. друку. Значнымі культ. і паліт. падзеямі былі Бел. фестывалі (1976, 1977, 1979), сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі. Захаванню нац. свядомасці садзейнічаюць Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларуская праваслаўная царква Паўночнай Амерыкі, бел. каталіцкая парафія ўсх. абраду ў Чыкага (гл. таксама ў арт. Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой). Бел. кнігадрукаванне ў ЗША пачалося пасля 2-й сусв. вайны. Выдавецкай справай займаюцца навук., грамадскія і культ. арг-цыі, рэліг. ўстановы, прыватныя асобы. Падручнікі друкавалі выдавецкія суполкі «Пагоня», «Заранка», Бел. харытатыўна-адукац. фонд; маст. і рэліг. творы, перыёдыку — Бел. выдавецкае т-ва ў Саўт-Рыверы, Бел. выд-ва М.​Прускага (з пач. 1950-х г., Гранд-Рапідс), Бел. выдавецкая сябрына (1960—70-я г., Чыкага), выд-вы «Час» (1975—80-я г.), «Родны край», W&D (з 1989, Гановер). Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Вестник», «Белорусская трибуна» (1926—32), «Беларуская трыбуна» (1950—53), «Беларус»; часопісамі: «Летапіс беларускай эміграцыі», «Беларускі сьвет», «Абежнік» БІНіМа, «Віці, «Веда», «Конадні», «Вольнае слова», «Царкоўны сьветач», «Беларуская зарніца», «Беларуская думка», «Шыпшына» (1956—75), «Полацак», «Беларус у Амерыцы» (1948—49), «Беларуская царква», «Голас царквы», «Беларускі дайджэст» (з 1992) і інш.; двухмоўнымі часопісамі «Беларуская моладзь», «Запісы», «The Byelorussian Times» («Беларускі час», 1975—83), англамоўнымі «Беларусіян Рэв’ю», «Byelorussian Business Herald» («Беларускі дзелавы веснік», з 1991). Найб. вядомыя бел. радыёпраграмы: пад кіраўніцтвам Я.​Варонкі (1928—29, Чыкага), Я.​Тарасевіча (з 1940-х г., Чыкага), П.​Куляша (1952—53, Дэтройт), М.​Казлякоўскага (1958—59, Трэнтан), Н.​Жызнеўскага «Нёман» (з 1960, Чыкага) і інш. (гл. ў арт. Беларускае радыё за мяжой). Беларусы ЗША прадстаўлены ў міжнац. і міжнар. арг-цыях, у т. л. ў Нац. канфедэрацыі амер. этнічных груп, Асацыяцыі каталіцкіх інтэлектуалаў «Pax Romana», Антыбальшавіцкім блоку народаў, Нац. радзе рэсп. этнічных груп; удзельнічаюць у рабоце Этнічных рад і культ. арг-цый штатаў Нью-Джэрсі, Мэрыленд, Нью-Йорк, Каліфорнія, Агайо, Мічыган, Ілінойс і інш. У 1993 у Нью-Йорку засн. Сусв. згуртаванне яўрэяў Беларусі. Бел. перасяленцы канца 1980 — пач. 90-х г. (паводле неафіц. крыніц, у 1995 у ЗША пражывала каля 500 тыс. беларусаў), як правіла, дэнацыяналізаваны, не ўключаюцца ў работу існуючых нац. арг-цый і не ствараюць уласных.

Літ.:

История США. Т. 1—4. М., 1983—87;

Черные американцы в истории США. Т. 1—2. М., 1986;

Харц Л. Либеральная традиция в Америке: Пер. с англ. М., 1993;

Давыдов Ю.П. США — Западная Европа в меняющемся мире. М., 1991;

Historia Stanów Zjednoczonych Ameryki. T. 1—5. Warszawa, 1995;

Morison S.E., Commager H.S. The growth of the American Republic. Vol. 1—2. New York, 1962;

Писатели США. М., 1990;

Комаровская Т.Е. Осмысление прошлого в американском историческом романе XX в. Мн., 1993;

Мулярчик А. США: Век двадцатый. М. и др., 1994;

Чегодаев А.Д. Искусство Соединенных Штатов Америки, 1675—1975: Живопись, архитектура, скульптура, графика. М., 1976;

Иконников А.В. Архитектура США. М., 1979;

Современная архитектура США: Критич. очерки. М., 1981;

Green S.M. American art: A historical survey. New York, 1966;

Конен В.Д. Пути американской музыки: Очерки по истории муз. культуры США. 3 изд. М., 1977;

Яеж. Рождение джаза. М., 1984;

Коллиер Дж.Л. Становление джаза: Пер. с англ. М., 1984;

Engel L. The American musical theater. New York, 1975;

History of American music. New York, 1976;

Folk music and moden sound. Jackson, 1982;

The New Grove dictionary of American music. Vol. 1—4. London, 1986;

Skowron Z. Nowa muzyka amerykańska. Kraków, 1995;

Смирнов Б.А. Театр США XX в. Л., 1976;

Воинова З.В. Театральный Бродвей: эскапизм или пропаганда? // Современное западное искусство. М., 1972;

Вульф В.Я. От Бродвея немного в сторону, 70-е гг. М., 1982;

Колодяжная В.С. Кино США (1945—1960). М., 1963;

Соболев Р.П. Голливуд, 60-е гг.: Очерки. М., 1975;

Карцева Е.Н. Голливуд: Контрасты 70-х. М., 1987;

Бессмертный А., Эшпай В. 100 режиссеров американского кино. М., 1991;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;

Пранчак Л.І. Беларуская Амерыка. Мн., 1994.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.​А.​Далгучыц, Н.​К.​Мазоўка (гісторыя), Т.​Я.​Камароўская (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўленчае мастацтва), Т.​А.​Ратабыльская (тэатр), Л.​М.​Зайцава (кіно), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў ЗША), У.​В.​Макараў (узброеныя сілы).

Герб і сцяг Злучаных Штатаў Амерыкі.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Адгор’і Апалачаў у штаце Паўночная Караліна.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Агульны выгляд цэнтральнай часткі горада Вашынгтон.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Паўпустынны ландшафт у штаце Арызона.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Механізаваная сяўба кукурузы пры дапамозе трактара «Беларусь».
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Панарама ў цэнтральнай частцы Нью-Йорка.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Тыповы краявід на Вялікіх раўнінах.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Цэнтр кіравання касмічнымі палётамі ў г. Х’юстан, штат Тэхас.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Завод па будаўніцтве дызель-электравозаў фірмы «Джэнерал электрык» у г. Эры, штат Пенсільванія.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Бітва за вышыню Банкер-Хіл пад Бостанам у пачатку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Прыбыццё французаў у Фларыду (1591). Гравюра Т. дэ Бры.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку. Арх. Л.​Міс ван дэр Роэ. 1956—58.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Музей Саламона Гугенгайма ў Нью-Йорку. Арх. Ф.​Л.​Райт. 1956—59.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Т.​Коўл. Аркадская ідылія. 1838.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Берасцяныя вырабы індзейцаў Паўночнай Амерыкі.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Э.​Хікс. Царства міру. 1840—45.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Дж.​Бінгем. На варце грузу. 1849.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. А.​Доў. Серабро, вохра, кармін, зелень (дно ракі) 1920.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. С.​Дэйвіс. У захапленні ад Рапапорта. 1952.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. «Амерыканскі тэатр балета». Сцэна са спектакля «Лісце ападае». Балетмайстар Э.​Цюдар. 1987.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Сцэна са спектакля «Падзеленая дыстанцыя». Балетмайстры Б.​Т.​Джонс і А.​Зан. 1988.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Ч.​Чаплін у фільме «Малыш». 1921.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Зорныя войны». Рэж Дж.​Лукас 1977.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з мультфільма «Беласнежка і сем гномаў». Рэж. У.​Дысней. 1938.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Танцы з ваўкамі». Рэж. К.​Костнер. 1990.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДО́ВА (Moldova),

Рэспубліка Малдова (Republica Moldova), дзяржава ва Усх. Еўропе. Мяжуе на З з Румыніяй (па р. Прут), на Пн, У і Пд з Украінай. Пл. 33,7 тыс. км². Нас. 4,3 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — малдаўская. Сталіца — г. Кішынёў. Падзяляецца на 40 раёнаў. У 1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі Гагаузіі (Гагауз Еры). Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 жніўня).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (104 дэпутаты, выбраныя на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае парламент паводле прадстаўлення прэзідэнта.

Прырода. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты з чаргаваннем узвышшаў (22,4% тэрыторыі), плато і раўнін (77,6%). На Пн краіны Паўн.-Малдаўскае плато — плоская раўніна з асобнымі ўзгоркамі-астанцамі. У цэнтры ўзв. Кодры з найвыш. пунктам г. Баланешты (выш. да 429 м). На Пд Паўд.-Малдаўская і Паўд.-Бесарабская раўніны. Моцна развіта эрозія, існуе больш за 100 тыс. яроў. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца на паўд.-зах. ускраіне Рус. платформы, крышт. фундамент якой перакрыты тоўшчай асадкавых парод (ад палеазойскіх да антрапагенавых). Карысныя выкапні: вапнякі, гіпс, гліны, пяскі, мергель, нафта, газ, буры вугаль. Ёсць лячэбныя мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і працяглым гарачым летам. Сярэдняя т-ра студз. -3,5 °C (Кішынёў), ліп. 20,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на Пн і ў Кодрах да 380 мм на Пд. Рачная сетка разгалінаваная: 3085 пастаянных і часовых вадацёкаў, з іх толькі 246 даўжэй за 10 км. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Рэут, Ікел, Бык, Ботна) і Прут. Азёры поймавыя, найб. Белеў, Ратунда, Драчэле і інш. Глебы пераважна чарназёмныя, вышэй за 250—270 м шэрыя і бурыя лясныя, у поймах рэк — алювіяльна-лугавыя. Большая ч. тэрыторыі разарана. Расліннасць стэпавых і лесастэпавых відаў (кавыль, ціпчак, стэпавая вішня) захавалася плямамі. Лясы займаюць 9,6% тэрыторыі (бук, дуб, граб, клён, ясень і інш.). У складзе фауны 400 відаў пазваночных і 4600 беспазваночных жывёл. З млекакормячых водзяцца дзік, казуля, воўк, ліс, дзікі кот і інш. 257 відаў птушак (стэпавы арол, сава, жаваранак, сойка). Больш за 80 відаў рыб. Запаведнікі: Кодры, Егарлык.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — малдаване (64,5%). Жывуць таксама ўкраінцы (13,8%), рускія (13%), гагаузы (3,5%), балгары (2%), беларусы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — праваслаўныя хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. і паўд.-ўсх. раёны, найменш — паўднёвыя. Гар. насельніцтва 54% (1998). Найб. гарады (1998, тыс. чал.): Кішынёў (752,1), Ціраспаль (192,1), Бэлць (155,6), Бендэр (138,4). 41,6% занятых у эканоміцы прыпадае на сельскую гаспадарку, 14,8% — прам-сць і буд-ва, 43,6% — сферу паслуг.

Гісторыя. На тэр. М. чалавек з’явіўся у эпоху палеаліту. У 4—3-м тыс. да н.э. тут існавала трыпольская культура. У 6 ст. да н.э. ў вусці р. Днестр стараж.-грэч. каланісты з Мілета заснавалі г. Тыра (цяпер Белгарад-Днястроўскі, Украіна). У 4—3 ст. да н.э. міжрэчча Прута, Днястра і землі каля Чорнага м. насялялі геты і дакі. У 1 ст. да н.э. тут уладарыў Берэбіста (Бурэвіста) — правадыр гета-дакійскага плем. саюза. З 1—2 ст. гэтыя землі межавалі з уладаннямі Стараж. Рыма ў Паўн. Прычарнамор’і і Дакіі, у 2—4 ст. тут жылі плямёны чарняхоўскай культуры (сарматы, гета-дакі, скіфы, готы). З 6—7 ст. паміж Усх. Карпатамі і Днястром жылі стараж. славяне, у т. л. ў 9—12 ст. улічы і ціверцы. У 10—12 ст. частка зямель М. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі і Галіцкага княства; у выніку ўварванняў сюды печанегаў і полаўцаў славяне вынішчаны або выцеснены на Пн. У 12—13 ст. на тэр. гістарычнай вобл. Малдовы, пазней і Бесарабіі, перасяліліся з-за Карпат волахі (валахі, улахі) — продкі сучасных румынаў і малдаван, якія паступова асімілявалі апошніх мясц. славян. Пасля 1241 да 1-й пал. 14 ст. землі паміж Усх. Карпатамі і Днястром былі пад уладай Залатой Арды. У 1-й пал. 14 ст. далінай р. Малдова завалодала Венгрыя. У 1359 узнікла самаст. Малдаўскае княства, якое да канца 14 ст. пашырылася і ўключала Малдову (тэр. ядро), Бесарабію і Букавіну. Яно найб. узмацнілася ў час праўлення гаспадароў (князёў) Аляксандра Добрага [1400—32] і Стэфана III Вялікага [1457—1504], Атрады Малд. княства (з 1387 фармальна васал Польшчы) удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве 1410. У 14—16 ст. левабярэжжа Днястра было ў складзе ВКЛ. У 16 ст. паўд. частку левабярэжжа заваявалі туркі, паўночная з 1569 (акрамя панавання тут у 1672—99 туркаў) уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. З 16 ст. Малд. княства ў васальнай залежнасці ад Асманскай імперыі, якая захапіла Паўд. Бесарабію з гарадамі Бендэр, Ізмаіл, Кілія, Акерман, а ў 18 ст. і Хацін з акругай. М. плаціла даніну, прымусова пастаўляла Турцыі с.-г. прадукты, удзельнічала ў войнах на яе баку. Жыхары М. значна цярпелі ад набегаў падвасальных Турцыі крымскіх татар і нагайцаў (у 16 ст. паселены туркамі ў прычарнаморскіх стэпах паміж Дунаем і Дняпром) і баявых дзеянняў на тэр. М. ў час войнаў Турцыі з Польшчай (17 ст.), Аўстрыяй і Расіяй (18 ст.). У 16—17 ст. большасць малд. сялян запрыгонена (афіцыйна паводле «Улажэння» 1646 гаспадара В.Дупу). З 1711 тур. султаны прызначалі гаспадарамі М. знатных грэкаў-фанарыётаў, што яшчэ больш узмацніла нац. ўціск малд. насельніцтва. У 16—18 ст. багацце малд. феадалаў (баяр) залежала ад іх становішча пры двары гаспадара, бо за дзярж. пасадамі замацоўваліся буйныя зямельныя ўладанні з залежнымі сялянамі. Жыхары М. неаднаразова паўставалі супраць тур. панавання, у т. л. пад кіраўніцгвам гаспадароў І.​Лютага (1574) і Дз.Кантэміра (1711). У крас. 1711 Кантэмір заключыў з Пятром I дагавор аб ваен. саюзе і пратэктараце Расіі над М., на чале малд. войска ўдзельнічаў у Пруцкім паходзе 1711. Паводле «Улажэння» 1749 гаспадара К.​Маўракардата катэгорыя прыгонных сялян (вечынаў) скасавана і пераўтворана ў феадальна-залежных, але асабіста свабодных царан. Паводле Яскага мірнага дагавора 1791, які завяршыў рус.-тур. вайну 1787—91, паўд. частка левабярэжжа Днястра, а паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і паўночная (з 17 ст. тут сяліліся малдаване) далучаны да Расіі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812, якім скончылася рус.-тур. вайна 1806—12, да Расіі далучана і Бесарабія (да 50% тэр. і 25% насельніцтва М.) з цэнтрам у Кішынёве. Малд. баяры атрымалі правы рас. дваран, сяляне захавалі асабістую свабоду. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 у Малд. княства, потым (з 1862) у Румынію ўваходзіла паўд.-зах. частка Бесарабіі (пасля рус.-тур. вайны 1877—78 у выніку Берлінскага кангрэса 1878 далучана да Расіі). У 19 ст. актывізавалася с.-г. і прамысл. развіццё Бесарабіі, яе паўд. (стэпавую) частку, адкуль у 1807 рас. ўлады выдалілі качэўнікаў-нагайцаў, засялялі каланісты з Расіі, Украіны, Турцыі (балгары і гагаузы) і Германіі. У 1861—75 у Бесарабіі праведзена сял. рэформа. У 1867 са школ выключана малд. мова. У пач. 20 ст. каля 70% с.-г. зямель М. належала памешчыкам, асн. галіной эканомікі Бесарабіі заставалася сельская гаспадарка. У крас. 1917 абвешчана аўтаномія Бесарабіі. 4.12.1917 нац. прадпрымальнікі і інтэлігенцыя склікалі «Сфатул цэрый» («Савет краю»), які 15.12.1917 абвясціў Бесарабію Малд. Народнай Рэспублікай. У студз.—сак. 1918 Бесарабію занялі рум. войскі. 10.12.1918 «Сфатул цэрый» абвясціў аб далучэнні яе да Румыніі, што не прызнала Сав. Расія. У 1918—20 левабярэжжа Днястра папераменна было пад акупацыяй войск Аўстрыі, Германіі, С.​В.​Пятлюры, Антанты, белагвардзейцаў. У выніку агр. рэформы 1921—23 сяляне Бесарабіі страцілі каля ⅔ сваёй зямлі, якая была вернута памешчыкам. 12.10.1924 на тэр. Украіны на У ад Днястра, дзе таксама жылі малдаване, сав. ўлады стварылі Малд. Аўт. Сацыяліст. Сав. Рэспубліку (сталіца — г. Балта, з 1929 Ціраспаль). У выніку тайнага дадатку да пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і пасля 2 сав. ультыматумаў Румыніі ад 26 і 27.6.1940 Бесарабія і Паўн. Букавіна 28.6.1940 далучаны да СССР.

2.8.1940 створана Малд. ССР са сталіцай у Кішынёве; паводле спец. герм.-сав. пагаднення тэр. М. пакінулі каля 93 тыс. бесарабскіх немцаў. Паводле рашэння ўрада СССР ад 4.11.1940 Паўн. Букавіна, Хацін з акругай, Ізмаіл і Акерман далучаны да Укр. ССР. Са жн. 1941 М. акупіравана рум. войскамі, якія знішчылі тут каля 64 тыс. чал. Пасля вызвалення Чырв. Арміяй у ходзе Праскураўска-Чарнавіцкай аперацыі 1944, Адэскай аперацыі 1944 і Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944 адноўлена Малд. ССР, якую як частку СССР паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 прызнала Румынія. Пасля вайны сярод насельніцтва М. павялічылася доля рускіх і ўкраінцаў. У 1950—60-я г. ў М. засн. машына- і прыладабудаванне, электраэнергетыка і інш. галіны прам-сці. У час перабудовы ў СССР у М. пасля 1985 актывізаваўся нац.-культ. рух, які перарос у паліт. рух за выхад з СССР. На мяжы 1980—90-х г. узніклі шматлікія паліт. партыі і грамадскія арг-цыі. З 1990 прыхільнікі румынізацыі краю, найперш члены Хрысц.-дэмакр. нар. фронту, пераважалі ў Вярх. Савеце і ўрадзе М.

23.6.1990 яе Вярх. Савет прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце ўнутры СССР, у вер. ўвёў пасаду прэзідэнта рэспублікі і выбраў прэзідэнтам М.Снегура. Прарум. арыентацыя ўлад М., у т. л. ўвядзенне ў 1989 лац. алфавіта замест прынятага ў 1940 кірылічнага, выклікала канфлікты з гагаузамі (у жн. 1990 абвясцілі сваю рэспубліку на Пд М.), з рус. і ўкр. нац. меншасцямі на У ад Днястра, дзе ў вер. 1990 пры падтрымцы размешчанай там 14-й рас. арміі абвешчана Прыднястроўская Малд. Рэспубліка (ПМР) з цэнтрам у Ціраспалі (абедзве рэспублікі не прызнаваліся малд. кіраўніцтвам). 27.8.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць М. (з мая 1991 наз. Рэспубліка М.). 8.12.1991 у выніку першых усеагульных прэзідэнцкіх выбараў, якія байкатавалі гагаузы і насельніцтва ПМР, прэзідэнтам М. выбраны Снегур. Абвастрэнне адносін паміж кіраўніцтвам М. і ПМР прывяло да ўзбр. Прыднястроўскага канфлікту 1992. Пасля перамогі на першых шматпарт. парламенцкіх выбарах (люты 1994) дамінуючае становішча ў паліт. жыцці краіны заняла Агр.-дэмакр. партыя. У 1994 парламент прыняў канстытуцыю М., якая дэкларавала адмову ад аб’яднання з Румыніяй і магчымасць надання аўтаноміі нац. меншасцям М. (23.12.1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі раёнаў кампактнага пражывання гагаузаў з цэнтрам у г. Камрат). 10.8.1994 падпісана малд.-рас. пагадненне аб вывадзе з ПМР на працягу 3 гадоў 14-й рас. арміі (не зацверджана рас. Дзярж. думай). 20.11.1996 парламент М. ратыфікаваў Еўрап. канвенцыю аб абароне нац. меншасцей. На прэзідэнцкіх выбарах 1.12.1996 прэзідэнтам М. выбраны П.Лучынскі. У 1997 у Маскве Лучынскі і прэзідэнт ПМР І.​Смірноў падпісалі Мемарандум аб забеспячэнні значнай аўтаноміі ПМР. На выбарах у парламент у 1998 перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя (Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову»), М. — чл. Садружнасці Незалежных Дзяржаў (з 1991), ААН і Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1992), Савета Еўропы (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 19.11.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Агр.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. нар. фронт, Партыя адраджэння і згоды, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову», Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, Партыя камуністаў М. і інш.

Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 3518 млн. дол. ЗША (без уліку эканомікі ПМР). Доля прам-сці 48%, сельскай гаспадаркі 35%, сферы паслуг 17%. Сярод галін прамысловасці вядучае месца займае апрацоўчая (98,9%). Гал. галіна — харчовая (41,3%), якая працуе пераважна на мясц. сыравіне. Найб. развіта вінаробная прам-сць — больш за 200 цэнтраў па першаснай перапрацоўцы вінаграду. Буйныя вінна-каньячныя камбінаты ў Кішынёве, Ціраспалі, Кэлэрашы, шампанскіх він у Кішынёве; па перапрацоўцы вінаграду і фруктаў у Рыбніцы; вінзаводы ў Камраце, Фэлешці, Дубэсары, Сароцы і інш. У 1997 выраблена 18,4 млн. дал вінаграднага віна, 307 тыс. дал каньяку, 1147 тыс. дал пеністых він. Развіта кансервавая прам-сць, якая спецыялізуецца на выпуску кансерваў, сокаў, кампотаў з вінаграду, садавіны і агародніны. Асн. цэнтры Ціраспаль, Бендэр, Кэўшэнь, Кахул, Унгень. Цукр. з-ды размешчаны пераважна на Пн (Рыбніца, Дрокія, Фэлешць і інш.). Прадпрыемствы алейнай прам-сці ў Бэлці, Бендэры, Кішынёве. У М. вырабляецца эфірны алей з ружы, шалфею, мяты, лаванды для патрэб парфумернай, фармацэўтычнай і кандытарскай прам-сці. Буйныя мясакамбінаты ў Кішынёве, Бендэры, Ціраспалі, Бэлці, Унгені. Развіты тытунёвая прам-сць (Кішынёў, Фларэшць, Фэлешць, Дубэсар, Чадыр-Лунга і інш.), масларобная, кандытарская, мукамольная, макаронная і інш. галіны. Вытв-сць (тыс. т, 1998): цукру — 186, алею — 11,3, мяса — 19,7, масла — 2,6, мукі — 93,5, макароны — 9,7. На долю машынабудавання і металаапрацоўкі прыпадае 14,7% прамысл. прадукцыі. Вылучаюцца прыладабудаванне, эл.-тэхн., с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Кішынёў (халадзільнікі, помпы, пральныя машыны, выліч. тэхніка, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, трактары), Ціраспаль (рухавікі, трансфарматары, ліцейнае абсталяванне, аўтапрычэпы), Бэлць (машыны для ўборкі агародніны і тытуню, электрапагрузчыкі, электралямпы). Вытв-сць (тыс. шт., 1998) тэлевізараў — 2, пральных машын — 43,5, халадзільнікаў — 1, радыёпрыёмнікаў — 50,5, трактароў — 0,7. З-д пераробнай чорнай металургіі ў г. Рыбніца. Вытв-сць сталі 740 тыс. т, пракату 646 тыс. т. Электраэнергетыка працуе пераважна на прывазным паліве. Малдаўская ДРЭС, Кішынёўская і Бэлцкая ЦЭЦ. Дубэсарская ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,2 млрд. кВт гадз (1998). З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная (Ціраспаль), шаўковая (Бендэр), дывановая (Кішынёў, Унгень, Камрат, Леова), швейная, трыкат., абутковая (Кішынёў, Бэлць, Рыбніца), футравая (Бэлць). Вытв-сць тканін — 0,6 млн. м², трыкатажу — 2,6 млн. шт., абутку — 0,6 млн. пар. Прадпрыемствы па вытв-сці гумава-тэхн. вырабаў, лакаў, фарбаў у Кішынёве, Ціраспалі, Унгені. У дрэваапр. прам-сці вылучаецца вытв-сць мэблі, паркету, піламатэрыялаў, кардону, тары. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, гіпсу, цэглы, жалезабетонных вырабаў, шкла). С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн. га, у т. л. ворныя землі 1,8 млн. га, сады і вінаграднікі па 0,2 млн. га. Каля 0,3 млн. га арашаецца. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Вял. значэнне маюць вінаградарства, вырошчванне пладоў і ягад, цеплалюбівых гатункаў агародніны (перац, памідоры, баклажаны і інш.). Пасяўныя плошчы (тыс. га, 1997) пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі — 1064, тэхн. — 300, кармавымі — 235, бульбай — 70, агароднінай — 65. Збор (тыс. т. 1997): пшаніцы — 1376, кукурузы — 1805, зернебабовых — 64, сланечніку — 204, соі — 3, цукр. буракоў — 1873, тытуню —23, бульбы —441, агародніны — 419, вінаграду — 310, пладоў і ягад — 1055. Пасевы эфіраалейных культур. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы — 453, свіней — 786, авечак і коз — 1108. Конегадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт. Даўж. чыгунак 1,16 тыс. км, аўтадарог 10,5 тыс. км, у т. л. 10,1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Асн. чыгункі: Слабодка—Рыбніца—Бэлць—Унгень, Бендэр—Рэні, Адэса—Бендэр—Кішынёў—Бэлць—Чарнаўцы. Аўтадарогі Кішынёў—Ізмаіл, Ціраспаль—Дубэсар—Рыбніца. Суднаходства па р. Днестр. Газаправод Шабялінка—Адэса—Кішынёў. Аб’ём экспарту ў 1997 склаў 874,4 млн. дол., імпарту 1171,9 млн. дол. ЗША. На долю краін СНД прыпадае каля 70% экспарту і 52% імпарту. Асн. гандл. партнёры: Расія (58% экспарту і 28% імпарту), Украіна (5,6% і 18%), Румынія (6,7% і 8,6%), ЗША (6,7% і 3,5%) і інш. М. экспартуе харч. прадукты, тэкстыль, машыны і абсталяванне. З тавараў імпарту пераважаюць паліўна-энергет. рэсурсы, угнаенні, машыны і абсталяванне. Беларусь пастаўляе ў М. бульбу, прадукты перапрацоўкі нафты, трактары, шыны, імпартуе кукурузу, алей, сокі, віно, вінаматэрыялы, цукар. Грашовая адзінка — малдаўскі лей.

Узброеныя сілы. Складаюцца з груповак войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Непасрэднае кіраўніцтва ўзбр. сіламі ажыццяўляе міністр абароны, якому падпарадкаваны 4 тэр. групоўкі войск (кожная ўключае мотапяхотную брыгаду, верталётную эскадрыллю і інш.). Налічваюць больш за 15 тыс. чал. (1998), на ўзбраенні 117 бронемашын, 168 артыл. сістэм, 30 баявых самалётаў і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын — 69,9 года. Смяротнасць 12 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 82 чал., урачамі — 1 на 250 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,5%. Дзіцячая смяротнасць — 46 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі М. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы для дзяцей з 3-гадовага ўзросту (з 5 гадоў — падрыхтоўчы клас), пач. і сярэднюю школу, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа (1—4-ы кл., для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту), сярэдняя мае 2 ступені: гімназія — 5—9-ы кл. (9-гадовае навучанне абавязковае) і ліцэй (10—12-ы кл.; дае званне бакалаўра). Паралельна існуюць 10—11-ы кл. агульнаадук. школы (выпускнікі атрымліваюць атэстат аб сярэдняй адукацыі). На ўсіх узроўнях навучанне вядзецца на малд. мове. Існуюць навуч. ўстановы нац. меншасцей (гагаузскія, укр., рус., яўр., балг., тур.). Сярэднюю спец. адукацыю і званне бакалаўра даюць шматпрофільныя школы і вучылішчы на базе гімназіі (тэрмін навучання 3 гады). У сістэме вышэйшай школы ун-ты, акадэміі і каледжы (на базе ліцэя, тэрмін навучання 3 гады па скарочанай праграме, даюць права паступлення ва ун-т на 2-і курс). У 1998/99 навуч. г. ў М. 1700 дашкольных устаноў (160 тыс. дзяцей), у т. л. 3 прыватныя; 107 пач. школ і 631 гімназія, у т. л. па 5 прыватных; 143 ліцэі і 625 агульнаадук. школ, у т. л. па 7 з іх прыватныя; 56 каледжаў, у т. л. 9 прыватных; 38 ВНУ (72,7 тыс. студэнтаў), у т. л. 20 прыватных (13 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя дзярж. ВНУ: Кішынёўскі ун-т, мед., пед., політэхн., с.-г. ун-ты, эканам. акадэмія (усе ў Кішынёве), пед. ун-т у Бэльці; недзярж. — Міжнар. незалежны ун-т «Алім» у Кішынёве і Незалежны ун-т у Ціраспалі. Буйнейшыя б-кі: Нац. і б-ка Нац. АН М. ў Кішынёве. Музеі: Цэнтральны, Карцінная галерэя, прыкладнога мастацтва, гіст. (усе ў Кішынёве); краязнаўчыя ў Кішынёве, Бэлці, Бендэры, Археі, Ціраспалі, Кахуле, Рыбніцы і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ў НДІ Нац. АН М., галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ў М. каля 3 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на малд. мове — «Cuvintul» («Слова», з 1990), «Vocea poporului» («Голас народа»), «Literatura şі Arta» («Літаратура і мастацтва»); на рус. — «Независимая Молдова» (з 1991); на малд. і рус. мовах — «Sfatul Ţării» («Савет краіны», з 1918), «Moldova Suverana» («Суверэнная Малдова», з 1924), «Tineretul Moldovei» («Моладзь Малдовы», з 1928), «Viaţa Satului» («Сельскае жыццё», 1945). Выдаюцца таксама газеты на мовах этн. груп: «Ana sӧзу» («Ана созу», на гагаузскай), «Родно слово» (на балг.), «Славянская газета» (на рус.), «Наш голос» (на рус. і ідыш). Інфарм. агенцтва — Малдовапрэс (засн. у 1940 як тэлегр. агенцтва АТЕМ, сучасная назва з 1990). Радыёвяшчанне з 1930. Тэлебачанне з 1953. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на малд., рус., гагаузскай, укр. і інш. мовах.

Літаратура. Вытокі л-ры М. ў вуснай нар. творчасці. Найб. стараж. ўзоры фальклору захаваліся ў каляндарнай, сямейна-абрадавай паэзіі, казках, легендах, гераічным эпасе, гіст. песнях, баладах, песнях-дойнах і інш. Выдатны помнік малд. ліра-эпічнай нар. паэзіі — балада «Міёрыца». Першыя помнікі пісьменнасці ў М. ўзніклі на мяжы 9—10 ст. на паўд.-слав. мове малд. рэдакцыі (да 17 ст. афіц. дзярж., царк. і літ. мова). На ёй у 15—16 ст. створаны рэлігійна-гіст. творы: «Жыціе святога Іаана Новага» (1402), летапісы, пропаведзі Грыгорыя Цамблака. Першая малд. кніга — «Казанні» (1643) мітрапаліта Варлаама. Уклад у развіццё стараж. малд. л-ры зрабілі летапісцы Г.​Урэке (аўтар першага летапісу на малд. мове), М.​Косцін (філас. паэма «Жыццё свету», 1671—73), І.​Некулчэ («Летапіс Краіны Малдаўскай» — першы звод-апісанне гіст. падзей 1359—1743, дапоўнены легендамі і паданнямі). Развіццю малд. культуры пач. 18 ст. спрыялі М.​Мілеску (Спафарый), Дз.Кантэмір. У канцы 18 — пач. 19 ст. склаліся перадумовы для развіцця новай малд. л-ры. Зарадзіліся лірычная паэзія (М.​Міло, К.​Канакі, І.​Кантакузіна, М.​Дымакі), сатыра (Д.​Белдыман), пашырыліся пераклады з рус., франц. і інш. л-р. Узніклі нац. перыяд. друк, т-р, школа, пачаўся працэс фарміравання літ. мовы. З пач. 19 ст. л-ра набывала больш свецкі характар: творы Канакі, К.Стамаці, А.​Хыждэў, Б.П.Хашдэў, у Запруцкай (Зах.) М. — А.​Доніча, А.​Русы, В.​Александры і інш. Развіваліся і суіснавалі розныя літ. кірункі: сентыменталізм (Канакі), класіцызм (Стамаці, Хыждэў, Г.​Асакі), рамантызм (І.Крангэ, М.Эмінеску), крытычны рэалізм (Александры), рэалізм (Крангэ, К.​Негруцы, А.​Мяцяевіч). Узніклі літ. жанры: ода (Асакі, Александры), байка (Доніч, Стамаці), гіст. навела (Хыждэў, Негруцы), драма, памфлет, сатыр. камедыя (Хашдэў, Д.​Мілеў, Александры), паэма (Эмінеску), аповесць (Негруцы), казка, апавяданне (Крангэ), публіцыстычны нарыс (Руса, М.​Кагэлнічану, Хыждэў), гіст. раман (Хашдэў). Асн. тэндэнцыі л-ры 1920—30-х г. вызначалі проза Л.​Барскага, І.​Каны, М.​Маркава, Мілева, паэзія М.​Андрыеску, Л.​Карняну, К.​Кашэрэў, Т.​Малая, драматургія П.​Карнеліу, С.​Лехтцыра і інш. У цэнтры іх увагі гіст. лёс малд. народа, сац. перамены ў яго жыцці і свядомасці. У Бесарабіі працавалі Э.Букаў, А.Лупан, Д.​Ветраў, П.Дарыенка, Л.​Дэляну, Б.Істру, М.​Кастэнка, П.Кручанюк, Дж.Менюк і інш. У Вял. Айч. вайну найб. пашыранымі жанрамі былі паэзія і публіцыстыка: вершы і артыкулы Букава, Істру, Дарыенкі, Ветрава, Карняну, прасякнутыя героікай і патрыят. пафасам. Вядучае месца ў пасляваен. л-ры заняла паэзія (І.​Балцан, Л.Даміян, П.​Дарые, Дарыенка, Дэляну, П.Задніпру, А.​Кодру). Пашырыўся яе жанравы дыяпазон (верш, лірычны рэпартаж, ода, песня, паэма). Лепшыя традыцыі л-ры М. ў прозе развівалі Кана, Букаў, А.​Ліпкан, С.​Шляху, Г.Лупан, І.Друцэ, У.​Бешлягэ, А.​Шалар, І.​Чабану, Барскі, Г.​Геаргіу, А.​Бусуёк, В.​Малева, Я.​Куткавецкі, Р.​Лунгу, А.​Марынат; у драматургіі — Друцэ, Карняну, Г.​Лупан, Г.​Маларчук, Марынат, Р.​Партной і інш. У 1960—80-я г. бурна развіваецца раман. Творы гіст., ваен., вясковай тэматыкі, прысвечаныя праблемам урбанізацыі, стваралі Друцэ («Стэпавыя балады», 1963), Чабану («Масты», 1965; «Падгаране», 1982), Шляху («Месяц як жарало гарматы», 1970; «Надзейны чалавек», 1974), С.​Сакі («Выпрабаванне», 1972), Марынат («Гарачыя крыніцы», 1973), Маларчук («Бадзя Казма»), Геаргіу («Снягі вясной», 1974) і А.​Чыбатару («Сейбіты», 1977), Бешлягэ («Дома», 1976), Г.​Мадан («Перакрыжаваныя шаблі», 1977), Ф.​Відрашку («На вуліцы Руж», 1977), Малева («Сярэбраны ўзрост», 1979) і інш. У 1970—90-я г. традыцыі пісьменнікаў старэйшага пакалення працягваюць Г.Віеру, А.​Чыбатару, П.Боцу, Г.​Водэ, І.​Ватаману, Э.​Лацяну, Даміян, В.​Тэлеукэ і інш. Пра тэматычную разнастайнасць паэзіі сведчаць калектыўныя зб-кі вершаў «Пяю маю Айчыну» (1972), «Вобраз твой, Малдова» (1974), «Сузор’е сэрцаў» (1976), «Мая рэспубліка» (1977), а таксама кнігі лірыкі Водэ («Няхай заўсёды цудоўным будзе вобраз твой», 1976; «Сэрца бягучае», 1980), Ватаману («Зялёная калыханка песні», 1978; «Вяршыні кахання», 1981), Тэлеукэ («Імгненні сэрца», 1975; «Спроба не паміраць», 1980), Лацяну («Двайная спіраль», 1976), Боцу («Клятва», 1981) і інш. Для твораў сучаснай л-ры М. характэрны багацце маст. стыляў, жанраў, шматграннасць, надзённасць тэматыкі і праблематыкі, паглыблены сац.-псіхал. аналіз. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра (С.​Вангелі, Віеру, Г.​Лупан, Дарые, Шалар), крытыка і літ.-знаўства (С.​Чыбатару, Х.​Корбу). У 1928 створаны Саюз пісьменнікаў М.

Бел.-малд. літ. сувязі пачалі акрэслівацца ў 1940-я г.: першы бел. твор — верш Я.​Купалы на малд. мове з’явіўся ў 1939 (перакладчык М.​Цуркану). Пашырэнню літ. кантактаў у пасляваен. час спрыялі ўзаемны ўдзел пісьменнікаў у рабоце з’ездаў, іх перакладчыцкая дзейнасць, правядзенне тыдняў л-р (1956 і 1960). На малд. мове выдадзены анталогіі «Беларускія вершы» (1956), «Проза Савецкай Беларусі. Апавяданні і навелы» (1962), асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т. л. раман І.​Шамякіна «Глыбокая плынь» (1954), паэтычныя творы Я.​Купалы — «Хлопчык і лётчык» (1955, перакладчык Задніпру), выбраная лірыка (зб. «Песня ў імя свабоды», 1982; перакладчык Дарые), аповесць Я.​Коласа «Дрыгва» (1968) і зб. «Апавяданні аб мінулым» (1958), аповесці Я.​Брыля «На парозе сталасці» (1961), Я.​Маўра «ТВТ...» (1961), В.​Быкава «Трэцяя ракета» (1964), А.​Рылько «Мядовыя краскі» (1965), раманы П.​Броўкі «Калі зліваюцца рэкі» (1962), У.​Дадзіёмава «Над Нёманам» (1963), І.​Мележа «Людзі на балоце» (1966) і інш. Творы многіх бел. паэтаў і празаікаў публікуюцца ў малд. перыяд. друку. На бел. мове выдадзены: анталогіі «Малдаўскія апавяданні» (1958), «Паэты сонечнай Малдовы» (1960), «Малдаўскія народныя казкі» (1966), «Бочачка вінароба: Малдаўскі гумар» (1967), кн. прозы «Гронкі радасці: Творы пісьменнікаў Малдавіі і малд. фальклору» (1986), творы для дзяцей, у т. л. казка «Жалезны воўк» (1978), зб-кі вершаў Бешлягэ «Ляцім на Месяц» (1977), Ф.​Міронава «Балада пра бусла» (1981), кн. апавяданняў Вангелі «Гугуцэ — капітан карабля» (1983), а таксама асобныя творы розных жанраў: аповесць Шляху «Таварыш Ваня» (1957), зб. апавяданняў В.​Рошкі «Што мае вочы бачылі» (1962), раманы Лупан «Трэція пеўні» (1971), Друцэ «Цяжар нашай дабрыні» (1977), зб-кі лір. твораў Букава «Нараджэнне першай зоркі» (1980), Віеру «Імя тваё» (1986) і інш. На старонках бел. газет і часопісаў змяшчаюцца творы Букава, А.​Чакану, Даміяна, А.​Гужэля, Боцу, Балцана, Дэляну, Кручанюка, П.​Керарэ, Тэлеукэ і інш. Найб. плённа перакладалі і перакладаюць творы малд. пісьменнікаў А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, А.​Бачыла, Т.​Бондар, Я.​Брыль, Г.​Бураўкін, А.​Вольскі, М.​Гіль, А.​Грачанікаў, Х.​Жычка, С.​Законнікаў, А.​Звонак, У.​Казбярук, М.​Калачынскі, У.​Камейша, У.​Карызна, К.​Кірэенка, А.​Клышка, Я.​Лецка, А.​Лойка, М.​Маляўка, А.​Марціновіч, С.​Панізнік, У.​Паўлаў, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, Я.​Сіпакоў, М.​Чарняўскі, А.​Шарахоўская, У.​Шахавец, В.​Шымук, Я.​Янішчыц, Р.​Яўсееў і інш.

Архітэктура. На тэр. М. выяўлены паселішчы трыпольскай культуры. З 10—11 ст. гарады мелі драўляна- і каменна-земляныя ўмацаванні, з сярэдзіны 15 ст. іх абносілі каменнымі сценамі. У Сароцы і Бендэры пабудаваны крэпасці з магутнымі вежамі і арачнымі ўездамі. Да 16 ст. склаўся мясц. тып 1-нефавага бяскупальнага храма з нартэксам і апсідай (царква Успення ў г. Кэўшэнь, 16 ст.) або з 3 апсідамі ў форме трылісніка (царква Успення манастыра ў Капрыянах, 16 ст.). З 15 ст. ў цэрквах рабілі пахавальні з нішамі ў сценах. Своеасаблівая «малдаўская сістэма» перакрыццяў: 2 ярусы арак падтрымліваюць барабан над цэнтр. ч. храма (царква манастыра ў Рудзі, 1774). Звонку храмы аздаблялі плоскімі нішкамі (фірыдэ) і арачнымі паяскамі (окніцэ), з 17 ст. — урачыстымі «каменнымі карункамі» (партал з багатай разьбой царквы св. Дзімітрыя ў г. Архей). Драўляныя цэрквы 18 ст. звычайна мелі прамавугольны ці 8-гранны зруб, накрыты шатром. Грамадз. пабудовы 14—15 ст. (палацы, лазні) драўляныя або землябітныя, пазней — каменныя (рэшткі замка 14—15 ст. у Археі). У канцы 18 ст. склаўся тып гар. і сельскага дома з выкарыстаннем асобных элементаў класіцызму. У часы тур. панавання (15—18 ст.) многія арх. помнікі разбураны. Ад 16—17 ст. захаваліся пячорныя манастыры ў Сахарне, Жабцы і храмы каля с. Бутучэны, ад 18 ст. — царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве, і інш. З пач. 19 ст. ўзводзілі будынкі, ансамблі, мемарыялы ў стылі класіцызму: кафедральны сабор (1830—35, арх. А.​Мельнікаў) і трыумфальная арка (цяпер арка Перамогі, 1840, арх. І.​Заушкевіч) у Кішынёве, мемар. дарычная калона на месцы бітвы 1770 пры р. Кахул (1845, Ф.​Бафо), манастыр Цыганешты каля Архея (1846). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў гарадах пераважала 1-павярховая забудова асабнякамі, абкружанымі садамі. Кампазіцыйнай дамінантай былі грамадскія будынкі і цэрквы з каменю і цэглы (Грэчаская царква ў Кішынёве, 1895, арх. А.​Бернардацы). У вясковых сядзібах стваралі ландшафтныя паркі (Цаульскі парк каля Тырнава, 1902—15), будавалі цэрквы (царква ў с. Верхнія Кугурэшты Фларэшцкага р-на, 1912—16, арх. А.​Шчусеў). У архітэктуры 1920—30-х г. дамінаваў стыль мадэрн. У 1940—50-я г. істотна мянялася структура гарадоў, пракладваліся новыя магістралі, узводзіліся шматпавярховыя грамадскія і жылыя будынкі. У буд-ве выкарыстоўвалі мясц. светлы вапняк, у дэкоры — кераміку, разьбу па камені. У 1960-я г. будавалі паводле тыпавых праектаў з вапняку і жалезабетонных панэляў. З 1970-х г. забудова вядзецца паралельна з рэканструкцыяй гістарычных гар. цэнтраў. Захоўваюцца традыц. формы вясковага дома: драўляны ці каменны дом з ганкам або галерэяй, багата аздоблены разьбой і размалёўкай; будуюць таксама дамы новага тыпу з вял. вокнамі і верандамі, часам 2—3-павярховыя. Для архітэктуры 1980—90-х г. характэрны свабодная планіроўка мікрараёнаў, новыя буд. матэрыялы, колеравыя эфекты, разнастайныя рытмічныя акцэнты, больш маляўнічымі становяцца кампазіцыі мікрараёнаў, грамадскіх і вытв. комплексаў (жылыя дамы ў мікрараёне № 7 па праспекце Міру і вул. Бельскага, арх. М.​Думіх; гасцініца «Інтурыст», арх. А.​Гарбунцоў; Палац Рэспублікі; усе ў Кішынёве). У 1945 створаны Саюз архітэктараў М.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія творы мастацтва на тэр. М. адносяцца да позняга палеаліту (рагавы «жэзл» рагавое «жазло»* з рэльефнай фігурай), неаліту (арнаментаваная кераміка), трыпольскай культуры (пасудзіны са складаным дэкорам, фігуркамі людзей і жывёл). Выяўлены помнікі культуры фракійцаў (з 9 ст. да н.э.), метал. ўпрыгожанні і зброя, гліняныя і бронз. фігуркі. У 1-й пал. 1-га тыс. н.э. высокім маст. узроўнем вызначаліся керамічныя пасудзіны, залатыя, сярэбраныя і бронз. фібулы, завушніцы, бранзалеты і спражкі. Да культуры стараж. славян адносяцца гліняныя фігуркі божастваў і жывёл, кераміка, ювелірныя вырабы. У 13—14 ст. мастацтва М. зазнала ўплывы рамёстваў Візантыі і мусульм. Усходу, часткова стараж.-рус. маст. культуры. Кніжнай мініяцюры 15—16 ст. характэрны арнаментаваныя застаўкі і гарманічныя колеравыя спалучэнні. У 17 ст. мініяцюры сталі больш экспрэсіўныя, кветкавы ўзор заставак спрасціўся. У размалёўках 18 ст. элементы нар. творчасці спалучаліся з познавізант. і балканскімі традыцыямі (размалёўкі ў царкве Успення ў г. Кэўшэнь з партрэтнымі выявамі царк. старастаў). У іканапісе канца 18 — пач. 19 ст. аб’ёмная лепка твараў спалучалася з плоскаснасцю адзення і фону. Развівалася дыванаткацтва. У 19 ст. ў выяўл. мастацтве пашырыліся свецкія жанры, асабліва партрэт (І.​Краус). У 2-й пал. 19 ст. з’явіліся прафес. мастакі, у 1887 заснавана рысавальная школа (з 1940 Рэсп. маст. вучылішча). У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам рус. перасоўнікаў малд. мастакі стваралі рэаліст. пейзажы, жанравыя карціны, псіхал. партрэты (У.​Акушка, Я.​Маляшэўская і інш.). У 1920—40-я г. мастацтва М. развівалася ў адзіным рэчышчы з укр. і рус. мастацтвам (карціны А.​Файніцкага, плакаты і кніжная графіка Я.​Мярэгі і інш.). У мастацтве Бесарабіі дамінавалі мадэрнісцкія плыні, у рэаліст. кірунку працавалі скульпт. А.​Пламадзяла, жывапісцы М.​Гамбурд, А.​Бальер, графік Ш.​Коган і інш. У 1941—45 патрыятычныя творы рабілі Л.​Дубіноўскі, Гамбурд, Б.​Нясведаў. У 1950—80-я г. ў скульптуры манум. сімволіка-алегарычныя і жанравыя кампазіцыі стварылі Дубіноўскі, Ю.​Канашын, І.​Кітман, Б.​Марчанка, паэт. вобраз жанчыны — К.​Кабізева. У жывапісе вызначаюцца тэматычныя карціны І.​Віеру, М.​Грэку, І.​Жумація, В.​Зазерскай, С.​Кучука, В.​Русу-Чабану, І.​Сцяпанава, партрэты работы А.​Зевінай, К.​Кітайкі, Г.​Саінчука, пейзажы А.​Васільева, М.​Петрыка. Э.​Раманеску; у графіцы — І.​Багдэска, Л.​Грыгарашанкі, Э.​Кілдэску, А.​Калыбняка, І.​Кырму і інш. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве працавалі С.​Булгакаў, К.​Ладзейскі, А.​Матэр, А.​Шубін. У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца дыванаткацтва, кераміка, разьба па дрэве, ювелірнае мастацтва (С.​Врынчану, Э.​Грэку, С.​Чокалаў, М.​Рэчылэ, Ф.​Нутовіч, Л.​Янцэн і інш.). У 1945 засн. Саюз мастакоў М.

Музыка. У аснове малд. нар. музыкі 7-ступенныя дыятанічныя лады. Нар. песня пераважна аднагалосая (трапляецца двухгалоссе). Найб. стараж. песні працоўныя і абрадавыя (калядкі, вясельныя, галашэнні), пашыраны песні-балады і лірычныя, больш познія гар. песні-рамансы. Важнае месца ў малд. фальклоры займаюць дойна і танц. мелодыі — хора, сырба, бэтута. Сярод нар. муз. інструментаў: струнны шчыпковы кобза, язычковы шчыпковы дрымба (варган), духавыя — флуер, кавал (разнавіднасці жалеек), най (флейта Пана), тарагот, чымпой (дуда), бучум (трэмбіта), ударны — цымбалы. Носьбіты традыцый нар. выканальніцтва — лэўтары (ад нар. назвы скрыпкі), сярод якіх вядомы Б.​Лэўтару, Я.​Пержа, К.​Марын, Г.​Мурга. Прафес. музыка. пачала развівацца ў сярэдневякоўі ў манастырах, пры княжацкіх дварах, у вайск. асяроддзі. Вядомы малд. кампазітар, тэарэтык і выканаўца 18 ст. кн. Дз.Кантэмір. Муз. жыццё М. ажывілася ў 19 ст.; створаны. Муз.-драм. кансерваторыя Г.​Асакі ў г. Ясы (1836), т-ва «Гармонія» (1880, з 1899 Кішынёўскае аддзяленне Рас. муз. т-ва на чале з У.​Рэбікавым), муз. вучылішча (1900) у Кішынёве; выдадзены зборнікі нар. песень і танцаў Ф.​Ружыцкага, К.​Мікулі, Г.​Музічэску, Т.​Бурады. Вял. ролю ў развіцці малд. муз. культуры канца 19 — пач. 20 ст. адыгралі Е.​Тойбер-Асака, А.​Флехтэнмахер, Ч.​Парумбеску, Музічэску, Мікулі, заснавальнік нац. оперы, інстр. канцэрта і сімф. уверцюры Э.​Каўдэла. У 1918—40 вылучыліся дырыжоры В.​Булычаў, І.​Бейн, хормайстар М.​Беразоўскі, кампазітары М.​Быркэ, С.​Златаў, Я.​Кока і інш. У 1930-я г. арганізаваны хар. капэла «Дойна», сімф. аркестр, ансамбль нар. музыкі ў г. Ціраспаль. У станаўленні маст. калектываў, падрыхтоўцы нац. кадраў і стварэнні рэпертуару ўдзельнічалі рус. і ўкр. кампазітары. У 1937 створана малд. аддзяленне пры Саюзе кампазітараў Украіны (Адэса). У 1940—90-я г. ў розных муз. жанрах працавалі Ш.​Няга (сімф. «Паэма пра Днестр», 1943; кантата «Штэфан Вялікі», 1946; араторыя «Песня адраджэння», 1951; канцэрт для скрыпкі з арк., 1944), Кока (першыя стр. квартэты), Л.​Гураў, С.​Лобель, В.​Палякоў (сімфоніі) і інш.

У 1957 адкрыты Малд. т-р оперы і балета. Паявіліся оперы Д.​Гершфельда («Гразаван!», 1955; «Аўрэлія», 1959; «Сяргей Лазо», 1980), А.​Стырчы («Сэрца Домнікі», 1960), З.​Ткач («Каза з трыма казлянятамі», 1966; «Галубы ў касую лінейку», 1974; «Крок у бессмяротнасць», 1986; «Мой парыжскі дзядзька», 1987), Г.​Нягі («Гліра», 1972; «Залаты рог», 1984), Э.​Лазарава («Дракон», 1976), Г.​Мусці («Александру Лэпушняну», 1987); балеты Лазарава («Антоній і Клеапатра», 1965), В.​Загорскага («Перакрыжаванне», 1977), Ткач («Андрыеш», 1980), Е.Догі («Лучафэрул», 1983) і інш. У жанрах сімф. і камерна-інстр. музыкі, інстр. канцэрта працуюць П.​Рывіліс, Ф.​Кірыяк, І.​Макавей, Г.​Няга, В.​Біткін. Росквіт песеннага жанру і кінамузыкі звязаны з творчасцю Догі, у песенным жанры працуе К.​Руснак. Сярод выканаўцаў: спевакі Т.​Алёшына, М.Біешу, Л.​Ерафеева, М.​Мунцян, Т.​Чэбан, дырыжоры Ц.​Гуртавой, С.​Лункевіч, хар. дырыжор В.​Гаршця. У М. дзейнічаюць (1999): Малд. т-р оперы і балета, Малд. муз.-драм. т-р (з 1954), муз.-драм. т-ры ў гарадах Бэлць і Кахул, філармонія ў Кішынёве, пры якой сімф. аркестр, хар. капэла «Дойна», ансамбль нар. танца «Жок», аркестр малд. нар. інструментаў «Флуераш», ансамбль «Лэўтары»; эстр.-сімф. аркестр, стр. квартэт, ансамбль нар. музыкі «Фальклор» Малд. тэлебачання і радыё. Працуюць Малд. акадэмія музыкі, муз. вучылішчы і інш.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. ў нар. творчасці, стараж. абрадах і гульнях. У 14 ст. выступалі прыдворныя і вандроўныя тэатр. групы «Пелівань», «Мэскрэрыч», «Суітар». На мяжы 18—19 ст. пашырыліся формы нар. т-ра, насычаныя музыкай і танцамі («Ірозій», т-р лялькаводаў, гайдуцкі т-р і інш.). У 1816 заснавальнік малд. т-ра Г.​Асакі паставіў першы спектакль на малд. мове — пастараль «Міртыл і Хлоя» С.​Геснера і Ж.​Фларыяна; у 1836—38 ён заснаваў кансерваторыю ў Ясах. У 1839 акцёр і драматург К.​Караджале стварыў у Ясах «Т-ва дылетантаў», з якога ўзнік Нац. т-р. Станаўленню нац. тэатр. культуры садзейнічалі драматургі В.​Александры, М.​Кагэлнічану, К.​Негруцы, Б.​П.​Хашдэў, К.​Стамаці-Чура. Асновы рэаліст. школы акцёрскага мастацтва заклаў М.​Міло. З сярэдзіны 19 ст. ў т-ры М. рысы класіцызму спалучаліся з рамант. тэндэнцыямі, асветніцкага рэалізму — з крытычным рэалізмам. У Кішынёве выступалі рус. і ўкр. трупы, гастраліравалі вядомыя рус. і ўкр. акцёры. У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў т-р заняпаў, дзейнічалі аматарскія калектывы. У 1927 у г. Балта створаны Малд. драм. т-р, акцёры якога ў 1930 увайшлі ў драм. студыю пад кіраўніцтвам А.​Адашава і Н.​Панасевіч-Рэміз у Ціраспалі (з 1932 у Адэсе). У 1933 у Ціраспалі адкрыты Першы малд. драм. т-р (з 1939 Малд. муз.-драм. т-р, з 1940 у Кішынёве, з 1957 імя А.​Пушкіна). Дзейнічалі Укр. (1930—40) і Рус. (1935; з 1940 у Кішынёве, з 1959 імя А.​Чэхава) т-ры. Ставіліся рус. і замежная класіка, п’есы малд. драматургаў. У 1945 у Кішынёве адкрыты т-р лялек «Лікурыч», у 1957 Бэлцкі малд. т-р (з 1966 імя Александры). Вял. ўвага аддавалася п’есам малд. драматургаў А.​Лупана, Л.​Дэляну, Л.​Карняну, Р.​Партнога і інш., нац. класіцы («Сынзяна і Пепеля», «Авідзій», «Кірыца ў Ясах» Александры, «Свякроў з трыма нявесткамі» паводле І.​Крангэ). У 1960 у Кішынёве засн. маладзёжны т-р «Лучафэрул». Дзейнічаюць «Паэтычны т-р» у Кішынёве, Рус. т-р драмы і камедыі ў Ціраспалі. Сярод лепшых спектакляў: «Эмінеску» М.​Штэфэнеску, «Фантан Бландузіі» і «Кірыца ў правінцыі» Александры, «Зямля» І.​Падаляну, «Міндора» А.​Стрымбяну, «Каса марэ» і «Птушкі нашай маладосці» І.​Друцэ, «Маскарад» М.​Лермантава, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Без віны вінаватыя» Астроўскага, «Кароль Лір» і «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Швейк у другой сусветнай вайне» Б.​Брэхта і інш. Вял. ўклад у развіццё т-ра М. зрабілі рэжысёры В.​Купча, І.​Шкура, акцёры Д.​Дарыенка, Н.​Масальская, Я.​Урэке, К.​Штырбу, М.​Апосталаў, П.​Баракчы, В.​Герлак, Т.​Грузін, К.​Казімірава, К.​Канстанцінаў, А.​Плацында, Ю.​Сакалоў, Л.​Шутава, К.​Тырцэў і інш. У т-рах М. пастаўлены п’есы бел. драматургаў, у т. л. К.​Крапівы, А.​Макаёнка, А.​Маўзона, Дз.​Курдзіна і інш. У 1987 створаны Саюз тэатр. дзеячаў М.

Кіно. Першыя дакумент. фільмы на тэр. М створаны ўкр. рэжысёрамі і аператарамі: «Дакументы эпохі» (1927), «На Дунаі» (1940). У 1944 аператар І.​Гразноў зняў у Кішынёве спец. выпускі кіначасопіса «Савецкая Малдова», у 1949 рэж. М.​Білінскі стварыў першы паўнаметражны дакумент. фільм «Савецкая Малдова». У 1952 засн. Кішынёўская кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў (кінанарысы «Кодры», 1953; «Помнікі баявой славы», 1955, інш.). Першы малд. маст. фільм «Малдаўскія напевы» (1955, рэж. А.​Залатніцкі). У 1957 студыя хранікальна-дакумент. фільмаў рэарганізавана ў кінастудыю маст. і хранікальна-дакумент. фільмаў «Малдова-фільм». Здымаліся фільмы камед. («Не на сваім месцы»,1958, рэж. Г.​Камароўскі), гіст. («Атаман кодр», 1959, рэж. В.​Уліцкая), сучаснай тэматыкі («Я вам пішу...», 1959, рэж. М.​Ізраілеў). Сярод лепшых стужак 1960—80-х г. «Армагедон» (1962, рэж. Ізраілеў), «Апошні месяц восені» (1965, рэж. В.​Дзербянёў, Гран пры Міжнар. кінафестывалю фільмаў для моладзі ў Канах, 1967), «Сяргей Лазо» (1968, рэж. А.​Гардон), «Абвінавачваюцца ў забойстве» (рэж. Б.​Волчак), «Дзесяць зім за адно лета» (рэж. В.​Гажыу; абодва 1970), «Рызыка» (1971, рэж. В.​Паскару), «Дзмітрый Кантэмір» (1973, рэж. В.​Іовіцэ і В.​Калашнікаў), «Хто каго?» (1977, рэж. А.​Кодру), «Лебедзі ў сажалцы» (1982, рэж. Паскару) і інш. Вял. ўклад у развіццё малд. кіно зрабіў рэж. і сцэнарыст Э.Лацяну. З 1968 выпускаюцца анімацыйныя фільмы («Гугуцэ-паштальён», 1976, рэж. К.​Балан; «Як знайшлі сябра», 1981, рэж. Л.​Домнін, і інш.). З 1971 здымаюцца тэлефільмы: «Чырвонае сонейка» (1972, рэж. Паскару), «І прыйдзе дзень» (1979, рэж. Ізраілеў), «Кодавая назва «Паўднёвы гром» (1980, рэж. Н.​Гібу) і інш. З 1972 выпускаецца сатыр. кіначасопіс «Устурыч». Акцёры: М.Валанцір, Р.​Грыгорыу, М.​Сагайдак, С.​Тома, І.​Унгурану, І.​Шкура і інш. У 1962 заснаваны Саюз кінематаграфістаў М.

Беларусы ў Малдове. Гісторыя з’яўлення бел. дыяспары ў М. малавядома. У 14—16 ст., калі левабярэжная частка М. ўваходзіла ў склад ВКЛ, пасля далучэння М. да Расіі (канец 18 — пач. 19 ст.) і пазней міграцыя беларусаў у М. была нязначнай. Толькі пасля 2-й сусв. вайны тут з’явілася невял. ўстойлівая бел. дыяспара (беларусы прыязджалі пераважна на будоўлі, па арганізаваных наборах, абавязковым размеркаванні навучэнцаў, сямейных абставінах). У 1959 у М. жыло каля 9 тыс. беларусаў, у 1989 іх колькасць павялічылася да 20 тыс. чал., але сваіх нац. культ.-асв. асяродкаў беларусы там практычна не мелі. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. частка беларусаў вярнулася на радзіму (1673 чал. ў 1991—95), невял. колькасць прыбыла ў М. (45 чал. у 1995). У 1990-я г. ў М. створаны і дзейнічаюць: Бел. грамада (Кішынёў), пры якой існуе нядзельная школа, суполка «Беларусь» (Бендэры), аддзел бел. л-ры пры адной з бібліятэк Кішынёва. У вер. 1997 заключана міжурадавае пагадненне аб абароне правоў і інтарэсаў беларусаў у М. і малдаван у Беларусі.

Літ.:

Гросул Я.С. Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982;

Параска П.Ф. Внешнеполитические условия образования Молдавского феодального государства. Кишинев, 1981;

Полевой Л.Л. Раннефеодальная Молдавия, Кишинев, 1985;

Мохов Н.А. Очерки истории формирования молдавского народа. Кишинев, 1978;

Бессарабия на перекрестке европейской дипломатии: Док. и материалы. М., 1996;

Вопросы истории Молдавии XIX — начала XX в.: Сб. ст. Кишинев, 1989;

Пасат В.И. Трудные страницы истории Молдовы, 1940—1950-е гг. М., 1994;

Корбу Х.Г. Становление новой молдавской литературы и проблема творческого метода (1840—1860). Кишинев, 1976;

Чиботару С.С. Формирование социалистического реализма в молдавской литературе, 1917—1941. М., 1974;

Коробан В.П. Современный молдавский роман. М., 1979;

Изобразительное искусство Молдавской ССР. М., 1972;

Лившиц М.Я. Искусство Молдавской ССР: [Альбом]. Л., 1972;

Яго ж. Декоративно-прикладное искусство Молдавии. Кишинев, 1980;

Музыкальная культура Советской Молдавии: Сб. ст. М., 1965;

История музыки народов СССР. Т. 1—6. М., 1970—96;

Себов Н.Д. Становление молдавского музыкального театра. Кишинев, 1983;

Прилепов Д.И. Молдавский театр. М., 1967;

Иорданов И. Кино Молдавии. М., 1981;

Полюхов Н.М., Полюхова М.П. Киноискусство Советской Молдавии. М., 1981.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя), Г.​В.​Ратнікаў (кіно), Т.​А.​Папоўская (беларусы ў Малдове).

Герб і сцяг Малдовы.
Да арт. Малдова. Малдаўская вёска.
Да арт. Малдова. У каньячным цэху.
Да арт. Малдова. Помнік гаспадару (правіцелю) Стэфану III Вялікаму ў Кішынёве. Скульптар А.​М.​Пламадзяла. 1925.
Да арт. Малдова. Будынак Нацыянальнага музея гісторыі Малдовы.
Да арт. Малдова. Царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве. 18 ст.
Да арт. Малдова. Малдаўскі тэатр оперы і балета.
Да арт. Малдова. Палац Рэспублікі ў Кішынёве.
Да арт. Малдова. М.​Грэку. Восеньскі дзень. 1964.
Да арт. Малдова. Э.​Раманеску. Родны край. 1968.
Да арт. Малдова. М.​Петрык. Вінаградная чаша. 1974.
Да арт. Малдова. Дыван. Канец 19 ст.
Да арт. Малдова. Ф.​Нутовіч. Набор «Юбілейны». 1974.
Да арт. Малдова. М.​Рэчылэ. Габелен «Веснавая ралля». 1977.
Да арт. Малдова. І.​Віеру. Збор ураджаю. 1972.

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ І ВАЕ́ННАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ 1918—22,

узброеная барацьба паміж праціўнікамі сав. улады і яе абаронцамі ў Расіі.

Другі Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У.​І.​Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі. Пераход улады да Саветаў распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Буржуазія, вышэйшае афіцэрства, чыноўніцтва і інш. Сац. групы выступілі супраць улады бальшавікоў. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі кадэты, правыя эсэры, меншавікі, нац. партыі і арг-цыі. 25.10(7.11).1917 прэм’ер-міністр Часовага ўрада А.Ф.Керанскі ўцёк на Паўн. фронт і накіраваў на Петраград корпус ген. П.​М.​Краснова. Барацьбу супраць Сав. улады пачалі казацкія ўрады Дона (К.М.Каледзін), Кубані (А.​Філімонаў), Арэнбурга (А.І.Дутаў). Украінская Цэнтральная рада, абапіраючыся на камандаванне Паўд.-Зах. і Рум. франтоў, нац. часці, 7(20) ліст. стала вярх. органам улады на Украіне, абвясціла незалежную Украінскую народную рэспубліку. Створаны ў Тыфлісе 15(28) ліст. Закаўказскі камісарыят захапіў уладу ў Закаўказзі. Антысав. ўрады былі ўтвораны ў Туркестане і Сібіры. Капіталіст. дзяржавы, занятыя першай сусветнай вайной 1914—18, спачатку не змаглі аказаць рус. буржуазіі эфект. дапамогу, але наладжвалі з ёй сувязі, давалі крэдыты. Асн. узбр. сілай сав. улады была Чырв. гвардыя і рэв. часці старой арміі. У кастр.—ліст. 1917 яны разграмілі мяцяжы Керанскага—Краснова пад Петраградам, юнкераў у Петраградзе, батальёны пад Белгарадам, да пач. 1918 была занята амаль уся Украіна, разбіты войскі атамана Дутава на Паўд. Урале, ліквідаваны антыбальшавіцкія мяцяжы ў Іркуцку, Забайкаллі, Амурскай і Прыморскай абласцях.

Пасля атрымання весткі аб перамозе ўзбр. паўстання ў Петраградзе выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе ўлады да Саветаў. Створаны 27.10(9.11).1917 Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ВРК) патрабаваў ад усіх арг-цый і грамадзян выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада, утвораная ў выніку рэарганізацыі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Барацьба за ўстанаўленне Сав. улады у Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве. 26.10(8.11). 1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. Сав. ўрад зняў ген. М.М.Духоніна з пасады в.а. галоўнакамандуючага. Стаўку занялі сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам, які стаў галоўнакамандуючым, быў зменены склад штаба Зах. фронту, распушчаны франтавы камітэт. 26.11(9.12).1917 у Мінску створаны вышэйшы заканад. орган Заходняй вобласці і Зах. фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), а для вырашэння найб. важных пытанняў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старыя мясц. органы самакіравання ліквідоўваліся. Беларуская рада, Цэнтральная беларуская вайсковая рада сталі збіраць сілы для барацьбы з новай уладай. Быў скліканы Усебеларускі з’езд 1917 з мэтай вырашэння нац.-дзярж. самавызначэння бел. народа. З’езд быў распушчаны, аднак члены яго Прэзідыума на нелегальным пасяджэнні стварылі Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда.

16.2.1918 Германія заявіла Сав. Расіі, што тэрмін перамір’я скончыўся, і краіны зноў знаходзяцца ў стане вайны. Ням. войскі пачалі наступаць на ўсім фронце ад Балт. мора да Карпат. Адначасова выступілі і часці 1-га польск. корпуса ген. І.​Р.​Доўбар-Мусніцкага (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), якія разам з атрадамі Вял. бел. рады ў ноч на 20.2.1918 занялі Мінск. 21.2.1918 ням. войскі ўступілі ў Мінск, 24 лют. — у Калінкавічы, 28 лют. — у Рагачоў, Рэчыцу, 1 сак. — у Гомель, 5 сак. — у Магілёў. 21 лют. СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы». У Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. А.Ф.Мяснікоў) і Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін). У пач. сак. 1918 ім удалося спыніць наступленне герм. войск на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. У гэтых умовах сав. урад аднавіў перагаворы з Германіяй аб перамір’і, а потым пагадзіўся на заключэнне Брэсцкага міру 1918, у выніку чаго стабілізавалася лінія сав.-герм. фронту. Больш за ​2/3 тэр. Беларусі (Зах. і Цэнтр.) апынуліся пад уладай герм. акупантаў. Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі пав. былі далучаны да гетманскай Украіны. І толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. існавала сав. ўлада. На захопленай тэр. ням. ўлады ўстанавілі жорсткі акупац. рэжым, адмянілі дэкрэты сав. улады, забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, якія стаялі на сав. платформе, але дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Памешчыкам вернуты іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такая палітыка выклікала супраціўленне бел. народа, у т. л. партыз. і падп. рух. Выканком Рады Усебел. з’езда, які выйшаў з падполля, прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне 20 лют. ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Я.Варонка). 9.3.1918 Выканком прыняў Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь аб’яўлялася незалежнай ад Расіі Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). 25.3.1918 Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Рада БНР спрабавала рэалізаваць свой дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. 25.4.1918 яна накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму, у якой выказала сярод іншага гатоўнасць «дасягнення дзярж. незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэсту ў розных колах бел. грамадства. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Утварылася некалькі новых партый. У многіх буйных гарадах Беларусі адбыліся забастоўкі, сходы і мітынгі, на якіх прымалі рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1918—20). Больш за 100 партыз. атрадаў дзейнічала на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. У Бабруйскім пав. была ўтворана «Рудабельская рэспубліка».

1918 быў надзвычай цяжкім для ўсёй Сав. дзяржавы. Чырв. Арміі даводзілася адначасова весці барацьбу супраць замежных і ўнутр. антысавецкіх сіл. У маі пачаўся Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918. Высадка англ. Дэсанта 6 сак. ў Мурманску стала пачаткам адкрытай замежнай інтэрвенцыі. Антанта разгортвала свае войскі адначасова на Поўначы, Д. Усходзе і ў інш. рэгіёнах. Сав. ўрад для адпору інтэрвентам 4.3.1918 стварыў Вышэйшы ваенны савет, пераўтвораны потым ў Рэўваенсавет Рэспублікі (РВСР), прыняў дэкрэт аб вайсковым абавязку для працоўных, увёў ін-т ваен. камісараў. У жн. 1918 войскі Усх. фронту спынілі наступленне чэхаславакаў і белагвардзейцаў. Але пры падтрымцы Антанты і ЗША актывізавалі дзейнасць антысав. «Саюз абароны радзімы і свабоды» на чале з Б.В.Савінкавым, правакадэцкі манархічны «Нацыянальны цэнтр», кааліцыйны «Саюз Адраджэння Расіі» і інш., якія арганізавалі ў ліп. 1918 антыбальшавіцкія леваэсэраўскія мяцяжы ў Маскве, Яраслаўлі і інш. У Баку (31 ліп.) уладу захапілі эсэры і меншавікі, пала Бакінская камуна, яе кіраўнікі расстраляны (гл. Бакінскія камісары). У Фергане пачалося басмацтва. Добраахвотніцкая армія А.І.Дзянікіна рушыла на Кубань і ў ліп.—вер. захапіла Стаўрапаль, Екацярынадар, Новарасійск. На Усходзе гал. антысав. сілай стала армія адмірала А.В.Калчака. 27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі пакідалі частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 адбылася рэвалюцыя ў Германіі, сав. ўрад ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. З выхадам Германіі з вайны правячыя колы Антанты узмацнілі націск на Расію, наносячы ўдары з Поўначы, Усходу і Поўдня. Сав. Расія да восені апынулася ў вогненным кальцы. У краіне панавалі голад, разруха, эпідэміі. 30.11.1918 створаны Савет рабоча-сялянскай абароны на чале з Леніным. Кіраўніцтва краіны прыняло шэраг надзвычайных паліт. і эканам. мерапрыемстваў (манаполія дзяржавы на хлеб, харчразвёрстка, стварэнне камітэтаў беднаты і інш.), якія атрымалі назву палітыкі «ваеннага камунізму». Гэта дало магчымасць умацаваць тыл і пачаць актыўныя баявыя дзеянні. Войскі Усх. фронту перайшлі ў наступленне.

У канцы 1918 герм. войскі сталі адыходзіць з тэр. Беларусі. Чырв. Армія 10.12.1918 уступіла ў Мінск. Да лют. 1919 Зах. армія замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — р.Шчара — Агінскі канал — Сарны. На гэтай тэрыторыі аднаўлялася Сав. ўлада. На парадак дня станавілася пытанне аб дзярж. уладкаванні Беларусі. 17—22.7.1918 на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве выказана прапанова аб стварэнні бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. 30.12.1918 у Смаленску склікана 6-я Паўн.-Зах. абл. канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай», перайменавала Паўн.-Зах. абл. арг-цыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. 31.12.1918 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з З.​Х.​Жылуновічам. 1.1.1919 быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне суверэннай БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Тэр. БССР яшчэ не была вызвалена ад герм. войск, а ёй ужо пагражала польская акупацыя (у снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.​Пілсудскі заявіў, што Польшча будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. Землі). 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. са сталіцай у Вільні (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. былі пакінуты ў РСФСР). Стварэнне Літбел на граніцы з Польшчай мела на мэце перашкодзіць вайне апошняй непасрэдна з РСФСР. У пач. вясны 1919 пачалося наступленне польскіх войск. Камандаванне фронту і СНК Літбел не здолелі абмежаванымі сіламі арганізаваць абарону рэспублікі. У гэты час асн. сілы Чырв. Арміі, у т. л. з Беларусі, накіроўваліся на Усх. фронт, які лічыўся галоўным. Сяляне не заўсёды падтрымлівалі палітыку «ваеннага камунізму». У многіх месцах, асабліва ў паласе Зах. фронту, успыхвалі сял. хваляванні. Антысав. сілы арганізавалі стракапытаўскі мяцеж 1919 у Гомелі. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, Баранавічы, 21 крас. — Вільню, 8 жніўня — Мінск. У вер. 1919 сав.-польскі фронт стабілізаваўся на лініі ад Дзвінска на Пн па р. Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля, паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці. У выніку перагавораў паміж урадамі Пілсудскага і РСФСР было падпісана часовае перамір’е. На акупіраванай тэр. ўлада належала польскай адміністрацыі. Лідэры нац.-дэмакр. партый спрабавалі дамагчыся ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве, заявіўшы аб сваёй польск. арыентацыі. Але Пілсудскі не прызнаў незалежнасць БНР і загадаў распусціць яе Раду. Толькі пры падтрымцы Польскай сацыяліст. партыі (ППС) польскі ўрад даў згоду на правядзенне сесіі Рады БНР, стварэнне бел. войска. Была створана Беларуская вайсковая камісія.

Вясной 1919 пры падтрымцы Антанты супраць Сав. Расіі працягвалі наступаць арміі Дзянікіна, Юдзеніча, Мілера. Але асн. ударнай сілай была армія Калчака, якая наступала з Урала, захапіла Уфу, Бугульму, Бугуруслан і рушыла на Паволжа, каб злучыцца з сіламі на Пд. Усх. фронт (камандуючы С.С.Каменеў) зноў стаў галоўным. Яго Паўд. група армій (камандуючы М.В.Фрунзе) перайшла ў наступленне. У маі 1919 вызвалены Бугуруслан, Бугульма, 9 чэрв. — Уфа.

Жорсткі акупац. рэжым польскіх улад выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Рэв. сілы ў гарадах аб’ядноўваліся пераважна вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал. паліт. сілай былі бел. эсэры. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыней партыз. руху — камуністычнай і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.М.Ігнатоўскім. Сав. ўрад вёў перагаворы з польскім бокам пра спыненне ваен. дзеянняў і магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (300 км на У ад т.зв. «Керзана лініі»). Аднак урад Пілсудскага, імкнучыся захапіць усю Беларусь, Украіну і Літву, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр. ваен. фарміраваннямі Пятлюры разгарнулі наступленне на ўсім фронце. Яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі.

У маі 1919 войскі Юдзеніча прарвалі каля Нарвы сав. фронт і ў пач. чэрв. падышлі да Петраграда. Часці, накіраваныя з Усх. фронту і з рэзерву Гал. камандавання ў чэрв. 1919 адбілі наступленне Юдзеніча. У ліп. спынена наступленне белагвардзейцаў з Пн. У выніку наступлення сав. войск на Паўд. фронце (з 4.1.1919) разбіта Данская армія Краснова. Становішча на Украіне ўскладнялася антыбальшавіцкім паўстаннем на Доне, мяцяжамі Грыгор’ева і Махно. У чэрв. 1919 Дзянікін захапіў Харкаў, Царыцын, уступіў у Данскую вобл., 3 ліп. абвясціў дырэктыву аб наступленні на Маскву. На Усх. фронце Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Перм, Кунгур, Уральск, Екацярынбург; 5-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім разбіла каля Чэлябінска апошнія рэзервы Калчака. Для цэнтралізацыі ваен. намаганняў і ўмацавання Чырв. Арміі 1.6.1919 ВЦВК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». У краінах Антанты і ЗША нарастаў рэв. рух, нар. масы выступалі супраць інтэрвенцыі ў Расіі. Калі Францыя актывізавала свае дзеянні на Пд Украіны, у франц. войсках пачаліся бурныя пратэсты. У крас. 1920 адбылося паўстанне на франц. флоце, французы пакінулі Адэсу і Севастопаль, і франц. ўрад заявіў аб спыненні інтэрвенцыі ў Расіі. 13 крас. эвакуіраваны з Закаспія англ. войскі. Стабілізацыя сав.-польскага фронту, паражэнне Калчака, актыўнае супраціўленне сав. войск на Пд вымусілі Дзянікіна накіраваць войскі на Украіну, дзе ён разлічваў на ўзаемадзеянне з палякамі. Армія Дзянікіна (да 110 тыс. чал.) у жн. заняла Правабярэжную Украіну, 10 жн. кав. корпус К.​М.​Мамантава прарваў сав. фронт і пачаў рэйд па тылах. 12 вер. Дзянікін зноў пачаў наступленне на Маскву, у кастр. захапіў Варонеж і Арол. 28 вер. ў наступленне на Петраград перайшла армія Юдзеніча. Чырв. армія да снеж. разбіла асн. сілы Юдзеніча, рэшткі яго арміі раззброены ў Эстоніі. У кастр.—ліст. дзянікінскія войскі разбіты пад Арлом і Варонежам. Паўд. і Паўд.-Усх. франты пачалі агульнае наступленне і да пач. 1920 вызвалілі Данбас, Таганрог, Царыцын, Новачаркаск, Растоў-на-Доне, выйшлі да Азоўскага м. Тэрор дзянікінцаў і вяртанне памешчыкаў выклікалі супраціўленне на Украіне, Кубані, у Чарнаморскіх губ., Дагестане. Казакі адмаўляліся ваяваць за межамі Данской вобл. Тыл дзянікінцаў развальваўся. У лют. 1920 ліквідаваны рэшткі белагвардзейскіх войск на Пд Украіны. У кастр. 1919 сав. войскі пачалі наступленне супраць рэшткаў калчакаўскіх войск, вызвалілі Омск, Краснаярск. На Д. Усходзе створана Далёкаўсходняя Рэспубліка.

Пасля перамогі над войскамі Калчака, Юдзеніча, Дзянікіна Чырв. Армія атрымала магчымасць умацаваць Зах. фронт. 4.7.1920 ударная групоўка (4, 15, 3 і 16-я арміі) перайшла ў наступленне. 11 ліп. вызвалены Мінск, 14 ліп. — Вільня, 19 ліп. — Гродна. У баях за Беларусь асабліва вызначыліся камандзіры Чырв. Арміі С.Я.Грыбаў, І.​Ф.​Шубін, Я.​Ф.​Фабрыцыус. Да жн. 1920 войскі Зах. фронту вызвалілі ўсю тэр. Беларусі (гл. Савецка-польская вайна 1920) і паўстала пытанне аб аднаўленні яе дзяржаўнасці. 6.7.1920 ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне бел. сав. дзяржаўнасці, яго падтрымаў і ЦК РКП(б). Быў створаны Белрэўком на чале з А.Р.Чарвяковым. ЦК КП(б)ЛіБ палічыў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БКА, БПС-Р, Бунда і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», у якой абвяшчалася, што Беларусь будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах прадаўжэння польска-сав. вайны БССР аднаўлялася толькі ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн. чал. нас.). Англ. ўрад прапанаваў сав. ўраду заключыць перамір’е з Польшчай, пагражаючы пачаць ваен. дзеянні. Сав. ўрад згадзіўся на перагаворы з урадам Польшчы. Францыя ўзмацніла забеспячэнне польскай арміі. Польскі ўрад разгарнуў кампанію па прапагандзе пагрозы незалежнасці Польшчы з боку Сав. Расіі. На хвалі нацыяналізму ён правёў мабілізацыю і вярбоўку добраахвотнікаў у армію. У выніку польская армія дадаткова атрымала 573 тыс. чал. і больш за 160 тыс. добраахвотнікаў. Да гэтага часу ўскладнілася становішча і на ўрангелеўскім фронце. У ліп. Урангель высадзіў дэсант каля Таганрога, каб ісці на Дон; нанёс паражэнне 13-й арміі і 2-й коннай арміі і вымусіў іх адступіць. 23 ліп. галоўнакамандуючы С.​С.​Каменеў загадаў Зах. фронту да 12 жн. авалодаць Варшавай. 11.8.1920 пачалося наступленне сав. войск на Варшаву (гл. Варшаўская аперацыя 1920). Аднак сіл для авалодання ёю было мала, былі дапушчаны памылкі ў планаванні аперацыі і недаацэнены сілы праціўніка. 18 жн. польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне на ўсім Зах. фронце. Спробы перакінуць сюды падмацаванне з Паўд.-Зах. фронту не змянілі становішча. Арміі Зах. фронту адыходзілі. 4-я армія, дзве дывізіі 15-й арміі і 3-і кав. корпус не змаглі прабіцца на У і былі інтэрніраваны ва Усх. Прусіі. Польскія войскі зноў занялі зах. ч. Беларусі, пачалі наступаць і на Паўд.-Зах. фронце. Але, нягледзячы на ваен. поспехі, становішча Польшчы было цяжкае. Насуперак патрабаванням Антанты прадаўжаць вайну польскі ўрад згадзіўся на перагаворы аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якіх зах. ч. Украіны і Беларусі адыходзілі да Польшчы. У ліст. 1920 на тэр. БССР з Польшчы ўвёў сваю армію (20 тыс. чал.) С.Н.Булак-Балаховіч і павёў наступленне ўздоўж Прыпяці. Былі захоплены Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы (гл. Булак-Балаховіча паход 1920). 16 ліст. Чырв. Армія сіламі 4, 10-й і 48-й дывізій Зах. фронту пачала контрнаступленне, узяла Мазыр і да канца ліст. 1920 разбіла асн. сілы арміі Булак-Балаховіча. У гэты ж час адбылося Слуцкае паўстанне 1920. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў 13.12.1920 падвёў вынікі барацьбы з інтэрвентамі і пацвердзіў умовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор 1921 юрыдычна замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель — 108 тыс. км² з насельніцтвам за 4 млн. чал. (гл. Заходняя Беларусь) і Зах. Украіну.

Спыненне вайны з Польшчай дало магчымасці Чырв. Арміі разграміць войскі Урангеля. У жн. — вер. 1920 яна вызваліла Кубань. Войскі Паўд. фронту (камандуючы Фрунзе) прымусілі адысці за крымскія ўмацаванні. У ліст. авалодалі ўмацаваннямі Перакопскага перашыйка і вызвалілі Крым. У 1920 сав. ўлада ўстаноўлена ў Сярэдняй Азіі, у сак. 1921 — у Закаўказзі. На Д. Усходзе барацьба з белагвардзейцамі і яп. інтэрвентамі зацягнулася да 1922. Імкнучыся захаваць за сабой Прымор’е, японцы арганізавалі ў маі 1922 контррэв. пераварот. Адначасова з Манголіі ў Забайкалле ўварваліся атрады ген. Р.​Ф.​Унгерна. Сав. войскі разбілі іх. Армія Далёкаўсходняй Рэспублікі (камандуючы В.К.Блюхер) у лют. 1922 разбіла белагвардзейцаў каля Валачаеўкі, у кастр. 1922 пад Спаскам (камандуючы Е.П.Убарэвіч) і вызваліла Уладзівасток. У 1921 падаўлены Антонава паўстанне, Кранштацкае паўстанне 1921, антыбальшавіцкія выступленні на Украіне, Зах. Сібіры і інш.

У ходзе грамадзянскай вайны ў баях, ад тэрору, хвароб і голаду загінула (паводле розных звестак) ад 8 да 13 млн. чал., у т. л. каля 1 млн. байцоў Чырв. Арміі. З Расіі эмігрыравала каля 2 млн. чал. Страты нар. гаспадаркі склалі каля 50 млрд. руб. золатам, прамысл. вытв-сць знізілася да 4—20% ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сці скарацілася амаль удвая. У сак. 1921 Дзесяты з’езд РКП(б) абвясціў пераход ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;

Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;

Какурин Н.Е. Как сражалась революция. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Наше Отечество: Опыт полит. истории. [Т. 1—2]. М., 1991;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Селиванов П.А. Военная деятельность Советов Белоруссии. 1917—1920 гг. Мн., 1980;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.

П.​А.​Селіванаў, М.​С.​Сташкевіч.

Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Агляд першага Беларускага камуністычнага атрада. Петраград. 1919.
Да арт. Грамадзянсхая вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. М.​І.​Калінін прымае парад на станцыі Гомель. 1919.
Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Аўстра-нямецкія войскі на плошчы Свабоды ў Мінску. 21.2.1918.
Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Атрад камсамольцаў перад адпраўкай на Заходні фронт. Петраград. 1920.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),

Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia), дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн. км². Нас. 18 млн. чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г. Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).

Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.

Прырода. Гл. ў арт. Аўстралія і Тасманія.

Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс. чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн. чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².

Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд. Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.

Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.​Янсзан (1606) і А.​Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.​Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11 суднаў, узначальваў капітан А.​Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г. англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3 разы і дасягнула 1,2 млн. чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст. англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл. Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.

Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд. ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш. міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.

Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд. т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд. т (штат Вікторыя), нафты 279 млн. т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс. т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд. т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд. т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн. т, нікелю 2,1 млн. т, свінцу 15,9 млн. т, цынку 26,3 млн. т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн. т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд. м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн. кВт, выпрацоўка 150 млрд. кВт∙гадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс. т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн. т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс. т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн. т. Харч. прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс. т, сыру 176 тыс. т, цукру 3,6 млн. т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн. гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс. т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн. т у 1990, 9,6 млн. т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс. т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс. т. Улоў рыбы 227,3 тыс. т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс. км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс. км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд. Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд. Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш. Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Новая Зеландыя.

Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.

Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс. чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс. чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс. чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс. чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс. чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс. чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс. чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.

Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст. Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.​Харпур, Г.​Кендал, А.​Л.​Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.​Э.​Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.​Колінз, М.​С.​Франклін, К.​С.​Прычард, В.​Э.​Палмер, Б.​К.​Пентан, Ф.​Харды, Э.​Д.​К’юзек, А.​Маршал, М.​Брэнд, Р.​Лоўлер і інш.; паэзія — Б.​О’Даўд, М.​Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.​А.​Райт, Д.​А.​Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.​Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.​Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.​Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.​М’юды, Р.​Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.​Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.​Уокер, Дж.​Дэйвіс, празаік К.​Джонсан і інш.).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.​Х.​Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер. арх. У.​Б.​Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.​Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.​Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.​Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.​Л.​Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.​Т.​Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.​У.​Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.​У.​Робертс, А.​Стрытан, Ф.​Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.​Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.​Добела, Дж.​Р.​Драйсдэйла, Н.​Куніхана, скульптара Л.​Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.​Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.

Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.

Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.​Хіл, Э.​Хатчэсан, Э.​Трумэн і інш). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.​Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.​Антыл (балет «Каробары», 1946), К.​Дуглас, Э.​Л.​Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.​Вердэр, М.​Уільямсан, Р.​Міл, Л.​Сіцкі, А.​Бенджамін, Р.​Эдвардс, Д.​Уільямс, А.​Болт, М.​Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.​Хейнцэ, піяністаў — Э.​Хатчэсан, Р.​Вудвард; спевакоў — Дж.​Сазерленд, з абарыгенаў — Х.​Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.

Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.​С.​Копін, Д.​Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац. т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес. аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.​Хіберт, Дж.​К.​Уільямсан, А.​Бура, Б.​Хемфрыс і інш. Гал. тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар. тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац. ін-т драм. мастацтваў (Мельбурн).

Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.​Р.​Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал. нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал. ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.​Борэсфард, Т.​Берстэл, К.​Хенем, М.​Тэрнхал, П.​Бенет, акцёры С.​Таўл, Х.​Гібсан, Л.​Хант і інш.

Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел. нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел. цэнтр. к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл. бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».

Літ.:

Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;

Австралийская литература: Сб. статей. М., 1978;

McConnel U. Myths of the Munkan. Melbourne, 1957;

Strehlow T.G.A. Aranda traditions. Ch. 1. Melbourne, 1947;

Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;

Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.

М.​С.​Вайтовіч (гаспадарка), В.​В.​Халіпаў (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).

Герб і сцяг Аўстраліі.
Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.
Да арт. Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.
Аўстралія. Даліна Бараса.
Да арт. Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.
Да арт. Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.
Да арт. Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.
Да арт. Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт. Аўстралія. Горад Брысбен.
Да арт. Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.
Да арт. Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.
Да арт. Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.

т. 2, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАБРЫТА́НІЯ (Great Britain),

Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (The United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), астраўная дзяржава ў Зах. Еўропе. Займае в-аў Вялікабрытанія, паўн.-ўсх. ч. в-ва Ірландыя і каля 5,5 тыс. дробных астравоў, у т. л. Англсі, Мэн, Уайт, Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія, а таксама Нармандскія а-вы каля берагоў Францыі. Абмываецца Атлантычным ак. і яго морамі — Паўночным (на У) і Ірландскім (на З); на Пд праліў Ла-Манш і яго найб. вузкая ч. — Па-дэ-Кале. Падзяляецца на 4 адм.-паліт. гіст. вобласці: Англію (39 графстваў і 7 метрапалітэнскіх графстваў), Уэльс (8 графстваў), Шатландыю (9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі), Паўночную Ірландыю (26 акруг). Пл. 244 тыс. км². Нас. 58 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Лондан (вылучаны з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ў асобную адм. адзінку — Вялікі Лондан). Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень нараджэння каралевы Лізаветы II (адзначаецца ў адну з субот у 1-й пал. чэрвеня).

Дзяржаўны лад. Вялікабрытаніі — парламенцкая манархія. Канстытуцыі як адзінага закону няма. Дзейнічаюць Вялікая хартыя вольнасцей 1215, Петыцыя аб праве 1628, Габеас корпус акт 1679, «Біль аб правах» 1689, Вестмінстэрскі статут 1931, Акт аб нар. прадстаўніцтве 1969 і інш. Кіраўнік дзяржавы — манарх (кароль або каралева), паўнамоцтвы і прэрагатывы якога фактычна знаходзяцца ў руках урада, які фарміруецца кіруючай партыяй. Заканад. ўлада належыць манарху і парламенту, які складаецца з 2 палат: верхняй (палата лордаў, каля 1200 чл. з ліку свецкіх і духоўных пэраў) і ніжняй (палата абшчын, 650 чл.), якія выбіраюцца на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад (кабінет міністраў) на чале з прэм’ер-міністрам. Мясцовыя органы самакіравання ў графствах, гарадах-графствах, акругах і прыходах — саветы (выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады) на чале з мэрамі (выбіраюцца на 1 год). Судовая сістэма: палата лордаў, Вярх. суд правасуддзя (складаецца з Высокага суда і Апеляцыйнага суда па цывільных справах). Высокі суд падзяляецца на суд завяшчанняў, разводаў і адміралцейства.

Судаводства 1-й інстанцыі ажыццяўляюць у сёлах міравыя суды, у гарадах — паліцэйскія суды.

Мясцовае кіраванне ў Англіі, Уэльсе, Шатландыі мае свае органы, суд. сістэму, нац. царкву, адм.-тэр. падзел. Аўтаномная частка Злучанага Каралеўства — Паўн. Ірландыя, якая з 1972 знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам урада Вялікабрытаніі, мае свой уласны парламент, у склад якога ўваходзяць сенат, палата абшчын і прызначаны манархам губернатар. Вялікабрытанія ўзначальвае Садружнасць — аб’яднанне большасці краін і тэрыторый, якія раней уваходзілі ў Брытанскую імперыю (усяго 49). Захавала кантроль над 14 параўнальна невялікімі каланіяльнымі тэрыторыямі.

Прырода. Прыроду Вялікабрытаніі вызначаюць астраўное размяшчэнне, блізкасць цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння і значная парэзанасць берагавой лініі. Пн і З гарыстыя, у цэнтры і на Пд пераважаюць нізіны. Горы сярэдняй вышыні, моцна згладжаныя, парэзаныя ледавіковай і рачной эрозіяй. Найб. высокае Паўн.-Шатландскае нагор’е з Грампіянскімі гарамі (найвыш. пункт Вялікабрытаніі — г. Бен-Невіс, 1343 м). Далей на Пд размешчаны Сярэдне-Шатландская нізіна і Паўд.-Шатландскае ўзвышша. На Пн уласна Англіі ў мерыдыянальным напрамку цягнуцца Пенінскія горы. На п-ве Уэльс Кембрыйскія горы, гарысты і п-аў Корнуал. Найбольшыя нізіны Паўд.-Усходняя і Мідленд. У Паўн. Ірландыі нізіна з воз. Лох-Ней і ўзвышшы па яе краях. У нетрах Вялікабрытаніі ёсць каменны вугаль (Пеніны, Пд Шатландыі і Уэльса; 45 млрд. т), жал., свінцова-цынкавыя і алавяныя руды, каменная і калійныя солі, каалін, буд. матэрыялы; у нетрах шэльфа Паўн. мора — нафта (2,6 млрд. т) і прыродны газ (1400 млрд. м³). Клімат умераны акіянскі, з няўстойлівым надвор’ем, парывістымі вятрамі і частымі густымі туманамі, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Т-ра паветра ад 13—17 °C у ліп. да 3 °C у студз. Ападкаў ад 2000—3000 мм на З да 600—700 мм за год на ПдУ. Найб. рэкі: Северн, Тэмза, Трэнт; некалькі важных суднаходных каналаў. Ёсць значныя азёры, найб. Лох-Ней (пл. 396 км²) у Паўн. Ірландыі. Пераважае культурная расліннасць, шмат лугоў, верасовых пустак. Пад лесам (дуб, вяз, граб, бук, хвоя) і хмызнякамі 9% пл. краіны. Жывёльны свет у параўнанні з мацерыковай Еўропай крыху збеднены. Шматлікія нац. рэзерваты прыроды і рэкрэацыйныя паркі (Пік-Дыстрыкт, Сноўданія і інш.).

Насельніцтва. 81,5% складаюць англічане. Нац. меншасці: шатландцы (9,6%), уэльсцы, або валійцы (1,9%, у аднайм. частках краіны), ольстэрцы (1,8%, перасяленцы ў Паўн. Ірландыю з Англіі і Шатландыі), ірландцы (2,4% у Паўн. Ірландыі і гарадах Англіі); значныя групы выхадцаў з Вест-Індыі, Індыі, Пакістана, краін Афрыкі і Азіі, яўрэяў, італьянцаў, французаў. Невял. колькасць ірландцаў, уэльсцаў, а таксама гэлы (60 тыс. чал.) на Пн Шатландыі збераглі свае мовы (кельцкія паводле паходжання). Сярод вернікаў — пратэстанты (27 млн. англікан пераважна ў Англіі, 0,8 прэсвітэрыян у Шатландыі), католікі (9 млн. чал., у т. л. каля паловы насельніцтва Паўн. Ірландыі), мусульмане (каля 1 млн. чал.), метадысты, сікхі, індуісты, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 236.8 чал. на 1 км² (ад 1000 чал. на 1 км² у прамысл. раёнах да 1—10 чал. на 1 км² на Пн Шатландыі). Гар. насельніцтва больш за 89%. Вял. гарады (тыс. ж., 1992): Лондан (у межах Вялікага Лондана) — 6905, Бірмінгем — 1009, Лідс — 722, Глазга — 684, Шэфілд — 531, Ліверпул — 479, Брадфард — 478, Эдынбург — 440, Манчэстэр — 435. Каля трэці гар. насельніцтва жыве ў гар. канурбацыях: Вял. Лондан, Вял. Манчэстэр, Уэст-Мідлендс (вакол Бірмінгема), Клайдсайд (вакол Глазга), Уэст-Йоркшыр (вакол Лідса), Саўт-Йоркшыр (вакол Шэфілда), Мерсісайд (вакол Ліверпула), Тайнсайд (вакол Ньюкасла). У прам-сці і буд-ве занята 25% працаздольнага насельніцтва, у кіраванні — 9,1, энергетыцы — 1,9, сельскай гаспадарцы — 1,2, у гандлі і абслуговых галінах — 62,8%.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр. Вялікабрытаніі жыве з эпохі ранняга і сярэдняга палеаліту. Значнага развіцця стараж. насельніцтва Брытаніі (плямёны скотаў і піктаў) дасягнула ў перыяд неаліту: росквіт першабытнай абшчыны, пераход да жывёлагадоўлі і земляробства. У 6—1 ст. да н.э. Брытанскія а-вы засялілі кельты. Напярэдадні рымскага заваявання брыты (так сталі наз. кельцкія і кельтызаваныя плямёны Брытаніі) перажывалі перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння класавага грамадства. У 1 ст. н.э. Брытанія заваявана Рымам, аднак яе раманізацыя была нязначнай. У пач. 5 ст. рымляне пакінулі Брытанскія а-вы. У сярэдзіне 5 — пач. 7 ст. пачалася іх каланізацыя герм. плямёнамі англасаксаў, у ходзе якой утварылася некалькі каралеўстваў (гл. Англасаксонскае заваяванне). У канцы 6—7 ст. англасаксы прынялі хрысціянства. Аснову іх сац.-эканам. сістэмы складала сельская абшчына, якая пачынала ўжо распадацца. У 7—8 ст. значнага развіцця дасягнула буйное і сярэдняе землеўладанне феад. тыпу. З канца 8 ст. пачаліся набегі на Брытанскія а-вы нарманаў, пераважна э тэр. Даніі. Гэта стала адной з прычын аб’яднання ў 829 большасці англасакскіх каралеўстваў у адну дзяржаву — Англію. У 1066 яе захапілі нарманы на чале з герцагам Вільгельмам, які стаў англ. каралём Вільгельмам I (гл. Нармандскае заваяванне Англіі 1066). Першы перапіс насельніцтва, праведзены ў 1086 («Кніга страшнага суда») засведчыў існаванне моцнай цэнтр. улады. Большасць сялян трапіла ў прыгонную залежнасць (гл. Віланы). Нармандскае заваяванне паскорыла эканам. развіццё Англіі. Да канца 12 ст. тут канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава. Першыя каралі дынастыі Плантагенетаў, асабліва Іаан Беззямельны, умацавалі каралеўскую ўладу. Гэта выклікала апазіц. выступленні шырокіх слаёў насельніцтва (баронаў, рыцараў, гараджан), і кароль вымушаны быў падпісаць у 1215 Вялікую хартыю вольнасцей пераважна для буйных феадалаў. Аднак супраціўленне каралеўскаму самавольству не заціхала і перарасло ў грамадз. вайну (1263—67), у час якой быў створаны (1265) 1-ы ў гісторыі Англіі парламент — сход прадстаўнікоў ад графстваў і гарадоў. У канцы 13 ст. ў Англіі ўсталявалася новая форма дзяржавы — феад. манархія з саслоўным прадстаўніцтвам — парламентам. У 14 ст. ён падзяліўся на 2 палаты, верхнюю (палата лордаў) і ніжнюю (палата абшчын). У канцы 13 ст. Англія заваявала Уэльс. Тэрытарыяльныя і гандл. супярэчнасці паміж Англіяй і Францыяй прывялі да Стогадовай вайны 1337—1433, у выніку якой Англія страціла на кантыненце ўсе тэрыторыі, акрамя г. Кале. Вайна аслабіла краіну, узмацніла сац. нестабільнасць. Сялянскія хваляванні выліліся ў антыфеад. Уота Тайлера паўстанне 1381. У канцы 14 — пач. 15 ст. пачаўся крызіс феад. прыгоннай сістэмы. З сярэдняга і дробнага дваранства, багатых сялян і інш. слаёў узнікла т.зв. новае дваранства — джэнтры, якія сталі пераходзіць на арэнду. Асн. зямельным уладаннем у большасці сялян стаў капігольд. Вялікіх поспехаў дасягнула суконная справа, з’явіліся першыя мануфактуры. У 15 ст. абвастрылася і міжусобная барацьба феадалаў, асабліва паміж дынастыямі Ланкастэраў і Йоркаў. Яна скончылася Пунсовай і Белай руж вайной (1455—85), у якой загінулі гал. прадстаўнікі многіх старадаўніх дынастый. Да ўлады прыйшлі Цюдары. Яны паклалі пачатак англ. абсалютызму, асн. асаблівасцю якога было захаванне органаў саслоўнага прадстаўніцтва і мясц. самакіравання. Абсалютызм дасягнуў свайго росквіту пры каралю Генрыху VIII. Пры ім праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу. У 16 ст. адбываўся эканам. ўздым краіны, ішоў працэс накаплення першапачатковага капіталу. У сувязі з хуткім ростам мануфактур, асабліва суконных, павялічыўся попыт на воўну, што спрыяла развіццю авечкагадоўлі. Буйныя землеўладальнікі зганялі сялян з зямлі і здавалі яе ў арэнду пад пашу (гл. Агароджванні), што прыводзіла да сял. выступленняў (найб. вядома паўстанне пад кіраўніцтвам Р.​Кета, 1549). Перамяшчэнне гал. гандл. шляхоў з Міжземнамор’я ў Атлантыку паставіла Англію ў цэнтр сусв. эканомікі. У 16 ст. ўзніклі буйныя гандл. кампаніі (Ост-Індская, 1600, і інш.), якія валодалі манапольнымі правамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. Англія ўступіла ў барацьбу за гандл. шляхі і сферы ўплыву. Пасля англа-ісп. вайны 1587—1604 яна стала буйнейшай марской дзяржавай. З канца 16 ст. пачалося пранікненне Англіі ў Індыю, у 1607 заснавана першая англ. калонія ў Паўн. Амерыцы (Віргінія). Працягвалася падпарадкаванне Ірландыі (з 12 ст.), рос англ. уплыў у Шатландыі. Развіццё капіталіст. ўкладу патрабавала ліквідацыі феад. сістэмы і абсалютызму. Антыманархічная апазіцыя сканцэнтравалася ў парламенце, ніжняя палата якога складалася з новага дваранства і вярхоў буржуазіі. Процістаянне парламента каралю абвастрылася з прыходам да ўлады ў Англіі шатл. дынастыі Сцюартаў, якія сталі на шлях. феад. рэакцыі. Вынікам гэтага канфлікту сталі Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, якія скончыліся перамогай бурж. апазіцыі. У 1649 у Англіі ўсталявалася рэспубліка. У 1652 да Англіі канчаткова далучана Шатландыя (да гэтага яны былі звязаны асабістай уніяй), а таксама падпарадкавана Ірландыя. З 1653 рэспубліка набыла форму пратэктарату О.Кромвеля. Яго ўнутр. і знешняя палітыка праводзілася ў інтарэсах буржуазіі і новага дваранства — працягваліся агароджанні, вяліся войны з Іспаніяй і Галандыяй (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Няўстойлівасць новага рэжыму, адсутнасць яго падтрымкі народам прывялі да рэстаўрацыі ўлады Сцюартаў (1660—88). Імкненне апошніх да абсалютызму зноў выклікала фарміраванне парламенцкай апазіцыі. У 1688 у Англіі адбылася т.зв. «Слаўная рэвалюцыя», якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл. Вільгельм III Аранскі). Паліт. сістэма, якая склалася ў Англіі, грунтавалася на кампрамісе паміж зямельнай арыстакратыяй і вярхамі буржуазіі: «Біль аб правах» (1689) канчаткова замацаваў у краіне рэжым канстытуцыйнай манархіі. З 1707 афіц. назва краіны — Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. На працягу 1-й пал. 18 ст. адбывалася абмежаванне каралеўскай улады і павелічэнне ролі парламента. Паступова аформіліся 2 паліт. партыі — вігі (выражалі інтарэсы радавітай арыстакратыі, звязанай з вярхамі буржуазіі) і торы (абапіраліся на зямельную арыстакратыю і кансерватыўнае дваранства), якія мелі свае фракцыі ў палаце абшчын. У пач. 18 ст. пераважалі кабінеты торы, у 1714—62 — вігаў, якія праводзілі палітыку пратэкцыянізму. У сярэдзіне 18 ст. росквіту дасягнуў мануфактурны капіталізм, завяршаўся аграрны пераварот, які вёў да размывання сялянства і ператварэнне яго ў наёмных рабочых. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 18 ст. выклікаў глыбокія змены ў эканам., сац. і паліт. жыцці краіны. З 1825 пачалося буд-ва чыгунак, завяршылася фарміраванне ўнутр. рынку. На паліт. арэну выходзіла прамысл. буржуазія, якая стварыла самастойны паліт. рух — бурж. радыкалізм. Яго асн. патрабаванні — выбарчая рэформа і адмена пратэкцыянізму. З 2-й пал. 18 ст. сістэматычны характар прынялі выступленні рабочых. У канцы 18 — пач. 19 ст. шырокі размах набыў рух разбуральнікаў машын (лудзітаў), якія выступалі супраць укаранення ў вытв-сць машын, бо лічылі іх прычынай пагаршэння свайго становішча. Пачалося стварэнне прафсаюзаў — трэд-юніёнаў. Знешняя палітыка Вялікабрытаніі вызначалася актыўнай калан. экспансіяй. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Вялікабрытанія расшырыла свае ўладанні за кошт Францыі і Іспаніі. У 1780-я г. яна пачала каланізацыю Аўстраліі, у пач. 19 ст. захоп тэрыторый у Афрыцы (Капская калонія). Аднак у выніку Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Вялікабрытаніі аддзяліліся яе паўн.-амер. калоніі. У канцы 18 ст. пад уплывам амер. і франц. рэвалюцый пачаўся ўздым англ. дэмакр. руху, які працягваўся з перапынкамі да 1830-х г. Англія ўдзельнічала ў вайне супраць рэв. Францыі і антыфранц. кааліцыях, гэта была вайна за калан. першынство і панаванне на сусв. рынках. Англа-ірландская унія 1801 знішчыла рэшткі аўтаноміі Ірландыі. У 1770—1830 краінай у асноўным кіравалі торы. Яны праводзілі палітыку рэпрэсій, прынялі шэраг антыдэмакр. законаў: увялі «хлебныя законы» (1815), якія выклікалі рост цэн. Аднак паступова на палітыку краіны ўсё больш сталі ўплываць памяркоўныя торы, якія імкнуліся прыстасавацца да новых умоў жыцця, больш лічыцца з інтарэсамі буржуазіі (урад Піта Малодшага). У пач. 19 ст. ўрад торы заклаў асновы фабр. заканадаўства, правёў некаторыя рэформы. Вігі пераарыентаваліся на прамысл. буржуазію і сталі на абарону прынцыпаў лібералізму, што дапамагло ім у 1830 вярнуцца да ўлады. У 1832 яны правялі першую парламенцкую рэформу, паводле якой выбарчае права атрымала буйная і сярэдняя буржуазія. Пачалося ўзаконенне двухпартыйнай сістэмы, вігі і торы трансфармаваліся адпаведна ў лібералаў і кансерватараў. У 1830—40-я г. яны па чарзе кіравалі краінай. Вігі-лібералы спрабавалі вырашыць некаторыя сац. праблемы: прынялі выгадны для буржуазіі закон «Пра бедных» (1834), пад націскам рабочага руху правялі закон аб 10-гадзінным рабочым дні для жанчын і падлеткаў (1847). Торы-кансерватары заставаліся апорай зямельнай арыстакратыі. Аднак ва ўладзе знаходзілася іх памяркоўнае крыло на чале з Р.​Пілем (піліты). Яны адмянілі «хлебныя законы» (1846), правялі некаторыя фабр. законы У канцы 1830 — пач. 1850-х г. барацьба брыт. рабочых вылілася ў масавы паліт. рух (чартызм), асн. патрабаваннем якога было ўсеагульнае выбарчае права. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за Вялікабрытаніяй вядучую ролю ў міжнар. палітыцы, умацаваў яе пазіцыі на Еўрап. кантыненце. Брыт. ўрады будавалі сваю знешнюю палітыку на аснове прынцыпаў захавання «раўнавагі сіл» у Еўропе і свабоды дзеянняў. У сярэдзіне 19 ст. Вялікабрытанія завяршыла заваяванне Індыі, узмацніла свой уплыў на Б. і Д. Усходзе, абвастрыўшы тым самым англа-рус. адносіны, з 1840-х г. пачалося яе сістэм. пранікненне ў Кітай, т.зв. «опіумныя войны» (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42). 1850—60-я г. — час абсалютнай манаполіі Вялікабрытаніі на сусв. рынку. К таму часу яна стала магутнай калан. імперыяй (больш падрабязна пра калан. палітыку Вялікабрытаніі гл. ў арт. Брытанская імперыя, Англа-афганскія войны, Англа-бірманскія войны, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40, Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-майсурскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-сікхскія войны, Англа-франка-кітайская вайна 1856—60). Да сярэдзіны 19 ст. ў краіне завяршыўся прамысл. пераварот, па тэмпах росту на 1-е месца выйшла цяжкая прам-сць, расла канцэнтрацыя вытв-сці і капіталу, высокага агратэхн. ўзроўню дасягнула сельская гаспадарка. У адрозненне ад інш. краін у Вялікабрытаніі ўжо існавалі асн. бурж.-дэмакр. свабоды, былі легалізаваны рабочыя і дэмакр. арг-цыі. Эканам. перавага буржуазіі паскорыла ў 1850-я г. фарміраванне Ліберальнай партыі, якая аб’яднала вігаў, фрытрэдэраў, пілітаў. У 2-й пал. 19 ст. яна заняла пануючае становішча ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі, значную ролю адыгрываў яе лідэр Г.​Дж.Пальмерстан. Вакол торы ўтварылася Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, адным з самых уплывовых яе лідэраў быў Б.Дызраэлі. У 1867 кансерватары правялі дэмакр. выбарчую рэформу, паводле якой права голасу атрымалі дробная буржуазія і рабочая арыстакратыя. У 1868 у Вялікабрытаніі створана агульнанац. прафс. арг-цыя — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У знешняй палітыцы Вялікабрытанія падтрымала рабаўладальнікаў Поўдня ў час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, працягвала саперніцтва з Францыяй і Расіяй за панаванне ў Еўропе, на Б. і Д. Усходзе, выступіла супраць Расіі ў Крымскай вайне 1853—56, у выніку ўмацавала свае пазіцыі ў Асманскай імперыі. У апошняй трэці 19 ст. англ. капіталізм уступіў у новы этап развіцця, гал. рысай якога было ўзнікненне манаполій. Аднак працэс манапалізацыі ў Вялікабрытаніі ішоў больш павольна, чым у маладых капіталіст. краінах (ЗША, Германія). Устарэлая тэхн. база не дазваляла ўкараняць навейшыя дасягненні. Зніжаліся тэмпы росту прам-сці, намецілася адставанне Вялікабрытаніі ад інш. развітых краін. У 1880-я г. манаполія Вялікабрытаніі на сусв. рынку была страчана. Наяўнасць велізарнай калан. імперыі і вываз капіталу за рубеж сталі асн. рысамі англ. манапаліст. капіталізму. Вялікабрытанія ўмацавала свае пазіцыі ў Індакітаі, канчаткова захапіла Бірму (1886), Егіпет (1882), Судан (1890-я г.), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (1879). У 1876 англ. каралева абвешчана імператрыцай Індыі. Вынікі 2-й выбарчай рэформы (1867) паказалі неабходнасць барацьбы і кансерватараў, і лібералаў за расшырэнне сваёй сац. апоры. З гэтай мэтай абедзве партыі ў канцы. 19 ст. праводзілі бурж.-дэмакр. рэформы. Ліберальныя кабінеты У.​Гладстана (1868—74, 1880—85, 1886, 1892—94) легалізавалі прафсаюзы (1871), расшырылі выбарчае права (1884), правялі адм. рэформы, якія аслабілі пазіцыі арыстакратыі ў дзярж. апараце і арміі. Імкнучыся ўзмацніць кантроль над рабочым насельніцтвам, якое павялічвалася, лібералы прынялі законы пра пач. адукацыю, што стала пачаткам буд-ва дзярж. сістэмы нар. асветы. Кансерватыўныя ўрады Дызраэлі (1874—80) і Р.​Солсберы (1885—86, 1886—92, 1895—1902) канчаткова ўзаконілі стачкі (1875), дэмакратызавалі мясц. кіраванне, прадоўжылі сістэматызацыю нар. асветы. Дэмакратызацыя выбарчай сістэмы выклікала перагрупоўку сіл кансерватараў і лібералаў.

Кансерватары пераарыентаваліся на буйных прамыслоўцаў. Лібералы перажывалі крызіс, у 1880-я г. адбыўся раскол іх партыі, выкліканы ірландскай праблемай. У канцы 19 ст. пачалі стварацца масавыя трэд-юніёны, узнікалі сацыяліст. арг-цыі. у 1900 утварылася агульнанац. рабочая партыя — К-т рабочага прадстаўніцтва (з 1906 Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі).

З канца 19 ст. тэмпы эканам. росту Вялікабрытаніі запаволіліся, па аб’ёме вытв-сці яна пачала адставаць ад ЗША і Германіі. У пач. 20 ст. абвастрыліся супярэчнасці з Германіяй з-за рынкаў збыту і панавання на моры. Сац. напружанасць вымусіла кіруючыя колы Вялікабрытаніі пайсці на пэўныя ўступкі працоўным і ў адносінах да заморскіх тэр.: правы дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907). Абвастрэнне англа-герм. супярэчнасцей садзейнічала ўрэгуляванню адносін Вялікабрытаніі з Францыяй і Расіяй. Падпісанне англа-французскага пагаднення 1904 і англа-рускага 1907 (гл. Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907) заклала асновы ваен. саюзу Антанты. У 1-й сусв. вайне Вялікабрытанія шырока выкарыстоўвала матэрыяльныя рэсурсы сваіх калоній. Упершыню былі ўведзены воінская павіннасць, ваен. рэжым. У выніку вайны Вялікабрытанія атрымала частку б. герм. і тур. уладанняў у Афрыцы і Азіі. Германія перастала быць яе асн. сапернікам на сусв. рынках, у калоніях і на моры. Але вайна каштавала Вялікабрытаніі амаль трэці нац. багацця, яна страціла частку рынкаў і вядучую ролю ў сусв. гандлі, аслаблі яе міжнар. фінансавыя пазіцыі. Узмацніўся нац.-вызв. рух у калоніях і рабочы рух у метраполіі. Брыт. ўрад быў адным з гал. арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі, што выклікала масавы рух «Рукі прэч ад Расіі!». Правал інтэрвенцыі вымусіў урад пайсці на сав.-англ. перагаворы і падпісаць у 1921 гандл. пагадненне, што азначала прызнанне Сав. Расіі дэ-факта. На хвалі ўздыму барацьбы працоўных за свае правы ў 1920 ўзнікла кампартыя Вялікабрытаніі (КПВ), якая не стала значнай паліт. сілай у краіне (спыніла дзейнасць у ліст. 1991). Крызісныя з’явы вымусілі кіруючыя колы Вялікабрытаніі правесці шэраг рэформаў (выбарчае права для мужчын з 21 года, для жанчын з 30 гадоў, пашырэнне сістэмы сац. страхавання, абавязковае навучанне дзяцей да 14 гадоў, дзярж. дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання). Пасля 1-й сусв. вайны ліберальная партыя паступова выцяснялася з паліт. жыцця лейбарыстамі, якія ў 1924 і 1929—31 сфарміравалі ўрад на чале з Дж.Р.Макдональдам. Але гал. ролю ў міжваен. перыяд адыгрывала партыя кансерватараў, якая ў сваіх мэтах выкарыстоўвала кааліцыю з нацыянал-лейбарыстамі і нацыянал-лібераламі (1931—39). Эканоміка Вялікабрытаніі развівалася марудна з-за тэхн. адсталасці прам-сці (асабліва вядучых галін — вуглездабыўной, металургічнай, машынабуд.), абумоўленай недахопам капіталаўкладанняў. Узмацнілася і канкурэнцыя з боку ЗША і інш. краін. Спроба мадэрнізаваць прам-сць і павысіць яе эфектыўнасць за кошт працоўных выклікала супраціўленне прафсаюзаў. Усеагульная стачка 1926 скончылася паражэннем і новым наступленнем на заваёвы працоўных. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Вялікабрытаніі ўзмацніліся бурж.-рэфармісцкія тэндэнцыі. Умяшанне дзяржавы ў эканоміку вялося амаль выключна ўскоснымі метадамі рэгулявання фін.-крэдытнай сферы. Але для барацьбы з рабочым рухам урад часцей прыбягаў да рэпрэсій, чым да рэформаў. Разам з тым у Вялікабрытаніі рабочыя мелі значныя сац. заваёвы. У абставінах абвастрэння адносін з дамініёнамі англ. ўрад пашырыў іх правы і перайшоў да палітыкі поўнага пратэкцыянізму (гл. Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948, Вестмінстэрскі статут 1931). У знешняй палітыцы Вялікабрытаніі ў міжваен. перыяд пераважалі антысав. тэндэнцыі, імкненне наладзіць адносіны з Германіяй, утаймаваць агрэсара. Таму ўрад Н.​Чэмберлена (1937—40) падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938, не прыклаў намаганняў для стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Пасля нападу Германіі на Польшчу Вялікабрытанія разам з Францыяй 3.9.1939 уступіла ў вайну, але не вяла актыўных дзеянняў. Канец «дзіўнай вайне» паклала ў крас. 1940 агрэсія Германіі ў Даніі і Нарвегіі. Пасля капітуляцыі Францыі (22.6.1940) Вялікабрытанія засталася сам-насам з Германіяй. Пасля адстаўкі Чэмберлена з мая 1940 урад узначаліў У.Чэрчыль, які асэнсаваў глыбіню нацысцкай пагрозы і арганізаваў абарону Брытаніі. Значную матэрыяльную дапамогу Вялікабрытаніі аказалі ЗША. 12.7.1941 СССР і Вялікабрытанія заключылі пагадненне пра сумесныя дзеянні ў вайне супраць Германіі, а 26.5.1942 — Дагавор аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе сатэлітаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе пасля вайны тэрмінам на 20 гадоў, англа-савецка-іранскі дагавор 1942. Нягледзячы на саюзныя абавязацельствы, Вялікабрытанія адцягвала адкрыццё 2-га фронту ў Зах. Еўропе. У 2-й сусв. вайне Вялікабрытанія панесла меншыя чалавечыя ахвяры (каля 300 тыс. чал.), чым у 1914—18. Значна большымі былі матэрыяльныя страты — 8,5 млрд. фунтаў стэрлінгаў. Унутр. і знешняя дзярж. запазычанасць патроілася. Аслаблі пазіцыі Вялікабрытаніі і на сусв. рынку, яе цяснілі ЗША. Значная частка залатога запасу Вялікабрытаніі перамясцілася ў амер. банкі, рэзка вырас дэфіцыт яе плацежнага балансу. Узмацніўся рух за нац. незалежнасць калан. краін. Эканоміка Вялікабрытаніі пасля вайны развівалася нізкімі тэмпамі. Асабліва ў 1950-я г. ва ўмовах нарастання навук.-тэхн. прагрэсу, узмацнення інтэграцыйных працэсаў у Зах. Еўропе і распаду калан. сістэмы. У сярэдзіне 1960-х г. Вялікабрытанія саступіла 2-е месца па развіцці ФРГ, а ў 1970-я г. яе абышлі Японія і Францыя. Значныя страты эканоміцы нанеслі крызісы 1974—75 і 1980—82. Да 1986 узровень беспрацоўя не апускаўся ніжэй за 3 млн. чал. (13—14% працаздольнага насельніцтва). Эканам. цяжкасці былі абумоўлены адставаннем Вялікабрытаніі ад многіх краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, нерацыянальным выкарыстаннем інвестыцый, недастатковым укараненнем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу, вял. ваен. выдаткамі, імкненнем захаваць свой уплыў у краінах Брыт. садружнасці.

З канца вайны хутка рос паліт. ўплыў лейбарысцкай партыі. У 1945 прыняты маніфест «Тварам да будучыні», у якім ставілася мэта стварыць сацыяліст. садружнасць Вялікабрытаніі шляхам эвалюцыі ў рамках змешанай эканомікі ў бок павелічэння ў ёй ролі дзярж. маёмасці, абвешчана шырокая сац. праграма. Лейбарысты выказваліся за захаванне саюзу з СССР і ЗША. Іх урады (у 1945—51 К.Этлі, у 1964—70 і 1974—76 Г.Вільсана, у 1976—79 Дж.Калагэна) нацыяналізавалі Англ. банк, вугальную, газавую, сталеліцейную, электраэнергетычную прам-сць, чыгунку, сродкі сувязі, шэраг авіякампаній, радыё, тэлебачанне і інш. Дзяржава выплаціла ўладальнікам гэтых прадпрыемстваў буйныя кампенсацыі і затраціла вял. сродкі на іх мадэрнізацыю. Каб зберагчы прыбыткі манаполій, быў прыняты план Маршала, уведзена новая сістэма сац. страхавання, палепшана сістэма адукацыі, адменены антыпрафсаюзны закон 1927. У 1965 упершыню прыняты 5-гадовы «нац. эканам. план». Імкнучыся стрымаць рост заработнай платы, спыніць забастоўкі, увесці арбітраж пры працоўных канфліктах, урад Вільсана ў 1975 дамогся «сац. кантракта» паміж трэд-юніёнамі і ўрадам: прафсаюзы абавязаліся на 2 гады абмежаваць павелічэнне зарплаты 10% у год, што стала асновай антыінфляцыйнай палітыкі.

Кансерватары, якія знаходзіліся ва ўладзе у 1915—55 (Чэрчыль), 1955—57 (А.Ідэн), 1957—63 (Г.Макмілан), 1963—64 (А.Дуглас-Х’юм), 1970—74 (Э.Хіт), 1979—90 (М.Тэтчэр) і з 1990 (Дж.Мэйджар), прызналі рэформы лейбарыстаў, але абмежавалі іх маштабы. У аснове іх эканам. палітыкі была дэнацыяналізацыя ў інтарэсах прыватнага капіталу. Яны адмянілі кантроль над платай за жыллё, павялічылі ўзносы працоўных у фонд нац. службы аховы здароўя; у 1962 стварылі Нац. савет эканам. развіцця, які распрацоўваў рэкамендацыйныя планы развіцця эканомікі, абмежавалі рост заработнай платы 2,5%. У 1971 урад Хіта прыняў закон «аб адносінах у прамысловасці», які прымушаў прафсаюзы рэгістравацца ў спец. органах дзярж. нагляду, забараніў стачкі салідарнасці і паліт. выступленні трэд-юніёнаў, што выклікала пратэсты рабочых. У 1960 кансерватары стварылі Еўрап. асацыяцыю свабоднага гандлю. Найб. выніковай была дзейнасць урада Тэтчэр, якая праводзіла палітыку радыкальнай перабудовы эканомікі на прынцыпах неакансерватызму. Праведзены шэраг мер па ліквідацыі інфляцыі, дэнацыяналізацыя і прыватызацыя, заахвочвалася прыватна-прадпрымальніцкая ініцыятыва, у т. л. дробны бізнес, скарачалася падаткаабкладанне асабістых прыбыткаў. Разам з гэтым пачалося наступленне на прафсаюзы. Тэмпы эканам. росту ў Вялікабрытаніі перавышалі ўсе еўрап. паказчыкі, створана больш рабочых месцаў, чым у краінах ЕЭС, разам узятых. Рэзка павялічылася колькасць акцыянераў (11 млн. чал.) і ўладальнікаў прыватнага жылля (60% сем’яў). У 1980-я г. змянілася аблічча брыт. мадэлі дзярж.-манапаліст. капіталізму. Гэта выявілася ў скарачэнні дзярж. сектара пры павышэнні яго эфектыўнасці, у выкарыстанні пераважна крэдытна-фін. метадаў дзярж. рэгулявання, у дзярж. стымуляванні развіцця эканомікі на базе перадавых навукаёмістых тэхналогій і інш. Ва ўмовах эканам. крызісу 1990—92 карэктывы ў палітыку ўнёс урад Мэйджара. Ён адмовіўся ад рэзкага скарачэння сац. выдаткаў, адмяніў непапулярны падушны падатак. З 1994 пачаўся рост поўнай занятасці, хоць беспрацоўе яшчэ захоўвалася на ўзроўні 8,4%. Мэйджар працягвае курс на частковы дэмантаж дзярж. сістэмы сац. абароны, праводзіць няўхільную лінію на зніжэнне кошту рабочай сілы. Праўленне кансерватараў адзначана жорсткім курсам у адносінах да Паўн. Ірландыі (Ольстэр). У 1970 спынена дзейнасць заканад. сходу Ольстэра і ўведзена прамое праўленне Лондана. У 1985 Тэтчэр падпісала пагадненне з Ірландскай Рэспублікай аб кіраванні справамі Паўн. Ірландыі. У 1995—96 дасягнута дамоўленасць аб правядзенні выбараў у Асамблею Ольстэра, а ў чэрв. 1996 пачаліся перагаворы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў пры ўмове, што Ірландская рэсп. армія (ІРА) адмовіцца ад тэрору.

Знешняя палітыка лейбарыстаў і кансерватараў пасля 2-й сусв. вайны была прасякнута духам «халоднай вайны»: мацаваліся адносіны з ЗША, Вялікабрытанія ўдзельнічала ў стварэнні сістэмы ваен.-паліт. саюзаў, вяла «малыя» каланіяльныя войны ў Малаі, Угандзе, Нігерыі і інш., адыграла значную ролю ў суэцкай авантуры 1956 і інш. (гл. Англа-егіпецкі дагавор 1936, Англа-егіпецкае пагадненне 1954). Пад націскам нац.-вызв. руху Вялікабрытанія вымушана была пайсці на прызнанне незалежнасці б. калоній. У 1949 адменены Вестмінстэрскі статут 1931 (аб вернасці кароне); манарх прызнаны сімвалам свабоднай асацыяцыі незалежных нацый у рамках брыт. Садружнасці. Рэцыдывам імперскай свядомасці стаў англа-аргенцінскі канфлікт 1982. У 1952 Вялікабрытанія выпрабавала атамную, у 1957 — вадародную бомбу. Рашэнне аб’яднаць ядз. сілы з амер. ў рамках агульных ваен. стратэгічных планаў і размяшчэнне амер. ракет на брыт. тэр. выклікалі антыядзерны рух у краіне. З 1960-х г. узмацнілася еўрап. арыентацыя брыт. знешняй палітыкі. У 1973 Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, у 1975 падпісала Заключны акт Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У 1980-я г. Вялікабрытанія першая з зах. краін падтрымала працэс перабудовы ў СССР. Дасягнута дамоўленасць з КНР аб перадачы ёй ў 1997 Ганконга. У 1990 разам з СССР, ЗША і Францыяй падпісала з ГДР Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносін з Германіяй, аб спыненні дзеяння чатырохбаковых пагадненняў аб Берліне і ўсёй Германіі, заключаных пасля 2-й сусв. вайны. Вялікабрытанія — чл. ААН з 1945, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН, чл. Еўрапейскага Саюза, Савета Еўропы, НАТО і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Паўночная Ірландыя, Уэльс, Шатландыя.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Кансерватыўная партыя, Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, Ліберальна-дэмакр. партыя. Дзейнічае 413 прафсаюзаў, найбуйнейшае аб’яднанне — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У Шатландыі і Уэльсе свае праф. аб’яднанні — Шатландскі кангрэс трэд-юніёнаў і Уэльскі кангрэс трэд-юніёнаў.

Гаспадарка. Вялікабрытанія — высокаразвітая індустрыяльная краіна (7-е месца ў свеце па вытв-сці прамысл. прадукцыі). Доля ў валавым унутр. прадукце (ВУП): прам-сці каля 40%, сельскай гаспадаркі каля 2, гандлю каля 6, транспарту каля 7, будаўніцтва каля 6%. Дзяржава кантралюе кам.-вуг. прам-сць, эл.-энергетыку, чыг. транспарт, нац. банк, чорную металургію, некаторыя кампаніі апрацоўчай прам-сці. З 1980-х г. узяты курс на дэнацыяналізацыю, продаж дзярж. прадпрыемстваў і скарачэнне дзярж. сектара. Прамысловасць дае 90% экспарту. Вугальная прам-сць — старэйшая ў краіне. У 1992 кам. вугалю здабывалася 87 млн. т, бурага 10 млн. т. Асн. раёны здабычы — Йоркшырскі (60%), Нортамберленд-Дарэмскі, Паўднёва-Уэльскі. Здабыча нафты 87 млн. т, прыроднага газу — 48 млрд. м³ на шэльфе Паўн. мора. Нафтаперапр. прам-сць у прыморскіх і прамысл. раёнах (26 з-даў агульнай магутнасцю 123 млн. т за год). Вытв-сць эл.-энергіі 327 млрд. кВт∙гадз (1992), у т. л. на ЦЭС 77,8%, АЭС 16,2, ГЭС 6%. Чорная металургія працуе на ўласным паліве і імпартнай жал. рудзе. Пераважае кіслародна-канвектарны спосаб і электраплаўка. Выплаўляецца 16,2 млн. т сталі (1992). Асн. металург, з-ды ў прыбярэжных раёнах: Паўд. Уэльс, Тайнсайд, Шатландыя; высакаякасныя сталі — у раёне Шэфілда, яе асн. вытворца — дзярж. кампанія «Брытыш стыл». Каляровая металургія працуе амаль цалкам на прывазной сыравіне, яе прадпрыемствы размешчаны пераважна ў партовых гарадах эстуарыя Тэмзы, Паўд. Уэльса, Ланкашыра. Алюміній выпускаюць з-ды на ПнУ і на в-ве Англсі. Апрацоўка каляровых металаў сканцэнтравана ў буйных цэнтрах машынабудавання, якое дае 40% кошту прамысл. прадукцыі і ​1/3 экспарту. Вылучаецца агульнае машынабудаванне (комплекснае, дарожнае, пагрузачна-разгрузачнае, пад’ёмна-транспартнае, с.-г., станкі і прылады), электроннае (ЭВМ і мікраэлектронныя элементы), транспартнае (рухомы састаў чыгунак, судна-, аўтамабіле- авіяракетабудаванне). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў — 1291 тыс. (1992): асн. кампаніі «Форд», «Джэнерал мотарс», «Брытыш Лейленд мотар». Асн. цэнтры разнастайнага машынабудавання — Брысталь, Вял. Лондан, Дэрбі, стаканабудавання — Ковентры, Лестэр, Бірмінгем, прыладабудавання — Вял. Лондан, Бірмінгем, вытв-сці тэкстыльных машын — Ланкашыр, Йоркшыр, Усх. Мідленд, цяжкага машынабудавання — металургічныя цэнтры ПнУ Англіі і Клайдсайда, аўтамабілебудавання — Бірмінгем, Ковентры, Вял. Лондан, Лутан, Оксфард, Ланкашыр, суднабудавання — Клайдсайд, ПнУ Англіі, Белфаст. У аснове хім. прам-сці — вытв-сць сернай кіслаты, хлору, соды, мінер. угнаенняў, разнастайнай прадукцыі: сінт. валокнаў, пластмас, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, аграхімікатаў, фармацэўтычных тавараў і інш. Асн. раёны хіміі: ПдУ (Вял. Лондан — тонкая хімія і фармацэўтыка, Фолі — нафтахімія), Ланкашыр (асн. хімія і нафтахімія), ПнУ (комплекс вытворчасцей арган. і неарган. хіміі, цэнтр г. Білінгем), сярэдняя Шатландыя (нафтахімія — г. Грэйнджмут), Паўд. Уэльс (нафтахімія — каля г. Суонсі), ПдУ і Йоркшыр (мінер. ўгнаенні). Тэкст. прам-сць — старэйшая экспартная галіна, але былое сваё значэнне страціла. Асн. раён баваўнянай прам-сці — Ланкашыр, шарсцяной — Йоркшыр, трыкатажнай — Усх. Мідленд, ільняной — Паўн. Ірландыя. Разнастайная вытв-сць тканін з хім. валокнаў. Добра развіты швейная і абутковая прам-сць. Усюды развіта харч. прам-сць, якая перапрацоўвае мясц. сыравіну, у партовых гарадах — імпартную.

Сельская гаспадарка высокамеханізаваная, інтэнсіўная, забяспечвае больш за 80% патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Больш за палову зямлі належыць буйным фермам (больш за 100 га), якія даюць асн. ч. таварнай прадукцыі. Гал. галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі), добра забяспечаная натуральнымі сенажацямі і пашамі (70% с.-г. зямель), кармавымі культурамі (​1/3 пасяўной плошчы) і імпартным фуражом. У 1994 (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 12, свіней (пераважна беконных) 7,7, авечак 43, птушкі 127. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя культуры (​3/5 ворыва, збор 22,5 млн. т у 1993). Гал. культуры — ячмень і пшаніца, вырошчваюць кукурузу, бульбу, цукр. буракі. Развіта агародніцтва, садоўніцтва, парніковая гаспадарка, кветкаводства. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы больш за 60 ц/га, ячменю — 48 ц/га, цукр. буракоў — 350 ц/га, бульбы — 340 ц/га. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. жытніца краіны — Усх. Англія і ПдУ.

Гал. від транспарту — марскі (больш за 90% грузаабароту). Танаж марскога флоту 19,2 млн. бр. рэг. т (1994). Найб. марскія парты (1994): Лондан (каля 80 млн. т, 40% экспарту і 25% імпарту краіны), Ліверпул, Мілфард-Хейвен, Саўтгемптан, Манчэстэр, Глазга, Хал (Гуль), Брысталь. Даўж. чыгунак 16,9 тыс. км (1994), у т. л. 4,5 тыс. км электрыфікавана. Гал. чыг. вузел — Лондан (11 промняў). Тунэль пад Ла-Маншам і паромныя пераправы звязваюць чыгункі Вялікабрытаніі і мацерыковай Еўропы. Аўтатранспарт (22 млн. аўтамабіляў, у т. л. 17 млн. легкавых) ажыццяўляе б.ч. ўнутр. грузаперавозак і 90% пасажыраперавозак. Даўж. шашэйных дарог 363 тыс. км. З унутр. водных шляхоў (даўж. 2,3 тыс. км) найб. значэнне маюць р. Тэмза і Манчэстэрскі канал. У краіне 933 км нафтаправодаў, 2993 км нафтапрадуктаправодаў, 12,8 тыс. км газаправодаў. Працуе 385 аэрапортаў, найбуйнейшыя каля Лондана, Манчэстэра, Глазга. Асн. гандл. партнёры — краіны Еўрап. супольнасці (45% знешнегандл. абароту), асабліва ФРГ і Францыя, а таксама краіны Садружнасці і ЗША. Доля Вялікабрытаніі ў сусв. экспарце — каля 9% (5-е месца ў свеце). Вывозяцца нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, аўтамашыны, сталь, прадукцыя хім. прам-сці, тэкстыль. На долю Вялікабрытаніі прыпадае больш за 80% сусв. экспарту віскі, 44,5% авіяц. рэактыўных рухавікоў, больш за 28% штучных валокнаў. Імпарт: бавоўна, руды металаў, сера, фасфарыты, натуральны каўчук, шэрсць, харч. тавары. Вялікабрытанія — буйны экспарцёр капіталу (2-е месца ў свеце пасля ЗША). Турызм дае 4% ВУП, занята больш за 1 млн. чал. Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (арміі), ВПС і ВМФ, якія знаходзяцца ў стане рэфармавання (да 2000 года). У канцы 1994 налічвалі 254,3 тыс. чал. (376,2 тыс. рэзервістаў). Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Сухап. войскі (1995) налічваюць 119 тыс. чал., размешчаны ў метраполіі (механізаваная і бранятанкавая дывізіі, 15 асобных пях. брыгад і інш.), ФРГ (23 тыс. чал., уваходзяць у склад «сіл хуткага разгортвання» НАТО) і на заморскіх тэрыторыях, у т. л. 2 пях. батальёны на Кіпры, па аднаму пяхотнаму батальёну ў Брунеі, Белізе, на Фалклендскіх а-вах, у Ганконгу (пях. брыгада, да 1997). Паводле дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе яны маюць на ўзбраенні да 1015 танкаў, 636 гармат палявой артылерыі, 384 баявых верталётаў, 3176 баявых браніраваных машын. У ВПС (1995) 75,7 тыс. чал., больш за 320 баявых самалётаў і 159 верталётаў. ВМФ (1994) найбуйнейшы ў Зах. Еўропе — 53 600 чал., 113 баявых караблёў (4 атамныя ракетныя, 13 атамных мнагамэтавых і 5 дызельных падводных лодак, 3 лёгкія авіяносцы, 12 эскадраных мінаносцаў, 26 фрэгатаў, 10 патрульных, 33 мінна-тральныя, 7 дэсантных) і 20 патрульных катэраў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 611 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Вялікабрытаніі грунтуецца на актах аб адукацыі 1944 (Англія і Уэльс), 1945 (Шатландыя) і 1947 (Паўн. Ірландыя). У Англіі і Уэльсе яна складаецца з 3 ступеняў: 1-я — пач. адукацыя, 2-я — сярэдняя, 3-я — далейшая і універсітэцкая адукацыя. Абавязковая адукацыя для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў. Існуе дзярж. сістэма нар. адукацыі (93% навучэнцаў) і прыватная (7%). Дзярж. сістэма — дашкольныя ўстановы (для дзяцей да 5 гадоў), пач. школы (5—11 гадоў), сярэднія школы (11—16 гадоў — няпоўныя, да 18 гадоў — поўныя). Сярэднюю адукацыю вучні атрымліваюць, як правіла, у аб’яднаных школах (да іх прымыкаюць школы з прамежкавай ступенню). Захоўваюцца і традыц. тыпы сярэдніх школ: граматычныя і сучасныя, ёсць нязначная колькасць сярэдніх тэхн. школ. Формы і метады навучання ў розных тыпах школ неаднолькавыя. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучні здаюць экзамены звычайнага ўзроўню, якія даюць магчымасць паступаць у навуч. ўстановы сістэмы далейшай адукацыі, або экзамены павышанага ўзроўню, якія замяняюць уступныя выпрабаванні ва ун-т і інш. ВНУ. Вучні, якія не здавалі выпускных экзаменаў (каля 30%), пакідаюць школу ва ўзросце 16 гадоў. Далейшая адукацыя (для асоб ва ўзросце больш за 16 гадоў) уключае агульнаадук., прафес. і тэхн. навуч. ўстановы рознага ўзроўню, установы для адукацыі дарослых, некаторыя ВНУ (усе віды вышэйшай адукацыі ў Англіі і Уэльсе, за выключэннем універсітэцкай, належаць да ступені далейшай адукацыі). Ун-ты традыцыйна не належаць да сістэмы далейшай адукацыі, да іх далучаюцца некаторыя спец. каледжы вышэйшай адукацыі, якія маюць курсы, што даюць магчымасць выпускнікам здаваць экзамены на атрыманне вучонай ступені або дыплома аб вышэйшай адукацыі (тэхн., маст. і інш.). Школьная сістэма Шатландыі будуецца на ўзор англійскай, аднак у пач. школах тэрмін навучання 7 гадоў, у сярэдніх — 6. Асноўны тып сярэдняй школы — аб’яднаная школа. Ёсць нязначная колькасць прыватных школ. Сярэднюю прафес. адукацыю даюць дзённыя і вячэрнія каледжы на базе няпоўнай сярэдняй школы, вышэйшую — цэнтр. ін-ты (на базе поўнай сярэдняй школы). У Паўн. Ірландыі паводле закону 1947 створана сістэма адукацыі на ўзор англійскай.

На 1.1.1996 у Вялікабрытаніі 29 900 дзярж. агульнаадук. школ, 1800 спецыялізаваных, 2500 прыватных (ва ўсіх відах школ навучалася больш за 9 млн. навучэнцаў); больш за 90 ун-таў (1 млн. 541 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Лонданскі універсітэт, ун-т у Глазга (з 1451), Абердзінскі (з 1495), Эдынбургскі (з 1583), Дарэмскі (з 1832), Каралеўскі ун-т у Белфасце (з 1845), ун-т Уэльса ў Кардыфе (з 1893), Ольстэрскі ун-т у Калрэйне (з 1984). У 1988 статус ун-таў атрымалі 47 ін-таў, заснаваны ун-т і Каралеўскі каледж мастацтваў. Буйнейшыя б-кі: Брытанская бібліятэка ў Лондане, б-ка Оксфардскага ун-та (з 1602), б-ка Кембрыджскага ун-та, Нац. б-ка Уэльса ў Кардыфе (з 1907), Публічная б-ка Ланкашыра (з 1924), Нац. б-ка Шатландыі ў Эдынбургу (з 1682), б-кі Эдынбургскага і Лонданскага ун-таў. Найб. музеі: Брытанскі музей (з 1753), Брытанскі музей прыродазнаўчай гісторыі, Навуковы музей (з 1857; мае унікальную калекцыю машын), Лонданскі музей (з 1912), Нац. галерэя (з 1824), Музей Вікторыі і Альберта (з 1852), Галерэя Тэйт (з 1897), Нац. партрэтная галерэя (з 1857) — усе ў Лондане; Нац. музей Уэльса ў Кардыфе (з 1907), мемарыяльны музей Шэкспіра ў г. Стратфард-он-Эйван; Шатландскі каралеўскі музей (з 1854), Нац. галерэя Шатландыі (з 1859), Нац. музей шатландскіх выдатнасцей (з 1780) — усе ў Эдынбургу. Навукова-даследчую работу ў Вялікабрытаніі праводзяць ун-ты, Лонданскае каралеўскае т-ва, Грынвіцкая астр. абсерваторыя, Савет даследаванняў па грамадскіх навуках, галіновыя дэпартаменты і навук. цэнтры, а таксама каап. асацыяцыі, фірмы, прыватна-прамысл. лабараторыі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Вялікабрытанія займае адно з вядучых месцаў у свеце па насычанасці прэсай. Выходзіць каля 160 штодзённых і нядзельных газет, 1300 штотыднёвых, 7,5 тыс. інш. перыяд. выданняў (1992). Найб. уплывовыя газеты: «The Daily telegraph and morning post» («Штодзённы тэлеграф і ранішняя пошта», з 1855); «Daily express» («Штодзённы экспрэс», з 1900), «Daily mail» («Штодзённая пошта», з 1896), «Sunday times» («Нядзельны час», з 1822), «The Times» («Час», з 1785), «Daily mirror» («Штодзённае люстэрка», з 1903), «Sunday mirror» («Нядзельнае люстэрка», з 1915), «The People» («Народ», з 1881), «Tribune» («Трыбуна», з 1937), «The Observer» («Аглядальнік», з 1791). У Вялікабрытаніі няма афіц. цэнзуры, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі рэгулюецца заканад. актамі. Амаль усе газеты ў фінансавых адносінах незалежныя ад паліт. партый і праводзяць самаст. рэдакцыйную палітыку. Вядучыя інфармацыйна-тэлеграфныя агенцтвы: Рэйтэр (Reuter), Прэс Асашыэйшэн (The Press Association), Эксчэйндж Тэлеграф (The Exchange Telegraph). Рэгулярнае радыёвяшчанне з 1922. Радыё- і тэлевяшчанне вядзецца пераважна 2 буйнымі агульнанац. арг-цыямі: «Брытыш бродкастынг карпарэйшэн» (Бі-бі-сі) «і Індэпэндэнт бродкастынг асорыты» (Ай-бі-эй). Дзейнічае некалькі дробных радыёкампаній, якія вядуць вяшчанне на асобныя рэгіёны краіны. Тэлевяшчанне (2 агульнанац. і 10 рэгіянальных праграм) вядзецца Бі-бі-сі і 16 прыватнымі тэлекампаніямі, якія адносяцца да Ай-бі-эй. Тэлеслужба Бі-бі-сі (з 1936) вядзе перадачы па 2 каналах (Бі-бі-сі I ахоплівае 99% насельніцтва Вялікабрытаніі, Бі-бі-сі II — 94%). Праграмы тэле- і радыёвяшчання трансліруюцца з дапамогай шырока развітых сетак наземнага, спадарожнікавага вяшчання і кабельнага тэлебачання. З некалькіх дзесяткаў спадарожнікаў розных краін і кампаній магчымы прыём больш за 100 тэле- і радыёпраграм (з іх каля 80 на англ. мове), практыкуюцца перадачы на некалькіх мовах з магчымасцю выбару любой з іх. Тэлепраграмы вядуцца па сістэмах каляровага тэлебачання PAL і SECAM; PAL plus і D2=MAC; MPEG. Мона- і стэрэафанічнае гукавое суправаджэнне перадаецца аналагавым і лічбавым спосабамі. Прыём вядзецца на індывідуальныя (76%) і калектыўныя (24%) антэны. Многія праграмы носяць агульнаеўрапейскі (BBC World, Euronews, Eurosport і інш.) і міжнародны (CNN) характар. Шырока практыкуецца паказ закадзіраваных праграм.

Літаратура. Вытокі л-ры Вялікабрытаніі ў багатым фальклоры англасаксаў, якія ў 5—6 ст. прыйшлі з кантынента і прынеслі з сабою герм. міфы і легенды, што вусна перадаваліся з пакалення ў пакаленне. З твораў нар. паэзіі англасаксаў зберагліся элегічныя паэмы «Бадзяга», «Скаргі Дэора», «Жальба жонкі», фрагмент эпічнай паэмы «Фінсбургская бітва». Пісьмовая л-ра ўзнікла ў 7 ст. Найб. стараж, помнікі гераічнага эпасу — паэмы «Беавульф» (напісана ў канцы 7 ст., захавалася ў рукапісе 10 ст.). Пасля ўвядзення хрысціянства з’явілася л-ра на лац. мове (Альдгельм, Беда Высокашаноўны, Алкуін), ствараліся рэліг. паэмы і на англасаксонскай мове (Кэдман, Кюневульф). Англасаксонская проза зарадзілася ў 9—11 ст. (кароль Альфрэд, Эльфрык, Вульфстан). Пасля заваявання Англіі нарманамі (11—13 ст.) развівалася трохмоўная л-ра: царк. творы на лац. мове, рыцарскія вершы і паэмы на франц., англ. паданні на англасаксонскай. Да сярэдзіны 14 ст. склалася агульнанац. англ. мова. Апошняй праявай літ. трохмоўя была творчасць Джона Гаўэра (паэма «Люстэрка роздуму», 1376—79, на франц. мове; «Марны лямант у пустыні», 1382, на лац.; «Гісторыя закаханага», 1390, выд. 1483, на англ.). Драм. падзеі часоў Сял. вайны пад кіраўніцтвам Уота Тайлера адлюстраваны ў творчасці У.​Ленгленда (паэма «Мроя аб Пятру-аратаю», 1362). Вяршыня л-ры класічнага сярэднявечча і прадвеснік рэнесансу ў Англіі — нац. эпас Дж.Чосера «Кентэрберыйскія апавяданні» (канец 14 ст.). Стогадовая вайна з Францыяй, вайна Пунсовай і Белай руж затрымалі развіццё л-ры Вялікабрытаніі. Сярод нямногіх помнікаў 15 ст. — выкладзеныя ў прозе легенды аб рыцарах Круглага стала (раман «Смерць Артура» Т.​Мэлары, апубл. ў 1485); развівалася нар. паэзія — балады легендарнага, гіст., драм. характару.

Спыненне феад. спрэчак і ўстанаўленне абсалютызму Цюдараў спрыялі адраджэнню л-ры. У пач. 16 ст. актыўна пранікаюць з кантынента на Брытанскія а-вы ідэі гуманізму. Т.​Мор стварыў новы ў еўрап. л-ры жанр рамана-утопіі («Утопія», 1516, на лац. мове; 1551, на англ. мове), а паэты-«петраркісты» — узоры англ. санета (зб. «Песні і санеты», 1557). З уступленнем на трон Лізаветы I гуманізм становіцца гал. кірункам у англ. л-ры. Вяршыняй эпічнай паэзіі стала паэма Э.Спенсера «Каралева фей» (1590), напісаная арыгінальнай страфой (спенсерава страфа). Зарадзіліся жанры махлярскага і прыгодніцкага раманаў, пастаральнай л-ры («Эўфуэс і яго Англія» Дж.​Лілі, 1580; «Аркадыя» Ф.​Сідні, 1590, «Вопыты і павучанні» Ф.​Бэкана, 1597—1625). Тэарэт. маніфестам англ. рэнесансу ў л-ры стала «Абарона паэзіі» Сідні (1581, апубл. 1595). У драматургіі аб’яднанне традыцый нар. т-ра з «вучонай» драмай ажыццявілі К.Марла, Р.​Грын, Т.​Кід, Лілі. Найвышэйшае дасягненне англ. драматургіі — творчасць У.Шэкспіра. Завяршаюць перыяд росквіту англ. драматургіі Б.Джонсан, Т.​Хейвуд, Т.​Дэкер, Ф.​Бомант і Дж.​Флетчэр.

Да буйнейшых з’яў л-ры 17 ст. належыць «метафізічная школа» паэтаў (Дж.​Дон, Дж.​Херберт), лірыка кавалераў (Э.​Марвел), алегарычны раман «Шлях паломніка» Дж.​Беньяна, паэзія і драматургія Дж.​Драйдэна, класіцыстычная камедыя нораваў (У.​Уічэрлі, У.​Конірыў, Дж.​Этэрыдж, Дж.​Ванбру, Дж.​Фаркер). Паэма Дж.​Мільтана «Страчаны рай» пазначыла пераход ад гуманізму да асветніцкай ідэалогіі. У 18 ст. ў рэчышчы англ. Асветніцтва развівалася некалькі літ. кірункаў: класіцызм (паэмы А.​Попа), рэалізм (раманы Дж.Свіфта, Д.Дэфо, Г.Філдынга, Т.​Дж.Смолета) і сентыменталізм (раманы С.​Рычардсана, О.Голдсміта, Л.Стэрна, паэзія Э.​Юнга, Т.​Грэя). Драматургію 18 ст. прадстаўляюць жанры класіцыстычнай трагедыі («Катон» Дж.​Адысана), «баладнай оперы» («Опера жабракоў» Дж.​Гея), «мяшчанскай» драмы («Лонданскі купец» Дж.​Ліла). Майстрам асветніцкай камедыі быў Р.Б.Шэрыдан. Апазіцыйныя класіцызму літ. плыні і з’явы аб’яднаны паняццем перадрамантызму, калі адраджалася цікавасць да фальклору і нац. традыцый («Паэмы Асіяна» Дж.​Макферсана; «Брыстольская трагедыя» Т.Чатэртана, зб-кі нар. балад Т.​Персі, Дж.​Макдональда). У прозе перадрамантызм выявіўся ў раманах «жахаў і таямніц» Х.​Уолпала і Г.​Радкліф. Адраджэнне цікавасці да нар. паэзіі вызначыла шырокую папулярнасць шатл. паэта Р.Бёрнса. Пачатак рамантызму ў англ. л-ры звязваюць з выхадам у свет зб-ка «Лірычныя балады» У.Вордсварта і С.Т.Колрыджа, з творчасцю паэтаў «Азёрнай школы» (Вордсварт, Колрыдж, Р.​Саўці). Асобнае месца ў англ. рамантызме займае міфатворчасць У.Блейка. Малодшае пакаленне рамантыкаў прадстаўляе плеяда вял. паэтаў — Дж.Г.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс. Жанр гіст. рамана стварыў В.Скот. Асобная роля ў працэсе пераходу ад рамантызму да рэалізму належыць творчасці сясцёр Бронтэ. Традыцыі асветніцкага дыдактычнага і сац.-псіхал. рэаліст. раманаў звязала Дж.​Осцін («Гордасць і прадузятасць»).

Росквіт прозы пісьменнікаў-рэалістаў прыпадае на 1830—60-я г. (Ч.Дзікенс, У.М.Тэкерэй, Э.Гаскел, Э.​Дж.​Булвер-Літан, Ш.​Бронтэ). Спалучэнне сац. праблематыкі з тонкім псіхал. аналізам у творчасці Дж.​Эліята («Млын на Флосе») і Дж.​Мерэдзіта («Эгаіст»). Псіхолагам, які апярэдзіў праблематыку 20 ст., быў «апошні віктарыянскі класік» А.​Тролап (цыкл раманаў «Барсетшырскія хронікі»), У канцы 19 ст. назіраюцца кантрастныя кірункі ў прозе: жорсткі рэалізм Т.​Хардзі і С.​Батлера, неарамантызм Т.М.Рыда і Р.Л.Стывенсана, натуралізм Дж.​Мура і Дж.​Гісінга. Вобраз рэвалюцыянера стварыла ў рамане «Авадзень» Э.Л.Войніч. Развівалася і паэзія познарамантычнага тыпу: апавядальная лірыка А.​Тэнісана, філас. паэзія Р.Браўнінга, грамадз. і інтымная лірыка Э.​Браўнінг, геданістычная — Э.​Фіцджэралда (пераклады А.​Хаяма). Яркай з’явай у паэзіі і мастацтве стала творчасць «Брацтва прарафаэлітаў», тэарэтыкамі якога былі Дж.​Рэскін і У.​Морыс. Гэты рух вылучыў паэтаў Д.​Г.​Расеці і К.​Расеці. Блізкі да прарафаэлітаў быў позні рамантык А.​Ч.​Суінберн. На фоне афіц.-дыдактычнай дзіцячай л-ры адметныя філас. казкі-гратэскі Л.Кэрала і «бяссэнсіцы» Э.​Ліра. Тэндэнцыі эстэтызму, імпрэсіянізму, сімвалізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці О.Уайльда. На абнаўленне драматургіі паўплывала творчасць Б.Шоу, аўтара «драм-дыскусій», майстра п’ес, дзе выкрываюцца парадоксы бурж. грамадства. Тэндэнцыі рэалізму з выкарыстаннем формы фантаст. і дэтэктыўнага жанраў у л-ры прадаўжалі Г.К.Чэстэртан, А.К.Дойл, Г.​Дж.Уэлс. Філігранны стыль, тонкі псіхалагізм, дакладнасць сац. крытыкі вызначаюць прозу Дж.Голсуарсі («Сага аб Фарсайтах»), У.С.Моэма («Цяжар жаданняў чалавечых»), А.​Бенета («Клейхенгер»), К.​Мэнсфілд, А.​Э.​Копарда, Э.​М.​Форстэра. Гумарыстычны кірунак у прозе прадстаўляе Дж.​К.​Джэром, марыністыку — Дж.​Конрад. Наватарскай была творчасць Р.Кіплінга, аўтара асобай эстэтыкі трагічнага стаіцызму. 1910-я г. сталі пачаткам новага этапу ў развіцці англ. паэзіі (геаргіянцы — Дж.​Мейсфілд, У.​Дж. дэ ла Мар; імажысты — Р.Олдынгтан, Э.​Паўнд).

Крызіс познавіктарыянскай эпохі, 1-я сусв. вайна, пасляваен. крызіс выклікалі пераломныя з’явы ў англ. л-ры. Геаргіянцы, якія сталі «акопнымі паэтамі», пісалі пра трагедыю вайны (Р.​Брук, З.​Сасун). У пошуках дакладнага слова і сэнсу паэты-мадэрністы спрабуюць пераўтвараць паэт. мову, адмаўляюцца ад традыц. формы верша, ствараюць асобую міфал. сістэму (Т.​С.​Эліят, Паўнд). Наблізілася да грамадз. тэматыкі і вярнула ў паэзію жывую нар. мову т.зв. «оксфардская» група паэтаў (У.​Х.​Одэн, С.​Спендэр, С.​Д.​Льюіс). У англ. прозе 1920—30-х г. вядучае становішча займае раман (раманы «плыні свядомасці» — «Уліс» Дж.​Джойса, эксперым. псіхалагічны «Місіс Дэлаўэй» В.Вулф, сац.-псіхал. эратычны «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» Д.​Г.​Лорэнса; «інтэлектуальны раман» «Цудоўны новы свет» О.​Хакслі, сатырычны «Заняпад і разбурэнне» І.​Во, традыцыйны рэалістычны «Цытадэль» А.​Кроніна, «Усе людзі — ворагі» Олдынгтана). Драматургію развівалі Дж.​Бары, Дж.​Б.​Прыстлі. Паступовы распад Брыт. імперыі пасля 2-й сусв. вайны выклікаў у л-ры песімізм і «прарочую» ацэнку будучыні таталітарных дзяржаў (антыўтопія Дж.​Оруэла «1984-ы год»). Рэаліст. проза шукае новы дынамізм і псіхал. дакладнасць («З любові да бліжняга» Дж.​Кэры).

У 1950-я г. ўзнікла л-ра «раззлаваных маладых людзей». Расчараванне моладзі ў перспектывах бурж. грамадства паказалі К.​Эміс («Шчасліўчык Джым»), Дж.​Уэйн («Спяшайся ўніз»), А.​Сілітаў і С.​Чаплін — аўтары «рабочага» рамана, Дж.Олдрыдж і Ч.П.Сноў — палітычнага. Пра ўплыў НТР на лёс чалавецтва разважаюць пісьменнікі-фантасты (А.​Кларк, Дж.​Уіндэм, Дж.​Г.​Болард). Англ. экзістэнцыялізм прадстаўляюць раманы-прытчы У.Голдынга («Валадар мух»), мадэрнісцкія пошукі — Л.Дарэл (квадралогія «Александрыйскі квартэт»). Традыцыі класічнага рэалізму 19 ст. і экзістэнцыяльныя матывы ярка выяўлены ў творах А.Мэрдак («Пад сеткай», нап. 1966). Майстрам сац.-паліт. гратэскавага рамана зарэкамендавала сябе М.​Спарк, псіхал. раман абнавілі адкрыццямі экзістэнцыяльнай эстэтыкі Дж.​Фаўлс, С.​Хіл, М.​Дрэбл, Ч.​Дж.​Мітчэл. Традыцыі дэтэктыўнай прозы прадоўжылі А.Крысці, Дж. Ле Карэ. Яркай з’явай англ. паэзіі 1960-х г. стала творчасць «Групы» (ад назвы «Анталогія паэтаў «групы», куды ўвайшлі 17 паэтаў). Паэзія 1970-х г. імкнецца да аб’ектыўнасці і паказу непрыхарошанай праўды жыцця (Т.​Х’юз, Ф.​Ларкін).

У 2-й пал. 20 ст. зарадзілася і развіваецца англ. постмадэрнісцкая л-ра: «Жанчына французскага лейтэнанта» Фаўлса, «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» Т.​Стопарда, «Грошы» М.​Эліса, «Лэрнэк» Э.​Грэя, «Ногі ў цырку» А.​Картэра, «Сорам» С.​Рушдзі, «Апанаванасць востравам» Т.​Мо. У гэтым рэчышчы працуюць Дж.​Барнс, Э.Бёрджэс, Т.​Шарп, Г.​Свіфт. Актыўна развіваецца і постмадэрнісцкая драматургія (Х.​Бернтан, Э.​Бонд). Англ. «літаратуразнаўчы раман» стварае П.​Акрайд. У перакладзе на бел. мову з 1928 выдадзены творы Дойла, Уэлса, Войніч, Скота, Кіплінга, Шэкспіра, Свіфта, Дэфо, Дзікенса, Стывенсана, Бёрнса, Байрана і інш.; у перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Блейка, Кітса, Тэнісана, Уайльда, Шэлі, А.​Мэя і інш. Бел. перакладчыкі: Ю.​Гаўрук, У.​Дубоўка, К.​Крапіва, Я.​Семяжон, а таксама В.​Валынскі, В.​Небышынец, А.​Разанаў, Я.​Рапановіч, С.​Шупа і інш. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Паўночная Ірландыя, Шатландыя.

Архітэктура. Ранні перыяд развіцця мастацтва Вялікабрытаніі прадстаўляюць мегалітычныя комплексы энеаліту і бронзавага веку (Стонхендж, Эйвберы), руіны рым. пабудоў (Адрыянаў вал), разьба па камені, метал. ўпрыгожанні, культавыя прадметы кельцкіх плямён, піктаў, англасаксаў (1 ст. да н.э. — 10 ст. н.э.). Раманскі стыль прадстаўлены англа-нарманскім храмам у Ілі (1083—1190), Дарэме (1093—1133), Норыджы (1095—1150), з магутнымі квадратнымі вежамі, замкамі ў Лондане (Таўэр), Віндзары (канец 11 ст.), крэпасцю ў Рочэстэры (канец 1130-х г.). Пабудовы гатычнага стылю Вялікабрытаніі падзяляюць на ранні (да 1250), «дэкаратыўны стыль» (1250—1340), «перпендыкулярны стыль» (1340—1550). Гатычныя храмы вылучаюцца маштабнасцю, дамінантамі вежаў, шырокімі фасадамі з развітым дэкорам, нервюрнымі скляпеннямі; ім характэрна спалучэнне простых і масіўных выцягнутых аб’ёмаў, багацце дэкар. разьбы на фасадах, ускладненыя ўзоры, дэкар. і канструкцыйныя эфекты: саборы ў Кентэрберы (1070—1509), Дарэме (1-я пал. 12 ст.), Солсберы (1220—66), Уэлсе (1230—33), Лінкальне (1075—1380), Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане (13 ст.). «Перпендыкулярны стыль» вызначаецца пышнасцю аздобы і пластычных эфектаў нервюрных скляпенняў: сабор у Глостэры (1351—1407), капліца Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (1446—1515). Рэфармацыя і англ. рэвалюцыі 17 ст. паўплывалі на станаўленне свецкага характару мастацтва і рацыянальных схем у архітэктуры. Класіцызм развіваў традыцыі архітэктара позняга Адраджэння А.Паладыо. Пабудовам і гар. ансамблям уласцівы строгасць і яснасць формаў, ураўнаважанасць і ўрачыстасць кампазіцыі: Фіцрой-сквер у Лондане (арх. Р. і Дж.​Адам, 1790—1800), пл. Шарлоты ў Эдынбургу (арх. Адам, 1792—1807). Вяршыня англ. класіцызму — сабор св. Паўла ў Лондане (арх. К.​Рэн, 1675—1710). У архітэктуры 18 ст. панавалі пышныя формы барока (Дж.​Ванбру, Н.​Хоксмар). У.​Кет і У.Чэймберс распрацавалі тып «англійскага парку» (парк у Бленіме). У выніку прамысл. перавароту канца 18 — пач. 19 ст. гарады цэнтр. Англіі (Манчэстэр, Бірмінгем, Шэфілд) і паўд. Шатландыі (Глазга) ператварыліся ў вял. індустр.-гандл. цэнтры. З 19 ст. англ. архітэктары распрацоўваюць прынцыпы тыповай, масавай гар. забудовы, складаныя метал. канструкцыі мастоў і перакрыццяў (інж. Т.​Тэлфард, Р.​Стывенсан). «Крыштальны палац» у Лондане (арх. Дж.​Пакстан, 1851) са зборным метал. каркасам і шкляным запаўненнем стаў маніфестам рэвалюцыі ў еўрап. архітэктуры. Гэтаму кірунку процістаялі тэндэнцыі неакласіцызму (Брытанскі музей у Лондане, арх. Р. і С.​Смёрк, 1823—57) і неаготыкі (Парламент у Лондане, арх. Ч. і Э.​Бэры, А.​П’юджын, 1840—68), а потым і эклектызм. Адначасова ідуць пошукі рацыянальнай сціпласці і ўтульнасці ў архітэктуры жылля, пераважна загарадных дамоў (Б.​Скот, Н.​Шо, Ч.​Ф.​Войзі). У 20 ст. хаатычны рост гарадоў і прыгарадаў з малапавярховай забудовай спарадзілі новыя тэндэнцыі ў горадабудаўніцтве: Э.Хоўард і Р.​Ануін першымі распрацавалі праекты гарадоў-садоў і гарадоў-спадарожнікаў. П.​Гедэс і Л.П.Аберкрамбі стварылі праекты комплекснай планіроўкі прамысл. раёнаў. У пач. 20 ст. побач з прадстаўнікамі неакласіцызму (Э.​Лачэнс) і неаготыкі (Т.Скот Малодшы) выступалі ініцыятары стылю мадэрн і рацыяналізму (Ч.Макінташ), а у 1920—30-х г. — і функцыяналізму (М.​Фрай, О.​Уільямс). Пасля 2-й сусв. вайны рэканструяваны разбураныя гар. раёны. Прынцып мікрараянавання выкарыстоўваўся да 1960-х г. Сярод пабудоў вылучаюцца Каралеўская канцэртная зала (арх. Р.​Мэцью, Л.​Марцін, 1949—51), Культурны цэнтр Барбікан (1984) — абодва ў Лондане, сабор у Ковентры (арх. Б.​Спенс, 1954—62).

Выяўленчае мастацтва. У раннім сярэднявеччы была пашырана кніжная мініяцюра («Ліндысфарнскае евангелле», каля 681—721). Блізкія да мініяцюры па стылі і першыя насценныя размалёўкі (саборы ў Кентэрберы, 12 ст.; у Чычэстэры, каля 1260). Гатычная скульптура была падпарадкавана дэкар.-арнаментальным мэтам (надмагілле Эдварда II у саборы у Глостэры, 14 ст.); развіваліся жывапіс (алтар у Вестмінстэры, канец 13 ст.) і вітраж (капліца св. Тройцы сабора ў Кентэрберы, пач. 13 ст.). У 14 ст. з’яўляецца станковы, у т. л. партрэтны, жывапіс. Тонкасцю і вытанчанасцю адметныя тагачаснае ткацтва, вышыўка, дыванаробства, разьба па дрэве і косці, ювелірная справа. Рэнесансавыя традыцыі ў мастацтве Вялікабрытаніі не мелі такой сілы, як у інш. еўрап. краінах. У жывапісе 16—17 ст. пераважаў партрэтны жанр (мініяцюрысты Н.​Хіліярд, А.​Олівер, С.​Купер, жывапісцы У.​Добсан, Дж.​Райлі). Выяўл. мастацтва дасягнула росквіту ў 18 ст. ў творах рэаліста і сатырыка У.Хогарта, у багатых па каларыце партрэтах Дж.Рэйналдса, Т.Гейнсбара, Г.​Рэберна, Дж.​Опі, якія спалучалі парадную імпазантнасць з натуральнасцю і адухоўленасцю вобразаў, трапнасцю, сац. і індывід. характарыстыку з віртуознай лёгкасцю і свабодным жывапісам. Эфектныя партрэты стваралі Дж.​Ромні, Т.​Лорэнс і інш. У 2-й пал. 18 ст. развівалася нац. школа пейзажа: рамант. рысамі адзначаны паэт. работы Гейнсбара і Дж.​Крома, акварэлі Дж.​Козенса і Т.​Гёртына. Жанравы жывапіс прадстаўлены творамі Дж.​Морленда і Дж.​Райта. У 17—18 ст. распрацоўваліся высокамастацкая мэбля (Т.​Чыпендэйл, Дж.​Хеплуайт, Т.​Шэратан), вынайдзены англ. крышталь і фаянс (вырабы мануфактуры Дж.​Уэджвута з рэльефамі ў ант. формах), працавалі шпалерныя мануфактуры ў Мортлейку, заводы фарфору ў Боу, Чэлсі, Вустэры, Дэрбі. У графіцы 18 — 1-й пал. 19 ст. важнае месца належала паліт. і быт. карыкатуры (Дж.​Гілрэй, Т.​Роўлендсан), рэпрадукцыйнай гравюры. Т.​Б’юік вынайшаў тарцовую ксілаграфію. У 1-й пал. 19 ст. жывапіс рамантызму дасягнуў вяршыні ў творах У.Блейка і перадімпрэсіяністычных краявідах У.Тэрнера. Пленэрныя рэалістычныя пейзажы ствараў Дж.Констэбл, пейзажы і гіст. палотны Р.Бонінгтан, акварэль развівалі Дж.​С.​Котмен і Д.​Кокс. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. мастакі-прэрафаэліты (Д.​Г.​Расеці, Э.​Мілес, Х.​Хант, У.​Морыс, Э.Бёрн-Джонс) імкнуліся да яснай прыгажосці, эстэтызацыі прадметнага асяроддзя. Графіка О.Бёрдслі прадвызначыла сецэсію ў еўрап. мастацтве. Каларыстыка твораў Дж.Уістлера стала першаасновай імпрэсіянізму. Жанравы жывапіс 2-й пал. 19 ст. нясе адбітак сентыментальнасці і літ. займальнасці (У.​Сікерт, У.​Стыр, У.​Фрыт, Х.​Херкамер). У мастацтве 20 ст. росквіт рэаліст. партрэтнага і жанравага жывапісу і графікі (Ф.Брэнгвін, О.​Джон, У.​Орпен), спалучаўся з нараджэннем новых авангардных плыняў: фавізм (М.​Сміт, А.​Хітчэнс), футурызм і кубізм (У.​Льюіс), сюррэалізм (С.​Спенсер, Г.​Сазерленд, П.​Нэш, Ф.​Бейкан), абстракцыянізм (Б.​Нікалсан, Б.​Хепуарт), сюррэалізм і абстракцыянізм (Г.​Мур, К.​Армітэдж), поп-арт (П.​Філіпс). Гл. таксама раздзел Архітэктура і выяўл. мастацтва ў арт. Шатландыя, Паўночная Ірландыя, Уэльс.

Музыка. Вытокі музыкі Вялікабрытаніі — у муз. культуры стараж. кельцкіх плямён, носьбітамі якой былі барды. Муз. фальклор народаў Брытанскіх а-воў адметны нац. своеасаблівасцю, аднак мае агульныя рысы — ладавую сістэму, элементы шматгалосся, дакладную рытміку. Асн. інстр. жанры — танцы жыга, кантрданс, хорнпайп. Сярод найб. стараж. інструментаў: пайп (дудка), рэкордэр (флейта), фідль (скрыпка), тэйбар (барабаны); пазней з’явіліся арфа, ліра, лютня, валынка і інш. З усталяваннем хрысціянства развівалася царк. прафес. муз. мастацтва. У сярэдневяковай царк. музыцы Вялікабрытаніі панаваў грыгарыянскі харал, літургія суправаджалася ігрой на аргане. Ранні ўзор свецкага шматгалосся — 6-галосы падвойны канон «Лета прыйшло» (на мяжы 14 ст.). Нармандскія заваёўнікі прынеслі ў Вялікабрытанію мастацтва менестрэляў і трубадураў. У канцы 14 — пач. 15 ст. паявіліся прыдворныя капэлы. У 1-й пал. 15 ст. вылучылася англ. школа поліфаністаў на чале з Дж.​Данстэйблам, якая заняла гал. месца ў еўрап. поліфанічным мастацтве. У эпоху Адраджэння музыка ўвайшла ў побыт англ. арыстакратаў і гараджан, пашырыліся кансорты — садружнасці людзей, якія ігралі на розных інструментах, з’явіліся салісты-інструменталісты. У 16 ст. ў царк. музыку ўведзены буйныя формы — меса, магніфікат і інш., у свецкую — мадрыгал (У.​Бёрд). У 16—17 ст. працавалі пачынальнікі еўрап. клавірнай музыкі кампазітары Дж.​Бул, А.​Гібанс, К.​Тай, Дж.​Тавернер, Т.​Таліс, Дж.​Даўленд. У пач. 17 ст. фарміруецца англ. муз. т-р, што ўзяў пачатак ад містэрый, музыку да якіх пісалі А.​Ферабоска, браты Г. і У.​Лоўс і інш. У час панавання пурытан (сярэдзіна 17 ст.) развіццё свецкай музыкі прыпынілася, асн. муз. жанрамі сталі рэліг. гімны, псалмы і хары на біблейскія тэксты, блізкія да нар. песеннасці. Пасля рэстаўрацыі Сцюартаў (1660) у муз. культуру зноў пачалі пранікаць ідэі Адраджэння, уплывы свецкай музыкі, што адбілася на творчасці Г.Пёрсела, стваральніка адной з першых англ. опер «Дыдона і Эней» (1689). Муз. культура 1-й пал. 18 ст. звязана з імем Г.Ф.Гендэля. У 18—19 ст. у муз. культуры Вялікабрытаніі панавалі іншаземныя ўплывы, асабліва італьян. опера. Захапленне ёю высмеяна ў парадыйнай «Оперы жабрака» (1728) Дж.​Гея і І.​К.​Пепуша, якая дала пачатак т.зв. баладнай оперы, звязанай з традыцыямі менестрэляў. Творчасць кампазітараў 18—19 ст. (Т.​Арн, У.​Бенет, Г.​Бішап, М.​Балф, Дж.​Барнет) звязана пераважна з т-рам. У канцы 19 ст. папулярныя былі аперэты А.​Салівена і С.​Джонса. У 19 ст. Лондан — адзін з цэнтраў еўрап. муз. жыцця. Тут гастралявалі Ф.​Шапэн, Ф.​Ліст, Н.​Паганіні, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Дж.​Вердзі, А.​Дворжак, П.​Чайкоўскі, А.​Глазуноў; створаны т-р «Ковент-Гардэн» (1732), Каралеўская акадэмія музыкі (1822), Трыніты-каледж (1872), Каралеўскі муз. каледж (1883), Акадэмія старадаўняй музыкі (1770), Кэтч-клуб (1761), шматлікія муз. т-вы. З 1784 у Лондане праводзяцца Гендэлеўскія фестывалі (з 1857 рэгулярна). Заснаваны фірмы муз. інструментаў «Бродвуд», «Хіл і сыны». З канца 19 ст. развіваецца муз. навука (сярод музыказнаўцаў Дж.Гроў). На мяжы 19—20 ст. узнікла т.зв. англ. муз. адраджэнне. Сярод прадстаўнікоў новай англ. кампазітарскай школы Э.​Элгар, Х.​Пэры, Ф.​Дыліус, Г.​Холст, Р.Воан-Уільямс, Дж.​Айрленд, Ф.​Брыдж. Адзін з буйнейшых майстроў англ. музыкі 20 ст. Б.Брытэн. Сярод інш. дзеячаў муз. культуры кампазітары М.​Тыпет, Л.​Берклі, А.​Бліс, А.​Бенджамін; дырыжоры Дж.​Барбіролі, Т.​Бічэм, М.​Сарджэнт, А.​Боўлт; піяністы Дж.​Мур, Дж.​Огдан; вакалісты К.​Ферыер, Дж.​Мак-Кормак, П.​Пірс і інш. Сярод шматлікіх эстр. ансамбляў найб. вядомы «Бітлз», «Ролінг-Стоўнз», «Куін» і інш. У Лондане працуюць т-ры «Ковент-Гардэн» і «Сэдлерс-Уэлс», Англійская нац. опера, Каралеўскі балет, сімф. і камерныя аркестры, у т. л. Лонданскі філарманічны аркестр, Бі-Бі-Сі і інш.

Тэатр. Вытокі англ. т-ра звязаны з абрадавымі гульнямі. З 11 ст. існаваў царк. т-р як частка рэліг. рытуалу (літургічная драма, міракль). У пач. 13 ст. з пераносам царк. паказаў на гар. плошчы закладзены пачатак нар. містэрыяльнага сярэдневяковага т-ра (містэрыі, маралітэ, фарсы). У 14—16 ст. склаўся прафес. т-р. У 16 ст. з’явіліся вандроўныя трупы, аматарскі школьны т-р. Росквіту англ. тэатр. мастацтва і драматургія дасягнулі ў эпоху Адраджэння. Драматургія У.​Шэкспіра на многія стагоддзі стала школай акцёрскага майстэрства. Найб. вядомыя тагачасныя акцёры Э.​Алейн і Р.Бёрбедж. Пабудаваны тэатр. памяшканні — «Тэатр» (1576), «Лебедзь» (1596), «Глобус» (1599) і інш., набылі папулярнасць дзіцячыя трупы хлопчыкаў. У канцы 16 — пач. 17 ст. тэатр быў пераважна нар. відовішчам, з 1620-х г. ён ператварыўся ў арыстакратычную забаву. У час бурж. рэвалюцыі пурытане спец. указам (1642) забаранілі тэатр. паказы. Аднавілася тэатр. дзейнасць з рэстаўрацыяй манархіі Сцюартаў (1660). У 1663 у Лондане адкрыты т-р «Друры-Лейн». Росквіт тэатр. мастацтва эпохі Асветніцтва звязаны з «камедыямі нораваў» Р.​Шэрыдана, творчасцю акцёра Д.Гарыка. Узвышаны стыль акцёрскага выканання, што панаваў у канцы 18 — пач. 19 ст., асабліва выявіўся ў творчасці Дж.Кембла і С.Сіданс. У рэпертуары т-раў 19 ст. пераважалі меладрамы, фарсы, перакладныя класічныя творы. Рамантычны кірунак у акцёрскім мастацтве звязаны з творчасцю Э.Кіна. У 2-й пал. 19 ст. ў Лондане пабудаваны новыя т-ры, набылі вядомасць акцёры і рэжысёры Ч.Кін, У.Макрэдзі, Г.Ірвінг і Э.Тэры (кіраўнікі т-ра «Ліцэум»). У 1890-я г. ўзніклі «Незалежны тэатр», «Олд Вік» і інш., якія прапагандавалі творы Б.​Шоу, Дж.​Голсуарсі. Разам з рэалістычным існавала пампезнае мастацтва акцёра і рэжысёра Г.Б.Тры; рэж. Т.Крэг вёў пошукі формаў сімвалісцкага т-ра. Дасягненні тэатр. мастацтва 20 ст. звязаны з творчасцю акцёраў Л.Аліўе, Дж.Гілгуда, А.Гінеса, В.Лі, Р.​Рычардсана, М.​Рэдгрэйва, П.Скофілда, С.Торндайк, Э.Эванс, П.Эшкрафт. Рэжысуру вызначаюць новае асэнсаванне шэкспіраўскай драматургіі, шырыня абагульненняў, вастрыня сцэн. прыёмаў (П.Брук, Т.​Гатры, Рэдгрэйв), імкненне да рэалізму (Дж.​Літлвуд, П.​Хол, Т.​Рычардсан). Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі т.зв. рэпертуарныя т-ры. Новы ўздым англ. т-ра пачаўся з п’есы Дж.​Осбарна «Азірніся ў гневе» (1956). З’явілася драматургія «раззлаваных маладых людзей», новая сацыяльна-быт. драма. Не абмінулі англ. т-р «эксперыментальныя» кірункі, што ўзніклі ў Еўропе ў 1950—60-я г., у т. л. «тэатр абсурду». Тэатр. калектываў з пастаяннай трупай і ўласным памяшканнем у Вялікабрытаніі амаль няма. Звычайна тэатр. будынкі здаюць у арэнду трупам, якія фарміруюцца для пастаноўкі адной п’есы. Выключэнне складаюць Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр і Нацыянальны т-р (створаны ў 1963 на аснове т-ра «Олд Вік»). Сярод тэатр. навуч. устаноў: Каралеўская акадэмія драм. мастацтва, Цэнтр. школа дыкцыі і драм. мастацтва (Лондан), Бірмінгемская школа дыкцыі і драм. мастацтва, тэатр. ф-т пры Брыстольскім ун-це. З 1947 у г. Эдынбург штогод праводзіцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы.

Кіно. Пачаткам нац. кінавытворчасці лічыцца першы паказ англ. фільма, арганізаваны ў 1896 У.​Полам, які адначасова з братамі Люм’ер сканструяваў кінакамеру. Пол і рэжысёры т.зв. брайтанскай школы Э.​Колінз, Дж.​Уільямсан і Дж.​А.​Сміт выпускалі эксцэнтрычныя камедыі, экранізацыі, трукавыя фільмы. Вял. папулярнасцю карысталіся хронікі, дакумент. фільмы і кінамеладрамы. З 1906 у кінематаграфіі Вялікабрытаніі пачаўся працяглы крызіс; дэманстраваліся пераважна франц. экранізацыі і амер. «кінабаевікі». У 1927 парламент прыняў закон у падтрымку нац. кінематаграфіі, выпуск фільмаў павялічыўся. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — меладрамы, фарсы і салонныя камедыі. Вылучаліся фільмы заснавальніка фірмы «Лондан філмс» рэж. А.​Корды, у якіх здымаліся вядомыя акцёры Ч.​Лоўтан, Р.​Донат, Л.​Хоўард, В.Лі, Л.Аліўе і інш. Вядомасць набылі дэтэктыўныя фільмы А.Хічкака, фільмы К.Відара («Цытадэль», 1938), К.​Рыда («Зоркі глядзяць уніз», 1939). У 2-ю сусв. вайну значных поспехаў дасягнула дакумент. кіно (рэж. Х.​Джэнінгс, С.​Джыліят, Ф.​Лаўндэр і інш.), якое паўплывала і на маст. кінематаграфію. Павялічыўся імпарт фільмаў ЗША (да 70%). Кінамастацтва пасляваен. гадоў дасягнула пэўных поспехаў у экранізацыях твораў У.​Шэкспіра («Гамлет», 1948, «Рычард III», 1955, рэж. абодвух Аліўе), у пастаноўках эксцэнтрычных, сатыр. камедый (А.​Макендрык, Г.​Карнеліус, Дж. і Р.​Боўлтынгі). Сярод лепшых фільмаў: «Шлях у вышэйшыя колы» (1958) Дж.​Клейтана, «Азірніся ў гневе» (1958), «Смак мёду» (1962) і «Том Джонс» (1963) Т.​Рычардсана, «У суботу ўвечары, у нядзелю ўранні» К.​Рэйса (1960), «Так званае каханне» Дж.​Шлезінгера і інш. Працавала кінагрупа дакументалістаў «Свабоднае кіно» (рэж. Л.​Андэрсан, Рэйс і інш.). З сярэдзіны 1960-х г. пачалася актыўная амерыканізацыя брыт. кінапрамысловасці. Асн. кінапрадукцыя — дэтэктыўныя фільмы, прымітыўныя камедыі. Сац.-крытычнай накіраванасцю вылучаліся фільмы рэж. Р.​Лестэра, П.​Уоткінса. Творчасць рэжысёраў рэаліст. кірунку звязана пераважна з тэлебачаннем. Сярод вядомых акцёраў: Дз.Богард, Р.Бёртан, М.Рэдгрэйв, В.Рэдгрэйв, П.Усцінаў і інш. Гал. навуч. ўстановы: Лонданская кінашкола, Нац. кінашкола, Каралеўскі каледж мастацтваў, Тэлевізійная кінаакадэмія ў Лондане. У г. Эдынбург штогод праводзяцца кінафестывалі (у рамках Міжнар. фестывалю музыкі і драмы).

Беларусы ў Вялікабрытаніі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Вялікабрытанію ўзнікла пасля 2-й сусв. вайны. Аснову эміграцыі склалі беларусы, якія ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях саюзнікаў у складзе Другога корпуса Андэрса арміі. Разам з перасяленцамі іх было каля 15 тыс. У 1947 засн. Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) з аддзеламі ў Лондане (1947), Брадфардзе (1948), Манчэстэры (1948) і Бірмінгеме (1952); праз давераных прадстаўнікоў ЗБВБ праводзіла работу ў Кембрыджы, Нотынгеме, Лідсе, Ковентры. У 1948 засн. Хрысц. аб’яднанне бел. работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР), Згуртаванне бел. камбатантаў, Бел. хрысц. акад. аб’яднанне «Жыццё», Бел. незалежніцкі нар.-хрысц. рух, Саюз журналістаў. У 1949 створаны Каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый у Вялікабрытаніі, які ўзгадняў культ. і грамадскую працу, наладжваў сувязі з сародзічамі ў інш. краінах. Пасля легалізацыі ЗБВБ (1948) беларусы атрымалі ліцэнзію на стварэнне ўласных прадпрыемстваў. Былі адчынены бюро па перасылцы паштовых пасылак, стаматалагічная лабараторыя, фотастудыя. У 1948 беларусы купілі ў Лондане дом, дзе размясціліся рэдакцыі іх часопісаў і газет, б-ка, архіў, праводзіліся сходы, лекцыі, святкаванні нац. угодкаў, працавала нядзельная школа. У 1949 пачаў дзейнасць бел. клуб у Манчэстэры. На сабраныя грошы набыты дамы ў Брадфардзе (1952) і Манчэстэры, якія сталі цэнтрамі бел. жыцця. У 1963 пры ЗБВБ засн. дапамогавая секцыя, якая мае аўтаномію, кіруецца асобным статутам і распараджаецца фондам (папаўняецца сродкамі з касы ЗБВБ і ахвяраваннямі прыватных асоб). Фонд зарэгістраваны брыт. ўладамі і вызвалены ад падаткаў, што дае магчымасць фінансаваць працу замежных даследчыкаў у галіне беларусазнаўства, сельскай гаспадаркі, эканомікі, палітыкі, выплачваць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі, якія стажыруюцца ў ВНУ Вялікабрытаніі, аказваць дапамогу ахвярам Чарнобыля на Бацькаўшчыне. У 1964 у Бел. доме ў Лондане адкрыты Бел. юнацкі клуб, які аказваў моладзі дапамогу ў вучобе, працавала дадатковая школа для дзяцей, танц. гурток. У 1970 у Брадфардзе адкрыты грамадскі клуб «Сакавік», які разам з брадфардскім аддзяленнем ЗБВБ займаўся культ. і грамадскай працай. Цэнтрамі навук.-культ. жыцця ў Вялікабрытаніі сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства (АБТ), якія ўзаемадзейнічаюць у арг-цыі і правядзенні семінараў, навук. канферэнцый, выставак, літ. вечарын і інш. З нагоды 60-х угодкаў БНР у маі 1978 у Лондане дзейнічала Бел. замежная пошта. Значную ролю ў духоўным і культ. жыцці беларусаў Вялікабрытаніі адыгрывае царква. Місіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы існуюць у Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Нотынгеме, Кембрыджы. У 1947 створана Бел. каталіцкая місія. Пры Доме марыянаў у Лондане дзейнічае царква св. Пятра і Паўла, у 1961—15 тут працавала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага. У 1989 у Лондане створаны Бел. к-т дапамогі ахвярам радыяцыі, які ўзначаліў айцец К.Надсан. Выдавецкую дзейнасць ажыццяўляюць ЗБВБ, ХАБР, АБТ, Бел. б-ка і музей імя Ф.​Скарыны і інш. На бел. мове выходзілі часопісы: грамадска-паліт. «Беларус на чужыне» (1947—50), «Аб’яднанне» (з 1948), «Патрыёт» (з 1949); навук. «The Journal of byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—88); царк. «Божым шляхам» (1957—80), «Званіца» (1974), «На шляху» (1946—51), «Голас часу» (1989—95); маладзёжныя «Наперад» (1948—53), «Да мэты» (1948), сатырычны «Крапіва» (з 1949), бюлетэні «Змагар» (Згуртавання бел. камбатантаў, 1949—50), «Жыццё» (1948) і «Рунь» (Бел. хрысц.-акад. аб’яднання, 1950), «Чарнобыль у Беларусі» (з 1992), камунікаты Бел. выдавецкага фонду (1950), Бел. незалежнага нар.-хрысц. руху (1948—49). Выходзяць (1997): «Камунікат ЗБВБ» (з 1946), «Веснік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1982).

Літ.:

Англия в эпоху абсолютизма: (статьи и источники). М., 1984;

Городецкая И.Е. Великобритания: избиратели, выборы, партии, 1945—1970. М., 1974;

Жигалов И.И. Современная история Великобритании (1945—1975). М., 1978;

Кертман Л.Е. География, история и культура Англии. 2 изд. М., 1979;

Аникст А. История английской литературы. М., 1956;

Английская литература, 1945—1980. М., 1987;

Daiches D. A critical history of English literature. Vol. 1-2, London, 1963;

Sanders A. The short Oxford history of English literature. London, 1996;

Виппер Б.Р. Английское искусство: Краткий ист. очерк. М., 1945;

Ковнацкая Л.Г. Английская музыка XX в.: Истоки и этапы развития. М., 1986;

Raynor H. Music in England. London, 1980;

Harrison F.L. Music in medieval Britain. 4 ed. Buren, 1980.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка), Н.​Я.​Арлова (гісторыя да канца 19 ст.), К.​А.​Далгучыц (гісторыя 20 ст), А.​П.​Ткачэнка (радыё, тэлебачанне), Н.​М.​Саркісава, В.​В.​Халіпаў (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўл. мастацтва), Л.​А.​Сівалобчык (музыка), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Вялікабрытаніі).

Герб і сцяг Вялікабрытаніі.
Да арт. Вялікабрытанія. Плошча Пікадылі-сёркус у Лондане.
Да арт. Вялікабрытанія. Рачная даліна ва Уэльсе.
Да арт. Вялікабрытанія. Ландшафт на ПдЗ Шатландыі.
Да арт. Вялікабрытанія. Сабор у Кентэрберы. 1070—1503.
Да арт. Вялікабрытанія. Сабор у Лінкальне. 1075—1380.
Да арт. Вялікабрытанія. Каралеўскі замак у Віндзары. Канец 11 ст.
Да арт. Вялікабрытанія. Комплекс будынкаў універсітэта ў Оксфардзе.
Да арт. Вялікабрытанія. Інтэр’ер сабора ў Дарэме. 1-я пал. 12 ст.
Да арт. Вялікабрытанія. Сабор св. Паўла ў Лондане. 1675—1710.
Да арт. Вялікабрытанія. Дэкаратыўны парк палаца ў Бленіме.
Да арт. Вялікабрытанія. Культурны цэнтр Барбікан у Лондане. 1984.
Да арт. Вялікабрытанія. Дж.​Рэйналдс. Партрэт графіні Спенсер з дачкой. 1759—61.
Да арт. Вялікабрытанія. Англасаксонскія воіны. Мініяцюра з англійскага рукапісу 11 ст.
Да арт. Вялікабрытанія. Т.​Гейнсбара. Партрэт герцагіні дэ Бофарт (Дама ў блакітным). 1770-я г.
Да арт. Вялікабрытанія. Мініяцюра «Месяц жнівень». 14 ст. Лондан. Брытанскі музей.
Да арт. Вялікабрытанія. Адрыянаў вал. 122—133.
Да арт. Вялікабрытанія. Галава надмагільнай статуі Эдуарда II. Сабор у Глостэры. Каля 1331.
Да арт. Вялікабрытанія. У.​Блейк. Жыццё чалавека. 1820-я г.
Да арт. Вялікабрытанія. Н.​Хіліярд. Юнак сярод кустоў руж. Каля 1588.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬГІЯ (франц. Belgique, флам. België),

Каралеўства Бельгія (франц. Royaume de Belgique, флам. Keninkrijk België), дзяржава ў Зах. Еўропе, на паўд. узбярэжжы Паўночнага м. Мяжуе на Пн з Нідэрландамі, на У з ФРГ і Люксембургам, на Пд і ПдЗ з Францыяй. Пл. 30,5 тыс. км². Нас. 10,1 млн, чал. (1994). Афіц. мовы — нідэрландская (фламандская), франц., нямецкая. Сталіца — г. Брусель. Падзяляецца на 9 правінцый. Існуе падзел на 3 рэгіёны: Фландрыю (Пн), Валонію (Пд), Брусель з ваколіцамі (цэнтр). Нац. свята — Дзень прынясення каралём прысягі (21 ліп.).

Дзяржаўны лад. Бельгія — канстытуцыйная манархія з наследаваннем па мужчынскай лініі. Дзейнічае канстытуцыя 1831 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе парламент у складзе палаты прадстаўнікоў і сената (тэрмін паўнамоцтваў 4 гады), выканаўчую — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Міністраў прызначае і вызваляе кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары. У правінцыях ёсць выбарныя муніцыпальныя органы — правінцыяльныя рады. Судовая сістэма ўключае суды касацыйны, апеляцыйны, 1-й інстанцыі, прысяжных і міравых суддзяў. Усе суддзі прызначаюцца пажыццёва каралём.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ПдУ стараж. (герцынскі) масіў Ардэны (г. Батранж, 694 м). На Пн ад яго нешырокая паласа раўнін і плато, складзеных з палеагенавых глін і пяскоў. Паўн. ч. займаюць плоскія нізіны Фландрыі і Кампіна, укрытыя чацвярцічнымі рачнымі і марскімі адкладамі. Уздоўж узбярэжжа паласа польдэраў (шыр. да 15 км), якая часткова знаходзіцца на 2 м ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення пясчанымі дзюнамі і дамбамі. З карысных выкапняў найб. значэнне мае каменны вугаль (запасы каля 6 млрд. т), ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы. Клімат марскі, умерана цёплы. Сярэдняя т-ра студз. 3 °C (у Ардэнах да -1 °C), ліп. 18 °C (у Ардэнах 14 °C). Ападкаў 700—900 мм за год, у гарах 1200—1500 мм. Рэкі паўнаводныя, не замярзаюць. Галоўныя: Шэльда і Маас з шматлікімі прытокамі. Б. ч. краіны мае культ. ландшафт. Прамысл. цэнтры злучаны рэкамі і суднаходнымі каналамі. Лясы (дуб, бук, граб) разам з лесапалосамі займаюць каля 21% тэрыторыі. Натуральныя лясы захаваліся ў Ардэнах. Фауна (дзік, лань, казуля, вавёрка, заяц, курапаткі, фазаны) і ландшафты зберагаюцца ў шматлікіх рэзерватах і прыродных парках (буйнейшыя От-Фань, Калмтхаўт).

Насельніцтва. Каля 55% — фламандцы (на Пн краіны), каля 33% — валоны (на Пд). У Бруселі і ваколіцах змешанае двухмоўнае насельніцтва. У краіне каля 1 млн. іншаземцаў — французаў, немцаў, італьянцаў, мараканцаў і інш. Паводле веравызнання 75% католікі, 25% пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 331 чал. на 1 км². Асабліва густа населена цэнтр. ч. — да 665—800 чал. на 1 км², у Ардэнах да 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 96,3% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1993): Брусель — 949, Антверпен — 463, Гент — 228, Шарлеруа — 207, Льеж — 195, Бруге — 117, Намюр — 105.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек, на тэр. Бельгіі жыў з часоў палеаліту. Каля 3 ст. да н. э. яе пачалі засяляць кельцкія плямёны белгаў, (адсюль назва краіны). У 57 да н.э. землі белгаў заваяваў Юлій Цэзар і ўключыў іх у Рым. дзяржаву. У 1—4 ст. н.э. на тэр. Бельгіі фарміраваўся рабаўладальніцкі ўклад. У выніку далейшага яе засялення (3 ст.) герм. плямёнамі франкаў, фрызаў і саксаў, змяшання плямёнаў пачалі складвацца 2 народнасці: валоны (патомкі раманізаваных белгаў) і фламандцы (патомкі герм. плямёнаў). У 5—9 ст. тэр. Бельгіі ў складзе Франкскай дзяржавы, а пасля распаду імперыі Каралінгаў (843) падзялілася на шэраг феад. уладанняў. З 10 ст. развіваюцца гарады Гент, Бруге, Іпр, з 11—12 ст. — Антверпен, Брусель і інш. У 12—13 ст. у графстве Фландрыя і герцагстве Брабант хутка расла прам-сць, і яны сталі цэнтрамі міжнар. гандл. сувязяў. Рост таварна-грашовых адносін і сярэдневяковай гар. культуры спрыяў больш ранняму, чым у інш. краінах Еўропы, разлажэнню феад. адносін. У 15 ст. тэр. Бельгіі адышла да Бургундскага герцагства, потым да Нідэрландаў, у 1477—82 — да імперыі Габсбургаў. З 1555 уладанне ісп. манархіі. Ранняя бурж. рэвалюцыя 16 ст. ў Нідэрландах (гл. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя) на тэр. Бельгіі не мела поспеху, і там было адноўлена ісп. панаванне. У 1714 Ісп. Нідэрланды (тэр. Бельгіі) адышлі да Аўстр. манархіі. Палітыка нац. прыгнёту насельніцтва Бельгіі стала прычынай нац.-вызв. руху, які перарос у Брабанцкую рэвалюцыю 1789—90. У ходзе яе было вызвалена некалькі бельг. правінцый. 11.1.1790 Нац. кангрэс, скліканы ў Бруселі, абвясціў незалежнасць Злучаных Штатаў Бельгіі. Скарыстаўшы ўнутр. барацьбу, аўстр. Габсбургі з дапамогай арміі аднавілі (1791) сваю ўладу ў бельг. правінцыях. Пасля перамогі франц. рэв. войскаў над аўстрыйскімі (1792) тэр. Бельгіі зноў вызвалена. Паўторна рэстаўрыраваная ў Бельгіі ўлада Аўстрыі (сак. 1793) скончылася ў выніку паражэння аўстрыйцаў у бітве з франц. Войскам. 26.6.1794 пры Флёрусе. 1.10.1795 абвешчана далучэнне Бельгіі да Франц. рэспублікі. Аўстрыя прызнала гэты акт у 1797 (Кампафармійскі мір). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 бельг. правінцыі штучна аб’яднаны ў 1815 з Галандыяй у Каралеўства Нідэрланды. Незадаволенасць мясц. насельніцтва галандскім панаваннем вылілася ў Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежнай. У сярэдзіне 19 ст. тут узніклі рабочыя арг-цыі; працоўныя дамагліся права на забастоўкі (1866), адмены забароны рабочых саюзаў (1867). Незалежнасць Бельгіі спрыяла хуткаму развіццю капіталізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. яна стала развітой дзяржавай, буйным экспарцёрам прамысл. тавараў і капіталу (толькі ў Расію да 1914 вывезена 6 млрд. франкаў). У 1870—80-я г. бельг. каланізатары захапілі частку бас. Конга (з 1908 афіц. калонія Бельгіі). У 1-ю сусв. вайну Германія парушыла нейтралітэт Бельгіі і акупіравала амаль усю яе тэрыторыю. За 4 гады акупацыі эканоміцы краіны нанесены вял. страты. Бельг. войскі разам з англ. і франц. ўдзельнічалі ў вайне ў Еўропе і ў захопе герм. уладанняў у Афрыцы. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Б. атрымала герм. акругі Эйпен і Мальмеды, у Афрыцы — мандат на Руанда-Урундзі, а таксама права на рэпарацыі. Бельгія адыгрывала важную ролю ў Версальскай сістэме, як партнёр Францыі ўдзельнічала ў акупацыі Рура. Міжваенны перыяд характарызаваўся ўздымам рабочага руху, што вымусіла ўлады палепшыць умовы жыцця працоўных, расшырыць выбарчыя правы.

Сусв. эканам. крызіс 1929—33 выклікаў заняпад эканомікі Бельгіі. Зменшыліся вытв-сць і экспарт, зарплата рабочых, павялічылася колькасць беспрацоўных. У знешняй палітыцы ўрад Бельгіі пайшоў на збліжэнне з Германіяй і Італіяй, адмовіўся ад стварэння сістэмы калект. бяспекі ў Еўропе. 10.5.1940 герм. войскі ўварваліся на тэр. Бельгіі. Па просьбе яе ўрада Англія і Францыя накіравалі туды свае войскі, але 28 мая бельг. кароль Леапольд III падпісаў акт аб капітуляцыі. У гады акупацыі ў краіне дзейнічаў Рух Супраціўлення. Бельгія вызвалена англа-амер. войскамі ў вер. 1944. Згодніцкая палітыка Леапольда III у час вайны выклікала агульную незадаволенасць насельніцтва і прывяла ў 1944 да ўстанаўлення рэгенцтва. У 1951 Леапольд III адрокся ад прастола на карысць сына Бадуэна I. У 1948 Бельгія заключыла мытны, у 1960 — эканам. саюз з Нідэрландамі і Люксембургам (гл. Бенілюкс). Нац.-вызв. барацьба народаў Афрыкі прымусіла Бельгію даць у 1960 паліт. незалежнасць Конга (Кіншаса), у 1962 — Руанда-Урундзі, на тэр. якой утварыліся 2 дзяржавы: Руанда і Бурундзі.

Развіваючыся на стыку раманскай і германскай культур, Бельгія складаецца з 2 асн. частак: паўн. — Фландрыі і паўд. — Валоніі. Да пач. 20 ст. ў паліт., эканам., культ. плане дамінуючым рэгіёнам была Валонія, якая пазней саступіла першынство Фландрыі. Пастаяннае саперніцтва гэтых 2 рэгіёнаў — асн. фактар унутрыпаліт. нестабільнасці ў краіне ў апошнія дзесяцігоддзі, прычына шматлікіх выступленняў і ўрадавага крызісу. У 1970—71 кааліцыйны урад Г.​Эйскенса з мэтай вырашэння моўнага канфлікту ініцыіраваў змены ў канстытуцыі і прыняцце законаў аб эканам. і культ. дэцэнтралізацыі, свабодзе выбару мовы навучання. Пасля шматгадовых дэбатаў у 1980 бельг. парламент пачаў правядзенне дзярж. рэформаў — прыняў закон аб рэгіяналізацыі краіны і прызнанні шырокіх паўнамоцтваў Фландрыі і Валоніі ў справе самакіравання. Паводле канстытуцыі насельніцтва Бельгіі падзелена на 3 лінгвістычныя садружнасці: франц., флам. і германамоўную; тэрытарыяльна — на 3 рэгіёны: Валонію, Фландрыю і Брусельскі рэгіён. Садружнасці займаюцца пытаннямі культ. развіцця, сродкаў масавай інфармацыі, турызму, асветы, спорту; маюць права заключаць пагадненні аб супрацоўніцтве па гэтых пытаннях з інш. садружнасцямі і замежнымі дзяржавамі. У кампетэнцыі рэгіёнаў знаходзяцца і сац.-эканам. пытанні. За цэнтр. урадам захоўваюцца паўнамоцтвы ў галіне знешняй палітыкі, абароны, бяспекі, валютна-фін. палітыкі. У 1988 парламент прыняў рашэнне аб чарговых зменах у канстытуцыі, якія больш шырокія паўнамоцтвы перадаюць рэгіянальным уладам Фландрыі, Валоніі і Бруселя. Гэтая праграма федэралізацыі засн. на канцэпцыі паступовай трансфармацыі дзяржавы з унітарнай у федэратыўную. Яе мэта — юрыд. замацаванне раздзялення кампетэнцыі органаў улады краіны, рэгіёнаў і садружнасцяў. 1.1.1989 Бельгія канстытуцыйна абвешчана федэрацыяй. У выніку ўрадавага крызісу ў кастр. 1991 парламент распушчаны. На парламенцкіх выбарах 24.12.1991 поспехаў дамагліся правыя флам. нацыяналіст. сілы і партыі экалагістаў. Але гэта не змяніла становішча буйнешых партый — флам. Хрысц. нар. партыі і сацыяліст. партый Фландрыі і Валоніі, якія захавалі вядучае становішча ў парламенце. У ліп. 1992 парламент зацвердзіў Маастрыхцкія пагадненні 1992 аб утварэнні Еўрап. саюза. У крас. 1993 парламент прыняў папраўку да канстытуцыі, якая завяршыла дзярж. рэформу федэралізацыі краіны. Пасля смерці Бадуэна I (ліп. 1993) новым каралём Бельгіі стаў Альберт II. З 1955 Бельгія — чл. ААН, чл. Зах.-еўрап. саюза, з 1957 чл. «Агульнага рынку» (гл. Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва). Бельгія — чл. Бельгійска-Люксембургскага эканам. саюза (БЛЭС), Бенілюкса і шэрагу інш. паліт. і эканам. саюзаў. Дыпламат адносіны з Беларуссю ўстаноўлены 10.3.1992.

У 1947 — пач. 1960-х г. дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі, створаны бел. дыяспарай. У кастр. 1949 у г. Лёвен адбыўся з’езд бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі. Францыі, на якім створана Бел. акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» (існавала да канца 1960-х г.).

Палітычныя партыі. Буйнейшыя паліт. партыі падзелены паводле нац. прынцыпу: 2 сацыялістычныя партыі — СП (фламандцы) і СП (франкафоны); 2 дэмакр.-хрысціянскія — Хрысц. нар. (фламандцы) і Сац.-хрысц. (франкафоны); 2 ліберальныя — флам. лібералаў і дэмакратаў і Рэфармісцкая ліберальная (франкафоны), а таксама партыі «зялёных» і інш. Буйнейшыя прафс. цэнтры: Канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная федэрацыя працы Бельгіі, Ген. цэнтр ліберальных прафсаюзаў.

Гаспадарка. Бельгія — высокаразвітая краіна з інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай і шырокімі знешнеэканам. сувязямі. На яе прыпадае прыкладна ⅓ сусв. экспарту дываноў, шкла, брыльянтаў, ​1/5 — каляровых цяжкіх металаў, ​1/7 — чорных металаў і кінаплёнкі. Прамысловасць — аснова бельг. эканомікі. Развіты чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, электроніка, вытв-сць камунікацыйнага абсталявання. Вял. значэнне маюць шкляная прам-сць, агранка алмазаў і вытв-сць зброі. Здабываецца каменны вугаль (каля 5 млн. т штогод). У энергет. балансе больш як ⅔ складаюць нафта (з Паўн. Афрыкі і Б. Усходу) і прыродны газ (пераважна з Нідэрландаў). Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 57 млн. т (Гент, Антверпен), каля палавіны нафтапрадуктаў ідзе на экспарт. Вытв-сць электраэнергіі складае 68 млрд. кВт∙гадз (1993), каля 70% даюць АЭС (Дуль, Тыянж, Мале). Адна са старэйшых галін прам-сці — чорная металургія. Выплаўка чыгуну 8,2 млн. т, сталі 10,1 млн. т (1993). Асн. прадпрыемствы знаходзяцца вакол Шарлеруа і Льежа ў т.зв. «чорным поясе». Каляровая металургія развіваецца пераважна на прывазной сыравіне, асн. прадпрыемствы ў раёне ад Антверпена да Льежа. Бельгія ўваходзіць у першую пяцёрку краін па вытв-сці і экспарце цяжкіх каляровых металаў. Вытв-сць складае (тыс. т, 1993): медзі 455, свінцу 131, цынку каля 53, волава 7. Краіна падзяляе 1—2-е месцы ў свеце па вытв-сці германію, кобальту, радыю, танталу, ніобію, селену, кадмію. Важнае месца ў прам-сці займае машынабудаванне; найб. развіты аўтазборачная (каля 1 млн. легкавых аўтамабіляў штогод, асн. цэнтры Антверпен, Гент, Брусель), эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Шарлеруа, Брусель, Антверпен, Бруге, Лёвен) галіны, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання, авіярухавікоў, абсталявання для металургічнай, хім., тэкст. прам-сці. Традыцыйна развіта зброевая прам-сць (Льеж), у хім. прам-сці — вытв-сць пластмасаў, сінт. валокнаў і каўчуку, угнаенняў, мыйных сродкаў, соды. Асн. цэнтры нафтахім. прам-сці — Льеж і Антверпен. Вытв-сць медыкаментаў (Брусель, Антверпен, Брэн-л’Алё), кінафотаматэрыялаў (у прыгарадзе Антверпена). Старэйшая галіна — тэкст. прам-сць (больш за ​3/4 вытв-сці ў Фландрыі). Цэнтры баваўнянай прам-сці — Гент, Мускрон, Кортрэйк, шарсцяной — Верв’е, Мускрон, Ронсе, Турнэ, ільняной — Гент, Кортрэйк, Ронсе, Руселарэ. Вылучаюцца вытв-сць карункаў і аксаміту, шарсцяных і сінт. дываноў, трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, а таксама мэблевая, шкляная прам-сць. Алмазагранільная справа і гандаль брыльянтамі — у Антверпене. Сярод галін харч. прам-сці — вытв-сць цукру, піва, шакаладу, мясных і малочных кансерваў. Сельская гаспадарка высока інтэнсіўная. С.-г. ўгоддзі займаюць 1350 тыс. га (44% тэр.), у т. л. пад ворывам 620 тыс. га, пад лугамі і пашай 730 тыс. га. Пераважаюць фермерскія гаспадаркі па 10—50 га. Усе яны ахоплены кааперацыяй. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля (70% прыбытку), агародніцтва і пладаводства (20%), паляводства (10%). Пагалоўе (млн. галоў, 1993) буйн. раг. жывёлы 3,1, свіней 6,9. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн. т, 1993) пшаніцу — 1,4, ячмень — 0,4, бульбу — 2,2, цукр. буракі — 6,3, лён-даўгунец, тытунь. Самазабяспечанасць малаком, мясам, малочнымі прадуктамі, яйцамі, агароднінай, бульбай, цукрам больш як 100%. Транспарт. Бельгія мае густую сетку шляхоў зносін. Даўж. чыгунак 3,4 тыс. км, аўтадарог 15,1 тыс. км, унутр. водных шляхоў каля 1,8 тыс. км. Па гушчыні чыгунак і аўтадарог краіна займае 1-е месца ў свеце. Праз Бельгію праходзяць 5 міжнар. чыгунак, тры з іх пачынаюцца ў Астэндэ (злучаны паромамі з Вялікабрытаніяй) і ідуць на Рым, Бухарэст, Варшаву. Аўтапарк каля 4 млн. машын, у т. л. 3,5 млн. легкавых. Суднаходства па рэках Шэльда, Маас, каналах. Танаж марскога гандл. флоту каля 3 млн. брута рэг. т. Гал. парты Антверпен, Зебруге, Бруге (грузаабарот разам каля 120 млн. т штогод), а таксама Гент, Астэндэ. Экспарт складае 117,7, імпарт — 120,7 млрд. долараў (1991). Бельгія — адзін з вядучых сусв. экспарцёраў чорных і каляровых металаў, машын і абсталявання, каштоўных камянёў (у т. л. ювелірных алмазаў), тэкстылю, сінт. каўчуку, шкла; імпартуе пераважна збожжа, нафту, канцэнтраты каляровых металаў, машыны. Гал. гандл. партнёры: ФРГ, Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Італія, Заір. Беларусь экспартуе ў Б. грузавыя аўтамабілі, трактары, калійныя і азотныя ўгнаенні, імпартуе металарэзныя станкі, медыкаменты, каўчук натуральны, цукар. Штогод Бельгію наведвае каля 10 млн. турыстаў. У краіне каля 2,2 тыс. гасцініц і атэляў. Грашовая адзінка — бельгійскі франк.

Узброеныя сілы. Агульная колькасць ваеннаслужачых 83,35 тыс. чал. (1991), з іх сухапутныя войскі складаюць 62,7 тыс., авіяцыя — 18,2 тыс., ВМФ — 4,45 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Вышэйшыя органы кіравання — мін-ва абароны (узначальвае цывільная асоба), ген. штаб. 3 ваен. акругі і 1 ваенна-марскі раён. Бельгія — член ваен. арг-цыі НАТО (з 1949), на яе тэр. штаб-кватэра НАТО (Брусель) і камандаванне ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе (Монс). У Бельгіі базіруецца 2,7 тыс. ваеннаслужачых ЗША; 22,8 тыс. бельг. ваеннаслужачых знаходзяцца ў Германіі. Бельгія — удзельнік пагаднення аб звычайных узбраеннях (1990) і пагаднення аб колькасці ваеннаслужачых (1992), паводле якіх бельг. армія будзе складацца з 70 тыс. чал., а на ўзбраенні мець 344 танкі, 1099 баявых машын пяхоты, 320 адзінак артылерыі, 232 баявыя самалёты, 46 верталётаў. У аснове ваен. дактрыны Бельгіі канцэпцыя кааліцыйнай стратэгіі НАТО.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне прыватнае. Праз сістэму сац. страхавання кампенсуецца 75% кошту ўрачэбных паслуг. Поўную кампенсацыю атрымліваюць удовы, сіроты, пенсіянеры і інваліды. Бясплатным з’яўляецца лячэнне сац. хвароб і рэабілітацыя, а таксама знаходжанне ў шпіталі ў пасляродавы перыяд. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74 гады, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць складае 10 на 1 тыс. чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 103 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 298 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць складае 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Бельгіі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей да 6 гадоў; 6-гадовую пач. школу (узрост навучання 6—11 гадоў); 6-гадовую сярэднюю школу, што складаецца з 3 двухгадовых цыклаў: пед. назірання, арыентацыі, спецыялізацыі; прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. ВНУ падзяляюцца на 3 тыпы: ун-ты (тэрмін навучання 5 і болей гадоў), ВНУ з 4-гадовай (ін-ты, вышэйшыя школы) і скарочанай (3 гады) праграмамі навучання. Дзейнічаюць 2 сістэмы адукацыі — дзярж. і прыватная. Сярод прыватных навуч. устаноў 95% — канфесійныя. Буйнейшыя ун-ты: каталіцкі ў Лёвене (з 1425, у 1970 падзелены паводле мовы навучання на 2 аўтаномныя); 2 дзярж. ун-ты — валонскі ў Льежы, фламандскі ў Генце (абодва з 1817), свабодны ў Бруселі (з 1834, у 1970 таксама падзелены паводле мовы навучання). ВНУ 2-га тыпу: мед. і вет. вышэйшыя школы ў Кюрэгхайме, агр. ін-т у Жамблу і інш. Буйныя б-кі: Бельгійская нац. ў Бруселі (з 1837), універсітэцкія ў Бруселі, Генце, Льежы, Лёвене. Музеі: Каралеўскія музеі — прыгожых мастацтваў у Антверпене (з 1890), прыгожых мастацтваў Бельгіі (з 1830, у т. л. старадаўняга мастацтва і Музей сучаснага мастацтва), музеі мастацтва і гісторыі ў Бруселі (з 1835), Цэнтр. Афрыкі ў Тэрвюрэне (з 1897); Муніцыпальная маст. галерэя ў г. Бруге (з 1930). Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, ін-тах, абсерваторыі, н.-д. цэнтрах, галіновых асацыяцыях прамысл. даследаванняў і інш. У Бельгіі 8 валонскіх і флам. акадэмій, найстарэйшыя каралеўскія валонская — Бельг. акадэмія л-ры і прыгожых мастацтваў (з 1772), флам. — акадэмія флам. мовы і л-ры (з 1886) і Бельг. мед. акадэмія.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 35 штодзённых газет (19 на франц., 15 на флам. і 1 на ням. мовах), агульны тыраж 2,1 млн. экз., 1991). Буйнейшыя з іх: «De Standaard» («Сцяг», з 1914, на флам. мове), «Het Laatste Nieuqs» («Апошнія навіны», з 1888, на флам. мове), «Le Soir» («Вечар», з 1887, на франц. мове). Агенцтвы друку: Агенсе Белга (з 1920), Сантр д’Энфармасьён дэ Прэс (з 1946), Агенсе Эўропе (з 1952). Радыёвяшчанне з 1924, тэлебачанне з 1953. Дзярж. тэле- і радыёстанцыі трансліруюць праграмы на франц. (Радыё-Тэлевізьён Бельж дэ ла Камюнатэ Кюльцюрэль Франсэз), флам. (Бельгісе Радыё эн Телевізі) і ням. (Бельгішэс Рундфунк-унд Фэрнзехцэнтрум дэр Дойчшпрахіген Гемайншафт) мовах. Найб. папулярныя прыватныя станцыі: Канал Плю Бельжык, Тэлевізьён Эндэпэндант (камерцыйныя, на франц. мове), Вламсе Тэлевізі Матсапей (камерцыйная, на флам. мове).

Літаратура. Развіваецца пераважна на дзвюх мовах: у паўд. правінцыях на франц., у паўн. — на нідэрл. (флам.). Першыя помнікі пісьменнасці на франц. мове ўзніклі ў 1200-я г.: гіст. хронікі, эпічныя казанні пра крыжацкія паходы. У 13—14 ст. развіваліся жанры агіяграфіі, пропаведзі, маралітэ. У 14 ст. напісана «Хроніка Фландрыі» Ж.​Фруасара. У эпоху Адраджэння (16 ст.) бельг. паэзія знаходзілася пад уплывам франц. «Плеяды». З сярэдзіны 18 ст. ў л-ры ўзніклі асветніцкія матывы. У 1801—18 у Бруселі выходзілі «Паэтычныя альманахі», прасякнутыя вальтэр’янскімі ідэямі. У пач. 19 ст. з’явіліся творы бельг. рамантыкаў, што знаходзіліся пад моцным уплывам Дж.​Байрана, а потым В.​Гюго (зб. вершаў «Прымулы» А. ван Гасельта, творы Ш.​Патвена), фарміруецца жанр. гіст. рамана («Марскія гёзы...» А.​Мока), гераічныя трагедыі. Дэмакр. духам прасякнуты раманы «Ціхі дом» Э.​Леклерка, «Медзяніца» Ж.​Дэмулена; найб. выдатны твор эпохі — «Легенда пра Уленшпігеля» (1867) Ш.дэ Кастэра. У 1880-я г. за нац. самабытнасць бельг. культуры змагаліся пісьменнікі аб’яднання «Маладая Бельгія»; К.​Леманье (раман «Крывасмок») і Ж.​Экаўт (раман «Новы Карфаген»), М.Метэрлінк з сімвалісцкімі драмамі («Сляпыя») і п’есай-казкай «Сіняя птушка», Ж.​Радэнбах з раманам «Царства маўчання», Э.Верхарн з паэт. зб. «Гарады-спруты» і «Буйныя сілы». У 1920—30-я г. сац. раманы характэрны для творчасці К.​Бюрньё, Ф.​Эленса. Псіхал. драмы Ф.​Кромелінка («Велікадушны раганосец») спалучаюць фарс і трагедыю. У час гітлераўскай акупацыі ствараецца паэзія супраціўлення. Сац. раманы Д.​Жылеса («Купон 44») малююць норавы буржуазіі ў час вайны, Д.​Шайнерт («Даўгавухі фламандзец») расказвае пра барацьбу бельг. народа з акупантамі. Сучасным праблемам прысвечаны раманы Ж.​Ленза, А.​Карнелюса, Ж.​Сіменона, п’есы П.​Вілемса. У пасляваен. бельг. паэзіі вылучаецца лірыка Ж. дэ Башэра, М.​Тыры, М.​Карэма, Ленза, Ж.​Норжа, А.​Шавэ. Літаратура на нідэрландскай мове да пач. 17 ст. была часткай нідэрл. л-ры (гл. ў арт. Нідэрланды). З канца 16 ст. цэнтр нідэрл. культуры перамясціўся на Пн, аднак у Паўд. Нідэрландах (сучасная Бельгія) працягвала развівацца л-ра на нідэрл. мове. Ю. дэ Хардэйн у цыкле «Хвалебныя песні Богу» спалучаў рэліг. і рэнесансавыя матывы. В.​Агір пісаў сатырыка-быт. камедыі з жыцця гараджан. Вясёлыя клухты (фарсы) ствараў М. дэ Сван. Па меры ўсталявання ў Бельгіі франц. культуры ў 18 ст. паглыбляецца крызіс нідэрл. культуры. Нац.-дэмакр. ўздым 1830 выклікаў рух за яе адраджэнне. Паэт і гісторык Я.​Ф.​Вілемс у патрыят. вершах услаўляў гераічнае мінулае свайго народа. Нідэрл. рамантыкі былі адначасова і асветнікамі і гарачымі прыхільнікамі развіцця нац. літ. мовы (Х.​Кансіянс, К.​Л.​Ледэганк). З першым у бельг. л-ры на нідэрл. мове псіхал. раманам выступіў Э. дэ Бом («Абломкі»). Кумірам флам. дэкадэнтаў быў паэт-сімваліст К. ван дэ Вустэйне. З містыка-сімвалісцкім раманам «Вечны жыд» выступіў А.​Вермейлен. У развіцці крытычнага рэалізму важнае месца займае творчасць паэта і раманіста В.​Элсхата. Пасля 2-й сусв. вайны з’явіліся антыфаш. раманы «Свяшчэнны гнеў» М.​Дэйзе і «Толькі мёртвыя выратуюцца» П. ван Акена. Антыімперыял. і антыклерыкальная накіраванасць характэрная для твораў Х.​Клаўса 1960—70-х г., пазначаных рысамі авангардызму. Пісьменнікі-рэалісты В.​Ройслінк, Х.​Лампа, Х.​Рас раскрываюць адчужанасць чалавека ў сучасным цывілізаваным грамадстве.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бельгіі захаваліся помнікі мастацтва кельтаў і стараж. рымлян. У сярэднявеччы багатыя гарады Бельгіі былі буйнымі цэнтрамі маст. культуры: у 11—12 ст. — раманскага стылю (цэрквы ў Льежы і Турнэ), у 13—14 ст. — готыкі (саборы ў Бруге, Генце, Бруселі, Антверпене, Мехелене). З аб’яднаннем на рубяжы 14 і 15 ст. Паўд. (сучасная Бельгія) і Паўн. Нідэрландаў фарміруецца нідэрл. мастацтва (гл. ў арт. Нідэрланды). У 15—16 ст. росквіту дасягнула свецкая архітэктура позняй, т.зв. «палымянай», готыкі (ратушы ў Бруселі, Генце, Лёвене). Адначасова склаліся гал. цэнтры нідэрл. жывапісу Адраджэння, заснавальнікам якога стаў Я. ван Эйк. У 16 ст. рэнесансавыя формы панавалі ў архітэктуры, скульптуры і дэкар. мастацтве. У 17—18 ст. сфарміравалася флам. мастацтва, якое спалучала пышнасць і параднасць барока з нар.-рэаліст. тэндэнцыямі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Ф.Снейдэрс, Я.Іорданс, А.Браўэр, Д.​Тэнірс, Я.​Брэйгель «Аксамітны» і інш.). Флам. карціны віртуозна ўзнаўляліся ў шматлікіх гравюрах, дрэве, шпалерах. Шырокую вядомасць набылі плеценыя і вышываныя карункі Фландрыі і Брабанта. Архітэктуры 17 ст. ўласцівы барочная ўрачыстасць, класічны дэкор (дамы гільдый на Вял. плошчы ў Бруселі, Дом Рубенса ў Антверпене). У канцы 18 ст. ў флам. барока з Францыі і Аўстрыі пранікае класіцызм (Верхні горад, Каралеўская пл., парк, палац у Бруселі, замак Сенеф у прав. Эно; партрэтныя бюсты Ж.​Л.​Гадшарля, інтэр’еры Л.​Дэфранса і інш.). У 19 ст. складваецца ўласна бельг. мастацтва (пабудовы арх. Л.​Руланта, гіст. карціны і рэаліст. партрэты Ф.​Ж.​Навеза). Рамант. кірунак у жывапісе (Г.​Ваперс, Л.​Гале, В.​Гефс, Х.​Лейс, Т.​Фурмуа) паступова ператварыўся ў салонны акадэмізм. Пашырэнне рэалізму у 2-й пал. 19 ст. і адыход ад салоннага мастацтва звязаны з творчасцю мастакоў Ш. дэ Гру, Х. дэ Бракелера, Л.​Дзюбуа, І.​Буланжэ і інш. Скульптар К.Менье адзін з першых у зах.-еўрап. мастацтве звярнуўся да тэмы працы і жыцця рабочых. Да канца 19 ст. Бельгія становіцца радзімай стылю мадэрн у архітэктуры (заснавальнік і тэарэтык Х. ван дэ Велдэ). Выяўл. мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. характарызуецца пераходам да містычнай сімволікі і алегарызму (Дж.​Энсар, Ф.​Ропс, Э.​Ларманс, майстры «1-й латэмскай групы» — скульпт. Ж.​Міне, В. дэ Садэлер), драм. экспрэсіі (скульпт. Р.​Ваўтэрс, майстры «2-й латэмскай групы» — К.Пермеке, Г. дэ Смет). Пошукі рацыянальных рашэнняў у архітэктуры пачаліся пасля 1-й сусв. вайны (арх. Х.​Хостэ, Л. ван дэр Свалмен, В.​Буржуа, Э. ван Авербеке і інш.). У 1920—30-я г. панаваў неакласіцызм. Прынцыпы сучаснай архітэктуры выявіліся ў буд-ве жылых раёнаў, трансп., прамысл. і грамадскіх збудаванняў (арх. Х. ван Кёйк, Р.​Брам, М.​Брэнфо і інш.). У выяўл. мастацтве 20 ст. значнае месца займаюць фармальныя стылістычныя пошукі (Я.​Бруселманс), сюррэалізм (П.​Дэльво, Р.​Магрыт), абстрактнае мастацтва. Рэаліст. кірунак уласцівы творчасці скульптараў Ф.​Мазерэля, Ш.​Лепле, мастакоў І.​Опсамера, К.​Пейзера, П.​Палюса, Р.​Самвіля. У дэкар. мастацтве 20 ст. вылучаюцца вырабы ў стылі мадэрн (Велдэ, Арта), керамічная скульптура (П.​Кай), дываны (Э.​Дзюбрэнфо, Л.​Дэльтур).

Музыка. У сярэднявеччы Бельгія была часткай Нідэрландаў — краіны развітых муз. традыцый. У запісах зберагліся песні фагеланаў — удзельнікаў антыфеад. і антыкаталіцкіх рухаў 15 ст. Асновы музыкі Бельгіі закладзены ў 15—16 ст. у рэчышчы Нідэрландскай школы. Цэнтрамі муз. адукацыі былі т.зв. метрызы — муз. школы пры каталіцкіх храмах, дзе рыхтавалі царк. пеўчых. Сучасная прафес. музыка пачала фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. Развіваліся оперны, кантатна-аратарыяльны і камерна-інстр. жанры. Склаліся 2 кампазітарскія школы — валонская, якая зазнала ўплыў франц. музыкі і творчасці С.​Франка (Ж. і Л.​Іонгены, Г.​Лекё, В.​Врольс), і флам., набліжаная да ням. музыкі і творчасці Р.​Вагнера (П.Бенуа, Я.​Блокс). Сярод кампазітараў 20 ст. П.Жыльсон і Ж.​Абсіль. У 1920—40-я г. муз. мастацтва развівалася пераважна ў рэчышчы агульнаеўрап. неакласіцызму. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся авангардысцкія плыні. Сусв. прызнанне атрымалі бельг. музыказнаўчая школа (Ф.Ж.Фетыс, Ф.​А.​Геварт, П.​Калар) і выканальніцкае мастацтва скрыпачоў Ш.Берыё, А.В’ётана, Э.Ізаі. Дзейнічаюць оперныя т-ры ў Бруселі, Антверпене, Генце і інш., Нац. сімф. аркестр, сімф. аркестры і хары Бельгійскага радыё і тэлебачання, «Фламандскі камерны аркестр», «Капэла Бургундскага двара», кансерваторыі ў Антверпене, Бруселі, Льежы, муз. акадэміі ў Турнэ, Шарлеруа, ін-т музыказнаўства ў Монсе. Праводзяцца міжнар. конкурсы імя каралевы Лізаветы (з 1951, Брусель), імя І.​С.​Баха (з 1958, Гент), струнных квартэтаў (з 1951, Льеж).

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Бельгіі ў рэлігійных абрадах сярэднявечча. У 13—15 ст. ставіліся літургічныя драмы (на лац. мове), маралітэ і містэрыі (на франц. і нідэрл. мовах). У 15—16 ст. т.зв. камеры рытараў (аб’яднанні цэхавага тыпу, члены якіх выконвалі вершы і п’есы, што складалі самі) у сваіх пастаноўках (пераважна фарсах і маралітэ на нідэрл. мове) праводзілі ідэі дзярж. незалежнасці. У 16—17 ст. па Бельгіі гастралявалі франц., ісп. і інш. тэатр. трупы. Першы бельг. «Тэатр дэ ла Манэ» адкрыты ў 1700 у Бруселі, меў оперную і драм. трупы. Пасля 1830 створаны т-ры ў Генце, Антверпене, Бруселі (на нідэрл. мове). Ставіліся рамант. драмы, вадэвілі, развесяляльныя п’есы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўплыў на т-р Бельгіі зрабілі творчасць і эстэтыка Метэрлінка, Ш. ван Лерберга і інш. У гады ўздыму рабочага руху літ.-маст. секцыя Бельг. нар. дома паставіла рэв. Драму Э.​Верхарна «Зоры» (1898). У 1920—30-я г. пашырыліся самадз. калектывы. У гады ням.-фаш. акупацыі (1940—44) браты Ж. і М.​Хойсманы арганізавалі вандроўны «Тэатр Супраціўлення». У Бельгіі каля 50 прафесійных т-раў, у т. л. каля 20 у Бруселі. Найб. значныя: «Тэатр дэ ла Манэ», «Дзю Парк», «Дэ Галеры», «Каралеўскі нацыянальны тэатр», «Дзю Рыдо», «Дэ Пош». Тэатр. дзеячаў рыхтуюць Каралеўская кансерваторыя ў Бруселі, школа драм. маст. Каралеўскай флам. кансерваторыі і інш.

Кіно. Вытворчасць фільмаў, распачатую ў 1908, спыніла 1-я сусв. вайна. У 1919 арганізавана «Бельгійская кінакампанія», у 1922 — кінастудыя «Бельгійскі фільм». У 1920-я г. знята каля 20 ігравых фільмаў. Вядомасць атрымалі відавыя, мастацтвазнаўчыя і этнагр. фільмы рэжысёраў А.​Сторка, П.​Хасартса і інш. Пасля 2-й сусв. вайны кінавытворчасць аднавілася ў пач. 1950-х г. Зняты маст. фільмы: «Чайкі паміраюць у гавані» (1957), «І ўжо ападае кволая кветка» («Дзеці Барынажа», 1960), «У цягніку аднойчы вечарам...» (1969), «Дом, мілы дом» (1973), «Вялікі пейзаж Алексіса Дрэвена» (1981). У 1980-я г. развіваецца дакумент. і анімацыйнае кіно, здымаюцца тэлевізійныя серыялы. Кінематаграфістаў рыхтуюць у 7 ВНУ.

Літ.:

Аксенова Л.А. Бельгия. М., 1982;

Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960;

Фромантен Э. Старые мастера: Пер. с фр. М., 1966;

Ecmans M. L’art vivant en Belgique. Bruxelles, 1972;

Грубер Р.П. Всеобщая история музыки. Ч. 1. 3 изд. М., 1965;

Mertens C. Hedendaagse muziek in Belgie. Bruxelles, 1967.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Бельгіі.
Да арт. Бельгія. П.​П.​Рубенс. Саюз Зямлі і Вады. Каля 1618.
Да арт. Бельгія. Святыя Фама і Матфей. Фрагмент габелена. Брусель. Канец 15 ст.
Да арт. Бельгія. К.​Пермеке. Заручаныя. 1923.
Да арт. Бельгія. Царква Сінт-Міхілскерк у Лёвене. 1650—71.
Да арт. Бельгія. Ж.​Міне. Чалавек, які моліцца. 1901.
Да арт. Бельгія. Дж.​Энсар. Дзіўныя маскі 1892.
Да арт. Бельгія. Ратуша на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене. Арх. К.​Флорыс. 1561—65.
Да арт. Бельгія. У цэнтры Бруселя.
Да арт. Бельгія. Фантан Брабо на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене.

т. 3, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДНА,

горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. За 300 км на З ад Мінска. Вузел чыгунак на Вільню, Масты, Беласток, аўтадарога на Вільню, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт. 303,6 тыс. ж. (1997).

Гісторыя. Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у канцы 10 ст. на т.зв. Замкавай гары пры ўпадзенні р. Горадня (Гараднічанка) у Нёман на ятвяжскай тэр. як умацаваны пункт і цэнтр паўн.-зах. каланізацыі дрыгавічоў і валынян. Упершыню Гродна (Горадзен, Гародня, Горадня) упамінаецца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах пад 1127. Да сярэдзіны 16 ст. вядома ў крыніцах як Горадзен (Городень). Сярод гісторыкаў 19 ст. існавалі розныя меркаванні аб месцы знаходжання летапіснага Гродна. Слушнае абгрунтаванне тоеснасці Горадзена з сучасным Гродна даў Я.Ф.Арлоўскі ў 1893. У 12—13 ст. існавала ўдзельнае Гродзенскае княства. З сярэдзіны 13 ст. ў складзе ВКЛ. Цярпела ад нападаў крыжакоў Тэўтонскага ордэна, якім у 1300—26 паспяхова процістаяў кашталян гродзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З 1376 уладанне кн. Вітаўта, у 1390 было арэнай феад. вайны паміж ім і польскім каралём Ягайлам. Гродзенская харугва ўдзельнічала у Грунвальдскай бітве 1410. У 1391 горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1444 поўнае, у 1496 дапоўненае спец. прывілеем). З 15 ст. праводзіліся кірмашы. З 1413 у складзе Трокскага ваяв., з сярэдзіны 16 ст. цэнтр Гродзенскага павета. З 1540 мела пячатку з гербам на ўзор люблінскага (казёл на задніх нагах абгрызае вінаградную лазу). Пазней гербам горада стала выява ў блакітным полі аленя з залатым крыжам паміж рагамі (алень св.Губерта), які пераскоквае цераз агароджу. Паводле інвентара 1560 у Гродна было каля 4 тыс. ж., 716 дамоў, 33 вуліцы, 3 рынкі, замак, велікакняжацкі (каралеўскі) дом, 9 цэркваў, 2 касцёлы, сінагога, ратуша, звярынец. У 1576—86 — рэзідэнцыя караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. З гэтага часу і да канца 18 ст. Гродна — велікакняжацкі горад. У 1589—1796 цэнтр Гродзенскай эканоміі. Напярэдадні Брэсцкай уніі 1596 у Гродна дзейнічалі 7 правасл. Цэркваў, 3 касцёлы, у 1-й пал. 17 ст. — Гродзенскі езуіцкі калегіум, ордэны бернардзінцаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, 9 касцёлаў, 2 уніяцкія манастыры. З 1678 месца правядзення заканадаўчых генеральных сеймаў (кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай з гэтага часу праходзіў у Гродна). У 17—18 ст. значна пацярпеў у час войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай. У 1793—95 цэнтр Гродзенскага ваяводства. У час паўстання 1794 у жн.—кастр. тут дзейнічала Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ — выканаўчы орган паўстанцаў на тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З 1795 у Рас. імперыі, 1796 цэнтр павета, з 1802 — Гродзенскай губерні. У час вайны 1812 у чэрв.—снеж. акупіраваны напалеонаўскім войскам. У час паўстання 1830—31 аб’яўлены на ваен. становішчы. У 1862 праз горад пракладзена першая у Беларусі чыгунка — участак лініі С.-Пецярбург — Варшава. Напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 у Гродна і губерні дзейнічала Гродзенская рэв.-дэмакр. арг-цыя. У 1897 у Гродна 46,7 тыс. ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі Гродзенскае педагагічнае таварыства, Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Гродзенскае таварыства ўрачоў, Гродзенскі гурток беларускай моладзі і інш., дзейнічалі рэв. арг-цыі: Гродзенскі рэв. гурток, Гродзенская рабочая арг-цыя, арг-цыі РСДРП, Бунда, ППС і інш. У рэвалюцыю 1905—07 у Гродна адбыліся ў сак.—крас. 1905 выступленні салідарнасці рабочых з палітвязнямі, у крас.—жн. 1905 забастоўкі на прамысл. прадпрыемствах, у кастр.—снеж. 1905 выступленні салдат гарнізона, паліт. стачкі і інш. З 1915 акупіравана герм. войскам. 19.11.1918 у Гродна створана Бел. рада, у снеж. 1918 сюды пераехаў урад БНР на чале з А.​Луцкевічам, пачалося фарміраванне бел. войска. Культ.-асв. дзейнасць праводзіла Грамада Беларускай моладзі ў Гродне. У студз.—крас. 1919 дзейнічаў Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў. 27.4.1919 герм. войскі пакінулі горад, і ён перайшоў пад уладу Польшчы. Пасля заняцця Гродна 19.7.1920 Чырв. Арміяй (3-і конны корпус Г.​Гая) устаноўлена сав. ўлада (да кастр. 1920). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр павета Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. ў горадзе дзейнічалі паліт., грамадскія і культ.-асв. бел. арг-цыі: ТБШ, БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. Адбываліся антыўрадавыя дэманстрацыі, мітынгі, забастоўкі, у т. л. Гродзенскія выступленні працоўных 1936. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Гродзенскага раёна Беластоцкай вобл. У Вял. Айч. вайну з 24.7.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі і пад назвай Garten (Гартэн) непасрэдна ўключана ў склад Германіі. Разбурана на 43%, у Гродна і раёне загублена 51 438 чал. Дзейнічала Гродзенскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 16—24.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 і Вільнюскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 цэнтр Гродзенскай вобласці. У 1970 — 132,5 тыс. жыхароў.

Гаспадарка. Прамысл. аблічча стаў набываць у 1-й пал. 19 ст. У 1840-я г. ў Гродна было больш як 40 прадпрыемстваў, у т. л. цагельныя, фланелевыя, свечачныя, вінакурныя, піваварныя і інш. Штогод праводзіўся кірмаш. Важнае значэнне мелі водны шлях па р. Нёман, які звязаў Гродна з рознымі рынкамі, і пракладзеная праз горад чыгунка. У 1861 засн. Гродзенская тытунёвая фабрыка. З 1876 у горадзе працуе водаправод. У 1884 узніклі ліцейна-мех. майстэрні (гл. Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў). Крэдытна-фін. паслугі аказвалі аддзяленні Дзярж. і Віленскага камерцыйных банкаў, Т-ва ўзаемнага крэдыту, банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. ў Гродна было больш за 70 прамысл. прадпрыемстваў (больш за 2 тыс. рабочых); колькасць гандл. устаноў павялічылася з 252 у 1861 да 748 у 1900. Працавалі 4 друкарні. У 1914 у Гродна 99 прадпрыемстваў (2287 рабочых). У выніку 1-й Сусв. і грамадз. войнаў, ням. і польскай акупацыі, знаходжання Гродна ў складзе Польшчы прам-сць заняпала. У 1940 у Гродна дзейнічалі 33 прадпрыемствы, у т. л. 2 тытунёвыя ф-кі, веласіпедны з-д, Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», Гродзенскі шклозавод, 3 лесазаводы, 2 гарбарныя, цагельна-кафляны з-ды, швейная, абутковая ф-кі і інш., на якіх працавала 3,5 тыс. чал. У гады 2-й сусв. вайны амаль уся прам-сць Гродна была разбурана. У 1945 працавала 7 прадпрыемстваў. За пасляваенныя гады ў Гродна створаны новыя галіны прам-сці — тэкст., харч.; хутка нарошчвалася вытв-сць лёгкай, шкляной, будматэрыялаў прам-сці.

Сучаснае Гродна — адзін з вядучых прамысл. цэнтраў Беларусі. У 1996 у горадзе 109 прадпрыемстваў, з іх 31 дзяржаўнае. Найб. развіты лёгкая (Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне, ф-кі швейных спарт. вырабаў «Дынама», пальчаткавых вырабаў, дзіцячых цацак і галантарэі), хім. (Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»), харч. (кансервавы з-д і інш.), маш.-буд. і металаапр. (гродзенскі завод «Радыёпрылада», з-д тэхнал. аснасткі, гродзенскі завод «Белтапаз», Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання, Гродзенскі завод карданных валоў) прам-сць, прадпрыемствы электраэнергетыкі, дрэваапр., гарбарнай, буд. матэрыялаў (з-ды зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, домабудаўнічы, вапны і сілікатных вырабаў, Гродзенскі камбінат будматэрыялаў) прам-сці.

Асвета і культура. Паводле археал. даследаванняў, пісьменнасць у Гродзенскім княстве існавала ў 12 ст. Школы былі пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, дзе па царк. кнігах вучыліся дзеці маёмных бацькоў. У 13 ст. пісьменнасць пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. школы ствараліся і ў буйных маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. З 1591 у Гродна існавалі брацкія школы, з 1625 — Гродзенскі езуіцкі калегіум. У 1774—76 дзейнічаў Гродзенскі кадэцкі корпус. У 1770—80-я г. адчынены школы: мед. (гл. Гродзенская медыцынская акадэмія), вет., чарчэння і малявання, бухгалтэрыі і рахункаводства, каморніцкая, будаўнічая. У 1773 на базе езуіцкага калегіума засн. ваяводская школа, з 1783 акруговае вучылішча, пераўтворана ў 1797 у дамініканскае (з 1825 гімназія). У 1834 яна рэарганізавана ў губернскую свецкую гімназію. У 1860 адчынена жаночая Марыінская гімназія (гл. Гродзенскія гімназіі). У 2-й пал. 19 ст. створаны Аляксандраўскае рамеснае 3-класнае, 2 мужч. і 2 жан. павятовыя прыходскія, 2 евангелічна-лютэранскія прыходскія вучылішчы, у 1852 — прыватнае яўр. вучылішча (у 1906 рэарганізавана ў 4-класную прагімназію). У 1907 створана Гродзенскае рэальнае вучылішча. У 1907—14 існавала Гродзенскае педагагічнае таварыства, у 1912—20 у Гродна працавала Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада, у 1920—21 — Беларуская школьная рада. У 1920—39 у Гродна 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. У 1930-я г. польскія ўлады закрылі ў Гродна ўсе бел. школы; пасля аб’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) яны зноў пачалі працаваць. У 1940 засн. Гродзенскі настаўніцкі інстытут, рэарганізаваны ў 1944 у пед. ін-т, на базе якога ў 1978 створаны Гродзенскі універсітэт. У гады Вял. Айч. вайны большасць школ і культ.-асв. устаноў разбурана. 1.7.1945 у Гродна 9 агульнаадук. школ, пед. ін-т, чыг. і фізкультурнае вучылішчы, 2 мед. школы, 3 дзіцячыя дамы, 6 дзіцячых ясляў. У 1951 засн. Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, у 1956 — Гродзенскі політэхнічны тэхнікум, у 1958 — Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1996/97 навуч. г. ў Гродна 92 дашкольныя ўстановы (каля 20 тыс. дзяцей), у т. л. цэнтр развіцця дзіцяці, 79 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), санаторны сад (для дзяцей з захворваннямі лёгкіх), сад для дзяцей з парушэннямі зроку, сад для дзяцей з парушэннямі слыху. 39 агульнаадук. школ (каля 48 тыс. вучняў), у т. л. 1 ліцэй, 3 школы з ліцэйскімі класамі, школа-гімназія, школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, дапаможная школа (для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця) і інш. Акрамя таго ў Гродна ёсць школа з польскай мовай навучання, санаторная школа «Нёман», 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (па 6 дзяцей у кожным), 10 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (9 з іх школы алімпійскага рэзерву), 2 школьныя вучэбна-вытв. камбінаты, 5 цэнтраў, у т. л. 2 дзіцяча-падлеткавыя, тэхн. творчасці моладзі, сац.-псіхал. дапамогі моладзі, падлеткам і дзецям-інвалідам, цэнтр прафарыентацыі моладзі, абл. Палац дзіцяча-юнацкай творчасці, 18 клубаў для работы з дзецьмі. У 10 праф.-тэхн. вучылішчах займалася больш за 6 тыс. навучэнцаў. Дзейнічаюць 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 5 тыс. студэнтаў), у т. л. Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, Гродзенскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум», палітэхнікум, тэхн. каледж, вучылішчы: пед., мед., мастацтваў, муз., алімпійскага рэзерву. У Гродна 3 дзярж. ВНУ — ун-т, мед., с.-г. ін-ты, Гродзенскі філіял недзярж. ін-та сучасных ведаў, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У Гродна 14 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, 2 мяшанага тыпу, польскай л-ры, Гродзенская абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі гісторыка-археалагічны запаведнік, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Архітэктура. У 12 ст. на беразе Нёмана пабудаваны Гродзенскі княжацкі церам, на мысе — абарончая Каменная сцяна; у цэнтры замка (гл. Гродзенскі Стары замак) узведзена Гродзенская Ніжняя царква, на яе руінах ў 14 ст. — Гродзенская Верхняя царква. У 12 ст. пабудаваны таксама Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, у канцы 12 ст. — Васкрасенская і т.зв. Малая цэрквы. У выніку ў 12 ст. тут склалася самабытная Гродзенская школа дойлідства. У 15 ст. цэнтр горада змясціўся з дзядзінца на рыначную плошчу, дзе былі дамы заможных гараджан і гандляроў. У 1494 на ёй пабудавана драўляная ратуша, закладзены Гродзенскі фарны касцёл. Своеасаблівае аблічча горада ў 17—18 ст. утваралі касцёлы і праваслаўныя храмы, пабудаваныя пераважна ў стылі барока (гл. Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Гродзенскі кляштар францысканцаў, Гродзенскі манастыр базыльянак, Гродзенскі кляштар дамініканцаў). У 2-й пал. 18 ст. будаваліся палацы, ствараліся сядзібна-паркавыя ансамблі (Гродзенскі Новы замак, сядзібы ў прадмесці Аўгустава, «Панямонь», Станіславоўская сядзіба). З заснаваннем у Гродна і яго ваколіцах гродзенскім старостам А.​Тызенгаўзам каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы горада, у яго паўн.-ўсх. частцы забудоўвалася прадмесце Гарадніца. У 2-й пал. 18 — 19 ст. ствараліся жылыя і адм. будынкі ў стылі класіцызму: кантрольная палата (1750), Гродзенскі дом Агінскага, ратуша з гандл. радамі (1807, усе не захаваліся), Гродзенскі дом віцэ-губернатара, будынак мужчынскай гімназіі (1735) і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ўзведзены будынкі розных арх. стыляў: эклектыкі — жылы дом купца Мураўёва (1914; цяпер б-ка імя Карскага), Гродзенскага акруговага суда будынак; у стылі мадэрн — Гродзенскага пазямельна-сялянскага банка будынак, жылыя дамы па вуліцах Ажэшкі, Замкавай; у псеўдарус. стылі — Гродзенская Пакроўская царква. Існавалі таксама збудаванні прамысл. архітэктуры — вежа пажарнага дэпо, Гродзенскія воданапорныя вежы і будынак піваварнага з-да (1877). Сучасны горад развіваецца ў паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. напрамках, вядзецца масавае буд-ва жылых раёнаў (Паўночна-заходні, Паўднёва-заходні, Прынёманскі, Усходні). Сярод сучасных адм. і грамадскіх будынкаў: Дом тэхнікі (арх. В.​Бажко, У.​Праабражэнскі), гасцініцы «Беларусь» (арх. Л.​Вільчко, «Гродна» і «Турыст» (арх. У.​Лытаў, І.​Абухаў), Гродзенскі абласны драматычны тэатр, гал. корпус медінстытута (арх. Вільчко, У.​Давыдзёнак), Ін-т біяхіміі АН Беларусі (І.​Мазнічка), аэравакзал (арх. У.​Еўдакімаў, Л.​Маскалевіч і інш.).

У Гродна брацкія магілы: сав. воінаў і партызан; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму; чырвонаармейцаў; сав. ваеннапалонных; магілы польскіх воінаў. Помнікі: Э.​Ажэшка, Вітаўту Вялікаму, Я.​Купалу, В.​Д.​Сакалоўскаму, А.​Тызенгаўзу, В.​Урублеўскаму, у гонар 850-годдзя горада і інш.

Літаратурнае жыццё. У 15—16 ст. у Гродна ствараліся рукапісныя кнігі («Трыёдзь», 1466; Евангеллі), пашыраліся афарызмы і казанні К.Бекеша, які тут жыў. У 16—17 ст. развівалася дзелавое пісьменства на бел. мове — від тагачаснай публіцыстычнай л-ры, распаўсюджваліся ў рукапісах бел. літ. песні, польскамоўная барочная паэзія. З 2-й пал. 17 ст. ствараліся школьныя драмы (У.​Нарэвіч, К.​Гаршвіла, В.​Нармунт, М.​Сіповіч, С.​Макоўскі, Ф.​Ідвель), інтэрмедыі (Я.​Пылінскі; гл. Школьны тэатр); у калегіумах працавалі філосафы-публіцысты і перакладчыкі А.​Кярсніцкі, І.​Сцірпейка, Ф.​Андрушкевіч, І.​Ляхніцкі, Я.​Зноска, Ю.​Мышкоўскі, М.​Дамашэвіч, Б.​Мажэйка і інш. У 18 ст. з Гродна звязана творчасць польскіх паэтаў С.​Трамбецкага і Я.Ясінскага, байкапісца С.​Кубліцкага. У Гродзенскай друкарні выдаваліся кнігі паэта Ф.Карпінскага, польскія пераклады Вальтэра, Мальера. У Гродна нарадзіліся славісты Я.​Замыслоўскі і І.​Казлоўскі, публіцыст А.​Жышкевіч, паэт Л.​Найдус, вучыўся паэт І.Легатовіч, працаваў публіцыст і літ.-знавец Я.​Фалькоўскі, жылі паэт-рамантык Т.Зан, пісьменніца і перакладчыца В.​Касцялкоўская-Зындрам, бывалі паэты Ю.Нямцэвіч, В.Каратынскі (1862). У 1861 К.Каліноўскі і В.Урублеўскі стварылі тут рэв.-дэмакр. арг-цыю, у якую ўваходзіў паэт Ф.​Ражанскі. У 1869—1910 у Гродна жыла Э.​Ажэшка, стварыла тут свае найб. значныя творы. Да яе прыязджалі М.Канапніцая, У.Рэймант, Я.Карловіч, часта бываў Ф.Багушэвіч. Этнограф і фалькларыст Е.Раманаў, які працаваў у Гродна ў 1890-я г., апублікаваў у «Гродненских губернских ведомостях» (1894, №71) адну з першых рэцэнзій на зб. Багушэвіча «Дудка беларуская». У 1867—73 тут працаваў М.А.Дзмітрыеў. У Гродна ў 1892—96 праходзіла дзяцінства М.Багдановіча. Яго бацька А.Я.Багдановіч друкаваўся ў гродзенскай прэсе, маці дэбютавала як празаік. У 1896 у Гродна выдадзена паэма «Тарас на Парнасе». У канцы 19 — пач. 20 ст. выйшлі літ.-знаўчыя работы мясц. аўтараў А.​Турчыновіча і І.​Астравумава, кнігі гісторыка і краязнаўца Я.Арлоўскага. Працавалі т-вы літ.-муз. (1883—1904), пед. (1907—14, мела гісторыка-філал. секцыю) і аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14). У Гродна нарадзіліся бел. і лат. пісьменнік і перакладчык У.Пігулеўскі, польскі філолаг М.Аляхновіч; у гар. гімназіях вучыліся пісьменніца З.Верас, філолаг К.Пушкарэвіч, публіцыст А.Бергман (нарадзілася ў Гродна). У 1918—20 тут у гімназіі выкладаў С.Рак-Міхайлоўскі. У 1909—14 працаваў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які выдаў літ. альманах «Колас беларускай нівы» (1913). У 1919—21 пад кіраўніцтвам П.Мядзёлкі драм. гурток Грамады бел. моладзі перакладаў для сваіх пастановак п’есы рус. аўтараў, прапагандаваў бел. паэзію. У 1920—30-я г. дзейнічала польскае т-ва сяброў л-ры і мастацтва імя Э.​Ажэшкі. З Гродна звязана творчая дзейнасць Л.Родзевіча, польскай пісьменніцы З.Налкоўскай, у 1930-я г. — Б.Тарашкевіча, П.Пестрака, І.Дварчаніна, В.Таўлая, у 1930—33 тут жыў бел. паэт С.Крывец. У пасляваен. час у горадзе жылі пісьменнікі М.Васілёк, А.Міронаў, А.Астрэйка, З.Бандарына (нарадзілася ў Гродна), М.Дуброўскі, В.Тарас, А.Цяжкі, А.Макаёнак (напісаў тут свае першыя гумарэскі і п’есы). У Гродзенскім пед. ін-це вучыліся пісьменнікі А.Карпюк, М.Грынчык, У.Дадзіёмаў, П.Макаль, Ф.Янкоўскі, Г.Юрчанка, Д.Бічэль-Загнетава, філолагі П.Сцяцко і І.Лепешаў. З Гродна звязана творчае станаўленне пісьменнікаў П.Місько, В.Блакіта, В.Іпатавай. У 1947—49 і 1955—78 у Гродна жыў і працаваў В.Быкаў. Тут адбыўся яго літ. дэбют (1949), напісаны многія аповесці пра Вял. Айч. вайну, якія прынеслі аўтару сусв. вядомасць. У 1960-я г. ў горадзе штогод праходзіў абл. літ. семінар. У 1960—70-я г. Гродна наведалі дэлегацыі рус., літ., узб., арм. і тадж. пісьменнікаў, у 1980-я г. — рус., літ., эст., у 1988 — польскіх. З 1946 дзейнічае аддзяленне (з 1964 абласное) Саюза бел. пісьменнікаў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У канцы 18 ст. дзейнічала Гродзенская друкарня (каралеўская), якая акрамя разнастайнай кніжнай, інфармацыйна-юрыд. і рэкламнай прадукцыі друкавала перыядычныя выданні: «Gazeta Grodzieńska» («Газэта Гродзеньска», 1776—83, першая на тэр. сучаснай Беларусі), «Wiadomości Grodzieńskie» («Вядомосьці Гродзеньске», «Гродзенскія ведамасці», 1792), «Kurier Litewski» («Кур’ер Літэвскі», «Літоўскі веснік», 1796—97), штогоднік «Kalendarz Gospodarski...» («Гаспадарчы каляндар...», 1776—1800). У пач. 19 ст. ў Гродна з’явіліся прыватныя друкарні (у сярэдзіне 1860-х г. іх было 5, у 1915—10). У 1820—1915 дзейнічала Гродзенская губернская друкарня, якая акрамя матэрыялаў урадавых і губ. органаў друкавала час. «Ondyna druskienickich źródeł» («Андына», 1844—46), даведнікі-штогоднікі «Памятная кніжка Гродзенскай губерні» (1857—1915) і «Агляд Гродзенскай губерні» (1880—1914); газеты «Гродненские губернские ведомости» (1838—1915), «Торговый вестник Западного края» (1822) і інш. У 1905—06 група рэвалюцыйна настроеных навучэнцаў выдавала час. «Школа», Гродзенская ваен.-рэв. арг-цыя РСДРП — газ. «Солдатская воля» (1906). Выдаваліся газеты ліберальна-дэмакр. кірунку «Гродненские отголоски» (1905) і «Голос Гродны» (1906), «Гродненская копейка» (1912), «Гродненское эхо» (1914). У пач. 1910-х г. выдаваліся газ. «Наше утро» (1912—15), «Северо-Западная жизнь» (1912—13), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—14; з 1992), «Педагогическое дело» (1911—14), альманах «Колас беларускай нівы» (1913). З вер. 1915 да 1919, калі горад быў акупіраваны герм. войскамі, выходзілі польскія і ням. газеты «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), «Grodnoer Zeitung» («Гродзенская газета»), «Zeitung des Grodnoer Soldatenrates» («Газета Гродзенскага салдацкага Савета»). У 1919 у час акупацыі горада польскімі войскамі выходзілі газеты рознай паліт. арыентацыі: «Набат», «Зорка», «Беларусь», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Родны край», «Dziennik Grodzieński» («Гродзенскі дзённік», замест закрытай уладамі газ. «Echo», «Рэха»); гандлёвы час. «Голас Гродны». У 1920-я г. выдаваліся штодзённыя газ. «Беларускае слова» (1920—21), «Echo Grodzieńskie» («Гродзенскае рэха», 1920), «Беларускі шлях» (1922), «Сялянская гутарка» (1923), газеты-аднадзёнкі «Выстрал» і «Гудок» (1924). У 1927 бел. т-ва «Аб’яднанне» выдавала штодзённую газ. «Беларуская доля». У 1930—32 выходзіў штотыднёвы грамадска-літ. і с.-г. час. «Беларуская думка». Найб. радыкальнай у 1920—30-я г. была штотыднёвая газ. «Postęp» («Прагрэс»), якая вяла барацьбу за сац. справядлівасць і дэмакратыю. Большасць газет гэтага часу — афіц. выданні, якія былі рупарам урадавых колаў: «Dziennik kresowy» («Газета ўскраіны»), «Przegląd Kresowy» («Ускраінны агляд»), «Nowe źycie» («Новае жыццё») і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна ў 1939—41 выходзіла грамадска-паліт. газ. «Свабодная Беларусь» (на бел. і рус. мовах). У 1944 падпольна друкавалася антыфаш. выданне «За Советскую Родину».

Выдаюцца газеты «Гродзенская праўда» (з 1939, абласная, мяняла назвы), «Сельская навіна» (з 1939, раённая, мяняла назвы), «Glos znad Niemna» («Глос з-над Немна», «Голас з-над Нёмана», з 1989), «Молодёжный курьер» (з 1991) і інш., з 1994 выходзіць час. «Свіцязь». Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў (з 1958). Радыёвяшчанне з 1944. Абл. студыя тэлебачання з 1968.

Мастацкае жыццё. Гродна здаўна было цэнтрам ювелірнага, ткацкага, ганчарнага і інш. рамёстваў. Гродзенскія майстры на высокім узроўні выконвалі дэкар. аздабленне сваіх вырабаў ужо ў канцы 11—12 ст. З 14 ст. выраблялі гродзенскую кафлю; у 16—17 ст. Гродна — буйны цэнтр кавальства і маст. ліцця, у 18 ст. — вытв-сці маст. вырабаў. На гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах атрымалі развіццё маст. промыслы: Гродзенскае шкло, Гродзенскае ткацтва, Гродзенскія дываны, Гродзенскія паясы. Замалёўкі Гродна 16 ст. пакінулі мастакі Г.​Адэльгаўзер, М.​Цюнт. У 17 ст. тут працавалі жывапісцы Ф.​Лякштыцкі, Г.Хаецкі. Мясц. майстры зрабілі разны шматфігурны алтар у касцёле Гродзенскага кляштара езуітаў, аздобілі яго інтэр’ер скульптурай, фрэскамі, арх. пластыкай. Маст.-дэкар. аздабленне інтэр’ераў касцёла Гродзенскага кляштара бернардзінцаў належыць мастакам А.​Грушэцкаму і Ф.​Міхалкевічу. Пры ўдзеле мясц. мастакоў і рамеснікаў аздоблены інтэр’ер касцёла Гродзенскага кляштара францысканцаў, залы Гродзенскага Новага замка. У тэхніцы сграфіта выкананы дэкар. фрыз касцёла Гродзенскага кляштара брыгітак. У канцы 19 ст. мастак В.​Гразноў зрабіў замалёўкі фрэсак, якімі быў упрыгожаны алтар Гродзенскай Барысаглебскай царквы. У 1946 у Гродна створаны маст. майстэрні (з 1971 абл. арг-цыя Бел. саюза мастакоў). З 1967 дзейнічае Выставачная зала, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы па прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтваў. У Гродна адбыліся персанальныя выстаўкі бел. мастакоў В.​Галубкінай, А.​Гаршкавоза, У.​Голуба, А.​Захарава, А.​Коха, А.​Кузняцова, Г.​Мазурава, У.​Мурахвера, Л.​Мягковай, Л.​Налівайкі, М.​Плужніка, І.​Пушкова, К.​Пятрова, В.​Савіцкага, А.​Салятыцкага, У.​Сушкевіча, У.​Церабуна, В.​Шчарбакова і інш. Сярод тэматычных выставак: «Зямля і людзі», да 850-годдзя Гродна (1978), «Малююць дзеці», мастакоў шклозавода «Нёман», «Песня пра зубра» (усе 1983), «Нёманскі край» (1990), «Творчасць маладых» (1993), «Акварэлі мастакоў Ліды» (1996) і інш.

Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё звязаны з дзейнасцю Гродзенскага школьнага тэатра (16 ст.). У 1780-я г. ў Гродна пабудавана памяшканне т-ра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ім выступалі пастаянныя і вандроўныя польскія трупы. У рэпертуары былі камічныя оперы, камедыі, творы замежных («Паштальён з Ланжумо» А.​Адана, «Фра-Д’ябала» Ф.​Абера, «Папялушка» Н.​Ізуара, «Тарцюф» Мальера, «Гамлет» і «Макбет» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне» і «Разбойнікі» Ф.​Шылера, «Эмілія Галоці» Г.​Э.​Лесінга) і польскіх («Апошняя варшаўская латарэя» С.​Манюшкі, «Вяртанне пасла» Ю.​Нямцэвіча, «Генрых VI на паляванні» і «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» В.​Багуслаўскага, «Помста» і «Муж і жонка» А.​Фрэдры) аўтараў. Працаваў Гродзенскі тэатр Дэшнер. З пач. 19 ст. пашыраны аматарскі т-р. У 1883 арганізавана Літ.-муз. т-ва (узначальваў К.​Дабравольскі), якое наладжвала канцэрты і драм. спектаклі, літ. чытанні і муз. вечары. З 2-й пал. 19 ст. вядучае месца ў тэатр. жыцці горада належала рус. тэатр. калектывам; працавалі антрэпрызы П.​Паўлава, В.​Дарашэнкі, А.​Даніловіча, Л.​Нікольскага, М.​Агарова; т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.​Шчарбакова (у складзе трупы П.​Арленеў), Н.​Арбеніна (у складзе трупы В.​Стрэльская, К.​Варламаў, М.​Ходатаў), П.​Ленскага, Г.​Фядотавай, М.​Савінай і інш. У рэпертуары т-раў пераважалі вадэвілі, камедыі, меладрамы, п’есы А.​Астроўскага, А.​К.​Талстога, Л.​Талстога, А.​Сухаво-Кабыліна, А.​Чэхава. У 1907—14 дзейнічала Гродзенскае т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза». 19.2.1910 адбыўся першы спектакль на бел. мове «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага ў пастаноўцы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Бел. вечарыны (са спектаклямі, маст. чытаннем, спевамі) наладжвалі ў Гродна і навакольных вёсках і мястэчках удзельнікі гэтага гуртка ў 1910—13, а ў 1919—21 — Гродзенскага драм. гуртка Грамады бел. моладзі. Тэатр. жыццё горада з 1860-х г. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Гродненские губернские ведомости». У 1926—29 у Гродна (і Вільні) працаваў польскі т-р Ю.​Астэрвы «Рэдута». У 1920—30-я г. дзейнічаў мясц. польскі т-р, у 1934—38 — польскі т-р імя Э.​Ажэшкі. У 1940—41 у Гродна працавалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР пад кіраўніцтвам А.​Венгеркі і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР пад кіраўніцтвам У.​Ярэмы. У 1945—47 у Гродна знаходзіўся рус. драм. т-р БССР (гл. Дзяржаўны акадэмічны драматычны рускі тэатр Беларусі). З 1947 цэнтрам тэатр. жыцця стаў Гродзенскі абласны драматычны рускі тэатр. У 1980 створаны Гродзенскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць самадз. калектывы. У горадзе гастраліруюць т-ры з Беларусі і інш. краін. Праходзілі фестывалі: 3-і рэсп. т-раў лялек (1968), аматараў т-раў Прыбалтыкі і Беларусі «Рампа дружбы» (1988), 2-і Бел. тэатральны (1989).

Музычнае жыццё. Найб. раннія звесткі пра муз. культуру Гродна адносяць да 12 ст., часу, якім датуюцца археал. знаходкі на тэр. горада: калок ад струннага муз. інструмента і фрагмент звона, а таксама ўпамінанне пра «трубы гарадзенскія» ў «Слове пра паход Ігараў». У 1543 у Гродна засн. адзін са старэйшых арк. калектываў на тэр. Беларусі, т.зв. «Літоўская капэла». З канца 16 ст. цэнтрам муз. культуры стала правасл. брацтва. Музыка займала значнае месца ў спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (1650—1754). Зберагліся праграмы спектакляў, з якіх відаць, што пастаноўкі 1720-х г. уключалі інстр., вак. (сольныя і харавыя) і танц. нумары. У 1730 існавала «касцельная музыка», якая абслугоўвала богаслужэнні і свецкія мерапрыемствы. У 1730—90-я г. значнае месца ў муз. жыцці горада займалі інстр. і вак.-інстр. капэлы, у т. л. Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Гродзенская капэла Тызенгаўза і інш. Асабліва вылучаліся выглядам і рэзкім гучаннем янычарскія капэлы, у т. л. капэла янычарскай харугвы ВКЛ (1768) і інш. У 18 ст. разам з аркестравым развівалася і сольнае выканальніцтва. Тут працаваў арганіст, арганны і фартэпіянны майстар Ю.​Рудзінскі, выступалі спявачкі і піяністкі-аматаркі У.​Тарноўская, Грабоўская і інш. Вял. аматарам музыкі быў А.​Тызенгаўз (напісаў месу і, магчыма, кантату, меў вял. калекцыю струнных муз. інструментаў). У 1795 у Гродна выступаў рагавы аркестр, да гэтага часу належаць і найб. раннія звесткі пра існаванне на Беларусі балалайкі і гармоніка. У 19 ст. цэнтрамі муз. жыцця былі муз. навуч. ўстановы — пансіён Фінжана і ўзорны пансіён; у 1840-я г. аркестрам гімназіі кіраваў І.Дабравольскі. Тут пачынала кар’еру Т.Юзафовіч-Бароўская, працаваў І.Глінскі. У 1883 у Гродна створана літ.-муз. т-ва, гастраліравалі рус. і інш. буйныя музыканты (В.​Давыдава, Есіпава, С.​Рахманінаў і інш.). Значнае ажыўленне ў муз. жыцці выклікалі пастаноўкі муз.-сцэн. твораў С.Манюшкі: у 1841 пастаўлены вадэвіль «Апошняя варшаўская латарэя» Ф.​Корвін-Мілеўскага на муз. Манюшкі, у 1856, 1861 і ў 1870-я г. ішла яго опера «Галька». У 1905 у Гродна існавалі 3 «хары духавой музыкі» (аркестры пажарнікаў і 2 ваенныя). У 1907—14 працавала аматарскае т-ва муз. і драм. мастацтва «Муза». Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна пабывала брыгада бел. кампазітараў у складзе М.​Аладава, С.​Палонскага, П.​Падкавырава, Дз.​Лукаса. Яна праводзіла тут сходы, рэгістрацыю муз. работнікаў, садзейнічала стварэнню. муз. школы, канцэртнага і духавога аркестраў, арганізацыі муз. аддзела. У 1939 у Гродна засн. пед. вучылішча з дысцыплінай муз. выхаванне (з 1956 муз.-пед., у 1966 створана муз. аддзяленне, у 1969 на яго аснове адкрыта муз. вучылішча). Кафедра музыкі і спеваў існавала ў пед. ін-це (да 1978). З 1944 тут працаваў бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы, рэарганізаваны ў 1950 у Дзярж. хор БССР (з 1952 у Мінску; гл. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь). Арганізацыяй канцэртнай дзейнасці з 1975 займалася гастрольна-канцэртнае аддзяленне Бел. філармоніі, у 1987 створана Гродзенская абласная філармонія, у 1992 — «Гродзенская капэла». У 1997 у Гродна працуюць: муз. і муз.-пед. вучылішчы, 2 муз. школы. Развіта муз. самадзейнасць; больш як 20 муз. і харэагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных.

Літ.:

Кудряшев В.И. Гродно. М., 1960;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобл. Мн., 1986;

Гродно: Энцикл. справ. Мн., 1989;

Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. Мн., 1996.

А.​П.​Госцеў (гісторыя), В.​В.​Швед (гаспадарка), М.​І.​Ліс (асвета і культура), А.​М.​Пяткевіч (літ. жыццё), Т.​А.​Меляшкевіч (друк), Л.​Дз.​Налівайка (маст. жыццё), Дз.​У.​Стэльмах (тэатр. жыццё).

Панарама Гродна.
Панарама Гродна з боку Нёмана.

т. 5, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́Я, Расійская Федэрацыя,

дзяржава ва Усх. Еўропе і Паўн. Азіі. На ПнЗ мяжуе з Нарвегіяй і Фінляндыяй, на З з Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Беларуссю, на ПдЗ з Украінай, на Пд з Грузіяй, Азербайджанам, Казахстанам, на ПдУ з Кітаем, Манголіяй і КНДР. На Пн абмываецца водамі Паўн. Ледавітага ак. (Баранцава, Белае, Карскае, Лапцевых, Усх.-Сібірскае і Чукоцкае моры), на У — Ціхага ак. (Берынгава, Ахоцкае і Японскае моры), на З і ПдЗ — Атлантычнага ак. (Балтыйскае, Чорнае і Азоўскае моры). Працягласць сухапутных граніц 20,3 тыс. км, марскіх — каля 38 тыс. км. Пл. 17 075,4 тыс. км² (найбуйнейшая краіна свету). Нас. 145 561 тыс. чал. (2000; 6-е месца ў свеце). Дзярж. мова — руская. Сталіца — г. Масква. Падзяляецца на 89 суб’ектаў федэрацыі, у т. л. 21 рэспубліку, 10 аўт. акруг, 1 аўт. вобласць, 6 краёў, 49 абласцей, гарады федэральнага значэння Масква і С.-Пецярбург (гл. табл., а таксама асобны арт. пра кожны суб’ект). Усе 89 суб’ектаў згрупаваны ў 7 федэральных акруг (Далёкаўсходнюю, Паўднёвую, Прыволжскую, Паўн.-Заходнюю, Сібірскую, Уральскую, Цэнтральную). Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 чэрв.). На тэр. Р. 11 гадзінных паясоў.

Дзяржаўны лад. Р. — дэмакр. федэратыўная прававая дзяржава з рэсп. формай праўлення. Дзейнічае Канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад. Старшыню ўрада назначае прэзідэнт са згоды Дзярж. думы. Прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны Федэральны Сход (Савет Федэрацыі і Дзярж. дума). У Савет Федэрацыі ўваходзяць па 2 прадстаўнікі ад кожнага суб’екта федэрацыі: па аднаму ад прадстаўнічага і выканаўчага органаў дзярж. улады. Дзярж. дума складаецца з 450 дэпутатаў, палавіна якіх выбіраецца па аднамандатных акругах, другая палавіна — па парт. спісах на аснове прапарцыянальнай сістэмы прадстаўніцтва. Рэспублікі, якія ўваходзяць у склад Рас. Федэрацыі, маюць уласныя канстытуцыі і органы заканад. і выканаўчай улады.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На З Усх.-Еўрапейская раўніна, у межах якой чаргуюцца невысокія (да 250—500 м) узвышшы (Валдайскае, Сярэднярускае, Прыволжскае, Ціманскі краж) і нізіны (Окска-Данская, Прыкаспійская, ч. якой на 28 м ніжэй узр. м.). На Пн і ПнЗ раўніны знаходзяцца горы Хібіны і ўзвышшы Карэліі, на Пд Каўказскія горы (найвышэйшы пункт Р. г. Эльбрус, 5642 м), на У Уральскія горы (выш. да 1895 м, г. Нарадная). На У ад Урала Зах.-Сібірская раўніна. Паміж рэкамі Енісей і Лена — Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн акаймоўвае плато Путарана (выш. да 1701 м). На п-ве Таймыр горы Быранга і Паўн.-Сібірская нізіна. На Пд і У ад Сярэднесібірскага пласкагор’я пераважаюць горныя вобласці паўд. і паўн.-ўсх. Сібіры і Д. Усходу: Алтай (выш. да 4506 м, г. Бялуха), Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саян, хрыбты Перадбайкалля і Забайкалля, горы Тывы, хрыбты Станавы, Верхаянскі, Чэрскага, Бурэінскі і Джугджур, Каракскае нагор’е, горы Сіхатэ-Алінь, Камчаткі (выш. да 4750 м, вулкан Ключаўская Сопка). Большую ч. Р. займаюць Усх.-Еўрап. і Сібірская платформы, Зах.-Сібірская пліта. У іх будове вылучаюць ніжнюю ч., прадстаўленую ў асн. крышт. і метамарфічнымі дакембрыйскімі пародамі, і верхнюю, складзеную з палеазойскіх і мезазойскіх асадкавых парод. У межах Балтыйскага і Алданскага шчытоў і Анабарскага падняцця пароды дакембрыю выходзяць на паверхню. Шырока распаўсюджаны горныя складкавыя сістэмы — каледонскай (Саяны, Кузнецкі Алатау, горы Тывы), герцынскай (Урал, Алтай), кімерыйскай (Сіхатэ-Алінь, горы ПнУ Сібіры), альпійскай (Каўказ, горы Камчаткі, Сахаліна, ПнУ Сібіры) складкавасцей. Значная ч. тэр. Р. сейсмічная. Землетрасенні сілай да 8 балаў бываюць на Камчатцы, Сахаліне, Курыльскіх а-вах, у Перадбайкаллі і Забайкаллі, на Пд Алтая, у перадгор’ях Каўказа. На Камчатцы актыўная вулканічная дзейнасць. Р. поўнасцю забяспечана амаль усімі відамі мінер. сыравіны. На яе тэр. сканцэнтравана больш за палавіну сусв. запасаў вугалю і торфу, ​1/3 нафты і прыроднага газу, ​2/5 жал. руд і калійных солей, ​1/4 фасфарытаў і апатытаў. 90% паліўна-энергет. рэсурсаў Р. знаходзяцца ў яе паўн. і ўсх. частках. ​2/3 запасаў нафты і газу прыпадае на Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Радовішчы нафты і газу ёсць таксама ў Паволжы, на Урале (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), Паўн. Каўказе, Сахаліне. Асн. запасы каменнага вугалю ў Кузнецкім вугальным басейне, усх. ч. Данецкага вугальнага басейна, Пячорскім вугальным басейне, Ленскім вугальным басейне, Тунгускім вугальным басейне і інш Буры вугаль у Падмаскоўным вугальным басейне, Канска-Ачынскім вугальным басейне, Алданскім. Кізелаўскім і інш. басейнах. Каля 75% запасаў торфу прыпадае на Зах. Сібір і Урал. Запасы гаручых сланцаў у Паўн.-Зах. раёне і Паволжы. Агульныя балансавыя запасы жал. руды 65 млрд. т, у т. л. больш за 30 млрд. т — багатыя руды, якія маюць у сабе да 50% і больш жалеза. Асн. запасы прымеркаваны да Курскай магнітнай анамаліі. Жал. руды залягаюць таксама на Кольскім п-ве, Урале, у Карэліі, Горнай Шорыі, ніжнім цячэнні Ангары, Забайкаллі, на Д. Усходзе і інш. Р. багатая запасамі руд каляровых металаў. Руды, як правіла, комплексныя, маюць у сабе золата, серабро, цынк. кобальт і інш. элементы. Медныя руды — на Урале, у Чыцінскай вобл. і Краснаярскім краі, свінцова-цынкавыя — у Кузбасе, Забайкаллі, на Д. Усходзе. Для вытв-сці алюмінію ёсць буйныя паклады баксітаў на Урале, у Ленінградскай і Архангельскай абласцях, нефелінаў — у Кемераўскай вобл. і Краснаярскім краі. Асн. запасы золата — у Саха (Якуція), Магаданскай вобл., на Д. Усходзе, Урале, Алтаі і Іркуцкай вобл. Ёсць вял. паклады апатытаў (Хібіны), фасфарытаў (Кіраўская вобл.), каменнай солі (Усх. Сібір, Арэнбургская вобл., азёры Эльтон і Баскунчак), слюды [Іркуцкая вобл., Карэлія, Саха (Якуція)], азбесту (Урал), алмазаў Саха (Якуція), Урал], разнастайная сыравіна для вытв-сці буд. матэрыялаў і інш. Р. размешчана ў арктычным, субарктычным, умераным і субтрапічным паясах. У арктычным поясе, які ахоплівае большую ч. астравоў Паўн. Ледавітага ак., пануе халоднае арктычнае паветра. Т-ра ліп. каля 0 °C (пры адмоўнай сярэднегадавой т-ры). Субарктычны пояс распасціраецца да Паўн. палярнага круга ў еўрап. частцы і да 60° паўн. ш. ў азіяцкай частцы краіны. Сярэднія т-ры ліп. ад 5 да 12 °C, ападкаў 200—400 мм за год. Большая ч. Р. размешчана ва ўмераным поясе, дзе клімат зменьваецца ад умерана кантынентальнага на З да рэзка кантынентальнага на У, на Пд Д. Усходу — умераны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 °C у Перадкаўказзі да -50 °C на У Сібіры, дзе ў раёне Верхаянска—Аймякона зафіксавана самая нізкая т-ра ў Еўразіі -72,2 °C. Т-ра ліп. ад 12 °C на Пн зоны да 25 °C на Пд і ў перадгор’ях Каўказа. Ападкаў выпадае ад 600—650 мм за год на З да 400—450 мм на У. Мінім. колькасць ападкаў прыпадае на паўпустынныя раёны Прыкаспійскай нізіны (каля 170 мм), макс. — на горныя раёны Каўказа (да 3200 мм) і Пд Д. Усходу (да 2000 мм). Суровы клімат і маласнежныя зімы — прычына фарміравання ў раёнах Сібіры і Д. Усходу вечнай мерзлаты. Невял. паласа на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа (ад Туапсэ да Адлера) мае субтрапічны клімат. На тэр. Р. густая рачная сетка — каля 120 тыс. рэк з даўж. больш за 10 км і агульнай працягласцю 2,3 млн. км. Большасць рэк належаць да бас. Паўн. Ледавітага ак — Паўн. Дзвіна, Пячора, Об з Іртышом, Енісей, Хатанга, Алянёк, Лена, Індыгірка, Калыма і інш. (пл. вадазбору 12,8 млн. км², 75% тэр. Р.); да бас. Ціхага ак. — Амур, Анадыр, Пенжына і інш.; Атлантычнага ак. — Нява, Дон, Кубань; да бяссцёкавага Каспійскага м. — Волга, Урал, Церак. Жыўленне рэк пераважна снегавое і дажджавое. Ледастаў ад 1—2 месяцаў на Пд да 8 месяцаў у Сібіры. Рэкі багатыя гідраэнергіяй (гідраэнергет. патэнцыял 340 млн. кВт), выкарыстоўваюцца для суднаходства і арашэння. Азёр каля 2 млн., пераважна на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны і ў Зах. Сібіры. Найб. азёры: Каспійскае, Байкал (самае глыбокае на Зямлі — 1640 м), Ладажскае, Анежскае, Таймыр, Ханка і інш. Буйныя вадасховішчы: Куйбышаўскае, Брацкае, Рыбінскае, Валгаградскае, Цымлянскае, Зейскае, Краснаярскае, Усць-Ілімскае і інш. Глебы і расліннасць на раўнінах падпарадкаваны шыротнай занальнасці, у гарах — вышыннай пояснасці. У зоне арктычных пустынь (астравы Паўн. Ледавітага ак. і паўн. ч. ўзбярэжжа Таймыра) прымітыўныя арктычныя глебы заняты перарывістым покрывам з лішайнікаў і імхоў. У зоне тундры з глеевымі глебамі акрамя імхоў і лішайнікаў трапляюцца нізкарослыя хмызнячкі (карлікавая бяроза, вярба). Для лесатундравай зоны характэрна чаргаванне мохавых, лішайнікавых і хмызнячковых тундраў з рэдкалессем з бярозы, елкі, а ў Сібіры — лістоўніцы. Тут пераважаюць тундравыя глеевыя, слабападзолістыя глебы. Каля 65% тэр. Р. прыпадае на лясную зону, якая падзяляецца на падзоны цемнахвойнай тайгі на З і лістоўнічнай на У на падзолістых глебах, мяшаных хвойна-шыракалістых лясоў на дзярнова-падзолістых глебах у сярэдняй паласе Усх.-Еўрап. раўніны і на Пд Д. Усходу і далей на Пд шыракалістых лясоў. На Пд Д. Усходу мяшаныя лясы ўключаюць элементы маньчжурскай флоры (ільм, амурскі аксаміт, карэйскі кедр, ліяны і інш.). Агульныя запасы драўніны Р. 80,7 млрд. м³ — палавіна запасаў драўніны на Зямлі. На Пд лясная зона пераходзіць у лесастэпавую і стэпавую зоны з шэрымі ляснымі і чарназёмнымі глебамі, з разнатраўна-злакавай і злакавай расліннасцю, у лесастэпе з астраўкамі дуброў у еўрап. ч. і бярозава-асінавых колкаў на Пд Зах. Сібіры. На ПдУ Усх.-Еўрап. раўніны — паўпустынная зона з разрэджаным расл. покрывам з палыну, салянак, стэпавых злакаў на светла-каштанавых і бурых глебах. У горных абласцях вышынная пояснасць розных тыпаў, якая найб. выразная ў гарах Каўказа і Алтая. Жывёльны свет вельмі разнастайны. На палярных астравах і ў морах Паўн. Ледавітага ак. жывуць белы мядзведзь, цюлень, морж, з птушак — чысцікі, люрыкі, гагі і інш. У тундры водзяцца пясец, паўн. алень, лемінг, палярная сава, белая курапатка і інш. Для лясной зоны характэрны лось, буры мядзведзь, рысь, расамаха, вавёрка, бурундук, лісіца; у лясах Сібіры — собаль, марал, кабарга; на Д. Усходзе — усурыйскія тыгр і мядзведзь, янотападобны сабака; на астравах Ціхага ак. — лежбішчы марскіх коцікаў; з птушак — цецярук, глушэц, рабчык, крыжадзюб, сініца і інш. У лесастэпавай і стэпавай зонах пераважаюць грызуны — суслікі, тушканчыкі, хамякі, суркі, з птушак — драфа, арол, стрэпет і інш. Моры, што акружаюць Р., багатыя рыбай (траска, селядзец, камбала, палтус, скумбрыя, асятровыя, ласасёвыя і інш.). У Р. ахоўваемыя тэр. займаюць каля 2,5% плошчы. У краіне 99 запаведнікаў агульнай пл. 35,8 млн. га. Найб. вядомыя: Алтайскі, Астраханскі запаведнік, Баргузінскі запаведнік, Варонежскі запаведнік, Каўказскі запаведнік, Прыокска-тэрасны запаведнік, Пячора-Ілыцкі запаведнік і інш. Створаны 34 нац. паркі агульнай пл. 6,6 млн. га (1999).

Насельніцтва. Р. — шматнацыянальная краіна, дзе пражывае больш за 100 нацыянальнасцей і народнасцей, у т. л. рускія складаюць 83%, татары — 3,8, украінцы — 2,4, чувашы — 1,2, башкіры — 0,9, беларусы — 0,7, мардва — 0,6, немцы — 0,5, удмурты — 0,5, армяне — 0,5, аварцы — 0,4, марыйцы — 0,4% і інш. (паводле мікраперапісу і бягучага ўліку насельніцтва, 1999). Асн. нац. меншасці ўтвараюць рэспублікі, аўт. акругі і аўт. вобласць. Рэлігія большасці насельніцтва — праваслаўнае хрысціянства. Ёсць прадстаўнікі ісламу, будызму, каталіцызму, іудаізму і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,5 чал. на 1 км², найб. ў Падмаскоўі (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — у паўн. і паўн.-ўсх. раёнах Сібіры (0,1 чал. на 1 км²). Больш за 75 усяго насельніцтва пражывае ў еўрап. ч. (укл. Урал). Для Р. характэрна зніжэнне колькасці насельніцтва. Натуральны прырост адзначаецца толькі ў рэспубліках Паўн. Каўказа і некат. раёнах Паволжа, Сальда міграцыі дадатнае, у 1999 у Р. прыбыло 367 тыс. чал., выбыла 215 тыс. чал. Гар. насельніцтва 73%. У Р. 1092 гарады і 1875 пасёлкаў гар тыпу (2000). Найб. гарады (тыс. ж., 2000): Масква —8537, С.-Пецярбург — 4694, Новасібірск — 1399, Ніжні Ноўгарад — 1357, Екацярынбург — 1266, Самара — 1156, Омск — 1149, Казань — 1100 і інш. Эканамічна актыўнае насельніцтва ў 1999 складала 69,7 млн. чал., занятае — 60,6 млн. чал. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы — 13,8, у буд-ве — 7,7, на транспарце — 6,3, у сувязі — 1,3, гандлі і грамадскім харчаванні — 14,9%.

Гісторыя. Першабытны чалавек пранік на еўрап. тэр. Р. з Закаўказзя ў раннім палеаліце; у сярэднім палеаліце (100—35 тыс. г. назад) паселішчы неандэртальцаў пашыраліся да нізоўяў Дона і Сярэдняга Паволжа. У познім палеаліце (35—10 тыс. г. назад), калі пачаў раставаць ледавік і ўсталёўваўся блізкі да сучаснага клімат, на тэр. Р. сталі пашырацца паселішчы людзей сучаснага тыпу (краманьёнцы). Удасканальвалася тэхніка вырабу каменных і касцяных прылад, пачалі фарміравацца мастацтва і рэлігія. Вынайдзеныя ў мезаліце (12—10—7—5 тыс. г. да н.э.) лук і стрэлы дазволілі людзям весці індывід. паляванне і ствараць запасы харчавання. У неаліце (7—6—2 тыс. да н.э.) пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўлі. Адбываўся працэс аб’яднання родаў у плямёны, з 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне плем. саюзаў. Вынікам пашырэння ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. апрацоўкі жалеза (акрамя паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў) стала рэзкае павышэнне прадукцыйнасці працы, узнікненне прыватнай уласнасці, паскарэнне распаду першабытнаабшчыннага ладу. Першыя дзярж. ўтварэнні на тэр. Р. ўзніклі ў 6—5 ст. да н.э. ў Паўн. Прычарнамор’і (грэч. калоніі Фанагорыя, Германаса на Таманскім п-ве, Баспорская дзяржава). Разлажэнне родаплем. ладу суправаджалася складваннем этн. супольнасцей, з якіх утварыліся некаторыя народнасці сучаснай Р. З 3—6 ст. н.э. пачалося рассяленне славян па Усх.-Еўрап. раўніне. Гэты працэс працягваўся і ў наступныя стагоддзі. Славяне паступова занялі пануючае становішча сярод мясц. этнасаў (балтаў, фіна-угорскіх, цюркскіх і інш.), некат. з іх цалкам асіміляваны. У 8—9 ст. на тэр. бас. рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Сож, Дзясна, каля вытокаў Волгі і на воз. Ільмень жыло да 15 усх.-слав. плем. саюзаў (у кожным да 10—12 плямён). Славяне спалучалі розныя віды гасп. дзейнасці пры дамінуючай ролі земляробства. У 9—10 ст упершыню ўпамінаюцца ў летапісах усх.-слав. гарады Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Ладага, Растоў, Смаленск і інш. Усх. славяне былі язычнікамі, пакланяліся божаствам, што ўвасаблялі сілы прыроды. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у 862 наўгародскія славене і крывічы пры ўдзеле варагаў стварылі вакол Ноўгарада буйны цэнтр стараж.-слав. дзяржаўнасці. У 882—885 наўгародскі кн. Алег падпарадкаваў сабе ўсх.-слав. плем. саюзы палян (цэнтр у Кіеве), драўлян, севяран, полацкіх крывічоў, да 907 — вяцічаў, дулебаў, ціверцаў. У выніку ўтварылася буйная раннефеад. манархічная дзяржава на чале з велікакняжацкай дынастыяй Рурыкавічаў і з цэнтрам у Кіеве — Кіеўская Русь (гл. таксама Русь). У 988 пры вял. кн. Уладзіміру Святаславічу [980—1015] афіц. рэлігіяй стала хрысціянства ўсх. абраду, пачалося выкараненне язычніцтва. Асаблівасць феадалізму на. Русі — адсутнасць класічнай формы васальна-сеньярыяльных адносін. У ролі гал. землеўладальніка выступала дзяржава. Кіеўская Русь была нетрывалым ваен.-паліт. аб’яднаннем. Пад уплывам моцных цэнтрабежных тэндэнцый у сярэдзіне 11 ст. пачаўся яе распад на асобныя княствы і землі, які канчаткова адбыўся пасля смерці вял. кн. Мсціслава Уладзіміравіча [1125—32]. Настаў перыяд т.зв. феад. раздробленасці (пач. 12 — пач. 16 ст.), калі цэнтр гаспадарчага, паліт. і культ. жыцця перамясціўся ў вотчыны. З княстваў і зямель, што ўтварыліся на месцы Кіеўскай дзяржавы, на тэр. Р. знаходзіліся Уладзіміра-Суздальскае княства, Разанскае княства, Смаленскае княства (акрамя зах. ч.), б.ч. Чарнігаўскага княства (без Чарнігава), Наўгародская феадальная рэспубліка, Пскоўская феадальная рэспубліка, асобныя часткі інш. княстваў і зямель. Працэс драбнення княстваў працягваўся і ў 13—14 ст. Буйныя княствы (наз. «вялікімі») падзяляліся на ўдзельныя, залежнасць якіх ад вял. князя рабілася ўсё больш намінальнай. Некат. ўдзельныя княствы (Маскоўскае, Цвярское) з цягам часу сталі «вялікімі». Паліт. раздробленасць Русі спрыяла эканам. і культ. развіццю асобных зямель, але аслабіла яе абараназдольнасць. Паміж княствамі і землямі вяліся амаль няспынныя войны. У выніку мангола-тат. нашэсця 1237—40 (гл. Мангольскія заваяванні) о.ч. Русі трапіла пад уладу Залатой Арды (гл. Мангола-татарская няволя на Русі), што надоўга затрымала яе эканам., сац., культ. і паліт. развіццё. Неабходнасць выплаты Ардзе вял. даніны (гл. Ясак) абумовіла ўзмацненне ролі княжацкай улады. Перамогі наўгародцаў на чале з кн. Аляксандрам Неўскім над шведамі ў Неўскай бітве 1240 і над ням. крыжакамі ў Лядовым пабоішчы 1242 надоўга спынілі іх агрэсію на У і захавалі за Руссю выхад да Балт. мора. У 14 ст. акрэсліліся тэндэнцыі да пераадолення раздробленасці і паліт. аб’яднання ўсх. славян. На ПнУ Р. гэты працэс узначаліла Маскоўскае вялікае княства, на З — Вял. княства Літоўскае (ВКЛ), якое часам называлі «другой Руссю». У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. пры вял. кн. літ. Альгердзе і Вітаўце мірным і ваен. шляхамі да ВКЛ далучаны Смаленшчына, Браншчына, Севершчына, Курска-Белгародскі рэгіён, вярхоўі рэк Ака, Зах. Дзвіна, Волга, якія раней належалі Вял. княству Уладзімірскаму. За Уладзімірскі велікакняжацкі прастол вялі ўпартую барацьбу з цвярскімі і ніжагародска-суздальскімі князямі маскоўскія вял. князі, якія дамагаліся «вяртання» б. уладзімірскіх зямель, што адышлі да ВКЛ. Да канца 15 ст. асн. задачамі маскоўскіх князёў былі: дасягненне паліт. гегемоніі ў Паўн.-Усх. Русі і вызваленне ад мангола-тат. няволі (пачатак пакладзены разгромам вял. кн. Дзмітрыем Іванавічам Данскім правіцеля Залатой Арды Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380). Гэтыя задачы ў значным аб’ёме выкананы пры вял. кн. Іване III [1462—1505], які далучыў да маскоўскіх уладанняў Наўгародскую зямлю (1478) і Цвярское княства (1485), канчаткова скінуў мангола-тат. няволю ў выніку «стаяння на Угры» 1480. Аб’яднанне Паўн.-Усх. Русі вакол Масквы завяршыў вял. кн. Васіль III [1505—33], які далучыў да Маскоўскай дзяржавы Пскоўскую зямлю (1510) і Разанскае княства (1521). Пасля падзення Візантыйскай імперыі была сфармулявана тэорыя «Масква — трэці Рым», якая сцвярджала значэнне Масквы як сусв. паліт. і царк. цэнтра. Першым агульнарас. зводам законаў стаў Судзебнік 1497. На базе Маскоўскага вял. княства ў канцы 15 — пач. 16 ст. ўтварылася Руская цэнтралізаваная дзяржава. У адрозненне ад Зах. Еўропы дзярж. цэнтралізацыя тут базіравалася не на развіцці капіталіст. адносін, а на ўмацаванні феадалізму, у прыватнасці, інстытута прыгоннага права, якое афіцыйна аформлена Саборным улажэннем 1649. Імкненне маскоўскіх вял. князёў «вярнуць» б. ўладзімірскія і кіеўскія «вотчыны» вылілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў шматлікія войны Маскоўскай дзяржавы (з канца 15 ст. наз. таксама Расія) з ВКЛ — 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37 (пра кожную гл. асобны арт). У выніку да Маскоўскай дзяржавы адышлі Смаленшчына, Севершчына, Чарнігаўшчына, вярхоўі Акі і Волгі. У час праўлення Івана IV [1533—84], які ў 1547 прыняў царскі тытул, пачалося стварэнне структур цэнтралізаванай дзяржавы: адменена «кармленне», стваралася сістэма прыказаў, праведзены губная рэформа і земская рэформа Івана IV, пачалі збірацца земскія саборы, прыняты Судзебнік 1550, ліквідаваны амаль усе ўдзельныя княствы. Сац. апорай самадзярж. ўлады станавілася дваранства Дваранскае апалчэнне і стральцы складалі аснову ўзбр. сіл адзінай дзяржавы. Апрычніна (1565—72) і інш. надзвычайныя захады Івана IV, накіраваныя на ўмацаванне яго самаўладдзя, былі спробай фарсіраванай цэнтралізацыі дзяржавы, суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі, у т. л. пакараннямі смерцю, зямельнымі канфіскацыямі. Пры Іване IV тэр. Р. значна пашырылася: заваяваны і далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы, пачалося далучэнне Сібіры. Аднак войскі Крымскага ханства працягвалі спусташэнне паўд. зямель; няўдалай была Лівонская вайна 1558—83, што разам з апрычнінай падарвала эканоміку краіны. Гал. падзеяй царавання Фёдара Іванавіча [1584—98] было заснаванне Маскоўскага патрыярхату правасл. царквы (1589); у Швецыі адваявана частка прыбалт зямель (1595). Са смерцю Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Пачалася шматгадовая «Смута», у час якой Р. апынулася на мяжы нац. катастрофы. Цяжкую сітуацыю грамадз. вайны (гл. Балотнікава паўстанне 1606—07) узмацніла ваен. інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай (гл. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18) і Швецыі. Рас. прастол займалі выбарныя цары — Барыс Гадуноў [1598—1605], Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10), сын Гадунова Фёдар Барысавіч [крас.-чэрв. 1605], самазванец Ілжэдзмітрый I [1605—06], а з 1610 (намінальна) сын караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта 111 Уладзіслаў (гл. Уладзіслаў IV). Значная ч. краіны, у т. л. Масква, была акупіравана інтэрвентамі. Патрыят. ўздым насельніцтва (гл. Першае апалчэнне 1611, Народнае апалчэнне 1612) дазволіў аднавіць адзінства і суверэнітэт дзяржавы, хоць былі страчаны значныя тэрыторыі: да Швецыі адышлі землі на балт. узбярэжжы, да Рэчы Паспалітай (Дэулінскае перамір’е 1618) — Смаленская, Чарнігаўская, Ноўгарад-Северская землі. Дынастычны крызіс быў пераадолены выбраннем Земскім саборам 1613 на рас. прастол Міхаіла Фёдаравіча [1613—45] — прадстаўніка новай дынастыі Раманавых. У наступныя дзесяцігоддзі царскі абсалютызм узмацняўся. З сярэдзіны 17 ст. амаль не склікаліся земскія саборы, згортвалася дзейнасць Баярскай думы. Адмена месніцтва ў 1682 аслабіла пазіцыі вышэйшай арыстакратыі на карысць дваранства. У супрацьстаянні з патрыярхам Ніканам цар Аляксей Міхайлавіч [1645—76] зацвердзіў перавагу свецкай улады над царкоўнай. Сац. канфлікты 17 ст. выліліся ў шматлікія нар. «бунты», сярод якіх найб. вядомыя маскоўскія «саляны» (1648) і «медны» (1662), сялянская вайна 1670—71 пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна, Паступова адраджалася эканоміка, складваўся адзіны ўсерас. рынак. З 1630-х г. знешняя палітыка Р. набыла наступальны, імперскі характар: пастаўлена задача далучэння да Р. ўсіх усх.-слав. («рускіх») зямель і заваяванне выхаду да мораў. Гал. вынікам вайны з Рэччу Паспалітай 1632—34 была адмова караля Уладзіслава IV ад правоў на рас. прастол. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. вярнула сабе Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну, Севершчыну, далучыла Левабярэжную Украіну і Кіеў. Войны са Швецыяй (1656—58) за выхад да Балт. мора і з Турцыяй (1676—81) былі малапаспяховымі, як і паходы на Крым 1687 і 1689. У 17 — пач 18 ст. да Р. далучаны Усх. Сібір і многія раёны Д. Усходу. Пётр I [1682—1725, з 1721 імператар] пачаў сістэмную мадэрнізацыю Р. на аснове вопыту зах. краін. Яго рэформы, нягледзячы на вял. выдаткі, спрыялі інтэнсіўнаму эканам. і культ. развіццю краіны. Створаны вышэйшы дзярж. орган Сенат (1711), калегіі (1718—21, замянілі прыказы), краіна падзелена на губерні і правінцыі; створаны рэгулярная армія і ваен. флот; табель аб рангах (1722) рэгуляваў сістэму грамадз. і ваен. службы. У выніку скасавання патрыяршаства створаны Сінод (1721). У 1721 Р. абвешчана імперыяй. Сталіца ў 1712 перанесена ў г. Санкт-Пецярбург (засн. ў 1703). Вызначальная роля дзяржавы ў рас. эканоміцы выяўлялася ў буд-ве казённых мануфактур і строгай рэгламентацыі эканам. дзейнасці. Шырокае выкарыстанне ў прам-сці паднявольнай працы (злачынцы, прыпісныя сяляне, пасэсійныя сяляне) прадвызначыла ў далейшым эканам. адставанне Р. Дваранства кансалідавалася як клас уласнікаў зямлі і сялян (указ 1714 зліў памесці з вотчынамі), але было прымушана да абавязковай службы. Пётр I імкнуўся еўрапеізаваць культуру і быт. Асн. вынік яго знешняй палітыкі — далучэнне да Р. балт. ўзбярэжжа ад Выбарга да Рыгі ў выніку Паўночнай вайны 1700—21. Агульны вынік войнаў з Турцыяй 1686—1700 і 1710—13 быў няўдалым: паражэнне ў Пруцкім паходзе 1711 прымусіла Пятра I вярнуць туркам г. Азоў. Цяжар праводзімых рэформ выклікалі нар. хваляванні, у т. л. Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 У пераваротаў дварцовых эпоху (1725—62), якая настала пасля смерці Пятра I, дваранства ўмацавала сваё пануючае становішча. У 1725—27 прастол займала ўдава Пятра І Кацярына I, пры якой фактычна правіў кн. А.Д.Меншыкаў У час царавання Пятра II [ 1727—30] старая маскоўская знаць паспрабавала скасаваць рэформы Пятра 1, але яны ўжо сталі неабарачальныя. Драпежніцкім праўленнем прыбалт. немцаў і іншаземцаў характарызаваўся рэжым Э.​І.​Бірона, фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны [1730—40] (гл. Бірокаўшчына). Дачка Пятра I Лізавета Пятроўна [1741—62] адрадзіла нац.-дзярж. курс бацькі. Кароткае цараванне Пятра III у 1762 адзначана выданнем Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, які вызваліў дваран ад абавязковай ваен. (у мірны час) і грамадз. службы. Праўленне Кацярыны II [1762—96] — перыяд адноснай паліт. стабілізацыі. Рэарганізаваны Сенат (1762), секулярызаваны ўладанні манастыроў (1763—64), скасавана гетманства на Украіне (1764), рэфармаваны губерні (1775). Даравальная грамата дваранству (1785) замацавала за ім шырокае кола прывілеяў. Важнае значэнне набыло фарміраванне дзярж. ідэалаг. дактрыны асветнага абсалютызму, зараджэнне вальнадумства (А.М.Радзішчаў, М.І.Навікоў). Рост сац. напружанасці ў сувязі з узмацненнем прыгонніцтва выліўся ў сялянскую вайну 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова Р. ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63, у выніку рус.-тур. войнаў 1768—74 і 1787—91 замацавалася на Чорным м., далучыла Паўн. Прычарнамор’е і Крым. Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), праведзеныя з удзелам Р., прывялі да ўваходжання ў яе склад Правабярэжнай Украіны, бел., літ., зах. ч. лат. зямель. Канчаткова тэр. Рас. імперыі сфарміравалася ў 19 ст.: у яе склад увайшлі Фінляндыя, б.ч. Польшчы, Каўказ, Казахстан, Сярэдняя Азія, але ў 1867 прададзены ЗША рас. ўладанні ў Паўн. Амерыцы. У часы царавання Аляксандра І [1801—25) уведзены мін-вы (1802—11), створаны Дзяржаўны савет (1810), Сенат стаў вышэйшай адм.-суд. установай, зроблены частковыя захады па вырашэнні сял. пытання (указ 1803 аб вольных хлебаробах, скасаванне прыгоннага права ў 1816—19 у Эстляндыі, Ліфляндыі і Курляндыі). Да пач. 1820-х г. ліберальны курс урада Аляксандра I змяніўся антыліберальным рэжымам аракчэеўшчыны. У пач. 19 ст. вырасла грамадская актыўнасць. Дваранскія рэвалюцыянеры — дзекабрысты — імкнуліся мадэрнізаваць Р. на ўзор зах.-еўрап. дэмакратый. Спробы дзекабрыстаў у канцы 1825 — пач. 1826 узняць паўстанні ў Пецярбургу і на Украіне скончыліся іх поўным разгромам. Цараванне Мікалая І [1825—55], — «апагей самадзяржаўя». Асн. намаганні ўлад былі накіраваны на кансервацыю існуючага рэжыму, назіраўся працэс бюракратызацыі і цэнтралізацыі дзярж. апарата Паліт. вышук ажыццяўляла «Трэцяе аддзяленне» імператарскай канцылярыі (1826—80). Праследаваліся дэмакр. аб’яднанні, рухі, выданні Падаўлена паўстанне 1830—31 на польскіх, бел., укр. і літ. землях, абмежавана (1832) аўтаномія Каралеўства Польскага. Станоўчыя вынікі эпохі — пачатак выдання «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі» (1830), рэформа дзяржаўных сялян 1837-41. У цэнтры грамадскай думкі 1830—50-х г. была вострая палеміка пра далейшыя шляхі развіцця краіны паміж прыхільнікамі формулы «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць», заходнікамі, славянафіламі і рэв. дэмакратамі (А.І.Герцэн) Міжнар. аўтарытэт Р. ўзрос пасля яе перамогі ў вайне 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, якія адыгралі вял. ролю ў крушэнні імперыі Напалеона І і вызваленні народаў Еўропы ад франц. панавання Аляксандр I у 1815 ініцыіраваў стварэнне Свяшчэннага саюза Аўстрыі, Прусіі і Р. для барацьбы з рэв рухам. З 1820-х г. асаблівае месца ў знешняй палітыцы Р. займала «ўсходняе пытанне» Каб умацаваць свае паз шыі на Чорным м., Балканскім п-ве і Б. Усходзе, яна правяла паспяховыя войны з Турцыяй (1828—29) і Персіяй (1826—28), Каўказскую вайну 1817—64. Але ў Крымскай вайне 1853—56 супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў і Турцыі яна пацярпела паражэнне, што выявіла неабходнасць рэфармавання яе адсталай прыгонніцкай сістэмы У часы царавання Аляксандра II [1855—81) праведзены бурж. рэформы: Сялянская рэформа 1861 (адмена прыгоннага права), судовая 1864, гарадская 1870—75, ваен. 1862—74 (гл. адпаведныя арт.) і інш Краіна стала на шлях ператварэння феад. манархіі ў буржуазную Імператар Аляксандр III (1881—94) праводзіў палітыку зацвярджэння «непахіснасці самадзяржаўя», ажыццявіў шэраг «контррэформ». Тым не менш да канца 19 — пач. 20 ст. захоўваліся створаныя рэформамі спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі. У пач. царавання Мікалая II [1894—1917], у многім, дзякуючы дзейнасці С.Ю.Вітэ (вінная манаполія 1894, грашовая рэформа 1897, дзярж. падтрымка цяжкай прам-сці і чыг. буд-ва), Р. па шэрагу паказчыкаў эканам. развіцця наблізілася да вядучых індустр. дзяржаў свету. У парэформенны перыяд актывізавалася грамадскае жыццё краіны, хоць пераважная большасць насельніцтва прытрымлівалася кансерватыўных традыцый. Пашыралася кола прыхільнікаў ліберальных ідэй (земскі рух), на аснове рэв.-дэмакр. ідэалогіі Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага сфарміравалася народніцтва. Прадстаўнікі яго найб. радыкальнай арг-цыі «Народная воля» ў сак. 1881 забілі імператара Аляксандра II у 1880—90-х г. пашыраўся рабочы рух. Пранікненне ў Р. ідэалогіі марксізму прывяло да заснавання ў 1898 у Мінску Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), якая ў 1903 раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў Паслядоўнікі народніцтва ў 1901—02 аб’ядналіся ў партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Гал. дасягненнем рас. знешняй палітыкі 2-й пал. 19 ст была ліквідацыя наступстваў паражэння ў Крымскай вайне на Лонданскай канферэнцыі 1871 і ў выніку перамогі ў рус тур. вайне 1877—78. Ва ўмовах абвастрэння міжнар. абставін на рубяжы 19—20 ст. Р. з Вялікабрытаніяй і Францыяй стварылі у 1907 антыгерм. ваен.-паліт. блок Антанта. Сусв. эканам. крызіс пач. 20 ст. (спад вытв-сці, беспрацоўе, нізкія заробкі), нявырашанасць зямельнага пытання, паражэнне ў руска-японскай вайне 1904—05 сталі прычынамі рэвалюцыі 1905—07 у Расіі, у час якой царызм быў вымушаны даць насельніцтву пэўныя грамадз. і паліт. правы і свабоды (гл. Маніфест 17 кастрычніка 1905). Узніклі паліт. партыі акцябрыстаў, кадэтаў (гл. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя) і інш., легалізаваліся прафсаюзы. Хоць рэвалюцыя была задушана царызмам, стварэнне выбарнага заканад. органа Дзяржаўнай думы (1906), нават з абмежаванымі правамі, азначала змену паліт. ладу Рас. імперыі. Ажывіўся і нац.-вызв. рух на ўскраінах. П.А.Сталыпін (старшыня Савета Міністраў у 1906—11) зрабіў спробу ліквідаваць архаічныя і неадпаведныя ўмовам капіталіст. развіцця абшчынныя формы землекарыстання (гл. Сталыпінская аграрная рэформа).

У выніку бурнага росту прамысл. і с.-г. вытв-сці ў 1912—14 Р. выйшла на самыя высокія ў яе гісторыі сац.-эканам. паказчыкі. У сувязі з гэтым асабліва востра адчуваўся цяжар першай сусветнай вайны 1914—18, у якой Р. пасля першых перамог пачала цярпець паражэнні (у 1915 герм. і аўстра-венг. войскі акупіравалі Каралеўства Польскае, Літву, Зах. Беларусь, зах. Латвію, ч. Правабярэжнай Украіны). У 1915—16 узнікла апазіцыя самадзяржаўю ў Дзярж. думе і Дзярж. савеце (гл. Прагрэсіўны блок), нарастала незадаволенасць у народзе Чарговы агульнарас. крызіс канца 1916 — пач. 1917 (харч. цяжкасці ў Петраградзе, кампраметацыя царскай сям’і Р.Я.Распуціным, «міністэрская чахарда» і інш.) выліўся ў Лютаўскую рэвалюцыю 1917, у выніку якой у Р. ліквідавана манархія. 2(15) 3.1917 Мікалай II адрокся ад прастола. У той жа дзень Часовы камітэт Дзяржаўнай думы сфарміраваў Часовы ўрад (да склікання Устаноўчага сходу) з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў Паколькі Часовы ўрад не мог дзейнічаць без падтрымкі Саветаў, узнікла двоеўладдзе. У краіне дзейнічалі больш за 50 паліт. партый, праходзіла вострая паліт. барацьба, адбыліся красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы. Пасля красавіцкага крызісу 1917 у склад Часовага ўрада ўвайшлі лідэры меншавікоў і эсэраў, у выніку ліпеньскага крызісу 1917 паўната ўлады перайшла да Часовага ўрада (з ліп. 1917 старшыня А.Ф.Керанскі), скончылася двоеўладдзе. У жн. (вер.) задушаны Карнілава мяцеж 1917. 1(14) 9.1917 Р. абвешчана рэспублікай. Няздольнасць Часовага ўрада стабілізаваць. сітуацыю ў краіне і неадкладна вырашыць набалелыя пытанні (спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, барацьба з ваен. разрухай і інш.) выклікала масавую незадаволенасць. На гэтай хвалі значную папулярнасць набылі бальшавікі. Яны (разам з левымі эсэрамі) заваявалі большасць у Саветах, у выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада перайшла да бальшавікоў. Другі Усерасійскі з’езд Саветаў [7—9.11(25—27.10).1917] абвясціў пераход усёй улады ў краіне да Саветаў, утварыў ВЦВК і часовы ўрад — Савет народных камісараў (СНК) на чале з лідэрам бальшавікоў У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры (прапанова ўсім урадам пачаць перагаворы аб спыненні 1-й сусв. вайны) і зямлі (скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю і памешчыцкага землеўладання). Прынцыпы новай нац. палітыкі (роўнасць, суверэнітэт і самавызначэнне народаў Р.) былі сфармуляваны ў зацверджанай СНК 2(15)11.1917 Дэкларацыі правоў народаў Расіі. Устаноўчы сход, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, 5(18).1.1918 адмовіўся санкцыяніраваць устанаўленне ўлады Саветаў і быў распушчаны бальшавікамі. III Усерас. з’езд Саветаў (10—18(23—31).1.1918] аб’яднаў Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў з Саветамі сял. дэпутатаў, выключыў слова «часовы» з назвы сав. ўрада, абвясціў Р. Рас. Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікай (РСФСР), прыняў Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Пасля працяглых спрэчак у бальшавіцкім кіраўніцтве, за час якіх герм і аўстра-венг. войскі ў парушэнне перамір’я акупіравалі Латвію, Эстонію, большую ч. тэр. Беларусі і Украіны, падпісаны Брэсцкі мір 1918 (3.3.1918) на вельмі цяжкіх для Р. ўмовах (ануляваны 13.11.1918 у сувязі з рэвалюцыяй у Германіі). Вясной 1918 пачаўся працэс афармлення нац. дзяржаўнасці народаў РСФСР 10.7.1918 V Усерас. з’езд Саветаў прыняў 1-ю сав. канстытуцыю. Летам 1918 як вынік нязгоды ч. рас. грамадства з Кастр. рэвалюцыяй, Брэсцкім мірам і сац.-эканам. курсам бальшавікоў (нацыяналізацыя зямлі, прам-сці, буйных нерухомасцей і інш.) разгарнулася грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, якая ў асн. завяршылася ў 1920 перамогай бальшавікоў. Вайна суправаджалася тэрорам з абодвух бакоў супраць паліт. і класавых праціўнікаў. Комплекс надзвычайных захадаў сав. ўрада па мабілізацыі ўсіх сіл на вядзенне вайны (паскораная нацыяналізацыя, канфіскацыя лішкаў харчавання ў сялян шляхам харчразвёрсткі і інш.) атрымаў назву «ваеннага камунізму». Незадаволенасць гэтай палітыкай выклікала шматлікія хваляванні, сярод якіх найб. небяспечнымі для бальшавікоў былі Кранштацкае паўстанне 1921, Антонава паўстанне 1921 (на Тамбоўшчыне), Заходнесібірскае паўстанне 1921 Вынікі 1-й сусв., грамадз. войнаў і інтэрвенцыі былі для Р. спусташальнымі. У 1920 прамысл. вытв-сць складала ​1/7 ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сць — 62%. У баях грамадз вайны і інтэрвенцыі, ад тэрору, голаду і хвароб загінулі 8 млн. чал., 2 млн. чал. эмігрыравалі 3 пач. 1920-х г. партыя бальшавікоў (з 1925 ВКП(б), з 1952 КПСС) была адзінай паліт. арг-цыяй, якая кіравала краінай да 1991. Аднаўленне нар. гаспадаркі ажыццяўлялася на базе новай эканамічнай палітыкі, якая азначала адыход ад «ваен. камунізму» 1 частковае вяртанне да рыначных метадаў гаспадарання. Імкненне бальшавікоў (перш за ўсё рас.) захаваць фактычнае паліт. і эканам адзінства тэр б. Рас. імперыі прывяло да аб’яднання (30.12.1922) юрыдычна незалежных сав. рэспублік (РСФСР, Украіна, БССР і Закаўказская Федэрацыя) у новую дзяржаву — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), з існаваннем якога (1922—91) непарыўна звязаны наступны перыяд рас. гісторыі.

У 1920—30-я г. тэр. РСФСР значна зменшылася ў выніку вылучэння ў самаст саюзныя рэспублікі Туркменіі, Узбекістана (1924), Таджыкістана (1929), Кіргізіі, Казахстана (1936) і Карэла-Фінскай Рэспублікі (1940, у 1956 вернута ў склад Р.) Калектывізацыя і індустрыялізацыя ў РСФСР праходзілі вельмі супярэчліва, аднак у выніку іх была створана новая машынна-тэхн. база краіны, якая істотна змяніла сац. структуру насельніцтва. Да пач. 1940-х г. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці на тэр. РСФСР у 8,7 разу перасягнуў адпаведны паказчык 1913. У адрозненне ад інш. саюзных рэспублік, РСФСР не мела асобнай рэсп. камуніст. партыі, асобнай АН і інш. Унутры РСФСР шмат этнасаў атрымалі свае нац.-дзярж. або нац-адм. ўтварэнні ў выглядзе аўт. рэспублік, абласцей і нац. акруг (з 1977 аўт. акругі). Трагічнымі для лёсу народаў Р. былі рэпрэсіі палітычныя.

Народы Расіі зрабілі вял. ўклад у перамогу СССР у Вялікай Айчыннай вайне 1941—45. На яе тэр. выпускалася 80% усёй індустр. прадукцыі, адбыліся вырашальныя бітвы — Маскоўская (1941—42), Сталінградская (1942—43) і Курская (1943). 2 373 068 воінаў з Р. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Матэрыяльныя страты РСФСР ад акупацыі ням.-фаш. захопнікамі шэрагу яе абласцей склалі ў тагачасных цэнах 249 млрд. руб. з 679 млрд. па ўсім СССР. У час вайны да РСФСР далучана (1944) тэр Тувінскай Нар. Рэспублікі (з 1961 АССР). Пасля перамогі ў вайне ў склад РСФСР уключаны: на Пн вобласць Пячэнга, на Д. Усходзе Паўд. Сахалін і Курыльскія а-вы, на З — г. Кёнігсберг (пераназваны ў Калінінград) з прылеглай ч. б. Усх. Прусіі (цяпер Калінінградская вобл.). Пасляваен. аднаўленне гаспадаркі ў асн. завершана да 1950. У 1954 у гонар 300-годдзя ўз’яднання Украіны з Р. са складу РСФСР у склад Украіны перададзена Крымская вобл. У пасляваен. перыяд РСФСР заставалася найб. эканамічна магутнай рэспублікай СССР. У пач. 1980-х г. яна вырабляла 62% электраэнергіі, 100% збожжаўборачных камбайнаў, здабывала 91% нафты. Вялікія дасягненні зроблены ў развіцці навукі, атамнай энергетыкі, у асваенні космасу (першым касманаўтам свету стаў Ю.А.Гагарын). У перыяд перабудовы (з крас. 1985) у СССР пачалі складвацца новыя цэнтры рэальнай улады ў выглядзе рэсп. з’ездаў нар. дэпутатаў і Вярх. Саветаў, выбраных на дэмакр. умовах. 1-ы з’езд нар. дэпутатаў РСФСР (май—чэрв. 1990) выбраў старшынёй Вярх. Савета Б.М.Ельцына і абвясціў 12.6.1990 дзярж. суверэнітэт Р. Рас. кіраўніцтва падтрымлівала сепаратызм асобных саюзных рэспублік, каб выкарыстаць яго ў барацьбе з саюзным цэнтрам. Пачалася паскораная дэзінтэграцыя СССР. На агульнасаюзным рэферэндуме 17.3.1991 расіяне выказаліся за захаванне СССР як адзінай дзяржавы і за ўвядзенне пасады прэзідэнта РСФСР, 12.6.1991 прэзідэнтам выбраны Ельцын. Ельцын і Вярх. Савет Р. ўзначалілі барацьбу супраць Дзярж. к-та па надзвычайным становішчы (19—21.8.1991), які імкнуўся сарваць падпісанне новага саюзнага дагавора і захаваць старыя парадкі. Пасля яго ліквідацыі ўказам ад 6.11.1991 Ельцын распусціў КПСС. 8.12.1991 лідэры Р., Украіны і Беларусі ў выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 заявілі аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 і спыненні існавання СССР, замест якога стварылася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). 10—12.12.1991 Пагадненне пра ўтварэнне СНД ратыфікавана Вярх. Саветамі Беларусі, Р. і Украіны. Са студз. 1992 у Р. пачалася радыкальная рыначная рэформа эканомікі. Урад вызваліў цэны на большасць тавараў ад дзярж. кантролю, з восені 1992 пачаў прыватызацыю дзярж. маёмасці. Распад СССР стварыў пагрозу распаду Р. Аўт. рэспублікі і аўт. вобласці (акрамя Яўрэйскай) адмовіліся ад аўт. статуса і абвясцілі сябе суверэннымі суб’ектамі федэрацыі. У сак. 1992 паміж федэральным цэнтрам і суб’ектамі падпісаны Федэратыўны-дагавор, які згладзіў вастрыню гэтага пытання, але не зняў яго цалкам. Асобныя Рэспублікі спрабавалі ўзяць курс на паступовы выхад з Р. (Татарстан, Башкортастан, Якуція), а кіраўніцтва Чэчэнскай Рэспублікі парвала ўсе сувязі з федэральным цэнтрам. 11.12.1994 федэральныя войскі ўвайшлі ў Чэчню з мэтай узяць яе пад кантроль, што паклала пачатак узбр. канфлікту, які дагэтуль не затушаны. У час абмеркавання новай Канстытуцыі абвастрыліся супярэчнасці паміж заканад. і выканаўчай уладай. 21.9.1993 прэзідэнт Ельцын выдаў указ аб роспуску З’езда нар. дэпутатаў і Вярх. Савета, правядзенні 12.12.1993 рэферэндуму па новай Канстытуцыі. Вярх. Савет абвясціў гэты ўказ неканстытуцыйным, а прэзідэнта пазбаўленым пасады. Аднак Ельцына падтрымалі ўзбр. сілы, сілавыя структуры і асн. сродкі масавай інфармацыі. Дзеянні абаронцаў Вярх. Савета, блакіраваных ў сваім будынку, 3—4 кастр. набылі характар узбр. выступлення, якое было ліквідавана з дапамогай ваен. сілы. У кастр. 1993 указамі прэзідэнта ліквідавана сістэма Саветаў. 12.12.1993 на рэферэндуме прынята новая Канстытуцыя Р., якая ўсю рэальную ўладу аддавала прэзідэнту; праведзены выбары ў 5-ю Дзярж. думу. На чарговых выбарах у Дзярж. думу ў снеж. 1999 большасць месцаў заваявалі паліт. сілы правай і цэнтрысцкай арыентацыі («Адзінства», «Саюз правых сіл», «Айчына — уся Расія» і інш.), самай вял. фракцыяй засталася фракцыя Камуніст. партыі Рас. Федэрацыі (КПРФ, засн. ў 1992 як правапераемніца КПСС). 31.12.1999 добраахвотна пайшоў у адстаўку прэзідэнт Ельцын. 26.3.2000 прэзідэнтам Р. выбраны У.У.Пуцін, які заявіў пра намер працягваць рыначныя рэформы, умацоўваць федэрацыю і ажыццяўляць незалежную знешнюю палітыку ў інтарэсах народаў Р. Р. — член ААН (з 1991) і, як правапераемніца СССР, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН; уваходзіць у многія інш. міжнар. арг-цыі, у т. л. ў Савет Еўропы (з 1997), а таксама ў СНД. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.6.1992. У 1995 заключаны рас.-бел. дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве і Мытны саюз, да якога ў 1996 далучыліся Казахстан і Кыргызстан, у 1999 — Таджыкістан. Р. і Беларусь падпісалі Дагавор аб супольніцтве Беларусі і Расіі 1996 і Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі 1997. 8.12.1999 Р. заключыла з Беларуссю дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Р. і Беларусі.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Сістэма паліт. партый у Р. з канца 1980-х г. знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Адзінай масавай партыяй з’яўляецца КПРФ. Большым уплывам, чым партыі, у 1990-я г. карысталіся грамадска-паліт. рухі і аб’яднанні, некат. з якіх зараз знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў паліт. партыі. Акрамя КПРФ, найб. значныя паліт. арг-цыі: «Саюз правых сіл», Ліберальна-дэмакр. партыя, Агр. партыя, Сял. партыя, Партыя эканам. свабоды, Рас. аб’яднаная прамысл. партыя, партыя «Адзінства», аб’яднанні «Яблык», «Айчына — уся Расія», Народна-патрыят. саюз і інш. Найбуйнейшыя прафс. аб’яднанні: Федэрацыя незалежных прафсаюзаў Р., Усеагульная канфедэрацыя працы.

Гаспадарка. Р. — індустрыяльна-агр. краіна. Сучасны этап яе эканам. і сац. развіцця звязаны з карэннымі зменамі, якія выкліканы пераходам да рыначных адносін. Адаптацыя Р. да рыначнай эканомікі праходзіць дастаткова цяжка. У 1992—98 назіраўся спад вытв-сці, што было звязана з парушэннем гасп. сувязей, незабяспечанасцю матэрыяльнымі рэсурсамі, фін. цяжкасцямі, зносам асн. фондаў. З 1999 пачаўся рост вытв-сці. У выніку рыначных рэформ эканоміка стала шматукладнай. Доля акц. прадпрыемстваў пераважае над дзярж. (па колькасці, выпуску прадукцыі, колькасці занятых). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1999 склаў 593,4 млрд. долараў (14-е месца ў свеце), каля 4,2 тыс. дол. на душу насельніцтва. Недзярж. сектар дае каля 70%. Прамысловасць — важная састаўная ч. гасп. комплексу Р., на яе долю прыпадае 26,8% ВУП. У 1999 у Р. мелася каля 160 тыс. прамысл. прадпрыемстваў. Зах. раёнам краіны (укл. Урал) належыць 72% кошту прамысл. вытв-сці, усх. (Сібір і Д. Усход) — 28%. Адной з гал. галін прам-сці з’яўляецца паліўна-энергет. комплекс (32,5% паводле кошту прадукцыі, 1998). Гандаль энерганосьбітамі — адзін з гал. профіляў спецыялізацыі Р. ў міжнар. падзеле працы. Здабыча нафты разам з газавым кандэнсатам у 1999 склала 305 млн. т (3-е месца ў свеце). Нафту здабываюць пераважна ў Зах. Сібіры (каля 70%), Паволжы, на Урале. Нафтаперапрацоўчыя з-ды размешчаны і ў раёнах здабычы нафты (Самара, Сызрань, Уфа, Саратаў, Табольск), і ў месцах спажывання нафтапрадуктаў (Масква, Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры і інш.). У нафтавай прам-сці дзейнічае шэраг нафтавых кампаній, найб. з іх: «Лукойл» (53 млн. т, 18% агульнай здабычы Р., 1999), «Сургутнафтагаз» (37 млн. т, 12%), «ЮКОС» (34 млн. т, 11%), «Татнафта» (24 млн. т, 9%), «Сіданко» (20 млн. т, 7%) і інш. Здабыча прыроднага газу ў 1999 склала 591 млрд. м³ (1-е месца ў свеце). 90% прыроднага газу здабываюць у Зах. Сібіры. Найб. карпарацыя краіны — Рас. акц. т-ва «Газпрам». У Р. здабываюць 249 млн. т (5-е месца ў свеце, 1999) каменнага і бурага вугалю, пераважна ў Кузнецкім (27%), Канска-Ачынскім (15%), Пячорскім, Іркуцкім, Данецкім басейнах. Здабыча торфу ў Цэнтр., Волга-Вяцкім і Уральскім р-нах, сланцаў — у Ленінградскай вобл. Вытв-сць электраэнергіі 848 млрд. кВт∙гадз (4-е месца ў свеце, 1999). Пераважае цеплавая электраэнергетыка (69,6% агульнай магутнасці і 68% вытв-сці электраэнергіі), на долю гідраэнергетыкі прыпадае адпаведна 20,5% і 19%, атамнай энергетыкі — 9,9% і 13%. Гал. ЦЭС (млн. кВт): Рафцінская (3,8), Кастрамская (3,6), Канакоўская (3,6), Сургуцкая (3,1), Троіцкая (2,4); ГЭС: Саяна-Шушанская (6,4) і Краснаярская (6) на р. Енісей, Брацкая (4,5) і Усць-Ілімская (4,3) на р. Ангара, Волжская (2,5, г. Валгаград), Волжская (2,3, г. Самара); АЭС: Ленінградская (4), Курская (4), Балакоўская (3), Смаленская (3), Калінінская (2), Новаваронежская (1,8), Кольская (1,7). Вытв-сць, размеркаванне і экспарт. электраэнергіі ажыццяўляе Рас. акц. т-ва «Адзіная электраэнергет. сістэма Расіі». Чорная металургія (7,7%) поўнасцю забяспечана жал. рудой і коксам, марганец і хром завозяць з Украіны і Казахстана. Асаблівасць галіны — высокая канцэнтрацыя вытв-сці. У Р. сфарміраваліся 3 металургічныя базы: Уральская (46% вытв-сці металу), дзе працуюць буйныя металургічныя камбінаты поўнага цыкла ў Магнітагорску, Ніжнім Тагіле, Наватроіцку, Чэлябінску і пераробныя ў Іжэўску, Златаусце, Сярове і інш.; Цэнтральная з камбінатамі поўнага цыкла ў Ліпецку, Старым Асколе і пераробнымі з-дамі ў Маскве, Электрасталі, Арле і інш.; Сібірская з камбінатамі поўнага цыкла ў Новакузнецку і пераробнымі ў Новасібірску, Краснаярску, Пятроўск-Забайкальску і інш. Буйны камбінат поўнага цыкла ў Чарапаўцы, пераробныя з-ды ў Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Колпіне і інш. Вытв-сць (млн. т, 1999) чыгуну 40,1 (4-е месца ў свеце), сталі 51,5 (5-е месца), пракату 40,9 (6-е месца). Каляровая металургія (7,6%) працуе пераважна на ўласнай сыравіне, у ёй выплаўляецца больш за 70 відаў разнастайных металаў. Вытв-сць медзі сканцэнтравана ў асн. на Урале (Краснаўральск, Кіраўград, Раўда, Карабаш, Меднагорск), з-ды па рафінаванні медзі ў Маскве, С.-Пецярбургу, Кальчугіне. Свінец і цынк выплаўляюць у Чэлябінску, Уладзікаўказе, Бялове, Дальнягорску; нікель — у Нарыльску, Орску, Уфалеі, Манчагорску. Алюмініевая прам-сць прымеркавана да буйных ГЭС, якія вырабляюць танную электраэнергію, — у Краснаярску, Брацку, Саянску, Валгаградзе, Кандалакшы, Волхаве і інш. Здабыча алавянага канцэнтрату ў паўн.-усх. раёнах Сібіры, выплаўка волава ў Новасібірску і Падольску. На Долю Р. прыпадае каля 10% сусв. экспарту каляровых металаў. Машынабудаванне (18%) вызначаецца шматгаліновым характарам (цяжкае, агульнае, сярэдняе, вытв-сць прылад, станкоў і інш.) і паўсюдным пашырэннем па тэр. краіны. Сярод галін машынабудавання вылучаецца вытв-сць абсталявання для металургіі (Орск, Екацярынбург, Краснаярск, Іркуцк, Сызрань), горна-шахтавага (Кемерава, Краснаярск, Чарамхова, Капейск), для нафтавай і газавай прам-сці (Валгаград, Самара, Цюмень, Екацярынбург і інш.), энергет. (С.-Пецярбург, Новасібірск, Екацярынбург, Валгадонск, Барнаул і інш.), кавальска-прэсавага і цяжкіх станкоў (Колпіна, Іванава, Варонеж, Ульянаўск і інш.), ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў (Масква, С.-Пецярбург, Екацярынбург, Тула, Іжэўск, Ніжні Ноўгарад і інш.). Вытв-сць лакаматываў у Мураме, Каломне, Бранску, Людзінаве; электравозаў у Новачаркаску, грузавых вагонаў у Ніжнім Тагіле, Абакане, Цверы, Алтайску, Калінінградзе; пасаж. вагонаў у С.-Пецярбургу, Цверы; вагонаў для метрапалітэна ў С.-Пецярбургу і Мыцішчах. Буйныя цэнтры марскога суднабудавання — С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Архангельск, Уладзівасток, Севераморск; рачнога — Ніжні Ноўгарад, Валгаград, Цюмень, Краснаярск і інш.; вытв-сці самалётаў — Смаленск, Варонеж, Саратаў, Іркуцк, Камсамольск-на-Амуры; верталётаў — Казань, Растоўна-Доне. Вытв-сць грузавых аўтамабіляў (175 тыс. шт., 1999) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Набярэжных Чаўнах, Міясе; легкавых (954 тыс. шт.) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Ульянаўску, Іжэўску, Елабузе, Серпухаве; аўтобусаў (50 тыс. шт.) у Лікіно-Дулёве, Паўлаве, збожжаўборачных камбайнаў (2 тыс. шт.) у Растове-на-Доне, Таганрогу, Краснаярску; ільноўборачных у Бежацку; бульбаўборачных у Туле, Разані; сіласаўборачных у Люберцах; трактароў (15,4 тыс. шт., 1999) у Валгаградзе, Чэлябінску, Уладзіміры, Чэбаксарах, С.-Пецярбургу і інш. Выпуск металарэзных станкоў (7,7 тыс. шт.) у Маскве, Іванаве, Саратаве, Самары, Екацярынбургу, С.-Пецярбургу і інш. Вытв-сць радыёпрыёмнікаў (332 тыс. шт.) і тэлевізараў (281 тыс. шт.), халадзільнікаў і маразільнікаў (1173 тыс. шт.), электрапыласосаў (745 тыс. шт.), пральных машын (999 тыс. шт.). Электронная прам-сць у Маскве, Арле, Самары, Пензе і інш. Хім. прам-сць (7,3%) поўнасцю забяспечана мясц. сыравінай і вызначаецца шырокім асартыментам прадукцыі. Развіта прам-сць мінер. угнаенняў (11,5 млн. т у пераліку на 100%-нае ўтрыманне дзейных рэчываў; 5-е месца ў свеце, 1999), хім. валокнаў (136 тыс. т), сінт. смол і пластмас (2,2 млн. т), шын (28 млн. шт.), сернай к-ты (7,1 млн. т), кальцыніраванай (1,9 млн. т) і каўстычнай (1 млн. т) соды. Вытв-сць угнаенняў: азотных у Новамаскоўску, Ніжнім Тагіле, Кемераве, Вял. Ноўгарадзе, Тальяці, Нявіннамыску і інш.; калійных у Беразніках, Салікамску; фосфарных у Васкрасенску, Бранску, Пермі, Краснаўральску і інш.; хім. валокнаў у Энгельсе, Балакове, Цверы, Кліне, Серпухаве, Разані і інш.; пластмас у Ніжнім Тагіле, Цюмені, Уфе, Казані, Мыцішчах; соды ў Беразніках, Салікамску, Стэрлітамаку, Каменск-Уральску і інш. Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (3,9%) мае трывалую сыравінную базу. Вытв-сць дзелавой драўніны (69,8 млн. м³, 4-е месца ў свеце), піламатэрыялаў (19,1 млн. м³, 6-е месца), паперы (3 млн. т), кардону (1,6 млн. т), фанеры (1,3 млн. м³) у Паўн.-Заходнім (Котлас, Сыктыўкар, Кондапага, Себеж), Уральскім (Краснакамск, Салікамск, Перм), Волга-Вяцкім (Балахна, Праўдзінск) і Зах.-Сібірскім раёнах. Развіта вытв-сць мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт. Вял. значэнне мае прам-сць буд. матэрыялаў, доля якой у структуры прам-сці, разам са шкляной, складае 4,2%. Ва ўсіх эканам. раёнах пашырана вытв-сць цэменту (28,5 млн. т), зборных жалезабетонных канструкцый і дэталей (14,2 млрд. м³), буд. цэглы (10,5 млрд. шт., 2-е месца ў свеце). З цэнтраў шкляной прам-сці вылучаецца г. Гусь-Хрустальны (каля 50% вытв-сці шкла Р.). Эканам. крызіс, які ахапіў усе галіны прам-сці, у найб. ступені адбіўся на лёгкай прам-сці, асабліва на тэкст. галіне, якая страціла сыравінную базу ў Сярэдняй Азіі. Вытв-сць тканін усіх відаў у 1999 склала 1657 млн. м² (5-е месца ў свеце па вытв-сці баваўняных і 14-е месца па вытв-сці шарсцяных тканін), абутку — 29,9 млн. пар, шкарпэтачных вырабаў — 251 млн. пар, трыкат. вырабаў — 79,2 мн. шт. Асн. раёнам вытв-сці тканін з’яўляецца Цэнтральны (70%) — Іванава, Масква, Уладзімір, Яраслаўль, Кінешма, Нара-Фамінск. У харч. прам-сці (13,7%) вядучыя галіны — малочная, мясная, цукровая, алейная, рыбная і рыбакансервавая, мукамольная, масларобная, спіртавая, піваварная і інш. Вытв-сць малака 5,5 млн. т, цукру 6,8 млн. т (2-е месца ў свеце), алею 845 тыс. т (1999). Мясная прам-сць развіта ў Цэнтр. і Паўн.-Каўказскім р-нах, цукр. і алейная ў Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім і Паволжскім р-нах, рыбная і рыбакансервавая ў гарадах Мурманск, Архангельск, Калінінград, Астрахань, Уладзівасток і інш.

На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 5,5% ВУП. У структуры валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі доля раслінаводства складае 51,8%, жывёлагадоўлі — 48,2% (1999). Вядучая роля ў вытв-сці збожжа, цукр. буракоў, сланечніку (адпаведна 92%, 93,8%, 86,1%) належыць с.-г. прадпрыемствам; бульбы, агародніны, мяса і малака (адпаведна 93%, 79,1%, 61,3%, 50,9%) фермерскім і асабістым гаспадаркам насельніцтва. Узровень развіцця сельскай гаспадаркі Р. не забяспечвае патрэбы насельніцтва ў асн. прадуктах харчавання. Р. імпартуе мяса і малочныя прадукты пераважна з краін Зах. Еўропы. Агульная пл. с.-г. угоддзяў 222 млн. га, у т. л. 132 млн. га займаюць ворныя землі, 90 млн. га сенажаці і паша. Вял. масівы меліяраваных зямель. Пл. пасяўных зямель у 1999 склала 88,3 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 52,7%, тэхн. 8,5%, кармавымі 34%, бульбай і агароднінай 4,8%. Аснова сельскай гаспадаркі Р. — вытв-сць збожжа, гал. культура — пшаніца (​1/3 пл.). Яе вырошчваюць у Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім, Паволжскім, Зах.-Сібірскім р-нах, жыта, ячмень, авёс, грэчку сеюць у лясной зоне, кукурузу, проса — у лесастэпавай і стэпавай, рыс — на Д. Усходзе і Паўн. Каўказе (нізоўі рэк Кубань і Церак), сою — на Д. Усходзе. Гал. тэхн. культуры — цукр. буракі, сланечнік — вырошчваюць пераважна ў Цэнтр.-Чарназёмным р-не, на Паўн.-Каўказе, у Паволжы, лён-даўгунец — у Цэнтр. і Паўн.-Заходнім р-нах, бульбу і агародніну — амаль усюды. Пладова-ягадныя і вінаградныя насаджэнні пераважна на Паўн. Каўказе. Збор (млн. т, 1999) збожжа 54,7 (ураджайнасць 11,7 ц/га), цукр. буракоў 15,2 (169 ц/га), сланечніку 4,1 (7,4 ц/га), лёну-даўгунцу 23,7 (2,3 ц/га), бульбы 31,3 (96 ц/га), агародніны 12,3 (142 ц/га). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку Пагалоўе (млн. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы 27,5, у т. л. кароў 12,9, свіней 18,3, авечак і коз 14, птушак 350. Вял. пагалоўе буйн. раг. жывёлы ў Паволжы, Цэнтр. р-не, Зах. Сібіры, свіней у Цэнтр.-Чарназёмным р-не, Паволжы, на Паўн. Каўказе, авечак і коз у Паволжы, на Паўн. Каўказе, Усх. Сібіры. Аленегадоўля ў зоне тундры і лесатундры, пчалярства ў Татарстане, Башкортастане, на Алтаі, Д. Усходзе. Зверагадоўля і паляванне. Рыбалоўства ў навакольных морах, унутр. вадаёмах, сажалках. Улоў рыбы ў 2000 склаў 4,7 млн. т. Здабываюць таксама крэветак, крабаў, малюскаў, водарасці. Па эканам. і прыродных асаблівасцях у Р. вылучаецца 10 эканам. раёнаў: Паўн.-Заходні, Цэнтр., Волга-Вяцкі, Цэнтр.-Чарназёмны, Паволжскі, Паўн.-Каўказскі, Уральскі, Зах.-Сібірскі, Усх.-Сібірскі, Далёкаўсходні.

Транспарт. У Р. развіты ўсе віды транспарту. Доля яго ў ВУП складае 6,6% (1999). Асн. віды транспарту — чыгуначны, марскі, рачны, паветраны, трубаправодны — утвараюць адзіную трансп. сістэму, дзе кожны від мае сваю рацыянальную сферу выкарыстання. У грузаабароце краіны доля чыг. транспарту 36,3%, марскога 3,6%, рачнога 1,9%, аўтамаб. 0,7%, трубаправоднага 57,5%. У пасажыраабароце вядучае месца належыць аўтамаб. (36,5%), чыг. (30%) і паветранаму (і 1,3%) транспарту. Даўж. чыгунак 86,2 тыс. км (3-е месца ў свеце, пасля ЗША і Канады), у т. л. каля 30% электрыфікавана. Асн. чыг. магістралі маюць шыротны напрамак і лініі, што злучаюць Маскву з рэгіёнамі Расіі. Гал. пасажырапатокі на чыг. лініях паміж Масквой і С.-Пецярбургам, Масквой і курортнымі гарадамі Каўказа. Марскому транспарту належыць асн. роля ў знешніх эканам. сувязях. У Р. 695 суднаў, агульны танаж іх 3,9 млн. рэгістравых т (1999). 90% знешняга грузаабароту прыпадае на Балт. і Азова-Чарнаморскі марскія басейны. Гал. парты С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Новарасійск, Уладзівасток, Находка, Туапсэ і інш. Агульная даўж. рачных суднаходных шляхоў 89,1 тыс. км. Усе буйныя рэкі еўрап. ч. пры дапамозе каналаў утвараюць адзіную глыбакаводную сістэму. На долю р. Волга і яе прытокаў прыпадае больш за 60% грузаабароту рачнога транспарту. Вял. значэнне мае рачны транспарт для абслугоўвання паўн. раёнаў Сібіры. Даўж. аўтадарог 573,5 тыс. км, у т. л. 517,4 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Аўтамагістралі веерам разыходзяцца ад Масквы да буйных гарадоў і партоў. Паветраны транспарт выкарыстоўваецца пераважна для перавозкі пасажыраў, хуткапсавальных грузаў і для дастаўкі грузаў у аддаленыя раёны Поўначы. У Р. 845 аэрапортаў, з іх 66 федэральнага і 45 міжнар. значэння. Гал. аэрапорты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Новасібірску, Екацярынбургу, Адлеры, Мінеральных Водах, Краснаярску, Растове-на-Доне. У Р. створана адзіная сетка нафта- і газаправодаў, якая злучае асн. раёны здабычы нафты і прыроднага газу з прамысл. цэнтрамі Р. і краінамі Зах. Еўропы. Даўж. трубаправодаў 213,8 тыс. км, у 1999 перамешчана 802 млн. т грузаў. Агульны аб’ём знешняга гандлю Р. ў 1999 склаў 123,6 млрд. дол., у т. л. экспарт 75,4 млрд. дол., імпарт 48,2 млрд. долараў. Сярод экспартуемых тавараў пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, электраэнергія, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні, машыны і абсталяванне, узбраенне, хім. прадукцыя і інш. Сярод імпартуемых пераважаюць машыны і абсталяванне, харч. тавары і с.-г. прадукцыя, хім. прадукцыя, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні і вырабы з іх. Гал. гандл. партнёры: Германія (8,3% экспарту і 12,7% імпарту), Беларусь (6,4 і 10,4), Украіна (7,7 і 7,4), ЗША (7,4 і 9,5), Італія (4,5 і 4,2), Вялікабрытанія (4,1 і 2,8) і інш. Аб’ём знешняга гандлю Р. з Беларуссю ў 1999 склаў 7 млрд. дол., у т. л. экспарт 3,8 млрд. дол., імпарт 3,2 млрд. долараў. Р. экспартуе ў Беларусь нафту, прыродны газ, каменны вугаль, электраэнергію, цэлюлозу, паперу і кардон, чорныя металы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, станкі і інш.: імпартуе грузавыя аўтамабілі, трактары, тэлевізары, халадзільнікі і маразільнікі, радыёпрыёмнікі, пракат, тавары нар. спажывання і інш. Важнымі формамі эканам. супрацоўніцтва Р. з інш. краінамі з’яўляюцца сумесныя прадпрыемствы (больш за 25 тыс., 1999) і свабодныя эканам. зоны, якія створаны ў С.-Пецярбургу, Выбаргу, на Сахаліне, у Кузбасе, Калінінградскай вобл. і інш. У Р. дзейнічае каля 8 тыс. турыстычных фірм, 15,8 млн. турыстаў наведалі краіну ў 1998, прыбытак ад турызму склаў 7,1 млрд. долараў. Грашовая адзінка — рубель.

Узброеныя сілы. Падзяляюцца на віды: сухап. войскі, ВПС і ППА, ВМФ, а таксама роды войск, якія не ўваходзяць у віды ўзбр. сіл: ракетныя войскі стратэг. прызначэння, касмічныя войскі; у ваен.-адм. адносінах — на 6 ваен. акруг: Ленінградская (С.-Пецярбург), Маскоўская (Масква), Паўн.-Каўказская (Растоў-на-Доне), Прыволжска-Уральская (Екацярынбург), Сібірская (Чыта), Далёкаўсходняя (Хабараўск). Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 1 млн. 265 тыс. чал. (2001). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Кіраванне ўзбр. сіламі ажыццяўляюць міністр абароны цераз мін-ва абароны і Ген. штаб. Камплектаванне на аснове прызыву на ваен. службу — па экстэрытарыяльным прынцыпе, а таксама па кантракце. Тэрмін абавязковай службы 2 гады, для некат. катэгорый — 1 год. У сухап. войсках каля 370 тыс. чал., каля 7 тыс. танкаў, 7,2 тыс. баявых машын пяхоты, каля 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, больш за 7 тыс. артыл. сістэм калібру 100 мм і больш (артыл. гарматы, мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню), зенітныя ракетныя комплексы, армейская авіяцыя (каля 1 тыс. верталётаў розных класаў). У ВПС і ППА 161,3 тыс. чал., 5,5 тыс. самалётаў, у т. л. 3,6 тыс. баявых, зенітныя ракетныя комплексы С-300 і інш. У ВМФ 135,2 тыс. чал, 168 баявых надводных караблёў, 62 баявыя падводныя лодкі, 300 самалётаў, каля 43 верталётаў, а таксама танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры і артылерыя. У паветр.-дэсантных войсках 30,3 тыс. чал., 1100 баявых машын пяхоты, больш за 500 бронетранспарцёраў, больш за 300 артыл. сістэм калібру 100 мм і больш, 23 верталёты. Кантынгенты войск Р. знаходзяцца і па-за яе межамі: на тэр. Закаўказзя, Украіны, Таджыкістана, Прыднястроўскага рэгіёна Рэспублікі Малдова, а таксама Югаславіі і інш. Ваен. дактрына Р. мае абарончы характар, але прадугледжвае выкарыстанне ядз. зброі ў адказ на ядз. нападзенне ці прымяненне інш. відаў зброі масавага знішчэння, буйнамаштабную агрэсію з выкарыстаннем звычайных узбраенняў. Паводле Дагавора аб калектыўнай бяспецы (1992) і інш. Р. праводзіць сумесную з Рэспублікай Беларусь абарончую палітыку.

Ахова здароўя. Існуе адзіная федэратыўная сістэма аховы здароўя. З агульных расходаў насельніцтва на мед. дапамогу 45% аплачваецца з бюджэту, 15% — за кошт абавязковага мед. страхавання (дзейнічае 90 тэр. фондаў), 7% — за кошт добраахвотнага мед. страхавання і платных паслуг; 33% складае аплата пацыентамі прыватных мед. паслуг. Асн. ўвага аддаецца развіццю першаснай медыка-сан. дапамогі на базе муніцыпальнай сістэмы аховы здароўя, ін-ту ўрачоў агульнай (сямейнай) практыкі, рэалізацыі мер па зніжэнні захворванняў на сацыяльна-значныя хваробы і інш.; спецыялізаванай службай распрацоўваюцца мерапрыемствы па рэабілітацыі дзяцей і інвалідаў. Першасную мед. дапамогу аказваюць 6250 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 1708 паліклінік, у т. л. 591 дзіцячая; дзейнічаюць 54 гаспадарча-разліковыя паліклінікі, 48 кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў, 3135 станцый хуткай мед. дапамогі, 9264 фельчарскіх пунктаў, 942 стаматалагічныя паліклінікі (1999). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59 жанчын 71,8 года. Вял. праблема — высокі ўзровень смяротнасці працаздольнага насельніцтва. Смяротнасць у 2000 склала 13,8 на 1 тыс. чал. (у 1970-я — 8,7). Натуральны прырост адмоўны: -0,478%. У 1970-я нараджальнасць на 1 тыс. чал. склала 15,1 чал., у 2000—9 чал. Высокая ўдз. в. дзяцей у насельніцтва рэгіёнаў з традыц. пашыранай мнагадзетнасцю (Дагестан, Інгушэція, Калмыкія, Саха, Алтай). За апошнія 10 гадоў агульная колькасць бальнічных устаноў скарацілася на 14,5%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 85 чал., урачамі — 1 на 215 чал. Дзіцячая смяротнасць у 2000—16,5 на 1 тыс. народжаных. У адпаведнасці з Канцэпцыяй (1997) прадугледжваюцца распрацоўка і рэалізацыя мер па зніжэнні захворванняў насельніцтва, гарантаваная мед. дапамога і інш.

Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Р. арганізавана як непарыўная паслядоўнасць узроўняў, або ступеняў, адукацыі. Яна ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафесійныя, сярэднія прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Дашкольная адукацыя неабавязковая, ахоплівае дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту. Агульная сярэдняя ўключае базавую сярэднюю школу, якая дае пач. і базавую сярэднюю адукацыю, і поўную сярэднюю школу, якая дае пач., базавую і закончаную сярэднюю адукацыю. Пач. адукацыя (1-я ступень агульнай сярэдняй адукацыі) — 3—4 гады навучання. Большасць дзяцей паступае ў пач. школу з 7-гадовага ўзросту (каля 20% — з 6 гадоў, калі яны вучацца па 11-гадовай праграме сярэдняй школы). Базавая сярэдняя адукацыя (ніжэйшая сярэдняя; асн. школа) — абавязковая, тэрмін навучання 5 гадоў пасля пач. школы. Поўная сярэдняя — 2-гадовы курс пасля базавай адукацыі. Вышэйшую ступень сярэдняй адукацыі даюць гімназіі. Больш за 20 млн. школьнікаў Р. атрымліваюць адукацыю на рус. мове. Для больш чым 1,1 млн. вучняў выкладанне вядзецца на іх роднай мове. Пач. прафес. адукацыю можна набыць у школах прафес. адукацыі, у т. л. ліцэях на базе асн. школы без атрымання сярэдняй адукацыі (тэрмін навучання 1—2 гады), на базе асн. школы з атрыманнем сярэдняй адукацыі (3—4 гады навучання) і на базе сярэдняй школы (1—2 гады навучання). Сярэдняя прафес. адукацыя забяспечваецца праз сетку тэхн. прафесійных і сярэдніх спец. навуч. устаноў тэхн., гуманітарнага, мед., мастацкага і інш. профіляў (тэхнікумы, каледжы і інш. прафес. школы). Навучэнцы з базавай адукацыяй у сярэдніх прафес. установах адначасова атрымліваюць спец. і агульнаадук. падрыхтоўку. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. Акрамя дзярж. устаноў адкрываюцца і недзярж. (прыватныя, сацыяльныя, рэліг. канфесій). Вышэйшая адукацыя мае 3 узроўні: 1-ы — няпоўная вышэйшая прафес. адукацыя (2-гадовы курс навучання, пасля якога можна атрымаць дыплом аб няпоўнай вышэйшай адукацыі або прадоўжыць вучобу); 2-і ўзровень — вышэйшая прафес. адукацыя (4-гадовы курс навучання дае ступень бакалаўра або сертыфікат «спецыяліста»); 3-і — вышэйшы ўзровень прафес. падрыхтоўкі (6 гадоў навучання — ступень магістра, пасля 5 — спецыяліст шырокага профілю). У 1996/97 навуч. г. ў Р. 68,6 тыс. дашкольных устаноў (5,6 млн. дзяцей); больш за 70,2 тыс. дзярж. агульнаадук. школ (больш за 21 млн. вучняў), больш за 500 недзярж.; сярод дзённых школ пач. — 17,1 тыс., асн. — 13,7 тыс., поўных сярэдніх — 35,6 тыс. З агульнай колькасці вучняў у поўных сярэдніх школах вучылася больш за 19 млн.; адкрыты гімназіі (больш за 900, у іх 730 тыс. навучэнцаў), ліцэі (больш за 560 з 390 тыс. навучэнцаў). У сістэме прафес. адукацыі больш за 4,2 тыс. пач. і больш за 2,6 тыс. сярэдніх навуч. устаноў (у іх 3,7 млн. навучэнцаў). У больш як 560 дзярж. ВНУ, у т. л. 75 ун-таў (разам з прафіляванымі), больш за 2,6 млн. студэнтаў, у 200 недзярж. — 25 тыс. студэнтаў. Найбуйнейшыя ВНУ: Маскоўскі універсітэт, Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя, Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі, Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва — усе ў Маскве; Растоўскі дзяржаўны універсітэт, Санкт-Пецярбургскі універсітэт, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры, тэхн., шляхоў зносін (з 1809), аграрны, Горны, электратэхн., эканомікі і фінансаў, архітэктурна-буд., тэхнал., марскі, Рас. пед. ун-т і інш. ун-ты ў С.-Пецярбургу; Казанскі (з 1804), Томскі (з 1888), Саратаўскі (з 1904), Пермскі (з 1916), Іркуцкі (з 1918), Уральскі (з 1920; у Екацярынбургу), Новасібірскі (з 1959) ун-ты. У Маскве: Рас. ун-т дружбы народаў, ун-т міжнар. адносін, тэхн. ун-т імя Баўмана; радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі, авіяцыйны, энергетычны, аўтадарожны, інжынерна-фізічны, электронікі і матэматыкі і інш. — ін-ты са статусам тэхн. ун-та; тэхн. ун-т грамадзянскай авіяцыі, Рас. хіміка-тэхнал. ун-т, ін-т сталі і сплаваў (тэхнал. ун-т), тэхнал. ун-т «СТАНКІН», буд., пед., лінгвістычны, Горны, Рас. мед. ун-т, нафты і газу і інш. ун-ты; ін-ты: мед. стаматалагічны, эканоміка-фін., літ. імя М.​Горкага і інш.; акадэміі: Маскоўская духоўная (г. Сергіеў Пасад), Санкт-Пецярбургская духоўная, тэатр. мастацтва, лесатэхн. і інш. ў С.-Пецярбургу, Рас. музыкі, Рас. мед., с.-г. імя Ціміразева, Рас. эканам., Рас. фіз. культуры, тонкай хім. тэхналогіі, вет. медыцыны і біятэхналогіі, фінансава-юрыд., лёгкай прам-сці, прыборабудавання і інфарматыкі (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя б-кі: Расійская дзяржаўная бібліятэка ў Маскве, Расійская нацыянальная бібліятэка, Расійскай Акадэміі навук бібліятэка ў С.-Пецярбургу; Усерас. замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та, гіст., Рас. дзіцячая, Рас. па мастацтве, навукова-тэхн., навукова-мед., грамадска-паліт., с.-г., Рас. для сляпых, Рас. юнацкая (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя музеі: музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», Музей выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна, музеі Маскоўскага Крамля (у т. л. Аружэйная палата), Музей Усходу, Гістарычны музей, Музей народнага мастацтва, Політэхнічны, Дарвінаўскі, Палеанталагічны, сучаснай гісторыі Расіі, Музей архітэктуры імя А.​Шчусева і інш. ў Маскве; Эрмітаж, Рускі музей, Расійскі этнаграфічны музей, Аляксандра-Неўская лаўра, комплекс Петрапаўлаўскай крэпасці, н.-д. музей Рас. акадэміі мастацтваў (С.-Пецярбургскага ін-та жывапісу, скульптуры і архітэктуры), ваенна-марскі і інш. ў С.-Пецярбургу; палацы-музеі 18—19 ст. з паркавымі ансамблямі Гатчына, Паўлаўск, Петрадварэц, у г. Пушкін і інш. прыгарадах С.-Пецярбурга; гіст.-архітэктурны музей-запаведнік Каломенскае, музеі-сядзібы Астанкіна, Кускова ў Маскве, Абрамцава (каля г. Сергіеў Пасад), Л.​М.​Талстога ў Яснай Паляне (Тульская вобл.); музей-запаведнік А.​С.​Пушкіна (Пушкінскія Горы, Пскоўская вобл), нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі на в-ве Кіжы; музейнае аб’яднанне «Мастацкая культура» рускай Поўначы (г. Архангельск); гіст.-архітэктурныя і мастацкія, выяўл. мастацтваў, драўлянага дойлідства, музеі-запаведнікі і інш. «Залатога кальца Расіі» ў гарадах Сергіеў Пасад, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Яраслаўль, Кастрама, Суздаль, Уладзімір; музей зброі ў г. Тула і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ў Рас. АН (з 1724) і яе аддзяленнях: Далёкаўсходнім з навук. цэнтрамі (Прыморскі, Амурскі, Камчацкі, Сахалінскі, Паўночна-Усходні, Хабараўскі); Сібірскім з навук. цэнтрамі (Новасібірскі, Бурацкі, Іркуцкі, Кемераўскі, Краснаярскі, Омскі, Томскі, Цюменскі, Якуцкі); Уральскім з навук. цэнтрамі (Пермскі, Комі, Удмурцкі, Чэлябінскі), а таксама ў інш. навук. цэнтрах Рас. АН, у т. л. С.-Пецярбургскім, Дагестанскім, Кабардзіна-Балкарскім, Казанскім, Карэльскім, Кольскім, Самарскім, Саратаўскім, Уфімскім і інш. Навук. даследаванні праводзяць ун-ты, Рас. акадэмія с.-г. навук, Рас. акадэмія адукацыі, Рас. акадэмія мед. навук, Рас. навук. цэнтр «Курчатаўскі ін-т» і інш. Рас. вучоныя эфектыўна выкарыстоўваюць навук.-тэхн. патэнцыял, створаны за гады сав. улады ў СССР. Сусв. ўзроўню дасягнулі іх даследаванні ў галіне прыродазнаўчых (матэматыка, фізіка, у т. л. ядзерная, хімія, геалогія і акіяналогія, біялогія, медыцына), тэхнічных (авіяцыя, ракетабудаванне і касманаўтыка, электратэхніка і электроніка, кібернетыка і выліч. тэхніка), грамадскіх (гісторыя, археалогія, педагогіка, мастацтва- і літаратуразнаўства) і інш. навук. Асн. з гэтых напрамкаў працягваюць паспяхова развівацца. За адкрыцці ў галіне квантавай фізікі паўправаднікоў рас. вучонаму бел. паходжання Ж.​Алфёраву ў 2000 прысуджана Нобелеўская прэмія.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у Р. каля 10 тыс. перыяд. выданняў, у т. л. каля 5 тыс. газет. Буйнейшыя агульнарас. газеты: «Российская газета» (з 1990), «Комсомольская правда», «Труд», «Известия», «Красная звезда» (з 1924), «Независимая газета» (з 1990), «Российские вести» (з 1992), «Правда», «Общая газета» (з 1991), «Сегодня» (з 1993), «Рабочая трибуна» (з 1990), «Коммерсант-daily» (з 1992), «Советский спорт» (з 1924), «Советская Россия» (з 1956); штотыднёвікі — «Аргументы и факты», «Московские новости» (з 1930 для замежных чытачоў, з 1980 на рус. мове), «Литературная газета», «Литературная Россия» (з 1958, да 1963 «Литература и жизнь»), «Экономика и жизнь» (з 1918, назва мянялася, сучасная з 1990), «Культура» (з 1929, да 1991 «Советская культура»). Выдаюцца таксама газеты рэсп., краявыя, абл. і інш. на рус. і нац. мовах. Інфарм. агенцтвы: ІТАР—ТАСС, Расійскае інфармацыйнае агенцтва «Навіны», Інтэрфакс, Пастфактум (з 1989).

Радыёвяшчанне з 1919 (рэгулярнае з 1924). Дзейнасць радыё каардынуе Рас. дзярж. радыёвяшчальная карпарацыя (створана ў 1995 на базе Рас. дзярж. тэлерадыёкампаніі «Астанкіна», з 1991), у складзе якой федэральныя станцыі «Радыё Расіі», «Маяк», «Радыё-1», «Юнацтва», «Арфей», «Голас Расіі» (вядзе перадачы на рус. і 32 замежных мовах на ўсе рэгіёны свету), «Славянка», рэгіянальныя кампаніі «Масква» і «Масковія» (для Маскоўскай вобл.). Працуе Агульнарас. дзярж. радыёвяшчальная кампанія «Маяк» (створана ў 1997 на базе станцый «Маяк» і «Юнацтва—Маладзёжны канал»). Дзейнічаюць камерцыйныя і прыватныя («Еўропа плюс», «Рускае радыё», Радыё Расіі «Настальжы», «Рэха Масквы», «Наша радыё» і інш), грамадскія («Радыё АРТ», «Радыё РОКС», «Аўтарадыё») і інш. станцыі.

Тэлебачанне з 1932 (рэгулярнае з 1939, каляровае з 1967). Найбуйнейшыя тэлекампаніі Р. — Адкрытае акц. т-ва «Грамадскае расійскае тэлебачанне» (ААТ «ГРТ», з 1994), Усерас. дзярж. тэлевізійная і радыёвяшчальная кампанія (РТР, з 1990), Агульнарас. дзярж. тэлевізійны канал «Культура» (з 1997), Незалежная тэлевізійная кампанія (НТВ, з 1993), Маскоўская незалежная вяшчальная карпарацыя «ТВ-6. Масква» (з 1993), тэлевізійная кампанія «ТВ-Цэнтр» (з 1997). Працуюць 90 рэгіянальных, больш за 600 камерцыйных і прыватных кампаній і мясцовыя (муніцыпальныя) у гарадах і раённых цэнтрах. Дзейнічаюць 75 тэлецэнтраў, развіваюцца кабельнае вяшчанне, тэлерадыёвяшчанне ў камп’ютэрнай сетцы Інтэрнет, тэлевізійныя сеткі, якія спалучаюць спадарожнікавае тэлебачанне і розныя інш. формы, зарыентаваныя пераважна на краіны далёкага замежжа («РТР-тэлесетка», «НТВ плюс», «Сусветнае рускае ТВ»). У 1995 створана Нац. асацыяцыя тэлевяшчальнікаў.

Літаратура. Рус. л-ра — адна з найважнейшых галін духоўнай культуры рус. народа. Глебай для яе развіцця паслужыў фальклор, які бытаваў у розных жанравых формах (казкі, быліны, гераічныя песні, абрадавая паэзія), жывіў пісьмовую л-ру ідэямі, вобразамі і прыёмамі маст. творчасці. Пад яго ўздзеяннем складваліся найважнейшыя асаблівасці рус. л-ры, што ў далейшым сталі яе традыцыямі, — сувязь з жыццём, уменне ацэньваць падзеі з пункту гледжання народа, гарманічнае адзінства зместу і формы. Рус. л-ра спрыяла станаўленню і развіццю інш. нац. л-р, у т. л. суседніх — бел. і ўкр., адначасова ўзбагачаючыся і за іх кошт.

Вытокі рус. л-ры, як і бел., і ўкр., у л-ры Кіеўскай Русі — агульнай спадчыне ўсх.-слав. народаў. Помнікі л-ры 11—12 ст. неслі на сабе адбітак царкоўнасці, кніжнасці, былі вытрыманыя ў традыцыях хрысціянскай культуры (Астрамірава евангелле), але часам выходзілі за межы рэлігійнасці і адлюстроўвалі грамадскія інтарэсы (Павучанне Уладзіміра Манамаха, «Аповесць мінулых часоў», «словы» Кірылы Тураўскага, «Слова пра закон і дар божы» Іларыёна). У гэтых і інш. творах, асабліва ў «Слове аб палку Ігаравым», выдатным помніку ўсх.-слав. л-ры, і сёння гучаць усхваляваныя галасы людзей, занепакоеных лёсам роднага краю, змагароў за захаванне высокіх маральных законаў грамадскага жыцця, лепшых традыцый чалавечых паводзін і духоўных каштоўнасцей. Л-ра 13—14 ст. натхнялася ідэямі патрыятызму («Жыціе Аляксандра Неўскага», «Задоншчына» і інш.). Гэтыя творы пакінулі прыкметны след у літ. працэсе, паўплывалі на далейшы лёс л-ры. У перыяд утварэння рус. народнасці, складвання і ўмацавання Рус. дзяржавы (14—16 ст.) развіваліся жанры легендарна-гіст. аповесці, дасягнула росквіту рус. летапісанне. Пачалося кнігадрукаванне. Першая дакладна датаваная рус. друкаваная кніга «Апостал» надрукавана ў 1564 у Маскве І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам. Вядомыя жанры (хаджэнні, словы, падарожжы, летапісы, прытчы) папоўніліся творамі грамадз. характару: «Дамастрой», «Ступенная кніга». З’явілася свецкая публіцыстыка (М.​Грэк, І.Перасветаў). У 17 ст. пашырыліся сатыр. і бытавая аповесць («Пра Шамякаў суд»), паэзія і драматургія, узнік жанр аўтабіяграфіі («Жыціе пратапопа Авакума»). У гэты час л-ра імкнулася перагледзець ранейшыя пастулаты, актыўна засвойвала традыцыі фальклору, выкарыстоўвала магчымасці перакладу на рус. мову твораў зах.-еўрап. л-р. Уклад у станаўленне рус. л-ры гэтага перыяду зрабілі пісьменнікі — выхадцы з Беларусі (Сімяон Полацкі) Паглыбіліся сувязі л-ры з рэчаіснасцю, з бытавой сферай жыцця чалавека, сюжэты некат. твораў наблізіліся да рэальнасці; на жывую размоўную стыхію пачала арыентавацца мова. Л-ра 18 ст. развівалася пад уплывам канонаў класіцызму, іх паступовага пераадолення, з’яўлення высокапатрыят. прафес. пісьменніцкай дзейнасці. Рус. л-ра адчула на сабе ўплыў замежнага мастацтва, далучылася да выяўленых у ім новых тэндэнцый. Пашыралася яе тэматыка, з’явіліся новыя жанры (ода, балада, трагедыя, сатыра), мастацтва слова ўсё больш індывідуалізавалася, узніклі розныя літ. кірункі і школы. У 1730—70-я г. дасягнуў росквіту класіцызм (В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў). Ён спрыяў развіццю патрыят. тэматыкі, выхаванню грамадз. сумлення, ухваленню подзвігаў у імя Радзімы. Пісьменнікі спрабавалі тыпізаваць пэўныя з’явы, выкрывалі адмоўнае ў жыцці. Дысцыплінаваўся працэс творчасці, культывавалася ўзбагачэнне нац. л-ры здабыткамі інш. л-р, найперш антычнай як узору сапраўднага мастацтва. У 1780-я г. выявіўся крызіс класіцызму («мяшанне» стыляў і жанраў у паэзіі Г.Дзяржавіна, пераадоленне статычнасці вобразаў, тэм, канфліктаў у камедыях Дз.Фанвізіна, публіцыстыцы М.Навікова, сатыр. творах і артыкулах І.Крылова). Дзяржавін стаў выразнікам суб’ектыўнага пачатку ў новай рус. паэзіі, надаў ёй яскравы нац. характар. Камедыяй «Недаростак» Фанвізін даў плённы кірунак далейшаму літ. працэсу, даказаў, што ўсё звязанае з жыццём чалавека можа быць крыніцай прыгожага, пашырыў магчымасці сатыры. Паступова нараджаўся рус. сентыменталізм («Бедная Ліза» М.Карамзіна, жанры падарожжа, элегіі і інш.). «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава — яркі ўзор патрыят., антыпрыгоннага твора, сведчанне пераадолення тэматычнай і жанравай «вузкасці» новага літ. кірунку. У 19 ст. рус. л-ра пераадольвала абстрактнасць і кананічнасць, высокую пафаснасць класіцызму, ідэйна-вобразную «камернасць» сентыменталізму і лёгкай паэзіі, павучальнасць Асветніцтва. Яна развівалася ў рэчышчы сінтэзу «высокасці» і «бунтоўнасці» рамантызму (В.Жукоўскі, К.Бацюшкаў, Я.Баратынскі, А.Адоеўскі і У.Адоеўскі, ранні А.Пушкін, М.Лермантаў) і праўдападобнасці і гіст. канкрэтнасці рэалізму. Рус. рамантызм даў сапраўдныя ўрокі грамадзянскасці і вальналюбства, суб’ектывізаваў і індывідуалізаваў мастацтва слова, паглыбіў яго спавядальны, маналагічны характар. Ён адкрыў новага героя — змагара за свабоду, вызваліў л-ру ад класіцысцкай нарматыўнасці. Пісьменнікі-рамантыкі ўважліва ставіліся да выкарыстання фальклору, да стварэння ў л-ры нац. каларыту, аднаўлення гераічных старонак нар. гісторыі. У іх творах выразна акрэслівалася асоба мастака як творчай індывідуальнасці, самаахвярнага змагара за ідэалы свабоды і братэрства.

Творчасць Крылова і А.Грыбаедава спрыяла развіццю выпрацаваных раней рэаліст. тэндэнцый, складванню іх у сістэму ідэйна-эстэт. асваення рэчаіснасці, якая і прадвызначыла рэалізм як маст. кірунак. Байкі Крылова — узор беражлівых адносін да нар. поглядаў, маралі, этыкі. У іх — непаўторнасць характару народа, яго мудрасць і годнасць. Камедыя Грыбаедава «Гора ад розуму» — адзін з самых надзённых і вольналюбівых твораў драматургіі 19 ст. Пачынальнік новай рус. л-ры Пушкін упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», «Медны коннік»), лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці Белкіна»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. Лермантаў сінтэзаваў прынцыпы рамант. і рэаліст. мастацтва ў паэмах «Мцыры» і «Дэман», стварыў першы ў рус. л-ры псіхал. раман «Герой нашага часу». М.​Гогаль замацаваў традыцыі рэаліст. метаду, яго новай мадыфікацыі — крытычнага рэалізму, стаў прадвеснікам мадэрнісцкіх пошукаў у слоўнай творчасці. Крытык В.Бялінскі падтрымаў і тэарэтычна абгрунтаваў наяўнасць у тагачасным мастацтве рэв.-грамадзянскага і маральна-пошукавага кірункаў. Першы кірунак быў прадстаўлены рэв. дэмакратамі М.Чарнышэўскім (раман «Што рабіць?»), М.Дабралюбавым (крытыка), творамі М.Някрасава (грамадз. лірыка, паэмы «Чыгунка», «Каму на Русі жыць добра»), М.Салтыкова-Шчадрына (нарысы, казкі, раманы «Гісторыя аднаго горада», «Паны Галаўлёвы»), часткова У.Гаршына, М.Ляскова, Дз.Маміна-Сібірака, М.Памялоўскага, Ф.Рашэтнікава, В.Сляпцова, а ў канцы 19 ст. — пралетарскімі пісьменнікамі, у першую чаргу М.Горкім. Другі кірунак прадстаўлялі сваімі раманамі І.Ганчароў, І.Тургенеў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, апавяданнямі і п’есамі А.Чэхаў, п’есамі А.Астроўскі. Тургенеў, Ганчароў, Дастаеўскі змагаліся супраць зла, сцвярджалі ідэі дабра і справядлівасці, даследавалі складаны духоўны свет чалавека. Дзякуючы ім на перадавыя пазіцыі ў літ. працэсе выйшаў раман, неад’емнай рысай мастацтва стаў глыбокі псіхалагізм. Рэв. ідэям Талстой проціпаставіў ідэю маральнага ўдасканалення чалавека і чалавецтва ў цэлым, устаноўку на пошук гармоніі нерэв. шляхам (раманы «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Уваскрэсенне», аповесць «Хаджы-Мурат» і інш.). Блізкім да яго быў шлях у л-ры Чэхава, які маральнае зло ставіў вышэй за сацыяльнае і выводзіў адно з аднаго. У п’есах Астроўскага выкрывалася змрочнае царства цемры. Ф.Цютчаў замацаваў і развіў традыцыі філас. лірыкі Яскравую старонку рус. л-ры склала творчасць А.Фета, Г.Успенскага, У.Караленкі, І.Аксакава, С.Аксакава, К.​Лявонцьева. У канцы 19 ст. ў л-ру прыйшлі «малодшыя рэалісты» І.Бунін, А.Купрын, В.Верасаеў, Л.Андрэеў, І.Шмялёў, Б.Зайцаў і інш.; пісьменнікі сацыяліст. арыентацыі М.​Горкі, А.Серафімовіч, пралетарскія паэты, а таксама дэкадэнты (раннія сімвалісты). У 1910-я г. пачалася творчасць «неарэалістаў» А.М.Талстога, М.Прышвіна, К.Транёва, В.Шышкова, «новасялянскіх» паэтаў М.Клюева, С.Ясеніна і інш. На аснове рэаліст. традыцыі развівалася сатыра (А.Аверчанка, Н.Тэфі, С.Чорны). Зарадзіўся футурызм. Рэакцыяй на пазітывізм і эмпірызм стаў сімвалізм, які грунтаваўся на метафіз., інтуітыўным спасціжэнні тайнаў светабудовы праз суб’ектыўнае ўспрыманне творцы. Старэйшыя сімвалісты (Дз.Меражкоўскі, З.Гіпіус, В.Брусаў, К.Бальмонт, У.Салаўёў) спадзяваліся на рэліг. ператварэнне свету, «младасімвалісты» (А.Блок, А.Белы, В.Іванаў і інш.) — на яго эстэт. пераўтварэнне па законах прыгажосці На змену сімвалізму прыйшоў акмеізм (М.Гумілёў, Г.Ахматава, В.Мандэльштам, С.Гарадзецкі), які вярнуў паэзію ад абагульненай сімволікі да прадметна-канкрэтнай вобразнасці. Сімвалізм і акмеізм узбагацілі л-ру эстэт. адкрыццямі, паэт. культурай, засвоенай спадчынай айч. і сусв. л-ры. Футурызм вылучаўся агрэсіўна-прагматычным характарам, гуманіст. пафасам і антыбурж. скіраванасцю, разрывам з класічнай традыцыяй, «разбурэннем эстэтыкі», але футурысты (асабліва В.Хлебнікаў і У.Маякоўскі) адкрылі нявыкарыстаныя рэсурсы паэт. мовы, рэфармавалі вершаваную сістэму. Для л-ры да 1917 характэрны барацьба і ўзаемадзеянне рэаліст. і нерэаліст. тэндэнцый, узнікненне прамежкавых маст. з’яў: сінтэз рэалізму і рамантызму ў ранніх творах М.​Горкага, рэалізму і экспрэсіянізму ў творчасці Андрэева, рэалізму і імпрэсіянізму ў ранніх Буніна і Зайцава, неакласічныя тэндэнцыі ў творчасці М.Валошына, У.Хадасевіча. Гэта сведчанне разнастайнасці і унікальнасці рус. л-ры таго перыяду.

Пасля 1917 у Расіі пачаўся працэс фарміравання новай л-ры. У перыяд грамадз. вайны л-ра выконвала пераважна агітацыйна-прапагандысцкую функцыю, але яе змест не абмяжоўваўся рэв. тэматыкай. Рэвалюцыя і грамадз. вайна паказваліся ў гіпербалічных, алегарычных, сімвалічных вобразах («Дванаццаць» Блока, рэв. паэмы Ясеніна, «150 000 000» і «Містэрыя-буф» Маякоўскага), у масавых тэатр. «дзействах», у абстрактных вобразах паэзіі Пралеткульта. У 1-й пал. 1920-х г. рус. л-ра развівалася ва ўмовах адноснай свабоды творчасці, суіснавання літ. груп («Серапіёнавы браты», «ЛЕФ», «Перавал», Расійская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў, канструктывісты), розных кірункаў (рэалізм, рамантызм, сімвалізм), эксперыментавання ў галіне мовы. Неадназначна вырашаліся асн. праблемы часу: рэвалюцыя і гуманізм, стыхійнасць і свядомасць, герой і народ, асоба і грамадства. Грамадз. вайна паказвалася з класавых пазіцый («Жалезны паток» Серафімовіча, «Разгром» А.Фадзеева, «Чапаеў» Дз.Фурманава, «Данскія апавяданні» М.Шолахава) і з пазіцый надкласавых, агульначалавечых («Белая гвардыя» М.Булгакава, «Лебядзіны стан» М.Цвятаевай, вершы пра грамадз. вайну Валошына). З творчымі пошукамі звязаны тэмы рэвалюцыі і інтэлігенцыі («Гарады і гады» К.Федзіна, «Зайздрасць» Ю.Алешы, «Вар’яцкі карабель» В.Форш, «Севастопаль» А.Малышкіна і інш.), рэвалюцыі ў вёсцы (Л.Лявонаў, У.Іванаў, А.Нявераў, Л.Сейфуліна і інш.). У гады нэпа ў вострай палеміцы вырашаліся праблемы маралі, кахання, сям’і. У пэўных межах дапускалася сатыра на бюракратызм і мяшчанства (Булгакаў, М.Зошчанка, Ільф і Пятроў, Маякоўскі). Але з сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся класавы падыход да рэчаіснасці, сцвярджалася перамога рэв. абавязку над пачуццём («Любоў Яравая» Транёва, «Сорак першы» Б.Лаўранёва). Гіст. мінулае ацэньвалася з пункту гледжання класавай барацьбы, гіст. проза 1920-х г. грунтавалася на антыцарскай канцэпцыі («Апрануты каменем» Форш, «Кюхля» Ю.​Тынянава, «Разін Сцяпан» А.Чапыгіна). Раманам «Цэмент» Ф.Гладкова пачалася распрацоўка наватарскай тэмы працы. Дасягненне прозы 1920-х г. — зараджэнне жанру рамана-эпапеі («Жыццё Кліма Самгіна» М.​Горкага, 2 кнігі трылогіі «Блуканне па пакутах» А.​М.​Талстога, 2 кнігі «Ціхага Дона» Шолахава). Рамантычна-абагульнены стыль прозы першых паслярэв. гадоў змяніўся рэаліст. паказам характараў і падзей. Адкрыццём у паэзіі з’явіліся наватарскія лірыка і «лірычны эпас» Маякоўскага. Значны ўклад у паэзію Ясеніна, М.Асеева, Э.Багрыцкага, М.Забалоцкага, У.Лугаўскога; Б.Пастарнака, І.Сяльвінскага, М.Ціханава і інш. Ранняя сав. драматургія, пераадолеўшы абстрактнасць і побытавасць, раскрывала гіст. падзеі праз лёс асобы і ўзаемадзеянне характараў («Браняпоезд 14—69» У.​Іванава, «Разлом» Лаўранёва і інш.). 1930-я г. — перыяд складанага і супярэчлівага развіцця рус. л-ры. Негатыўны ўплыў зрабіў нарматыўны метад сацыялістычнага рэалізму. Аднак насуперак яго канонам былі створаны значныя творы, лепшыя з якіх адлюстравалі самаадданую працу, масавы энтузіязм народа, раскрылі філас., маральную і эстэт. значнасць працы («Соць» Лявонава, «Людзі з глухамані» А.​Малышкіна, апавяданні А.Платонава, «Узнятая цаліна» Шолахава, творы пра гармонію чалавека з прыродай Прышвіна, К.Паустоўскага) і інш. У л-ры сцвердзілася канцэпцыя гераічнай асобы, якая фактычна ігнаравала яе самакаштоўнасць. Небяспеку стандартызацыі чалавека ў таталітарнай дзяржаве прадказваў Я.Замяцін у антыутопіі «Мы». Супраць міфа пра сацыяліст. рай, супраць пабудовы сацыялізму любой цаной скіраваны антыутопіі «Катлаван», «Чавянгур», «Ювенільнае мора» Платонава. На агульным фоне шматлікіх твораў пра грамадз. вайну, пра правадыроў і герояў асабліва вылучыўся «Ціхі Дон», у якім Шолахаў паказаў, што жыццё больш універсальнае і багатае, чым ідэі класавай барацьбы, што вольналюбівы чалавек здольны супраціўляцца гвалту над сабой. А.​М.​Талстой у эпапеі «Блуканне па пакутах» пайшоў на кампраміс з уладай і сфальсіфікаваў некат. моманты грамадз. вайны; у рамане «Пётр Першы» ён пераадолеў антыцарскую канцэпцыю, паказаў і адмоўны, і прагрэсіўны бакі рас. дзяржаўнасці. Шырокім ахопам падзей вылучаліся рэв.-гіст. і ваен.-гіст. раманы «Угрум-рака» Шышкова, «Емяльян Пугачоў» і «Цусіма» А.Новікава-Прыбоя, «Гарачая пара ў Севастопалі» С.Сяргеева-Цэнскага. У паэзіі ўзмацніліся рысы эпічнасці (паэмы А.Твардоўскага, П.Васільева, Л.Мартынава). У драматургіі распрацоўвалася героіка-рэв. тэматыка («Першая Конная» і «Аптымістычная трагедыя У.Вішнеўскага, «Чалавек з ружжом» і «Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), псіхал. драма («Таня» А.Арбузава, «Машачка» А.Афінагенава). Развівалася дзіцячая л-ра (К.Чукоўскі, С.Маршак, А.Гайдар і інш.). Л-ра канца 1930-х г. усё глыбей напаўнялася антываен. і антыфаш. пафасам (творы Афінагенава, Ціханава, І.Эрэнбурга). Яна паказвала трыумф, але прыхоўвала трагедыю часу — масавыя рэпрэсіі. У гэтыя гады цяжка складваўся лёс многіх таленавітых пісьменнікаў.

Вызначальная рыса рус. л-ры часоў Вял. Айч. вайны — аптымізм, вера ў перамогу над ворагам, гуманізм. Масаваму гераізму народа, подзвігам воінаў і партызан прысвечаны публіцыст. артыкулы і нарысы А.​М.​Талстога, Шолахава, Лявонава, Эрэнбурга, Фадзеева, К.Сіманава і інш., аповесці «Няскораныя» Б.​Гарбатава, «Дні і ночы» Сіманава, «Валакаламская шаша» А.Бека, раман «Маладая гвардыя» Фадзеева, паэмы «Пулкаўскі мерыдыян» В.Інбер, «Сын» П.Антакольскага, «Зоя» М.Алігер, вершы Дз.Беднага, В.Лебедзева-Кумача, М.Ісакоўскага, С.Шчыпачова, А.Суркова, Сяльвінскага і інш. Л-ра ваен. гадоў прадаўжала гераічныя традыцыі рус. класічнай л-ры і фальклору («Рускі характар» А.​М.​Талстога, «Навука нянавісці», «Яны змагаліся за Радзіму» Шолахава). Вышэйшым увасабленнем самасвядомасці народа з’явіліся паэма-эпапея «Васіль Цёркін» Твардоўскага. Традыцыям рус. воінскай славы прысвечаны «Порт-Артур» А.​Сцяпанава, часткі «Брусілаўскі прарыў» і «Пушкі выстаўляюць» эпапеі «Ператварэнне Расіі» Сяргеева-Цэнскага.

Л-ра пасляваен. 10-годдзя прадаўжала маст. асэнсаванне подзвігу народа ў Вял. Айч. вайну: «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Б.​Палявога, «Зорка» Э.​Казакевіча, «У акопах Сталінграда» В.​Някрасава, «Бура» Эрэнбурга, паэзія К.​Ваншэнкіна, Ю.​Друнінай, М.​Луконіна, С.​Нараўчатава, Р.​Пажаняна, М.​Старшынава і інш. Аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, працоўныя будні горада і вёскі паказаны ў раманах «Далёка ад Масквы» В.​Ажаева, «Кружыліха» В.​Пановай, «Вадзіцелі» А.​Рыбакова, «Вышыня» Я.​Вараб’ёва, «Журбіны» У.​Кочатава, «Жніво» Г.​Нікалаевай і інш., у нарысах «Раённыя будні» В.​Авечкіна. Дасягненнем пасляваен. прозы стаў раман Лявонава «Рускі лес», які адыграў вял. ролю ў выхаванні патрыятызму, разумных адносін да прыроды. Найб. актуальныя тэмы тагачаснай паэзіі — пераход ад вайны да мірнай працы («Дом ля дарогі» Твардоўскага, «Рабочы дзень» Луконіна), барацьба за мір (цыклы вершаў Сіманава, Ціханава, Суркова і інш.). На развіццё л-ры, асабліва драматургіі, тады адмоўна паўплывалі тэорыі станоўчага героя і бесканфліктнасці.

Літ. жыццё актывізавалася на мяжы 1950—60-х г. на хвалі дэмакр. ўздыму пасля развянчання культу асобы Сталіна. Актам маральнага прасвятлення грамадства стала публікацыя аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» А.​Салжаніцына. Апавяданне Салжаніцына «Матронін двор» паклала пачатак т.зв. вясковай прозе (Ф.​Абрамаў, В.​Бялоў, Б.​Мажаеў, В.​Распуцін) з яе суровай праўдай пра жыццё вёскі і становішча сялянства. Раманы «Рускі лес» Лявонава, «Асударава дарога» Прышвіна, «Майстар і Маргарыта» Булгакава садзейнічалі развіццю філас. рамана. У раманах «Цар-рыба» В.​Астаф’ева, «Камісія» С.​Залыгіна, аповесцях У.​Цендракова і інш. ставіліся пытанні ўзаемаадносін чалавека з прыродай і людзьмі, праблемы творчасці. Змяніўся характар прозы пра Вял. Айч. вайну. Пачынаючы з «Жывых і мёртвых» Сіманава, вайна стала паказвацца ў яе гераічнай і трагічнай цэльнасці, на ўзроўні філас. абагульненняў і маральнага падыходу, паглыбленага псіхалагізму. Пашырыўся лірычны кірунак (В.​Бергольц, Паустоўскі, У.​Салаухін, С.​Круцілін, Ю.​Казакоў). Настрой «шасцідзесятнікаў» энергічна выявіла маладая паэзія (Б.​Акуджава, А.​Вазнясенскі, У.​Высоцкі, Я.​Еўтушэнка, Р.​Раждзественскі). Творчым развіццём фалькл. тэм і вобразаў, песеннасцю пазначана паэзія У.​Сакалова, А.​Дзяменцьева, М.​Дарызо, Л.​Ашаніна, С.​Вікулава, М.​Трапкіна і інш. Філас.; лірыку ўзбагацілі Антакольскі, Асееў, Твардоўскі, Мартынаў, Маршак, Я.​Вінакураў, М.​Святлоў, А.​Таркоўскі, Д.​Самойлаў і інш. Спалучэнне глыбока асабістага з роздумам пра Радзіму і час характэрна для паэзіі С.​Арлова, А.​Жыгуліна, А.​Межырава, Нараўчатава, Салаухіна, Б.​Слуцкага, Я.​Смелякова, В.​Тушновай, В.​Фёдарава, А.​Яшына і інш. Імкненне асэнсаваць супярэчнасці стагоддзя і пошукі новай гармоніі ўласцівы паэзіі Л.​Васільевай, Ю.​Кузняцова, М.​Рубцова, А.Чухонцава і інш. У 1960—70-я г. дасягнула апагея ваен. проза, пашырыла сферу паказу і дамаглася жанрава-стылявой разнастайнасці («Гарачы снег» і «Бераг», Ю.​Бондарава, аповесці і апавяданні Р.​Бакланава, Б.​Васільева, В.Кандрацьева і інш.). «Гарадская проза» (Р.​Кірэеў, У.​Маканін, Ю.​Трыфанаў і інш.) выявіла сімптом бездухоўнасці, мяшчанскай псіхалогіі ў жыцці інтэлігенцыі. Гэта была рэакцыя на грамадскі застой, які пачаўся з 2-й пал. 1960-х г. Л-ра дыягнаставала сац. хваробы грамадства («Сумны дэтэктыў» Астаф’ева, «Пажар» Распуціна). Пашырылі межы і навукова-сац. фантастыка (К.​Булычоў, А. і Б. Стругацкія, І.​Яфрэмаў і інш.), прыгодніцкая і дэтэктыўная л-ра (А. і Г. Вайнеры, Ю.​Сямёнаў і інш.). Дзіцячая л-ра прадстаўлена прозай В.​Драгунскага, А.​Ліханава, С.​Міхалкова, В.​Мядзведзева, М.​Носава, Рыбакова, паэзіяй С.​Баруздзіна, В.​Берастава, Б.​Захадэра, Міхалкова, І.​Такмаковай, Э.​Успенскага і інш. Сфарміраваліся л-ра трэцяй хвалі пісьменніцкай эміграцыі (В.​Аксёнаў, Г.​Уладзімаў, С.​Даўлатаў, У.​Максімаў і інш.), авангардызм (І.​Жданаў, Дз.​Прыгаў, Л.​Рубінштэйн і інш.) і постмадэрнізм.

Асабліва дынамічны і драм. перыяд развіцця рус. л-ры з канца 1980-х г. выкліканы зменамі паліт. і эканам. ладу ў Расіі. Вызваленне ад цэнзуры, легалізацыя забароненай і эмігранцкай л-ры надалі л-ры шырокае дыханне. Пасля публікацыі «Архіпелага ГУЛАГа» Салжаніцына актывізавалася «лагерная тэма» (В.​Шаламаў, Рыбакоў, Ю.​Дамброўскі). У канцы 1980-х г. упершыню апублікаваны «Рэквіем» Ахматавай, «Па праву памяці» Твардоўскага, «Доктар Жывага» Пастарнака, «Жыццё і лёс» В.​Гросмана, «Факультэт непатрэбных рэчаў» Дамброўскага, антыутопіі Платонава, сатыр. аповесці Булгакава. Даступнымі сталі творы да таго часу невядомых ці забытых пісьменнікаў (М.​Алданаў, Валошын, Гумілёў, Г.​Іванаў, У.​Набокаў, В.​Розанаў, А.​Рэмізаў, Хадасевіч і інш.). Вярнуліся з эміграцыі І.​Адоеўцава, У.​Вайновіч, А.​Зіноўеў, Салжаніцын і інш. Крытыка пераглядала традыц. тэмы сав. л-ры, найперш тэму калектывізацыі. Радыкальная пераацэнка творчасці М.​Горкага, Маякоўскага, А.​М.​Талстога, Шолахава паступова змянілася аб’ектыўным падыходам. Побач з шырока разгалінаванай маст. сістэмай рэалізму сфарміравалася маст. сістэма постмадэрнізму з яго варыянтамі («мета-метафарызм», канцэптуалізм, сац-арт і інш.). Жывы струмень постмадэрнізму ўзбагаціў л-ру таленавітымі творамі («Школа для дурняў» С.​Сакалова, «Масква—Петушкі» Венядзікта Ерафеева, «Амон Ра», «Жыццё насякомых» В.​Пялевіна), але і дыскрэдытаваў чалавека, проціпаставіў розуму культ цела, фізіялогію, паталогію (Віктар Ерафееў, Ю.​Мамлееў, У.​Сарокін).

Проза канца 20 — пач. 21 ст. выяўляе сац. супярэчнасці, адкрывае новыя псіхал. тыпы (нуварыш, аўтсайдэр, бомж), герояў «безгеройнага» часу, засяроджваецца гал. чынам на цяжкім лёсе «маленькага» і «сярэдняга» чалавека, паступова пераадольвае ранейшую бязвыхаднасць, песімізм, бытапісанне і падыходзіць да задачы «аднаўлення» чалавека. У асобных выпадках проза ўздымаецца да «вечных тэм» быцця, грунтуецца на дыхатаміі Дабра і Зла, Хрыста і Антыхрыста (раман Лявонава «Піраміда», апубл. ў 1994, які паставіў пытанне пра чалавечую цывілізацыю, што апынулася на ракавой мяжы самазнішчэння). Значны ўклад у сучасную прозу А.​Бітава, В.​Ганічава, М.​Кураева, Ю.​Палякова, Л.​Петрушэўскай, А.​Праханава, Т.​Талстой, В.​Токаравай і інш. Развіваецца гіст. проза (Дз.​Балашоў, Л.​Барадзін, А.​Сегень, Ю.​Фёдараў і інш.). Драматургія спрабуе асэнсаваць канфлікты часу перабудовы (У.​Аро, А.​Галін, А.​Казанцаў, М.​Каляда, М.​Арбатава, В.​Рысееў і інш.). У сучаснай паэзіі працуюць Б.​Ахмадуліна, Ваншэнкін, Р.​Казакова, Кузняцоў, П.​Кошаль, С.​Куняеў, В.​Ліпневіч, І.​Ляпін, Ю.​Морыц, В.​Сарокін, У.​Фірсаў, І.​Шклярэўскі і інш.

Руска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Бел. і рус. стараж. л-ры развіваліся ў межах адных і тых жа літ. жанраў, на агульнай жыццёвай аснове. Значную ролю ў станаўленні л-р абодвух народаў у стараж. часы адыгралі агульныя літ. помнікі: «Слова аб палку Ігаравым», «словы» Кірылы Тураўскага, рэгіянальныя летапісы, перакладная л-ра. Вял. значэнне для ўмацавання сувязей мела дзейнасць заснавальніка ўсх.-слав. і бел. кнігадрукавання Ф.​Скарыны. Традыцыі «Слова аб палку Ігаравым» адчувальныя ў помніку стараж. бел. л-ры — паэме Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Агульная для бел. і рус. л-р 2-й пал. 17—18 ст. была творчасць Сімяона Полацкага і Андрэя (Яна) Белабоцкага. Фанвізін у лістах з дарогі ў Парыж апісаў гарады Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе ён працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». На Беларусі пасля яе далучэння да Расіі (канец 18 ст.) распаўсюджваліся творы рус. пісьменнікаў. Літ. сувязі паміж народамі-суседзямі ніколі не перапыняліся, асабліва ўмацаваліся яны ў 19 ст., калі Вільня і Пецярбург сталі асяродкамі шматнац. культуры і л-ры. У гэты час многія рус. і бел. маст. творы з’явіліся на агульнай аснове («Энеіда навыварат» В.​Равінскага і падобны рускамоўны твор М.​Осіпава). Паэма «Тарас на Парнасе» арыентуе чытача на ўспрыманне і высокую ацэнку творчасці класікаў рус. л-ры Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Гогаля. Асветніцкія, гуманістычныя ідэалы польскамоўнай л-ры Беларусі (А.​Міцкевіч, У.​Сыракомля, Я.​Чачот і інш.) жывіліся творчасцю рус. класікі. З жыццём беларусаў былі знаёмыя Дзяржавін, Вяземскі, Рылееў, А.​Бястужаў-Марлінскі, Глінка. Бел. зямля — радзіма Дастаеўскага і Ф.​Булгарына. Першыя выступленні ў друку Грыбаедава звязаны са службай у Кобрыне і Брэсце, дзе ён знаёміўся з побытам і вуснай нар. творчасцю беларусаў, назіраў за будучымі прататыпамі сваіх твораў. Жыццём бел. народа цікавіліся Пушкін (сюжэт і лёс гал. героя рамана «Дуброўскі» ўзяты з бел. жыцця), Лермантаў (паводле бел. гісторыі напісаны паэмы «Ліцвінка» і «Баярын Орша»), Рылееў (дума «Рагнеда»), Гогаль. Някрасаў адзін з першых у рус. паэзіі стварыў вобраз беларуса (паэма «Чыгунка»). З глыбокай павагай пісаў пра беларусаў Дабралюбаў. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» ён выкрываў выдумкі пра «забітасць» і адсталасць бел. сялянства. На рус. мову перакладалі бел. фальклорныя творы А.​Майкаў, М.​Гербель. Ляскоў падарожнічаў з В.​Каратынскім па Беларусі, на бел. матэрыяле напісаў антынігілістычныя раманы «Няма куды» (пра паўстанцаў 1863—64) і «На нажах». На бел. матэрыяле створаны і некат. творы Рашэтнікава, І.​Лажэчнікава, К.​Масальскага, У.​Крастоўскага. Ад падарожных нататкаў, успамінаў, артыкулаў, паліт. трактатаў, вершаў і гісторыка-этнагр. нарысаў л-ра пераходзіла да стварэння абагульненага вобраза бел. народа, да маст. ўвасаблення яго духоўнага свету. Традыцыі рус. рэалістычнай вольналюбівай л-ры шанавалі і выкарыстоўвалі Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. вывучэнне бел. краю на навук. аснове вялі М.​Без-Карніловіч, П.​Шпілеўскі, І.​Насовіч, Е.​Раманаў, Я.​Карскі, П.​Шэйн, М.​Нікіфароўскі, якія знаёмілі рас. чытача з маст. л-рай, звычаямі, фальклорам беларусаў. На працы Без-Карніловіча і Шпілеўскага адгукнуўся ў друку Чарнышэўскі. Для прапаганды бел. л-ры ў рас. друку шмат зрабіў А.​Пагодзін, у полі зроку якога апынулася творчасць Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча. У Пецярбургу Я.​Купала пад уплывам сімвалістаў напісаў драму «Раскіданае гняздо», пазней — паэмы «На Куццю», «Адвечная песня» (уплыў Андрэева). Свой зб. «Шляхам жыцця» ён падпісаў Брусаву і Бальмонту. У многіх творах Цёткі паказана жыццё пецярбургскіх студэнтаў і рабочых. У Пецярбургу была створана выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выдадзены першыя кнігі Я.​Купалы («Жалейка») і Я.​Коласа («Песні-жальбы»), у 1912—14 дзейнічаў Беларускі навукова-літаратурны гурток. Важнае значэнне мелі прызнанне і высокая ацэнка творчасці Я.​Купалы і Я.​Коласа М.​Горкім, які адзначыў прастату, народнасць, меладычнасць іх твораў, пераклаў на рус. мову верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?», прыраўняўшы яго да гімна беларусаў. Я.​Купала, Цётка, Ц.​Гартны прызнавалі ўплыў на сваю творчасць Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Гогаля, Л.​Талстога. Багдановіч частку твораў напісаў на рус. мове, пераклаў на яе зб. вершаў «Вянок», апублікаваў артыкулы на рус. мове пра творчасць Ламаносава, Баратынскага, С.​Дрожжына і інш. рус. пісьменнікаў. Творчасцю бел. паэтаў цікавіўся Брусаў. Ён стаў адным з першых перакладчыкаў вершаў Я.​Купалы на рус. мову. Творы Я.​Купалы ў дакастр. час. перакладаў і А.​Карынфскі. Служба на тэр. Беларусі ў гады 1-й сусв. вайны адбілася на творчасці Блока. У канцы 19 ст. зроблены першыя пераклады на бел. мову асобных твораў рус. паэзіі (вершы Пушкіна, Някрасава, А.​К.​Талстога, байкі Крылова ў перакладах Гурыновіча, Багушэвіча, А.​Абуховіча; апавяданне «Сігнал...» У.​Гаршына). У 1903 М.​Косіч выдала ў Чарнігаве зборнік вольных наследаванняў «Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову». Бел. тэматыкай цікавіўся Бунін. Газ. «Наша ніва» друкавала ў перакладзе на бел. мову творы Л.​Талстога, Тургенева, Чэхава, М.​Горкага, Караленкі, Брусава, урыўкі з артыкулаў Бялінскага, адзначала юбілеі Л.​Талстога, Гогаля і інш. Артыкулы пра творчасць рус. пісьменнікаў, іх творы змяшчалі газеты, што выходзілі на Беларусі («Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский курьер» і інш.).

Пасля 1917 літ. сувязі паміж Беларуссю і Расіяй паглыбіліся. Больш частымі сталі творчыя кантакты (прыезды на Беларусь Маякоўскага, Пастарнака, Сіманава і інш. пісьменнікаў). Плённымі формамі сувязей сталі ўзаемныя пераклады твораў, святкаванні юбілеяў, з’езды пісьменнікаў, дэкады л-ры і мастацтва і інш. Я.​Купала зрабіў пераклады на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым» — празаічны (1919) і вершаваны (1921). Бел. газеты і часопісы («Звязда», «Беларуская вёска», «Маладняк», «Полымя» і інш.) друкавалі творы Маякоўскага, Дз.​Беднага, «камсамольскіх паэтаў» А.​Жарава, А.​Безыменскага, Святлова. У 1920—30-я г. творы рус. пісьменнікаў перакладалі З.​Астапенка («Маці» М.​Горкага), П.​Броўка («Уладзімір Ільіч Ленін» Маякоўскага), М.​Гарэцкі (апавяданні М.​Горкага, «Разгром» Фадзеева), М.​Грамыка (творы Л.​Талстога), І.​Дварчанін і А.​Дудар («Дванаццаць» Блока), М.​Зарэцкі («Цэмент» Гладкова), Я.​Колас («Палтава» Пушкіна), К.​Крапіва (творы Фанвізіна, Крылова, Пушкіна, Гогаля, Астроўскага, Маякоўскага), Я.​Купала («Медны коннік» Пушкіна), А.​Куляшоў («Цыганы» Пушкіна), Р.​Лынькоў і В.​Вітка («Добра!» Маякоўскага), М.​Багун, С.​Баранавых, Р.​Бахта, М.​Клімковіч, Я.​Скрыган, Ю.​Таўбін, К.​Чорны, А.​Якімовіч і інш. Засваенне традыцый рус. класікі стала важным фактарам развіцця бел. л-ры. Пушкін паўплываў на станаўленне бел. паэзіі (Я.​Купала, Я.​Колас, Багдановіч), рус. класічны раман садзейнічаў нараджэнню гэтага жанру ў бел. л-ры (Ц.​Гартны, К.​Чорны, П.​Галавач і інш.). Філас. пошукі К.​Чорнага абумовілі яго цікавасць да творчасці Дастаеўскага, М.​Горкага. Горкаўскія традыцыі шмат у чым паўплывалі на творчасць М.​Чарота, Ц.​Гартнага, Зарэцкага. Моцнае ўздзеянне на паэзію М.​Чарота, Броўкі, Куляшова зрабіў Маякоўскі; творчасць яго і Дз.​Беднага садзейнічала развіццю бел. сатыры. Уплыў Ясеніна адчуваецца ў паэзіі П.​Труса, Я.​Пушчы і інш. маладнякоўцаў. Плённай традыцыяй рус. л-ры стала імкненне знаёміць сваіх чытачоў са здабыткамі бел. л-ры. У 1919 у Маскве выйшла кніга Я.​Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (складальнік і рэдактар І.​Белавусаў). У 1920—30-я г. на рус. мове выдадзены творы Я.​Коласа «У палескай глушы», М.​Чарота «Апавяданні», Ц.​Гартнага «Трэскі на хвалях» і «Аповесці і апавяданні», Галавача «Праз гады», А.​Александровіча «Шчаслівая дарога»; «Анталогія беларускай літаратуры» і зб. «Паэзія Савецкай Беларусі». У 1931 М.​Горкі рэкамендаваў выдаць у серыі «Бібліятэка паэта» творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Коласа, Багдановіча. Серафімовіч у прывітанні 1-му з’езду БелАПП прадказаў росквіт бел. л-ры, раіў перакладаць яе на інш. мовы. Умацаванню рус.-бел. сувязей садзейнічалі 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў (1934), усенар. святкаванне юбілею Пушкіна (1937), 750-годдзя «Слова аб палку Ігаравым» (1938). У 1936 у Мінску адбыўся 3-і пленум праўлення Саюза сав. пісьменнікаў СССР, прысвечаны бел. і башкірскай л-рам, у перакладзе на бел. мову выйшла «Анталогія рускай савецкай паэзіі». Наладжваліся творчыя кантакты бел. пісьменнікаў з пісьменнікамі Масквы, Смаленска і інш. гарадоў. Вял. Айч. вайна вызначыла агульнасць тэм, ідэй, вобразаў у творах рус. і бел. пісьменнікаў. На рус. мове выдадзены кніга Я.​Купалы «Народ-мсцівец», зб-кі твораў бел. пісьменнікаў «За Савецкую Беларусь» і «Беларусь змагаецца», кнігі вершаў Я.​Коласа, Броўкі, П.​Панчанкі, паэма Куляшова «Сцяг брыгады», зб-кі «Апавяданні» і «Васількі» М.​Лынькова.

У пасляваенны час узаемадзеянне рус. і бел. л-р узмацняецца, пашыраюцца кантакты паміж пісьменнікамі і перакладчыцкая дзейнасць. На рус. мове выдаюцца найб. значныя творы бел. празаікаў, паэтаў, драматургаў (зб. «Паэты Беларусі», 1947; «Анталогія беларускай паэзіі», 1952; зб. «Беларускія апавяданні», 1955, і інш.). Адначасова на бел. мове выдадзены зб-кі «Паэты Ленінграда» (1948), «Рускія асілкі. Быліны» (1950), «Апавяданні ленінградскіх пісьменнікаў» (1951), анталогія «Руская савецкая паэзія» (1953) і інш. Актывізавалася вывучэнне ўзаемадзеяння рус. і бел. л-р (кн. М.​Клімковіча «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру», 1955; В.​Івашына «М.​Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.», 1956). Шмат увагі бел. л-ры аддаваў Фадзееў. У 1943 ён пісаў пра «Выбраныя творы» Я.​Купалы, што «даўно не чытаў больш чыстай кнігі»; у 1950-я г ў лістах да І.​Мележа, П.​Пестрака, М.​Паслядовіча, А.​Вольскага выказваў свае думкі і заўвагі пра раманы «Мінскі напрамак», «Сустрэнемся на барыкадах», «Святло над Ліпскам» і п’есу «Несцерка». Вял. роля ў папулярызацыі бел. л-ры належыць Твардоўскаму. Ён прысвяціў Беларусі вершы «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша», «Зяць і цешча» і інш., нарысы «У Віцебску», «Першы дзень у Мінску», «Сэрца народа», «Пра ластаўку», «Паездка ў Гродна», «Лявоніха», «Слаўны дзед», перакладаў на рус. мову бел. нар. песні, творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Куляшова, М.​Засіма, М.​Сурначова і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Броўка, А.​Бялевіч, М.​Калачынскі, К.​Крапіва, Куляшоў, Р.​Няхай, А.​Русак, М.​Танк і інш. Твардоўскі прызнаваў уплыў на яго творчасць Я.​Купалы, сведчыў, што паэма Куляшова «Сцяг брыгады» паўплывала на яго паэму «Дом ля дарогі». Творчасці Куляшова ён прысвяціў арт. «Паэма «Сцяг брыгады» і «Сталасць таленту». Памяці Твардоўскага прысвечана паэма «Варшаўскі шлях» Куляшова. Побач з перакладчыцкай дзейнасцю інтэнсіўна развіваліся інш. формы літ. узаемасувязей, рэгулярна праводзіліся дэкады, тыдні, дні л-ры і мастацтва. У 1965 пачаў дзейнічаць Савет па бел. л-ры пры Саюзе пісьменнікаў СССР, які каардынаваў работу па літ. узаемасувязях. У перакладзе на рус. мову выдадзены зборы тв. Я.​Купалы (т. 1—3, 1982), Я.​Коласа (т. 1—4, 1951—52; т. 1—4, 1982—83), Броўкі (т. 1—4, 1981—82), В.​Быкава (т. 1—4, 1985—86) і інш. Творы рус. пісьменнікаў выдаваліся на Беларусі і ў арыгінале. Над перакладамі твораў бел. л-ры актыўна працавалі і працуюць рус. паэты Ісакоўскі, Пракоф’еў, М.​Рыленкаў, С.​Гарадзецкі, М.​Галодны, Дз.​Кавалёў, М.​Камісарава, К.​Шавялёва, І.​Шклярэўскі, перакладчыкі — А.​Астроўскі, М.​Гарбачоў, П.​Кабзарэўскі, Я.​Мазалькоў, Я.​Хелемскі, В.​Шчадрына і інш. Сведчанне сталасці бел. перакладчыцкай школы — зварот да тонкай лірыка-псіхал. прозы Паустоўскага, Казакова, метафарычнай паэзіі Ясеніна.

Многія рус. пісьменнікі звярталіся і звяртаюцца да бел. тэматыкі. Пра жыццё бел. народа, яго ўдзел у Вял. Айч. вайне, працоўныя будні пісалі Л.​Абухава (аповесці «Глыбінь-Гарадок» і «Віцьбічы»), В.​Кажэўнікаў (нарыс «Па дарогах Беларусі»), І.​Шток (п’еса «Гастэла»), Л.​Ракоўскі (аповесць «Канстанцін Заслонаў»), Б.​Касцюкоўскі (аповесць «Нітка Арыядны»), Вараб’ёў (раман «Зямля, да запатрабавання») і інш. Ваен. дарогі і памяць пра вайну навек зраднілі з бел. зямлёю Сіманава. Ён не раз прыязджаў на Беларусь, прысвяціў ёй многія старонкі свайго дзённіка «Розныя дні вайны» і раман «Апошняе лета», пераклаў на рус. мову паэму Таўлая «Таварыш». Бел. матэрыял выкарыстаны ў раманах «Касцёр» К.​Федзіна, «Вёрсты любві» А.​Ананьева, «Момант ісціны» У.​Багамолава, «Вайна» Стаднюка. Шырокі водгук у рус. л-ры атрымала гераічная абарона Брэсцкай крэпасці («Крэпасць над Бугам», «Брэсцкая крэпасць» і «Героі Брэсцкай крэпасці» С.​Смірнова, «Бессмяротны гарнізон» Сіманава, «Дзяўчына з Брэста» Ю.​Якаўлева, «Пеця Клыпа» М.​Лісянскага, «У спісах не значыўся» Васільева, зб-кі вершаў «Рэха ў граніце» і «Табе, Беларусь»). Беларусі прысвечаны вершы Дз.​Беднага, Вазнясенскага, Ю.​Воранава, Гарадзецкага, Я.​Далматоўскага, Ісакоўскага, Камісаравай, Кошаля, Куняева, Ляпіна, Пракоф’ева, Смелякова, Шавялёвай, паэма В.​Саянава «Белавежская аповесць» і інш. Вобраз Расіі паўстае ў вершах Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Вялюгіна, Я.​Каршукова, Куляшова, Е.​Лось, Панчанкі, Г.​Пашкова, А.​Пысіна, Ю.​Свіркі, У.​Скарынкіна, Э.​Скобелева, Б.​Спрынчана, В.​Спрынчана, М.​Танка, Я.​Янішчыц і інш.

У 1999 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» выйшла кніга «Роднасць: Анталогія братэрства», у якой змешчаны вершы, літ., публіцыст. эсэ бел. паэтаў пра Р., рус. паэтаў — пра Беларусь. На Беларусі жылі і працавалі рускамоўныя пісьменнікі Ю.​Багушэвіч, М.​Гарулёў, М.​Герасімаў, М.​Кругавых, У.​Машкоў, І.​Мяла, Г.​Папоў, П.​Харкоў, К.​Цітоў, І.​Шапавалаў, М.​Аляксееў, працуюць А.​Дракахруст, А.​Скарынкін, Скобелеў, Б.​Спрынчан, В.​Спрынчан, М.​Чаргінец, Э.​Ялугін, С.​Яўсеева і інш.

Шматгранныя сувязі рус. і бел. л-р удасканальваюцца, набываюць новыя формы, напр., творчае супрацоўніцтва пісьменнікаў («Блакадная кніга» Адамовіча і Граніна, ч. 1—2, 1977—81), літ.-знаўчыя даследаванні. У вывучэнне бел. л-ры зрабілі ўклад рус. даследчыкі Мазалькоў («Янка Купала», 1949, 5-е выд. 1961; «Якуб Колас», 1960; «Зямля, якая спявае», 1965), А.​Аўчарэнка («Сучасны беларускі раман», 1971, 2-е выд. 1978), І.​Вішнеўская («Камедыя на арбіце», 1979), Л.​Лазараў («Васіль Быкаў», 1979), І.​Дзядкоў («Васіль Быкаў», 1980). У сучасным літ.-знаўстве літ. ўзаемасувязі — прадмет і сродак вывучэння заканамернасцей літ. працэсу. Кожная праблема вывучаецца з улікам узаемасувязі і ўзаемадзеяння братніх л-р, найб. дэталёва даследуюцца традыцыі і наватарства, творчая індывідуальнасць пісьменнікаў, тыпалагічная агульнасць і адрозненні. Вывучэнню рус.-бел. сувязей прысвечаны працы Н.​Перкіна «У сям’і братніх літаратур» (1967), М.​Ларчанкі «Яднанне братніх літаратур» (1974), Р.​Бярозкіна «Звенні», А.​Ленсу «Дакастрычніцкая творчасць Я.​Купалы ў святле літаратурных сувязей і традыцый» (абедзве 1976), В.​Гапавай «Беларуска-рускае паэтычнае ўзаемадзеянне» (1979). Глыбока вывучаюцца традыцыі Л.​Талстога і Дастаеўскага ў бел. прозе (Адамовіч «Кузьма Чорны: Урокі творчасці», 1977; «Леў Талстой і беларуская літаратура: (Вайна і чалавек)», 1978), выявілася цікавасць даследчыкаў да шолахаўскай традыцыі ў творчасці Мележа і інш. празаікаў, да традыцыі Фадзеева, у творчасці якога спалучаліся трагедыйнасць і рамант. пафас. Рус. л-ру даследавалі і даследуюць бел. літ.-знаўцы А.​Жакаў, В.​Івашын, Л.​Кароткая, Ф.​Куляшоў, А.​Лемешаў, Г.​Няфагіна, І.​Скарапанава, А.​Станюта, С.​Чубакоў, А.​Шалемава і інш. Вывучэнне традыцый памагае глыбей зразумець наватарства і нац. спецыфіку бел. л-ры. Засвоіўшы вопыт. рус. л-ры, бел. л-ра ў сваю чаргу ўзбагаціла яе самабытнай паэзіяй, арганічна звязанай з фальклорам, наватарскімі адкрыццямі ў ваен. прозе (шырокі паказ партыз. вайны, захаванне памяці пра нар. вайну — «Я з вогненнай вёскі...» Адамовіча, Брыля, У.​Калесніка, 1975; аповесці Быкава і інш.). Да 200-годдзя з дня нараджэння Пушкіна выдадзены кнігі «Аляксандр Пушкін і Якуб Колас» М.​Тычыны, «А.​С.​Пушкін і Беларусь = А.​С.​Пушкин и Беларусь» (абедзве 1999) і інш. Выдатным дасягненнем бел. літ.-знаўцаў пад эгідай Ін-та л-ры імя Я.​Купалы з’яўляецца даследаванне «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).

Архітэктура. З эпохі палеаліту даследчыкамі выяўлены паселішчы з прымітыўнымі жытламі зямляначнага ці паўзямляначнага тыпу. У неаліце пашырыліся наземныя пабудовы, паселішчы на палях. У эпоху энеаліту і бронз. веку рабілі пабудовы з бярвення. У 8—7 ст. да н.э. пашырыўся тып паселішча, абкружанага валам і частаколам. З 10 ст. ў рамках мастацтва Кіеўскай Русі развіваліся мясц. арх. школы (гл. Наўгародская школа дойлідства, Пскоўская школа дойлідства, Уладзіміра-Суздальская школа дойлідства). Перапыненае мангола-татарскім нашэсцем развіццё стараж.-рус. архітэктуры з канца 13 ст. аднавілася як працэс фарміравання ўласна рус. маст. культуры. Асаблівага росквіту дасягнула наўгародская школа, у пабудовах якой быў выпрацаваны новы тып храма з 3-лопасцевым або шчыпцовым завяршэннем. Будаваліся велічныя манастырскія ансамблі: Аляксандра-Неўская лаўра, Андронікаў манастыр, Валаамскі манастыр, Данскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Ноўгарад-Северскі Спаса-Праабражэнскі манастыр, Пскова-Пячорскі манастыр, Салавецкі манастыр, Ферапонтаў манастыр і інш. Вызначальная роля ў развіцці архітэктуры з 14 ст. належыць Маскве, якая сінтэзавала дасягненні мясц. школ (гл. Маскоўская школа дойлідства). У канцы 14 — пач. 15 ст. склаўся маскоўскі тып храма з павышанымі падпружнымі аркамі і ярусамі какошнікаў (Успенскі сабор «на Гарадку» ў г. Звянігарад). Да пач. 16 ст. склаўся велічны ансамбль Крамля Маскоўскага, у 16—17 ст. — Пскоўскага крамля, Растоўскага крамля, пабудаваны крамлі ў Волагдзе, Зарайску, Каломне, Ніжнім Ноўгарадзе, Серпухаве, Смаленску, Туле і інш. У 16 ст. ў маскоўскім дойлідстве ўзнік своеасаблівы тып каменнага храма — вежа, крытая шатром (царква Ушэсця ў Каломенскім, Васіля Блажэннага храм у Маскве), будаваліся 4-стоўпныя мураваныя храмы з 5 купаламі (сабор Новадзявочага манастыра ў Маскве). Дамінавала драўлянае дойлідства: у свецкай архітэктуры найб. пашырыўся тып ізбы-зруба пад двухсхільным дахам, у культавай — кубічнага храма, унутр. прастора якога члянілася на паралельныя нефы слупамі, што падтрымлівалі скляпенні і 1—5 купалаў. У мураванай царк. архітэктуры пераважалі невял. цагляныя ці каменныя храмы без слупоў, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.

З 17 ст. склаўся тып палаца-харомаў, які складаўся са зрубаў-церамоў, аб’яднаных пераходамі (царскі палац у Каломенскім, 1667—81). Зменшылася адрозненне паміж культавым і свецкім дойлідствам: унутр. прастора вырашалася як вял. светлая зала, узмацнілася роля лесвіц і аздобленых шатрамі ганкаў. У 2-й пал. 17 ст. архітэктура цэркваў набывала ўсё больш маляўнічы, «узорысты» характар (рэльефная муроўка, кафляныя ўстаўкі і інш.), асабліва ў пабудовах нарышкінскага барока. Узнік новы ярусны тып храма (царква Пакрова ў Філях пад Масквой, 1693—94, і інш.). Новыя гарады і крэпасці будаваліся на Пд і ў Сібіры. Высокім маст. узроўнем вызначаліся пабудовы ў Архангельску (Гасціны двор), Калузе (дом Корабавых), Пераслаўлі-Залескім, Пскове (палаты Паганкіных і дом Лапіна), Яраслаўлі (царква Іаана Прадцечы ў Талчкове) і інш. У 17—18 ст. вельмі цікавае своеасаблівае драўлянае дойлідства (арх. ансамбль на в-ве Кіжы, цэрквы ў Кондапазе). Пераўтварэнні Пятра I прывялі да карэнных змен у архітэктуры: з’явілася рэгулярная планіроўка ў духу еўрап. горадабудаўніцтва, выкарыстоўвалася ордэрная сістэма і інш. Пачалося буд-ва Пецярбурга, для чаго былі запрошаны еўрап. архітэктары Ж.​Б.​Леблон, Д.​Трэзіні, А.​Шлютэр і інш. У 1-й пал. 18 ст. дамінавала барока, на 2-ю пал. 18—1-ю чвэрць 19 ст. прыпадае станаўленне і росквіт рус. класіцызму і ампіру. Выдатныя ансамблі стварылі В.​Бавэ, В.​Бажэнаў, М.​Бенуа, А.​Вараніхін, Д.​Жылярдзі, А.​Захараў, Ч.​Камерон, М.​Казакоў, А.​Какорынаў, Дж.​Кварэнгі, І.​Корабаў, М.​Львоў, В.​Растрэлі, К.​Росі, І.​Староў, В.​Стасаў, Дз.​Ухтамскі, С.​Чавакінскі і інш. (гл. таксама Адміралцейства, Зімні палац, Ісакіеўскі сабор, Казанскі сабор, Летні сад, Петрадварэц, Петрапаўлаўская крэпасць, Смольны). У буйных загарадных сядзібах ясная і строгая класіцыстычная архітэктура палацаў спалучалася з характэрнымі для таго часу рэгулярнымі і пейзажнымі паркамі (гл. Абрамцава, Астанкіна, Кускова). У архітэктуры 2-й пал. 19 ст. пераважалі эклектыка і стылізацыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. узніклі новыя горадабудаўнічыя ідэі: пасёлкі тыпу горада-сада (арх. У.​Сямёнаў), праекты новых раёнаў (І.​Фамін) і частковай рэканструкцыі (Л.​Бенуа) Пецярбурга. Пэўныя змены ў аблічча гарадоў унеслі мадэрн (Ф.​Лідваль, Ф.​Шэхтэль) і кірункі, якія выкарыстоўвалі традыцыі стараж.-рус. дойлідства (У.​Пакроўскі, А.​Шчусеў ў класіцызму (Фамін), рэнесансу (І.​Жалтоўскі). У 1920-я г. ствараліся новыя тыпы жылых і грамадскіх пабудоў — дамы-камуны, рабочыя клубы і інш. Пашырыліся плыні, якія распрацоўвалі функцыянальна-канструктыўныя ідэі, пабудовы вызначаліся геаметрычнасцю і строгасцю аб’ёмаў, рацыянальнасцю планіровачных і канструктыўных вырашэнняў. Узніклі новыя прамысл. цэнтры — Магнітагорск, Новакузнецк і інш. Архітэктура 2-й пал. 1930-х г. вызначалася паваротам да манументалізаваных вобразаў, засн. на класічнай традыцыі. Вяліся рэканструкцыя гарадоў, комплексная забудова жылых раёнаў, пачаў будавацца маскоўскі метрапалітэн. Аднак нятворчае стаўленне да спадчыны часта прыводзіла да эклектызму і халоднай параднасці. Сярод вядучых архітэктараў Р.​Бархін, А., В. і Л. Весніны, А.​Гегела, У.​Гельфрэйх, М.​Гінзбург, І. і П. Голасавы, Б.​Іафан, І.​Леанідаў, К.​Мельнікаў, І.​Нікалаеў, Л.​Руднеў, У.​Шчуко і інш. У канцы 1940-х — 1950-я г. значнымі сталі аднаўленне і рэканструкцыя гарадоў (К.​Алабян, Г.​Арлоў, М.​Баранаў, Бархін, Г.​Гольц, В.​Каменскі, А.​Навумаў, В.​Сімбірцаў і інш.), стварэнне вышынных будынкаў у Маскве (Гельфрэйх, М.​Мінкус, А.​Мндаянц, М.​Пасохін), адмаўленне ад пераймання гіст. стыляў, пашырэнне індустр. канструкцый, перанос гал. акцэнту на жыллёвае буд-ва. Асаблівая ўвага звярталася на ўзаемасувязі прамысл. і жылых раёнаў, развіццё трансп. артэрый і комплексаў абслугоўвання; у буд-ве асобных будынкаў — на выкарыстанне функцыянальна апраўданых форм, адпаведных спецыфіцы матэрыялаў, актыўнае ўвядзенне ў фарміраванне арх. аблічча твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1960—80-я г. тыпалогія буйнапанэльнага домабудаўніцтва набыла большую разнастайнасць, змешаная забудова раёнаў будынкамі розных паверхаў дазволіла пераадолець аднастайнасць масавай жылой архітэктуры і ўзмацніць выразнасць арх. комплексаў, у т. л. і грамадскіх (напр., Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве). Сярод вядучых архітэктараў Л.​Баталаў, Я.​Белапольскі, С.​Галаджава, С.​Еўдакімаў, А.​Жук, Б.​Злобін, С.​Ісмаілаў, Ю.​Лапаткін, І.​Пакроўскі, А.​Палянскі, Б.​Рубаненка, Р.​Семярджыеў, С.​Спяранскі, Я.​Стома, Б.​Тхор, М.​Улас, Ю.​Шавярдзяеў і інш. У 1990-я г. ўзрасла эстэт. выразнасць забудовы, лаканічнасць і яснасць форм, пашырылася буд-ва жылых дамоў палепшанай планіроўкі, дзярж., грамадскіх, прыватных банкаўскіх, офісных і інш. будынкаў у рэчышчы сучасных кірункаў зах. архітэктуры, культавых пабудоў у традыц. канфесіянальных формах. У 1983 створаны Саюз архітэктараў Р.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Р. выяўлены помнікі культуры палеаліту (размалёўкі Капавай пячоры на Урале, каменныя і касцяныя статуэткі з Касцёнак у Варонежскай вобл. і Мальты каля Іркуцка і інш.) і неаліту (наскальныя выявы ў Карэліі і Сібіры, арнаментаваная кераміка, разьбянае драўлянае начынне і інш.). З энеаліту і бронз. веку вядомы манум. каменная скульптура, арнаментаваныя вырабы з бронзы (зброя, статуэткі і інш.). У 8—7 ст. да н.э. быў пашыраны звярыны стыль. З 9—10 ст. развівалася культура ўсходнеслав. плямён у межах культуры Кіеўскай Русі. Уласна рус. мастацтва пачало складвацца з канца 13 ст. Развіваўся жывапіс, пачалі складвацца маст. школы: Наўгародская школа жывапісу, Пскоўская школа жывапісу, Уладзіміра-Суздальская школа жывапісу. У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. высокім маст. узроўнем вызначаліся творы Феафана Грэка, Данііла Чорнага, А.​Рублёва, у канцы 15 — пач. 16 ст. — Дыянісія, скульптуры В.​Ярмоліна. З 2-й пал. 15 ст. цэнтрам рус. маст. культуры стала Масква, у якой для аздаблення храмаў і палацаў былі сканцэнтраваны буйныя творчыя сілы, у т. л. з Беларусі (старцы Арсеній і Іпаліт, К.​Міхайлаў, С.​Палубес і інш.; гл. таксама Беларуская рэзь). У 16 ст. гарманічная стройнасць і святочная ўрачыстасць жывапісу змянілася імкненнем да алегарычнасці і павучальнасці, рабіліся спробы звязаць іканапіс з рэальнай гісторыяй (абраз «Царква ваяўнічая», напісаны ў гонар узяцця Казані). Пачала развівацца гравюра (дрэварыты да кн. «Апостал», 1564). На мяжы 16—17 ст. склалася Строганаўская школа жывапісу з яе вытанчана-мініяцюрным пісьмом. У іканапісе 17 ст. павялічылася цікавасць да больш рэаліст. перадачы прасторы, аб’ёму і святлаценю (С.​Ушакоў). Манум. жывапісу ўласцівы апавядальнасць сюжэтаў і яркая дэкаратыўнасць (размалёўкі храмаў Кастрамы, Масквы, Яраслаўля і інш.). Пачало складвацца свецкае мастацтва, узнік партрэтны жанр — парсуна Інтэнсіўна развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: ювелірная справа, разьба па дрэве і камені, кераміка, вышыўка, маст. апрацоўка металу. У 18 ст. пачало дамінаваць свецкае мастацтва: развіваўся партрэтны жанр у жывапісе (А.​Антропаў, І.​Аргуноў, У.​Баравікоўскі, І.​Вішнякоў, Л.​Каравак, Дз.​Лявіцкі, А.​Мацвееў, І.​Нікіцін, Ф.​Рокатаў) і скульптуры (Б.​К.​Растрэлі, Ф.​Шубін) узніклі гіст. (А.​Дасенка, Р.​Угрумаў), быт. (І.​Фірсаў, М.​Шыбанаў, І.​Ермянёў) і пейзажны (Ф.​Аляксееў, С.​Шчадрын) жанры. Пашыраліся відавая і батальная гравюра, дэкар. размалёўка. 2-я пал. 18—1-я чвэрць 19 ст. — перыяд станаўлення рус. класіцызму, прынцыпы якога вызначала Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Грамадз. пафас класіцызму найб. ярка выявіўся ў станковай (М.​Казлоўскі, І.​Пракоф’еў), мемарыяльнай (Ф.​Гардзееў, І.​Мартас), манум.-дэкар. (В.​Дэмут-Маліноўскі, С.​Піменаў, Э.​Фальканэ, Ф.​Шчадрын) скульптуры.

У 1-й пал. 19 ст. побач з класіцыстычным жывапісам (А.​А.​Іванаў, А.​І.​Іванаў, В.​Шабуеў) узнікла мастацтва, прасякнутае павевамі рамантызму (партрэты К.​Брулова, А.​Кіпрэнскага, В.​Трапініна, жывапіс і графіка А.​Арлоўскага, пейзажы М.​Вараб’ёва, М.​Лебедзева, Шчадрына, пазней — І.​Айвазоўскага). Увагай да нар. жыцця адзначаны творы А.​Венецыянава і яго школы. У жывапісе П.​Фядотава, графіцы А.​Агіна і Я.​Бярнардскага зараджалася мастацтва крытычнага рэалізму, якое ў 1860-я г. развілося ў жывапісе жанрыстаў І.​Пранішнікава, В.​Пярова і інш., а пазней у творчасці перасоўнікаў. Іх лепшыя дасягненні — партрэты І.​Крамскога, жанравыя творы А.​Карзухіна, У.​Макоўскага, Р.​Мясаедава, К.​Савіцкага, М.​Ярашэнкі, карціны В.​Васняцова, М.​Ге, М.​Неўрава, В.​Паленава, В.​Пукірава, І.​Рэпіна, В.​Сурыкава, В.​Якобі — адметныя асаблівай сілай маст. абагульнення, глыбокім дэмакратызмам. З дзейнасцю перасоўнікаў звязаны і новы этап у развіцці рус. пейзажа (Ф.​Васільеў, М.​Клот, А.​Куінджы, І.​Левітан, А.​Саўрасаў, І.​Шышкін). У батальным жанры блізкі да перасоўнікаў В.​Верашчагін. У скульптуры 2-й пал. 19 ст. развіваліся малыя формы, склаўся тып станковай скульптуры, прызначанай для музея ці выстаўкі (М.​Антакольскі). На манум. пластыку паўплывала станковая скульптура (А.​Апякушын). У дэкар.-прыкладным мастацтве ў 18—19 ст. пачаўся выраб рус. фарфору, новы ўздым адбыўся ў маст. шкле. На аснове стараж.-рус. традыцый развівалася нар. мастацтва (гл. Багародская разьба, Валагодскія карункі, Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка, Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Таржоцкае залатое шыццё, Хахламская размалёўка). На мяжы 19—20 ст. традыцыі перасоўнікаў прадаўжалі жывапісцы А.​Архіпаў, С.​Іванаў, М.​Касаткін, С.​Каровін, П.​Малявін, М.​Несцераў, А.​Рабушкін, у пач. 20 ст. паявіўся стыль мадэрн, у жывапісе да яго блізкія вытанчана-паэт. палотны В.​Барысава-Мусатава, В.​Сярова, М.​Урубеля, а таксама творчасць групы «Свет мастацтва» (Л.​Бакст, А.​Бенуа, М.​Дабужынскі, Б.​Кустодзіеў, Я.​Лансерэ, З.​Серабракова, К.​Сомаў), адзначаныя рысамі стылізацыі і рэтраспектыўнасці. Рысы імпрэсіянізму выявіліся ў творчасці жывапісцаў І.​Грабара, К.​Каровіна, скульпт. П.​Трубяцкога, рамантычна-сімвалічны кірунак — жывапісцаў К.​Багаеўскага, А.​Рылова, М.​Рэрыха. Уплывам сімвалізму вызначаны творы мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа» (П.​Кузняцоў, М.​Сар’ян і інш.) і К.​Пятрова-Водкіна. Развівалася творчасць майстроў, што зазналі ўплыў кубізму (мастакі аб’яднання «Бубновы валет»: П.​Канчалоўскі, А.​Лянтулаў, І.​Машкоў), стваральнікаў лучызму (Н.​Ганчарова, М.​Ларыёнаў), прадстаўнікоў абстракцыянізму (В.​Кандзінскі, К.​Малевіч). Росквіту дасягнулі тэатр.-дэкар. мастацтва (Бакст, А.​Галавін, К.​Каровін) і кніжная графіка (Бенуа, І.​Білібін). Паспяхова развівалася і скульптура (М.​Андрэеў, Г.​Галубкіна, А.​Мацвееў, С.​Канёнкаў). Пасля 1917 асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (В.​Дэні, Дз.​Маор, У.​Маякоўскі, М.​Чарамных).

Выяўл. мастацтва 1920-х г. развівалася ў вострай барацьбе розных творчых груповак; у маст. жыцці аформіліся прынцыпы сацыялістычнага рэалізму як вызначальнага метаду сав. мастацтва. Гісторыка-рэв. і быт. тэматыку распрацоўвалі чл. Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (І.​Бродскі, М.​Грэкаў і інш.), новыя індустр. рытмы спрабавалі адлюстраваць у мастацтве майстры «Т-ва мастакоў-станкавістаў» (А.​Дайнека, Ю.​Піменаў і інш.). Развіваўся партрэт (С.​Малюцін, у скульптуры — Андрэеў, Галубкіна, С.​Лебедзева), пейзаж (В.​Бакшэеў, Грабар, М.​Крымаў, А.​Купрын, Рылоў, К.​Юон і інш.), нацюрморт (Канчалоўскі, Машкоў і інш.). У графіцы плённа працавалі Г.​Астравумава-Лебедзева, У.​Канашэвіч, А.​Краўчанка, М.​Купрыянаў, І.​Нівінскі, І.​Паўлаў, У.Фаворскі, у манум. і станковай скульптуры — М.​Манізер, В.​Мухіна, С.​Мяркураў, М.​Тырса, І.​Шадр, Л.​Шэрвуд і інш. Шэраг мастакоў, імкнучыся да арганізацыі новых форм побыту, перайшлі да маст. канструявання (Л.​Лісіцкі, Л.​Папова, А.​Родчанка, У.​Татлін). У жывапісе вылучаліся гісторыка-рэв. і жанравыя палотны Бродскага, С.​Герасімава, Дайнекі, Б.​Іагансона, К.​Істоміна, А.​Маравава, Пятрова-Водкіна, А.​Самахвалава, У.​Сярова, Д.​Штэрэнберга, Дз.​Шмарынава; партрэты А.​Герасімава і М.​Несцерава; пейзажы Грабара, Г.​Ніскага; нацюрморты А.​Асмёркіна, Канчалоўскага, Лянтулава, Машкова і інш., у графіцы — ілюстрацыі Я.​Кібрыка, Я.​Чарушына; карыкатуры Кукрыніксаў, Б.​Яфімава. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве традыц. формы (Галавін, В.​Сімаў) спалучаліся з тэндэнцыямі канструктывізму (Н.​Альтман, У. і Г.​Стэнбергі). Да лепшых узораў рас. мастацтва перыяду Вял. Айч. вайны належаць творы жывапісцаў і графікаў М.​Авілава, А.​Вярэйскага, Г.​Вярэйскага, П.​Корына, А.​Пахомава, А.​Пластава, М.​Рамадзіна, Л.​Сайферціса, І.​Сярэбранага, скульптараў К.​Белашовай, Я.​Вучэціча; асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (А.​Какарэкін, В.​Карэцкі, Кукрыніксы).

Дасягненне выяўл. мастацтва пасляваен. перыяду — жанравыя і гіст. палотны А.​Бубнава, А.​Лакціёнава, Ю.​Няпрынцава, Пластава, Р.​Шагаля і інш., партрэты (у жывапісе Корына, у скульптуры — Канёнкава), пейзажы Герасімава, манум. пластыка М.​Анікушына, Вучэціча, Л.​Кербеля, А.​Кібальнікава, М.​Томскага, У.​Цыгаля, графіка Вярэйскіх, А.​Ганчарова, Б.​Прарокава. Разам з творамі, якія апявалі подзвіг народа ў Вял. Айч. вайне, пашыралася тэматыка працы і мірнага жыцця.

Разнастайнасцю творчых пошукаў вызначаецца мастацтва 2-й пал. 1950—60-х г., для якога характэрны пластычна абагульненыя эмацыянальна насычаныя вобразы: у станковым жывапісе — М.​Андронаў, П.​Асоўскі, А.​Грыцай, Дз.​Жылінскі, Г.​Коржаў, А.​Мыльнікаў, Ніскі, Ф.​Рашэтнікаў, А. і П.​Смоліны, А. і С.​Ткачовы, Ю.​Тулін, у скульптуры — Ю.​Аляксандраў, А.​Комаў, А.​Полагава, у графіцы — І.​Галіцын, Г.​Захараў і інш. У асобную плынь у жывапісе вылучыўся т.зв. суровы стыль (В.​Папкоў і інш.), кніжная ілюстрацыя развівала пераважна традыцыі 1930-х г. (А.​Вярэйскі, Ганчароў, Герасімаў, Кукрыніксы, Фаворскі і інш). Побач з афіц. мастацтвам развівалася неафіцыйнае (андэграўнд), у якім найб. вылучалася творчасць маст. груп «Ліянозаўская» (М.​Вячтомаў, Л.​Крапіўніцкі, Я.​Крапіўніцкі, Л.​Масцяркова, О.​Рабін і інш.), «Срэценскі бульвар» (А.​Брусілоўскі, І.​Кабакоў, Э.​Неізвесны, Ю.​Собалеў і інш.), мастакоў А.​Зверава, Э.​Булатава, У.​Галіцкага, У.​Грыгаровіча. Я.​Есауленкі, В.​Сідура, І.​Чуйкова, У.​Якаўлева і інш. Творчасць мастакоў 1970—90-х г. вызначаецца паглыблена-прадметнай трактоўкай з’яў, вастрынёй успрыняцця асаблівасцей прыроднага і прадметнага асяроддзя, імкненнем да метафарычнасці і эмац. стрыманасці, стварэння значнага, канкрэтна-індывідуальнага вобраза: у жывапісе — І.​Арлоў, І.​Глазуноў, Б.​Дамашнікаў, М.​Малюцін, Мыльнікаў, Т.​Назарэнка, А.​Нікіч, А.​Шылаў; у скульптуры — Ю.​Аляксандраў, Л.​Галаўніцкі, В.​Клыкаў, А.​Комаў, Л.​Крамнёва, Л.​Ланкінен, Неізвесны, Б.​Плёнкін, Полагава, А.​Рукавішнікаў, С.​Санакоеў, Ю.​Чарноў, М.​Шамякін; у графіцы — І.​Абросаў, Ю.​Васняцоў, Галіцын, Захараў; у манум. жывапісе — Андронаў, А.​Васняцоў, Ю.​Каралёў, Б.​Тальберг; у манум. скульптуры — А.​Анікушын, Ю.​Арэхаў, П.​Бандарэнка, А.​Кібальнікаў, А.​Лягін, С.​Малькоў, А.​Файдыш, Цыгаль, З.​Цэрэтэлі; у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве — А.​Васільеў, Б.​Волкаў і інш. У 1960 створаны Саюз мастакоў Р.

Музыка. Вытокі рус. муз. культуры ў рытуальна-абрадавай культуры ўсх.-слав. фальклору (працоўныя, каляндарна- і сямейна-абрадавыя, працяжныя, пахавальныя песні). Устойлівасць абрадавых муз. традыцый абумоўлена гіст. ўмовамі; для стылістыкі характэрны паўторнасць і варыянтнасць вузкааб’ёмных формул-папевак. У Стараж. Русі існавалі мужчынскія і жаночыя плачы-галашэнні, гераічны песенны эпас, быліны (старыны). З часам развіўся самабытны стыль лірычнай песні з уласцівай ёй меладычнай шырынёй, падгалосачнай поліфаніяй, вольным вар’іраваннем напеву. Муз. своеасаблівасцю вызначалася творчасць скамарохаў. Сярод рус. нар. інструментаў: струнныя — балалайка, гуслі, домра, ліра, гудок; духавыя — дуда, дудка, кугіклы (жалейка), рог, труба, ражкі, сапель; язычковыя — варган, гармонік і інш. У княжацкім побыце выкарыстоўвалася мастацтва іншаземных «іграцоў» на арфе, лютні, флейце. Афіц. святы і паходы суправаджаліся ратнай музыкай (трубы, бубны). Пачаткам прафес. мастацтва з канца 10 ст. стала музыка хрысц. культу. Яе муз. аснова — песнапенні і літургічныя кампазіцыі Візантыі, якія з 11—12 ст. ператварыліся ў самабытную культуру правасл. малітоўнага спеву. Аднагалосыя напевы запісвалі з дапамогай арыгінальнай неўменнай натацыі (крукі, ці знамёны, адсюль знаменны спеў). Культавая правасл. музыка ўключала стыхіры, ірмасы, трапары, кандакі (адрозніваліся значнай распеўнасцю), каноны, псалмы. З сярэдзіны 16 ст. знаменны спеў дасягае найвыш. росквіту, яго сістэматызацыя замацавана ў «Азбуцы» А.​Мезянца. З сярэдзіны 17 ст. ва ўлонні царквы пачало развівацца шматгалоссе, арыентаванае на еўрап. акордава-гарманічны склад. Тэарэт. асновы партэсных спеваў абгрунтаваў М.​Дылецкі ў трактаце «Граматыка мусікійская» (1675). Асн. жанр — партэсны канцэрт (майстры маскоўскай школы духоўнага канцэрта 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Н.​Бавыкін, С.​Бяляеў, І.​Ігнацьеў, М.​Калашнікаў, П.​Нарыцын, С.​Пекаліцкі, І.​Пратапопаў, В.​Цітоў і інш.). Шырокае распаўсюджанне атрымалі быт. шматгалосыя канты і псальмы на рэліг., пазней на лірычныя, патрыят. тэксты (сярод аўтараў тэкстаў Сімяон Полацкі, Дз.​Растоўскі,

В.​Традзьякоўскі). Рэформы Пятра I спрыялі паяўленню ў Расіі італьян., франц., ням. опер, таксама гастрольных оперных труп. У 2-й пал. 18 ст. ствараліся публічныя т-ры, з’явіліся рус. оперныя спевакі (Л.​Белаградская, Л.​Сандунова, П.​Жамчугова), развівалася канцэртнае мастацтва (І.​Хандошкін, В.​Трутоўскі). Узрасла цікавасць да фальклору. Пачалося фарміраванне рус. кампазітарскай школы, з’явіліся першыя рус. оперы (М.​Сакалоўскі, В.​Пашкевіч, Е.​Фамін); найвыш. росквіту дасягнуў рус. духоўны канцэрт (Дз.​Бартнянскі, М.​Беразоўскі). Пад уздзеяннем сентыментальнай паэзіі, салонных танцаў і лірычнага канта ўзнік рус. раманс («расійская песня»; Ф.​Дубянскі, В.Казлоўскі, Р.​Цяплоў). Росквіт рус. класічнай музыкі пачаўся з 19 ст. Новага маст. ўзроўню дасягнуў раманс: на глебе апасродкаванага ўплыву цыганскай культуры ўзнік жанр «жорсткага раманса», выкананне якога вызначаецца большай экспрэсіўнасцю. З’явіліся новыя жанры: сімфонія, уверцюра, канцэрт, саната. На глебе быт. гар. песеннасці праявіліся рысы рамантызму ў творчасці А.​Аляб’ева, А.​Варламава, А.​Вярстоўскага, А.​Гурылёва. Заснавальнік рус. муз. класікі М.​Глінка, абапіраючыся на нац. муз. традыцыі, увасобіў у оперных творах героіка-патрыят. тэму, вобразы айч. міфалогіі; высокім еўрап. узроўнем вызначаюцца яго сімф. творы. На рэаліст., сац. і лірыка-псіхал. вобразнасці грунтавалася творчасць А.​Даргамыжскага, што набліжала яго да натуральнай школы ў л-ры і жывапісе. Вывучэнню і папулярызацыі нац. мастацтва спрыяла муз.-крытычная дзейнасць У.​Адоеўскага, Г.​Лароша, У.​Стасава, А.​Сярова і інш. Вял. ролю адыграла адкрыццё А. і М.​Рубінштэйнамі кансерваторый у Пецярбургу (1861) і Маскве (1866), што стала пачаткам падрыхтоўкі музыкантаў-прафесіяналаў. Муз.-асв. работу ў Пецярбургу вяла Бясплатная муз. школа (1862), якую ўзначальвалі М.​Балакіраў і Г.​Ламакін. У пач. 1860-х г. вакол Балакірава згуртавалася садружнасць кампазітараў «Магутная кучка», якая адлюстравала абнаўляльныя маст. тэндэнцыі часу. Рус. оперы 2-й пал. 19 ст. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, рэалізм і ахоп тэм з нац. гісторыі, эпасу, нар. побыту, жыццёвая і псіхал. змястоўнасць, наватарства форм: нар. драмы М.​Мусаргскага: оперы-казкі, быліны, паданні М.​Рымскага-Корсакава і А.​Барадзіна, лірыка-псіхал. драмы П.​Чайкоўскага. Сімфонія была прадстаўлена эпічнай (Барадзін) і драм. (Чайкоўскі) лініямі; шырокае развіццё набыла праграмная музыка. Чайкоўскі рэфармаваў балет шляхам яго сімфанізацыі. Своеасаблівая галіна быт. культуры 2-й пал. 19 ст. — эстр. раманс і выканальніцтва (Н.​Вяльцава, А.​Давыдаў, В.​Паніна, Н.​Плявіцкая).

На мяжы 19—20 ст. класічныя муз. традыцыі развівалі А.​Арэнскі, А.​Глазуноў, В.​Каліннікаў, А.​Лядаў, С.​Ляпуноў, С.​Танееў і інш. Значнай з’явай сталі новыя кірункі харавой музыкі рус. царквы. Літургічная музыка набыла канцэртныя рысы (харавыя творы А.​Архангельскага, А.​Грачанінава, М.​Іпалітава-Іванава, Каліннікава, А.​Кастальскага, А.​Нікольскага, С.​Рахманінава, У.​Рэбікава, М.​Чарапніна, А. і П.​Часнаковых). Неарамант. рысамі вылучалася творчасць М.​Метнера, наватарствам стылю — музыка А.​Скрабіна. Новыя шляхі інтэрпрэтацыі фальклору і муз.-тэатр. жанраў адкрыў І.​Стравінскі. Сярод прадстаўнікоў выканальніцкай культуры 19 — пач. 20 ст. спевакі А.​Няжданава, В. і Г.​Пятровы, Л.​Собінаў, Ф.​Стравінскі, Ф.​Шаляпін, піяністы Рахманінаў, А.​Рубінштэйн, М.​Рубінштэйн, В.​Сафонаў, Скрабін, Метнер, скрыпачы і віяланчэлісты школ Л.​Аўэра і К.​Давыдава. Рус. мастацтва прапагандаваў за мяжой С.​Дзягілеў. У 1-й трэці 20 ст. праявіліся рысы маст. авангардызму (творы І.​Вышняградскага, А.​Лур’е, М.​Рослаўца, М.​Мацюшына, Н.​Обухава). Уклад у развіццё рус. муз. школы ў 20 ст. зрабілі Дз.​Кабалеўскі, М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў, Рахманінаў, І.​Стравінскі, Г.​Свірыдаў, Ю.​Шапорын, Дз.​Шастаковіч, якія абнавілі ўсе важнейшыя муз. жанры. Даніну рэв. настроям эпохі ў харавых творах аддалі А.​Аляксандраў, В.​Белы, Дз.​Васільеў-Буглай, А.​Давідзенка. Тыповай з’явай рус. сав. мастацтва стала папулярная масавая песня (М.​Блантэр, І.​Дунаеўскі, У.​Захараў, Б.​Макравусаў, А.​Новікаў, Дз.​Пакрас, А.​Пахмутава, В.​Салаўёў-Сядой, Д.​Тухманаў) і песенная па стылі опера на рэв.-дэмакр. тэматыку (І.​Дзяржынскі, Ц.​Хрэннікаў). У 2-й пал. 20 ст. жанры оперы і балета развівалі А.​Пятроў, С.​Сланімскі, Б.​Цішчанка, Р.​Шчадрын. Значныя дасягненні сімфаністаў М.​Вайнберга, Г.​Галыніна, М.​Пяйко, А.​Салманава, Г.​Уствольскай, Б.​Чайкоўскага. Самабытныя рысы рус. лірыкі і эпасу ўвасоблены ў кантатах, араторыях, харах, рамансах К.​Волкава, В.​Гаўрыліна, Пятрова, Салманава, Свірыдава, Шчадрына. Эксперыментальныя памкненні поставангарду апошняй трэці 20 ст. спрыялі зліццю фундаментальных якасцей рус. школы і новых сродкаў выразнасці, якія праявіліся ў творчасці С.​Губайдулінай, Э.​Дзянісава, А.​Шнітке. Значнае дасягненне рус. культуры 1980—90-х г. — актыўнае развіццё традыцый духоўнай музыкі новага кірунку пач. 20 ст. ў рэчышчы шматвяковых пеўчых архетыпаў і літургічных жанраў кампазітарамі розных пакаленняў і стыляў. У хар., тэатр., інстр. творах Э.​Арцем’ева, Ю.​Буцко, Губайдулінай, Дзянісава, М.​Карэтнікава, Свірыдава, М.​Сідзельнікава і інш. стараж. напевы выкарыстоўваюцца ў розных жанрах, узаемадзейнічаюць з традыцыямі оперы, сімфоніі, кантаты, араторыі. Сярод таленавітых выканаўцаў 20 ст.: піяністы Л.​Аборын, У.​Ашкеназі, Дз.​Башкіраў, А.​Гальдэнвейзер, Э.​Гілельс, У.​Горавіц, М.​Грынберг, Я.​Зак, К.​Ігумнаў, Г.​Нейгаўз, Л.​Нікалаеў, С.​Рыхтэр, У.​Сафраніцкі, П.​Серабракоў, Я.​Фліер, М.​Юдзіна; скрыпачы Л.​Аўэр, Л.​Коган, Д.​Ойстрах, М.​Палякін, В.​Траццякоў, Я.​Цымбаліст; віяланчэлісты А.​Брандукоў, А.​Вержбіловіч, Р.​Гарбузава, Н.​Гутман, С.​Казалупаў, С.​Кнушавіцкі, Г.​Пяцігорскі, М.​Растраповіч, Д.​Шафран; спевакі А.​Абразцова, Н.​Абухава, І.​Архіпава, В.​Барсава, Г.​Вішнеўская, К.​Дзяржынская, І.​Казлоўскі, С.​Лемешаў, Я.​Несцярэнка, А.​Няжданава, Р. і А.​Піраговы, І.​Пятроў, М.​Рэйзен, Л.​Собінаў, Б.​Штокалаў, І.​Яршоў; дырыжоры М.​Галаванаў, А.​Гаўк, В.​Гергіеў, У.​Дранішнікаў, І.​Кандрашын, С.​Кусявіцкі, М.​Малько, А.​Мелік-Пашаеў, Я.​Мравінскі, А.​Пазоўскі, Г.​Раждзественскі, С.​Самасуд, Я.​Святланаў, У.​Співакоў, В.​Сук, Ю.​Фаер, Ю.​Цемірканаў; харавыя дырыжоры Аляксандраў, М.​Данілін, М.​Клімаў, А.​Свешнікаў, У.​Чарнушэнка, А.​Юрлоў. Прадстаўнікі шматлікіх кірункаў эстр. трактоўкі быт. раманса і песні: А.​Вярцінскі, В.​Козін, Л.​Русланава, К.​Шульжэнка, І.​Юр’ева і інш. Найб. вядомыя рас. муз. т-ры: у Маскве — Вялікі тэатр Расіі, Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя К.​С.​Станіслаўскага і У.​І.​Неміровіча-Данчанкі, Маскоўскі акадэмічны дзіцячы музычны тэатр, Маскоўскі музычны камерны тэатр, у С.-Пецярбургу — Марыінскі тэатр оперы і балета, Малы т-р імя Мусаргскага, а таксама т-ры ў Новасібірску, Екацярынбургу, Пермі, Ніжнім Ноўгарадзе. Сярод найб. вядомых выканальніцкіх калектываў — Дзяржаўны сімфанічны аркестр Расіі, Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.​І.​Чайкоўскага, Дзярж. акад. сімф. аркестр С.-Пецярбургскай філармоніі, Сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі, С.-Пецярбургская акад. капэла імя Глінкі, Рэсп. рус. харавая капэла імя Юрлова, Ансамбль песні і танца Расійскай арміі імя Аляксандрава, Рускі народны хор імя Пятніцкага, Дзяржаўны акадэмічны рускі хор, Дзярж. рус. нар. аркестр імя Андрэева, Дзярж. рус. нар. аркестр імя Осіпава.

На 2001 у Р.: 10 кансерваторый, Рас. і Кемераўская акадэміі музыкі, муз.-пед. ін-ты, шэраг ін-таў культуры з муз. аддзяленнямі, шырокая сетка муз. вучылішчаў, ліцэяў і інш. Праводзяцца муз. конкурсы, найбуйнейшы — Міжнар конкурс музыкантаў-выканаўцаў імя Чайкоўскага. У 1960 створаны Саюз кампазітараў Р.

Тэатр. Узнікненне элементаў рус. тэатр. мастацтва звязана з працоўнай дзейнасцю, нар. культавымі абрадавымі дзеяннямі і святочнымі гульнямі. Першыя прафес. носьбіты рус. тэатр. культуры — скамарохі. Мелі пашырэнне лялечныя прадстаўленні. У 16 ст. ўзнік рус. царк. т-р, але вял. развіцця не атрымаў. У 1672—76 пры двары цара Аляксея Міхайлавіча створаны першы прыдворны т-р, у рэпертуары якога былі п’есы на біблейскія і міфалагічныя тэмы. Па ўказанні Пятра I у Маскве ў 1702—06 працаваў першы дзярж. т-р пад кіраўніцтвам І.​Х.​Кунста, для якога на Краснай плошчы быў пабудаваны «Камедыйны хорам» на некалькі соцень гледачоў. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. набыў папулярнасць школьны тэатр. аматарскія трупы якога ствараліся ў буйных свецкіх навуч. установах (Славяна-грэка-лацінская акадэмія, Хірургічная школа ў Маскве, Дваранскі кадэцкі корпус у С.-Пецярбургу). Стварэнне і развіццё рус. школьнага т-ра цесна звязана з імем Сімяона Полацкага. Набыла папулярнасць і такая форма нар. т-ра, як вусная нар. драма («Цар Максімілян», «Лодка»). У 1-й пал. 18 ст. развіваецца аматарскі т-р «ахвочых камедыянтаў». Найб. вядомай у сярэдзіне 18 ст. стала яраслаўская трупа пад кіраўніцтвам Ф.​Волкава, якая ў 1752 была запрошана ў С.-Пецярбург. У 1730—40 пры двары гастраліравалі замежныя трупы (італьян., ням. т-р К.​Нейбер, франц. драм. т-р). У 1756 паводле загаду імператрыцы Лізаветы засн. «Рускі для прадстаўлення трагедый і камедый тэатр». Яго аснову склалі выпускнікі Дваранскага кадэцкага корпуса з ліку яраслаўскай аматарскай трупы Волкава (І.​Дзмітрэўскі, Я.​Шумскі і інш.), першым дырэктарам прызначаны А.​Сумарокаў. Для развіцця рус. сцэны апошняй чвэрці 18 ст. вял. значэнне мела творчасць драматургаў-паслядоўнікаў Сумарокава — Ф.​Казельскага, Я.​Княжніна, В.​Майкава, А.​Ржэўскага, М.​Хераскава, а таксама сатырычныя камедыі Дз.​Фанвізіна і В.​Капніста. У 1757 пры Маскоўскім ун-це засн. Універсітэцкі т-р, у 1780 на яго базе — Пятроўскі т-р. У 1770—80-я г. ўзніклі т-ры ў Калузе, Пензе, Тамбове, Туле і інш. губернскіх гарадах. З 1779 у Пецярбургу ў т-ры на Царыцыным лузе пачала выступаць рус. трупа антрэпрэнёра К.​Кніпера. У канцы 18 — пач. 19 ст. сталі пашырацца прыватныя прыгонныя тэатры, якія заклалі асновы рус. правінцыяльнай сцэны. Высокім майстэрствам вызначалася творчасць прыгонных акцёраў П.​Жамчуговай, Т.​Шлыкавай-Гранатавай і інш. У 1-й чвэрці 19 ст. вял. поспехам карысталіся трагедыі У.​Озерава, камедыі М.​Загоскіна, І.​Крылова, П.​Плавільшчыкава, А.​Шахаўскога, пачалі перакладацца і ставіцца п’есы У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера. Ігра трагедыйных акцёраў пач. 19 ст. А.​Якаўлева, К.​Сямёнавай узрушала гледачоў высокай культурай выканання. У 1826—82 Дырэкцыя імператарскіх т-раў (існавала з 1766) увяла дзярж. манаполію на т-ры. Ставіліся перакладныя вадэвілі і меладрамы, п’есы П.​Абадоўскага, Н.​Кукальніка і інш.

У 1824 у Маскве засн. Малы тэатр. У 1832 у Пецярбургу ўзведзены будынак Александрынскага тэатра. За новы рэпертуар рус. т-ра актыўна выступалі В.​Бялінскі і М.​Гогаль, якія сцвярджалі неабходнасць адлюстравання ў т-ры праўды жыцця, звароту да важнейшых тагачасных праблем. Лепшыя творы рус. драматургіі з цяжкасцямі траплялі на сцэну, часта са значнымі цэнзурнымі праўкамі і скажэннямі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1831; «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна, 1866). Доўгі час пад забаронай былі рамант. драмы В.​Гюго, шэраг п’ес Шэкспіра, Шылера. Вял. грамадскай і тэатр. падзеяй стала пастаноўка ў 1836 «Рэвізора» Гогаля. Станаўленне 2 асн. кірункаў рус. т-ра — рамантызму і рэалізму — звязана з дзейнасцю акцёраў Малога т-ра П.​Мачалава і М.​Шчэпкіна. Творчы метад Шчэпкіна стаў вызначальным для развіцця рус. акцёрскага мастацтва, ён развіты і паглыблены акцёрам Александрынскага т-ра А.​Мартынавым і інш. Класіцыстычны кірунак у рус. т-ры 1-й пал. 19 ст. несла ў сабе прасякнутая манументальнай параднасцю творчасць В.​Каратыгіна. Сярод лепшых акцёраў 1-й пал. 19 ст. В.​Асенкава, М.​Дзюр, В.​Жывакіні, Якаўлеў і інш. Вял. ўплыў на т-р зрабілі вызв. рух 1850-х г., бурны эканам. рост краіны, філас.-публіцыст. думка. Узрасла цікавасць да рус. драматургіі, якая адлюстроўвала тагачасную рэчаіснасць. Меладрама і вадэвіль саступілі месца драме і камедыі. Новы этап развіцця рус. т-ра звязаны з творчасцю А.​Астроўскага, п’есы якога найлепш увасабляліся на сцэне Малога т-ра. На аснове пастановак яго п’ес вырасла плеяда акцёраў (С. і П. Васільевы, Л.​Нікуліна-Касіцкая, П., М. і В.​Садоўскія), фарміравалася школа сцэн. майстэрства. Сярод вядучых акцёраў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. К.​Варламаў, У.​Давыдаў, М.​Савіна, І.​Самарын, Р.​Фядотава, С.​Шумскі, А.​Южын, М.​Ярмолава. Пашыралася дзейнасць правінцыяльных т-раў, у якіх выступалі акцёры В.​Андрэеў-Бурлак, М.​Іваноў-Казельскі, М.​Лісараў, М.​Рыбакоў, П.​Стрэпетава і інш. З 1882 пачынаюць актыўна стварацца прыватныя т-ры, у т. л. Маскоўскі тэатр Корша. Прагрэсіўнасцю вызначалася дзейнасць акцёра і рэжысёра Малога т-ра А.​Ленскага, які імкнуўся да абнаўлення тэатр. мастацтва, выхавання акцёраў высокай культуры. У 1898 К.​Станіслаўскі і У.​Неміровіч-Данчанка стварылі Маскоўскі Мастацкі тэатр (МХТ), творчасць якога фарміравалася пераважна на драматургіі А.​Чэхава і М.​Горкага. Стваральнікі МХТ ажыццявілі эстэт. рэформу рэпертуару, рэжысуры і акцёрскага мастацтва (гл. Станіслаўскага сістэма). Грамадскую значнасць меў створаны ў 1904 В.​Камісаржэўскай Драм. т-р у Пецярбургу, на сцэне якога ставіліся п’есы М.​Горкага і драматургаў, што групаваліся вакол выд-ва «Веды» (С.​Найдзёнаў, Л.​Андрэеў і інш.). У 1910-я г. ў рус. тэатр. мастацтве развіваліся разнастайныя плыні і кірункі: рэжысёрскае мастацтва У.​Меерхольда звязана з паэтыкай сімвалізму, А.​Таірава — з мадэрнісцкімі тэндэнцыямі і інш. Узнік шэраг эксперыментальных тэатр. студый: Ф.​Камісаржэўскага (1910), 1-я студыя МХТ (1912), Я.​Вахтангава (1913) у Маскве, Меерхольда ў Петраградзе (1914) і інш. У 1917 паводле дэкрэта Саўнаркома т-ры перададзены Нар. камісарыяту асветы, у 1919 нацыяналізаваны. У першыя паслярэв. гады класічны рэпертуар часта трактаваўся ў плане «сугучнасці рэвалюцыі», у драматургіі пераважалі паліт., прасякнутыя духам рэв. рамантыкі п’есы («Містэрыя-буф» У.​Маякоўскага і інш.). Пашырыліся агітац. т-ры, своеасаблівай разнавіднасцю якіх былі масавыя прадстаўленні на вуліцах і плошчах. Створаны новыя т-ры: 3-я студыя МХТ (1921, цяпер Тэатр імя Я.​Вахтангава), т-р РСФСР 1-ы (1920, у 1923—28 Маскоўскі тэатр імя У.​Меерхольда), Т-р Рэвалюцыі (1922, цяпер Маскоўскі тэатр імя У.​Маякоўскага), Т-р імя МГСПС (1923, цяпер Тэатр імя Массавета) у Маскве, Вялікі драм. т-р (1919, пазней імя М.​Горкага, цяпер імя Г.​Таўстаногава) у Петраградзе, т-р «Чырвоны факел» у Адэсе (1920, з 1932 у Новасібірску) і інш. У 1918—20 створаны першыя т-ры для дзяцей, у 2-й пал. 1920-х г. — тэатры рабочай моладзі (ТРАМ), у 1930-я г. — калгасна-саўгасныя тэатры. Асн. кірункам развіцця рус. тэатр. мастацтва ў 1930—80-я г. стаў метад сацыялістычнага рэалізму. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы тагачаснай тэматыкі паводле твораў А.​Афінагенава, У Біль-Белацаркоўскага, У.​Вішнеўскага, В.​Катаева, Маякоўскага, М.​Пагодзіна, Л.​Сейфулінай, К.​Транёва і інш. Сярод рэжысёраў М.​Акімаў, М.​Ахлопкаў, Вахтангаў, А.​Дзікі, Ю.​Завадскі, Н.​Літоўцава, Я.​Любімаў-Ланской, Меерхольд, А.​Папоў, І.​Платон, М.​Пятроў, Л.​Празароўскі, Р.​Сіманаў, І.​Судакоў, Таіраў і інш.; акцёры — Дз.М Арлоў, А.​Астужаў, М.​Бабанава, Б.​Бабачкін, А.​Ф.​Барысаў, С.​Бірман, І.​Бярсенеў, С.​Гіяцынтава, Ю.​Глізер, А.​Гогалева, А.​Грыбаў, Б.​Дабранраваў, М.​Жараў, І.​Ільінскі, К.​Карчагіна-Александроўская, В.​Качалаў, М.​Клімаў, В.​Кніпер-Чэхава, А.​Коанен, А.​Ктораў, Л.​Леанідаў, Б.​Ліванаў, М.​Мардвінаў, С.​Марцінсон, В.​Марэцкая, В.​Масаліцінава, І.​Масквін, В.​Мічурына-Самойлава, В.​Мяркур’еў, В.​Пашэнная, Р.​Плят, В.​Лыжова, І.​Пяўцоў, Ф.​Ранеўская, В.​Рыжова, М.​Сіманаў, А.​Сцяпанава, А.​Тарасава, М.​Тарханаў, Е.​Турчанінава, М.​Хмялёў, М.​Цароў, М.​Чаркасаў, М.​Штраўх, Б.​Шчукін, Ю.​Юр’еў, А.​Яблачкіна, К.​Яланская, М.​Яншын і інш. У 1941—45 дзейнасць т-раў была скіравана на духоўную мабілізацыю народа супраць фаш. агрэсіі, у рэпертуарах пераважалі героіка-патрыятычныя пастаноўкі паводле твораў А.​Карнейчука, Л.​Лявонава, К.​Сіманава і інш. З 2-й пал. 1940-х г. ставіліся пераважна спектаклі, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны (паводле твораў Б.​Лаўранёва, А.​Фадзеева і інш.), п’есы тагачаснай тэматыкі, сусв. класіка. 1950-я г. адзначаны «другім нараджэннем» пастановак Маякоўскага. У 2-й пал. 20 ст. вял. ўклад у развіццё рус. тэатр. мастацтва зрабілі рэжысёры А.Васільеў, Г.​Волчак, А.​Ганчароў, К.​Гінкас, М.​Захараў, Л.​Додзін, Ю.​Любімаў, Б.​Львоў-Анохін, В.​Плучак, Б.​Равенскіх, Г.​Таўстаногаў, В.​Фокін, А.​Эфрас, А.​Яфрэмаў, і інш.; акцёры Ю.​Барысава, А.​І.​Барысаў, А.​Басілашвілі, У.​Высоцкі, М.​Губенка, Н.​Гундарава, Т.​Дароніна, А.​Джыгарханян, А.​Дзямідава, Я.​Еўсцігнееў, А.​Калягін, Я.​Капелян, М.​Карачанцаў, К.​Лаўроў, Я.​Лебедзеў, Я.​Лявонаў, А.​Меньшыкаў, А.​Міронаў, А.​Мягкоў, М.​Няёлава, А.​Папанаў, К.​Райкін, Ю. і В.​Саломіны, І.​Смактуноўскі, А.​Табакоў, М.​Церахава, І.​Чурыкава, М.​Улынаў, А.​Фрэйндліх, С.​Юрскі, Ю.​Якаўлеў, А.​Янкоўскі і інш. У 1990-я г. творчае аблічча рус. т-ра вызначала дзейнасць рэжысёраў і акцёраў Маскоўскага Мастацкага акадэмічнага тэатра, Маскоўскага тэатра «Ленком», Маскоўскага тэатра на Таганцы, Маскоўскага тэатра Сатыры, Маскоўскага тэатра «Сучаснік», Маскоўскага тэатра «Школа сучаснай п’есы», Маскоўскага тэатра «Сатырыкон», Санкт-Пецярбургскага Вялікага драматычнага тэатра імя Таўстаногава, т-раў Казані, Самары, Новасібірска, Ніжняга Ноўгарада, Саратава, Яраслаўля і інш. Пастаноўкам 1990-х г. уласцівы спалучэнне пераемнасці творчых традыцый і пошукаў сучаснага стылю выканання, канцэптуальны падыход, эксперыменты ў галіне формы і зместу драматургічнага матэрыялу, метафарычнасць, глыбокая распрацоўка псіхал. малюнка роляў. Тэатр. кадры рыхтуюць Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва, Санкт-Пецярбургская акадэмія тэатр. мастацтва, Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі (пры Маскоўскім маст. акад. т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (пры Малым т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (пры Т-ры імя Вахтангава).

У т-рах Расіі пастаўлены п’есы бел. драматургаў В.​Вольскага, А.​Дударава, Я.​Коласа, К.​Крапівы, А.​Кудраўцава, Дз.​Курдзіна, А.​Кучара, А.​Макаёнка, А.​Маўзона, А.​Петрашкевіча, А.​Паповай, І.​Шамякіна і інш.

Кіно. Першыя дакумент. кіназдымкі зроблены ў 1896 В.​Сашыным-Фёдаравым і А.​Фядзецкім. З 1907 прыдворныя кінааператары К. фон Ган і А.​Ягельскі здымалі «царскую хроніку». У 1906 з’явіліся рус. кінафірмы: А.​Ханжонкава, І.​Ярмольева ў Маскве, у 1907 — кінаатэлье А.​Дранкова ў Пецярбургу. Відавыя, асветніцкія фільмы, свецкую хроніку, быт. сцэны, юбілеі і інш. здымалі Дранкоў («Дзень 80-годдзя графа Л.​М.​Талстога», 1908), М.​Казлоўскі, П.​Кабцоў, Дз.​Сахненка. Першы рас. маст. фільм-кіналубок — «Панізовая вольніца» («Сценька Разін і княжна», 1909, рэж. Б.​Рамашкоў). Першы паўнаметражны маст. фільм, які спалучаў ігравыя і дакумент. сцэны, — «Абарона Севастопаля» (1911, рэж. В.​Ганчароў і Ханжонкаў). У 1910-я г. з’явіліся стацыянарныя кінатэатры. У тэхніцы аб’ёмнай мультыплікацыі ствараў фільмы У.Старэвіч («Вясёлыя сцэнкі з жыцця насякомых», «Помста кінематаграфічнага аператара», абодва 1912).

Экранізаваліся творы рус. і сусв. л-ры, тэатр. пастаноўкі. Вытанчанасцю пластыкі, жывапіснасцю вызначаліся фільмы «Злачынная жорсткасць» (1914), «Песня пераможнага кахання» (1915), «Ямшчык, не гані коней» (1916) Я.​Баўэра, «Партрэт Дарыяна Грэя» (1915, паводле О.​Уайльда) У.​Меерхольда, «Мікалай Стаўрогін» (1915, паводле рамана Ф.​Дастаеўскага «Д’яблы»), «Пікавая дама» (1916, паводле А.​Пушкіна), «Айцец Сергій» (1918, паводле Л.​Талстога) Я.​Пратазанава, «Паненка і хуліган» (1918) Я.​Славінскага, «Палікушка» (1919) А.​Саніна. Сярод лепшых акцёраў Н.​Лісенка, І.​Мазжухін, У.​Максімаў, В.​Палонскі, І.​Перэстыяні, В.​Праабражэнская, В.​Халодная і інш. У 1919 кінематограф перададзены пад кіраўніцтва Наркамасветы РСФСР, створана Дзяржкінашкола (з 1922 назва мянялася, з 1992 Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі) на чале з рэж. У.​Гардзіным. Пастаўленыя перад кінематографам задачы агітац. і ідэалаг. ўздзеяння прывялі да ўзнікнення масавай прадукцыі — т.зв. фільмаў-плакатаў і агітпрапфільмаў, у т. л. ігравы фільм «Серп і молат» (1921, рэж. Гардзін). Склалася плеяда рэжысёраў-наватараў, якія ў розных жанрах развівалі выразныя магчымасці кінамовы. С.​Эйзенштэйн ствараў буйныя эпічныя творы з манум. героямі-тыпажамі, дынамічнымі масавымі сцэнамі («Стачка», «Браняносец «Пацёмкін», абодва 1925; «Кастрычнік», 1927); Л.​Куляшоў эксперыментаваў у галіне выяўл. сродкаў кінамовы і мантажу («Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», 1924; «Паводле закону», 1926); Дз.​Вертаў ствараў новыя мантажныя канструкцыі, апрабоўваў магчымасці змены рытмаў, ракурсаў, спалучаў знятыя ў розныя часы кінакадры для стварэння экспрэсіўнага відовішча («Кіна-Праўда», 1922—25; «Кіна-Вока», 1925; «Кроч, Савет!», «Шостая частка свету», абодва 1926; «Адзінаццаты», 1928); У.​Пудоўкін раскрываў гіст. тэматыку праз драм. і псіхал. апавяданне («Маці», 1926; «Канец Санкт-Пецярбурга», 1927; «Нашчадак Чынгісхана», 1928). Творчае пераасэнсаванне дакумент. архіўнай кінахронікі і наданне ёй новай ідэалагічнай трактоўкі выявіла рэж. Э Шуб у гісторыка-дакумент. мантажных фільмах «Падзенне дынастыі Раманавых» (1927), «Расія Мікалая II і Леў Талстой» (1928). Традыцыі цырка, мюзік-хола, бурлеска развівалі кінематаграфісты ленінградскага аб’яднання «Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра» Р.​Козінцаў і Л.​Траўберг: «Прыгоды Акцябрыны» (1924), «Мішкі супраць Юдзеніча» (1925), «Чортава кола» (1926), «С.В.Д.» (1927), «Новы Вавілон» (1929).

У жанры сатыр. камедыі працаваў Я.​Пратазанаў («Закройшчык з Таржка», 1925; «Працэс аб трох мільёнах», 1926; «Свята святога Іоргена», 1930), псіхал. драмы з маральна-этычнай праблематыкай здымалі А.​Роам («Трэцяя Мяшчанская», 1927) і Ф.​Эрмлер («Кацька—Папяровы Ранет», 1926; «Парыжскі шавец», 1928; «Абломак імперыі», 1929). У лірычных камедыях Б.​Барнета «Дзяўчына з каробкай» (1927), «Дом на Трубнай» (1928) і А.​Папова «Два сябры, мадэль і сяброўка» (1928) адчуваліся інтанацыі радасці простых адносін, шчасця ўзаемнага кахання. У 1928 з’явіўся маніфест Эйзенштэйна, Пудоўкіна і Р.​Аляксандрава «Будучыня гукавой фільмы. Заяўка», у якім падкрэслівалася значэнне гукава-зрокавага кантрапункта (асінхроннага спалучэння гуку і экраннага відовішча) як асн. выразніка аўтарскай ідэі ў фільме. У 1931 зняты першы гукавы фільм «Пуцёўка ў жыццё» (рэж. М.​Эк). У 1930-я г. кінематограф развіваўся пад уздзеяннем эстэт. (з’яўленне гукавога кіно і адпаведнае абнаўленне кінамовы) і ідэалагічнага фактараў (пашырэнне штампаў у гіст.-рэв. фільмах, з’яўленне вобразаў т.зв. «ворагаў народа», фармалізацыя сюжэтных пабудоў). Гал. акцэнт пераносіўся рэжысуры на акцёрскае майстэрства. Зоркамі экрана сталі акцёры П.​Алейнікаў, Б.​Андрэеў, Л.​Арлова, Б.​Бабачкін, У.​Гардзін, Э.​Гарын, М.​Жараў, В.Жызнева, І.​Ільінскі, М.​Кручкоў, М.​Ладыніна, Макарава, В.​Марэцкая, Ф.​Ранеўская, Л.​Цалікоўская, М.​Чаркасаў, Б.​Чыркоў і інш. Здымаліся героіка-патрыятычныя. фільмы («Чапаеў», 1934, рэж. Г. і С. Васільевы; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.​Герасімаў) і лірычныя муз. камедыі, якія ідэалізавалі сав. лад. жыцця («Вясёлыя хлопцы», 1934, «Цырк», 1936, «Волга-Волга», 1938, усе рэж. Аляксандраў; «Багатая нявеста», 1938, «Трактарысты», 1939, «Свінарка і пастух», 1941, усе рэж. І.​Пыр’еў), фільмы для дзяцей («Дзеці капітана Гранта», 1936, паводле Ж.​Верна, рэж. У.​Вайншток; «Бялее ветразь адзінокі», 1937, паводле В.​Катаева, рэж. У.​Лягошын; «Па шчупаковаму загаду», 1938, рэж. А.​Роу), мультфільмы (І.​Іваноў-Вано, А.​Птушко). Пагроза вайны выклікала з’яўленне гіст.-манум. фільмаў, якія ўзнаўлялі гераічнае мінулае рус. народа: «Пётр I» (1937—39, рэж. У.​Пятроў), «Аляксандр Неўскі» (1938, рэж. Эйзенштэйн), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941, рэж. Пудоўкін).

У 1940-я г. дамінавала тэма Вял. Айч. вайны, гераізм і патрыятызм сав. народа, чалавек у экстрэмальных умовах паміж жыццём і смерцю: «Сакратар райкома» (1942), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, абодва рэж. Пыр’еў), «Машачка» (1942, рэж. Ю.​Райзман), «Яна абараняе Радзіму» (1943, рэж. Эрмлер), «Нашэсце» (1945, рэж. Роам), «Маладая гвардыя» (1948, рэж. Герасімаў). Здымалася ваен. кінахроніка. З канца 1940-х г. фільмы ваен. тэматыкі набылі рысы манументальнасці і «прыгладжанасці» рэальнай жорсткасці вайны: «Сталінградская бітва» (1949, рэж. Пятроў), «Падзенне Берліна» (1950, рэж. М.​Чыяўрэлі) і інш. У той жа час забаронена 2-я серыя фільма Эйзенштэйна «Іван Грозны» (1948), у якой рабілася спроба крытыкі ўлады, заснаванай на насіллі і рэпрэсіях. Новы этап у рас. кіно пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г., калі павысілася ўвага да жыцця, надзей і здзяйсненняў пакалення, што перамагло ў вайне і прагнула шчасця ў мірным жыцці: «Вялікая сям’я» (1954, рэж. Х.​Хейфіц), «Ляцяць жураўлі» (1957, рэж. М.​Калатозаў), «Вышыня» (1957, рэж. А.​Зархі), «Дом, у якім я жыву» (1957, рэж. Я.​Сегель і Л.​Куліджанаў), «Балада пра салдата» (рэж. Р.​Чухрай), «Лёс чалавека» (паводле М.​Шолахава, рэж. С.​Бандарчук, абодва 1959), «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962, рэж. Куліджанаў), «Мне 20 год» (1965, рэж. М.​Хуцыеў), «Каля возера» (1970), «Любіць чалавека» (1973), «Дочкі-маці» (1975, усе рэж. Герасімаў), «Беларускі вакзал» (1971, рэж. А.​Смірноў), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, рэж. Бандарчук), «Падранкі» (1977, рэж. М.​Губенка) і інш. Вайна як трагедыя чалавека, як маральная перасцярога наступным пакаленням асэнсавана ў фільмах «Узыходжанне» (1977, рэж. Л.​Шапіцька) паводле аповесці В.​Быкава «Сотнікаў», «Ідзі і глядзі» (1986, рэж. Э.​Клімаў, сумесна з кінастудыяй «Беларусьфільм») паводле «Хатынскай аповесці» А.​Адамовіча, у дакумент.-маст. эпапеі «Звычайны фашызм» (1966, рэж. М.​Ром). Экранізаваліся літ. творы рус. і сусв. класікі: «Ідыёт» (1958), «Браты Карамазавы» (1969, абодва рэж. Пыр’еў), «Злачынства і пакаранне» (1970, рэж. Куліджанаў) паводле Дастаеўскага, «Дама з сабачкам» (1960, рэж. Хейфіц), «Дзядзька Ваня» (1971, рэж. А.​Міхалкоў-Канчалоўскі), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (1977, рэж. М.​Міхалкоў) паводле Чэхава, «Вайна і мір» (1966—67, рэж.

Бандарчук), «Ганна Карэніна» (1968, рэж. Зархі) паводле Л.​Талстога, «Дваранскае гняздо» (1969, рэж. Міхалкоў-Канчалоўскі) паводле І.​Тургенева, «Ціхі Дон» (1957—58, рэж. Герасімаў) паводле Шолахава, «Бег» (1971, рэж. А.​Алаў і У.​Навумаў) паводле А.​Булгакава, «Некалькі дзён з жыцця І.​І.​Абломава» (1980, рэж. Міхалкоў) паводле рамана І.​Ганчарова «Абломаў», «Дон Кіхот» (1957) паводле М.​Сервантэса, «Гамлет» (1964), «Кароль Лір» (1971, усе рэж. Козінцаў) паводле У.​Шэкспіра і інш. Рас. песенную інтанацыю, мелодыку пакутлівай і ўзвышанай душы простага чалавека ў пошуках праўды і справядлівасці, панараму рус. нар. характараў выявіў В.​Шукшын у фільмах «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Дзіўныя людзі» (1970), «Печкі-лавачкі» (1972), «Каліна чырвоная» (1974). Вобразы незвычайных па волі і вытрымцы герояў ва ўмовах экстрэмальных сітуацый стварыў Г.​Панфілаў («У агні броду няма», 1968; «Пачатак», 1970; «Васа» паводле п’есы М.​Горкага «Васа Жалязнова», 1983). Атмасферу гіст. эпохі, у якой дзейнічаюць псіхалагічна неадназначныя героі стварылі А.​Герман у фільмах «Праверка на дарогах» (1970), «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Мой сябра Іван Лапшын» (1984). Паглыблена псіхал. стыль К.​Муратавай выявіўся ў фільмах «Кароткія сустрэчы» (1968) і «Доўгія провады» (1972). С.​Салаўёў распрацоўваў паэтыку «маладзёжнага фільма» з новай кінамовай — калажам, асацыятыўнымі кінацытатамі з класікі: «Сто дзён пасля дзяцінства» (1976), «Мелодыі белай ночы» (1977), «Выратавальнік» (1980), «Наследніца па прамой» (1982), «Чужая Белая і Рабы», «Аса» (абодва 1986), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема кахання» (1989). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фільмы А.​Таркоўскага, насычаныя вобразамі рус. і сусв. мастацтва, асацыяцыямі з біблейскімі і міфалагічнымі архетыпамі, героямі літ. класікі: «Іванава дзяцінства» (1962), «Андрэй Рублёў» (1971), «Салярыс» (1972, паводле С.​Лема), «Люстэрка» (1975), «Сталкер» (1980), «Настальгія» (1983), «Ахвярапрынашэнне» (1986). В.​Абдрашытаў стварыў жанр сучаснай кінааповесці, у якой спалучаны рэаліст. сюжэт з архетыпічным падтэкстам: «Паляванне на лісаў» (1980), «Спыніўся цягнік» (1982), «Парад планет» (1984), «Плюмбум, або Небяспечная гульня» (1986), «Слуга» (1989). Адметныя фільмы У.​Матыля «Белае сонца пустыні» (1970), У.​Мяньшова «Масква слязам не верыць» (1980), Р.​Балаяна «Палёты ў сне і наяве» (1983), П.​Тадароўскага «Любімая жанчына механіка Гаўрылава» (1982), «Ваенна-палявы раман» (1984), К.​Шахназарава «Мы з джаза» (1983), «Зімовы вечар у Гаграх» (1985), «Кур’ер» (1987) і інш.

У жанры кінакамедыі плённа працавалі Л.​Гайдай, Г.​Данелія, Матыль, Э.​Разанаў. Сярод акцёраў Ю.​Багатыроў, А.​Барысаў, А.​Басілашвілі, А.​Баталаў, М.​Булгакава, Р.​Быкаў, Г.​Віцын, Н.​Вярцінская, П.​Глебаў, М.​Глуэскі, М.​Грыцэнкл, Н.​Гундарава, Л.​Гурчанка, Т.​Дароніна, У.​Дваржэцкі, А.​Джыгарханян, Л.​Дураў, Я.​Еўсцігнееў, Г.​Жжонаў, У.​Заманскі, П.​Кадачнікаў, А.​Калягін, З.​Кірыенка, Л.​Кураўлёў, К.​Лаўроў, К.​Лучко, С.​Любшын, Я.​Лявонаў, Я.​Маргуноў, Н.​Мардзюкова, Я.​Мацвееў, А.​Меньшыкаў, А.​Міронаў, В.​Мяркур’еў, Ю.​Нікулін, А.​Папанаў, І.​Пераверзеў, Р.​Плят, Г.​Польскіх, А.​Пятрэнка, М.​Рыбнікаў, І.​Савіна, А.​Саланіцын, В. і Ю.​Саломіны, Я.​Самойлаў, У.​Санаеў, І.​Смактуноўскі, Т.​Сёміна, А.​Табакоў, М.​Ульянаў, Я.​Урбанскі, Л.​Федасеева-Шукшына, Л.​Філатаў, А.​Фрэйндліх, М.​Церахава, В.​Ціханаў, Л.​Чурсіна, І.​Чурыкава, С.​Шакураў, А.​Янкоўскі, М.​Яроменка-малодшы, А.​Яфрэмаў і інш. Вял. ўклад у развіццё рас. кіно зрабілі мультыплікатары Р.​Качанаў, В.​Кацёначкін, В.​Курчэўскі, Ю.​Нарштэйн, А.​Пятроў, М.​Серабракоў, Ф.​Хітрук, А.​Хржаноўскі, кінааператары М.​Ашуркоў, Б.​Волчак, А.​Галаўня, А.​Забалоцкі, Л.​Касматаў, П.​Лебешаў, А.​Лявіцкі, У.​Манахаў, А.​Масквін, Г.​Рэрберг; С.​Урусеўскі, Э.​Цісэ, В.​Юсаў; кінадраматургі Я.​Габрыловіч, Н.​Зархі, А.​Каплер, Ю.​Клепікаў, А.​Міндадзе, В.​Мярэжка, Г.​Шпалікаў, В.​Чарных, В.​Яжоў; мастакі М.​Багданаў, М.​Гаўхман-Свердлаў, Л.​Кусакова, Г.​Мяснікоў, М.​Серабракоў, У.​Ягораў, Я.​Яней; кампазітары Э.​Арцем’еў, М.​Багаслоўскі, Г.​Гладкоў, Б.​Грабеншчыкоў, С.​Губайдуліна, У.​Дашкевіч, І.​Дунаеўскі, М.​Дунаеўскі, Дз.​Кабалеўскі, С.​Пракоф’еў, А.​Пятроў, А.​Рыбнікаў, М.​Тарывердыеў, А.​Хачатуран, Ц.​Хрэннікаў, Дз.​Шастаковіч, І.​Шварц, А.​Шнітке, А.​Эшпай і інш. У 1990-я г. адбылося скарачэнне кінавытворчасці і пракату рас. фільмаў, здымаліся тэле- і відэафільмы. У кінавытворчасці пераважала стратэгія эканам. выжывання, пашырыўся выпуск фільмаў для масавай аўдыторыі: баевікі, трылеры, забаўляльныя камедыі, тэлесерыялы на ўзор «мыльных опер» і інш. З мэтай адраджэння рас. кіно прыняты «Закон аб дзярж. падтрымцы кінематографа Расіі» (1996), указы прэзідэнта Расіі «Аб акцыяніраванні кінастудый» і «Аб акцыяніраванні кінапракату» (абодва 2001).

Сярод адметных фільмаў 1990-х г.: «Урга», «Стомленыя сонцам», «Сібірскі цырульнік» Міхалкова, «Малох», «Цялец» А.​Сакурава, «Сады Скарпіёна», «Цёмная ноч» А.​Кавалава, «Раманавы — венцаносная сям’я» Панфілава, «Паненка-сялянка» А.​Сахарава, «Каўказскі палоннік» С.​Бадрова, «Час танцора» Абдрашытава, «Анкор, яшчэ анкор» Тадароўскага, «Дзённік яго жонкі» А.​Учыцеля. Вядучыя кінастудыі: «Ленфільм» (з 1917, сучасная назва з 1934) у Пецярбургу, «Масфільм», Цэнтр. студыя дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.​Горкага (абедзве з 1924), Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў (з 1927), «Цэнтранавукфільм» (з 1933), «Саюзмультфільм» (з 1936) у Маскве, Свярдлоўская кінастудыя (з 1943) у Екацярынбургу і інш. Кадры кінематаграфістаў рыхтуюць Усерас. дзярж. ін-т кінематаграфіі, Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў (з 1964). Навук. дзейнасць па праблемах кінематографа вядуць НДІ кінамастацтва, Ін-т мастацтвазнаўства, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследавання кінакультуры (на базе кінамузея), Усерас. дзярж. ін-т кінематаграфіі, Дзяржфільмфонд Рас. Федэрацыі, Ін-т гісторыі мастацтваў у С.-Пецярбургу і інш. Праводзяцца Маскоўскі міжнар. кінафестываль, Міжнар. кінафорум. слав. і правасл. народаў «Залаты віцязь», фестываль архіўнага кіно «Белыя слупы», кінафестываль «Ніка» ў Маскве, Міжнар. кінафестываль рас. (з 2001 — еўрап.) кіно «Кінатаўр» у Сочы, Рас. адкрыты кінафестываль краін СНД і Балтыі «Кінашок», кінафестываль дакумент. і кароткаметражных фільмаў у С.-Пецярбургу і інш. У 1991 створаны Саюз кінематаграфістаў Р.

Беларусы ў Расіі. Перасяленні з бел. зямель на Пн і ПнУ Русі прасочваюцца з сярэдніх вякоў. Ранняй міграцыі спрыялі дынастычныя шлюбы, у т. л. сына Юрыя Далгарукага Усевалада з дачкой віцебскага кн. Усяслава ў 1176, князя Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1238. У Неўскай бітве 1240 вызначыўся Якаў Палачанін. Жыхары бел. зямель ВКЛ перасяляліся ў рус. гарады і княствы па паліт., эканам., рэліг. і інш. прычынах. Найчасцей сюды выязджалі пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў ВКЛ прадстаўнікі пануючага саслоўя (часам са сваімі войскамі і сялянамі), а таксама тыя, хто пацярпеў паражэнне ў дынастычнай барацьбе за ўладу. У 1265 у Пскоў уцёк удзельнік змовы супраць Міндоўга кн. Даўмонт. Князь Нарымонт у 1333 атрымаў «у кармленне» гарады Ладагу, Арэшак, Карэлу. Князі-браты Андрэй Альгердавіч і Дзмітрый Альгердавіч удзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. Пад кіраўніцтвам мсціслаўскага кн. Сямёна Лугвена (у 1389—1407 намеснік у Ноўгарадзе) у 1392 разбіты швед. войскі на Няве. У Маскоўскае вял. княства ў 1408 перасяліўся северскі кн. Свідрыгайла, У 14—15 ст. дынастычныя шлюбы ўплывалі на прамаскоўскую паліт. арыентацыю часткі правасл. знаці ВКЛ. Пашырэнню міграцыі на У спрыяла атрыманае паводле прывілея 1447 права князёў, рыцараў, шляхты і баяр пакідаць ВКЛ. Права ўсіх свабодных людзей на выезд за мяжу (акрамя «непрыяцельскіх краін») прадугледжвалі Статуты ВКЛ 1566 і 1588. Маск. дзяржава, якая з канца 15 ст. пачала змаганне за «яднанне» пад сваёй уладай усх.-слав. зямель, заахвочвала сепаратысцкія памкненні правасл. знаці ВКЛ. У 1480—90-я г. пераходы правасл. феадалаў на бок Масквы пачасціліся Пасля выкрыцця ў 1481 змовы супраць Казіміра IV, на чале якой стаялі слуцкі кн. Міхал Алелькавіч (гл. Алелькавічы), Ф.​Бельскі (гл. Бельскія) і адзін з князёў Гальшанскіх, змоўшчыкі перасяліліся ў Маск. дзяржаву (Адоеўскія, Навасельскія і інш.). З канца 15 ст. перамяшчэнні на У, найчасцей прымусовыя, выклікаліся пераходам ад памежных канфліктаў да адкрытай барацьбы за сферу ўплыву паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ (войны 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37). У час першай з гэтых войнаў з памежных раёнаў ВКЛ перайшлі «на службу» ў Маскву князі С.​Варатынскі, М.​Мязецкі, А. і В.​Бялеўскія, А.​Вяземскі (гл. Вяземскія) са сваімі ўдзеламі. Паводле мірнага дагавора 1494 ВКЛ страціла Вяземскае княства і землі ў бас. Верхняй Акі. Пераходы памежных князёў разам з «дварамі», баярамі, слугамі пад уладу Масквы справакавалі ваен. канфлікт 1500—03, калі на службу да Івана III перабеглі князі С.​Бельскі, В.​Шамяціч, С. і І.​Мажайскія і інш. вярхоўскія і чарнігава-северскія князі; да Маск. дзяржавы адышлі 29 гарадоў і 70 валасцей, у т. л. Бранск, Чарнігаў, Гомель.

Пасля паражэння Глінскіх мяцяжу 1508 у Маскву выехалі князі Міхаіл, Іван і Васіль Глінскія і іх блізкія паплечнікі. Многія са збеглай знаці ВКЛ набылі ў Маскоўскім вял. княстве значны ўплыў, былі ў блізкім сваяцтве з велікакняжацкімі, а потым і царскімі родамі (Галіцыны, Патрыкеевічы, Бельскія, Глінскія і інш.). А.​Глінская была жонкай Васіля III, а пасля яго смерці — рэгентам пры сваім малалетнім сыне вял. кн. Іване IV. Сын В.​Глінскага Юрый быў адным з ініцыятараў абвяшчэння Івана IV першым рас. царом. Акрамя правасл. знаці з ВКЛ на У уцякалі сяляне і гараджане, выводзіліся захопленыя ў час ваен. дзеянняў палонныя, многія з якіх потым удзельнічалі ў заваяванні і асваенні новадалучаных рас. зямель. Так, у паходзе Ермака ў Сібір (1582) удзельнічалі каля 300 выхадцаў з ВКЛ. Сярод першых пасяленцаў Цюмені, Табольска, Тары ў канцы 16 ст. было нямала жыхароў з бел. зямель ВКЛ. Праз выхадцаў з Беларусі ў Р. пашыраліся здабыткі еўрап. асветы і культуры. Бел. шляхціц І.​Перасветаў, які з 1539 жыў у Маскве, быў адным з ідэйных натхняльнікаў рэформ Івана IV. Далучэнню Маскоўскай дзяржавы да друкавання кніг спрыялі І.​Фёдараў (Федаровіч) і П.​Мсціславец: на прывезеным з ВКЛ друкарскім абсталяванні яны выпусцілі першыя дакладна датаваныя рус. кнігі «Апостал» (1564) і два выданні «Часоўніка», па якіх навучалі пісьменнасці. Значны рост бел. перасяленцаў у Р. ў 16—17 ст. быў выкліканы ўзмацненнем прыгонніцкай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. уціскам бел. насельніцтва ў Рэчы Паспалітай. Маск. дзяржава заахвочвала іміграцыю беларусаў для асваення новых заваяваных на У рэгіёнаў, давала прытулак збеглым (многім прыгонным і волю), прымала іх на службу (як і палонных, што прысягнулі на вернасць), аказвала і пэўную матэрыяльную падтрымку. З улікам значнай колькасці перасяленцаў царк. сабор 1620 прыняў спец. пастанову аб перахрышчванні беларусаў, «вяртанні іх ва ўлонне сапр. веры». Шляхта, рамеснікі, гандляры, сяляне масава выводзіліся з бел. зямель у глыбінныя раёны Р. ў ходзе яе войнаў з Рэччу Паспалітай 1632—34, 1654—67. Так, летам 1633 у Томску з’явілася вял. група «літоўскіх людзей», у т. л. выхадцаў з Мсціслаўскага, Крычаўскага, Аршанскага, Магілёўскага і інш. паветаў. У час вайны 1654—67 жыхары бел. зямель прымусова перасяляліся пад Маскву, а найбольш — у Паволжа, Урал і Сібір. Баярын М Чаркаскі з Арзамаскага пав. ў 1670-я г. меў больш за 800 сялян з Беларусі. У Р. з’явіліся і асобныя бел. паселішчы. Паводле царскага ўказа 1672 у Маскве з беларусаў засн. Мяшчанская (Новамяшчанская) слабада, якая падпарадкоўвалася Пасольскаму прыказу. Па звестках гісторыка Р.​Лешчанкі, у 1670-я г. ўтварыліся бел. слабоды ў Верхатур’і. У 18 ст. ў Сібіры працягвалася фарміраванне воінскіх падраздзяленняў з беларусаў-ваеннапалонных. Выхадцы з ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. заснавалі каля 20 вёсак з 200 вядомых тады ў Томскім пав Прыкметная прысутнасць бел. насельніцтва ў Р. абумовіла яго значны ўплыў на развіццё некат. галін яе матэрыяльнай і духоўнай культуры. Перасяленцы садзейнічалі с.-г. асваенню Паволжа і Сібіры, а «службовая літва» — замацаванню Р. на новазаваяваных землях.

Некат. перасяленцы займалі высокія дзярж. пасады, сталі военачальнікамі, заснавальнікамі купецкіх родаў. Нац.-рэліг. ўціск (наступ каталіцызму) абумовіў арыентацыю на Маскву ў 1-й пал. 17 ст. вядомых бел. пісьменнікаў, адукаваных правасл. святароў, манахаў-кніжнікаў. Значна паўплывалі на развіццё рус. культуры, асветніцтва, друкавання кніг Сімяон Полацкі, паэты А.​Белабоцкі і Ф.​Газвінскі, вучоны і літаратар Е.​Славінецкі, Куцеінская літ. школа на чале з ігуменам І.​Труцэвічам. Клопатамі Сімяона Полацкага ў Маскве створаны свецкая Верхняя друкарня, прыватны кнігазбор і Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Важным асяродкам асветы стала вывезеная восенню 1654 паводле загаду патрыярха Нікана ў Іверскі манастыр (пад Ноўгарадам) Куцеінская друкарня (разам з майстрамі і мноствам кніг). Ураджэнец Мсціслаўшчыны Х.​Капіевіч (Капіеўскі) выдаў новым рус. алфавітам у Амстэрдаме, Гданьску і Маскве каля 20 кніг (слоўнікі, падручнікі па граматыцы, арыфметыцы, астраноміі, навігацыі). Выхадцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі сярод землепраходцаў, пачынальнікаў геагр. і этнагр. вывучэння карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Р Каменскі, І.​Казырэўскі, Л.​Сяніцкі, І.​Яўрэінаў і інш.). Калектыў першага ў Р. прыдворнага т-ра (1672—76) амаль цалкам складаўся з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 17 ст. ў Р. плённа працавалі многія бел. муз. дзеячы (А.​Беражанскі, І.​Дзякоўскі, І.​Календа, І.​Канюхоўскі, Д.​Рагачэўскі, З.​Гламазінскі). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. бел. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля Маскоўскага, палац у Каломенскім, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр. Бел. майстры прыносілі ў Р. новыя рамёствы, адметныя стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве (гл. Беларуская рэзь), вытв-сць паліхромнай паліванай керамікі. Сучасныя даследчыкі лічаць Сімяона Полацкага і А.​Белабоцкага пачынальнікамі асветніцтва на рус. і ўсх.-слав. землях і што Р. праз творы Сімяона Полацкага, В.​Пазнанскага, С.​Палубеса, В.​Кораня пераймала маст. прынцыпы барока. Пасля далучэння ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. зямель да Р. сюды высылаліся ўдзельнікі тайных т-ваў «заранаў», філаматаў, філарэтаў і паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. З адменай прыгоннага права сял. міграцыя (адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.​Усход) набыла сталы, а на мяжы 19—20 ст. і масавы характар. Гэтаму спрыяла развіццё чыг. сеткі, у т. л. адкрыццё ў канцы 19 ст. Транссіб. магістралі. Паводле рас. перапісу 1897, за межамі 5 бел. губерняў (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) жыло 540 тыс. іх ураджэнцаў. Перасяленне беларусаў, якія афіцыйна лічыліся адгалінаваннем рус. этнасу, заахвочвалася рас. ўладамі і было выклікана расслаеннем і абеззямельваннем сялянства, адсутнасцю развітой прам-сці, здольнай паглынуць лішак рабочай сілы. У 1861—1913 каля 1,5 млн. чал. з бел. губерняў з-за цяжкага эканам. становішча выехала пераважна ў еўрап. частку Р., Сібір, на Д. Усход, пры гэтым у 1895—1900 14% іх вярнуліся на радзіму. Незавершанасць працэсу станаўлення бел. нацыі вяла да паскоранай асіміляцыі бел. мігрантаў. Але наяўнасць сярод перасяленцаў бел. інтэлігенцыі (яе прыток павялічыўся з канца 19 ст.) абумовіла з’яўленне на тэр. Р. нацыянальна арганізаванага культ. і паліт. жыцця беларусаў. Адным з яго важных цэнтраў стаў Пецярбург.

У 1840-я г. тут узнік бел. літ.-грамадскі рух (бел.-польскі грамадскі гурток Р.​Падбярэскага — Я.​Баршчэўскага), а пазней створаны і першыя нац. арг-цыі: асветная «Крывіцкі вязок» (1868) і палітычная «Гоман» (1884). Апошняя належала да бел. фракцыі партыі «Народная воля», адным з заснавальнікаў якой быў І.​Грынявіцкі. Значную ролю ў рас. рэв.-дэмакр. руху адыгралі беларусы М.​Судзілоўскі, Р.​Ісаеў, С.​Кавалік. Сацыяліст. ідэі прапагандаваў нелегальны Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай (1889—93; А.​Гурыновіч і інш.). Некат. з беларусаў, высланых у розныя мясціны Р., даследавалі прыроду, побыт, традыцыі, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Д. Усходу (І.​Чэрскі, Б.​Дыбоўскі, В.​Кавалеўскі, Э.​Пякарскі, А.​Чаканоўскі, А.​Янушкевіч, М.​Віткоўскі, Э.​Гадлеўскі). Значна паўплывалі на развіццё рас. навукі і культуры фізікі І.​Яркоўскі, З.​Урублеўскі, А.​Садоўскі, хімік Э.​Урублеўскі, географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі М.​Пржавальскі (Перавальскі), праф. С.​Кутарга, рэктар Казанскага ун-та астраном Дз.​Дубяга, дыпламат, даследчык Японіі і Кітая І.​Гашкевіч, кампазітар В.​Казлоўскі, спявачка і муз. педагог Г.​Жарабцова-Андрэева, літ. крытык С.​Дудышкін і інш. У 1800 артысты балета Шклоўскага т-ра Зорыча пераведзены ў балетную трупу Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, а аркестр — у Маскву. У Маскве і Пецярбургу працяглы час жылі і працавалі мастакі І.​Аляшкевіч, С.​Заранка, К.​Хруцкі, а В.​Бялыніцкі-Біруля і С.​Жукоўскі былі членамі Т-ва перасоўных выставак. Масавая прац. міграцыя з Беларусі, найвыш. ўздым якой прыпаў на перыяд пасля рэвалюцыі 1905—07, павялічыла бел. дыяспару ў Р. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі накіраваліся больш за 700 тыс. чал. (пераважна сяляне). У ходзе абвешчанай з 1906 сталыпінскай аграрнай рэформы, якая суправаджалася дзярж. падтрымкай для каланізацыі Сібіры і ўскраін Рас. імперыі «рус. элементам» (да яго адносілі і правасл. беларусаў), у 1907—14 з Беларусі сюды перасялілася 335,4 тыс. чал. (але 36,5 тыс. чал. вярнуліся з-за цяжкіх умоў жыцця на новых месцах, гл. Перасяленства). У пач. 20 ст. цэнтрам бел. нац. грамадска-культ. жыцця ў Р. заставаўся Пецярбург, дзе ў 1902—04 дзейнічаў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». Пасля адмены ў 1905 забароны друкаваць па-беларуску тут працавалі першае легальнае бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14). У Пецярбургу пэўны час жылі Я.​Купала, Ц.​Гартны, А.​Гурло, Б.​Тарашкевіч, Цётка (А.​Пашкевіч); пецярбургскімі бел. арг-цыямі кіраваў Б.​Эпімах-Шыпіла. У 1911 тут выступіла з канцэртам трупа І.​Буйніцкага, 9.2.1913 пастаўлена п’еса Купалы «Паўлінка», праходзілі бел. літ. вечарынкі. Бел. інтэлектуальнае асяроддзе існавала ў Ніжнім Ноўгарадзе (з 1896) і Яраслаўлі (з 1908) вакол этнографа А.​Я.​Багдановіча і яго сына паэта М.​Багдановіча. У 1915—16 у гар. нар. ун-це імя А.​Л.​Шаняўскага ў Маскве вучыўся Купала. 1-я сусв. вайна выклікала значны прыток бел. насельніцтва (бежанцы і прымусова эвакуіраваныя) у цэнтр. і ўсх. губерні Р. (з 1915). Паводле афіц. звестак, у маі 1918 у рэгіёнах Р. было амаль 2,3 млн. бежанцаў з Беларусі (найб. у Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губ., Петраградзе і Маскве). У іх падтрымку дзейнічалі Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18), Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле (1918—20), культ.-асв. арг-цыі «Беларуская хатка» ў Арле (1917—18), Бел. нац. гурток у Багародзіцку (1917—18), Арэнбургскі гурток беларусаў (1918) і інш. Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 паліт. і культ.-асв. працу сярод беларусаў-бежанцаў, рабочых, вайскоўцаў і інш. праводзілі Беларуская народная грамада, Беларуская сацыялістычная грамада, праэсэраўскі Беларускі абласны камітэт пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў у Петраградзе (старшыня Я.Канчар), секцыя беларусаў пры ЦК партыі левых эсэраў. Прыхільнікі стварэння бел. дзяржаўнасці на сав. аснове (А.​Чарвякоў, А.​Усціловіч, З.​Жылуновіч, У.​Фальскі, Я.​Дыла, Дз.​Чарнушэвіч, Ф.​Шантыр і інш.) гуртаваліся вакол Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускага нацыянальнага камісарыята (выдаваў газ. «Дзянніца»), беларускіх секцый РКП(б), садзейнічалі абвяшчэнню БССР.

У 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. Дзейнічалі Беларускі народны універсітэт (1918), Беларуская чыгуначная грамада (1918), Беларускае навукова-культурнае таварыства. (1918—19; усе ў Маскве), Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1918—20) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства (1918) у Петраградзе, Беларуская вучнёўская грамада (1918) і гурток бел. сацыяліст. моладзі (1918) у Калузе, клубы «Беларуская хатка» ў Петраградзе (1918—19) і «Беларус» у Маскве (1919). У студз. 1919 паводле рашэння ЦК РКП(б) усх. бел. землі далучаны да РСФСР (Віцебская, Магілёўская, Смаленская губ.). Беларусы рассяляліся ў РСФСР у выніку планавых набораў рабочай сілы ў аддаленыя паўн. раёны, на новабудоўлі Урала і Сібіры. У 1924 улады СССР вярнулі БССР 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ., у 1926 — Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Паводле перапісу 1926 у Сібіры і на Д. Усходзе налічвалася 320 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Заходняй (з 1937 Смаленскай) вобл. жыло 83 тыс., у Ленінградскай вобл. — 55 тыс., у Маскве і Маскоўскай вобл. — 42 тыс. беларусаў. У 1926—39 з БССР (каля 5 млн. жыхароў) выехалі, у т. л. прымусова, 617 тыс. чал. (у асн. сельскія жыхары), пераважна ў Р. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сюды высланы многія прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, абвінавачаныя ў «нацыянал-дэмакратызме». Масавыя дэпартацыі з Беларусі ў Р. ажыццяўляліся ў ходзе суцэльнай калектывізацыі, паліт. рэпрэсій 1930-х г. (гл. Дэпартацыя). У 1920-я г. ў сувязі з палітыкай беларусізацыі дзейнічалі Беларускае цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, бел. секцыі пры Віцебскім (1921—24), Смаленскім (1922—23, 1925—27) і Гомельскім (1921 — пач. 1927) губернскіх аддзелах нар. асветы (гл. пра кожную адпаведны арт.), дзесяткі бел. школ, клубаў, хат-чытальняў на Смаленшчыне (тут беларусізацыя школ 1-й ступені дасягала 36%), у Зах. Сібіры, на Д. Усходзе, а з 1930 — Руднянскі бел. пед. тэхнікум і бел. рабфак у Смаленску. Існавалі Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве, смаленскае і гомельскае бел. зямляцтвы, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі ў Маскве, бел. асацыяцыі ў Ленінградзе, Смаленску, Горы-Горках. У 1921—26 у Маскве знаходзілася Беларуская драматычная студыя. 250 бел. нар. песень апрацавала Беларуская песенная камісія пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. У 1920-я г. пры фін. і матэрыяльнай падтрымцы ўлад існавалі Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва ў Маскве, бел. зямляцтвы ў Варонежы, Волагдзе, Казані, Ленінградзе, Растове-на-Доне, Саратаве, Томску, якія стваралі бел. б-кі, гурткі бел. мовы і гісторыі. У 1924—30 у Маскве дзейнічала Т-ва паліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі (аддзяленні ў Смаленску і Уладзіміры). Але бел. пралетарскі зямляцкі рух паступова страчваў нац. аснову, моцна ідэалагізаваўся. Пасля змены паліт. курсу ў СССР на мяжы 1920—30-х г. нац.-культ. аўтаномія беларусаў і іх арг-цыі ў Р. ліквідаваны, апошнімі — Беларускі клуб у Маскве (1936) і Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1937).

У Вял. Айч. вайну з Беларусі ва ўсх. тылавыя раёны СССР эвакуіравана больш за 1,5 млн. чал., больш за 120 буйных прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, навукі і культуры, вядучых творчых калектываў. Эвакуіраваныя жыхары працавалі ў прам-сці, на чыгунцы, у сельскай гаспадарцы, навук. установах РСФСР. У 1943 пад Масквой аднавіў дзейнасць Бел. дзярж. ун-т, у Яраслаўлі — Мінскі мед. ін-т. Пасля вайны шмат эвакуіраваных засталося на Урале, у Паволжы, Сібіры і інш. рас. рэгіёнах. У 1946—63 у Р. асела большасць з 530 тыс. чал., што выехалі з Беларусі праз сістэму аргнабораў. Так, у Карэліі яны склалі 11% усяго і 15% сельскага насельніцтва (1959). У аддаленыя раёны Р. былі дэпартаваны б. ваеннапалонныя, вайскоўцы польскай арміі Андэрса, вывезеныя на прымусовую працу ў Германію (остарбайтэры), заможныя сяляне з зах. абласцей БССР і інш. З 1959 да 1989 колькасць беларусаў у РСФСР павялічылася, у т. л. за кошт вярбоўкі на новабудоўлі, планавага размеркавання выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў, з 844 тыс. да 1206 тыс. чал. (з 0,7 да 0,8% усіх жыхароў Р.). Каля 80% іх жыло ў гарадах. Да канца 1980-х г. найб. кампактна і масава беларусы жылі ў Маскве і Маскоўскай вобл. (каля 130 тыс.), Ленінградзе і Ленінградскай вобл. (больш за 127 тыс.), Калінінградскай і Іркуцкай абл. (у кожнай каля 74 тыс. чал.), Карэліі (55,5 тыс.), Цюменскай вобл. (49 тыс.), Краснадарскім (37 тыс.) і Краснаярскім (каля 34 тыс. чал.) краях. Нямала ўраджэнцаў Беларусі і іх нашчадкаў займалі ў РСФСР значныя дзярж. пасады, сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў, грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі (напр., дыпламат А.​Грамыка, даследчык Арктыкі акад. О.​Шміт, заснавальнік геліябіялогіі А.​Чыжэўскі, гісторык М.​Улашчык, псіхолаг Л.​Выгоцкі, матэматык І.​Брайцаў, адзін з заснавальнікаў кібернетыкі А.​Маліноўскі, авіяканструктар П.​Сухі). Ігнараванне нац.-культ. патрэб уладамі і значная асіміляцыя абумовілі тое, што, паводле перапісу 1989, бел. мову лічылі роднай толькі 28—37% беларусаў Р. Ва ўмовах палітыкі перабудовы ўзніклі суполка студэнцкай моладзі «Пагоня» (1987) і Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны (1988) у Маскве, Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу (1989). На час распаду СССР (1991) у Р. было 1155 тыс. беларусаў. У 1992—99 на Беларусь вярнуліся 113,4 тыс. рас. беларусаў — 49% ад агульнай колькасці тых, хто прыехаў з гэтай дзяржавы. Цяпер у Р. склалася найбольшая бел. дыяспара ў свеце, якая ў апошнія гады папоўнілася (пераважна па эканам. прычынах) вучонымі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, спартсменамі, прадпрымальнікамі, часовымі прац. мігрантамі. Працаўладкаванню беларусаў у Р. садзейнічаюць бел.-рас. пагадненне 1993 аб прац. дзейнасці і сац. абароне грамадзян на тэр. абедзвюх дзяржаў, адмена ў 1996 Федэральнай міграцыйнай службай Р. дазвольнага прынцыпу працаўладкавання грамадзян Беларусі на тэр. Рас. Федэрацыі (уведзены рэгістрацыйны парадак). Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, працэсы нац. адраджэння пач. 1990-х г. актывізавалі нац. культ.-асв. дзейнасць рас. беларусаў. Захаванню і папулярызацыі традыцый, мовы, гісторыі, культуры бел. этнасу спрыяюць суполкі беларусаў у Маскве, С.-Пецярбургу (гл. раздзелы пра беларусаў у арт. Масква і Санкт-Пецярбург), Петразаводску, Саснагорску, Калінінградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску (гл. раздзел пра беларусаў у арт. Новасібірская вобласць), Цюмені, Арэнбургу, Омску, Краснаярску, Іркуцку (гл. Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.​Д.​Чэрскага), Цверы, Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Петрапаўлаўску-Камчацкім.

У 1991 сябры маскоўскага Т-ва бел. культуры заснавалі уніяцкую і каталіцкую суполкі. Беларусы-вернікі С.-Пецярбурга арганізавалі правасл. абшчыну (дзейнічала да 1998). Працуе бел. суполка мастакоў у С.-Пецярбургу (І.​Чарнякевіч, В.​Сівуха, Ю.​Казак, М.​Ткачэнка). Бел. культуры належыць творчая спадчына літаратара І.​Ласкова (Якуцк), пісьменнікаў А.​Кірвеля, А.​Кавалюк, І.​Сібілы (С.-Пецярбург), драматурга М.​Каляды (Екацярынбург). Развіццю беларусістыкі ў Р. спрыяюць публікацыі А.​Каўкі, Я.​Шыраева, Л.​Шчавінскай (Масква), В.​Грыцкевіча, І.​Маціеўскага, М.​Нікалаева (С.-Пецярбург), А.​Катлярчука (Бранск), М.​Ількевіча (Смаленск). У рас. навук. цэнтрах праявілі сябе вучоныя-беларусы і выхадцы з Беларусі: хімік В.​Капцюг, геолаг А.​Трафімук, касманаўты П.​Клімук і У.Кавалёнак, фізікі Ж.​Алфёраў (Нобелеўская прэмія па фізіцы 2000), Б.​Галёркін, В.​Гальданскі, Я.​Зяльдовіч, У.​Міткевіч, Ф.​Шапіра. У развіцці сучаснай бел. супольнасці ў Р. выявіліся 2 процілеглыя тэндэнцыі — абуджэнне да нац. жыцця, самаўсведамлення рас. беларусаў і іх паскораная асіміляцыя ва ўмовах існавання Саюза Беларусі і Р. Сведчанне гэтага — адсутнасць бел. школ, нац. друку (выдаюцца толькі бюлетэні «Шляхам Скарыны» ў Маскве і «Маланка» ў Іркуцку), амаль поўная асіміляцыя беларусаў на бел.-рас. памежжы. Пры гэтым ёсць 2 каардынацыйныя цэнтры: Міжрэгіянальнае аб’яднанне беларусаў Р. (з сак. 1999) і Федэральная нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Р.» (з крас. 1999). Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці змяніліся адносіны яе ўлад да бел. дыяспары, у т. л. ў Р. У адпаведнасці з дзярж. праграмай «Беларусы ў свеце» аказваецца падтрымка рас. беларусам. Прадстаўнікі бел. суполак Р. былі ўдзельнікамі Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першага (ліп. 1993), Другога (ліп. 1997), Трэцяга (ліп. 2001) з’ездаў беларусаў свету. Бел.-рас. дагавор 1995 прадугледжвае магчымасць свабоднага выяўлення, захавання і развіцця для суайчыннікаў этн., культ., моўнай, рэліг. самабытнасці. У студз. 1999 Беларусь ратыфікавала дагавор з Р. аб роўных правах грамадзян. 1.3.1999 падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзярж. к-там па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь і Мін-вам нац. палітыкі Рас. Федэрацыі. Кіраўнікі Беларусі, урадавыя дэлегацыі пры наведванні Р. сустракаюцца з землякамі.

Літ.:

Соловьев С.М. История России с древнейших времен // Соч. М., 1988—92. Кн. 1—15;

Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 1—12. М., 1989—93;

Ключевский В.О. Русская история: Полный курс лекций. Кн. 1—3. М., 1993;

История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории России IX — начала XX в. М., 1991;

Отечественная история: Энцикл.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1994—2000;

Пашков Б.Г. Русь. Россия. Российская империя: Хроника событий, 862—1917 гг. М., 1994;

Россия и страны ближнего зарубежья: история и современность. М., 1995;

Отечественная история, XX в. М., 1997;

История русской литературы. Т. 1—4. Л., 1980—83;

История русской литературы XI—XX вв.: Краткий очерк. М., 1983;

История советской литературы: Новый взгляд. Ч. 1—2. М., 1990;

История русской литературы, XX в.: Серебряный век. М., 1995;

Нефагина Г.Л. Динамика стилевых течений в русской прозе 1980—90-х гг. Мн., 1998;

Агеносов В.В. Литература russkogo зарубежья [1918—1996]. М., 1998;

Александровіч С. Старонкі братияй дружбы. Мн., 1960;

Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасцв. Мн., 1975;

Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;

Бярозкін Р.С. Звенні: Творчая індывідуальнасць і ўзаемадзеянне літаратур. Мн., 1976;

Рагойша В.П. І нясе яна дар...: Бел. паэзія на рус. і ўкр. мош. Мн., 1977;

Яго ж. Кантакты. Мн., 1982;

Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984;

Клімуць Я.І. Жыццёвасць традыцый: Якуб Колас і рус. сав. паэзія. Мн., 1985;

Коваленко В.А. Общность судеб и сердец: Бел. проза о Великой Отеч. войне в контексте рус. и других лит. Мн., 1985;

Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989;

Верабей А.Л. Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20—30-х гг. Мн., 1990;

Журавлев А.М., Хан-Магомедов С.О. Советская архитектура. М., 1968;

Советское изобразительное искусство и архитектура 60—70-х гг. М., 1979;

Кириченко Е.И. Русская архитектура 1830—1910-х гг. М., 1982;

История советского искусства: Живопись, скульптура, графика. Т. 1—2. М., 1965—68;

Василенко В.М. Народное искусство. М., 1974;

Лебедянский М.С. Становление и развитие русской советской живописи 1917 — начала 1930-х гг. Л., 1983;

Глезер А.Д. Современное русское искусство. М. и др. 1993;

История русской музыки. Т. 1—10. М., 1985—97;

Асафьев Б.В. Русская музыка, XIX и начало XX в. Л., 1968;

Левая Т. Русская музыка начала XX в в художественном контексте эпохи. М., 1991;

Русская музыка и XX в. М., 1997;

Рапацкая Л.А. История русской музыки: От древней Руси до «серебряного века». М., 2001;

Русская художественная культура конца XIX — начала XX вв. (1895—1907). Кн. 1. М., 1968;

История советского драматического театра. Т. 1—6. М., 1966—71;

История русского драматического театра. Т. 1—7. М., 1977—87;

История советского кино. Т. 1—4. М., 1969—78;

Блейман М.Ю. О кино. М., 1973;

Кино и время. Вып. 1—4. М., 1977—81;

Мудрость вымысла: Мастера мультипликации о себе и своем искусстве. М., 1983;

Нечай О.Ф. Основы киноискусства. М., 1989;

Зайцева Л.А. Эволюция образной системы советского фильма 60—80-х гг. М., 1991;

Власов М.П. Советское киноискусство 50—60-х гг. М., 1993;

Кинематограф оттепели. М., 1996;

Домашняя синематека: Отечественное кино 1918—1996. М., 1996;

Фрейлих С.И. Теория кино: От Эйзенштейна до Тарковского. М., 1992;

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Григорьева Р.А. Белорусская диаспора в России // Новые славянские диаспоры М., 1996;

Белорусы в Сибири. Вып. 1—2. Новосибирск, 2000;

Степанов В. Белорусы и Россия // Живописная Россия. 2000. № 5;

Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл. давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Ю.​А.​Блашкоў (гісторыя да 1917), І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя з 1917), В.​П.​Алавяннікаў (узброеныя сілы), Н.​І.​Марозава (асвета), А.​А.​Плаўнік (друк, радыё, тэлебачанне), А.​Р.​Жакаў, М.​І.​Мішчанчук (літаратура), Э.​А.​Петэрсон (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Т.​А.​Шчарбакова (музыка), В.​С.​Іваноўскі (тэатр), В.​Ф.​Нячай (кіно), Г.​Г.​Сяргеева (беларусы ў Расіі).

Суб’екты Расійскай Федэрацыі
Суб’ект Плошча, тыс. км² Насельніцтва ў 2000, тыс. чал. Цэнтр
1 2 3 4
Адыгея (Рэспубліка Адыгея) 7,6 448 Майкоп
Алтай (Рэспубліка Алтай) 92,6 204 Горна-Алтайск
Алтайскі край 169,1 2654 Барнаул
Амурская вобл. 363,7 998 Благавешчанск
Арлоўская вобл. 24,7 897 Арол
Архангельская вобл. 587,4 1459 Архангельск
 у т. л.: Ненецкая аўтаномная акруга 176,7 45 Нар’ян-Мар
Арэнбургская вобл. 124,0 2219 Арэнбург
Астраханская вобл. 44,1 1016 Астрахань
Башкортастан (Рэспубліка Башкортастан) 143,6 4110 Уфа
Белгародская вобл. 27,1 1495 Белгарад
Бранская вобл. 34,9 1438 Бранск
Бурація (Рэспубліка Бурація) 351,3 1032 Улан-Удэ
Валагодская вобл. 145,7 1319 Волагда
Валгаградская вобл. 113,9 2677 Валгаград
Варонежская вобл. 52,4 2456 Варонеж
Дагестан (Рэспубліка Дагестан) 50,3 2143 Махачкала
Іванаўская вобл. 21,8 1219 Іванава
Інгушэція (Рэспубліка Інгушэція) 3,6 315 Магас
Іркуцкая вобл. 767,9 2742 Іркуцк
 у т. л.: Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга 22,4 143 Усць-Ардынскі
Кабардзіна-Балкарыя (Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка) 12,5 785 Нальчык
Калінінградская вобл. 15,1 948 Калінінград
Калмыкія (Рэспубліка Калмыкія) 76,1 314 Эліста
Калужская вобл. 29,9 1076 Калуга
Камчацкая вобл. 472,3 389 Петрапаўлаўск-Камчацкі
 у т. л.: Каракская аўтаномная акруга 301,5 30 Палана
Карачаева-Чэркесія (Карачаева-Чэркеская Рэспубліка) 14,1 431 Чэркеск
Карэлія (Рэспубліка Карэлія) 172,4 765 Петразаводск
Кастрамская вобл. 60,1 781 Кастрама
Кемераўская вобл. 95,5 2982 Кемерава
Кіраўская вобл. 120,8 1590 Кіраў
Комі (Рэспубліка Комі) 415,9 1137 Сыктыўкар
Краснадарскі край 76,0 5007 Краснадар
Краснаярскі край 2339,7 3051 Краснаярск
 у т. л.: Таймырская (Даўгана-Ненецкая аўтаномная акруга) 862,1 44 Дудзінка
 Эвенкійская аўтаномная акруга 767,6 19 Тура
Курганская вобл. 71,0 1096 Курган
Курская вобл. 29,8 1311 Курск
Ліпецкая вобл. 24,1 1240 Ліпецк
Магаданская вобл. 461,4 239 Магадан
Мардовія (Рэспубліка Мардовія) 26,2 929 Саранск
Марый Эл (Рэспубліка Марый Эл) 23,2 759 Йашкар-Ала
г. Масква 47,0 8537 Масква
Маскоўская вобл. 6464
Мурманская вобл. 144,9 1001 Мурманск
Наўгародская вобл. 55,3 727 Вялікі Ноўгарад
Ніжагародская вобл. 76,9 3663 Ніжні Ноўгарад
Новасібірская вобл. 178,2 2740 Новасібірск
Омская вобл. 139,7 2164 Омск
Паўночная Асеція—Аланія (Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія) 8,0 670 Уладзікаўказ
Пензенская вобл. 43,2 1530 Пенза
Пермская вобл. 160,6 2956 Перм
 у т. л.: Комі-Пярмяцкая аўтаномная акруга 32,9 150 Кудымкар
Прыморскі край 165,9 2173 Уладзівасток
Пскоўская вобл. 55,3 801 Пскоў
Разанская вобл. 39,9 1286 Разань
Растоўская вобл. 100,8 4341 Растоў-на-Доне
Самарская вобл. 53,6 3295 Самара
г. Санкт-Пецярбург 85,9 4694 Санкт-Пецярбург
Ленінградская вобл. 1666
Саратаўская вобл. 100,2 2709 Саратаў
Саха (Якуція) [Рэспубліка Саха (Якуція)] 3103,2 989 Якуцк
Сахалінская вобл. 87,1 599 Южна-Сахалінск
Свярдлоўская вобл. 194,8 4603 Екацярынбург
Смаленская вобл. 49,8 1128 Смаленск
Стаўрапольскі край 66,5 2660 Стаўрапаль
Тамбоўская вобл 34,3 1270 Тамбоў
Татарстан (Рэспубліка Татарстан) 68,0 3783 Казань
Томская вобл. 316,9 1068 Томск
Тульская вобл. 25,7 1740 Тула
Тыва (Рэспубліка Тыва) 170,5 311 Кызыл
Удмурція (Удмурцкая Рэспубліка) 42,1 1629 Іжэўск
Уладзімірская вобл. 29,0 1604 Уладзімір
Ульянаўская вобл. 37,3 1463 Ульянаўск
Хабараўскі край 788,6 1506 Хабараўск
Хакасія (Рэспубліка Хакасія) 61,9 580 Абакан
Цвярская вобл. 84,1 1595 Цвер
Цюменская вобл. 1435,2 3237 Цюмень
 у т. л.: Ханты-Мансійская аўтаномная акруга 523,1 1382 Ханты-Мансійск
 Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга 750,3 504 Салехард
Чувашыя (Чувашская Рэспубліка) 18,3 1359 Чэбаксары
Чукоцкая аўтаномная акруга 737,7 79 Анадыр
Чыцінская вобл. 431,5 1256 Чыта
 у т. л.: Агінская Бурацкая аўтаномная акруга 19,0 79 Агінскае
Чэлябінская вобл. 87,9 3667 Чэлябінск
Чэчня (Чэчэнская Рэспубліка) 15,7 768 Грозны
Яраслаўская вобл. 36,4 1412 Яраслаўль
Яўрэйская аўтаномная вобл. 36,0 197 Бірабіджан
Герб і сцяг Расіі.
Да арт. Расія. У зоне тундры.
Да арт. Расія. Газаперапрацоўчы завод у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе.
Да арт. Расія. Краявід на Паўднёвым Урале.
Да арт. Расія. Рака Сораць у Пскоўскай вобласці.
Да арт. Расія. Возера Байкал. Бухта Пясчаная.
Да арт. Расія. Абагачальная фабрыка Лебядзінскага горна-абагачальнага камбіната ў Белгародскай вобласці.
Да арт. Расія. Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. Каля 1197.
Да арт. Расія. Валагодскі крэмль. Сафійскі сабор. 1568—70.
Да арт. Расія. Пераслаўль-Залескі. Від часткі горада.
Да арт. Расія. Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве. 1960—67.
Да арт. Расія. Расійскі культурны цэнтр на Краснахолмскай Стрэлцы. Арх. Ю.​Гнядоўскі, В.​Красільнікаў, Дз.​Салопаў, М.​Гаўрылава, С.​Гнядоўскі. 1995.
Да арт. Расія. Будынак банка ў Ніжнім Ноўгарадзе. Арх. Е.​Пестаў, А.​Харытонаў, І.​Гольцаў, С.​Палеў. 1993—95.
Да арт. Расія. Абраз Маці Божай Уладзімірскай. 1-я пал. 12 ст.
Да арт. Расія. І.​Аргуноў. Партрэт невядомай сялянкі ў рускім касцюме. 1784.
Да арт. Расія. В.​Пяроў. Праводзіны нябожчыка. 1865.
Да арт. Расія. І.​Крамской. Невядомая. 1883.
Да арт. Расія. І.​Левітан. Асенні дзень. Сакольнікі. 1879.
Да арт. Расія. І.​Рэпін. Іван Грозны і сын яго Іван 16 лістапада 1581 года. 1885.
Да арт. Расія. В.​Барысаў-Мусатаў. Ізумрудныя каралі. 1903—04.
Да арт. Расія. В.​Кандзінскі. З чорнай дугой. 1912.
Да арт. Расія. В.​Сяроў. Партрэт актрысы М.​Ярмолавай. 1905.
Да арт. Расія. А.​Дайнека. Дзяўчынка каля акна. 1931.
Да арт. Расія. Я.​Вучэціч. Партрэт І.​Д.​Чарняхоўскага. 1945.
Да арт. Расія. А.​Мыльнікаў. Нацюрморт. Кветкі ў сіняй вазе. 1986.
Да арт. Расія. Э.​Неізвесны. Жаночы торс. 1963.
Да арт. Расія. А.​Полагава. Белыя аблокі бясконцыя і вечныя. 1997—98.
Да арт. Расія. І.​Глазуноў. Беражы Бог Расію. 1999.
Да арт. Расія. М.​Шамякін. Фантанка. 1960.
Да арт. Расія. А.​Шылаў. Лётчык-касманаўт СССР П.​І.​Клімук. 1976.
Да арт. Расія. А.​Лягін, С.​Малькоў. Вестка. 1996.
Да арт. Расія. Вялікая зала Маскоўскай кансерваторыі.
Да арт. Расія. Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі. Вялікі тэатр Расіі.
Да арт. Расія. Сцэна з балета «Спартак» А.​Хачатурана. Вялікі тэатр Расіі.
Да арт. Расія. Сцэна са спектакля А.​К.​Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч». У ролі цара Фёдара І.​Масквін, Ірыны — В.​Кніпер. Маскоўскі маст. тэатр. 1898.
Да арт. Расія. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.​Шэкспіра. Маскоўскі. тэатр імя У.​Маякоўскага. 1955.
Да арт. Расія. Сцэна са спектакля «Тры сястры» А.​Чэхава. Маскоўскі Маст. акад. тэатр. 1980-я г.
Да арт. Расія. Кадр з дакументальнага фільма «Дзень 80-годдзя графа Л.​М.​Талстога». 1908.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Браняносец Пацёмкін». 1925.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Вясёлыя хлопцы». 1934.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Аляксандр Неўскі». 1938.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Маладая гвардыя». 1948.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Яны змагаліся за Радзіму». 1975.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Вайна і мір». 1966—67.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Некалькі дзён з жыцця Абломава» 1980.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Белае сонца пустыні». 1970.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Сібірскі цырульнік». 1999.
Да арт. Расія. Экспазіцыя адзення беларусаў-перасяленцаў канца 19 — пачатку 20 ст. ў абласным краязнаўчым музеі ў Новасібірску. 1999.
Да арт. Расія. Беларускі фальклорны ансамбль «Зязюля» вёскі Каўбаса Кыштоўскага раёна Новасібірскай вобласці. 1999.

т. 13, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)